Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас сустрэчы з валанцёрамі на XXVI Сусветны дзень моладзі ў Мадрыдзе

21 жніўня 2011 г.

Дарагія валанцёры,

на заканчэнне гэтага незабыўнага Сусветнага дня моладзі мне захацелася затрымацца тут перад вяртаннем у Рым, каб горача падзякаваць вам за вашае каштоўнае служэнне. Гэта абавязак справядлівасці і патрэба сэрца. Абавязак справядлівасці, паколькі дзякуючы вашаму супрацоўніцтву маладыя пілігрымы маглі атрымаць сардэчнае прыняцце. Сваім служэннем вы надалі Сусветнаму дню моладзі аблічча мілага і сардэчнага клопату аб іншых.

Мая ўдзячнасць — гэта і патрэба сэрца, таму што вы прысвячалі ўвагу не толькі пілігрымам, але і мне, Папу. Ва ўсіх падзеях, у якіх я ўдзельнічаў, былі і вы: некаторыя на першым, іншыя — на другім плане, робячы магчымым захаванне патрэбнага парадку, каб усё ішло добра. Не магу таксама забыць аб тых намаганнях, якія прыклалі да падрыхтоўкі гэтых дзён. Колькі прысвячэння, колькі любові! Усе — кожны як умеў і мог — сваёй працай і малітвай уткаў выток у цудоўны квяцісты вобраз гэтага дня. Дзякую за вашу самаадданасць! Удзячны вам за гэты глыбокі ўчынак любові.

Многія з вас мусілі прыняць непасрэдны ўдзел у многіх урачыстасцях або былі заняты іншымі важнымі арганізацыйнымі задачамі. Аднак гэтая самаадданасць была цудоўным евангельскім удзелам у Сусветным дні моладзі: увага прысвячалася іншым, як кажа Езус. У пэўным сэнсе вы спаўнялі слова Пана: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе апошнім з усіх» (Мк 9, 35).

Упэўнены, што гэты валанцёрскі вопыт узбагаціў вас усіх у вашым хрысціянскім жыцці, якое па сутнасці з’яўляецца служэннем любові. Пан пераменіць вашу стомленасць, клопаты і цяжары ў плёны хрысціянскіх цнотаў: цярплівасць, лагоднасць, радасць з аддавання сябе іншым, гатоўнасць да спаўнення Божай волі. Любіць — значыць служыць, служэнне ж — найбольшая любоў. Думаю, гэта адзін з найважнейшых плёнаў вашага ўкладу ў Сусветны дзень моладзі. Але гэтыя плёны збіраеце не толькі вы, але і ўвесь Касцёл, які — як таямніца супольнасці — узбагачаецца праз уклад кожнага са сваіх членаў.

Сёння, калі вы вяртаецеся да свайго звычайнага жыцця, заахвочваю вас захаваць у сваіх сэрцах гэты радасны вопыт і ўзрастаць кожны дзень у дары саміх сябе для Бога і людзей. Быць можа, у многіх з вас з’явіцца вельмі простае пытанне: чаго Бог хоча ад мяне? Які Яго план у дачыненні да майго жыцця? Можа, Хрыстус кліча мяне да блізкага наследавання Яго? Ці мог бы я прысвяціць усё сваё жыццё місіі абвяшчэння свету Яго вялікай любові ў святарстве, кансэкраваным жыцці ці сужэнстве? Калі з’явіўся такі неспакой, дазвольце Пану весці сябе і аддайцеся ў служэнні Таму, хто «не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё на адкупленне многіх». Ваша жыццё дасягне незвычайнай паўнаты. Можа, хтосьці думае: Папа прыйшоў, каб падзякаваць нам, а сам просіць. Так, сапраўды. Такая місія Папы, наступніка Пятра. І не забывайце, што Пётр у сваім першым лісце нагадвае хрысціянам аб цане, якой яны былі выкуплены: цане крыві Хрыста. Той, хто ацэньвае сваё жыццё з гэтага пункту гледжання, ведае, што на любоў Хрыста можна адказаць толькі любоўю, і менавіта аб гэтым просіць вас Папа падчас гэтага развітання: каб вы адказвалі любоўю Таму, які з любові аддаў сябе за вас. Яшчэ раз дзякую, і няхай Бог будзе заўсёды з вамі.

Адноўлена 24.08.2011 15:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску