Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Разважанне Святога Айца Бэнэдыкта XVI пасля Крыжовага шляху на XXVI Сусветны дзень моладзі ў Мадрыдзе
Плошча Сібэле, 19 жніўня 2011 г.

Дарагая моладзь,

з пабожнасцю і запалам мы здзяйснялі гэты Крыжовы шлях, спадарожнічаючы Хрысту ў Яго муцы і смерці. Разважанні сясцёр ад Крыжа, якія служаць найбольш бедным і патрабуючым, дапамаглі нам увайсці ў таямніцу хвалебнага Хрыстовага Крыжа, які ўтрымлівае сапраўдную мудрасць Бога, тую, якая судзіць свет і тых, хто верыць у сваю мудрасць (пар. 1 Кар 1, 17–19). Дапамагло нам у гэтай вандроўцы да Кальварыі таксама разважанне над гэтымі незвычайнымі абразамі рэлігійнай спадчыны іспанскіх дыяцэзій. Гэта абразы, на якіх у згодзе суіснуюць вера і мастацтва, каб дасягнуць сэрца чалавека і паклікаць яго да навяртання. Калі сузіранне веры яснае і праўдзівае, прыгажосць аддае сябе ў гэтым служэнні, а таксама здольнае прадставіць таямніцу нашага збаўлення нават да найглыбейшага ўзрушэння і перамянення нашага сэрца, як гэта здарылася са св. Тэрэзай ад Езуса, калі яна разважала над абразом, што прадстаўляе Езуса, цалкам пакрытага ранамі (пар. Кніга жыцця, 9, 1).

Калі мы крочылі наперад з Езусам ажно да дасягнення вяршыні спаўнення Яго місіі на Кальварыі, нам на думку прыходзілі словы св. Паўла: «Хрыстус палюбіў мяне і самога сябе аддаў за мяне» (Гал 2, 20). Перад абліччам такой бескарыслівай, здзіўляючай і поўнай удзячнасці любові, запытаемся зараз: што мы ўчынім для Яго? Які адказ мы дадзім? Святы Ян кажа аб гэтым ясна: «Па тым пазналі любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. Мы таксама павінны аддаць жыццё за братоў» (1 Ян 3, 16). Мука Хрыста схіляе нас узяць на свае плечы цярпенні свету, маючы пры гэтым упэўненасць, што Бог — гэта не хтосьці далёкі ад чалавека. Наадварот, Ён становіцца адным з нас, «каб магчы цярпець разам з чалавекам, рэальным чынам, у целе і крыві (…). Таму ў кожнае чалавечае цярпенне ўвайшоў Нехта, хто церпіць і зносіць яго разам з намі; таму ў кожным цярпенні прысутнічае салідарнасць, суцяшэнне праз церпячую з намі любоў Бога, і так узыходзіць зорка надзеі» (Spe salvi, 39).

Дарагая моладзь, няхай любоў Бога да нас павялічыць вашу радасць і пабудзіць да таго, каб быць блізкімі тым, каму менш пашанцавала. Вы, хто больш уражлівы на ідэю падзяляць жыццё з іншымі, не праходзьце абыякава каля чалавечага цярпення, калі Бог чакае ад вас, каб ахвяравалі тое, што ёсць найлепшага ў вас саміх: вашу здольнасць любіць і спачуваць. Розныя формы цярпення, якія падчас Крыжовага шляху паўставалі перад нашымі вачыма, — гэта заклікі Пана будаваць жыццё, ідучы Яго слядамі і робячы сябе знакамі Яго суцяшэння і збаўлення. Цярпець з іншымі, для іншых; цярпець з-за прагнення праўды і справядлівасці; цярпець з-за таго, што з’яўляешся асобай, якая сапраўды любіць, — гэта фундаментальныя элементы чалавечнасці, парушэнне якіх знішчыла б самога чалавека.

Жадаю, каб вы ўмелі прыняць гэтую лекцыю і ажыццявіць яе на практыцы. Таму скіруем позірк на Хрыста, укрыжаванага на дрэве, і просім Яго, каб навучыў нас гэтай таямнічай мудрасці крыжа, дзякуючы якой чалавек жыве. Крыж не быў знакам якой-небудзь няўдачы, але хутчэй спосабам прапановы любові, якая даходзіць ажно да найбольш нязмернага аддання ўласнага жыцця. Айцец захацеў палюбіць людзей у абдымках свайго Сына, укрыжаванага з любові. Крыж сваёй формай і сваім значэннем паказвае таксама любоў Айца і Хрыста да людзей. Мы распазнаём у ім вобраз найвышэйшай любові, калі вучымся любіць тое, што любіць Бог, і так, як Ён гэта робіць: гэта Добрая Навіна, якая вяртае надзею свету.

Звернем сёння нашы вочы на Панну Марыю, якая на Кальварыі была даверана нам як Маці, і просім яе, каб падтрымлівала нас сваёй поўнай любові апекай на шляху жыцця, асабліва тады, калі перажываем ноч болю, каб мы, як яна, узмацняліся ля падножжа крыжа. Шчыра дзякую.

Адноўлена 22.08.2011 15:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску