Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выступленне Мітрапаліта Кандрусевіча на пасяджэнні міжканфесійнага камітэта

Роля мастацтва ў развіцці міжканфесійнага дыялога

Мінск, 23 лістапада 2010 г.

Глыбокапаважаныя ўдзельнікі пасяджэння!

Узяты Другім Ватыканскім Саборам курс на развіццё міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялога, які ў наш час вельмі інтэнсіўна развіваецца, рэалізуецца не толькі праз тэалагічыныя дыскусіі, разнастайныя канферэнцыі і сімпозіўмы, але таксама і праз мастацтва.

Увесь свет знаходзіцца пад вялікім уражаннем, калі ў Ватыкане выступаюць праваслаўныя хары. А такіх выступленняў было нямала, і сам папа Ян Павел II мне не аднойчы распавядаў пра гэта.

Не застаецца ў тыле і Беларусь. Кожны год у мінскім архікатэральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў суботу, якая прыпадае на тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян (18-25 сакавіка), праводзіцца супольная малітва прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. Падчас гэтай малітвы выступаюць таксама і хары іншых веравызнанняў. Мне прыпамінаецца, калі на хорах ля аргана з аднаго боку быў хор каталіцкі, а з другога —праваслаўны. Тады, выказваючы падзяку харыстам, я сказаў: гэта добры прыклад таго, што Еўропа дыхае двума лёгкімі — заходнім і ўсходнім.

19 лістапада 2010 г. з нагоды юбілею 100-годдзя касцёла свв. Сымона і Алены, добра ўсім нам вядомага пад назвай Чырвонага касцёла, адбылася міжрэлігійная малітва, удзел у якой прынялі хоры розных хрысціянскіх веравызнанняў.

Славуты магілёўскі фестываль «Магутны Божа» таксама можа быць прыкладам удзелу ў яго правядзенні розных хрысціянскіх мастацкіх калектываў.

Набірае сілу і Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat». За 6 гадоў правядзення гэтага фестывалю ў конкурснай праграме прынялі ўдзел 215 дакументальных і мультыплікацыйных фільмаў і тэлевізійных праграм з 28 краін свету. 118 з іх прадстаўлялі Каталіцкі Касцёл, 85 — Праваслаўную Царкву і 12 — пратэстанцкія Цэрквы.

Найбольш вядомая ў Беларусі каталіцкая ўрачыстасць — гэта будслаўскі фэст. Традыцыйна падчас яго Праваслаўная Царква таксама прадстаўляе свае кнігі і іншыя прадметы мастацкага дойлідства.

Нашы вернікі вельмі цэняць удзел хрысціян іншых канфесій і іх мастацкіх калектываў у сумесных набажэнствах і іншых мерапрыемствах. У шматканфесійнай Беларусі гэта адчуваецца асабліва. Беларусы талерантна адносяцца адно да аднаго і цешацца з добрых як міжканфесійных, так і міжрэлігійных адносін у нашай краіне.

Вельмі добра, што намаганні іх лідэраў падтрымліваюцца дзеячамі мастацтва і мастацкімі калектывамі розных веравызнанняў. Спадзяюся, што і ў будучым гэта практыка будзе працягнута і далей будзе прыносіць свой плён у справе развіцця адносін паміж рознымі веравызнаннямі, каб мы сумесна маглі бараніць і сведчыць хрысціянскія каштоўнасці.

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 23.11.2010 15:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску