Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Субота — ІIІ Тыдзень Вялікага посту
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ос 6, 1–6

Міласэрнасці хачу, а не ахвяры

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Хадзіце, вернемся да Пана.
Ён нас параніў, Ён і загоіць.
Ён ударыў, Ён  і перавяжа нам раны.
Праз два дні ажывіць нас,
на трэці дзень уздыме нас,
і мы будзем жыць перад абліччам Ягоным.
Пазнаем жа і будзем імкнуцца пазнаць Пана.
Прыйсце Яго пэўнае, як надыход світання.
Ён прыйдзе да нас, як лівень,
як веснавы дождж, які напоіць зямлю.
Што ж зрабіць мне табе, Эфраім,
што ж зрабіць мне табе, Юда?
Міласэрнасць вашая, нібы ранішні туман
і раса, што хутка знікае.
Таму Я ўдараў іх прарокамі,
таму я забіваў іх словамі вуснаў Маіх,
таму суд Мой заяснее, як світанне.
Бо міласэрнасці хачу, а не ахвяры,
пазнання Бога, а не ўсеспалення.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 51 (50), 3–4. 18–19. 20–21аb (Р.: пар. Ос 6, 6)

Рэфрэн: Міласэрнасці хачу, а не ахвяры.

3. Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй *
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае.
4. Абмый цалкам мяне ад правінаў маіх *
і ачысці мяне ад граху майго.

Рэфрэн:

18. Бо Ты не прагнеш ахвяры, *
усеспаленне, хоць бы даў я, Табе не спадабаецца.
19. Ахвяра для Бога — дух пакорны,
сэрцам зламаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш.

Рэфрэн:

20. У сваёй дабрыні будзь ласкавы да Сіёна, *
адбудуй муры Ерузалема.
21. Тады ўпадабаеш Ты ахвяру справядлівасці, *
прынашэнні і ўсеспаленні.

Рэфрэн:

a

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
пар. Пс 95 (94), 8аb
Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя,
але слухайце голас Пана.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 18, 9–14

Мытнік пайшоў у дом свой апраўданы, а не фарысей

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус расказаў такую прыпавесць некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца; адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.

А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка.

Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў у дом свой апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.02.2010 14:39
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.