Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова Святога Айца падчас цырымоніі развітання (Аэрапорт «Барахас», 21 жніўня 2011 г.)

Ваша Каралеўская Высокасць,
Паважаныя прадстаўнікі агульнанацыянальнай, рэгіянальнай і лакальнай улады
Эмінэнцыя, кардынал арцыбіскуп Мадрыда і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі,
Кардыналы і браты ў біскупстве,
Сябры,

Надышоў час развітання. Гэтыя дні, праведзеныя ў Мадрыдзе з такой вялікай колькасцю моладзі Іспаніі і ўсяго свету, застануцца глыбока ўпісанымі ў маю памяць і ў маё сэрца.

Ваша Каралеўская Высокасць, у Іспаніі я адчуваў сябе вельмі добра. А маладыя ўдзельнікі гэтага Сусветнага дня моладзі былі добра прыняты ў шматлікіх іспанскіх гарадах і мясцовасцях, якія наведалі перад пачаткам сустрэчы. Дзякую Вашай Каралеўскай Высокасці за ветлівыя словы і жаданне суправаджаць мяне як у хвіліну майго прыезду, так і цяпер, калі адлятаю.

Дзякую агульнанацыянальным, рэгіянальным і лакальным уладам, якія праз сваё супрацоўніцтва аказалі вялікую чуласць да гэтай міжнароднай падзеі. Дзякую тысячам валанцёраў, якія спрыялі паспяховаму правядзенню ўсіх мерапрыемстваў сустрэчы: літаратурных, музычных, культурных і рэлігійных, «Фестывалю моладзі», катэхезам біскупаў і ўрачыстасцям пад кіраўніцтвам Наступніка Пятра.

Дзякую органам правапарадку і бяспекі, а таксама тым, хто дапамагаў ім, аказваючы разнастайныя паслугі: ад клопату пра музыку і літургію, да забеспячэння транспарту, медыцынскай дапамогі і харчавання.

Іспанія з’яўляецца вялікай краінай, здарова адкрытай, плюралістычнай і поўнай павагі да грамадскага жыцця, якая можа развівацца, не пазбаўляючыся пры гэтым сваёй глыбокарэлігійнай, каталіцкай душы. Гэта было бачна ў апошнія дні, калі былі прадэманстраваны людскія і тэхнічныя магчымасці для правядзення такіх важных і багатых для будучыні падзей, як дапамога маладым людзям укараніцца ў Езусе Хрысце, Збаўцы.

Асаблівыя словы падзякі скіроўваю арганізатарам Дня: старшыні Папскай рады па справах свецкіх і ўсім працаўнікам гэтага ведамства; Яго Эмінэнцыі кардыналу Мадрыда, Антоніо Марыі Рука Варэлле і яго дапаможным біскупам і ўсёй архідыяцэзі; а таксама генеральнаму каардынатару кс. прэлату Сесару Аўгусто Франко Марцінэсу і яго шматлікім супрацоўнікам. Біскупы працавалі з запалам і аддана ў сваіх дыяцэзіях, каб старанна падрыхтаваць Сусветны дзень моладзі, разам са святарамі, законнікамі і вернікамі. Да ўсіх скіроўваю маю падзяку, злучаную з малітвай да Пана, каб благаславіў вашу апостальскую працу.

Не магу не падзякаваць ад усяго сэрца маладым людзям, якія прыбылі на Сусветны дзень моладзі, за іх радасны, інтэнсіўны з энтузіязмам удзел. Кажу вам: дзякуй за сведчанне, якое далі ў Мадрыдзе і іншых іспанскіх гарадах. Заахвочваю да распаўсюджвання ў кожным куточку свету радаснага і глыбока сведчання веры, што вы перажылі ў гэтай краіне. Перадайце сваю радасць асабліва тым, хто хацеў сюды прыехаць, але па розных прычынах не мог, і тым, хто маліўся за вас і ў чыіх сэрцах засталіся гэтыя дні. Праз сваю блізкасць і сведчанне дапамажыце вашым сябрам і калегам адкрыць, што любіць Хрыста — значыць жыць поўным жыццём.

Пакідаю Іспанію задаволеным і  ўдзячным усім. Але перш за ўсё Богу, нашаму Пану, які дазволіў мне святкаваць гэты дзень, напоўнены ласкамі і хваляваннямі, дынамізмам і надзеяй. Супольнае святкаванне веры дазваляе нам глядзець у будучыню з вялікім даверам да Провіду, які вядзе Касцёл па моры гісторыі. Таму ён застаецца маладым і поўным жыцця, нават калі стаіць перад абліччам складаных сітуацый. Гэта справа Святога Духа, які робіць прысутным Езуса ў сэрцах маладых людзей кожнай эпохі і такім чынам выяўляе веліч Божага паклікання кожнага чалавека. Маглі таксама засведчыць, як Божая ласка руйнуе муры і выдаляе ўзнікшыя праз грэх межы паміж народамі і пакаленнямі, каб з усіх людзей рабіць адну з’яднаную з Айцом сям’ю, якая клапоціцца пра сваю ўласную працу і павагу аб усім, што Ён нам даў.

Маладыя людзі адказваюць зацікаўленасцю, калі ім прапануюць шчырае і сапраўднае спатканне з Езусам Хрыстом, адзіным Адкупіцелем чалавецтва. Цяпер яны вяртаюцца да сваіх дамоў як місіянеры Евангелля, «укаранёныя і збудаваныя на Хрысце, моцныя ў веры», але патрабуюць дапамогі на гэтым шляху. Таму раю, асабліва біскупам, святарам, законнікам і хрысціянскім выхавацелям, апекавацца моладдзю, якая прагне з надзеяй адказаць на заклік Пана. Не трэба расчароўвацца перад абліччам перашкодаў, якія розным чынам з’яўляюцца ў некаторых краінах. Мацнейшым за гэта з’яўляецца жаданне Бога, якое Стварыцель змясціў у сэрцах маладых людзей, і моц з вышыні, якаой адорвае Бог усіх, хто ідзе за Настаўнікам і тым, хто з Ім знаходзіць пасілак для жыцця.

Не бойцеся прадстаўляць маладым пасланне Езуса Хрыста ва ўсёй яго інтэгральнасці, каб карысталіся з сакрамэнтаў, праз якія Ён нас робіць удзельнікамі свайго жыцця.

Ваша Каралеўская Вялікасць, перад вяртаннем у Рым жадаю ўпэўніць іспанцаў у тым, што заўсёды памятаю пра іх у малітве. Малюся асабліва за сужэнцаў і сем’і, якія змагаюцца з рознага характару цяжкасцямі, за патрабуючых, хворых і церпячых, людзей старэйшага ўзросту і дзяцей, а таксама за тых, хто не можа знайсці працу. Малюся таксама за іспанскую моладзь. Я ўпэўнены, што ажыўленая верай у Хрыста, яна зробіць усё, каб гэтая вялікая краіна здолела справіцца з выклікамі і надалей ішла шляхам згоды, салідарнасці, справядлівасці і свабоды.

З гэтымі думкамі даручаю ўсіх дзяцей гэтай высакроднай зямлі заступніцтвуПанны Марыі, нашай Маці ў небе, і з любоўю ім благаслаўляю. Няхай радасць Пана заўсёды напаўняе ваша сэрца. Дзякуй.

Адноўлена 24.08.2011 16:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску