Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Зых  34, 4b–6. 8–9

Пан, Пан Бог міласэрны і літасцівы

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Майсей, устаўшы з самае раніцы, узышоў на гару Сінай, як загадаў яму Пан. І ўзяў у рукі свае дзве каменныя табліцы. І сышоў Пан у воблаку, і стаў там паблізу яго, і ён абвясціў імя Пана.  І прайшоў Пан перад ім і ўсклікнуў: Пан, Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы.

Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся Богу, і сказаў: Калі я знайшоў упадабанне ў вачах Тваіх, Пане, то няхай пройдзе Пан сярод нас, бо народ гэты цвёрдага карку; даруй беззаконні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёй.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Дан 3, 52. 53 і 54. 55 і 56 (Р.: 52b)

Рэфрэн: Імя Тваё, Пане, хвалебнае і ўзвялічанае навекі!

52. Благаслаўлёны Ты, Пане, Бог айцоў нашых, *
поўны хвалы і ўзвялічаны навекі.
Благаслаўлёнае святое імя славы Тваёй, *
хвалебнае і ўзвялічанае навекі.

Рэфрэн:

53. Благаслаўлёны Ты ў святыні Тваёй святой славы, *
праслаўлены і ўзвялічаны навекі.
54. Благаслаўлёны Ты на троне Твайго валадарства, *
праслаўлены і ўзвялічаны навекі.

Рэфрэн:

55. Благаслаўлёны Ты, які бачыш глыбіні, які сядзіш на Херубінах, *
хвалебны і ўзвялічаны навекі.
56. Благаслаўлёны Ты на скляпенні неба, *
хвалебны і ўзвялічаны навекі.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

2 Кар  13, 11–13

Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайцеся, будзьце аднадумцамі, жывіце ў спакоі, і Бог любові і міру будзе з вамі.

Вітайце адзін аднаго святым пацалункам.

Вітаюць вас усе святыя.

Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі.   

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
пар. Ап 1, 8
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому,
Богу, які ёсць, які быў і які прыходзіць.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 3, 16–18

Паслаў Бог Сына свайго, каб свет быў збаўлены праз Яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 27.05.2010 15:25
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.