Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Панядзелак — ІІ Тыдзень Вялікага посту
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дан 9, 4b–10

Мы зграшылі, учынілі беззаконне

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

О Пане, Божа вялікі і грозны, які захоўваеш запавет і міласэрнасць да тых, хто любіць Цябе і выконвае Твае запаведзі. Мы зграшылі, учынілі беззаконне, паступілі несправядліва, узбунтаваліся і адышлі ад запаведзяў Тваіх і пастановаў. Мы не слухаліся прарокаў, слугаў Тваіх, якія ў Тваё імя прамаўлялі да нашых каралёў і нашых правадыроў, да нашых айцоў і ўсяго народа краіны.

У Цябе, Пане, справядлівасць, а ў нас — сорам на абліччы, як сёння ў юдэяў, жыхароў Ерузалема і ўсяго Ізраэля, у блізкіх і далёкіх, ва ўсіх землях, куды ты прагнаў іх з-за нявернасці, якую дапусцілі адносна Цябе.   

Пане, сорам у нас на абліччах нашых, у каралёў нашых, правадыроў нашых і айцоў нашых, бо мы зграшылі перад Табою. А ў Пана Бога нашага міласэрнасць і прабачэнне, бо мы ўзбунтаваліся супраць Яго і не слухаліся голасу Пана Бога нашага, каб паступаць паводле Ягоных законаў, якія Ён даў нам праз прарокаў, слугаў сваіх.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 79 (78), 8. 9. 11 і 13  (Р.: Пс 103 (102), 10а)

Рэфрэн: Не рабі нам, Пане, паводле грахоў нашых.

8. Не памятай правінаў нашых продкаў, *
няхай хутчэй нас спаткае Твая міласэрнасць,
бо мы зусім аслаблі.

Рэфрэн:

9. Памажы нам, Божа, наш Збаўца, *
дзеля славы імя Твайго;
вызвалі нас і даруй нам грахі нашыя *
дзеля Твайго імя.

Рэфрэн:

11. Няхай дойдзе да аблічча Твайго стагнанне вязня; *
магутнасцю пляча свайго захавай асуджаных на смерць.
13. А мы, народ Твой і авечкі Тваёй пашы †
будзем вечна Цябе славіць *
і з пакалення ў пакаленне абвяшчаць Тваю хвалу.

Рэфрэн:

a

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
пар. Ян 6, 63с. 68с
Словы Твае, Пане, ёсць духам і жыццём;
Ты маеш словы вечнага жыцця.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 6, 36–38

Прабачайце, і прабачаць вам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.

Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.02.2010 15:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.