Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДАГМАТЫЧНАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ
ПРА КАСЦЁЛ
«LUMEN GENTIUM»

РАЗДЗЕЛ І - ТАЯМНІЦА КАСЦЁЛА
РАЗДЗЕЛ ІІ - НАРОД БОЖЫ
РАЗДЗЕЛ ІІІ - ІЕРАРХІЧНЫ ЛАД КАСЦЁЛА. ЕПІСКАПАТ
РАЗДЗЕЛ IV - СВЕЦКІЯ ВЕРНІКІ
РАЗДЗЕЛ V - ПАЎСЮДНАЕ ПАКЛІКАННЕ ДА СВЯТАСЦІ Ў КАСЦЁЛЕ
РАЗДЗЕЛ VI - КАНСЭКРАВАНЫЯ АСОБЫ
РАЗДЗЕЛ VII - ЭСХАТАЛАГІЧНЫ ХАРАКТАР ПІЛІГРЫМУЮЧАГА КАСЦЁЛА І ЯГО ЕДНАСЦЬ З НЯБЕСНЫМ КАСЦЁЛАМ
РАЗДЗЕЛ VIII - БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ БАГАРОДЗІЦА ДЗЕВА МАРЫЯ Ў ТАЯМНІЦЫ ХРЫСТА І КАСЦЁЛА


РАЗДЗЕЛ І
ТАЯМНІЦА КАСЦЁЛА

1. Хрыстус — святло народаў. Таму Святы Сабор, сабраны ў Духу Святым, моцна жадае, абвяшчаючы Евангелле ўсякаму стварэнню (пар. Мк 16, 15), асвятліць усіх людзей святлом Хрыста, якое ззяе на абліччы Касцёла. У сваю чаргу Касцёл, паколькі з’яўляецца ў Хрысце як бы сакрамэнтам, або знакам і прыладай унутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва, жадае, верна працягваючы вучэнне папярэдніх Сабораў, дакладней растлумачыць вернікам і ўсяму свету сваю сутнасць і паўсюдную місію. Умовы нашага часу робяць гэты абавязак Касцёла асабліва актуальным: каб усе без выключэння людзі, цесна аб’яднаныя сёння грамадскімі, тэхнічнымі і культурнымі сувязямі, дасягнулі таксама поўнай еднасці ў Хрысце.

2. Спрадвечны Айцец паводле абсалютна свабоднай і таямнічай задумы сваёй мудрасці і дабрыні стварыў увесь свет, вырашыў узняць людзей да ўдзелу ў Божым жыцці і не пакінуў іх пасля грэхападзення ў Адаме, але няспынна даваў ім дапамогу для збаўлення дзеля Хрыста Адкупіцеля, які «з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння» (Клс 1, 15). Усіх выбраных Айцец перад вякамі «наперад пазнаў і прадвызначыў быць падобнымі да вобраза свайго Сына, каб Ён быў першародным між многімі братамі» (Рым 8, 29). Веруючых у Хрыста Ён вырашыў сабраць у святым Касцёле, які ўжо ад пачатку свету прадказаны ў вобразах, цудоўным чынам падрыхтаваны ў гісторыі ізраэльскага народу і ў Старым Запавеце1, устаноўлены ў апошнія часы, абвешчаны праз спасланне Духа Святога і слаўна споўніцца ў канцы вякоў. Вось тады, як чытаем у святых айцоў, усе справядлівыя, пачынаючы з Адама, «ад справядлівага Абэля аж да апошняга выбранага»2 будуць сабраныя Айцом у паўсюдным Касцёле.

3. Прыйшоў тады Сын, пасланы Айцом, які выбраў нас у Ім да стварэння свету і прадвызначыў для ўсынаўлення, паколькі Айцу спадабалася аднавіць у Ім усё (пар. Эф 1, 4-5 і 10). Таму Хрыстус, каб выканаць волю Айца, даў пачатак Нябеснаму Валадарству на зямлі і адкрыў нам Яго таямніцу, а сваёй паслухмянасцю здзейсніў адкупленне. Касцёл, або валадарства Хрыста, ужо цяпер прысутнічае ў таямніцы і дзякуючы Божай моцы бачна пашыраецца ў свеце. Гэты пачатак і рост сімвалізуюць вада і кроў, якія выцякаюць з прабітага боку ўкрыжаванага Езуса (пар. Ян 19, 34), а прадказваюцца ў словах Пана пра час Яго смерці на крыжы: «Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе» (Ян 12, 32). Заўсёды, калі на алтары прыносіцца крыжовая ахвяра, у якой «Пасха нашая, Хрыстус, ахвяраваны за нас» (1 Кар 5, 7), здзяйсняецца справа нашага адкуплення. У той жа час у сакрамэнце эўхарыстычнага Хлеба выяўляецца і ажыццяўляецца еднасць вернікаў, якія складаюць у Хрысце адно цела (пар. 1 Кар 10, 17). Усе людзі пакліканы да гэтага яднання з Хрыстом — святлом свету, ад якога мы паходзім, праз якое жывем і да якога імкнемся.

4. Калі здзейснілася справа, якую Айцец даручыў Сыну выканаць на зямлі (пар. Ян 17, 4), у дзень Пяцідзесятніцы Дух Святы быў пасланы няспынна асвячаць Касцёл, каб вернікі праз Хрыста мелі ў адным Духу доступ да Айца (пар. Эф 2, 18). Ён сам ёсць духам жыцця, або крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае (пар. Ян 4, 14; 7, 38-39); праз Яго Айцец ажыўляе людзей, памерлых праз грэх, пакуль не ўваскрасіць іх смяротныя целы ў Хрысце (пар. Рым 8, 10-11). Дух жыве ў Касцёле, а таксама ў сэрцах вернікаў, як у святыні (пар. 1 Кар 3, 16; 6, 19), у іх моліцца і дае сведчанне ўсынаўлення (пар. Гал 4, 6; Рым 8, 15-16 і 26). Ведучы Касцёл да ўсёй праўды (пар. Ян 16, 13) і яднаючы яго ў супольнасці (in communione) і служэнні, надзяляе яго рознымі іерархічнымі і харызматычнымі дарамі, накіроўвае яго і аздабляе сваімі пладамі (пар. Эф 4, 11-12; 1 Кар 12, 4; Гал 5, 22). Моцай Евангелля Ён захоўвае Касцёл маладым, няспынна абнаўляе яго і вядзе да дасканалай еднасці са сваім Абраннікам3. Сапраўды, Дух і абранніца кажуць Пану Езусу: «Прыйдзі!» (пар. Ап 22, 17).

Так увесь Касцёл паўстае як «народ, з’яднаны еднасцю Айца і Сына, і Духа Святога»4.

5. Таямніца святога Касцёла выяўляецца ў яго заснаванні. Бо Пан Езус даў пачатак свайму Касцёлу, прапаведуючы шчаслівую навіну, а менавіта прыйсце Божага Валадарства, здаўна абяцанага ў Пісанні: «Настаў час і наблізілася Валадарства Божае» (Мк 1, 15; пар. Мц 4, 17). Гэтае Валадарства ззяе людзям у слове, справах і прысутнасці Хрыста. Менавіта слова Пана параўноўваецца з зернем, пасеяным на раллі (пар. Мк 4, 14): тыя, хто з верай слухае Яго і далучаецца да малога статку Хрыста (пар. Лк 12, 32), атрымалі ўжо само Валадарства. Пасля зерне ўзыходзіць сваімі сіламі і расце аж да часу жніва (пар. Мк 4, 26-29). Таксама цуды сведчаць, што Валадарства Езуса ўжо настала на зямлі: «Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства» (Лк 11, 20; пар. Мц 12, 28). Аднак перадусім Валадарства паказваецца ў самой асобе Хрыста, Сына Божага і Сына Чалавечага, які прыйшоў «служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мк 10, 45).

Калі Езус, прыняўшы крыжовую смерць за людзей, уваскрос, Ён з’явіўся як Пан, Месія і Святар, устаноўлены навекі (пар. Дз 2, 36; Гбр 5, 6; 7, 17-21), а таксама спаслаў вучням Духа, абяцанага Айцом (пар. Дз 2, 33). Таму Касцёл, атрымаўшы дары ад свайго Заснавальніка і верна выконваючы Яго запаведзі любові, пакоры і адрачэння, атрымлівае місію абвяшчэння і пашырэння Валадарства Хрыста і Бога сярод усіх народаў і з’яўляецца парасткам і пачаткам гэтага Валадарства на зямлі. У той жа час, паволі ўзрастаючы, ён тужыць па цалкам дасканалым Валадарстве і з усіх сіл спадзяецца і прагне з’яднання са сваім Валадаром у славе.

6. Як у Старым Запавеце аб’яўленне Валадарства часта прадстаўляецца ў правобразах, так і цяпер унутраная натура Касцёла пазнаецца намі ў розных вобразах, узятых з пастырскага жыцця, земляробства, будаўніцтва ці з сямейнага жыцця і заручынаў, якія прадстаўлены ў кнігах прарокаў.

Так, Касцёл з’яўляецца аўчарняй, адзінай і абавязковай брамай якой ёсць Хрыстус (пар. Ян 10, 1-10). З’яўляецца таксама статкам, пастырам якога абяцаў стаць сам Бог (пар. Іс 40, 11; Эзх 34, 11 і наст.). Хоць гэтым статкам кіруюць пастыры-людзі, яго авечак няспынна вядзе і ўмацоўвае сам Хрыстус, Добры Пастыр і Кіраўнік пастыраў (пар. Ян 10, 11; 1 П 5, 4), які жыццё сваё аддаў за авечак (пар. Ян 10, 11-15).

Касцёл з’яўляецца нівай, або раллёй Божай (пар. 1 Кар 3, 9). На гэтай раллі расце старая аліва, святым карэннем якой былі патрыярхі і ў якой здзейснілася і яшчэ здзейсніцца прымірэнне юдэяў і язычнікаў (пар. Рым 11, 13-26). Нябесны Земляроб пасадзіў Касцёл як адборны вінаграднік (пар. Мц 21, 33-43; пар. Іс 5, 1 і наст.). Хрыстус — сапраўдная вінаградная лаза — дае жыццё і ўрадлівасць парасткам, а менавіта нам, каторыя праз Касцёл трываюць у Ім самім, і без Яго мы не можа нічога зрабіць (пар. Ян 15, 1-5).

Часта Касцёл называецца таксама будовай Божай (пар. 1 Кар 3, 9). Пан сам параўнаў сябе з каменем, які адкінулі будаўнікі і які стаў галавою вугла (пар. Мц 21, 42; пар. Дз 4, 11; 1 П 2, 7; Пс 119 [118], 22). На гэтым падмурку Апосталы будуюць Касцёл (пар. 1 Кар 3, 11), з Яго таксама Касцёл чэрпае сваю трываласць і з’яднанасць. Гэтая будова мае розныя назвы: дом Бога (1 Цім 3, 15), у якім уласна жыве Яго сям’я; жыллё Бога ў Духу (пар. Эф 2, 19-22); «скінія Бога з людзьмі» (Ап 21, 3). Перадусім жа гэта святая святыня, прадстаўленая ў святых камянях, якую ўсхваляюць святыя Айцы і якая ў Літургіі небеспадстаўна атаясамліваецца са святым Горадам, новым Ерузалемам5. У ім мы яшчэ тут, на зямлі, будуемся як жывыя камяні (пар. 1 П 2, 5). Ян сузірае гэты святы Горад, калі ён у час аднаўлення свету сыходзіць з неба ад Бога, «падрыхтаваны, быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха» (Ап 21, 1 і наст.).

Касцёл, які завецца таксама «вышнім Ерузалемам» і «нашай маці» (Гал 4, 26; пар. Ап 12, 17), апісваецца як беззаганная абранніца беззаганнага Баранка (пар. Ап 19, 7; 21, 2 і 9; 22, 17), якую Хрыстус палюбіў і аддаў сябе за яе, каб асвяціць яе (пар. Эф 5, 25-26); якую аб’яднаў з сабой вечнай непарыўнай повяззю і няспынна жывіць і даглядае яе (пар. Эф 5, 29). Нарэшце, ачысціўшы Касцёл, Хрыстус пажадаў мець яго з’яднаным з сабой і падпарадкаваным у любові і вернасці (пар. Эф 5, 24). Нарэшце, Ён навекі шчодра адарыў яго нябеснымі дабротамі, каб мы зразумелі любоў да нас Бога і Хрыста, якая пераўзыходзіць усякае разуменне (пар. Эф 3, 19). Пакуль жа, на гэтай зямлі, Касцёл пілігрымуе далёка ад Пана (пар. 2 Кар 5, 6) і знаходзіцца тут як выгнаннік, шукаючы і любячы тое, што ў вышынях, дзе знаходзіцца Хрыстус, які сядзіць праваруч Бога, дзе жыццё Касцёла было схавана з Хрыстом у Богу аж да моманту, калі ён з’явіцца са сваім Абраннікам у славе (пар. Клс 3, 1-4).

7. Перамогшы смерць сваёй смерцю і ўваскрасеннем, Божы Сын у чалавечай натуры, прынятай Ім, адкупіў чалавека і ператварыў яго ў новае стварэнне (пар. Гал 6, 15; 2 Кар 5, 17). Удзяляючы свайго Духа, Ён устанавіў містычным чынам сваё цела са сваіх братоў, пакліканых з усіх народаў.

У гэтым целе Хрыстова жыццё праліваецца на вернікаў, якія праз сакрамэнты таемным і сапраўдным чынам яднаюцца з укрыжаваным і праслаўленым Хрыстом6. Праз хрост мы прыпадабняемся да Хрыста, «бо ўсе мы адным Духам ахрышчаныя ў адно цела» (1 Кар 12, 13). Гэты святы абрад выяўляе і ажыццяўляе наша далучэнне да смерці і ўваскрасення Хрыста: «Мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення» (Рым 6, 4-5). Па-сапраўднаму ўдзельнічаючы ў целе Пана праз ламанне эўхарыстычнага Хлеба, мы ўзвышаемся да еднасці з Ім і паміж сабой. «Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго хлеба» (1 Кар 10, 17). Так усе мы — часткі гэтага цела (пар. 1 Кар 12, 27), а «паасобку адзін для аднаго — часткі» (Рым 12, 5).

Як усе часткі чалавечага цела, хоць іх і шмат, утвараюць адно цела, так і верныя ў Хрысце (пар. 1 Кар 12, 12). Таксама ў будове Хрыстовага цела існуе разнастайнасць частак і функцый. Той самы Дух удзяляе дзеля карысці Касцёла свае разнастайныя дары паводле свайго багацця і згодна з патрэбамі служэння (пар. 1 Кар 12, 1-11). Сярод гэтых дароў вылучаецца ласка Апосталаў, аўтарытэту якіх сам Дух падпарадкоўвае нават харызматыкаў (пар. 1 Кар 14). Той жа Дух, з’ядноўваючы сабою цела, сваёй моцай і ўнутранай сувяззю членаў утварае і актывізуе ўзаемную любоў сярод вернікаў. Таму, калі пакутуе адна частка, разам з ёй пакутуюць усе часткі; калі ўшаноўваецца адна частка, разам з ёй цешацца ўсе часткі (пар. 1 Кар 12, 26).

Хрыстус — Галава гэтага цела. Ён — вобраз нябачнага Бога, і ў Ім створана ўсё. Ён існуе перад усім, і ўсё заключаецца ў Ім. Ён — Галава цела, якім ёсць Касцёл. Ён пачатак, Першародны сярод памерлых, каб ва ўсім меў першынство (пар. Клс 1, 15-18). Веліччу сваёй моцы Ён пануе над нябесным і зямным, сваёй недасяжнай дасканаласцю і дзеяннем напаўняе ўсё цела багаццем сваёй славы (пар. Эф 1, 18-23)7.

Да Яго павінны прыпадабняцца іншыя часткі, пакуль у іх не сфарміруецца Хрыстус (пар. Гал 4, 19). Таму мы, сфарміраваныя разам з Ім, памерлыя і ўваскрэшаныя разам з Ім, дапушчаны да таямніц Яго жыцця, пакуль не будзем валадарыць разам з Ім (пар. Флп 3, 21; 2 Цім 2, 11; Эф 2, 6; Клс 2, 12 і г. д.). Пілігрымуючы дагэтуль па зямлі Ягонымі слядамі сярод нядолі пераследу і аб’яднаныя з Яго мукай, як цела з Галавой, мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім праславіцца (пар. Рым 8, 17).

Ад Яго «ўсё цела, якое падтрымліваецца і ўмацоўваецца суставамі і сухажыллямі, узрастае ростам Божым» (Клс 2, 19). Ён сам у сваім целе, гэта значыць у Касцёле, няспынна размяркоўвае дары служэнняў, праз якія Ягонай моцай мы аказваем адно аднаму паслугі дзеля збаўлення, каб, здзяйсняючы праўду ў любові, мы ва ўсім узрасталі ў таго, хто ёсць нашай Галавой (пар. Эф 4, 11-16).
Каб мы няспынна аднаўляліся ў Ім (пар. Эф 4, 23), Ён удзяліў нам свайго Духа, які, будучы адным і тым жа ў Галаве і частках цела, так ажыўляе, аб’ядноўвае і рухае ўсё цела, што Яго дзеянне святыя Айцы маглі параўноўваць з функцыяй, якую выконвае ў чалавечым целе пачатак жыцця, або душа8.

Хрыстус любіць Касцёл як сваю абранніцу, стаўшы ўзорам мужа, які любіць сваю жонку як уласнае цела (пар. Эф 5, 25-28). Сам жа Касцёл падпарадкаваны сваёй Галаве (тамсама 5, 23-24). Паколькі «ў Ім цялесна жыве ўся паўната Боскасці» (Клс 2, 9), Хрыстус напаўняе сваімі боскімі дарамі (пар. Эф 1, 22-23) Касцёл, каб ён, будучы Яго целам і паўнатой, скіроўваўся і прыходзіў да ўсёй Божай паўнаты (пар. Эф 3, 19).

8. Хрыстус, адзіны Пасрэднік, устанавіў і няспынна падтрымлівае тут, на зямлі, свой святы Касцёл, супольнасць веры, надзеі і любові, як бачную структуру9, пасылаючы праз яго праўду і ласку для ўсіх. Супольнасць, забяспечаная іерархічнымі органамі, і Містычнае цела Хрыста, бачны сход і духоўная супольнасць, зямны Касцёл і Касцёл, надзелены нябеснымі дарамі, не могуць разумецца як дзве асобныя рэчы; наадварот, яны ўтвараюць адну складаную рэчаіснасць, якая вырастае з Боскага і чалавечага элементаў10. Таму паводле блізкай аналогіі ён прыпадабняецца таксама да таямніцы ўцелаўлёнага Слова. Як чалавечая натура, атрыманая Божым Словам, непарыўна звязана з Ім і служыць жывой прыладай збаўлення, так і грамадская структура Касцёла служыць жыццядайнаму Хрыстоваму Духу дзеля ўзрастання цела (пар. Эф 4, 16)11.

Гэта і ёсць адзіны Хрыстовы Касцёл, які мы вызнаем у Сімвале веры як адзін, каталіцкі і апостальскі12, які наш Збаўца пасля свайго ўваскрасення наказаў пасвіць Пятру (пар. Ян 21, 17), даручаючы яму і іншым Апосталам пашыраць яго і кіраваць ім (пар. Мц 28, 18 наст.), і які ўстанавіў навекі як калону і падмурак праўды (пар. 1 Цім 3, 15). Гэты Касцёл, заснаваны і ўладкаваны на гэтым свеце як супольнасць, трывае (subsistit) у каталіцкім Касцёле, якім кіруе наступнік Пятра і біскупы, якія застаюцца з ім у супольнасці (communio)13, хоць па-за яго складам знаходзіцца шмат элементаў асвячэння і праўды, якія, як уласцівыя дары Хрыстовага Касцёла, схіляюць да каталіцкай еднасці.

Як Хрыстус здзейсніў справу адкуплення ва ўбостве і сярод пераследу, так і Касцёл пакліканы ісці тым жа шляхам, каб удзяліць людзям плён збаўлення. Езус Хрыстус, «будучы ў постаці Бога... выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі» (Флп 2, 6-7) і дзеля нас «стаў бедным, хоць быў багаты» (2 Кар 8, 9). Так і Касцёл, хоць для выканання сваёй місіі патрабуе чалавечых сродкаў, пабудаваны не для пошукаў зямной славы, а для пашырэння таксама сваім прыкладам пакоры і самаахвярнасці. Хрыстус быў пасланы Айцом «абвяшчаць добрую навіну ўбогім... аздараўляць змучаных сэрцам» (Лк 4, 18), «выратаваць тое, што загінула» (Лк 19, 10). Падобна і Касцёл акружае любоўю ўсіх прыгнечаных чалавечай слабасцю, больш за тое, ва ўбогіх і церпячых бачыць вобраз свайго ўбогага і церпячага Заснавальніка, стараецца дапамагчы ім у нядолі і імкнецца ў іх служыць Хрысту. Паколькі Хрыстус, «святы, нявінны, беззаганны» (Гбр 7, 26), не ведаў граху (пар. 2 Кар 5, 21), а прыйшоў толькі для ўміласціўлення за грахі народу (пар. Гбр 2, 17), таму Касцёл, які абхоплівае ў сваім улонні грэшнікаў, ёсць святым, але ў той жа час заўсёды патрабуе ачышчэння і пастаянна ідзе шляхам пакаяння і аднаўлення.

Касцёл «сярод пераследу з боку свету і суцяшэння ад Бога ідзе далей у сваім пілігрымаванні»14, абвяшчаючы крыж і смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе (пар. 1 Кар 11, 26). Ён умацоўваецца сілай уваскрэслага Пана, каб з цярплівасцю і любоўю пераадольваць свае знешнія і ўнутраныя нядолі і цяжкасці і верна адкрываць у свеце Яго таямніцу, хоць яшчэ і ўкрытую, пакуль яна ўрэшце не аб’явіцца ў поўным святле.

РАЗДЗЕЛ ІІ
НАРОД БОЖЫ

9. У любы час і ў любым народзе Богу прыемны кожны, хто баіцца Яго і чыніць справядлівасць (пар. Дз 10, 35). Аднак Богу спадабалася асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, выключыўшы ўсякую ўзаемасувязь паміж імі, а ўтварыць з іх народ, які б пазнаваў Яго ў праўдзе і свята служыў Яму. Таму Бог выбраў сабе народ Ізраэля, з якім заключыў запавет і які паступова навучаў, аб’яўляючы ў ягонай гісторыі сябе самога і план сваёй волі, і асвячаючы яго для сябе. Аднак усё гэта адбылося як падрыхтоўка і як правобраз таго новага і дасканалага запавету, які мусіў быць заключаны ў Хрысце, а таксама паўнейшага аб’яўлення, якое павінна было здзейсніць само ўцелаўлёнае Божае Слова. «Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўстанаўлю з домам Ізраэля новы запавет… Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам… Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне» (Ер 31, 31-34). Хрыстус устанавіў гэты новы запавет, а менавіта новы запавет у сваёй Крыві (пар. 1 Кар 11, 25), ствараючы з юдэяў і язычнікаў новы народ, які не паводле цела, але дзякуючы Духу павінен быў зрасціся ў адзінства і быць новым Божым народам. Бо той, хто верыць у Хрыста, адроджаны не з тленнага насення, а з нятленнага праз слова Бога жывога (пар. 1 П 1, 23), не з цела, але з вады і Духа Святога (пар. Ян 3, 5-6), устаноўлены нарэшце як «выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць… калісьці не народ, а цяпер народ Божы» (1 П 2, 9-10).

Галавой гэтага месіянскага народу з’яўляецца Хрыстус, «які быў выданы за грахі нашыя і ўваскрэшаны дзеля апраўдання нашага» (Рым 4, 25), а цяпер, атрымаўшы імя па-над усякае імя, Ён валадарыць у славе на нябёсах. Гэты народ мае годнасць і свабоду дзяцей Божых, у сэрцах якіх Дух Святы жыве, быццам у святыні. Яго законам стала новая запаведзь: любіць, як Хрыстус палюбіў нас (пар. Ян 13, 34). Урэшце, яго мэта — Божае Валадарства, распачатае на зямлі самім Богам, якое павінна пашырацца далей, пакуль у канцы вякоў яно не будзе Ім споўнена, калі з’явіцца Хрыстус — жыццё наша (пар. Клс 3, 4), а «само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых» (Рым 8, 21). Такім чынам, той месіянскі народ, хоць і не ахоплівае цяпер усіх людзей, а часта нават аказваецца малой групай, з’яўляецца аднак магутным зачаткам еднасці, надзеі і збаўлення для ўсяго чалавецтва. Устаноўлены Хрыстом для супольнасці жыцця, любові і праўды, ён выкарыстоўваецца Ім як інструмент збаўлення ўсіх і пасланы да ўсяго свету як святло свету і соль зямлі (пар. Мц 5, 13-16).

Але як Ізраэль, які вандраваў праз пустыню, паводле цела ўжо названы Касцёлам Божым (Нм 13, 1; пар. Ліч 20, 4; Дрг 23, 1 і наст.), так і новы Ізраэль, які, жывучы ў цяперашнім веку, шукае будучага і трывалага горада (пар. Гбр 13, 14), таксама называецца Хрыстовым Касцёлам (пар. Мц 16, 18), бо Хрыстус набыў яго цаною ўласнай крыві (пар. Дз 20, 28), напоўніў сваім Духам і забяспечыў адпаведнымі сродкамі бачнага і грамадскага адзінства. Бог стварыў супольнасць тых, хто з верай глядзіць на Езуса, Здзяйсняльніка збаўлення, крыніцу спакою і еднасці, і ўстанавіў Касцёл, каб быў для ўсіх і для кожнага бачным сакрамэнтам той збаўчай еднасці15 . Каб пашырыцца на ўсе рэгіёны, Касцёл уваходзіць у чалавечую гісторыю, адначасова выходзячы па-за часы і межы народаў. Ідучы наперад праз выпрабаванні і ўціск, Касцёл падмацоўваецца сілай абяцанай яму Панам Божай ласкі, каб у цялеснай слабасці не адступіць ад дасканалай вернасці, а застацца годнай абранніцай свайго Пана і пад уздзеяннем Духа Святога няспынна аднаўляць самога сябе, пакуль праз крыж не дойдзе да святла, якое не ведае змяркання.

10. Хрыстус Пан, Найвышэйшы Святар, узяты з людзей (пар. Гбр 5, 1-5), новы народ «учыніў… валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго» (Ап 1, 6; пар. 5, 9-10). Бо ахрышчаныя асвячаюцца праз адраджэнне і намашчэнне Духам Святым як духоўны дом і святое святарства, каб праз усе ўласцівыя хрысціяніну ўчынкі прыносіць духоўныя ахвяры і абвяшчаць моц таго, хто паклікаў іх з цемры да свайго цудоўнага святла (пар. 1 П 2, 4-10). Таму ўсе вучні Хрыста, застаючыся вернымі малітве і разам праслаўляючы Бога (пар. Дз 2, 42-47), павінны прыносіць саміх сябе як жывую, святую, прыемную Богу ахвяру (пар. Рым 12, 1), павінны ўсюды сведчыць пра Хрыста, а тым, хто гэтага патрабуе, даваць адказ пра надзею вечнага жыцця, якая ў іх ёсць (пар. 1 П 3, 15).

Хоць агульнае святарства вернікаў і службовае святарства, або іерархічнае, адрозніваюцца не толькі ступенню, але і сутнасцю, аднак яны ўзаемна падпарадкаваны, бо кожнае асаблівым чынам удзельнічае ў адзіным святарстве Хрыста16. Святар, які выконвае сваю паслугу дзякуючы сакральнай уладзе, якую мае, фарміруе святарскі народ і кіруе ім, здзяйсняе ў асобе Хрыста (in personа Christi) эўхарыстычную Ахвяру і прыносіць яе Богу ад імя ўсяго народу. Вернікі ў сваю чаргу на моцы свайго каралеўскага святарства саўдзельнічаюць у ахвяраванні Эўхарыстыі17 і таксама выконваюць гэта святарства праз прыняцце сакрамэнтаў, малітву і падзяку, сведчанне святога жыцця, праз самаахвярнасць і дзейсную любоў.

11. Сакральна і арганічна сфарміраваная сутнасць святарскай супольнасці набывае дзейсную моц праз сакрамэнты і цноты. Вернікі, далучаныя праз хрост да Касцёла і пазначаныя незнішчальнай пячаткай, прызначаны да ўдзелу ў кульце хрысціянскай рэлігіі і, адроджаныя як дзеці Божыя, абавязаны вызнаваць перад людзьмі веру, якую атрымалі ад Бога праз пасрэдніцтва Касцёла18 . Праз сакрамэнт канфірмацыі яны яшчэ цясней звязваюцца з Касцёлам, атрымліваюць асаблівую моц Духа Святога і такім чынам яшчэ больш абавязваюцца як праўдзівыя сведкі Хрыста пашыраць веру словам і справай, а таксама абараняць яе19. Прымаючы ўдзел у эўхарыстычнай Ахвяры, крыніцы і вяршыні ўсяго хрысціянскага жыцця, яны прыносяць Богу боскую Ахвяру, а разам з ёй і саміх сябе20. Такім чынам праз прынясенне ахвяры і св. Камунію ўсе належна ўдзельнічаюць у літургічным дзеянні, не аднолькава, але як уласціва кожнаму. Умацаваныя Целам Хрыста ў св. Камуніі, яны выразна выяўляюць еднасць Божага народу, адпаведным знакам і цудоўнай прычынай якога з’яўляецца гэты найвялікшы сакрамэнт.

Тыя, хто прыступае да сакрамэнту пакаяння, атрымліваюць ад Божай міласэрнасці прабачэнне знявагі, учыненай Богу, і адначасова прымірэнне з Касцёлам, якому грахом нанеслі рану і які любоўю, прыкладам і малітвай спрыяе іх навяртанню. Праз святое намашчэнне хворых і малітву святароў увесь Касцёл даручае хворых церпячаму і праслаўленаму Пану, каб Ён падтрымаў і збавіў іх (пар. Як 5, 14-16), больш за тое, заахвочвае іх добраахвотна далучыцца да мукі і смерці Хрыста (пар. Рым 8, 17; Клс 1, 24; 2 Цім 2, 11-12; 1 П 4, 13), каб садзейнічаць дабру Божага народу. Тыя вернікі, якія пазначаны сакрамэнтам пасвячэння, устанаўліваюцца ў імя Хрыста, каб умацоўваць Касцёл Божым словам і ласкай. Урэшце, хрысціянскія сужэнцы з прычыны сакрамэнту сужэнства, якім выражаюць таямніцу еднасці і плоднай любові паміж Хрыстом і Касцёлам і ўдзельнічаюць у ёй (пар. Эф 5, 32), падтрымліваюць адно аднаго ў супольным сужэнскім жыцці, а таксама ў нараджэнні і выхаванні патомства для дасягнення святасці і так, ва ўласцівым ім стане і парадку жыцця, маюць свой дар сярод Божага народу21. Бо з хрысціянскага сужэнства ўзнікае сям’я, у якой нараджаюцца новыя члены грамадства, якія дзякуючы ласцы Духа Святога становяцца праз хрост дзецьмі Божымі, каб народ Божы трываў вякамі. У гэтым як бы хатнім Касцёле бацькі словам і прыкладам павінны быць для сваіх дзяцей першымі вестунамі веры і з асаблівым клопатам развіваць духоўнае пакліканне, уласцівае кожнаму з іх.

Узброеныя столькімі дзейснымі сродкамі збаўлення, усе хрысціяне, кожнага становішча і стану, пакліканы Панам, кожны на сваім шляху, да дасканалай святасці, як дасканалы і сам Айцец.

12. Народ Божы ўдзельнічае таксама ў прароцкім служэнні Хрыста, пашыраючы жывое сведчанне пра Яго, асабліва жыццём веры і любові, і прыносячы Богу ахвяру хвалы, плён вуснаў, якія вызнаюць Яго імя (пар. Гбр 13, 15). Уся супольнасць вернікаў, якія маюць намашчэнне ад Святога (пар. 1 Ян 2, 20 і 27), не можа памыліцца ў веры і выяўляе сваю адметнасць праз звышпрыроднае пачуццё веры ўсяго народу, калі, «пачынаючы ад біскупаў аж да апошняга са свецкіх вернікаў»22, яна праяўляе сваю ўсеагульную згоду ў пытаннях веры і звычаяў. Дзякуючы гэтаму пачуццю веры, якое абуджае і падтрымлівае Дух праўды, Божы народ пад кіраўніцтвам святога Настаўніцкага Інстытута Касцёла прымае ўжо не чалавечае, а сапраўды Божае слова (пар. 1 Тэс 2, 13), непахісна трымаецца веры, аднойчы перададзенай святым (пар. Юд 3), глыбей спасцігае яе з дапамогай слушнай ацэнкі і паўней выкарыстоўвае яе ў жыцці.

Акрамя таго, сам Дух Святы праз сакрамэнты і паслугі не толькі асвячае, вядзе і аздабляе цнотамі Божы народ, але, «удзяляючы кожнаму паасобку, як жадае» (1 Кар 12, 11) свае дары, размяркоўвае сярод вернікаў кожнага стану асаблівыя ласкі, з дапамогай якіх робіць іх здатнымі і гатовымі здзейсніць розныя справы і абавязкі, карысныя для аднаўлення і далейшага будавання Касцёла паводле сказанага: «Кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць» (1 Кар 12, 7). А паколькі гэтыя харызмы — як найслаўнейшыя, так і самыя простыя і больш распаўсюджаныя — надзвычай адпавядаюць патрэбам Касцёла і з’яўляюцца карыснымі, іх трэба прымаць з удзячнасцю і суцяшэннем. Не трэба легкадумна дабівацца надзвычайных дароў, не трэба таксама ганарыста чакаць ад іх плёну апостальскіх спраў. Ацэнка іх сапраўднасці і належнай рэалізацыі належыць тым, хто кіруе ў Касцёле і тым, хто мае асаблівае заданне не гасіць Духа, але выпрабоўваць усё і пакідаць тое, што добрае (пар. 1 Тэс 5, 12 і 19-21).

13. Да новага Божага народу пакліканы ўсе людзі. Таму гэты народ, застаючыся адным і адзіным, павінен пашырацца на ўвесь свет і ва ўсе вякі, каб здзейсніць намер волі Бога, які ад пачатку стварыў адну чалавечую натуру, а сваіх рассеяных дзяцей вырашыў нарэшце сабраць у адно (пар. Ян 11, 52). Дзеля гэтага Бог паслаў свайго Сына, якога ўстанавіў Спадкаемцам усяго (пар. Гбр 1, 2), каб Ён быў Настаўнікам, Валадаром і Святаром усіх, Галавой новага і паўсюднага народу дзяцей Божых. Урэшце, дзеля гэтага Бог паслаў Духа свайго Сына, Пана і Жыватворцу, які для ўсяго Касцёла, усіх вернікаў разам і паасобку з’яўляецца пачаткам з’яднання і еднасці ў вучэнні Апосталаў, у супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах (пар. Дз 2, 42).

Такім чынам, сярод усіх народаў зямлі ёсць адзін Божы народ, паколькі з усіх народаў ён набірае сабе грамадзян Валадарства, не зямнога, а нябеснага. Усе вернікі, рассеяныя па свеце, звязаны паміж сабой у Духу Святым, таму «той, хто жыве ў Рыме, ведае, што індыйцы — яго суграмадзяне»23.

Паколькі Валадарства Хрыста не з гэтага свету (пар. Ян 18, 36), Касцёл, або народ Божы, усталёўваючы гэта Валадарства, не робіць ніякай шкоды зямному дабру ніводнага народу, але, наадварот, падтрымлівае і прымае здольнасці, здабыткі і звычаі народаў, калі яны добрыя, і, прымаючы, ачышчае іх, умацоўвае і ўзвышае. Касцёл памятае, што павінен збіраць разам з тым Валадаром, якому народы былі дадзены ў спадчыну (пар. Пс 2, 8) і ў горад якога прыносяць дары і даніну (пар. Пс 71 [72], 10; Іс 60, 4-7; Ап 21, 24). Гэты знак паўсюднасці, які ўпрыгожвае народ Божы, з’яўляецца дарам самога Пана. Дзякуючы яму каталіцкі Касцёл дзейсна і няспынна імкнецца да аднаўлення еднасці ўсяго чалавецтва і ўсіх яго даброт з Хрыстом Галавой у еднасці Ягонага Духа24.

Дзякуючы гэтай каталіцкасці паасобныя часткі прыносяць уласныя дары іншым часткам і ўсяму Касцёлу так, што і цэлае, і паасобныя часткі ўзрастаюць праз узаемасувязь усіх і праз імкненне да паўнаты ў еднасці. Адсюль вынікае, што народ Божы не толькі збіраецца з розных народаў, але і сам у сабе складаецца з розных станаў. Сярод яго членаў ёсць разнастайнасць: і паводле абавязкаў, калі некаторыя выконваюць святую паслугу для дабра сваіх братоў; і паводле стану ці акрэсленага спосабу жыцця, калі многія ў манаскім стане, імкнучыся да святасці больш радыкальным шляхам, даюць сваім прыкладам стымул братам. Таму і ў касцёльнай супольнасці законна існуюць мясцовыя Касцёлы, якія карыстаюцца ўласнай традыцыяй; прычым непарушным застаецца першынство Катэдры Пятра, якая кіруе паўсюдным сходам любові25, апякуецца правамоцнай разнастайнасцю і ў той жа час сочыць, каб адметнасць не шкодзіла еднасці, а хутчэй служыла ёй. Урэшце, паміж паасобнымі часткамі Касцёла існуюць сувязі глыбокай супольнасці адносна духоўных багаццяў, апостальскіх працаўнікоў і часовай дапамогі. Бо члены Божага народу пакліканы дзяліцца паміж сабой дабротамі, і кожнага Касцёла датычаць словы Апостала: «Як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай служыце адзін аднаму тым дарам, які кожны з вас атрымаў» (1 П 4, 10).

Таму да гэтай каталіцкай еднасці Божага народу, якая з’яўляецца знакам будучага ўсеагульнага спакою і спрыяе яму, пакліканы ўсе людзі. Па-рознаму належаць да яе або падпарадкаваны ёй як каталіцкія вернікі, так і іншыя, веруючыя ў Хрыста, і, нарэшце, наогул усе людзі, пакліканыя ласкай Божай да збаўлення.

14. Святы Сабор звяртаецца перадусім да католікаў. А менавіта, абапіраючыся на Святое Пісанне і Традыцыю, навучае, што гэты пілігрымуючы Касцёл неабходны для збаўлення, бо Хрыстус — гэта адзіны Пасрэднік і шлях да збаўлення, і Ён прысутнічае для нас у сваім целе, якім ёсць Касцёл. Выразна падкрэсліваючы неабходнасць веры і хросту (пар. Мк 16, 16; Ян 3, 5), Ён адначасова пацвердзіў неабходнасць Касцёла, у які людзі ўваходзяць праз хрост, як праз браму. Таму не могуць збавіцца людзі, якія, ведаючы, што ён заснаваны Богам пры пасрэдніцтве Хрыста як неабходны, не жадаюць увайсці ў Касцёл ці заставацца ў ім.

Поўнасцю ўключаны ў супольнасць Касцёла тыя, хто, маючы Хрыстовага Духа, цалкам прымае прадпісанні Касцёла і ўсе ўстаноўленыя ў ім сродкі збаўлення і злучаецца ў яго бачнай структуры з Хрыстом, які кіруе Касцёлам праз Найвышэйшага Пантыфіка і біскупаў, сувязямі вызнання веры, сакрамэнтаў, касцёльнага кіраўніцтва і супольнасці (communio). Аднак, нават будучы ўключаным у Касцёл, не атрымае збаўлення той, хто не трывае ў любові і застаецца ва ўлонні Касцёла «целам», а не «сэрцам»26. Усе дзеці Касцёла павінны памятаць пра тое, што сваім прывілеяваным станам яны абавязаны не ўласным заслугам, а асаблівай ласцы Хрыста; калі гэтай ласцы не адпавядае думка, слова і справа, яны не толькі не атрымаюць збаўлення, але будуць вельмі строга асуджаны27.

Катэхумэны, якія пад уздзеяннем Духа Святога паводле свайго выразнага жадання хочуць далучыцца да Касцёла, дзякуючы гэтаму жаданню ўжо знаходзяцца ў лучнасці з ім. Таму Маці-Касцёл ахоплівае іх сваёй любоўю і клопатам як сваіх.

15. З розных прычын Касцёл прызнае сваю сувязь з тымі, хто з’яўляецца ахрышчаным і носіць прыгожае імя хрысціянаў, але не вызнае веры ва ўсёй яе паўнаце або не захоўвае еднасць з супольнасцю (communio) на чале з наступнікам Пятра28. Ёсць шмат тых, хто шануе Святое Пісанне як норму веры і жыцця і адзначаецца шчырай рэлігійнай руплівасцю, з любоўю верыць у Бога Айца ўсемагутнага і ў Хрыста, Сына Божага, Збаўцу29 і пазначаны хростам, дзякуючы якому звязаны з Хрыстом, а таксама прызнае і прымае іншыя сакрамэнты ў сваіх Касцёлах ці касцёльных супольнасцях. Многія з іх маюць таксама епіскапат, цэлебруюць святую Эўхарыстыю і практыкуюць набажэнства да Багародзіцы Дзевы30. Да гэтага трэба дадаць супольнасць (communio) у малітве і ў іншых духоўных дабрадзействах, больш за тое, нават нейкае сапраўднае яднанне ў Духу Святым, бо Ён таксама дзейнічае сярод іх сваёй асвячальнай моцай праз свае ласкі і дары, а некаторых сярод іх нават умацаваў да праліцця крыві. Ва ўсіх Хрыстовых вучнях Дух абуджае жаданне і дзеянне, каб у спакоі ўсе аб’ядналіся ў адну аўчарню на чале з адным Пастырам, як вызначыў Хрыстус31. Таму Маці-Касцёл няспынна моліцца, спадзяецца і дзейнічае, а сваіх дзяцей заахвочвае да ачышчэння і аднаўлення, каб знак Хрыста ясней ззяў на абліччы Касцёла.

16. Нарэшце тыя, хто яшчэ не прыняў Евангелля, па-рознаму звязаны з Божым народам32. У першую чаргу гэта той народ, які першы атрымаў запавет і абяцанне і з якога паводле цела нарадзіўся Хрыстус (пар. Рым 9, 4-5), народ, умілаваны дзеля айцоў з прычыны выбрання, таму што Бог не шкадуе аб дарах і пакліканні (пар. Рым 11, 28-29). Але план збаўлення ахоплівае таксама тых, хто прызнае Стварыцеля, і сярод іх у першую чаргу мусульман, якія, вызнаючы сваю прыхільнасць да веры Абрагама, пакланяюцца разам з намі адзінаму і міласэрнаму Богу, які будзе судзіць людзей у апошні дзень. Недалёка Бог і ад тых, хто шукае невядомага Бога навобмацак і сярод цялесных выяваў, паколькі Ён усім дае жыццё, дыханне і ўсё (пар. Дз 17, 25-28), таму што Збаўца хацеў, каб усе людзі былі збаўлены (пар. 1 Цім 2, 4). Тыя, хто не па сваёй віне не ведае Хрыстовага Евангелля і Хрыстовага Касцёла, але шчырым сэрцам шукае Бога і стараецца пад уплывам ласкі здзейсніць Ягоную волю, пазнаную праз наказ сумлення, могуць дасягнуць вечнага збаўлення33. Божы Провід не адмаўляе ў неабходнай для збаўлення дапамозе і тым, хто не па сваёй віне наогул яшчэ не дайшоў да выразнага пазнання Бога, але спрабуе, не без ласкі Божай, весці сумленнае жыццё. Усё, што ў іх ёсць з дабра і праўды, Касцёл разглядае як евангельскую падрыхтоўку34 і як дар таго, хто асвячае кожнага чалавека, каб ён канчаткова здабыў жыццё. Аднак не раз такія людзі, падманутыя злым, змарнелі ў сваіх задумах, а Божую праўду замянілі на фальш, служачы хутчэй стварэнню, чым Стварыцелю (пар. Рым 1, 21 і 25), або, жывучы і паміраючы на гэтым свеце без Бога, паддаліся скрайнай роспачы. Таму, каб паспрыяць хвале Божай і іхняму збаўленню, Касцёл старанна клапоціцца аб развіцці місій, памятаючы наказ Пана: «Абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню» (Мк 16, 16).

17. Як Айцец паслаў Сына, так і Сын паслаў Апосталаў (пар. Ян 20, 21), кажучы ім: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 18-20). Гэты ўрачысты наказ Пана абвяшчаць збаўчую праўду Касцёл атрымаў ад Апосталаў, каб споўніць яго аж да межаў зямлі (пар. Дз 1, 8). Таму Касцёл лічыць сваімі словы Апостала: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16) і няспынна пасылае прапаведнікаў, пакуль не паўстануць новыя Касцёлы і не пачнуць самі праводзіць справу евангелізацыі. Дух Святы заахвочвае да супрацоўніцтва, каб паспяхова здзейснілася задума Бога, які ўчыніў Хрыста крыніцай збаўлення для ўсяго свету. Абвяшчаючы Евангелле, Касцёл заклікае слухачоў верыць і вызнаваць веру. Ён рыхтуе іх да хросту, ратуе з няволі памылак і далучае да Хрыста, каб яны праз любоў да Яго дарасталі да паўнаты. Дзякуючы дзейнасці Касцёла ўсё добрае, што пасеяна ў чалавечых розумах і сэрцах ці ва ўласных абрадах і культурах народаў, не толькі не гіне, але паляпшаецца, уздымаецца на вышэйшы ўзровень і паўней удасканальваецца дзеля Божай хвалы, на пасаромленне д’ябла і на шчасце чалавека. Са свайго боку кожны вучань Хрыста мае абавязак пашыраць веру35. Аднак калі кожны можа хрысціць тых, хто верыць, то абавязак святара — будаваць Містычнае цела праз эўхарыстычную Ахвяру, выконваючы словы Божыя, запісаныя прарокам: «Ад усходу сонца аж да захаду вялікае імя Маё сярод народаў, і на кожным месцы прысвячаюць і прыносяць імені Майму ахвяру» (Мал 1, 11)36. Так Касцёл адначасова моліцца і працуе, каб у народ Божы, у цела Пана і Святыню Духа Святога ўвайшла паўната ўсяго свету і каб у Хрысце, які ёсць Галавой усяго, Стварыцелю і Айцу ўсяго аддавалася ўсялякая пашана і слава.

РАЗДЗЕЛ ІІІ
ІЕРАРХІЧНЫ ЛАД КАСЦЁЛА
ЕПІСКАПАТ

18. Каб пасвіць народ Божы і заўсёды павялічваць яго, Хрыстус Пан устанавіў у сваім Касцёле розныя паслугі, якія маюць на мэце дабро ўсяго цела. Слугі, надзеленыя сакральнай уладай, служаць сваім братам, каб усе, хто належыць да Божага народу і таму цешацца сапраўднай хрысціянскай годнасцю, добраахвотна і ў той жа час паслядоўна ідучы да той самай мэты, дасягнулі збаўлення.

Святы Сабор услед за Першым Ватыканскім Саборам навучае і заяўляе, што Езус Хрыстус, спрадвечны Пастыр, пабудаваў Касцёл, паслаўшы Апосталаў, як сам быў пасланы Айцом (пар. Ян 20, 21). Ён хацеў, каб іх наступнікі, а менавіта біскупы, былі ў Ягоным Касцёле пастырамі аж да сканчэння веку. А каб епіскапат быў адзіны і непадзельны, паставіў над іншымі Апосталамі св. Пятра і ўстанавіў у ім трывалую і бачную аснову і падмурак еднасці і супольнасці37. Гэту дактрыну пра ўстанаўленне, вечнае трыванне, значэнне і натуру святога Першынства Рымскага Пантыфіка і яго беспамылковы Настаўніцкі Інстытут Святы Сабор зноў падае ўсім вернікам для цвёрдай веры і, працягваючы распачатую справу, пастанаўляе прадставіць і абвясціць усім вучэнне пра біскупаў, наступнікаў Апосталаў, якія разам з наступнікам Пятра, Намеснікам Хрыста38 і бачнай Галавой усяго Касцёла, кіруюць домам жывога Бога.

19. Пан Езус, молячыся да Айца і клічучы да сябе тых, каго сам захацеў паклікаць, устанавіў Дванаццаць, каб былі з Ім і каб паслаць іх для абвяшчэння Божага Валадарства (пар. Мк 3, 13-19; Мц 10, 1-42). Гэтых Апосталаў устанавіў як калегію, або сталую групу, на чале якой паставіў выбранага з іх ліку Пятра (пар. Ян 21, 15-17). Паслаў іх найперш да сыноў Ізраэля і да ўсіх народаў (пар. Рым 1, 16), каб, маючы ўдзел у Ягонай уладзе, яны рабілі ўсе народы Ягонымі вучнямі, асвячалі іх і кіравалі імі (пар. Мц 28, 16-20; Мк 16, 15; Лк 24, 45-48; Ян 20, 21-23), а таксама пашыралі гэткім чынам Касцёл і пасвілі яго, служачы пад кіраўніцтвам Пана, ва ўсе дні аж да сканчэння веку (пар. Мц 28, 20). У гэтай місіі яны былі цалкам зацверджаныя ў дзень Пяцідзесятніцы (пар. Дз 2, 1-36), згодна з абяцаннем Пана: «Прымеце моц Духа Святога, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме і ва ўсёй Юдэі, і ў Самарыі, і ажно да краю зямлі» (Дз 1, 8). Абвяшчаючы ўсюды Евангелле (пар. Мк 16, 20), якое слухачы прымалі дзякуючы дзеянню Духа Святога, Апосталы збіраюць паўсюдны Касцёл, які Пан заснаваў на Апосталах і пабудаваў на св. Пятры, першым сярод Апосталаў, а сам Езус Хрыстус стаў вуглавым каменем гэтай будовы (пар. Ап 21, 14; Мц 16, 18; Эф 2, 20)39.

20. Божая місія, якую Хрыстус даручыў Апосталам, будзе працягвацца да канца вякоў (пар. Мц 28, 20), паколькі Евангелле, якое яны павінны перадаваць, ва ўсе часы з’яўляецца для Касцёла крыніцай ягонага жыцця. Таму ў яго іерархічна арганізаванай супольнасці Апосталы паклапаціліся пра ўстанаўленне сваіх наступнікаў.

Яны не толькі мелі ў сваім служэнні розных памочнікаў40, але, каб даручаная ім місія працягвалася пасля іх смерці, перадалі сваім непасрэдным супрацоўнікам, як у запавеце, абавязак ажыццяўляць і ўмацоўваць распачатую імі справу41, даручаючы ім клопат пра ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў іх пасвіць Касцёл Божы (пар. Дз 20, 28). Так яны ўстанавілі мужоў, а потым распарадзіліся, каб пасля іхняй смерці іншыя выпрабаваныя мужы прынялі іх служэнне42. Сярод розных паслуг, якія са старажытных часоў выконваюцца ў Касцёле, асаблівае месца, як сведчыць традыцыя, займае абавязак тых, хто ўстаноўлены на біскупскае служэнне, якое дзякуючы сукцэсіі працягваецца ад пачатку43 і мае парасткі апостальскага насення44. Праз тых, каго Апосталы ўстанавілі біскупамі, як сцвярджае св. Ірэнэй, і праз іх наступнікаў аж дагэтуль ва ўсім свеце выяўляецца45 і захоўваецца46 апостальская традыцыя.

Такім чынам біскупы разам са сваімі памочнікамі, прэзбітэрамі і дыяканамі47, прынялі служэнне ў супольнасці, становячыся намеснікамі Бога на чале статку48, пастырамі якога з’яўляюцца як настаўнікі вучэння, святары сакральнага культу, слугі кіравання49. Як абавязак (munus), асаблівым чынам даручаны Пятру, першаму з Апосталаў, пастаянна працягваецца і павінен перадавацца яго наступнікам, так непарыўна працягваецца ў Касцёле абавязак Апосталаў пасвіць Касцёл, які павінен няспынна выконвацца пасвячанымі ў біскупскі стан50. Таму Святы Сабор навучае, што біскупы з Божага ўстанаўлення сталі наступнікамі Апосталаў51 як пастыры Касцёла. Хто іх слухае, слухае Хрыста, а хто пагарджае імі, пагарджае Хрыстом і тым, хто паслаў Хрыста (пар. Лк 10, 16)52.

21. Так у асобе біскупаў, якім дапамагаюць прэзбітэры, прысутнічае сярод вернікаў Пан Езус Хрыстус, Найвышэйшы Святар. Седзячы праваруч Айца, Ён адначасова знаходзіцца на сходзе сваіх біскупаў53 і праз пасрэдніцтва ў першую чаргу іх выключнага служэння абвяшчае Божае слова ўсім народам, а вернікам удзяляе сакрамэнты веры; дзякуючы іх айцоўскаму абавязку (пар. 1 Кар 4, 15) уключае новыя часткі ў сваё цела праз нябеснае адраджэнне; урэшце, з дапамогай іх мудрасці і дасведчанасці вядзе і накіроўвае народ Новага Запавету ў яго пілігрымаванні да вечнага шчасця. Гэтыя пастыры, выбраныя пасвіць статак Пана, з’яўляюцца слугамі Хрыста і валадарамі Божых таямніц (пар. 1 Кар 4, 1), якім было даручана сведчанне аб Евангеллі Божай ласкі (пар. Рым 15, 16; Дз 20, 24), а таксама служэнне Духа і справядлівасці ў славе (пар. 2 Кар 3, 8-9).

Для выканання такога вялікага абавязку Хрыстус узбагаціў Апосталаў спецыяльным спасланнем Духа Святога, які сышоў на іх (пар. Дз 1, 8; 2, 4; Ян 20, 22-23). Яны ж перадалі сваім памочнікам праз ускладанне на іх рук духоўны дар (пар. 1 Цім 4, 14; 2 Цім 1, 6-7), які перадаецца па сённяшні дзень у біскупскім пасвячэнні54. Святы Сабор навучае, што праз біскупскае пасвячэнне ўдзяляецца паўната сакрамэнту пасвячэння, якое ў літургічнай традыцыі Касцёла і ў выказваннях святых Айцоў называецца найвышэйшым святарствам ці паўнатой святога служэння55. Біскупскае пасвячэнне разам з абавязкам асвячэння прыносіць таксама абавязкі навучання і кіравання. Аднак гэтыя абавязкі па сваёй сутнасці могуць выконвацца толькі ў іерархічнай супольнасці (communio) з Галавой Калегіі і яе членамі. З традыцыі, якая асабліва відавочная ў літургічных абрадах як Усходняга, так і Заходняга Касцёлаў, выразна відаць, што праз ускладанне рук і словы пасвячэння ўдзяляецца ласка Духа Святога56 і адбіваецца святая пячаць57, таму біскупы асаблівым і бачным чынам прымаюць ролю самога Хрыста, Настаўніка, Пастыра і Святара, і дзейнічаюць у Яго асобе (in Eius persona)58. Задача біскупаў — прымаць праз сакрамэнт пасвячэння новых выбраных у супольнасць біскупаў (corpus episcopale).

22. Як з устанаўлення Пана св. Пётр і астатнія Апосталы ўтвараюць адну апостальскую Калегію, падобным чынам і Рымскі Пантыфік, наступнік Пятра, і біскупы, наступнікі Апосталаў, звязаны паміж сабой. На калегіяльны характар і сутнасць епіскапату ўказвае вельмі старажытны прынцып, згодна з якім біскупы, устаноўленыя ва ўсім свеце, аб’ядноўваюцца паміж сабой і з Рымскім Біскупам повяззю еднасці, любові і спакою59, а таксама Саборы60, якія склікаліся для супольнага вырашэння ўсіх важнейшых пытанняў61, улічваючы меркаванне большасці62. Выразна пацвярджаюць гэту калегіяльнасць Сусветныя Саборы, якія праводзіліся ў розныя часы. Зрэшты, на яе ўказвае ўжо сама здаўна вядомая практыка склікання значнай колькасці біскупаў, каб яны ўдзельнічалі ва ўвядзенні нанова выбранага ў абавязкі вышэйшай ступені святарства. Членамі біскупскай Калегіі становяцца паводле пасвячэння і іерархічнай супольнасці з Галавой Калегіі і яе членамі.

Калегія, або супольнасць (corpus), Біскупаў мае ўладу толькі ў еднасці з Рымскім Пантыфікам, наступнікам Пятра, як яе Галавой, і калі застаецца непарушаным Першынство апошняга над усімі, як пастырамі, так і вернікамі. Бо Рымскі Пантыфік дзякуючы свайму абавязку мае поўную, найвышэйшую і паўсюдную ўладу над Касцёлам і мае права заўсёды свабодна яе ажыццяўляць. У сваю чаргу стан (ordo) біскупаў, як пераемнасць Калегіі Апосталаў у навучанні і пастырскім кіраванні, больш за тое, як працяг апостальскай супольнасці (corpus), утварае разам са сваёй Галавой, Рымскім Пантыфікам, і толькі з ім, найвышэйшы суб’ект і паўнату ўлады над усім Касцёлам63, бо гэтая ўлада можа ажыццяўляцца толькі са згоды Рымскага Пантыфіка. Аднаго толькі Пятра Пан прызначыў скалой і ключнікам Касцёла (пар. Мц 16, 18-19) і толькі яго ўстанавіў Пастырам усяго свайго статку (пар. Ян 21, 15 і наст.). Вядома, што дар звязваць і развязваць, дадзены Пятру (пар. Мц 16, 19), быў удзелены таксама Калегіі Апосталаў, злучанай са сваёй Галавой (Мц 18, 18; 28, 16-20)64. Гэтая Калегія, складзеная з многіх членаў, выяўляе разнастайнасць і паўсюднасць Божага народу, а сабраная начале з адной Галавой выяўляе еднасць Хрыстовага статку. Біскупы, якія верна захоўваюць першынство і перавагу сваёй Галавы, ажыццяўляюць уласную ўладу для дабра сваіх вернікаў, а таксама для дабра ўсяго Касцёла, а Дух Святы няспынна ўмацоўвае яго арганічную структуру і згоду. Найвышэйшая ўлада над усім Касцёлам, якой надзелена гэтая Калегія, урачыста ажыццяўляецца на Сусветным Саборы. Ніколі Сусветны Сабор не можа адбыцца без зацвярджэння ці па меншай меры прызнання Наступнікам Пятра. Таму прэрагатывай Рымскага Пантыфіка з’яўляецца скліканне гэтых Сабораў, кіраванне імі і зацвярджэнне іх65. Тая ж калегіяльная ўлада можа ажыццяўляцца біскупамі свету разам з Папам, калі толькі Галава Калегіі заклікаў іх да калегіяльнага дзеяння ці, па меншай меры, зацвердзіў аднолькавую дзейнасць розных біскупаў, ці добраахвотна прыняў яе так, каб яна стала сапраўдным калегіяльным актам.

23. Калегіяльная еднасць выяўляецца таксама ва ўзаемаадносінах паасобных біскупаў з мясцовымі Касцёламі і паўсюдным Касцёлам. Рымскі Біскуп як наступнік Пятра з’яўляецца трывалай і бачнай крыніцай і падмуркам еднасці біскупаў і мноства вернікаў66. Паасобныя біскупы — гэта бачны і трывалы падмурак еднасці ў іх мясцовых Касцёлах67, сфарміраваных на вобраз паўсюднага Касцёла, у якіх існуе і з якіх складаецца адзін і адзіны каталіцкі Касцёл68. Таму кожны біскуп прадстаўляе свой Касцёл, а ўсе разам з Папам — увесь Касцёл у повязі спакою, любові і еднасці.

Паасобныя біскупы, якія ўзначальваюць мясцовыя Касцёлы, ажыццяўляюць сваё пастырскае кіраванне даручанай ім часткай Божага народу, а не іншымі Касцёламі і не ўсім паўсюдным Касцёлам. Як члены Калегіі Біскупаў і як правамоцныя наступнікі Апосталаў паасобныя біскупы абавязаны згодна з устанаўленнем і наказам Хрыста да такога клопату пра ўвесь Касцёл69, які, хоць і не ажыццяўляецца праз акт юрысдыкцыі, аднак па-рознаму спрыяе карысці паўсюднага Касцёла. Усе біскупы маюць абавязак умацоўваць і аберагаць еднасць веры і супольнай дысцыпліны ўсяго Касцёла, вучыць вернікаў любові да ўсяго Містычнага цела Хрыста, асабліва да яго ўбогіх, гаротных членаў і пераследаваных за справядлівасць (пар. Мц 5, 10), і, нарэшце, падтрымліваць усякую дзейнасць, агульную для ўсяго Касцёла, скіраваную найперш на тое, каб узрастала вера і для ўсіх людзей узышло святло поўнай праўды. Зрэшты, добра кіруючы ўласным Касцёлам як часткай паўсюднага Касцёла, яны, бясспрэчна, паспяхова спрыяюць дабру ўсяго Містычнага цела, якое ёсць таксама целам Касцёлаў70.

Клопат пра абвяшчэнне Евангелля ва ўсім свеце належыць стану Пастыраў, якім Хрыстус даў наказ, ускладаючы на іх агульны абавязак, як ужо раіў папа Цэлестын Айцам Эфескага Сабору71. Таму паасобныя біскупы, наколькі ім дазваляе выкананне іхняга абавязку, абавязаны супрацоўнічаць паміж сабой і з наступнікам Пятра, якому асаблівым чынам быў даручаны вялікі абавязак пашырэння хрысціянства72. Таму яны павінны самі, а таксама абуджаючы актыўнае супрацоўніцтва вернікаў, прыкладваць усе намаганні, каб даваць місіям жняцоў і аказваць духоўную і матэрыяльную дапамогу. Урэшце, біскупы ва ўсеагульнай супольнасці любові павінны ахвотна аказваць братэрскую дапамогу іншым Касцёлам, асабліва суседнім і патрабуючым, паводле вартага пашаны старажытнага прыкладу.

Божы Провід учыніў, што розныя Касцёлы, заснаваныя ў розных месцах Апосталамі і іх наступнікамі, з цягам часу зрасліся ў пэўную колькасць арганічна аб’яднаных супольнасцяў, якія, не парушаючы веры і адзінага боскага ладу паўсюднага Касцёла, карыстаюцца ўласнай дысцыплінай, уласнымі літургічнымі звычаямі, уласнай тэалагічнай і духоўнай спадчынай. Некаторыя з іх, а менавіта старажытныя патрыярхальныя Касцёлы, якія з’яўляюцца як бы калыскамі веры, нарадзілі з сябе іншыя Касцёлы, быццам дачок, і нават да сённяшніх часоў звязаны з імі самымі цеснымі повязямі любові ў сакрамэнтальным жыцці і ва ўзаемнай павазе да законаў і абавязкаў73. Гэтая прасякнутая духам еднасці разнастайнасць мясцовых Касцёлаў яшчэ цудоўней дэманструе паўсюднасць непадзельнага Касцёла. Падобным чынам Канферэнцыі Біскупаў могуць сёння ўнесці разнастайны і плённы ўклад у канкрэтную рэалізацыю жадання калегіяльнасці.

24. Біскупы як наступнікі Апосталаў атрымліваюць ад Пана, якому дадзена ўсялякая ўлада на небе і на зямлі, місію навучання ўсіх народаў і абвяшчэння Евангелля ўсякаму стварэнню, каб усе людзі праз веру, хрост і выкананне запаведзяў атрымалі збаўленне (пар. Мц 28, 18; Мк 16, 15-16; Дз 26, 17 і наст.). Для выканання гэтай місіі Хрыстус Пан абяцаў Апосталам і паслаў з неба ў дзень Пяцідзесятніцы Духа Святога, каб дзякуючы Ягонай моцы яны былі сведкамі Хрыста перад плямёнамі, народамі і каралямі да самага краю зямлі (пар. Дз 1, 8; 2, 1 і наст.; 9, 15). Абавязак, які Пан даручыў пастырам свайго народу, — гэта сапраўднае служэнне, красамоўна названае ў Святым Пісанні «дыяконіяй», або служэннем (пар. Дз 1, 17 і 25; 21, 19; Рым 11, 13; 1 Цім 1, 12).

Кананічная місія біскупаў можа ажыццяўляцца праз правамоцныя звычаі, калі іх не скасавала найвышэйшая і ўсеагульная ўлада Касцёла, згодна з законамі, абвешчанымі ці прызнанымі гэтай уладай або непасрэдна наступнікам Пятра. Калі ж ён не згодзіцца на гэта ці адмовіць у апостальскай супольнасці, то біскупы не могуць дапускацца да выкання абавязку74.

25. Сярод галоўных біскупскіх абавязкаў асаблівае месца займае абвяшчэнне Евангелля75. Біскупы — гэта вестуны веры, якія прыводзяць новых вучняў да Хрыста, і аўтэнтычныя, гэта значыць надзеленыя Хрыстовай уладай, настаўнікі, якія абвяшчаюць даручанаму ім народу праўды веры, каб ён верыў у іх і выкарыстоўваў у жыцці. Біскупы таксама тлумачаць у святле Духа Святога змест веры, беручы са скарбніцы старое і новае (пар. Мц 13, 52); робяць яе плённай і чуйна аберагаюць даручаны ім статак ад памылак, што яму пагражаюць (пар. 2 Цім 4, 1-4). Біскупам, якія навучаюць у лучнасці з Рымскім Пантыфікам як сведкам боскай і каталіцкай праўды, належыць усеагульная пашана. Вернікі павінны згаджацца з меркаваннем свайго біскупа ў справах веры і звычаяў, выказаным ад імя Хрыста, і прытрымлівацца яго з пабожнай паслухмянасцю духа. Гэтую пабожную паслухмянасць волі і розуму трэба асабліва праяўляць у дачыненні да аўтэнтычнага навучання Рымскага Пантыфіка нават тады, калі ён не прамаўляе ex cathedra; а менавіта, трэба з пашанай прызнаваць яго найвышэйшае навучанне і шчыра падпарадкоўвацца яго суджэнням, згодна з яго думкай і воляй, якая асабліва раскрываецца ў характары дакументаў, у сістэматычным выкладанні таго ж вучэння ці ў самім спосабе яго выказвання.
Хоць паасобныя біскупы не маюць прывілею беспамылковасці, аднак яны беспамылкова абвяшчаюць вучэнне Хрыста тады, калі, нават рассеяныя па свеце, захоўваюць сувязь паміж сабой і з наступнікам Пятра, аўтэнтычна навучаючы справам веры і звычаям, калі згаджаюцца ў тым, што нейкае меркаванне трэба прыняць як канчатковае76. Больш відавочна гэта выяўляецца тады, калі, аб’яднаныя на Сусветным Саборы, яны з’яўляюцца для ўсяго Касцёла настаўнікамі і суддзямі ў справах веры і звычаяў, а іх рашэнняў трэба прытрымлівацца з паслухмянасцю веры77.

Беспамылковасць у прадстаўленні вучэння аб веры ці звычаях, якой Боскі Адкупіцель захацеў забяспечыць свой Касцёл, мае такі абсяг, як і дэпазіт Божага Аб’яўлення, які павінен свята захоўвацца і верна выкладацца. Гэтую беспамылковасць з прычыны свайго абавязку мае Рымскі Пантыфік, Галава Калегіі Біскупаў, калі як найвышэйшы пастыр і настаўнік усіх Хрыстовых вернікаў ён умацоўвае сваіх братоў у веры (пар. Лк 22, 32), абвяшчае канчатковым актам вучэнне, датычнае веры і звычаяў78. Таму яго азначэнні слушна называюць беспамылковымі самі па сабе, а не са згоды Касцёла, бо яны абвяшчаюцца з дапамогай Духа Святога, што было абяцана яму ў асобе св. Пятра, і таму не патрабуюць ніякага зацвярджэння ці апеляцыі да кагосьці іншага. Бо ў такіх выпадках Рымскі Пантыфік абвяшчае рашэнне не як прыватная асоба, але выкладае вучэнне каталіцкай веры і абараняе яго як найвышэйшы настаўнік паўсюднага Касцёла, якому асаблівым чынам належыць харызма беспамылковасці самога Касцёла79. Абяцаная Касцёлу беспамылковасць належыць таксама Калегіі Біскупаў, калі разам з наступнікам Пятра яна ажыццяўляе найвышэйшае навучанне. Гэтым рашэнням ніколі не можа неставаць згоды Касцёла з прычыны дзеяння аднаго і таго ж Духа Святога, дзякуючы якому ўвесь статак Хрыстовы захоўваецца ў еднасці веры і ўзрастае ў ёй80.

Калі Рымскі Пантыфік ці Калегія Біскупаў разам з ім прымаюць рашэнні, яны робяць гэта згодна з самім Аб’яўленнем, якога ўсе павінны трымацца і да якога павінны дастасоўвацца. Аб’яўленне, пададзенае пісьмова ці шляхам традыцыі, цалкам перадаецца праз законную сукцэсію біскупаў, а перадусім дзякуючы клопату Рымскага Пантыфіка, а таксама праз святло Духа праўды свята захоўваецца і верна выкладаецца ў Касцёле81. Згодна са сваім становішчам і аўтарытэтам Рымскі Пантыфік і біскупы прыкладаюць старанныя намаганні, выкарыстоўваючы адпаведныя сродкі, каб належна даследаваць і адпаведна выкладаць гэтае Аб’яўленне82. Аднак ніякага новага публічнага аб’яўлення, якое належала б да боскага дэпазіту веры, яны не прымаюць83.

26. Біскуп, надзелены паўнатой сакрамэнту пасвячэння, з’яўляецца «распарадчыкам ласкі найвышэйшага святарства»84, асабліва ў Эўхарыстыі, якую сам ахвяруе, пра ахвяраванне якой рупіцца85 і дзякуючы якой няспынна жыве і ўзрастае Касцёл. Гэты Хрыстовы Касцёл сапраўды прысутнічае ва ўсіх правамоцных мясцовых супольнасцях вернікаў, якія, застаючыся пры сваіх пастырах, самі таксама называюцца ў Новым Запавеце Касцёламі86. У сваёй мясцовасці яны з’яўляюцца новым народам, пакліканым Богам у Духу Святым і ў вялікай паўнаце (пар. 1 Тэс 1, 5). У іх абвяшчэннем Хрыстовага Евангелля збіраюцца вернікі і ў іх ажыццяўляецца таямніца Вячэры Пана, «каб праз Цела і Кроў Пана цесна ядналіся паміж сабой усе браты супольнасці»87. У кожнай супольнасці алтара, пры святым служэнні біскупа88, ахвяруецца сімвал той любові і «еднасці Містычнага цела, без якога не можа быць збаўлення»89. У гэтых супольнасцях, хоць яны часта малыя і бедныя ці жывуць адасоблена, прысутнічае Хрыстус, моцай якога збіраецца адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл90. Бо «ўдзел у Целе і Крыві Хрыста ажыццяўляецца менавіта ў тым, што мы ператвараемся ў тое, што спажываем»91.

Кожнай правамоцнай цэлебрацыяй Эўхарыстыі кіруе біскуп, якому даручаны абавязак аддаваць Божай Велічы культ, уласцівы хрысціянскай рэлігіі, і кіраваць ім паводле наказаў Пана і законаў Касцёла, больш падрабязна акрэсленых для дыяцэзій паводле асаблівага меркавання біскупа.

Гэтак біскупы, молячыся за народ і працуючы для яго, па-рознаму шчодра раздаюць з паўнаты святасці Хрыста. Праз служэнне слова яны ўдзяляюць вернікам моц Пана для збаўлення (пар. Рым 1, 16), а праз сакрамэнты, якія належна і плённа размяркоўваюць згодна са сваёй уладай92, яны асвячаюць вернікаў, кіруюць удзяленнем хросту, праз які даецца ўдзел у каралеўскім святарстве Хрыста, з’яўляюцца галоўнымі цэлебрантамі канфірмацыі, распарадчыкамі святых пасвячэнняў і кіраўнікамі дысцыпліны пакаяння. Яны таксама заахвочваюць і клапатліва настаўляюць свой народ, каб ён верна і з пашанай прымаў адпаведны ўдзел у літургіі, асабліва ў св. Імшы. Нарэшце, уласным прыкладам яны павінны падтрымліваць тых, каго ўзначальваюць, аберагаючы свае звычаі ад ўсякага зла і, наколькі магчыма, змяняючы іх з дапамогай Пана да лепшага, каб разам з даручаным статкам дасягнуць вечнага жыцця93.

27. Біскупы кіруюць даручанымі ім мясцовымі Касцёламі як намеснікі і пасланнікі Хрыста94 праз параду, заахвочанне і прыклад, а тамсама моцай свайго аўтарытэту і сакральнай улады, якую, аднак, выкарыстоўваюць толькі для настаўлення свайго статку ў праўдзе і святасці, памятаючы, што той, хто большы, павінен стаць меншым, а кіраўнік павінен стаць як слуга (пар. Лк 22, 26-27). Улада, якую яны асабіста ажыццяўляюць ад імя Хрыста, з’яўляецца ўласнай, звычайнай і непасрэднай, хоць канчаткова яе здзяйсняюць пад кіраўніцтвам найвышэйшай улады Касцёла, і дзеля дабра Касцёла і вернікаў яна можа быць у нейкай ступені абмежавана. Паводле гэтай улады біскупы маюць святое права і абавязак перад Панам устанаўліваць законы для сваіх падданых, здзяйсняць суд і кіраваць усім, што датычыць культу і апостальства.

Ім поўнасцю даручаны пастырскі абавязак, або нястомны і штодзённы клопат пра сваіх авечак. Не трэба лічыць біскупаў намеснікамі Рымскага Пантыфіка, бо яны спаўняюць належную ім уладу і цалкам слушна называюцца кіраўнікамі народаў95. Іх уладу не паглынае вышэйшая і паўсюдная ўлада, а наадварот, пацвярджае яе, умацоўвае і абараняе96, у той час як Дух Святы бездакорна ахоўвае ўстаноўленыя Хрыстом формы кіравання ў Яго Касцёле.

Біскуп, пасланы Гаспадаром, каб кіраваць хатнімі Яго, павінен мець перад вачыма прыклад Добрага Пастыра, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб самому служыць (пар. Мц 20, 28; Мк 10, 45) і жыццё сваё аддаць за авечак сваіх (пар. Ян 10, 11). Узяты з людзей і акружаны слабасцю, ён можа спачуваць тым, хто знаходзіцца ў няведанні і блукае (пар. Гбр 5, 1-2). Няхай не адмаўляецца выслухоўваць сваіх падданых, якіх нібы ўласных дзяцей бярэ ў апеку і заахвочвае да стараннага супрацоўніцтва з ім. Адказваючы за іх душы перад Богам (пар. Гбр 13, 17), няхай у малітве, у прапаведаванні і ва ўсіх справах любові клапоціцца як пра іх, так і пра тых, хто яшчэ не з адной аўчарні, і няхай лічыць іх даручанымі сабе ў Пану. Будучы, як апостал Павел, даўжніком усіх, няхай будзе гатовы абвяшчаць Евангелле ўсім (пар. Рым 1, 14-15), а сваіх вернікаў няхай заахвочвае да апостальскай і місійнай дзейнасці. Вернікі са свайго боку павінны трымацца біскупа, як Касцёл — Хрыста і як Езус Хрыстус — Айца, каб усё было згоднае ў адзінстве97 і паўней служыла хвале Бога (пар. 2 Кар 4, 15).

28. Хрыстус, якога Айцец асвяціў і паслаў у свет (пар. Ян 10, 36), праз сваіх Апосталаў зрабіў удзельнікамі свайго асвячэння і місіі іх наступнікаў, гэта значыць біскупаў98, якія законна перадалі абавязкі свайго служэння ў рознай ступені розным суб’ектам у Касцёле. Таму ўстаноўленае Богам касцёльнае служэнне спаўняюць у розных ступенях пасвячэння тыя, каго ўжо са старажытнасці завуць біскупамі, прэзбітэрамі і дыяканамі99. Прэзбітэры, хоць не маюць паўнаты святарства і ў ажыццяўленні сваёй улады залежаць ад біскупаў, аднак звязаны з імі святарскай годнасцю100 і сакрамэнтам пасвячэння101, на вобраз Хрыста, найвышэйшага і вечнага Святара (пар. Гбр 5, 1-10; 7, 24; 9, 11-28), пасвячаюцца, каб абвяшчаць Евангелле, быць пастырамі вернікаў і здзяйсняць Божы культ як сапраўдныя святары Новага Запавету102. Прымаючы ўдзел на сваёй ступені пасвячэння ў абвязку адзінага Пасрэдніка — Хрыста (1 Цім 2, 5), яны абвяшчаюць усім Божае слова. А свой святы абавязак выконваюць перадусім у эўхарыстычным кульце, або на святой гасціне, у якой дзейнічаюць у асобе (in persona) Хрыста103. Абвяшчаючы Яго таямніцу, яны аб’ядноўваюць малітвы вернікаў з ахвярай таго, хто з’яўляецца іх Галавой, прадстаўляюць і ажыццяўляюць у св. Імшы аж да прыйсця Пана (пар. 1 Кар 11, 26) адзіную святую ахвяру Новага Запавету, а менавіта Хрыста, які адзін раз прынёс сябе Айцу як беззаганную ахвяру (пар. Гбр 9, 11-28)104. Для вернікаў, якія чыняць пакаянне ці хварэюць, яны выконваюць служэнне прымірэння і падбадзёрвання, а патрэбы і малітвы вернікаў прадстаўляюць Богу (пар. Гбр 5, 1-3). Выконваючы абавязак Хрыста Пастыра і Галавы паводле сваёй ступені ўлады105, яны збіраюць сям’ю Божую як брацтва, ажыўленае духам еднасці106, і праз Хрыста ў Духу вядуць яе да Бога Айца. Сярод статку яны пакланяюцца Яму ў духу і праўдзе (пар. Ян 4, 24). Урэшце, працуюць у слове і навучанні (пар. 1 Цім 5, 17), вераць у тое, што прачыталі ў законе Божым з глыбокім разважаннем, навучаюць таму, у што паверылі, і наследуюць тое, чаму навучалі107.

Прэзбітэры, руплівыя супрацоўнікі біскупскага стану108, яго дапамога і прылада, пакліканыя да служэння Божаму народу, утвараюць разам са сваім біскупам адзін прэзбітэрый109 і прысвячаюць сябе розным абавязкам. У паасобных мясцовых супольнасцях яны ў пэўнай ступені робяць прысутным самога біскупа, з якім шчыра і даверліва аб’ядноўваюцца, часткова бяруць на сябе яго абавязкі і намаганні і старанна выконваюць іх з дня ў дзень. Тыя, хто пад уладай біскупа асвячаюць даручаную ім частку статку Пана і кіруюць ім, прадстаўляюць паўсюдны Касцёл на сваёй тэрыторыі і паспяхова спрыяюць будаванню ўсяго Хрыстовага цела (пар. Эф 4, 12). Няспынна дбаючы пра дабро дзяцей Божых, яны павінны імкнуцца ўнесці свой уклад у пастырства ўсёй дыяцэзіі і нават усяго Касцёла. З прычыны гэтага ўдзелу ў святарстве і місіі прэзбітэры павінны шчыра прызнаваць біскупа сваім айцом і з пашанай падпарадкоўвацца яму. У сваю чаргу біскуп павінен лічыць прэзбітэраў, сваіх супрацоўнікаў, сынамі і сябрамі, падобна як Хрыстус называе сваіх вучняў не слугамі, а сябрамі (пар. Ян 15, 15). Такім чынам, з супольнасцю (corpus) біскупаў шчыльна звязаны сакрамэнтам пасвячэння і служэннем усе святары, як дыяцэзіяльныя, так і манахі, і ў залежнасці ад свайго паклікання і атрыманай ласкі яны служаць дабру ўсяго Касцёла.

Паводле агульнага для ўсіх пасвячэння і місіі ўсе прэзбітэры з’яднаны глыбокім братэрствам, якое павінна спантанна і ахвотна праяўляцца ў духоўнай і матэрыяльнай, пастырскай і асабістай узаемадапамозе, у аб’яднаннях і супольнасці жыцця, працы і любові.

Пра вернікаў, якіх духоўна нарадзілі праз хрост і вучэнне (пар. 1 Кар 4, 15; 1 П 1, 23), павінны клапаціцца як іх айцы ў Хрысце. Даючы прыклад для аўчарні (1 П 5, 3), яны павінны кіраваць сваёй мясцовай супольнасцю і служыць ёй так, каб яна магла годна звацца тым імем, якім пазначаны ўвесь адзіны Божы народ, а менавіта імем Божага Касцёла (пар. 1 Кар 1, 2; 2 Кар 1, 1 і інш). Няхай прэзбітэры памятаюць, што сваімі штодзённымі паводзінамі і сваім клопатам яны павінны паказваць вернікам

і няверуючым, католікам і некатолікам сапраўднае святарскае і пастырскае служэнне і ва ўсім даваць сведчанне праўды і жыцця, а як добрыя пастыры павінны шукаць таксама тых (пар. Лк 15, 4-7), хто, хоць ахрышчаны ў каталіцкім Касцёле, адышоў ад практыкавання сакрамэнтаў ці нават ад веры.

Паколькі сёння чалавецтва ўсё хутчэй утварае грамадзянскае, эканамічнае і сацыяльнае адзінства, тым больш неабходна, каб святары, аб’яднаўшы пад кіраўніцтвам біскупаў і Найвышэйшага Пантыфіка свае клопаты і намаганні, ліквідавалі ўсе прычыны адасобленасці, каб усё чалавецтва прывесці да еднасці Божай сям’і.

29. На ніжэйшай ступені іерархіі стаяць дыяканы, на якіх ускладаюцца рукі «не дзеля святарства, а для служэння»110. Умацаваныя сакрамэнтальнай ласкай, яны служаць Божаму народу ў лучнасці з біскупам і яго прэзбітэрыем у дыяконіі літургіі, слова і любові. Заданнем дыякана, у залежнасці ад таго, што яму вызначыць кампетэнтная ўлада, з’яўляецца ўрачыстае ўдзяленне хросту, захоўванне і ўдзяленне Эўхарыстыі, асіставанне сужэнству і благаслаўленне яго ад імя Касцёла, занясенне канаючым Віятыку, чытанне вернікам Святога Пісання, навучанне і заахвочанне народу, кіраванне набажэнствам і малітвай вернікаў, здзяйсненне сакрамэнталіяў, кіраванне жалобнымі і пахавальнымі абрадамі. Прысвяціўшы сябе абавязкам любові і служэння, дыяканы павінны памятаць настаўленне св. Палікарпа: «Няхай будуць міласэрныя, руплівыя, няхай паступаюць згодна з праўдай Пана, які стаў слугой усіх»111.

А паколькі выкананне гэтых абавязкаў, надзвычай неабходных для жыцця Касцёла, пры сучаснай дысцыпліне лацінскага Касцёла ў многіх рэгіёнах сустракаецца з цяжкасцямі, у будучым дыяканат можа быць адноўлены як асаблівая і сталая ступень іерархіі. У сваю чаргу разнастайныя кампетэнтныя тэрытарыяльныя Канферэнцыі Біскупаў са згоды Найвышэйшага Пантыфіка павінны вырашыць, ці будзе гэта карысна і дзе неабходна ўстанавіць такіх дыяканаў для ажыццяўлення пастырскай апекі. Са згоды Рымскага Пантыфіка можна будзе ўдзяляць такі дыяканат сталым мужам, таксама тым, якія знаходзяцца ў сужэнскім стане, і здатным для гэтага юнакам, для якіх, аднак, абавязак цэлібату павінен захаваць сілу.

РАЗДЗЕЛ IV
СВЕЦКІЯ ВЕРНІКІ

30. Святы Сабор, высветліўшы абавязкі іерархіі, ахвотна звяртае ўвагу на стан тых хрысціянаў, якія называюцца свецкімі. Хоць усё, што сказана пра Божы народ, аднолькава датычыць свецкіх, кансэкраваных асоб і духавенства, аднак пэўныя рэчы асаблівым чынам датычаць свецкіх, мужчын і жанчын, з прычыны іх стану і місіі. Менавіта гэтыя справы з-за асаблівых абставін нашага часу патрабуюць больш грунтоўнага разважання. Духоўныя пастыры добра ўсведамляюць наколькі свецкія спрыяюць дабру ўсяго Касцёла. Пастыры ведаюць, што яны ўстаноўлены Хрыстом не для таго, каб узяць на сябе ўсю місію Касцёла ў збаўленні свету, але што іх ганаровым заданнем з’яўляецца такое ажыццяўленне пастырскай апекі над вернікамі і такое прызнанне іх паслуг і харызмаў, каб усе яны згодна, кожны па-свойму, працавалі на агульную справу. Трэба, каб усе мы, «кажучы праўду ў любові, узрасталі ў тым, хто з’яўляецца Галавою, — у Хрысце. З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне цела для будавання самога сябе ў любові» (пар. Эф 4, 15-16).

31. Пад свецкімі тут разумеюцца ўсе хрысціяне, акрамя тых, хто атрымаў сакрамэнт пасвячэння ці належыць да манаскага стану, правамоцна ўстаноўленага ў Касцёле, а менавіта хрысціяне, якія, уключаныя праз хрост у Хрыста, складаюць народ Божы і, з’яўляючыся кожны па-свойму ўдзельнікамі святарскага, прароцкага і каралеўскага абавязку Хрыста, паводле свайго стану выконваюць у Касцёле і свеце місію ўсяго хрысціянскага народу.

Адметнай уласцівасцю свецкіх з’яўляецца іх секулярны характар. Бо хоць члены святога пасвячэння часам могуць займацца свецкімі справамі, нават выконваючы свецкую прафесію, аднак з прычыны свайго выключнага паклікання яны асабліва і як бы прафесійна прызначаны да святога служэння. Кансэкраваныя асобы ў сваю чаргу сваім ладам жыцця даюць цудоўнае і выдатнае сведчанне таго, што свет не можа перамяніцца і ахвяраваць сябе Богу без духу евангельскіх благаслаўленняў. Затое задача свецкіх людзей, уласцівая іх пакліканню, — шукаць Божае Валадарства, займаючыся свецкімі справамі і кіруючы імі згодна з Божым намерам. Яны жывуць у свеце, гэта значыць сярод усіх без выключэння абавязкаў і спраў гэтага свету, у звычайных умовах сямейнага і грамадскага жыцця, з якіх нібы саткана іх існаванне. Бог кліча іх, каб, выконваючы ўласцівыя ім заданні, пад кіраўніцтвам евангельскага духу яны спрыялі асвячэнню свету, быццам закваска, як бы знутры, і гэтак ззяючы найперш сведчаннем свайго жыцця, верай, надзеяй і любоўю, паказвалі іншым Хрыста. Таму асаблівае заданне свецкіх — усе зямныя справы, з якімі яны цесна звязаны, так асвятляць і ўпарадкоўваць, каб яны няспынна адбываліся і развіваліся паводле задумы Хрыста і служылі на хвалу Стварыцеля і Адкупіцеля.

32. Святы Касцёл з Божага ўстанаўлення арганізуецца і кіруецца з дзівоснай разнастайнасцю. «Бо як у адным целе маем шмат частак, і не ўсе часткі выконваюць тыя самыя функцыі, так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — часткі» (Рым 12, 4-5).

Значыць, ёсць адзін выбраны Божы народ: «адзін Пан, адна вера, адзін хрост» (Эф 4, 5); агульная годнасць частак, якая вынікае з іх адраджэння ў Хрысце; агульная ласка дзяцей Божых; агульнае пакліканне да дасканаласці, адно збаўленне, адна надзея і непадзельная любоў. Таму ў Хрысце і ў Касцёле няма ніякай няроўнасці на падставе расы ці нацыянальнасці, грамадскага становішча ці полу, бо «няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе» (Гал 3, 28 гр.; пар. Клс 3, 11).

І хоць не ўсе ў Касцёле крочаць адным і тым жа шляхам, аднак усе пакліканы да святасці і адна і тая ж вера дасталася ўсім дзякуючы справядлівасці Пана (пар. 2 П 1, 1). Хоць некаторыя з волі Хрыста пастаўлены настаўнікамі, распарадчыкамі таямніц і пастырамі іншых, аднак паводле годнасці і агульнай для ўсіх вернікаў дзейнасці ў будаванні Хрыстовага цела паміж усімі пануе сапраўдная роўнасць. Адрозненне, якое Пан устанавіў паміж святымі распарадчыкамі і рэштай Божага народу, прадугледжвае і адзінства, бо пастыры і астатнія вернікі з’яднаны неад’емнай і ўзаемнай повяззю; пастыры Касцёла, наследуючы Пана, аказваюць адзін аднаму і іншым вернікам духоўныя паслугі, а вернікі ахвотна аказваюць супольную дапамогу пастырам і настаўнікам. Так у разнастайнасці яны даюць сведчанне цудоўнай еднасці ў Хрыстовым целе, таму што сама разнастайнасць ласк, духоўных паслуг і дзеянняў збірае ў адно дзяцей Божых, бо «ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух» (1 Кар 12, 11).

Свецкія з Божай ласкавасці маюць за брата Хрыста, які хоць і з’яўляецца Панам усяго, аднак прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб служыць (пар. Мц 20, 28). Акрамя таго, яны маюць за братоў тых, хто пастаўлены на святое служэнне і ўпаўнаважаны Хрыстом праз навучанне, асвячэнне і кіраванне пасвіць Божую сям’ю так, каб новая запаведзь любові выконвалася ўсімі. Вельмі прыгожа пра гэта кажа св. Аўгустын: «Заўжды, калі мяне палохае, чым я з’яўляюся для вас, мяне суцяшае тое, чым я ёсць разам з вамі. Бо для вас я біскуп, а разам з вамі хрысціянін. Першае для мяне — назва абавязку, а другое — ласкі; першае нясе небяспеку, а другое — збаўленне»112.

33. Кім бы ні былі свецкія, з’яднаныя ў Божы народ і пастаўленыя ў адным Хрыстовым целе начале з адной галавой, яны як жывыя члены пакліканы да таго, каб з усіх сваіх сіл, атрыманых з дабрыні Стварыцеля і ласкі Адкупіцеля, спрыяць узрастанню Касцёла і яго няспыннаму асвячэнню.

Апостальства свецкіх — гэта ўдзел у самой збаўчай місіі Касцёла і менавіта для гэтага апостальства сам Пан прызначае ўсіх праз хрост і канфірмацыю. У сакрамэнтах, асабліва праз святую Эўхарыстую, удзяляецца і падтрымліваецца тая любоў Бога і чалавека, якая з’яўляецца душой усяго апостальства. Свецкія адмыслова пакліканы да таго, каб зрабіць Касцёл прысутным і дзейсным у такіх месцах і такіх абставінах, дзе толькі з іх дапамогай ён можа стаць соллю зямлі113. Таму кожны свецкі сілаю саміх дароў, дадзеных яму, становіцца сведкам і жывой прыладай місіі самога Касцёла «паводле меры Хрыстовага дару» (Эф 4, 7).

Акрамя гэтага апостальства, якое датычыць усіх хрысціянаў наогул, свецкія могуць быць па-рознаму пакліканыя да больш канкрэтнага супрацоўніцтва з апостальствам іерархіі114, на ўзор тых мужчын і жанчын, якія дапамагалі апосталу Паўлу ў абвяшчэнні Евангелля, шмат працуючы ў Пану (пар. Флп 4, 3; Рым 16, 3 і наст.). Больш за тое, іерархія можа выкарыстоўваць іх для дапамогі ў выкананні пэўных эклезіяльных заданняў, якія служаць духоўнай мэце.

Такім чынам, на ўсіх свецкіх ускладаецца ганаровы абавязак спрыяць таму, каб Божы план збаўлення ўсё больш пашыраўся на ўсіх людзей кожнага часу і месца. Таму для іх усюды павінен быць адкрыты шлях, каб па меры сваіх сіл і ў адпаведнасці з актуальнымі патрэбамі яны таксама рупліва ўдзельнічалі ў збаўчай справе Касцёла.

34. Найвышэйшы і спрадвечны Святар Езус Хрыстус, жадаючы, каб Яго сведчанне і Яго служэнне працягваліся таксама праз пасрэдніцтва свецкіх людзей, ажыўляе іх сваім Духам і няспынна заахвочвае да ўсякай добрай і дасканалай справы.

Бо тым, каго Ён цесна звязвае са сваім жыццём і місіяй, дае таксама ўдзел у сваім святарскім абавязку (munus sacerdotale) для выканання духоўнага культу, каб Бог быў праслаўлены, а людзі збаўленыя. Таму свецкія людзі, як прысвечаныя Хрысту і намашчаныя Духам Святым, цудоўным чынам пакліканы і падрыхтаваны да таго, каб у іх заўсёды нараджаліся больш шчодрыя плады Духа. Усе іх учынкі, калі адбываюцца ў Духу, малітвы і апостальскія пачынанні, сужэнскае і сямейнае жыццё, штодзённая праца, адпачынак цела і душы, а нават жыццёвыя нядолі, калі іх цярпліва пераадольваюць, становяцца духоўнымі ахвярамі, прыемнымі Богу праз Езуса Хрыста (пар. 1 П 2, 5), якія прыносяцца Айцу падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі разам з ахвярай Цела Пана. Такім чынам свецкія людзі пакланеннем і святасцю ўчынкаў сам свет прысвячаюць Богу.

35. Хрыстус, вялікі Прарок, які сведчаннем жыцця і моцай слова абвясціў Валадарства Айца, выконвае свой прароцкі абавязак аж да поўнага з’яўлення славы не толькі праз іерархію, якая навучае ў Яго імя і Яго ўладай, але і праз свецкіх, якіх устанавіў для гэтага сведкамі і надзяліў пачуццём веры і ласкай слова (пар. Дз 2, 17-18; Ап 19, 10), каб моц Евангелля ззяла ў штодзённым сямейным і грамадскім жыцці. Яны выяўляюць сябе як сыны абяцання, калі, будучы моцнымі ў веры і надзеі, выкарыстоўваюць цяперашні час (пар. Эф 5, 16; Клс 4, 5) і цярпліва чакаюць будучай славы (пар. Рым 8, 25). Яны не павінны хаваць гэту надзею ў глыбіні сэрца, але няспынна выяўляць яе сваімі паводзінамі і змаганнем «супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць… духаў злосці» (Эф 6, 12), а таксама праз структуры свецкага жыцця.

Як сакрамэнты Новага Закону, якімі жывіцца жыццё і апостальства вернікаў, вобразна прадказваюць і выяўляюць новае неба і новую зямлю (пар. Ап 21, 1), так свецкія становяцца магутнымі вестунамі веры ў тое, на што спадзяюцца (пар. Гбр 11, 1), калі з жыццём паводле веры непахісна звязваюць вызнанне веры. Такая евангелізацыя, або абвяшчэнне Хрыста, рэалізаваная праз сведчанне жыцця і слова, атрымлівае пэўную адметнасць і эфектыўнасць, бо здзяйсняецца ў звычайных умовах, уласцівых свету.

У выкананні гэтага абавязку асабліва каштоўным аказваецца той стан жыцця, які асвячаны асобным сакрамэнтам, а менавіта сужэнскае і сямейнае жыццё. Загартоўка ў апостальстве свецкіх і яго выдатная школа знаходзіцца там, дзе хрысціянская пабожнасць працінае ўвесь змест жыцця і з дня ў дзень усё больш яго перамяняе. Там сужэнцы знаходзяць сваё асабістае пакліканне: яны павінны быць адно для аднаго і для сваіх дзяцей сведкамі веры і любові Хрыста. Хрысціянская сям’я на ўвесь голас абвяшчае цяперашнія вартасці Божага Валадарства і надзею благаслаўлёнага жыцця. Так сваім прыкладам і сведчаннем яна пераконвае свет у ягонай грахоўнасці і асвячае тых, хто шукае праўды.

Таму свецкія, нават калі іх паглынаюць часовыя клопаты, могуць і павінны весці найкаштоўнейшую дзейнасць дзеля евангелізацыі свету. Калі нестае святых распарадчыкаў ці калі яны не могуць выконваць абавязкі з прычыны пераследу, некаторыя свецкія па меры магчымасці выконваюць сакральныя абавязкі, і хоць многія з іх усе свае сілы аддаюць апостальскай справе, аднак усе без выключэння павінны супрацоўнічаць дзеля пашырэння і ўзрастання Валадарства Хрыста ў свеце. Таму свецкія павінны старанна рупіцца аб глыбейшым пазнанні  праўды Аб’яўлення і настойліва прасіць у Бога дару мудрасці.

36. Хрыстус, які стаў паслухмяным аж да смерці і таму быў узвышаны Айцом (пар. Флп 2, 8-9), увайшоў у славу свайго Валадарства. Яму падпарадкавана ўсё, пакуль Ён самога сябе і ўсё не падпарадкуе Айцу, каб Бог быў усім ува ўсім (пар. 1 Кар 15, 27-28). Гэтай уладай Ён надзяліў вучняў, каб і яны здабылі стан каралеўскай свабоды і праз самаадрачэнне і святасць жыцця перамагалі ў саміх сабе панаванне граху (пар. Рым 6, 12); больш за тое, каб праз служэнне Хрысту ў бліжніх прыводзілі сваіх братоў праз пакору і цярплівасць да Валадара, служыць якому — значыць панаваць. Пан таксама праз пасрэдніцтва свецкіх вернікаў жадае пашыраць сваё Валадарства, а менавіта «Валадарства праўды і жыцця, Валадарства святасці і ласкі, Валадарства справядлівасці, любові і спакою»115. У гэтым Валадарстве само стварэнне будзе вызвалена ад няволі тлення да свабоды дзяцей Божых (пар. Рым 8, 21). Сапраўды вялікае абяцанне і вялікая запаведзь была дадзена вучням: «Усё вашае, вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога» (1 Кар 3, 23).

Таму вернікі павінны пазнаваць глыбокую сутнасць усяго стварэння, яго каштоўнасць і прызначэнне для славы Божай і нават праз свецкія справы дапамагаць адзін аднаму ў больш святым жыцці, каб свет напаўняўся духам Хрыста і ў справядлівасці, любові і спакоі больш паспяхова дасягаў сваёй мэты. У паўсюдным выкананні гэтага абавязку свецкім належыць асаблівая роля. Дзякуючы сваёй кампетэнцыі ў свецкіх дысцыплінах і сваёй дзейнасці, унутрана ўзвышанай ласкай Хрыста, яны павінны паводле магчымасці спрыяць таму, каб даброты, створаныя з волі Стварыцеля і святла Ягонага слова, удасканальваліся дзякуючы чалавечай працы, тэхніцы і грамадзянскай культуры для паўсюднай карысці ўсіх без выключэння людзей. Няхай даброты размяркоўваюцца сярод іх больш адпаведным чынам і спрыяюць паўсюднаму развіццю ў чалавечай і хрысціянскай свабодзе. Так Хрыстус праз членаў Касцёла будзе ўсё больш асвятляць усю чалавечую супольнасць сваім збаўчым святлом.

Акрамя таго, свецкія павінны агульнымі намаганнямі аздараўляць інстытуты і ўмовы свету, калі яны дзесьці схіляюць да граху, каб яны адпавядалі нормам справядлівасці і спрыялі, а не перашкаджалі практыкаванню цнотаў. Робячы так, яны напоўняць культуру і чалавечыя справы маральнай вартасцю. Так адначасова ралля свету лепш рыхтуецца пад пасеў Божага слова, і шырэй адкрываюцца брамы Касцёла, праз якія ў свет павінна ўвайсці абвяшчэнне спакою.

Дзеля самой эканоміі збаўлення вернікі павінны старанна вучыцца адрозніваць правы і абавязкі, ускладзеныя на іх як на членаў Касцёла, ад тых, якія належаць ім як членам чалавечага грамадства. Яны павінны старацца згарманізаваць першыя з другімі, памятаючы, што ў кожнай зямной справе павінны кіравацца хрысціянскім сумленнем, бо ніякая чалавечая дзейнасць, нават у часовых справах, не можа быць выключана з-пад улады Бога. У наш час асабліва пажадана, каб гэта адрозненне і ў той жа час суладнасць як мага выразней выявіліся ў спосабе дзеяння вернікаў, каб місія Касцёла магла паўней адпавядаць своеасаблівым умовам сучаснага свету. З аднаго боку трэба прызнаць, што зямная дзяржава, слушна аддаючыся часовым клопатам, кіруецца ўласцівымі сабе прынцыпамі, а з другога боку трэба адкінуць тую заганную дактрыну, якая імкнецца пабудаваць грамадства, цалкам ігнаруючы рэлігію, якая змагаецца з рэлігійнай свабодай грамадзян і знішчае яе116.

37. Свецкія, як і ўсе хрысціяне, маюць права ўдосталь атрымліваць ад сваіх пастыраў духоўныя даброты Касцёла, асабліва дапамогу Божага слова і сакрамэнты117, а таксама прадстаўляць пастырам свае патрэбы і пажаданні з такой свабодай і даверлівасцю, якая належыць Божым дзецям і братам у Хрысце. У залежнасці ад ведаў, кампетэнцыі і аўтарытэту, якімі валодаюць, яны маюць магчымасць, а часам і абавязак выказваць сваё меркаванне ў справах, якія датычаць дабра Касцёла118. Калі ўзнікае патрэба, гэта павінна адбывацца праз пасрэдніцтва ўстаноў, заснаваных для гэтага Касцёлам, і заўсёды ў праўдзе, з адвагай і разважнасцю, з пашанай і любоўю да тых, хто з прычыны свайго святога абавязку прадстаўляе асобу Хрыста.

Свецкія, як і ўсе хрысціяне, ідучы за прыкладам Хрыста, які сваёй паслухмянасцю аж да смерці адкрыў усім людзям шчаслівы шлях да свабоды дзяцей Божых, павінны з хрысціянскай паслухмянасцю ахвотна дастасоўвацца да пастановаў пастыраў, якія ў Касцёле прадстаўляюць Хрыста як настаўнікі і кіраўнікі. Няхай не забываюць даручаць Богу ў малітвах сваіх кіраўнікоў, якія няспынна клапоцяцца пра нашыя душы як тыя, хто павінен здаць рахунак; няхай робяць гэта з радасцю, а не з прымусу (пар. Гбр 13, 17).

Са свайго боку святыя пастыры павінны прызнаваць і падтрымліваць годнасць і адказнасць свецкіх людзей у Касцёле; павінны ахвотна карыстацца іх мудрымі парадамі, з даверам даручаць ім абавязкі дзеля служэння Касцёлу, даваць свабоду і поле дзейнасці і, канешне, падбадзёрваць іх, каб яны браліся за працу таксама з уласнай ініцыятывы. З айцоўскай любоўю павінны чуйна разважаць у Хрысце над ініцыятывамі, пажаданнямі і імкненнямі свецкіх119. А справядлівую свабоду, якая належыць усім у зямной дзяржаве, пастыры павінны прызнаваць і паважаць.

Ад гэтых цесных адносінаў свецкіх і пастыраў можна чакаць шматлікіх даброт для Касцёла, бо дзякуючы ім у свецкіх умацоўваецца пачуццё ўласнай адказнасці, падтрымліваецца рупнасць, а сілы свецкіх лягчэй аб’ядноўваюцца з працай пастыраў. Апошнія ж, падтрыманыя досведам свецкіх, могуць больш выразна і адпаведна ацэньваць як духоўныя, так і часовыя справы, каб увесь Касцёл, умацаваны ўсімі сваімі членамі, больш паспяхова выконваў сваю місію для жыцця свету.

38. Перад светам кожны свецкі павінен быць сведкам уваскрасення і жыцця Пана Езуса і знакам жывога Бога. Усе разам і кожны асобна павінны ўмацоўваць свет духоўным плёнам (пар. Гал 5, 22) і напаўняць яго такім духам, якім ажыўлены тыя ўбогія, лагодныя і міратворцы, якіх Пан назваў у Евангеллі шчаслівымі (пар. Мц 5, 3-9). Адным словам, «чым душа ёсць у целе, тым няхай будуць у свеце хрысціяне» 120.

РАЗДЗЕЛ V
ПАЎСЮДНАЕ ПАКЛІКАННЕ ДА СВЯТАСЦІ Ў КАСЦЁЛЕ

39. Мы верым, што Касцёл, таямніцу якога выкладае Святы Сабор, бездакорна святы. Бо Хрыстус, Сын Божы, які разам з Айцом і Духам Святым ушаноўваецца як «адзіны Святы»121, палюбіў Касцёл як сваю абранніцу, аддаючы самога сябе, каб асвяціць яго (пар. Эф 5, 25-26); аб’яднаў яго з сабой як сваё цела і шчодра адарыў дарам Духа Святога дзеля Божай хвалы. Таму ўсе ў Касцёле, незалежна ад таго, ці належаць да іерархіі, ці з’яўляюцца паствай, пакліканы да святасці згодна са словамі Апостала: «Воля Божая — гэта асвячэнне вашае» (1 Тэс 4, 3; пар. Эф 1, 4). Святасць Касцёла няспынна праяўляецца і павінна праяўляцца ў пладах ласкі, якія Дух нараджае ў верніках; яна разнастайным чынам праяўляецца ў кожным чалавеку, які ва ўласцівым яму стане жыцця імкнецца да дасканалай любові, даючы прыклад іншым; пэўным уласцівым чынам яна выяўляецца ў практыкаванні парад, якія зазвычай называюцца евангельскімі. Практыкаванне гэтых парад, прынятае многімі хрысціянамі праз натхненне Духа Святога прыватна ці ў зацверджаных Касцёлам стане ці становішчы, дае ў свеце і павінна даваць цудоўнае сведчанне і прыклад гэтай святасці.

40. Пан Езус, Настаўнік і ўзор усякай дасканаласці, прапаведаваў сваім вучням усякага стану, усім разам і кожнаму асобна, святасць жыцця, пачаткам і здзяйсняльнікам якой з’яўляецца сам: «Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 48)122. Бо на ўсіх Ён спаслаў Духа Святога, які павінен быў узрушыць іх знутры, каб яны любілі Бога ўсім сэрцам, усёй душой, усім розумам і ўсёй сваёй сілай (пар. Мк 12, 30) і каб любілі адзін аднаго так, як Хрыстус палюбіў іх (пар. Ян 13, 34; 15, 12). Паслядоўнікі Хрыста, пакліканыя Богам і апраўданыя ў Пану Езусе не за свае ўчынкі, але паводле намеру і ласкі Божай, у хросце веры сталі сапраўды дзецьмі Божымі і ўдзельнікамі Божай натуры, а праз гэта — сапраўды святымі. Таму яны павінны захоўваць у жыцці і ўдасканальваць асвячэнне, прынятае ад Бога. Апостал вучыць іх, каб яны жылі, «як гэта належыць святым» (Эф 5, 3), каб апрануліся «як выбраннікі Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго» (Клс 3, 12), і мелі плён Духа для асвячэння (пар. Гал 5, 22; Рым 6, 22). Паколькі ўсе мы памыляемся ў многім (пар. Як 3, 2), нам заўсёды патрэбна Божая міласэрнасць і мы штодня павінны маліцца: «Адпусці нам правіны нашыя» (Мц 6, 12)123.

Таму для ўсіх відавочна, што ўсе хрысціяне любога стану і прафесіі пакліканы да паўнаты хрысціянскага жыцця і дасканалай любові124.  Дзякуючы гэтай святасці, таксама і ў зямным грамадстве развіваецца больш гуманны лад жыцця. На дасягненне гэтай дасканаласці верныя павінны скіроўваць свае сілы, атрыманыя паводле меры дару Хрыста, каб, ідучы следам за Ім і прыпадабняючыся да ўзору, якім для іх з’яўляецца Ён сам, будучы ва ўсім паслухмянымі волі Айца, яны ад усёй душы прысвячалі сябе Божай славе і служэнню бліжняму. Такім чынам святасць Божага народу прынясе багаты плён, што выдатна пацвярджае жыццё шматлікіх святых у Касцёле.

41. У розных відах жыцця і абавязках усе культывуюць адну святасць. Пад кіраўніцтвам Духа Святога, паслухмяныя голасу Айца і пакланяючыся Богу Айцу ў духу і праўдзе, яны ідуць за ўбогім і пакорным Хрыстом, які нясе крыж, каб заслужыць удзел у Яго славе. Кожны ў залежнасці ад сваіх дароў і абавязкаў павінен без ваганняў крочыць шляхам жывой веры, якая абуджае надзею і дзейнічае праз любоў.

Перадусім пастыры Хрыстовага статку павінны на ўзор найвышэйшага і спрадвечнага Святара, Пастыра і Вартаўніка нашых душ свята і палымяна, з пакорай і мужнасцю выконваць сваёй служэнне, каб яно стала для іх узнёслым сродкам асвячэння. Выбраныя для паўнаты святарства, яны адораны сакрамэнтальнай ласкай, каб праз малітву, прынясенне ахвяры і пропаведзь, а таксама праз усякую форму біскупскага клопату і служэння выканаць дасканалы абавязак пастырскай любові125, каб, без страху аддаючы жыццё сваё за авечак, стаць узорам для статку (пар. 1 П 5, 3) і сваім прыкладам з кожным днём весці Касцёл да ўсё большай святасці.

Прэзбітэры на ўзор стану біскупаў, духоўны вянец якіх утвараюць126, удзельнічаюць у ласцы іх абавязку праз Хрыста, вечнага і адзінага Пасрэдніка. Таму павінны ў штодзённым выкананні свайго абавязку ўзрастаць у любові да Бога і бліжняга. Яны павінны захоўваць повязь святарскай супольнасці, мець удосталь усякіх духоўных даброт і даваць усім жывое сведчанне пра Бога127, спаборнічаючы з тымі святарамі, якія на працягу стагоддзяў, часта ў пакорным і ўтоеным служэнні, пакінулі цудоўны ўзор святасці. Іх хвала гучыць у Божым Касцёле. Калі паводле свайго абавязку яны моляцца і прыносяць ахвяру за свой народ і за ўвесь Божы народ, усведамляючы, што робяць, і наследуючы тое, што здзяйсняюць128, то апостальскія клопаты, небяспека і нядоля не павінны быць перашкодай для іх асвячэння. Наадварот, дзякуючы ім яны павінны хутчэй узняцца на вышэйшую ступень святасці, падмацоўваючы і развіваючы сваю дзейнасць глыбокай кантэмпляцыяй на радасць усяго Касцёла. Усе прэзбітэры, асабліва тыя, якія паводле свайго пасвячэння называюцца дыяцэзіяльнымі, павінны памятаць, як моцна спрыяе іх асвячэнню верная сувязь і велікадушнае ўзаемадзеянне са сваім біскупам.

Удзельнікамі місіі і ласкі найвышэйшага Святара асаблівым чынам з’яўляюцца таксама слугі ніжэйшай ступені пасвячэння, перадусім дыяканы. Служачы таямніцам Хрыста і Касцёла129, яны павінны захоўваць сябе чыстымі ад усякага граху і падабацца Богу, а таксама клапаціцца пра ўсялякія даброты для людзей (пар. 1 Цім 3, 8-10 і 12-13). Семінарысты, пакліканыя Панам і выбраныя для ўдзелу з Ім, рыхтуючыся пад чуйнай апекай пастыраў да абавязкаў служэння, павінны дастасаваць свой розум і сваё сэрца да такога пачэснага выбрання, быць трывалымі ў малітве, палаць любоўю, думаць толькі пра тое, што праўдзівае, справядлівае і прыносіць добрую славу, павінны ўсё здзяйсняць дзеля хвалы і праслаўлення Бога. Да іх далучаюцца тыя выбраныя Богам свецкія асобы, якіх біскуп заклікае цалкам прысвяціць сябе апостальскай дзейнасці і якія з вялікай карысцю працуюць на ніве Пана130.

Сужэнцы і хрысціянскія бацькі павінны, ідучы сваім шляхам, усё жыццё падтрымліваць вернай любоўю адно аднаго ў ласцы, а прынятаму з любоўю ад Бога патомству прышчапляць хрысціянскае вучэнне і евангельскія цноты. Такім чынам яны даюць усім прыклад нястомнай і высакароднай любові, будуюць братэрскую супольнасць любові і становяцца сведкамі і супрацоўнікамі плоднасці Маці-Касцёла на знак і на ўдзел у той любові, якой Хрыстус палюбіў сваю абранніцу і аддаў за яе самога сябе131. Падобны прыклад па-іншаму даюць аўдавелыя, а таксама нежанатыя, якія таксама ў немалой ступені могуць паспрыяць святасці і працы ў Касцёле. Людзі, якія працуюць, асабліва на цяжкай працы, павінны ўдасканальвацца праз чалавечыя справы, падтрымліваць сваіх суграмадзян, а ўсяму грамадству і ўсяму стварэнню дапамагаць у дасягненні лепшага стану. Акрамя таго, Хрыста, рукі якога займаліся цяслярствам, і які разам з Айцом няспынна дзейнічае дзеля збаўлення ўсіх, яны павінны наследаваць у дзейснай любові, маючы суцяшэнне надзеі, несучы цяжар адно аднаго, і ў сваёй штодзённай працы падымацца на вышэйшую ступень святасці, таксама апостальскай.

Тыя, каго прыгнятае беднасць, слабасць, хваробы і розныя нядолі, каго пераследуюць за справядлівасць, павінны ведаць, што яны асаблівым чынам звязаны з Хрыстом, які пакутуе дзеля збаўлення свету. Гэта іх Пан назваў у Евангеллі шчаслівымі, таму што «Бог усялякай ласкі, які паклікаў вас да сваёй вечнай славы ў Хрысце Езусе, пасля таго, як трохі пацерпіце, сам удасканаліць, загартуе і ўмацуе вас» (1 П 5, 10).

Таму ўсе хрысціяне з дня ў дзень будуць усё больш асвячацца ва ўмовах свайго жыцця, сярод сваіх абавязкаў ці жыццёвых абставін, калі з верай будуць прымаць усё з рукі Нябеснага Айца і супрацоўнічаць з Божай воляй, паказваючы ўсім у часовым служэнні тую любоў, якой Бог палюбіў свет.

42. «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16). Бог напаўняе любоўю нашыя сэрцы праз Духа Святога, які дадзены нам (пар. Рым 5, 5); таму першым і найбольш патрэбным дарам з’яўляецца любоў, якой мы любім Бога больш за ўсё, а бліжняга — дзеля Бога. Каб гэтая любоў узрастала ў душы як добрае насенне і прыносіла плён, кожны вернік абавязаны ахвотна слухаць Божае слова і выконваць Божую волю з дапамогай Яго ласкі, часта ўдзельнічаць у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, у літургічных дзеяннях, няспынна практыкаваць малітву, самаадрачэнне, ахвотнае братэрскае служэнне і ўсякія цноты. Любоў, якая з’яўляецца повяззю дасканаласці і паўнатой закону (пар. Клс 3, 14; Рым 13, 10), кіруе ўсімі сродкамі асвячэння, фарміруе іх і вядзе да мэты132. Таму любоў да Бога і да бліжняга — гэта знак сапраўднага вучня Хрыста.

Езус, Сын Божы, праявіў да нас сваю любоў, аддаючы жыццё за нас, таму ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае сваё жыццё за Яго і за сваіх братоў (пар. 1 Ян 3, 16; Ян 15, 13). Некаторыя хрысціяне ўжо з самага пачатку былі пакліканы — і заўжды будуць клікацца — да гэтага найвялікшага сведчання любові, асабліва перад пераследнікамі. Касцёл лічыць мучаніцтва асаблівым дарам і найвышэйшым выпрабаваннем любові, праз якое вучань, які дабравольна прымае смерць для збаўлення свету, прыпадабняецца да Настаўніка і наследуе Яго ў праліцці крыві. І хоць яно даецца нямногім, аднак усе павінны быць гатовыя вызнаваць Хрыста перад людзьмі і пайсці за Ім крыжовай дарогай сярод ганенняў, якіх Касцёлу заўжды хапала.

Святасць Касцёла асаблівым чынам падтрымліваюць розныя парады, якія Пан у Евангеллі даручыў выконваць сваім вучням133. Сярод іх найбольш вылучаецца каштоўны дар Божай ласкі, якім Айцец адорвае некаторых людзей (пар. Мц 19, 11; 1 Кар 7, 7), каб праз цнатлівасць ці цэлібат яны лягчэй з непадзельным сэрцам (пар. 1 Кар 7, 32-34) прысвячалі сябе аднаму толькі Богу134. Гэтая дасканалая стрыманасць, захаваная дзеля Божага Валадарства, заўжды карысталася асаблівай павагай Касцёла як знак і імпульс любові і як асаблівая крыніца духоўнай плоднасці ў свеце.

Касцёл мае на ўвазе і напамін Апостала, які, заклікаючы вернікаў да любові, заахвочвае іх адчуваць тое, што і Хрыстус, які «выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі… будучы паслухмяным ажно да смерці» (Флп 2, 7-8), і дзеля нас «стаў бедным, хоць быў багаты» (2 Кар 8, 9). А паколькі трэба, каб вучні заўсёды наследавалі гэтую любоў і пакору Хрыста і былі яе сведкамі, Маці-Касцёл цешыцца, што ў яго ўлонні знаходзяцца шматлікія мужчыны і жанчыны, якія больш дакладна наследуюць самаадрачэнне Збаўцы і відавочней яго выяўляюць, прымаючы ўбоства ў свабодзе дзяцей Божых і адмаўляючыся ад уласнай волі. Пераўзыходзячы нават меру запаведзі, яны падпарадкоўваюцца дзеля Бога чалавеку ў справе ўдасканалення, каб паўней прыпадобніцца да Хрыста ў Яго паслухмянасці135.

Таму ўсе хрысціяне пакліканы і абавязаны дасягнуць святасці і дасканаласці свайго стану. Няхай жа ўсе стараюцца належна кіраваць сваімі пачуццямі, каб выкарыстанне зямных рэчаў і прывязанасць да багацця насуперак духу евангельскага ўбоства не перашкодзіла ім дасягнуць дасканалай любові, згодна з напамінам Апостала: «Хто карыстаецца светам, няхай будуць як тыя, хто не карыстаецца ім, бо мінае вобраз гэтага свету» (пар. 1 Кар 7, 31)136.

РАЗДЗЕЛ VI
КАНСЭКРАВАНЫЯ АСОБЫ

43. Евангельскія парады прысвечанай Богу чыстасці, убоства і паслухмянасці, заснаваныя на словах і прыкладзе Пана і рэкамендаваныя Апосталамі, Айцамі, доктарамі Касцёла і пастырамі, з’яўляюцца Божым дарам, які Касцёл атрымаў ад свайго Пана і з Яго ласкі няспынна захоўвае. Сама ўлада Касцёла пад кіраўніцтвам Духа Святога паклапацілася пра тое, каб іх тлумачыць, кіраваць іх практыкаваннем і, больш за тое, усталёўваць сталыя, трывалыя формы жыцця, заснаваныя на гэтых парадах. Таму таксама выраслі, як на дрэве, якое цудоўна і буйна расквітнела на ніве Пана з дадзенага Богам парастка, разнастайныя формы самотнага ці супольнага жыцця, розныя манаскія сем’і, якія памнажаюць тое, што служыць як карысці іх членаў, так і дабру ўсяго Хрыстовага цела137. Гэтыя сем’і дапамагаюць сваім членам, умацоўваючы іх у абраным ладзе жыцця, у выпрабаваным вучэнні, якое вядзе да дасягнення дасканаласці, у братэрскай супольнасці дзеля Хрыстовага служэння і ў паслухмянай свабодзе, так што яны могуць бяспечна выконваць свае манаскія абяцанні і верна захоўваць іх, а таксама з радасцю крочыць шляхам любові138.

Калі мець на ўвазе боскі і іерархічны лад Касцёла, гэты стан не з’яўляецца прамежкавым паміж духоўным і свецкім, але з аднаго і з другога Бог кліча некаторых хрысціянаў, каб у жыцці Касцёла яны карысталіся асаблівым дарам і кожны па-свойму ўдзельнічалі ў яго збаўчай місіі139.

44. Праз абяцанні ці іншыя святыя абавязацельствы, падобныя да іх па сваёй сутнасці, якія абавязваюць хрысціяніна практыкаваць тры вышэйзгаданыя евангельскія парады, ён цалкам аддаецца ва ўласнасць Богу, умілаванаму па-над усё, так што праз свой новы і асаблівы тытул прысвячае сябе служэнню Богу і Яго праслаўленню. Хоць праз хрост ён ужо памёр для граху і быў пасвячаны Богу, аднак дзеля атрымання багацейшага плёну ласкі хросту вырашае праз абяцанне евангельскіх парад у Касцёле вызваліцца ад перашкод, якія маглі б адвесці яго ад гарачай любові і ад дасканаласці Божага культу, і яшчэ больш прысвячае сябе Божаму служэнню140. Пасвячэнне будзе больш дасканалым, бо ў мацнейшых і трывалых сувязях будзе выразней бачны Хрыстус, звязаны непарыўнай повяззю з Касцёлам, сваёй абранніцай.

А паколькі евангельскія парады праз любоў, да якой вядуць141, асаблівым чынам аб’ядноўваюць з Касцёлам і яго таямніцай тых, хто жыве імі, то іх духоўнае жыццё павінна быць таксама прысвечана дабру ўсяго Касцёла. З гэтага вынікае абавязак або малітвай, або руплівай дзейнасцю па меры сіл і ў залежнасці ад формы свайго паклікання працаваць дзеля ўкаранення і ўмацавання ў душах Божага Валадарства і пашырэння яго на ўсе краіны. Таму Касцёл бярэ пад апеку і падтрымлівае адметны характар розных манаскіх інстытутаў.

Абяцанне і выкананне евангельскіх парад з’яўляецца як бы бачным знакам, які можа і павінен дзейсна прыцягваць усіх членаў Касцёла да ахвотнага выканання абавязкаў хрысціянскага паклікання. Паколькі Божы народ не мае тут сталага горада, а шукае будучага, то манаскі стан дае больш свабоды ад зямных клопатаў сваім членам, найлепш паказвае ўсім вернікам нябесныя даброты, прысутныя ўжо ў гэтым свеце, сведчыць пра новае і вечнае жыццё, здабытае дзякуючы адкупленню Хрыста, а таксама прадказвае будучае ўваскрашэнне ў славе Нябеснага Валадарства. Гэты стан больш верна наследуе і няспынна прадстаўляе ў Касцёле тую форму жыцця, якую абраў Божы Сын, прыйшоўшы ў свет споўніць волю Айца, і якую даручыў вучням, якія пайшлі за Ім. Урэшце, гэты стан па-свойму адкрывае перавагу Божага Валадарства па-над усім зямным і яго найважнейшыя патрэбы; паказвае ўсім людзям непараўнальную веліч магутнасці валадарання Хрыста і неабмежаваную моц Духа Святога, які цудоўна дзейнічае ў Касцёле.

Хоць стан, які абапіраецца на абяцанні евангельскіх парад, не адносіцца да іерархічнай структуры Касцёла, аднак ён неад’емна належыць да яго жыцця і святасці.

45. Паколькі абавязак касцёльнай іерархіі — пасвіць Божы народ і весці яго на ўрадлівыя пашы (пар. Эзх 34, 14), яна таксама павінна праз свае законы мудра кіраваць практыкай евангельскіх парад, якія асаблівым чынам спрыяюць дасканалай любові да Бога і бліжняга142. Яна ж, паслухмяна ідучы за натхненнем Духа Святога, прымае статуты, прапанаваныя слаўнымі мужамі і жанчынамі, а потым, дакладней апрацаваўшы, афіцыйна зацвярджае іх; сваім чуйным і клапатлівым аўтарытэтам падтрымлівае інстытуты, устаноўленыя ў розных месцах для будавання Хрыстовага цела, каб яны ўзрасталі і развіваліся ў духу заснавальнікаў.

Найвышэйшы Пантыфік, каб лепш адказаць на патрэбы ўсяго статку Пана, з прычыны свайго першынства над усім Касцёлам і дзеля агульнай карысці можа выключыць з-пад юрысдыкцыі мясцовых ардынарыяў любы інстытут кансэкраванага жыцця і яго паасобных членаў і наўпрост падпарадкаваць іх сабе143. Падобна яны могуць быць пакінуты ці даручаны сваім патрыярхальным уладам. Са свайго боку члены гэтых інстытутаў у выкананні перад Касцёлам абавязкаў, якія вынікаюць з уласцівай ім формы жыцця, павінны ў мясцовых Касцёлах згодна з кананічным правам паважаць і слухацца біскупаў з прычыны іх пастырскага аўтарытэту і неабходнай у апостальскай працы еднасці і згоды144.

Праз зацвярджэнне Касцёл не толькі ўздымае захаванне манаскіх абяцанняў да годнасці кананічнага стану, але праз літургічнае дзеянне паказвае, што гэты стан прысвечаны Богу. Касцёл, згодна з уладай, дадзенай яму Богам, прымае абяцанні тых, хто іх дае, выпрошвае ў Бога ў публічнай малітве дапамогу і ласку для такіх асоб, даручае іх Богу і ўдзяляе ім духоўнае благаслаўленне, яднаючы іх прысвячэнне з эўхарыстычнай Ахвярай.

46. Кансэкраваныя асобы павінны рупіцца, каб праз іх пасрэдніцтва Касцёл з цягам часу ўсё лепш паказваў веруючым і няверуючым Хрыста: і калі Ён аддаецца кантэмпляцыі на гары, і калі абвяшчае народу Божае Валадарства, і калі аздараўляе хворых і калек, а грэшнікаў вядзе да цноты, і калі благаслаўляе дзяцей і робіць дабро ўсім, аднак, заўсёды паслухмяны волі Айца, які Яго паслаў145.

Усім, нарэшце, павінна быць зразумела, што абяцанне евангельскіх парад, хоць і спалучана з вырачэннем дабротаў, якія несумненна маюць вялікую каштоўнасць, зусім не перашкаджае развіццю чалавечай асобы, але наадварот, па сваёй сутнасці найбольш яму спрыяе. Гэтыя парады, прынятыя добраахвотна згодна з асабістым пакліканнем кожнага, істотна спрыяюць ачышчэнню сэрца і духоўнай свабодзе і няспынна распальваюць полымя любові. Як сведчыць прыклад шматлікіх святых заснавальнікаў, яны асабліва прыдатныя ў фармацыі хрысціяніна для жыцця ў чыстасці і ўбостве, што абралі Хрыстус Пан і Яго Дзева Маці. Таму няхай ніхто не думае, што кансэкраваныя асобы паводле свайго пасвячэння становяцца або адасобленымі ад людзей, або непатрэбнымі ў чалавечай супольнасці. Хоць часам яны не падтрымліваюць сваіх сучаснікаў непасрэдна, аднак адчуваюць вельмі глыбокую ўнутраную сувязь з імі ў Хрысце і супрацоўнічаюць з імі духоўна, каб будаўніцтва зямной дзяржавы заўсёды абапіралася на Пана і да Яго накіроўвалася, каб выпадкам яе будаўнікі не працавалі дарэмна146.

Таму Святы Сабор падтрымлівае і хваліць мужоў і жанчын, братоў і сясцёр, якія ў кляштарах, школах, шпіталях ці на місіях праз цярплівую і пакорную вернасць вышэйзгаданаму пасвячэнню ўпрыгожваюць абранніцу Хрыста і ўсім людзям аказваюць шматлікія і самыя разнастайныя паслугі.

47. Кожны, хто пакліканы да захавання евангельскіх парад, павінен прыкладаць намаганні, каб годна вытрываць і ўзрасці ў тым пакліканні, да якога прызначыў яго Бог, дзеля памнажэння святасці Касцёла, на большую славу адзінай і непадзельнай Тройцы, якая ў Хрысце і праз Хрыста ёсць крыніцай і пачаткам усякай святасці.

РАЗДЗЕЛ VII
ЭСХАТАЛАГІЧНЫ ХАРАКТАР ПІЛІГРЫМУЮЧАГА КАСЦЁЛА
І ЯГО ЕДНАСЦЬ З НЯБЕСНЫМ КАСЦЁЛАМ

48. Касцёл, да якога ў Хрысце Езусе мы ўсе пакліканы і ў якім, дзякуючы Божай ласцы, здабываем святасць, дасягне паўнаты толькі ў нябеснай славе, калі настане час аднаўлення ўсяго (пар. Дз 3, 21) і калі разам з чалавецтвам таксама ўвесь свет, які глыбока звязаны з чалавекам і праз яго накіроўваецца да сваёй мэты, дасканалым чынам адновіцца ў Хрысце (пар. Эф 1, 10; Клс 1, 20; 2 П 3, 10-13).

Хрыстус, узняты над зямлёй, прыцягнуў да сябе ўсіх (пар. Ян 12, 32); уваскросшы (пар. Рым 6, 9), Ён спаслаў на вучняў свайго жыццядайнага Духа і праз Яго ўстанавіў сваё цела, якім ёсць Касцёл, паўсюднай прыладай збаўлення; седзячы праваруч Айца, Ён няспынна дзейнічае ў свеце, каб весці людзей да Касцёла і праз яго мацней яднаць іх з сабой і, падмацоўваючы іх сваім Целам і Крывёю, зрабіць удзельнікамі свайго жыцця ў славе. Значыць, абяцанае аднаўленне, якога чакаем, ужо распачалося ў Хрысце, развіваецца спасланнем Духа Святога і праз Яго трывае ў Касцёле, у якім праз веру мы атрымліваем павучэнне пра сэнс нашага часовага жыцця, з надзеяй на будучыя даброты даводзячы да канца ў свеце справу, даручаную нам Айцом, і працуючы дзеля нашага збаўлення (пар. Флп 2, 12).

Ужо прыйшоў да нас канец вякоў (пар. 1 Кар 10, 11), і незваротна ўстаноўлена аднаўленне свету, якое пэўным рэальным чынам прадчуваецца ўжо ў гэты час, бо Касцёл на зямлі пазначаны праўдзівай, хоць яшчэ недасканалай святасцю. Аднак пакуль не ўзнікнуць новыя нябёсы і новая зямля, у якіх жыве справядлівасць (пар. 2 П 3, 13), пілігрымуючы Касцёл у сваіх сакрамэнтах і інстытутах, якія належаць да цяперашняга веку, мае выгляд прамінаючага свету і жыве сярод стварэнняў, якія дагэтуль стогнуць, быццам парадзіха, і чакаюць аб’яўлення сыноў Божых (пар. Рым 8, 19-22).

Таму аб’яднаныя з Хрыстом і пазначаныя Духам Святым, «які ёсць задаткам нашай спадчыны» (Эф 1, 14), мы справядліва называемся дзецьмі Божымі і сапраўды імі з’яўляемся (пар. 1 Ян 3, 1), хоць яшчэ не з’явіліся з Хрыстом у славе (пар. Клс 3, 4), у якой будзем падобнымі да Бога, паколькі ўбачым Яго, які Ён ёсць (пар. 1 Ян 3, 2). Таму «калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Пана» (2 Кар 5, 6) і, маючы ў сабе задаткі Духа, мы ўздыхаем (пар. Рым 8, 23) і жадаем быць з Хрыстом (пар. Флп 1, 23). Тая самая любоў змушае нас жыць больш для таго, хто за нас памёр і ўваскрос (пар. 2 Кар 5, 15).

Мы імкнёмся ва ўсім падабацца Пану (пар. 2 Кар 5, 9) і апранаемся ў зброю Бога, каб супрацьстаяць подступам д’ябла і даць адпор у ліхі дзень (пар. Эф 6, 11-13). А паколькі не ведаем ні дня, ні гадзіны, павінны згодна з напамінам Пана няспынна чуваць, каб, завяршыўшы адзіны бег нашага зямнога жыцця (пар. Гбр 9, 27), мець годнасць увайсці разам з Панам на вяселле і быць залічанымі да благаслаўлёных (пар. Мц 25, 31-46) і каб нам не загадалі як дрэнным і лянівым слугам (пар. Мц 25, 26) пайсці ў вечны агонь (пар. Мц 25, 41), у вонкавую цемру, «дзе будзе плач і скрыгат зубоў» (Мц 22, 13 і 25, 30). Бо перш чым запанаваць з Хрыстом, поўным славы, мы ўсе «з’явімся перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці благое» (2 Кар 5, 10), бо ў канцы свету «тыя, хто чыніў дабро, уваскрэснуць для жыцця, а тыя, хто рабіў зло, уваскрэснуць для асуджэння» (Ян 5, 29; пар. Мц 25, 46).

Лічачы, што «цярпенні цяперашняга часу нічога не вартыя ў параўнанні з той славай, якая павінна выявіцца ў нас» (Рым 8, 18; пар. 2 Цім 2, 11-12), моцныя ў веры мы чакаем «шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага, Езуса Хрыста» (Ціт 2, 13), «які пераменіць нашае прыніжанае цела ў падабенства свайго праслаўленага цела» (Флп 3, 21) і які прыйдзе, «каб праславіцца ў сваіх святых і паказацца цудоўным ва ўсіх, хто паверыў» (2 Тэс 1, 10).

49. Пакуль Пан не прыйдзе ў сваёй велічы, а разам з Ім і ўсе анёлы (пар. Мц 25, 31), пакуль пасля знішчэння смерці ўсё не будзе падпарадкавана Яму (пар. 1 Кар 15, 26-27), адны з Ягоных вучняў пілігрымуюць па зямлі, другія, споўніўшы жыццё, ачышчаюцца, іншыя ў хвале сузіраюць «выразна самога трыадзінага Бога, якім Ён ёсць»147. Аднак усе мы, у рознай ступені і на розны спосаб аб’яднаныя паміж сабой у той самай любові да Бога і бліжняга, спяваем адзін і той жа гімн хвалы нашаму Богу. Усе, хто належыць Хрысту, маючы Ягонага Духа, зрастаюцца ў адзін Касцёл і злучаюцца паміж сабой у Хрысце (пар. Эф 4, 16). Таму еднасць пілігрымуючых з тымі братамі, якія спачылі ў спакоі Хрыста, не перарываецца цалкам. Наадварот, паводле трывалай веры Касцёла яна ўмацоўваецца дзякуючы ўзаемаабмену духоўнымі дабротамі148. Бо жыхары неба, глыбей з’яднаныя з Хрыстом, яшчэ трывалей умацоўваюць увесь Касцёл у святасці, а культ, які Касцёл тут, на зямлі, аддае Богу, узвышаюць і па-рознаму садзейнічаюць больш шырокаму будаўніцтву Касцёла (пар. 1 Кар 12, 12-27)149. Прынятыя да айчыны і знаходзячыся блізка каля Пана (пар. 2 Кар 5, 8), праз Яго, з Ім і ў Ім няспынна заступаюцца за нас перад Айцом150, ахвяруючы Яму заслугі, якія праз адзінага Пасрэдніка паміж Богам і людзьмі, Езуса Хрыста (пар. 1 Цім 2, 5), здабылі на зямлі, служачы Пану ва ўсім і ў целе сваім дапаўняючы тое, чаго неставала пакутам Хрыста, за Яго цела, якім ёсць Касцёл (пар. Клс 1, 24)151. Таму іх братэрскі клопат істотна дапамагае нашай слабасці.

50. Са старажытных часоў існавання хрысціянскай рэлігіі пілігрымуючы Касцёл, цалкам прызнаючы еднасць усяго Містычнага цела Езуса Хрыста, з вялікай пабожнасцю шанаваў памяць памерлых152, а паколькі маліцца за памерлых, каб яны былі вызвалены ад грахоў — гэта святая і збаўчая справа (пар. 2 Мак 12, 46), ён узносіць за іх малітвы. Што датычыць Апосталаў і Хрыстовых мучанікаў, якія, праліўшы сваю кроў, далі найвышэйшае сведчанне веры і любові, то Касцёл заўсёды верыў у іх цесную лучнасць з намі ў Хрысце, таму атачаў іх, як і Благаслаўлёную Дзеву Марыю, а таксама святых анёлаў, асаблівай пашанай153 і з пабожнасцю прасіў іх аб заступніцтве. Да іх ліку нядаўна былі далучаны тыя, хто дакладней наследаваў чыстасць і ўбоства Хрыста154 і, урэшце, тыя, хто дзякуючы гераічнаму практыкаванню хрысціянскіх цнот155 і боскім харызмам годны пабожнай пашаны з боку вернікаў і наследавання156.

Прыглядаючыся да жыцця тых, хто верна наследаваў Хрыста, мы маем новую прычыну шукаць будучы Горад (пар. Гбр 13, 14 і 11, 10) і адначасова пазнаем самы пэўны шлях, па якім сярод зменлівасці свету ў залежнасці ад уласцівага кожнаму стану і ўмоваў мы зможам дайсці да дасканалай еднасці з Хрыстом, гэта значыць да святасці157. У жыцці тых, хто з’яўляецца саўдзельнікам нашай чалавечнасці і больш дасканала прыпадабняецца да ўзору Хрыста (пар. 2 Кар 3, 18), Бог жыва паказвае людзям сваю прысутнасць і сваё аблічча. Праз іх Ён сам звяртаецца да нас і дае нам знак свайго Валадарства158, да якога мы, маючы такое мноства сведак (пар. Гбр 12, 1) і такое пацвярджэнне праўды Евангелля, моцна прыцягваемся.

Аднак не толькі дзякуючы іх прыкладу мы ўшаноўваем памяць жыхароў неба, але яшчэ больш дзеля таго, каб умацоўвалася еднасць усяго Касцёла ў Духу праз практыкаванне братэрскай любові (пар. Эф 4, 1-6). Бо як узаемная хрысціянская еднасць паміж падарожнымі вядзе нас бліжэй да Хрыста, так адносіны са святымі яднаюць нас з Хрыстом, з якога, быццам з Крыніцы і Галавы, выцякае ўсялякая ласка і жыццё Божага народу159. Таму надзвычай неабходна, каб мы любілі гэтых сяброў і сунаследнікаў Езуса Хрыста, а таксама нашых братоў і асаблівых дабрачынцаў, належна дзякавалі Богу за іх160, «з пакораю да іх звярталіся і для атрымання дабрадзействаў Бога праз Яго Сына Езуса Хрыста, нашага Пана, Адкупіцеля і Збаўцу, прасілі іх аб малітве, заступніцтве і дапамозе»161. Усялякае праўдзівае сведчанне любові, якое мы даем жыхарам неба, па сваёй сутнасці канчаткова накіроўваецца да Хрыста, які ёсць «каронай усіх святых»162, а праз Яго — да Бога, які цудоўны ў сваіх святых і ўзвялічаны ў іх163.

Найбольш высакародным чынам нашае яднанне з нябесным Касцёлам ажыццяўляецца тады, калі, асабліва ў святой Літургіі, у якой моц Духа Святога ўздзейнічае на нас праз сакрамэнтальныя знакі, разам з ім у радасным захапленні мы праслаўляем веліч Бога164 і калі ўсе мы, з кожнага пакалення, мовы, племені і народу, адкупленыя ў крыві Хрыста (пар. Ап 5, 9) і сабраныя ў адзін Касцёл, адной песняй хвалы праслаўляем Бога, Адзінага ў Тройцы. Таму, цэлебруючы эўхарыстычную Ахвяру, мы найбольш яднаемся з пакланеннем нябеснага Касцёла, уваходзячы ў еднасць і ўшаноўваючы перадусім памяць заўсёды слаўнай Дзевы Марыі, а таксама св. Юзафа, св. Апосталаў і мучанікаў і ўсіх святых165.

51. Гэтую вартую пашаны веру нашых продкаў у жывыя зносіны з братамі, якія знаходзяцца ў нябеснай славе або яшчэ ачышчаюцца пасля смерці, гэты Святы Сабор з вялікай пабожнасцю прымае і нанова прадстаўляе пастановы трох Святых Сабораў: ІІ Нікейскага166, Фларэнційскага167 і Трыдэнцкага168. Адначасова ў сваім пастырскім клопаце заахвочвае ўсіх, каго гэта датычыць, да наступнага: калі дзе-небудзь будуць заўважаны злоўжыванні, парушэнні ці недахопы, няхай яны пастараюцца стрымаць ці выправіць іх і аднавіць усё дзеля большай хвалы Хрыста і Бога. Таму няхай навучаюць вернікаў, што сапраўдны культ святых грунтуецца не столькі на разнастайнасці знешніх актаў, колькі на ўмацаванні нашай актыўнай любові, праз якую мы шукаем для большага дабра нашага і Касцёла «як прыкладу ў жыцці святых, так і ўдзелу ў іх супольнасці, а таксама дапамогі ў іх заступніцтве»169. З другога боку яны павінны настаўляць вернікаў, што нашы зносіны з жыхарамі неба, калі толькі іх разумець у паўнейшым святле веры, зусім не абядняюць культ пакланення, які мы аддаём Богу Айцу праз Хрыста ў Духу, але наадварот, яшчэ больш узбагачаюць яго170.

Усе мы, якія з’яўляемся Божымі дзецьмі і ўтвараем адну Божую сям’ю ў Хрысце (пар. Гбр 3, 6), калі яднаемся паміж сабой ва ўзаемнай любові і ў адной хвале Найсвяцейшай Тройцы, адказваем на глыбокае пакліканне Касцёла і ўдзельнічаем у прадчуванні літургіі дасканалай славы171. Бо калі Хрыстус з’явіцца ў славе і настане хвалебнае ўваскрашэнне памерлых, бляск Бога асветліць нябесны Горад, а яго паходняй будзе Баранак (пар. Ап 21, 23). Тады ўвесь Касцёл святых у найвышэйшым шчасці любові будзе пакланяцца Богу і «забітаму Баранку» (Ап 5, 12), усклікаючы аднагалосна: «Таму, хто сядзіць на троне, і Баранку благаслаўленне і пашана, і слава, і моц на векі вечныя» (Ап 5, 13).

РАЗДЗЕЛ VIII
БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ БАГАРОДЗІЦА ДЗЕВА МАРЫЯ Ў ТАЯМНІЦЫ ХРЫСТА І КАСЦЁЛА

І. УСТУП

52. Найласкавейшы і найміласэрнейшы Бог, жадаючы здзейсніць адкупленне свету, «калі надышла паўната часу, паслаў Сына свайго, народжанага ад жанчыны... каб мы атрымалі ўсынаўленне» (Гал 4, 4-5). «Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення сышоў з неба. І праз Духа Святога прыняў цела ад Дзевы Марыі»172. Гэтая боская таямніца збаўлення аб’яўляецца нам і працягваецца ў Касцёле, які Пан устанавіў як сваё цела і ў якім вернікі, знаходзячыся пры Хрысце Галаве і маючы лучнасць з усімі Ягонымі святымі, павінны таксама шанаваць памяць «перадусім слаўнай заўсёды Дзевы Марыі, Маці Бога і Пана нашага Езуса Хрыста»173.

53. Дзева Марыя, якая, атрымаўшы анёльскае звеставанне, прыняла сэрцам і целам Божае Слова і дала свету Жыццё, прызнаецца і ўшаноўваецца як праўдзівая Маці Бога і Адкупіцеля. Годная асабліва ўзнёслага адкуплення дзякуючы заслугам свайго Сына і з’яднаная з Ім цеснай і непарыўнай сувяззю, Яна адорана найвышэйшым абавязкам і найвышэйшай годнасцю быць Маці Божага Сына, а таму — умілаванай дачкой Айца і святой святыняй Духа Святога. Дзякуючы гэтаму дару асаблівай ласкі Яна пераўзыходзіць усе іншыя зямныя і нябесныя стварэнні. Адначасова Яна звязана з усімі людзьмі, якія павінны быць збаўлены, паходжаннем з роду Адама і, больш за тое, ёсць «наогул Маці членаў (Хрыста)… паколькі сваёй любоўю садзейнічала таму, каб у Касцёле нараджаліся вернікі, якія з’яўляюцца членамі Галавы»174. Таму Яна ўшаноўваецца як найвыдатнейшы і абсалютна выключны член Касцёла і як яго вобраз, а таксама як самы дасканалы ўзор веры і любові. Каталіцкі Касцёл, навучаны Духам Святым, адорвае Яе чуйным сыноўскім пачуццём як наймілейшую Маці.

54. Таму Святы Сабор, выкладаючы вучэнне пра Касцёл, у якім боскі Адкупіцель здзяйсняе вечнае збаўленне, хоча старанна растлумачыць як ролю Благаслаўлёнай Дзевы ў таямніцы Уцелаўлёнага Слова і Містычнага цела, так і абавязкі іншых адкупленых людзей у дачыненні да Багародзіцы, Маці Хрыста і Маці людзей, асабліва вернікаў. Аднак Сабор не мае намеру прадстаўляць поўнае вучэнне пра Марыю ці вырашаць пытанні, якія яшчэ не цалкам высветлены тэолагамі. Таму надалей захоўваюцца погляды, якія свабодна выказваюцца ў каталіцкіх школах пра тую, якая ў святым Касцёле займае найвышэйшае месца пасля Хрыста і разам з тым найбліжэйшае да нас175.

ІІ. РОЛЯ БЛАГАСЛАЎЛЁНАЙ ДЗЕВЫ Ў ЭКАНОМІІ ЗБАЎЛЕННЯ

55. Святое Пісанне Старога і Новага Запаветаў, а таксама шанаваная Традыцыя больш зразумела прадстаўляюць і як бы відавочна паказваюць ролю Маці Збаўцы ў эканоміі збаўлення. Кнігі Старога Запавету апісваюць гісторыю збаўлення, у якой паволі рыхтуецца прыйсце на свет Хрыста. Гэтыя найстаражытнейшыя дакументы, як яны трактуюцца ў Касцёле і як разумеюцца ў святле пазнейшага поўнага Аб’яўлення, з цягам часу ўсё больш выразна паказваюць постаць жанчыны, Маці Адкупіцеля. У гэтым святле Яна па-прароцку прадстаўляецца ўжо ў дадзеным праайцам, упаўшым у грэх, правобразе, які гаворыць пра перамогу над змеем (пар. Быц 3, 15). Гэта таксама тая Дзева, якая зачне і народзіць Сына, імя якога будзе Эммануэль (пар. Іс 7, 14; пар. Міх 5, 2-3; Мц 1, 22-23). Гэта Яна займае першае месца сярод пакорных і ўбогіх Пана, якія з даверам чакаюць ад Яго збаўлення і атрымліваюць яго. Нарэшце, разам з Ёй, узнёслай Дачкой Сіёна, пасля доўгачаканага спаўнення абяцання, прыходзіць паўната часу і настае новая эканомія збаўлення, калі Божы Сын прыняў ад Яе чалавечую натуру, каб праз таямніцу свайго цела вызваліць чалавека ад граху.

56. Айцец міласэрнасці пажадаў, каб уцелаўленню папярэднічала згода той, якая была прызначана да мацярынства, каб такім чынам, як жанчына прычынілася да смерці, так зноў жанчына паспрыяла жыццю. Гэта асабліва датычыць Маці Езуса, якая дала свету тое Жыццё, якое адраджае ўсё, і была адорана Богам вартымі такога вялікага задання дарамі. Таму зусім не дзіўна, што ў святых айцоў усталяваўся звычай называць Багародзіцу ўсесвятой і пазбаўленай усякай грахоўнай заганы, як бы ўтворанай Духам Святым і сфармаванай як новае стварэнне176. Дзеву з Назарэта, адораную ад першага моманту зачацця бляскам асаблівай святасці, анёл звеставання вітае з даручэння Божага як «поўную ласкі» (Лк 1, 28). Яна адказвае пасланніку нябёс: «Вось Я, слуга Пана. Няхай Мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). Так Марыя, дачка Адама, згаджаючыся з Божым словам, стала Маці Езуса і, прымаючы збаўчую волю Бога ўсім сэрцам, нястрыманая ніякім грахом, як слуга Пана цалкам прысвяціла сябе асобе і справе свайго Сына, служачы таямніцы адкуплення пад Яго кіраўніцтвам і разам з Ім з ласкі ўсемагутнага Бога. Таму святыя айцы слушна лічаць, што Марыя не была толькі пасіўнай прыладай Бога, але што са свабоднай верай і паслухмянасцю Яна актыўна супрацоўнічала ў справе чалавечага збаўлення. Бо Яна, як кажа св. Ірэнэй, «будучы паслухмянай, стала прычынай збаўлення як для сябе, так і для ўсяго чалавецтва»177. Таму нямала старажытных айцоў у сваім навучанні ахвотна сцвярджаюць разам з ім: «Вузел, завязаны праз непаслухмянасць Евы, быў развязаны праз паслухмянасць Марыі; што звязала праз нявернасць дзева Ева, тое Дзева Марыя развязала праз веру»178. Правёўшы параўнанне з Евай, яны называюць Марыю «Маці жывых»179 і не раз сцвярджаюць: «Смерць прыйшла праз Еву, а жыццё — праз Марыю»180.

57. Гэтая сувязь Маці з Сынам у збаўчай справе выяўляецца з моманту беззаганнага зачацця Хрыста да самай Яго смерці. Спачатку Марыя спяшаецца адведаць Альжбету, якая пад уплывам сваёй веры ў абяцанае збаўленне вітае Яе як благаслаўлёную, а папярэднік узрушыўся ва ўлонні маці (пар. Лк 1, 41-45). Зноў жа ў момант нараджэння Багародзіца ў радасці паказвае пастухам і мудрацам свайго Першароднага Сына, які не парушыў Яе дзявочай чыстасці, але асвяціў Яе181. Калі Яна прадстаўляла Яго Богу ў святыні, прынёсшы дар убогіх, пачула прадказанне Сімяона, што Сын будзе знакам супраціву, а душу Маці праб’е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў (пар. Лк 2, 34-35). Калі бацькі згубілі і з болем шукалі Дзіця Езуса, яны знайшлі Яго ў святыні — у тым, што належала Ягонаму Айцу, але не зразумелі слоў Сына. Аднак Яго Маці, разважаючы, захоўвала ўсё гэта ў сваім сэрцы (пар. Лк 2, 41-51).

58. У публічным жыцці Езуса прысутнасць Яго Маці бачна з самага пачатку, калі на вяселлі ў Кане Галілейскай, абуджаная спачуваннем, Яна сваім заступніцтвам выклікала пачатак знакаў Езуса Месіі (пар. Ян 2, 1-11). На працягу Яго навучання Яна прыняла словы, у якіх Сын, ставячы Божае Валадарства вышэй за меркаванні і сувязі цела і крыві, назваў благаслаўлёнымі тых, хто слухае і захоўвае слова Божае (пар. Мк 3, 35 і парал.; Лк 11, 27-28), як гэта верна рабіла Яна (пар. Лк 2, 19 і 51). Так Благаслаўлёная Дзева ішла дарогай веры і верна захавала сваю еднасць з Сынам да самага крыжа, каля якога стаяла паводле Божага намеру (пар. Ян 19, 25), моцна цярпела разам са сваім Адзінародным і з’ядналася з Яго ахвярай матычным духам, з любоўю згаджаючыся з прынясеннем у ахвяру народжанага ад Яе. Нарэшце, самім Езусам Хрыстом, які паміраў на крыжы, Яна была дадзена ў Маці вучню: «Жанчына, вось сын Твой» (пар. Ян 19, 26-27)182.

59. Але, паколькі Богу спадабалася ўрачыста абвясціць таямніцу чалавечага збаўлення не раней, чым спашле абяцанага Хрыстом Духа Святога, мы бачым, што Апосталы перад днём Пяцідзесятніцы «адзінадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Езуса, і з братамі Ягонымі» (Дз 1, 14). Бачым таксама Марыю, якая ў малітвах просіць дару Духа, які падчас звеставання ўжо сышоў на Яе. Беззаганная Дзева, захаваная ад усякай заганы першароднага граху183, закончыўшы шлях зямнога жыцця, была з целам і душою ўзята ў неба да нябеснай славы184 і ўзвышана Панам як Валадарка ўсяго, каб больш прыпадобніцца да свайго Сына, Валадара валадароў (пар. Ап 19, 16) і Пераможцы граху і смерці185.

ІІІ. БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ ДЗЕВА І КАСЦЁЛ

60. У нас ёсць адзіны Пасрэднік, паводле слоў Апостала: «Бо адзін Бог і адзін Пасрэднік паміж Богам і людзьмі: чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх» (1 Цім 2, 5-6). Мацярынская роля Марыі ў дачыненні да людзей ніякім чынам не закрывае і не прыніжае гэтага адзінага пасрэдніцтва Хрыста, але паказвае яго моц. Бо ўвесь збаўчы ўплыў Благаслаўлёнай Дзевы на людзей нараджаецца не з нейкай неабходнасці рэчаў, а з Божага ўпадабання і выцякае са шчодрага багацця Хрыстовых заслуг, на Яго пасрэдніцтве грунтуецца, ад гэтага пасрэдніцтва цалкам залежыць і з яго чэрпае ўсю сваю моц; ніякім чынам не перашкаджае непасрэднаму з’яднанню вернікаў з Хрыстом, а наадварот, умацоўвае яго.

61. Благаслаўлёная Дзева, спрадвеку прадвызначаная разам з уцелаўленнем Божага Слова як Божая Маці, была на зямлі, з пастановы Божага Провіду, Маці-карміцелькай Боскага Адкупіцеля, асабліва ўзвялічанай па-над усімі іншымі, паплечніцай і пакорнай слугой Пана. Зачынаючы, нараджаючы, кормячы Хрыста, прадстаўляючы Яго ў святыні Айцу і церпячы разам са сваім Сынам падчас Яго канання на крыжы, Яна сапраўды супрацоўнічала ў справе Збаўцы праз веру, надзею і адданую любоў дзеля аднаўлення звышпрыроднага жыцця чалавечых душ. Таму яна стала для нас Маці паводле ласкі.

62. Гэтае мацярынства Марыі ў эканоміі ласкі працягваецца няспынна, пачынаючы ад акту згоды, якую пры звеставанні Яна верна выказала і якую без вагання захавала пад крыжам, да вечнага здзяйснення збаўлення ўсіх выбраных. Узятая ў неба, Яна не спыніла гэтае збаўчае дзеянне, але праз сваё разнастайнае заступніцтва няспынна выпрошвае нам дары вечнага збаўлення186. Дзякуючы сваёй мацярынскай любові Яна апякуецца братамі свайго Сына, якія яшчэ пілігрымуюць, сярод працы і небяспек, пакуль не будуць прыведзены да шчаслівай айчыны. Таму Благаслаўлёную Дзеву Касцёл называе Заступніцай, Апякункай, Памочніцай, Пасрэдніцай187. Аднак гэта разумеецца ў такім сэнсе, што ад годнасці і эфектыўнасці дзеяння Хрыста, адзінага Пасрэдніка, нічога не адымаецца і не дадаецца188.

Ніякае стварэнне не можа ніколі стаяць нароўні з Уцелаўлёным Словам і Адкупіцелем; але як святарства Хрыста па-рознаму становіцца ўдзелам святых распарадчыкаў і вернага народу, як еднасць Бога па-рознаму рэальна пашыраецца ў стварэннях, так і адзінае пасрэдніцтва Адкупіцеля не выключае, але абуджае ў стварэннях разнастайнае ўзаемадзеянне, якое паходзіць з удзелу ў адной крыніцы.

Таму Касцёл без вагання вызнае такую падпарадкаваную ролю Марыі; ведае пра яе са свайго досведу і скіроўвае сэрцы вернікаў, каб яны, падтрыманыя гэтай мацярынскай апекай, яшчэ мацней гарнуліся да Пасрэдніка і Збаўцы.

63. Благаслаўлёная Дзева дзякуючы дару і ролі боскага мацярынства, якія яднаюць Яе з Сынам Адкупіцелем, і дзякуючы сваім асаблівым ласкам і дарам глыбока звязана таксама з Касцёлам: Багародзіца з’яўляецца, як ужо навучаў св. Амброзій, правобразам (typus) Касцёла ў сэнсе веры, любові і дасканалага з’яднання з Хрыстом189. У таямніцы Касцёла, які і сам слушна называецца Маці і Дзевай, Благаслаўлёная Дзева Марыя мела выдатнае і асаблівае першынство, даючы ўзор маці і дзевы190. Праз веру і паслухмянасць Яна нарадзіла на зямлі самога Сына Айца, прытым не пазнаўшы мужа, напоўненая Духам Святым, быццам новая Ева, Яна вызнала веру, не скажоную ніякім сумненнем, не старажытнаму змею, але пасланніку Бога. Яна нарадзіла Сына, якога Бог устанавіў Першародным сярод многіх братоў (пар. Рым 8, 29), гэта значыць сярод вернікаў, у нараджэнні і выхаванні якіх Яна супрацоўнічала сваёй мацярынскай любоўю.

64. Разважаючы над Яе таямніцай, наследуючы Яе любоў і верна выконваючы волю Айца дзякуючы прынятаму з верай Божаму слову, Касцёл сам становіцца маці, бо праз прапаведаванне і хрост ён нараджае да новага і несмяротнага жыцця дзяцей, зачатых ад Духа Святога і народжаных ад Бога. Касцёл таксама з’яўляецца дзевай, якая захоўвае цэласную і чыстую вернасць, абяцаную Абранніку, і, наследуючы Маці свайго Пана, моцай Духа Святога цнатліва захоўвае непарушную веру, моцную надзею і шчырую любоў191.

65. У той час як Касцёл у асобе Благаслаўлёнай Дзевы Марыі ўжо дасягае дасканаласці, дзякуючы якой існуе беззаганным і незаплямленым (пар. Эф 5, 27), хрысціяне дагэтуль старанна імкнуцца, перамагаючы грэх, узрастаць у святасці. Таму яны ўздымаюць вочы да Марыі, якая свеціць усёй супольнасці выбраных як узор цнотаў. Пабожна разважаючы і прыглядаючыся да Яе ў святле Слова, якое стала чалавекам, Касцёл з пашанай глыбей пранікае ў найвышэйшую таямніцу ўцелаўлення і ўсё больш прыпадабняецца да свайго Абранніка. Бо Марыя, трывала ўвайшоўшы ў гісторыю збаўлення і пэўным чынам спалучаючы ў сабе і адлюстроўваючы найважнейшыя праўды веры, калі прапаведуюць пра Яе і ўшаноўваюць, заклікае вернікаў да свайго Сына і да Яго ахвяры, а таксама да любові Айца. Касцёл жа, імкнучыся да славы Хрыста, больш прыпадабняецца да свайго высокага Правобразу, няспынна ўзрастаючы ў веры, надзеі і любові, шукаючы ва ўсім волі Божай і будучы ёй паслухмяным. Таму і ў сваёй апостальскай дзейнасці Касцёл слушна ўзіраецца ў тую, якая нарадзіла Езуса, які для таго быў зачаты ад Духа Святога і нарадзіўся з Дзевы, каб гэтаксама праз Касцёл нараджацца і ўзрастаць у сэрцах вернікаў. А Дзева стала ў сваім жыцці прыкладам мацярынскага пачуцця, якое павінна ажыўляць усіх супрацоўнікаў дзеля адраджэння людзей у апостальскай місіі Касцёла.

IV. КУЛЬТ БЛАГАСЛАЎЛЁНАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ

66. Марыя, узвышаная пасля Сына дзякуючы Божай ласцы па-над усімі анёламі і людзьмі, як Благаслаўлёная Маці Божая, якая ўдзельнічала ў таямніцах Хрыста, слушна ўшаноўваецца Касцёлам у асаблівым кульце. Ужо з самых даўніх часоў Благаслаўлёная Дзева ўшаноўваецца пад імем «Багародзіцы», пад абарону якой вернікі аддаюць сябе ў малітвах ва ўсіх сваіх нядолях і патрэбах192. Асабліва з часу Эфескага Сабору цудоўным чынам пашыраўся ў Божым народзе культ Марыі, які выявіўся ў пашане і любові, у закліках і наследаванні, згодна з Яе ўласнымі прарочымі словамі: «Благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні, бо вялікае ўчыніў Мне Усемагутны» (Лк 1, 48-49). Гэты культ, які заўсёды існаваў у Касцёле, хоць наогул і выключны, істотна адрозніваецца ад культу пакланення, які аддаецца ўцелаўлёнаму Слову нароўні з Айцом і Духам Святым, і найбольш спрыяе яму. Розныя формы ўшанавання Багародзіцы, якія Касцёл у межах здаровага і законнага вучэння зацвердзіў адпаведна ўмовам часу і месца і ў залежнасці ад характару і менталітэту вернікаў, скіраваныя на тое, каб праз ушанаванне Маці яны пазнавалі, любілі, пакланяліся і належым чынам захоўвалі запаведзі Сына, праз якога ўсё існуе (пар. Клс 1, 15-16) і ў якім спрадвечнаму Айцу «спадабалася... каб у Ім жыла ўся паўната» (Клс 1, 19).

67. Святы Сабор наўмысна падае да ведама гэтае каталіцкае вучэнне, адначасова нагадваючы ўсім дзецям Касцёла, каб яны шчыра падтрымлівалі культ Благаслаўлёнай Дзевы, асабліва літургічны, і высока цанілі практыкі і пабожныя практыкаванні ў Яе гонар, рэкамендаваныя на працягу вякоў Настаўніцкім Інстытутам Касцёла, і пабожна захоўвалі тое, што ў мінулыя часы было пастаноўлена наконт культу выяваў Хрыста, Благаслаўлёнай Дзевы і святых193. Тэолагаў жа і прапаведнікаў Божага слова горача заахвочвае, каб у разважанні пра асаблівую годнасць Багародзіцы яны пільна асцерагаліся ўсякага фальшывага перабольшання і празмернай абмежаванасці поглядаў194. Рупліва вывучаючы пад кіраўніцтвам Настаўніцкага Інстытута Касцёла Святое Пісанне, айцоў і доктараў Касцёла, а таксама літургію, яны павінны належна тлумачыць дары і прывілеі Благаслаўлёнай Дзевы, якія заўжды адносяцца да Хрыста — крыніцы ўсялякай праўды, святасці і пабожнасці. Няхай пільна асцерагаюцца ўсяго, што ў словах і чынах магло б увесці ў зман адлучаных братоў ці якіх-небудзь іншых людзей адносна праўдзівага вучэння Касцёла. У сваю чаргу няхай вернікі памятаюць пра тое, што сапраўдная пабожнасць грунтуецца не на марным і часовым пачуцці ці на нейкай дарэмнай легкавернасці, але паходзіць з праўдзівай веры, якая вядзе нас да прызнання выключнасці Багародзіцы і пабуджае нас па-сыноўску любіць нашу Маці і наследаваць Яе цноты.

V. МАРЫЯ — ЗНАК ПЭЎНАЙ НАДЗЕІ І СУЦЯШЭННЯ ПІЛІГРЫМУЮЧАГА БОЖАГА НАРОДУ

68. Тым часам Маці Езуса, якая ўжо праслаўлена целам і душой у небе, будучы вобразам і пачаткам Касцёла, які павінен дасягнуць паўнаты ў будучым веку, тут, на зямлі, пакуль не настане дзень Пана (пар. 2 П 3, 10), свеціць пілігрымуючаму Божаму народу як знак пэўнай надзеі і суцяшэння.

69. Гэтаму Святому Сабору прыносіць вялікую радасць і суцяшэнне тое, што і сярод адлучаных братоў дастаткова тых, хто належна ўшаноўвае Маці Пана і Збаўцы, асабліва сярод усходніх хрысціянаў, якія з гарачым запалам і пабожнасцю саўдзельнічаюць у кульце Багародзіцы заўсёды Дзевы195. Няхай усе хрысціяне настойліва просяць Маці Бога і Маці людзей, каб Яна, якая падтрымлівала сваімі малітвамі пачаткі Касцёла, цяпер, узвышаная над усімі святымі і анёламі ў небе, у супольнасці ўсіх святых заступалася перад сваім Сынам, пакуль усе сем’і народаў, названых пачэсным імем хрысціянаў, і тых, што яшчэ не пазналі свайго Збаўцу, не аб’яднаюцца шчасліва ў спакоі і згодзе ў адзін Божы народ дзеля хвалы Найсвяцейшай і непадзельнай Тройцы.

 

Усё, што абвешчана ў гэтай Дагматычнай канстытуцыі — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.


Рым, у св. Пятра, 21 лістапада 1964г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА

(Ідуць подпісы Айцоў)
 
З АКТАЎ ДРУГОГА ВАТЫКАНСКАГА СУСВЕТНАГА СВЯТОГА САБОРУ
НАТЫФІКАЦЫЯ
ЗРОБЛЕНАЯ ДАСТОЙНЕЙШЫМ ГЕНЕРАЛЬНЫМ САКРАТАРОМ СВЯТОГА САБОРУ
НА 123-Й ГЕНЕРАЛЬНАЙ КАНГРЭГАЦЫІ 16 ЛІСТАПАДА 1964г.

Было зададзена пытанне, якой павінна быць тэалагічная кваліфікацыя выкладзенага і вынесенага на галасаванне вучэння.

Дактрынальная камісія адказала на пытанне ў разважаннях над папраўкамі, якія датычаць трэцяга раздзела Праекта пра Касцёл, у наступны словах:

«Тэкст Сабору, што відавочна само па сабе, павінен заўсёды інтэрпрэтавацца паводле вядомых усім агульных прынцыпаў».

Пры гэтай нагодзе Дактрынальная камісія адсылае да сваёй Дэкларацыі ад 6 сакавіка 1964г., тэкст якой цытуем:

«Прымаючы пад увагу саборны звычай і пастырскую мэту дадзенага Сабору, гэты Святы Сабор наказвае Касцёлу лічыць абавязковым для захавання ў справах веры ці звычаяў толькі тое, што сам адкрыта абвяшчае.

Усё астатняе, што Святы Сабор падае як вучэнне Найвышэйшага Настаўніцкага Інстытута Касцёла, хрысціяне, усе і кожны паасобку, павінны прымаць і прызнаваць згодна з думкаю самога Святога Сабору, якую можна пазнаць з пададзенага зместу або са спосабу выказвання паводле тэалагічных нормаў інтэрпрэтацыі».

Далей з упаўнаважання Найвышэйшай Улады да ведама Айцоў падаецца ўступная тлумачальная нота да Паправак, якія датычаць трэцяга раздзела Праекта пра Касцёл; вучэнне, выкладзенае ў тым жа трэцім раздзеле, павінна тлумачыцца і разумецца паводле думкі і фармуліровак ноты.

УСТУПНАЯ ТЛУМАЧАЛЬНАЯ НОТА

«Камісія вырашыла папярэдзіць разважанне над Папраўкамі наступнымі заўвагамі:

1. Калегія не разумеецца ў дакладна юрыдычным значэнні, гэта значыць як група роўных, якія перадалі б сваю ўладу старшыні, але як сталая група, структура і аўтарытэт якой павінны выводзіцца з Аб’яўлення. Таму ў адказе на папраўку 12 выразна гаворыцца аб Дванаццаці, што Бог устанавіў іх „як калегію, або як сталую групу“ (пар. таксама папр. 53, с). З той жа прычыны ў дачыненні да Калегіі Біскупаў у розных месцах выкарыстоўваюцца словы: стан (оrdo) або супольнасць (сorpus). Паралелізм паміж Пятром і рэштай Апосталаў з аднаго боку, і Найвышэйшым Пантыфікам і біскупамі, з другога, не прадбачыць перадачы надзвычайнай улады Апосталаў іх наступнікам ці, зразумела, роўнасці паміж Галавой і членамі Калегіі, але толькі прапарцыянальнасць паміж першым (Пётр — Апосталы) і другім (Папа — біскупы). Таму Камісія вырашыла напісаць у № 22: не такім жа чынам (eadem), а падобным чынам (pari) (пар. папр. 57).

2. Членамі Калегіі становяцца на моцы біскупскага пасвячэння і дзякуючы іерархічнай супольнасці з галавой Калегіі і яе членамі (пар. № 22 § 1 у канцы).

Праз пасвячэнне перадаецца анталагічны ўдзел у святым абавязку (munera), як гэта вядома з Традыцыі, у тым ліку з літургічнай. Наўмысна выкарыстана слова абавязак (munerum), а не ўлада (potestatum), паколькі апошняе слова магло б разумецца ў значэнні фактычна здзяйсняемай улады. А каб улада фактычна здзяйснялася, іерархічным аўтарытэтам павінна быць акрэслена яе кананічнае, або законнае, азначэнне. Гэтае азначэнне ўлады можа засноўвацца на даручэнні асаблівага задання або на прызначэнні падуладных, а даручэнне адбываецца паводле нормаў, зацверджаных найвышэйшай уладай. Асаблівая норма такога тыпу неабходна сама па сабе, паколькі гаворка ідзе пра абавязкі, якія павінны выконвацца большай колькасцю суб’ектаў, якія іерархічна ўзаемадзейнічаюць з волі Хрыста. Зразумела, што гэта супольнасць (communio) змянялася ў жыцці Касцёла ў залежнасці ад умоў часу, перш чым была кадыфікавана ў законе.

Таму выразна гаворыцца, што патрэбна іерархічная супольнасць з Галавой Касцёла і яго членамі. Супольнасць (communio) — гэта паняцце, якое ў старажытным Касцёле (падобна як і сёння, асабліва на Усходзе) карыстаецца вялікай павагай. Але яно азначае не нейкае неакрэсленае пачуццё, але арганічную рэчаіснасць, якая патрабуе юрыдычнай формы і адначасова ажыўлена духам любові. Таму Камісія амаль аднагалосна вырашыла, што трэба напісаць „у іерархічнай супольнасці“ (пар. папр. 40, а таксама тое, што гаворыцца пра кананічную місію ў № 24).

Дакументы апошніх Найвышэйшых Пантыфікаў, якія датычаць юрысдыкцыі біскупаў, трэба інтэрпрэтаваць згодна з гэтым абавязковым азначэннем улады.

3. Пра Калегію, якая не існуе без Галавы, гаворыцца, што яна „таксама з’яўляецца суб’ектам найвышэйшай і поўнай улады над усім Касцёлам“. Гэта абавязкова трэба прыняць, каб не пашкодзіць паўнаты ўлады Рымскага Пантыфіка, бо Калегія неад’емна і заўсёды змяшчае ў сабе паняцце сваёй Галавы, якая ў Калегіі захоўвае непарушна свой абавязак Намесніка Хрыста і Пастыра паўсюднага Касцёла. Іншымі словамі: адрозненне праходзіць не паміж Рымскім Пантыфікам і біскупамі, узятымі разам, а паміж Рымскім Пантыфікам асобна і Рымскім Пантыфікам разам з біскупамі. А паколькі Найвышэйшы Пантыфік з’яўляецца Галавой Калегіі, ён можа сам адзін выконваць пэўныя дзеянні, якія ні ў якой ступені не належаць біскупам, напрыклад, склікаць Калегію і кіраваць ёй, зацвярджаць нормы дзеяння і г. д. (пар. папр. 81). Да рашэння Найвышэйшага Пантыфіка, якому быў даручаны клопат пра ўвесь Хрыстовы статак, належыць акрэсленне — у залежнасці ад патрэб Касцёла, якія з часам змяняюцца, — таго, як трэба здзяйсняць гэты клопат: ці толькі асабіста, ці таксама калегіяльна. У кіраванні, падтрымцы, зацвярджэнні і дзейнасці Калегіі Рымскі Пантыфік, беручы пад увагу дабро Касцёла, прымае рашэнні паводле ўласнага меркавання.

4. Найвышэйшы Пантыфік, як Найвышэйшы Пастыр Касцёла, можа ў любы час ажыццяўляць сваю ўладу паводле ўласнай волі, як гэтага патрабуе яго абавязак. У сваю чаргу Калегія, хоць існуе заўсёды, не выконвае няспынна непасрэдна калегіяльную дзейнасць, як гэта вядома з Традыцыі Касцёла. Іншымі словамі: яна не заўсёды знаходзіцца „ў поўным складзе“, а наадварот, толькі пэўны час дзейнічае дакладна калегіяльным чынам і не інакш, як толькі са згоды Галавы. Гаворыцца „са згоды Галавы“, каб не думалі пра залежнасць як быццам бы ад кагосьці звонку. Наадварот, тэрмін „згода“ нагадвае пра супольнасць паміж Галавой і членамі, а таксама прадбачыць неабходнасць дзеяння, якое ўласцівым чынам належыць Галаве. Справа выразна сцверджана ў № 22 § 2 і растлумачана там жа напрыканцы. Адмоўная формула „не інакш, як толькі (nonnisi)“ ахоплівае ўсе выпадкі; таму зразумела, што нормы, зацверджаныя Найвышэйшай Уладай, павінны заўжды захоўвацца (пар. папр. 84).

Усюды выразна бачна, што гаворка ідзе пра сувязь біскупаў з іх Галавой, і ніколі пра дзейнасць біскупаў незалежна ад Папы. У тым выпадку, калі няма дзейнасці Галавы, біскупы не могуць дзейнічаць як Калегія, як гэта вынікае з паняцця „Калегія“. Гэтая іерархнічная супольнасць усіх біскупаў з Найвышэйшым Пантыфікам, бясспрэчна, прадстаўлена ў Традыцыі.

NB. Без іерархічнай супольнасці не можа выконвацца сакрамэнтальна-анталагічны абавязак, які трэба адрозніць ад кананічна-юрыдычнага аспекту. Камісія не палічыла патрэбным разглядаць пытанні дазволенасці і сапраўднасці, якія пакідаюцца дыскусіі тэолагаў, у прыватнасці, што датычыць улады, якая ажыццяўляецца de facto ў адлучаных усходніх хрысціянаў, якую тлумачаць па-рознаму».

† ПЕРЫКЛЕС ФЕЛІЧЫ
Тытулярны Арцыбіскуп Самасаты
Генеральны Сакратар Другога Ватыканскага
Сусветнага Святога Сабору

 
З першай сесіі ўвага Айцоў Сабору засяроджваецца на канцэпцыі Касцёла. Першапачатковы тэкст прадстаўляў традыцыйнае вучэнне з некаторымі дадаткамі (пра сакрамэнтальнасць біскупаства, супольнасную аснову Касцёла, статус свецкіх і г. д.) і быў пераважна схаластычны, не меў пастырскага і экуменічнага аспектаў, таму быў цалкам перапрацаваны на Саборы. Касцёл, разгледжаны паводле яго прыроды, служэння і дыялогу са свецкімі, стаў першасным і галоўным пытаннем на другой і трэцяй сесіях, на якіх абмяркоўваліся сакрамэнтальнасць і калегіяльнасць біскупства, усеагульнае служэнне біскупаў у еднасці са Святым Айцом і іх пастырскае заданне ў мясцовым Касцёле, святарства, адраджэнне ў касцёльнай практыцы сталага дыяканату. Паглыбілася разуменне духоўнага і бачнага вымярэння Касцёла, таямніцы Касцёла як Божага народу, ролі і статусу свецкіх, якія ўдзельнічаюць у агульным святарстве Хрыста, усеагульнага паклікання да святасці, якое паказвае свету Касцёл як знак новага чалавецтва на шляху да паўнаты часу, калі Бог будзе ўсё ва ўсім. Заключны тэкст пераадольвае першапачатковыя складанасці і канфлікты, паказваючы новыя дасягненні ў эклезіяльным вучэнні, і аказвае вялікі ўплыў на іншыя касцёльныя дакументы. Ён быў абнародаваны на трэцяй сесіі 21 лістапада 1964 года.

q

  1. Пар. S. CYPRIANUS, Epist. 64, 4: PL 3, 1017; CSEL (Hartel), III B, p. 720. S. HILARIUS PICT., In Mt. 23, 6: PL 9, 1047. S. AUGUSTINUS, passim. S. CYRILLUS ALEX., Glaph. in Gen. 2,10: PG 69, 110A.
  2. S. GREGORIUS M., Hom. in Evang. 19, 1: PL 76, 1154B. Пар. S. AUGUSTINUS, Serm. 341, 9, 11: PL 39, 1499s. S. IO. DAMASCENUS, Adv. Iconocl. 11: PG 96, 1357.
  3. Пар. S. IRENAEUS, Adv. Haer. III, 24, 1: PG 7, 966B; HARVEY 2, 131, ed. SAGNARD, Sources Chr., p. 398.
  4. S. CYPRIANUS, De Orat. Dom. 23: PL 4, 553: HARTEL, III A, p. 285. S. AUGUSTINUS, Serm. 71, 20, 33: PL 38, 463s. S. IO. DAMASCENUS, Adv. Iconocl. 12: PG 96, 1358D.
  5. Пар. ORIGENES, In Mt. 16, 21: PG 13, 1443 C; TERTULLIANUS, Adv. Marc. 3, 7: PL 2, 357C; CSEL 47, 3, p. 386. Pro documentis liturgicis, пар. Sacramentarium Gregorianum: PL 78, 160B; vel C. MOHLHERG, Liber Sacramentorum Romanae Ecclesiae, Romae, 1960, p. 111, XC: «Deus, qui ex omni coaptatione sanctorum aeternum tibi condis habitaculum...» (Божа, адусюль выбіраючы святых, Ты засноўваеш сабе вечнае жыллё). Hymnus Urbs Ierusalem beata in Breviario monastico, et Coelestis urbs Ierusalem in Breviario romano.
  6. Пар. S. THOMAS, Summa Theol. III, q. 62, a. 5, ad 1.
  7. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis, 29 iun. 1943: AAS 35 (1943), p. 208.
  8. Пар. LEO XIII, Epist. Encycl. Divinum illud, 9 maii 1897: ASS 29 (1896-97), p. 650. PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis, l. c., pp. 219-220: DENZ. 2288 (3808). S. AUGUSTINUS, Serm. 268, 2: PL 38, 1232, et alibi. S. IO. CHRYSOSTOMUS, In Eph. Hom. 9, 3: PG 62, 72. DIDYMUS ALEX., Trin. 2, 1: PG 39, 449s. S. THOMAS, In Col. 1, 18, lect. 5: ed. Marietti, II, n. 46: «Sicut constituitur unum corpus ex unitate animae, ita Ecclesia ex unitate Spiritus...» (Як узнікае адно цела дзякуючы еднасці душы, так і Касцёл — дзякуючы еднасці Духа).
  9. Пар. LEO XIII, Litt. Encycl. Sapientiae christianae, 10 ian. 1890: ASS 22 (1889-90), p. 392. ID., Epist Encycl. Satis cognitum, 29 iun. 1896: ASS 28 (1895-96), pp. 710 et 724ss. PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis, l. c., pp. 199-200.
  10. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis, l. c., p. 221ss. ID., Litt. Encycl. Humani generis, 12 aug. 1950: AAS 42 (1950), p. 571.
  11. Пар. LEO XIII, Epist. Encycl. Satis cognitum, l. c., p. 713.
  12. Пар. Symbolum Apostolicum: DENZ. 6-9 (10-30); Symb. Nic.-Const.: DENZ. 86 (150); coll. Prof. fidei Trid.: DENZ. 994 et 999 (1862 et 1868).
  13. Называецца «Sancta (catholica apostolica) Romana Ecclesia» (святы (каталіцкі апостальскі) Рымскі Касцёл) in Prof. fidei Trid., l. c. et CONC. VAT. I, Const. dogm. de fide cath. Dei Filius: DENZ. 1782 (3001).
  14. S. AUGUSTINUS, De civ. Dei, XVIII, 51, 2: PL 41, 614.
  15. Пар. S. CYPRIANUS, Epist. 69, 6: PL 3, 1142B; HARTEL 3B, p. 754: «inseparabile unitatis sacramentum» (неад’емны сакрамэнт еднасці).
  16. Пар. PIUS XII, Alloc. Magnificate Dominum, 2 nov. 1954: AAS 46 (1954), p. 669. Litt. Encycl. Mediator Dei, 20 nov. 1947: AAS 39 (1947), p. 555.
  17. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Miserentissimus Redemptor, 8 maii 1928: AAS 20 (1928), p. 171s. PIUS XII, Alloc. Vous nous avez, 22 sept. 1956: AAS 48 (1956), p. 714.
  18. Пар. S. THOMAS, Summa Theol. III, q. 63, a. 2.
  19. Пар. S. CYRILLUS HIER., Catech. 17, de Spiritu Sancto, II, 35-37: PG 33, 1009-1012. NIC. CABASILAS, De vita in Christo, lib. III, de utilitate chrismatis: PG 150, 569-580. S. THOMAS, Summa Theol. III, q. 65, a. 3 et q. 72, a. 1 et 5.
  20. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Mediator Dei, 20 nov. 1947: AAS 39 (1947), praesertim p. 552s.
  21. 1 Кар 7, 7: «Кожны мае ўласны дар (idion charisma) ад Бога, адзін так, другі інакш». Пар. S. AUGUSTINUS, De Dono Persev., 14, 37: PL 45, 1015s.: «Non tantum continentia Dei donum est, sed coniugatorum etiam castitas» (Не толькі ўстрыманне з’яўляецца Божым дарам, але і сужэнская чыстасць).
  22. S. AUGUSTINUS, De Praed. Sanct. 14, 27: PL 44, 980.
  23. S. IO. CHRYSOSTOMUS, In Io., Hom. 65, 1: PG 59, 361.
  24. Пар. S. IRENAEUS, Adv. Haer. III, 16, 6; III, 22, 1-3: PG 7, 925C-926A et 955C-958A; HARVEY 2, 87s. et 120-123; SAGNARD, ed. Sources Chr., pp. 290-292 et 372ss.
  25. Пар. S. IGNATIUS M., Ad Rom, Praef.: ed. FUNK, I, 252.
  26. Пар. S. AUGUSTINUS, Bapt. c. Donat. V, 28, 39: PL 43, 197: «Certe manifestum est, id quod dicitur, in Ecclesia intus et foris, in corde, non in corpore cogitandum» (Цалкам відавочна, што выказванне «ў Касцёле» і «па-за» трэба разумець як «у сэрцы», а не «ў целе»). Пар. тамсама, III, 19, 26: col. 152; V, 18, 24: col. 189; In Io., Tr. 61, 2: PL 35, 1800, et alibi saepe.
  27. Лк 12, 48: «З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат з яго». Пар. 5, 19-20; 7, 21-22; 25, 41-46; Як 2, 14.
  28. Пар. LEO XIII, Epist. Apost. Praeclara gratulationis, 20 iun. 1894: ASS 26 (1893-94), p. 707.
  29. Пар. LEO XIII, Epist. Encycl. Satis cognitum, 29 iun. 1896: ASS 28 (1895-96), p. 738. Epist. Encycl. Caritatis studium, 25 iul. 1898: ASS 31 (1898-99), p. 11. PIUS XII, Nuntius radioph. Nell’alba, 24 dec. 1941: AAS 34 (1942), p. 21.
  30. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Rerum Orientalium, 8 sept. 1928: AAS 20 (1928), p. 287. PIUS XII, Litt. Encycl. Orientalis Ecclesiae, 9 apr. 1944: AAS 36 (1944), p. 137.
  31. Пар. Instr. S. S. C. S. OFFICII, 20 dec. 1949: AAS 42 (1950), p. 142.
  32. Пар. S. THOMAS, Summa Theol. III, q. 8, a. 3, ad 1.
  33. Пар. Epist. S. S. C. S. OFFICII ad Archiep. Boston.: DENZ. 3869-72.
  34. Пар. EUSEBIUS CAES., Praeparatio Evangelica, 1, 1: PG 21, 28AB.
  35. Пар. BENEDICTUS XV, Epist. Apost. Maximum illud: AAS 11 (1919), p. 440, praesertim p. 451ss. PIUS XI, Litt. Encycl. Rerum Ecclesiae: AAS 18 (1926), pp. 68-69. PIUS XII, Litt. Encycl. Fidei Donum, 21 apr. 1957: AAS 49 (1957), pp. 236-237.
  36. Пар. Didache1, 14: ed. FUNK, I, p. 32. S. IUSTINUS, Dial. 41: PG 6, 564. S. IRENAEUS, Adv. Haer. IV, 17, 5: PG 7, 1023; HARVEY, 2, p. 199s. CONC. TRID., Sess. 22, cap. 1: DENZ. 939 (1742).
  37. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. De Ecclesia Christi, Pastor aeternus: DENZ. 1821 (3050s.).
  38. Пар. CONC. FLOR., Decretum pro Graecis: DENZ. 694 (1307) et CONC. VAT. I, Const. dogm. De Ecclesia Christi, Pastor aeternus: DENZ. 1826 (3059).
  39. Пар. Liber sacramentorum S. GREGORII, Praef. in natali S. Matthiae et S. Thomae: PL 78, 51 et 152; пар. Cod. Vat. lat. 3548, f. 18. S. HILARIUS, In Ps. 67, 10: PL 9, 450, CSEL 22, p. 286. S. HIERONYMUS, Adv. Iovin. 1, 26: PL 23, 247A. S. AUGUSTINUS, In Ps. 86, 4: PL 37, 1103. S. GREGORIUS M., Mor. in Iob, XXVIII, V: PL 76, 455-456. PRIMASIUS, Comm. in Apoc. V: PL 68, 924 BC. PASCHASIUS RADB., In Mt., L. VIII, cap. 16: PL 120, 561C. Пар. LEO XIII, Epist. Et sane, 17 dec. 1888: ASS 21 (1888), p. 321.
  40. Пар. Дз 6, 2-6; 11, 30; 13, 1; 14, 23; 20, 17; 1 Тэс 5, 12-13; Флп 1, 1; Клс 4, 11 et passim.
  41. Пар. Дз 20, 25-27; 2 Цім 4, 6 і наст.; пар. 1 Цім 5, 22; 2 Цім 2, 2; Ціт 1, 5; S. CLEMENS ROM., Ad Cor. 44, 3: ed. FUNK, 1, p. 156.
  42. Пар. S. CLEMENS ROM., Ad Cor. 44, 2: ed. FUNK, 1, p. 154s.
  43. Пар. TERTULLIANUS, Praescr. Haer. 32: PL 2, 52s. S. IGNATIUS M., passim.
  44. Пар. TERTULLIANUS, Praescr. Haer. 32: PL 2, 53.
  45. Пар. S. IRENAEUS, Adv. Haer. III, 3, 1: PG 7, 848A; HARVEY 2, 8; SAGNARD, p. 100s.: «manifestatam».
  46. Пар. S. IRENAEUS, Adv. Haer. III, 2, 2: PG 7, 847; HARVEY 2, 7; SAGNARD, p. 100: «custoditur», пар. тамсама, IV, 26, 2: col. 1053; HARVEY 2, 236, а таксама IV, 33, 8: col. 1077; HARVEY 2, 262.
  47. Пар. S. IGNATIUS M., Philad., Praef.: ed. FUNK, 1, p. 264.
  48. Пар. S. IGNATIUS M., Philad., 1, 1; Magn. 6, 1: ed. FUNK, 1, 264 et 234.
  49. S. CLEMENS ROM. Ad Cor., 42, 3-4; 44, 3-4; 57, 1-2; ed. FUNK I, 152, 156, 171s. S. IGNATIUS M., Philad. 2; Smyrn. 8; Magn. 3; Trall. 7: ed. FUNK, I, p. 265s.; 282; 232; 246s. etc.; S. IUSTINUS, Apol., 1, 65: PG 6, 428; S. CYPRIANUS, Epist., passim.
  50. Пар. LEO XIII, Epist. Encycl. Satis cognitum, 29 iun. 1896: ASS 28 (1895-96), p. 732.
  51. Пар. CONC. TRID., Decr. De sacr. Ordinis, cap. 4: DENZ. 960 (1768); CONC. VAT. I, Const. dogm. I, De Ecclesia Christi, Pastor aeternus, cap. 3: DENZ. 1828 (3061). PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis, 29 iun. 1943: AAS 35 (1943), pp. 209 et 212. CIC, can. 329 § 1.
  52. Пар. LEO XIII, Epist. Et sane, 17 dec. 1888: ASS 21 (1888), p. 321s.
  53. Пар. S. LEO M., Serm. 5, 3: PL 54, 154.
  54. CONC. TRID., Sess. 23, cap. 3, citat verba 2 Tim 1, 6-7, ut demonstret Ordinem esse verum sacramentum: DENZ. 959 (1766).
  55. In Trad. Apost. 3: ed. BOTTE, Sources Chr., pp. 27-30, Episcopo tribuitur «primatus sacerdotii» (біскупу належыць «першынство святарства»). Пар. Sacramentarium Leonianum, ed. C. MOHLBERG, Sacramentarium Veronense, Romae, 1955, p. 119: «ad summi sacerdotii ministerium... Comple in sacerdotibus tuis mysterii tui summam...» (для служэння найвышэйшага святарства… Напоўні святароў сваіх паўнатою Тваёй таямніцы). Ён жа, Liber Sacramentorum Romanae Ecclesiae, Romae, 1960, pp. 121-122: «Tribuas eis, Domine, cathedram episcopalem ad regendam Ecclesiam tuam et plebem universam» (Дай ім, Пане, біскупскі пасад, каб кіравалі Тваім Касцёлам і ўсім народам). Пар. PL 78, 224.
  56. Пар. Trad Apost. 2: ed. BOTTE, p. 27.
  57. Пар. CONC. TRID., Sess. 23, cap. 4, навучае, што сакрамэнт пасвячэння адціскае непазбыўную пячаць: DENZ. 960 (1767). Пар. IOANNES XXIII, Alloc. Iubilate Deo, 8 maii 1960: AAS 52 (1960), p. 466. PAULUS VI, Homilia in Bas. Vaticana, 20 oct. 1963: AAS 55 (1963), p. 1014.
  58. S. CYPRIANUS, Epist. 63, 14: PL 4, 386; HARTEL, III B, p. 713: «Sacerdos vice Christi vere fungitur» (Святар сапраўды выконвае функцыю Хрыста). S. IO. CHRYSOSTOMUS, In 2 Tim., Hom. 2, 4: PG 62, 612: Святар ёсць «сімвалам» Хрыста. S. AMBROSIUS, In Ps. 38, 25-26: PL 14, 1051-52; CSEL 64, 203-204. AMBROSIASTER, In 1 Tim 5, 19: PL 17, 479C et In Eph., 4, 11-12: col. 387 C. THEODORUS MOPS., Hom. Catech. XV, 21 et 24: ed. TONNEAU, pp. 497 et 503. HESYCHIUS HIER., In Lev., L. 2, 9, 23: PG 93, 894B.
  59. Пар. EUSEBIUS, Hist. Eccl., V, 24, 10: GCS II, 1, p. 495; ed. BARDY, Sources Chr. II, p. 69. DIONYSIUS, apud EUSEBIUM, тамсама VII, 5, 2: GCS II, 2, p. 638s.; BARDY, II, p. 168s.
  60. Пар. de antiquis Conciliis, EUSEBIUS, Hist. Eccl. V, 23-24: GCS II, 1, p. 488ss.; BARDY, II, p. 66ss. et passim. CONC. NICAENUM, can. 5: Conc. Oec. Decr. p. 7.
  61. Пар. TERTULLIANUS, De Ieiunio, 13: PL 2, 972B; CSEL 20, p. 292, lin. 13-16.
  62. Пар. S. CYPRIANUS, Epist. 56, 3: HARTEL, III B, p. 650; BAYARD, p. 154.
  63. Пар. Relatio officialis ZINELLI, in CONC. VAT. I: MANSI 52, 1109C.
  64. Пар. CONC. VAT. I, Schema Const. dogm. II, De Ecclesia Christi, c. 4: MANSI 53, 310. Пар. relatio KLEUTGEN de Schemate reformato: MANSI 53, 321B-322B et declaratio ZINELLI: MANSI 52, 1110A. Vide etiam S. LEONEM M., Serm. 4, 3: PL 54, 151A.
  65. Пар. CIC, cann. 222 et 227.
  66. Пар. CONC. VAT. I, Const. Dogm. Pastor aeternus: DENZ. 1821 (3050s.).
  67. Пар. S. CYPRIANUS, Epist. 66, 8: HARTEL III, 2, p. 733: «Episcopus in Ecclesia et Ecclesia in Episcopo» (Біскуп у Касцёле і Касцёл у біскупе).
  68. Пар. S. CYPRIANUS, Epist. 55, 24: HARTEL, p. 624, lin. 13: «Una Ecclesia per totum mundum in multa membra divisa» (Адзін Касцёл ва ўсім свеце падзелены на шмат членаў). Epist. 36, 4: HARTEL, p. 575, lin. 20-21.
  69. Пар. PIUS XII, Litt Encycl. Fidei Donum, 21 apr. 1957: AAS 49 (1957), p. 237.
  70. Пар. S. HILARIUS PICT., In Ps. 14, 3: PL 9, 206; CSEL 22, p. 86. S. GREGORIUS M., Moral. IV, 7, 12: PL 75, 643C. PS.-BASILIUS, In Is. 15, 296: PG 30, 637C.
  71. Пар. S. COELESTINUS, Epist. 18, 1-2, ad Conc. Eph: PL 50, 505AB; SCHWARTZ, Acta Conc. Oec. I, 1, 1, p. 22. Пар. BENEDICTUS XV, Epist. Apost. Maximum illud: AAS 11 (1919), p. 440. PIUS XI, Litt. Encycl. Rerum Ecclesiae, 28 febr. 1926: AAS 18 (1926), p. 69. PIUS XII, Litt. Encycl. Fidei Donum, l. c.
  72. Пар. LEO XIII, Litt. encycl. Grande munus, 30 sept. 1880: ASS 13 (1880), p. 145. Пар. CIC, can. 1327; can. 1350 § 2.
  73. Пра законы патрыярхальных сталіц, пар. CONC. NICAENUM, can. 6 de Alexandria et Antiochia, et can. 7 de Hierosolymis: Conc. Oec. Decr., p. 8. CONC. LATER. IV, anno 1215, Constit. V: De dignitate Patriarcharum: тамсама, p. 212. CONC. FERR.-FLOR.: тамсама, p. 504.
  74. Пар. Cod. Iuris Can., pro Eccl. Orient., cann. 216-314: de Patriarchis; cc. 324-339 de Archiepiscopis maioribus; cc. 362-391: de aliis dignitariis; in specie, c. 238 § 3; 216; 240; 251; 255: de Episcopis a Patriarcha nominandis.
  75. Пар. CONC. TRID., Decr. De reform., Sess. V, c. 2, n. 9, et Sess. XXIV, can. 4: Conc. Oec. Decr., pp. 645 et 739.
  76. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. Dei Filius, 3: DENZ. 1792 (3011). Пар. nota adiecta ad Schema I De Eccl. (desumpta ex S. ROB. BELLARMINO): MANSI 51, 579C; necnon Schema reformatum Const. IІ De Ecclesia Christi, cum commentario KLEUTGEN: MANSI 53, 313 AB. PIUS IX, Epist. Tuas libenter: DENZ. 1683 (2879).
  77. Пар. CIC, cann. 1322-1323.
  78. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. Pastor Aeternus: DENZ. 1839 (3074).
  79. Пар. explicatio GASSER in CONC. VAT. I: MANSI 52, 1213 AC.
  80. Пар. GASSER in CONC. VAT. I: MANSI 1214A.
  81. Пар. GASSER in CONC. VAT. I: MANSI 1215CD, 1216-1217A.
  82. Пар. GASSER in CONC. VAT. I: MANSI 1213.
  83. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. Pastor Aeternus, 4: DENZ. 1836 (3070).
  84. Oratio consecrationis episcopalis in ritu byzantino: Euchologion to mega, Romae, 1873, p. 139.
  85. Пар. S. IGNATIUS M., Smyrn. 8, 1: ed. FUNK, 1, p. 282.
  86. Пар. Дз 8, 1; 14, 22-23; 20, 17, et passim.
  87. Oratio mozarabica: PL 96, 759B.
  88. Пар. S. IGNATIUS M., Smyrn. 8, 1: ed. FUNK, I, p. 282.
  89. S. THOMAS, Summa Theol. III, q. 73, a. 3.
  90. Пар. S. AUGUSTINUS C. Faustum, 12, 20: PL 42, 265; Serm. 57, 7: PL 38, 389, etc.
  91. S. LEO M., Serm. 63, 7: PL 54, 357C.
  92. Пар. Traditio Apostolica Hippolyti, 2-3: ed. BOTTE, pp. 26-30.
  93. Пар. тэкст examinis на пачатку біскупскага пасвячэння і Oratio у канцы Імшы таго ж пасвячэння, пасля Te Deum.
  94. BENEDICTUS XIV, Br. Romana Ecclesia, 5 oct. 1752, § 1: Bullarium Benedicti XIV, t. IV, Romae, 1758, 21: «Episcopus Christi typum gerit, Eiusque munere fungitur» (Біскуп з’яўляецца вобразам Хрыста і выконвае Яго функцыю). PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis, l. c., p. 211: «Assignatos sibi greges singuli singulos Christi nomine pascunt et regunt» (Кожны з іх пасвіць даручаны яму статак і кіруе ім ад імя Хрыста).
  95. Пар. LEO XIII, Epist. Encycl. Satis cognitum, 29 iun. 1896: AAS 28 (1895-96), p. 732. IDEM, Epist. Officio sanctissimo, 22 dec. 1887: ASS 20 (1887), p. 264. PIUS IX, Litt. Apost. ad Episcopos Germaniae, 12 mart. 1875, et Alloc. Consist., 15 mart. 1875: DENZ. 3112-3117, in nova ed. tantum.
  96. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. Pastor aeternus, 3: DENZ. 1828 (3061). Пар. Relatio ZINELLI: MANSI 52, 1114D.
  97. Пар. S. IGNATIUS M., Ad Ephes. 5, 1: ed. FUNK, I, p. 216.
  98. Пар. S. IGNATIUS M., Ad Ephes. 6, 1: ed. FUNK, I, p. 218.
  99. Пар. CONC. TRID., De sacr. Ordinis, cap. 2: DENZ. 958 (1765), et can. 6: DENZ. 966 (1776).
  100. Пар. INNOCENTIUS I, Epist. ad Decentium: PL 20, 554A; MANSI 3, 1029; DENZ. 98 (215): «Presbyteri, licet secundi sint sacerdotes, pontificatus tamen apicem non habent» (Прэзбітэры, хоць і з’яўляюцца другімі па парадку святарамі, аднак не маюць вышэйшай першасвятарскай годнасці). S. CYPRIANUS, Epist. 61, 3: ed. HARTEL, p. 696.
  101. Пар. CONC. TRID., l. c., DENZ. 956a-968 (1763-1778), et in specie can. 7: DENZ. 967 (1777). PIUS XII, Const. Apost. Sacramentum Ordinis: DENZ. 2301 (3857-61).
  102. Пар. INNOCENTIUS I, l. c. S. GREGORIUS NAZ., Apol. II, 22: PG 35, 432B. PS.-DIONYSIUS, Eccl. Hier., 1, 2: PG 3, 372D.
  103. Пар. CONC. TRID., Sess. 22: DENZ. 940 (1743). PIUS XII Litt. Encycl. Mediator Dei, 20 nov. 1947: AAS 39 (1947), p. 553: DENZ. 2300 (3850).
  104. Пар. CONC. TRID., Sess. 22: DENZ. 938 (1739-40). CONC. VAT. II, Const. De Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 7 et n. 47, AAS 56 (1964), pp. 100-113.
  105. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Mediator Dei, l. c., sub n. 67.
  106. Пар. S. CYPRIANUS, Epist. 11, 3: PL 4, 242B; HARTEL, II, 2, p. 497.
  107. Пар. Pontificale romanum, De Ordinatione Presbyterorum, in impositione vestimentorum.
  108. Пар. Pontificale romanum, De Ordinatione Presbyterorum, in praefatione.
  109. Пар. S. IGNATIUS M., Philad. 4: ed. FUNK, I, p. 266. S. CORNELIUS I, in S. CYPRIANUM, Epist. 48, 2: HARTEL, III, 2, p. 610.
  110. Constitutiones Ecclesiae Aegyptiacae, III, 2: ed. FUNK, Didascalia, II, p. 103. Statuta Eccl. Ant. 37-41: MANSI 3, 954.
  111. S. POLYCARPUS, Ad Phil. 5, 2: ed. FUNK, I, p. 300: Гаворыцца там пра Хрыста, што Ён «стаў слугой усіх» (omnium diaconus factus). Пар. Didachе1, 15, 1: тамсама, p. 32. S. IGNATIUS M., Trall. 2, 3: тамсама, p. 242. Constitutiones Apostolorum, 8, 28, 4: ed. FUNK, Didascalia, I, p. 530.
  112. S. AUGUSTINUS, Serm. 340, 1: PL 38, 1483.
  113. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Quadragesimo anno, 15 maii 1931: AAS 23 (1931), p. 221s. PIUS XII, Alloc. De quelle consolation, 14 oct. 1951: AAS 43 (1951), p. 790s.
  114. Пар. PIUS XII, Alloc. Six ans se sont йcoulйs, 5 oct. 1957: AAS 49 (1957), p. 927.
  115. Missale romanum, e Praefatione festi Christi Regis.
  116. Пар. LEO XIII, Epist. Encycl. Immortale Dei, 1 nov. 1885: ASS 18 (1885), p. 166ss. IDEM, Litt. Encycl. Sapientiae christianae, 10 ian. 1890: ASS 22 (1889-90), p. 397s. PIUS XII, Alloc. Alla vostra filiale, 23 mart. 1958: AAS 50 (1958), p. 220: «la legittima sana laicitа dello Stato» (правамоцны і здаровы свецкі характар дзяржавы).
  117. Пар. CIC, can. 682.
  118. Пар. PIUS XII, Alloc. De quelle consolation, l. c., p. 789: «Dans les batailles dйcisives, c’est parfois du front que partent les plus heureuses initiatives...» (У вырашальных змаганнях самыя гераічныя ініцыятывы паходзяць у большасці з першых шэрагаў). IDEM, Alloc. L’importance de la presse catholique, 17 febr. 1950: AAS 42 (1950), p. 256.
  119. Пар. 1 Тэс 5, 19 і 1 Ян 4, 1.
  120. Epist. ad Diognetum, 6: ed. FUNK, I, p. 400. Пар. S. IO. CHRYSOSTOMUS, In Mt., Hom. 46 (47), 2: PG 58, 478, de fermento in massa.
  121. Missale romanum, Gloria in excelsis. Пар. Лк 1, 35; 1, 24; Лк 4, 34; Ян 6, 69 (ho hagios tou Theou); Дз 3, 14; 4, 27 і 30; Гбр 7, 26; 1 Ян 2, 20; Ап 3, 7.
  122. Пар. ORIGENES, Comm. Rom. 7, 7: PG 14, 1122B. PS.-MACARIUS, De Oratione, 11: PG 34, 861AB. S. THOMAS, Summa Theol. II-II, q. 184, a. 3.
  123. Пар. S. AUGUSTINUS, Retract. II, 18: PL 32, 637s. PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis, 29 iun. 1943: AAS 35 (1943), p. 225.
  124. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Rerum omnium, 26 ian. 1923: AAS 15 (1923), pp. 50 et 59-60; Litt. Encycl. Casti Connubii, 31 dec 1930: AAS 22 (1930), p. 548. PIUS XII, Const. Apost. Provida Mater, 2 febr. 1947: AAS 39 (1947), p. 117. Alloc. Annus sacer, 8 dec. 1950: AAS 43 (1951), pp. 27-28. Alloc. Nel darvi, 1 iul. 1956: AAS 48 (1956), p. 574s.
  125. Пар. S. THOMAS, Summa Theol., II-II, q. 184, a. 5 et 6. De perf. vitae spir., c. 18. ORIGENES, In Is., Hom. 6, 1: PG 13, 239.
  126. Пар. S. IGNATIUS M., Magn. 13, 1: ed. FUNK, 1, p. 241.
  127. Пар. S. PIUS X, Exhort. Haerent animo, 4 aug. 1908: ASS 41 (1908), p. 560s. CIC, can. 124. PIUS XI, Litt. Encycl. Ad catholici sacerdotii, 20 dec. 1935: AAS 28 (1936), p. 22.
  128. Пар. Pontificale romanum, De Ordinatione Presbyterorum, in exhortatione initiali.
  129. Пар. S. IGNATIUS M., Trall. 2, 3: ed. FUNK, 1, p. 244.
  130. Пар. PIUS XII, Alloc. Sous la maternelle protection, 9 dec. 1957: AAS 50 (1958), p. 36.
  131. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Casti Connubii, 31 dec. 1930: AAS 22 (1930), p. 548s. S. IO. CHRYSOSTOMUS, In Ephes., Hom. 20, 2: PG 62, 136s.
  132. Пар. S. AUGUSTINUS, Enchir. 121, 32: PL 40, 288. S. THOMAS, Summa Theol. II-II, q. 184, a. 1. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti nostrae, 23 sept. 1950: AAS 42 (1950), p. 660.
  133. Пра парады наогул, пар. ORIGENES, Comm. Rom. X, 14: PG 14, 1275B. S. AUGUSTINUS, De S. Virginitate, 15, 15: PL 40, 403. S. THOMAS, Summa Theol. I-II, q. 100, a. 2 C (in fine); II-II, q. 44, a. 4, ad 3.
  134. Пра высокароднасць святога дзявоцтва, пар. TERTULLIANUS, Exhort. Cast. 10: PL 2, 925C. S. CYPRIANUS, Hab. Virg. 3 et 22: PL 4, 443B et 461As. S. ATHANASIUS, De Virg.: PG 28, 252ss. S. IO. CHRYSOSTOMUS, De Virg.: PG 48, 533s.
  135. Пра духоўнае ўбоства гл. Мц 5, 3 і 19, 21; 10, 21; Лк 18, 22; пра паслухмянасць пададзены прыклад Хрыста гл. Ян 4, 34 і 6, 38; Флп 2, 8-10; Гбр 10, 5-7. Сведчанняў Айцоў Касцёла і заснавальнікаў законаў вельмі багата.
  136. Пра дзейснае практыкаванне парад, да якога не ўсе абавязаны, гл. S. IO. CHRYSOSTOMUS, In Mt. Hom. 7, 7: PG 57, 81s. S. AMBROSIUS, De Viduis, 4, 23: PL 16, 241s.
  137. Пар. ROSWEYDUS, Vitae Patrum, Antwerpiae, 1628. Apophtegmata Patrum: PG 65. PALLADIUS, Historia Lausiaca: PG 34, 995s.: ed. C. BUTLER, Cambridge 1898 (1904). PIUS XI, Const. Apost. Umbratilem, 8 iul. 1924: AAS 16 (1924), pp. 386-387. PIUS XII, Alloc. Nous sommes heureux, 11 apr. 1958: AAS 50 (1958), p. 283.
  138. Пар. PAULUS VI, Alloc. Magno gaudio, 23 maii 1964: AAS 56 (1964), p. 566.
  139. Пар. CIC, cann. 487 et 488, 4. PIUS XII, Alloc. Annus sacer, 8 dec. 1950: AAS 43 (1951), p. 27s. PIUS XII, Const. Apost. Provida Mater, 2 febr. 1947: AAS 39 (1947), p. 120s.
  140. Пар. PAULUS VI, Alloc. Magno gaudio, 23 maii 1964: AAS 56 (1964), p. 567.
  141. Пар. S. THOMAS, Summa Theol. II-II, q. 184, a. 3 et q. 188, a. 2. S. BONAVENTURA, Opusc. XI, Apologia Pauperum, c. 3, 3: ed. Opera, Quaracchi, t. 8, 1898, p. 245 a.
  142. Пар. CONC. VAT. I, Schema De Ecclesia Christi, cap. XV, et Adnot. 48: MANSI 51, 549s., 619s. LEO XIII, Epist. Au milieu des consolations, 23 dec. I900: ASS 33 (1900-01), p. 361. PIUS XII, Const. Apost. Provida Mater. l. c., p. 114s.
  143. Пар. LEO XIII, Const. Romanos Pontifices, 8 maii 1881: ASS 13 (1880-81), p. 483. PIUS XII, Alloc. Annus sacer, 8 dec. 1950: AAS 43 (1951), p. 28s.
  144. Пар. PIUS XII, Alloc l. c., p. 28. PIUS XII, Const. Apost. Sedes Sapientiae, 31 maii 1956: AAS 48 (1956), p. 355. PAULUS VI, Alloc. Magno gaudio, 23 maii 1964: AAS 56 (1964), pp. 570-571.
  145. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis, 29 iun. 1943: AAS 35 (1943), p. 214s.
  146. Пар. PIUS XII, Alloc. Annus sacer, l. c., p. 30. Alloc. Sous la maternelle protection, 9 dec. 1957: AAS 50 (1958), p. 39s.
  147. CONC. FLOR., Decretum pro Graecis: DENZ. 693 (1305).
  148. Акрамя больш старых дакументаў, якія з часоў Аляксандра IV (27 верасня 1258) накіроўваліся супраць усякіх формаў выклікання духаў, гл. Encycl. S. S. C. S. OFFICII, De magnetismi abusu, 4 aug. 1856: ASS 1 (1865), pp. 177-178, DENZ. 1653-1654 (2823-2825); responsionem S. S. C. S. OFFICII, 24 apr. 1917: AAS 9 (1917), p. 268: DENZ. 2182 (3642).
  149. Гл. сінтэтычны выклад гэтага вучэння Паўла ў Пія ХІІ: PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis: AAS 35 (1943), p. 200 et passim.
  150. Пар. v. g., S. AUGUSTINUS, Enarr. in Ps. 85, 24: PL 37, 1099. S. HIERONYMUS, Liber contra Vigilantium, 6: PL 23, 344. S. THOMAS, In 4m Sent., d. 45, q. 3, a. 2. S. BONAVENTURA, In 4m Sent., d. 45, a. 3, q. 2; etc.
  151. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis: AAS 35 (1943), p. 245.
  152. Пар. шматлікія надпісы ў рымскіх катакомбах.
  153. Пар. GELASIUS I, Decretalis De libris recipiendis, 3: PL 59, 160: DENZ. 165 (353).
  154. Пар. S. METHODIUS, Symposion, VII, 3: GCS (BONWETSCH), p. 74.
  155. Пар. BENEDICTUS XV, Decretum approbationis virtutum in Causa beatificationis et canonizationis Servi Dei Ioannis Nepomuceni Neumann: AAS 14 (1922), p. 23; plures Allocutiones PII XI de Sanctis: Inviti all’eroismo, in Discorsi e Radiomessaggi, tt. I-III, 1941-1942, passim; PIUS XII, Discorsi e Radiomessaggi, t. X, 1949, 37-43.
  156. Пар. таксама PIUS XII, Litt. Encycl. Mediator Dei: AAS 39 (1947), pp. 581.
  157. Пар. Гбр 13, 7; Сір 44-50; Гбр 11, 3-40. Пар. таксама PIUS XII, Litt. Encycl. Mediator Dei: AAS 39 (1947), pp. 582-583.
  158. Пар. CONC. VAT. I, Const. dogm. De fide catholica, Dei Filius, cap. 3: DENZ. 1794 (3013).
  159. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis: AAS 35 (1943), p. 216.
  160. Што датычыць удзячнасці самім святым, гл. E. DIEHL, Inscriptiones latinae christianae veteres, I, Berolini, 1925, nn. 2008, 2382 et passim.
  161. CONC. TRID, Decr. De invocatione... Sanctorum: DENZ. 984 (1821).
  162. Breviarium romanum, Invitatorium in festo Sanctorum Omnium.
  163. Пар., напр., 2 Тэс 1, 10.
  164. CONC. VAT. II, Const. De Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, cap. 5, n. 104. AAS 56 (1964), pp. 125-126.
  165. Пар. Missale romanum, Canon Missae.
  166. Пар. CONC. NIC. II, Act VII: DENZ. 302 (600).
  167. Пар. CONC. FLOR., Decretum pro Graecis: DENZ. 693 (1304).
  168. Пар. CONC. TRID., Decr. De invocatione, veneratione et reliquiis Sanctorum et sacris imaginibus: DENZ. 984-988 (1821-1824); Decr. De Purgatorio: DENZ. 983 (1820); Decr. De iustificatione, can. 30: DENZ. 840 (1580).
  169. Missale romanum, e Praefatione de Sanctis, dioecesibus Galliae concessa.
  170. Пар. S. PETRUS CANISIUS, Catechismus Maior seu Summa Doctrinae christianae, cap. III (ed. crit. F. STREICHER), Pars I, 15-16, n. 44 et pp. 100-101, n. 49.
  171. Пар. CONC. VAT. II, Const. De Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, cap. 1, n. 8: AAS 56 (1964), p. 401.
  172. Symbolum Constantinopolitanum: MANSI 3, 566. Пар. CONC. EPH, ib. 4, 1130 (і тамсама, 2, 665 et 4, 1071); CONC. CHALC., тамсама 7, 111-116; CONC. CONSTANTINOP. II, тамсама 9, 375-396; Missale romanum, e Credo.
  173. Missale romanum, e Canone.
  174. S. AUGUSTINUS, De S. Virginitate, 6: PL 40, 399.
  175. Пар. PAULUS VI, Allocutio in Concilio, die 4 dec. 1963: AAS 56 (1964), p. 37.
  176. Пар. S. GERMANUS CONST., Hom. in Annunt. Deiparae: PG 98, 328A; In Dorm. 2: 357. ANASTASIUS ANTIOCH., Serm. 2 de Annunt., 2: PG 89, 1377AB; Serm. 3, 2: 1388C. S. ANDREAS CRET., Can. in B. V. Nat., 4: PG 97, 1321B. In B. V. Nat., 1: 812A. Hom. in dorm., 1: 1068C. S. SOPHRONIUS, Or. 2 in Annunt. 18: PG 87 (3), 3237BD.
  177. S. IRENAEUS, Adv. Haer. III, 22, 4 PG 7, 959A; HARVEY, 2, 123.
  178. S. IRENAEUS, Adv. Haer. III, 22, 4: PG 7, 959A; HARVEY, 2, 124.
  179. S. EPIPHANIUS, Haer. 78, 18: PG 42, 728CD-729AB.
  180. S. HIERONYMUS, Epist. 22, 21: PL 22, 408. Пар. S. AUGUSTINUS, Serm. 51, 2, 3: PL 38, 335; Serm. 232, 2: 1108. S. CYRILLUS HIEROS., Catech. 12, 15: PG 33, 741AB. S. IO. CHRYSOSTOMUS, In Ps. 44, 7: PG 55, 193. S. IO. DAMASCENUS, Hom 2 in dorm. B. M. V., 3: PG 96, 728.
  181. Пар. CONC. LAT. anni 649, can. 3: MANSI 10, 1151. S. LEO M., Epist. ad Flav.: PL 54, 759. CONC. CHALC.: MANSI 7, 462. S. AMBROSIUS, De instit. virg.: PL 16, 320.
  182. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis, 29 iun. 1943: AAS 35 (1943), pp. 247-248.
  183. Пар. PIUS IX, Bulla Ineffabilis, 8 dec. 1854: Acta Pii IX, 1, I, p. 616; DENZ. 1641 (2803).
  184. Пар. PIUS XII, Const. Apost. Munificentissimus Deus, 1 nov. 1950: AAS 42 (1950); DENZ. 2333 (3903). Пар. S. IO. DAMASCENUS, Enc. in dorm. Dei genetricis, Hom. 2 et 3: PG 96, 721-761, speciatim 728B. S. GERMANUS CONSTANTINOP., In S. Dei gen. dorm., Serm. 1: PG 98 (6), 340-348; Serm. 3: 361. S. MODESTUS HIER., In dorm. SS. Deiparae: PG 86 (2), 3277-3312.
  185. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Ad coeli Reginam, 11 oct. 1954: AAS 46 (1954), pp. 633-636: DENZ. 3913ss. Пар. S. ANDREAS CRET., Hom. 3 in dorm. SS. Deiparae: PG 97, 1089-1109. S. IO. DAMASCENUS, De fide orth., IV, 14: PG 94, 1153-1161.
  186. Пар. KLEUTGEN, textus reformatus De mysterio Verbi incarnati, cap. IV: MANSI 53, 290. Пар. S. ANDREAS CRET., In nat. Mariae, Sermo 4: PG 97, 865A. S. GERMANUS CONSTANTINOP., In annunt. Deiparae: PG 98, 321BC; In dorm. Deiparae, III: 361D. S. IO. DAMASCENUS, In dorm. B. V. Mariae, Hom. 1, 8: PG 96, 712BC-713A.
  187. Пар. LEO XIII, Litt. Encycl. Adiutricem populi, 5 sept. 1895: ASS 28 (1895-96), p. 129. S. PIUS X, Litt. Encycl. Ad diem illum, 2 febr. 1904: Acta I, p. 154; DENZ. 1978 a (3370). PIUS XI, Litt. Encycl. Miserentissimus Redemptor, 8 maii 1928: AAS 20 (1928), p. 178. PIUS XII, Nuntius Radioph., 13 maii 1946: AAS 38 (1946), p. 266.
  188. Пар. S. AMBROSIUS, Epist. 63: PL 16, 1218.
  189. Пар. S. AMBROSIUS, Expos. Lc II, 7: PL 15, 1555.
  190. Пар. PS.-PETRUS DAM., Serm. 63: PL 144, 861AB. GODEFRIDUS A S. VICTORE, In nat. B. M., Ms. Paris, Mazarine, 1002, fol. 109 r. GEROBUS REICH., De gloria et honore Filii hominis, 10: PL 194, 1105AB.
  191. Пар. S. AMBROSIUS, Expos. Lc, II, 7 et X, 24-25: PL 15, 1555 et 1810. S. AUGUSTINUS, In Io., Tr. 13, 12: PL 35, 1499. Пар. Serm. 191, 2, 3: PL 38, 1010; etc. Пар. таксама VEN. BEDA, In Lc Expos. I, cap. 2: PL 92, 330. ISAAC DE STELLA, Serm. 51: PL 194, 1863A.
  192. Пар. Breviarium romanum, ant. «Sub tuum praesidium», ex I Vesperis Officii Parvi Beatae Mariae Virginis.
  193. Пар. CONC. NIC. II, anno 787: MANSI 13, 378-379; DENZ. 302 (600-601). CONC. TRID., Sess. 25: MANSI 33, 171-172.
  194. Пар. PIUS XII, Nuntius radioph., 24 oct. 1954: AAS 46 (1954), p. 679. Litt. Encycl. Ad caeli Reginam, 11 oct. 1954: AAS 46 (1954), p. 637.
  195. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Ecclesiam Dei, 12 nov. 1923: AAS 15 (1923), p. 581. PIUS XII, Litt. Encycl. Fulgens corona, 8 sept. 1953: AAS 45 (1953), pp. 590-591.
 

