Другі дзень ІІІ Парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, 24 жніўня, распачаўся ранішнімі малітвамі а 8 гадзіне ў парафіяльным касцёле. Пасля адбылася св. Імша, якую ўзначаліў кс. Андрэй Кеўліч, адказны за спартыўныя дысцыпліны.
У гаміліі кс. Юрый Санько раскрыў моладзі тэму жыцця Касцёлам і ў Касцёле. Святар перасцярог, каб нашае жыццё не было тэатрам і каб праз удзел у святой Імшы мы вучыліся быць сапраўднымі хрысціянамі.
Пасля духоўнага пасілку ўдзельнікі Парафіяды накіраваліся на снеданне.
У 10.00 на школьным стадыёне распачаліся спартыўныя спаборніцтвы. Удзельнікі мераліся сіламі ў бегу на кароткія і доўгія дыстанцыі (дзяўчаты 60/300, хлопцы 100/600). Пасля заканчэння спаборніцтваў у трох узроставых групах (А, В, С) удзельнікі вярнуліся ў лагер, дзе распачаліся спаборніцтвы ў камандных дысцыплінах: па міні-футболе, валейболе, настольным тэнісе. Пасля абеду каманды працягвалі спаборніцтвы ў сваіх падгрупах.
У 16.00 каманды паспрабавалі свае сілы ў конкурсе малюнку. Сёлета тэмай конкурсу было «Моцныя ў веры». Тэму кс. Юрый Санько традыцыйна назваў перад пачаткам конкурсу, і ўсе каманды на працягу гадзіны і трыццаці хвілін пры дапамозе фарбы і алоўкаў раскрывалі на паперы прадстаўленне пададзенай тэмы. У 17.30 распачалося прадстаўленне камандамі сваіх малюнкаў. У конкурсе важна не толькі добра маляваць, але таксама раскрыць тэму і зрабіць добрую прэзентацыю.
Пасля конкурсу малюнку працягваліся спартыўныя спаборніцтвы.
Вячэра стала часам, калі ўдзельнікі змаглі перавесці дух, адпачыць і набрацца сіл.
У 21.00 усе ўдзельнікі стаялі каля Агню Парафіяды, таму што распачыналася цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў у бегу на кароткія і доўгія дыстанцыі. Атмасфера была перапоўнена інтрыгай, перажываннямі і, канешне, радасцю.
Пасля першай сёлетняй цырымоніі ўзнагароджвання ўдзельнікі накіраваліся ў залу, дзе кожная парафія старалася як мага лепш прадставіць свае здольнасці ў тэатральных пастаноўках.
Напрыканцы дня адчувалася вялікая стомленасць, але госць ІІІ Парафіяды рок-гурт «ТЭЗАЎРУС» ажывіў прысутных, якія з радасцю сустрэлі выступоўцаў і прынялі актыўны ўдзел у канцэрце.
Перад сном кс. Андрэй Кеўліч благаславіў удзельнікаў і пажадаў добрай ночы.
Агонь ІІІ Парафіяды працягваў гарэць і асвятляць, узмацняць і падбадзёрваць моладзь, якая вельмі старалася добра прадставіць свае парафіі.
|