Віншаванне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на 15-годдзе рэкансэкрацыі мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі |
Кс. Антоні Клімантовіч Пробашч архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску
15 гадоў таму — 21 кастрычніка 1997 г. — у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ва ўсім Касцёле ў Беларусі адбылася знакавая падзея — рэкансэкрацыя архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, якую здейсніў легат благаслаўлёнага папы Яна Паўла II кардынал Казімір Шока. Адрэстаўраваная і нанова кансэкраваная катэдра — гэта плён малітвы, старанняў і ахвярнай працы многіх людзей, якім сёння з далёкага Рыма, дзе знаходжуся на Сінодзе Біскупаў, хачу выказаць шчырую падзяку і ў інтэнцыі якіх малюся і прашу вас маліцца. Найперш за кардынала Казіміра Свёнтка — першага Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта, якога Бог у мінулым годзе паклікаў да сябе. Як шмат старанняў ён паклаў і як радаваўся, што нарэшце ў Мінску ёсць катэдра. Добра памятаю, як свяціліся яго вочы, калі ён перадаваў папу Яну Паўлу II альбом з выявамі адрэстаўраванай катэдры. Выказваю словы ўдзячнасці ксяндзу Уладзіславу Завальнюку, які маліўся на прыступках катэдры ў снег і дождж, у мароз і спякоту. Нізкі паклон вернікам, якія верылі, маліліся і дапамагалі, як толькі маглі. Дзякую дзяржаўным уладам, якія ўжо ў тыя далёкія часы зразумелі патрэбы вернікаў і пайшлі ім насустрач. Шчыра дзякую спонсарам і рэстаўратарам. Збудаваны тры стагоддзі таму Дом Божы перажыў часы росквіту Касцёла і часы яго пераследу, асабліва жорсткага ў ХХ стагоддзі. Аднак яго гісторыя яшчэ раз паказала, што Бог з’яўляецца яе Панам і што Ён ставіць апошнюю кропку над «і». |
Адноўлена 20.10.2012 23:43 |