Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пятніца пасля Папяльца
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 58, 1–9а

Ці ж не такі ёсць пост, які Я выбраў?

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан Бог:

Крычы на ўсю моц, не стрымлівайся. Падымі голас свой, быццам рог, і раскажы народу Майму пра іхнія злачынствы і дому Якуба — пра яго грахі. З дня ў дзень яны шукаюць Мяне і прагнуць пазнаць шляхі Мае, быццам народ, які паступае справядліва і не пакідае Законаў свайго Бога. Яны пытаюцца ў Мяне наконт справядлівых судоў і хочуць наблізіцца да Бога. Яны кажуць: Чаму пасцілі мы, а Ты не заўважыў, чаму ўтаймоўвалі мы нашыя душы, а Ты не ведаў?

Вось у дзень посту вашага вы задавольваеце свае жаданні і прыгнятаеце ўсіх работнікаў вашых. Вось посціце вы дзеля спрэчак і сварак і б’еце грэшным кулаком. Не пасціце так, як сёння, каб быў чутны ваш голас на вышынях.

Хіба такі Я выбраў пост, калі чалавек утаймоўвае душу сваю; дзень, калі згінае галаву сваю, як чарот, і ляжыць на мешкавіне ды попеле? Ці ж гэта назавеш постам і днём, прыемным для Пана?

Ці ж не такі ёсць пост, які Я выбраў: разарваць кайданы беззаконня, развязаць путы ярма, адпусціць на свабоду прыгнечаных і разбіць усялякае ярмо? Ці ж гэта не тое, каб дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, каб апрануць яго і ад роднага свайго не хавацца?

Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне.  Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 51 (50), 3–4. 5–6аb. 18–19  (Р.: 19b)

Рэфрэн: Сэрцам пакорным Ты не пагарджаеш.

3. Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй *
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае.
4. Абмый цалкам мяне ад правінаў маіх *
і ачысці мяне ад граху майго.

Рэфрэн:

5. Бо я ведаю беззаконні мае, *
і грэх мой заўжды перада мною.
6. Табе, Табе аднаму я зграшыў *
і зло ўчыніў перад Тваімі вачыма.

Рэфрэн:

18. Бо Ты не прагнеш ахвяры, *
усеспаленне, хоць бы даў я, Табе не спадабаецца.
19. Ахвяра для Бога — дух пакорны, *
сэрцам зламаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш.

Рэфрэн:

a

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
пар. Ам 5, 14
Шукайце дабра, а не зла, каб жылі вы,
і тады Пан будзе з вамі.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 9, 14–15

Калі будзе забраны ад іх малады, тады будуць пасціць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Вучні Яна прыйшлі да Езуса і сказалі: Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?

А Езус адказаў ім: Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць пасціць.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.02.2010 15:12
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.