Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІV Нядзеля Вялікага посту, Год С
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Нав 5, 9а. 10–12

Народ Божы, увайшоўшы ў абяцаную зямлю, святкуе Пасху

Чытанне кнігі Езуса Навіна.

У тыя дні:

Пан сказаў Езусу Навіну: Сёння зняў Я з вас ганьбу егіпецкую.

I разбілі сыны Ізраэля лагер у Галгале, і ўвечары на чатырнаццаты дзень месяца яны святкавалі Пасху на ерыхонскай раўніне. I на другі дзень Пасхі елі з пладоў гэтай зямлі, праснакі і пражанае зерне ў гэты ж дзень.

А манна перастала падаць на другі дзень пасля таго, як яны сталі есці з пладоў зямлі. І не было больш манны ў сыноў Ізраэля, і елі яны ў гэты год плён зямлі ханаанскай.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 34 (33), 2–3. 4–5. 6–7 (Р.: 9а)

Рэфрэн: Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
3. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

4. Узвялічвай Пана са мной, *
будзем узвышаць імя Яго разам.
5. Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, *
і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.

Рэфрэн:

6. Гляньце на Яго і прасвятліцеся, *
і твары вашыя не спазнаюць сораму.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

2 Кар 5, 17–21

Бог праз Хрыста паяднаў нас з Сабою

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае.

А ўсё ад Бога, які праз Езуса Хрыста паяднаў нас з сабою і даў нам служэнне паяднання, таму што Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на грахі людзей і даючы нам слова паяднання. Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся пасланцамі як бы самога Бога, які заклікае праз нас. Ад імя Хрыста просім: Паяднайцеся з Богам. Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Лк 15, 18
Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму:
Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 15, 1–3. 11–32

Брат твой быў мёртвы і ажыў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.

Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы:

У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: Ойча, дай належную мне частку маёмасці. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна.

А калі ён аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў іх яму.

Апамятаўшыся, ён сказаў: Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.

А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся. І, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам.

Бацька ж сказаў слугам сваім: Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў памерлы і ажыў, прапаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.

А старэйшы сын ягоны быў на полі. І калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся: Што гэта такое. Той адказаў яму: Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым.

Ён разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў бацьку: Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляня, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля.

Ён жа адказаў яму: Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.02.2010 14:37
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.