Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці III Парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.08.2012 20:19

23 жніўня 2012 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці III Парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Івянцы. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што сам факт арганізацыі III Парафіяды нагадвае пра тое, што гэты яшчэ даволі новы тып душпастырства ў нашай краіне паволі знаходзіць сваё месца ў пастырскай практыцы архідыяцэзіі.

Сёлетняя парафіяда адбываецца пад дэвізам «Моцныя верай», што асабліва важна практычна напярэдадні адкрыцця Года веры ў паўсюдным Касцёле, які будзе праходзіць з 11 кастрычніка 2012 г. па 24 лістапада 2013 г.

Парафіяда — гэта адукацыйна-выхаваўчы праект, які ажыццяўляецца на падставе трыяды: святыня, тэатр, спорт. Як спартыўна-культурна-рэлігійнае мерапрыемства парафіяда клапоціцца пра ўсебаковае развіццё дзяцей і моладзі. Праз фізічныя і духоўныя практыкі яна дапамагае моладзі імкнуцца да хрысціянскіх ідэалаў праўды, дабра і прыгажосці, і таксама рэалізуе добра вядомае ўсім нам правіла: у здаровым целе здаровы дух.

Спартыўныя спаборніцтвы, якія праходзяць падчас парафіяды, выхоўваюць ва ўдзельнікаў вытрываласць, сталы характар і моцную волю. У іх дзейнічае алімпійскі прынцып: галоўнае не перамога, а ўдзел.

Тэатр дае магчымасць маладым людзям раскрыць свае мастацкія здольнасці і выхоўвае да перадачы ідэі праз тэатральны вобраз.

«Святыня дапамагае ў спатканні чалавека з Богам, ва ўзрастанні яго духоўнасці і патрэбе жыцця паводле маральных прынцыпаў і гэтым самым — усхваленні Створцы», — адзначыў Мітрапаліт. Такім чынам, парафіяда «садзейнічае ажыццяўленню слоў першага чытання з Кнігі Эзэхіэля, што нагадваюць пра неабходнасць праслаўляць імя Пана, якое знеслаўляецца (пар. Эзх 36, 23). Веруючым у яго Бог абяцае даць новае сэрца і абагаціць іх сваім Духам, каб жылі паводле Ягоных наказаў (пра. Эзх 36, 26-27)».

«У Евангеллі Езус кажа, што многа пакліканых, але мала выбраных (пар. Мц 22, 14). Мы ўсе пакліканы жыць паводле Евангелля і быць сапраўднымі хрысціянамі. А каб быць выбранымі, неабходна жыць паводле Божага закону», — падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт Кандрусевіч пажадаў удзельнікам парафіяды так яе перажыць, каб стаць выбранымі, сваім жыццём сведчыць хрысціянскае пакліканне і ўмацоўваць веру, без якой няма збаўлення.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме