Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Год C

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 14, 18–20

Вынес хлеб і віно

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Мэльхізэдэк, кароль Салема, вынес хлеб і віно. А паколькі ён быў святаром Найвышэйшага Бога, благаславіў Абрама, кажучы:
Няхай будзе бласлаўлёны Абрам Богам Найвышэйшым,
Стварыцелем неба і зямлі.
Няхай будзе бласлаўлёны Найвышэйшы Бог,
які аддаў у твае рукі ворагаў тваіх.

Абрам даў яму дзесятую частку з усяго.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 110 (109), 1. 2. 3. 4 (Р.: 4bc)

Рэфрэн: Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.

1. Пан сказаў майму Пану: *
Сядай праваруч мяне,
пакуль не пакладу ворагаў Тваіх *
да падножжа Твайго.

Рэфрэн:

2. Жазло сілы Тваёй спашле Пан з Сіёну: *
будзеш валадарыць сярод ворагаў Тваіх.

Рэфрэн:

3. З Табою панаванне ў дзень Тваёй моцы, *
у бляску святасці,
з улоння перад світаннем *
нарадзіў Цябе.

Рэфрэн:

4. Пан прысягнуў і не пашкадуе: *
Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 11, 23–26

Кожны раз, калі будзеце есці і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, у якую быў выданы, узяў хлеб, падзякаваў, паламаў і сказаў: Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць. Таксама ўзяў пасля вячэры келіх і сказаў: Гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць.

Кожны раз, калі будзеце есці гэты хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе. 

Гэта слова Божае.

ф

Секвенцыя

1. Гэта Хлеб анёлаў Божых,
стаў пасілкам падарожных,
што імкнуцца да нябёс.
Хлеб сапраўдны слугаў Божых
псам кідаць яго не гожа,
бо яго даў сам Хрыстос.

2. У Пісаннях прадказаны,
быў спрадвеку ўшанаваны
Хлеб спасланы ад Айца.
Богу Абрагам прыносіць
сына у ахвяру, просіць
моцы ў веры да канца.

3. І ягнё, што выбіралі,
як пасхальны дар складалі —
сімвал вобраза таго.
Манна, з неба што спаслана,
сведчыць аб любові Пана,
міласэрнасці Яго.

4. Добры Пастыр, Хлеб праўдзівы,
Езу, будзь нам літасцівы,
Нас кармі і апякай.
І з Айцоўскай дабрынёю
ў славе, на нябесным Троне
нас, дзяцей сваіх, прымай.

5. Ты ўсё ведаеш і можаш,
ўсемагутны, вечны Божа,
жывіш верных на зямлі.
Дай, каб мы ў хвале нябеснай
са святымі годнай песняй
праслаўляць той Хлеб змаглі.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 6, 51
Я хлеб жывы, які сышоў з неба, — кажа Пан.
Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 9, 11b–17

І елі, і насыціліся ўсе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус гаварыў людзям пра Валадарства Божае і аздараўляў тых, каму было патрэбнае аздараўленне. А дзень пачаў хіліцца да вечара. І прыступіўшы да Яго, Дванаццаць казалі Яму: Адпусці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і пасяленні, дзе знойдуць начлег і ежу, бо мы тут у пустынным месцы. Але Ён сказаў ім: Вы дайце ім есці. Яны сказалі: У нас няма больш пяці хлябоў і дзвюх рыбін; хіба што пойдзем купім ежы на ўвесь гэты люд?

Было ж каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням сваім: Загадайце ім сесці групамі па пяцьдзясят чалавек. І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.

А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны і паглядзеўшы на неба, благаславіў іх і паламаў, і даваў вучням, каб раздавалі людзям.

І елі, і насыціліся ўсе; і рэшты кавалкаў сабрана было дванаццаць кашоў.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 03.06.2010 13:35
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.