Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас цырымоніі прывітання ў аэрапорце «Барахас»

ХХVI Сусветны дзень моладзі, Мадрыд, 18 жніўня 2011 г.

Ваша Каралеўская Вялікасць
Эмінэнцыя, кардынал арцыбіскуп Мадрыда,
Эмінэнцыі кардыналы,
Шаноўныя браты ў біскупстве і святарстве,
Найдастойнейшыя прадстаўнікі дзяржаўных, аўтаномных і лакальных уладаў,
Дарагія браты і сёстры з Мадрыда і з усёй Іспаніі,

Дзякую, Ваша Каралеўская Высокасць, за вашую прысутнасць тут разам з каралевай, а таксама за поўныя пашаны ветлівыя словы, якія Вы скіравалі да мяне ў прывітанні. Словы, якія нанова ажыўляюць незабыўныя праяўленні сімпатыі, аказаныя мне падчас папярэдніх падарожжаў у Іспанію, а асабліва падчас апошняй вандроўкі ў Санцьяга дэ Кампастэла і Барселону. Вітаю сардэчна ўсіх тут прысутных у Бараджасе і тых, хто сочыць за маім візітам праз радыё і тэлебачанне. З вялікім прызнаннем успамінаю таксама ўсіх, хто з вялікім запалам і адданасцю ў касцёльным і грамадскім асяроддзі садзейнічаў сваёй працай, каб гэты Сусветны дзень моладзі добра прайшоў і прынёс багаты плён.

Жадаю падзякаваць ад усяго сэрца за гасціннасць шматлікім сем’ям, парафіям, калегіумам і іншым установам, якія прынялі маладых людзей, прыбылых з усяго свету, спачатку да розных рэгіёнаў і месцаў Іспаніі, а цяпер да вялікага горада Мадрыда — касмапалітычнага і заўсёды адкрытага.

Я тут, каб сустрэцца з тысячамі маладых людзей, з католікамі, якія цікавяцца Хрыстом ці шукаюць праўду, што надае сапраўдны сэнс уласнаму існаванню. Прыбываю сюды як Наступнік Пятра, каб умацаваць усіх у веры, перажываючы некалькі дзён інтэнсіўнай пастырскай дзейнасці; каб абвяшчаць, што Езус Хрыстус з’яўляецца Дарогай, Праўдай і Жыццём; каб дадаць стымулу зацікаўленасці ў будаванні Божага Валадарства на зямлі, сярод нас; каб заахвочваць маладых да асабістай сустрэчы з Хрыстом Сябрам і такім чынам укараняцца ў Яго Асобе, перамяняцца ў Яго верных вучняў і адважных сведкаў.

 Чаму і з якой мэтай у Мадрыд прыбыла такая вялікая колькасць маладых людзей? Хоць адказ павінны былі даць самі маладыя людзі, можна з упэўненасцю сказаць, што яны жадаюць пачуць Божае слова, якое я прапанаваў ім у дэвізе Сусветнага дня моладзі, каб укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце адкрывалі моц сваёй веры.

Многія з іх пачулі голас Бога, можа, толькі як лёгкі шум, які абудзіў іх да стараннага Яго пошуку і да дзялення з іншымі сведчаннямі моцы, якую дае голас Бога ў іх жыцці. Такое адкрыццё жывога Бога ажыўляе маладых людзей і адкрывае ім вочы на выклікі свету, у якіх жывуць, з яго абмежаваннямі і яго магчымасцямі. Бачаць павярхоўнасць, кансумізм і геданізм, шмат банальнасці ў перажыванні сексуальнасці, вялікі недахоп салідарнасці, вялікую сапсаванасць. І ведаюць, што без Бога будзе складана змагацца з гэтымі выклікамі і быць сапраўды шчаслівымі, укладваючы ўвесь свой энтузіязм у дасягненне сапраўднага жыцця. Аднак у Ім будуць мець святло, каб ісці, і прычыну, каб мець надзею, не спыняючыся на сваіх найвышэйшых ідэалах, якія матывуюць зацікаўленасць у будаванні грамадства, у якім паважаецца годнасць чалавека і сапраўднае братэрства. Тут, на гэтым Дні, маюць прывілеяваную нагоду прадстаўляць свае памкненні, дзяліцца багаццем культур і сведчанняў, узбагачацца на дарозе веры і жыцця, у якім некаторыя адчуваюць сябе
самотнымі ці пакінутымі ў сваіх штодзённых асяроддзях. Аднак яны не самотныя. Шмат іх равеснікаў мае тыя ж праблемы, але, цалкам давяраючы Хрысту, ведаюць, што перад сабой, насамрэч, маюць будучыню і не баяцца абавязкаў, якія надаюць поўню жыццю. Таму вялікая радасць напаўняе мяне, калі слухаю іх, разам малюся і цэлебрую з імі Эўхарыстыю. Сусветны дзень моладзі нясе нам пасланне як глыток чыстага, юнацкага паветра з абноўленым дыханнем, які напаўняе нас упэўненасцю ў будучыні Касцёла і свету.

Канечне, хапае і цяжкасцяў. Існуюць напружанні і адкрытая барацьба з крывапраліццем у шматлікіх мясцінах свету. Справядлівасць і найвышэйшая каштоўнасць чалавечай асобы лёгка падпарадкоўваюцца эгаістычным, матэрыяльным і ідэалагічным інтарэсам. Акрамя таго шмат моладзі з трывогай глядзіць у будучыню перад абліччам цяжкасцяў у пошуку годнай працы, ці згубілі яе альбо яна носіць толькі часовы і няпэўны характар. Іншыя патрабуюць увагі, каб не трапіць у сетку наркотыкаў, ці эфектыўнай дапамогі, калі, на жаль, ужо трапілі. Нямала і тых, хто праз веру ў Хрыста, у пэўных рэгіёнах і краінах адчуваюць дыскрымінацыю. Іх пераследуюць, жадаючы адлучыць ад Хрыста, пазбаўляючыся ад знакаў Яго прысутнасці ў публічным жыцці ці прымушаючы да маўчання нават пра Яго святое імя.

Аднак з поўнай моцай майго сэрца хачу сказаць маладым людзям: няхай ніхто і нішто не забярэ ваш спакой, не саромейцеся Пана! Ён без агаворак стаў адным з нас і спазнаў нашыя клопаты, каб занесці іх да Бога і такім чынам нас збавіў.

У такім кантэксце важным з’яўляецца дапамога маладым вучням Езуса ў моцным трыванні ў веры і прыняцці цудоўнай прыгоды яе абвяшчэння і адкрытага сведчання аб ёй уласным жыццём. Сведчанне адважнае і поўнае любові да свайго брата, моцнае і разам з тым разумнае, не хаваючы хрысціянскай ідэнтычнасці ў атмасферы поўнага даверу і суіснавання з іншымі выбарамі і патрабавання належнай павагі для ўласных.

Ваша Вялікасць, кажучы зноў пра сваю ўдзячнасць за ласкавае прывітанне, якое Вы аказалі мне, хацеў бы таксама выказаць сваю павагу і блізкасць да ўсіх народаў Іспаніі, а таксама захапленне краінай, багатай гісторыяй і культурай, дзякуючы жывучасці веры, якая  прынесла свой плён у выглядзе шматлікіх святых усіх часоў. Пакідаючы сваю зямлю, яны неслі Евангелле ва ўсе куткі зямнога шара. Гэта вялікі скарб, які з упэўненасцю заслугоўвае таго, каб мець яго як канструктыўны падыход для супольнага дабра і каб даваць святло гарызонту будучыні новым пакаленням. Хоць ёсць прычыны для турботаў, яшчэ большую заклапочанасць іспанцаў выклікае пераадольванне іх дынамізму, які іх характарызуе і які ў значнай ступені выкліканы іх глыбокімі хрысціянскімі каранямі, вельмі плённымі на працягу стагоддзяў.

Вітаю ўсіх дарагіх іспанскіх і мадрыдскіх сяброў і тых, хто прыбыў з іншых краінаў. На працягу гэтых дзён я злучуся з вамі, памятаючы таксама пра ўсіх маладых людзей свету, асабліва пра тых, хто перажывае час выпрабаванняў. Давяраючы гэтую сустрэчу Найсвяцейшай Панне Марыі, заступніцтву святых апекуноў гэтага Дня, прашу Бога, каб заўсёды благаслаўляў і асцерагаў дзяцей Іспаніі.

Вялікі дзякуй.

Адноўлена 22.08.2011 12:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску