Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Заключны дзень ІІІ Парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: фінішная прамая
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.08.2012 12:45

Чацвёрты дзень ІІІ Парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі традыцыйна распачалі ранішнія малітвы, якія правёў кс. Андрэй Кеўліч каля Агню Парафіяды. Пасля снедання і падрыхтоўкі да ўрачыстай цырымоніі закрыцця адбылася святая Імша.

Урачыстую літургію ўзначаліў кс. пралат Андрэй Стэцкевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На пачатку Імшы святар перадаў шчырыя словы прывітання ад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Пасля літургіі ўсе ўдзельнікі накіраваліся да Агню Парафіяды, дзе адбылося заключнае ўручэнне ўзнагарод і падвядзенне вынікаў сёлетняй Парафіяды. Ад імя арганізацыйнага камітэта ўсім, хто дапамагаў у арганізацыі мерапрыемства, падзякаваў а. Лех Баханэк, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла і арганізатар парафіяды. Асабівую ўдзячнасць святар выказаў партнёрам Моладзевай місіі «Чыстае сэрца» і спонсарам.

Ксёндз Юрый Санько падзякаваў удзельнікам, іх пробашчам і апекунам, адзначыўшы, што менавіта для моладзі ладзяцца гэтыя спаборніцтвы, і пакуль ёсць жадаючыя па-хрысціянску змагацца, будзе існаваць і развівацца Парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святар нагадаў, што яе пераможцы будуць прадстаўляць нашу архідыяцэзію ў наступным годзе на Міжнароднай Парафіядзе ў Польшчы.

І месца сёлета атрымала парафія ў Івянцы, ІІ месца — у Дзераўной, ІІІ месца — лошыцкая парафія ў Мінску.

З заключным словам да ўдзельнікаў звярнуўся кс. пралат Андрэй Стэцкевіч, які заахвоціў моладзь быць сапраўднымі сведкамі Хрыста ў сваім асяродзі і запрасіў усіх на Парафіяду ў наступным годзе. Святар прамовіў словы, якія многіх з удзельнікаў, магчыма, прымусілі крыху пасумаваць: «ІІІ Парафіяду дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі лічу закрытай». Пасля ўдзельнікі заспявалі гімн «Магутны Божа», падчас якога быў патушаны Агонь ІІІ Парафіяды. Затым прыйшоў час для агульнага фотаздымку, развітання і збірання рэчаў.

Хоць ІІІ Парафіяда скончылася, Агонь Парафіяды патушаны, але ён палае ў нашых сэрцах. Парафіядзе быць, бо мы зноў збярэмся ў Івянцы наступным летам і з новымі сіламі прымем удзел у ёй.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме