Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара
08.06.2017 08:47

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 10, 11–18

Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі асвячаных

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Кожны святар штодзённа стаіць у служэнні і шмат разоў прыносіць адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць знішчыць грахоў.

А Езус Хрыстус, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога, чакаючы таго часу, калі ворагі Ягоныя будуць пакладзены як падножжа ног Ягоных. Бо Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі асвячаных.

Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо сказана: Вось запавет, які ўстанаўлю з імі пасля гэтых дзён, — кажа Пан: укладу законы Мае ў іхнія сэрцы, і запішу іх у розуме іхнім, а грахоў і беззаконняў іх больш не ўспомню.

А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там ужо няма ахвяры за іх.

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 110 (109), 1. 2. 3–4  (Р.: 4bc)

Рэфрэн: Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.

1. Пан сказаў майму Пану: *Сядай праваруч мяне, пакуль не пакладу ворагаў Тваіх *да падножжа Твайго.

Рэфрэн:

2. Жазло сілы Тваёй *спашле Пан з Сіёну: будзеш валадарыць *сярод ворагаў Тваіх.

Рэфрэн:

3. З Табою панаванне ў дзень Тваёй моцы, у бляску святасці, *з улоння перад світаннем нарадзіў Цябе.4. Пан прысягнуў і не пашкадуе: *Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.Рэфрэн:


СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пар.: Флп 2, 8-9

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Для нас Хрыстус прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай.

Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя.Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.


ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 14,22–25

Гэта Цела Маё. Гэта Мая Кроў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

І калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, ламаў і даваў ім, кажучы: Бярыце, гэта Цела Маё. І, узяўшы келіх, падзякаваў і даў ім; і пілі з яго ўсе. І сказаў ім: Гэта Мая Кроў запавету, якая за многіх праліваецца. Сапраўды кажу вам, што ўжо не буду піць ад плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Божым.

Гэта слова Пана.

 
Святы
 
30 лістапада — свята св. Андрэя, апостала

«Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім».

 
9 лістапада — свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі

«Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Ерузалем. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: Клопат аб  доме Тваім з’ядае Мяне».

 
28 кастрычніка — свята св. Сымона і Юды, апосталаў

«Езус узышоў на гару памаліцца і правёў ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея, Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зілотам, Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам».

 
18 кастрычніка — свята св. Лукі, евангеліста

«Пан прызначыў семдзесят двух іншых вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё».

 
29 верасня — свята св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў

«Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, сказаў пра яго: Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма падману. Натанаэль сказаў Яму: Адкуль Ты ведаеш мяне? Езус сказаў яму ў адказ: Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю. Адказаў Яму Натанаэль: Раббі, Ты Сын Божы! Ты Валадар Ізраэля!»

 
21 верасня — свята св. Мацвея, апостала і евангеліста

«Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым».

 
14 верасня — свята Узвышэння Святога Крыжа

«Езус сказаў Нікадэму: Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго, хто сышоў з неба, Сына Чалавечага. І як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго».

 
8 верасня — свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі

«Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў».

 
<< Першая < Папярэдняя 1 2 3 4 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1 з 4
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.