Апостальская нунцыятура, 20 жніўня 2011 г.
Дарагія сябры,
з радасцю прымаю вас у гэтай Апостальскай нунцыятуры, каб моцна падзякаваць вам за ўсё, што вы зрабілі для арганізацыі гэтага Сусветнага дня моладзі.
Вельмі добра ведаю, што з хвіліны таго, як публічна стала вядома, што Мадрыдская архідыяцэзія выбрана месцам гэтага мерапрыемства, Яго Эмінэнцыя кардынал Антоніо Марыя Руко Варэла распачаў працу Лакальнага арганізацыйнага камітэту, у межах якога вы супрацоўнічалі — у глыбокім адчуванні касцёльнага духу і з незвычайным пачуццём да Хрыстовага вікарыя — асобы, адказнай за розныя асяроддзі, уключанай у столькія падзеі. Толькі любоў да Касцёла і клопат аб евангелізацыі моладзі выклікала настолькі велікадушнае прысвячэнне часу і энергіі, якое прынясе багатыя апостальскія плёны. На працягу многіх месяцаў вы аддавалі тое, што ёсць найлепшага ў вас саміх, на служэнне Касцёлу. Бог вас за гэта ўзнагародзіць стакротна.
І не толькі вас, але і вашы сем’і і арганізацыі, якія самааддана падтрымлівалі ваш сумленны ўдзел. Важная, як кажа Езус, нават адна шклянка вады, пададзеная ў Яго Імя, і гэта не застанецца без адплаты; а тым больш штодзённы працяглы ўдзел у арганізацыі касцёльнай падзеі такога маштабу, як тая, якую перажываем! Дзякую кожнаму з вас.
Падобна гэтаму жадаю выказаць сваю ўдзячнасць членам Змешанай камісіі, створанай праз Мадрыдскае арцыбіскупства і дзяржаўныя ўлады, праз улады горада і яго самакіраванне, якая з пачатку падрыхтоўкі гэтага Сусветнага дня моладзі была створана з думкай аб тысячах маладых пілігрымаў, якія прыбылі ў Мадрыд — горад адкрыты, прыгожы і салідарны. Упэўнены, што без гэтага супрацоўніцтва не была б магчыма рэалізацыя такой складанай і значнай падзеі. Добра ведаю, што ў распараджэнне Арганізацыйнага камітэту паступілі розныя арганізацыі, не шкадуючы высілкаў і ў атмасферы сардэчнага супрацоўніцтва, якая робіць гонар гэтаму высакароднаму народу і ўсім вядомаму духу гасціннасці іспанцаў.
Паспяховасць гэтай камісіі паказвае, што супрацоўніцтва паміж Касцёлам і грамадскімі арганізацыямі не толькі магчыма, але калі яно скіравана на служэнне падзеі такога вялікага маштабу, як гэтая, то такая праца пацвярджае, што дабро яднае ўсіх. Таму хачу выказаць прадстаўнікам усіх уладаў, якія працавалі без выключэння на карысць гэтага Сусветнага дня моладзі, сваю самую шчырую і сардэчную падзяку ад імя Касцёла і моладзі, якія атрымалі карысць у гэтыя дні з вашага прыняцця і клопату.
Для вас усіх, вашых сем’яў і арганізацый прашу ў Пана шчодрых дароў. Дзякую.
|