Тэзісы сустрэчы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з моладдзю ў Івянцы |
31 ліпеня 2010 г. Актуальнасць ці неактуальнасць Божых запаведзяў для сучаснага чалавека 1. У Бібліі мы знаходзім Божыя запаведзі і пажаданні. У іх выражана Божая воля. Найбольш вядомым з’яўляецца Дэкалог ці Дзесяць Божых запаведзяў, якія Выбраны народ атрымаў ад Бога праз Майсея на гары Сінай. Мы ведаем аб іх са Старога Запавету. Аднак і ў Новым Запавеце Езус шмат разоў спасылаецца на іх, як, напрыклад, у васьмі благаслаўленнях, вядомых нам як Нагорная Пропаведзь (пар. Mц 5, 21. 27), або ў прыпавесці пра багатага маладога чалавека (пар. Mк 10, 19). 2. Дзесяць Божых запаведзяў маюць асаблівае значэнне як для габрэяў, так і для хрысціян, якія прызнаюць іх найважнейшымі Божымі наказамі. Менавіта таму са старажытнасці яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне як прынцыпы жыцця верай. 3. Каб лепш прыблізіць сучаснаму чалавеку вартасць Дэкалогу, варта задумацца над наступнымі двума пытаннямі: ці ўсё яшчэ актуальныя дзесяць Божых запаведзяў і ці павінен сучасны чалавек іх захоўваць? Простыя на выгляд і лагічныя прынцыпы на самой справе з’яўляюцца вельмі цяжкімі для выканання, аб чым мы ведаем са штодзённага жыцця. 4. Як вядома, Езус прынёс новы закон, новае права. Аднак Ён у той жа час не адмяніў старога. Ён сказаў: не думайце, што Я прыйшоў адмяніць права, не, не адмяніць, але выканаць і пацвердзіць (пар. Мц 5, 17–19). Паслухаем Ягоных слоў: «Вы чулі, што сказана продкам: „Не забівай; а хто заб’е, падпадае суду“. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду… Вы чулі, што сказана продкам: „Не чужалож“. А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадлівасцю, ужо ўчыніў чужалоства з ёю ў сэрцы сваім. … Зноў жа вы чулі, што сказана продкам: „Не давай ілжывай прысягі і выконвай прад Панам прысягі твае“. А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — Трон Божы; ні зямлёю, бо яна — падножжа нагам Яго; ні Ерузалемам, бо ён — горад Вялікага Цара; ні галавою тваёю не прысягай, бо не можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю. А хай будзе слова ваша: „так — так“, „не — не“; а што звыш гэтага, тое ад злога. (…) Вы чулі, што сказана: „Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага твайго“. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, благаслаўляйце тых, хто праклінае вас, рабіце дабро ненавіснікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых» (пар. Mц 5, 21–22a, 27–28, 33–37, 43–44). З гэтых слоў відавочна, што Езус надае Дэкалогу новае гучанне і ў той жа час не перакрэслівае яго пастановаў. Езус як увасабленне любові заклікае любіць бліжняга і не аддаваць злом за зло. З усяго гэтага вынікае, што ў святле Новага Права, якое даў нам Збаўца, Божы закон абавязвае. 5. Божыя запаведзі прадстаўляюць фундаментальныя ўмовы адносін паміж Богам і яго народам. Менавіта яны запрашаюць чалавека да сумеснага ўдзелу ў распачатым Богам вызваленні чалавецтва ад граху, каб усе захавалі ў сабе вобраз Бога і былі духоўна свабоднымі. Менавіта таму пералік запаведзяў распачынаецца ад таго, што яны прадстаўляюць Бога, які вызваляе, які вывеў Выбраны народ з егіпецкай няволі. Таму гэты народ і не павінен мець іншых багоў. Словы «павінен так чыніць» або «не павінен» азначаюць не што іншае, як тое, што ты не будзеш чыніць супраць волі Бога, з якім спаткаўся. 6. Божае «так» і «не» не абмяжоўваюць свабоды чалавека, падобна таму, як яе не абмяжоўвае святлафор, але працуе для дабра чалавека. Бог толькі прапануе, а чалавек выбірае. Ён можа згадзіцца з воляй Божай і можа не згадзіцца. Калі згаджаецца, то будуе сваё жыццё у гармоніі з правам Божым. Спробы парушыць законы прыроды вядуць да катастрофы. Так, напрыклад, чалавецтва ўсё больш непакоіцца з прычыны экалагічнай катастрофы. Спробы парушыць Божы закон, які запісаны ў чалавечае сэрца і аб парушэнні якога нам нагадвае голас сумлення, вядуць да іншай катастрофы: Крызіс сям’і, крызіс моладзі, крызіс маральнасці — гэта ўсё яўныя знакі катастрофы сучаснага свету. 7. Цяжка ўявіць сабе сучасны свет без сродкаў масавай інфармацыі. Нездарма іх называюць чацвёртай сілай. Яны ў сваёй большасці фарміруюць вобраз сучаснага свету і маюць вялікі ўплыў на выхаванне чалавека. Штодзённа мас-медыя «бамбяць» нас інфармацыямі пра войны, тэрарыстычныя акты, гвалты, карупцыі і тысячы іншых нядобрых рэчаў, якія адбываюцца ва ўсім свеце. Чаму так адбываецца? Адказ адзін: не захоўваюцца Божыя запаведзі. Карэспандэнты шукаюць чагосьці «печанага». Ім патрэбна сенсацыя, бо звычайнымі штодзённымі справамі ніхто не будзе цікавіцца. І гэтую сенсацыю мы самі ім прадстаўляем, бо чалавек не хоча жыць паводле Божых запаведзяў. Гэта сёння не модна! 8. Вялікі Папа Ян Павел II казаў, што Божая любоў, якая аб’явілася ў Сэрцы Яго Сына, чакае ад чалавека паслядоўнага адказу. Мы былі пакліканы не толькі да разважання таямніцы любові Хрыста, але таксама да ўдзелу ў ёй. Нездарма Езус кажа, што калі любіце Мяне, то будзеце захоўваць мае запаведзі (пар. Ян 14, 15). Гэта не толькі выклік, але і заданне. Калі хочаш Мяне любіць, захоўвай мае наказы, выконвай права Божае, хадзі сцежкамі, якія Я табе ўказаў. Воляй Божай з’яўляецца тое, каб мы захоўвалі Ягонае права. Хто захоўвае Мой закон — кажа Езус — той Мяне любіць. А хто любіць, таго будзе любіць Мой Айцец. Я таксама буду яго любіць і аб’яўлю яму Сябе (пар. Ян 14, 21). Таму вельмі актуальнымі з’яўляюцца словы з Кнігі прыпавесцяў Саламонавых (Прып 27, 11): «Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё, і Я буду мець, што адказаць ліхаслоўцу майму». Мы радуем сэрца Божае праз захаванне Яго запаведзяў, а Ён за гэта ўчыніць нас шчаслівымі. Трэба памятаць, што ніхто іншы як толькі Бог з’яўляецца нашым правадыром па пакручастых шляхах нашага жыцця і толькі ў Ім мы зможам пазнаць самога сябе і знайсці дарогу да шчасця. |
Адноўлена 31.07.2010 18:43 |