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКРЭТ
ПРА СЛУЖЭННЕ І ЖЫЦЦЁ ПРЭЗБІТЭРАЎ
«PRESBYTERORUM ORDINIS»

УСТУП
РАЗДЗЕЛ I - ПРЭЗБІТЭРАТ У МІСІІ КАСЦЁЛА
РАЗДЗЕЛ II - ПАСЛУГА ПРЭЗБІТЭРАЎ

I. АБАВЯЗКІ ПРЭЗБІТЭРАЎ
II. АДНОСІНЫ ПРЭЗБІТЭРАЎ ДА ІНШЫХ ЛЮДЗЕЙ
III. РАЗМЕРКАВАННЕ ПРЭЗБІТЭРАЎ І ПАКЛІКАННЕ ДА СВЯТАРСТВА

РАЗДЗЕЛ III - ЖЫЦЦЁ ПРЭЗБІТЭРАЎ

I. ПАКЛІКАННЕ ПРЭЗБІТЭРАЎ ДА ДАСКАНАЛАСЦІ
II. АСАБЛІВЫЯ ДУХОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ Ў ЖЫЦЦІ ПРЭЗБІТЭРА
III. ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ЖЫЦЦЯ ПРЭЗБІТЭРАЎ

ЗАКАНЧЭННЕ І ЗАКЛІК

УСТУП

1. Ужо шмат разоў дадзены Святы Сабор нагадваў усім пра высокую годнасць стану прэзбітэраў у Касцёле1. Аднак, паколькі ў аднаўленні Хрыстовага Касцёла гэтаму стану адводзіцца вельмі важная і ўсё больш складаная роля, пажадана больш шырока і грунтоўна разгледзець пытанне пра прэзбітэраў. Тое, пра што тут гаворыцца, датычыць усіх прэзбітэраў, асабліва тых, хто займаецца пастырствам; адносна прэзбітэраў-манахаў трэба ўнесці адпаведныя змены. Праз пасвячэнне і місію, атрыманую ад біскупаў, прэзбітэры прызначаюцца на служэнне Хрысту — Настаўніку, Святару і Каралю — і ўдзельнічаюць у Яго паслузе, дзякуючы якой Касцёл тут, на зямлі, няспынна ўзрастае як народ Божы, цела Хрыста i святыня Духа Святога. Таму, каб больш плённа падтрымаць іх служэнне i каб іх жыццё ў часам вельмі зменлівых агульначалавечых і пастырскіх умовах ахапіць большым клопатам, дадзены Святы Сабор заяўляе і пастанаўляе наступнае.

РАЗДЗЕЛ I
ПРЭЗБІТЭРАТ У МІСІІ КАСЦЁЛА

2. Пан Езус, якога «Айцец асвяціў і паслаў у свет» (Ян 10, 36), усё сваё Містычнае цела робіць удзельнікам таго намашчэння Духам, якое Ён прыняў2, бо ў Ім усе вернікі становяцца святым i каралеўскім святарствам, прыносяць духоўныя ахвяры Богу праз Езуса Хрыста і абвяшчаюць цноты таго, хто паклікаў іх з цемры ў цудоўнае сваё святло3. Такім чынам няма ніводнага члена, які б не ўдзельнічаў у місіі ўсяго цела, але кожны павінен свяціць у сваім сэрцы Езуса4 і духам прароцтва сведчыць пра Яго5.

Каб вернікі з’ядналіся ў адно цела, у якім «не ўсе часткі выконваюць тыя самыя функцыі» (Рым 12, 4), той самы Пан устанавіў некаторых з іх слугамі, каб яны ў выніку пасвячэння мелі ў супольнасці вернікаў святую ўладу прыносіць Ахвяру i адпускаць грахі6, а таксама публічна здзяйсняць ад імя Хрыста і дзеля людзей святарскую паслугу. Таму Хрыстус, паслаўшы Апосталаў, так як і сам быў пасланы Айцом7, праз гэтых жа Апосталаў зрабіў удзельнікамі свайго пасвячэння i місіі іхніх наступнікаў, біскупаў8. Цяжар іх паслугі ў ступені падпарадкавання быў даручаны прэзбітэрам9, каб яны, атрымаўшы прэзбітэрскае пасвячэнне, былі супрацоўнікамі біскупскага стану дзеля належнага выканання даверанай Хрыстом апостальскай місіі10.

Служэнне прэзбітэраў, цесна звязанае з біскупскім станам, спалучана з уладай, на моцы якой сам Хрыстус будуе сваё цела, асвячае яго і ім кіруе. Таму святарства прэзбітэраў, якое прадугледжвае сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання, удзяляецца, аднак, праз спецыяльны сакрамэнт, у выніку якога прэзбітэры праз намашчэнне Духам Святым пазначаюцца асаблівай пячаткай i настолькі прыпадабняюцца да Хрыста Святара, што могуць дзейнічаць як намеснікі Хрыста Галавы11.

Паколькі прэзбітэры ўдзельнічаюць у паслузе Апосталаў, ад Бога ім удзяляецца ласка быць слугамі Езуса Хрыста сярод людзей, выконваючы святую паслугу Евангелля, каб была прынята ахвяра народаў, асвячаная ў Духу Святым12. Праз апостальскае абвяшчэнне Евангелля склікаецца і збіраецца народ Божы, каб усе, хто належыць да гэтага народу і асвячаны Духам Святым, ахвяравалі саміх сябе «на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу» (Рым 12, 1). Праз паслугу прэзбітэраў духоўная ахвяра вернікаў становіцца дасканалай у яднанні з ахвярай Хрыста, адзінага Пасрэдніка. Гэтая ахвяра складаецца бяскроўна i сакрамэнтальна ў Эўхарыстыі рукамі прэзбітэраў ад імя ўсяго Касцёла аж да часу прыйсця самога Пана13. Да гэтага скіравана i ў гэтым знаходзіць сваю поўню паслуга прэзбітэраў. Іх служэнне, якое распачынаецца з абвяшчэння Евангелля, чэрпае сваю сілу і моц з Ахвяры Хрыста i імкнецца да таго, каб «уся гэтая адкупленая дзяржава, г.зн. сход і супольнасць святых, як паўсюдная ахвяра, была ахвяравана Богу Найвышэйшым Святаром, які праз муку ахвяраваў самога сябе за нас, каб мы сталіся целам такой вялікай Галавы»14.

Таму мэтай, да якой імкнуцца прэзбітэры ў сваім служэнні і жыцці — гэта хвала Богу Айцу, якая ўзносіцца ў Хрысце. Гэтая хвала заключаецца ў тым, што людзі свядома, дабравольна i з удзячнасцю прымаюць справу Божую, здзейсненую ў Хрысце, і сведчаць аб ёй усім сваім жыццём. Прэзбітэры, ці то праз малітву і адарацыю, ці то праз абвяшчэнне слова, ці праз прынашэнне эўхарыстычнай Ахвяры і ўдзяленне іншых сакрамэнтаў, або таксама праз выкананне іншых паслуг для людзей прычыняюцца адначасова да памнажэння хвалы Божай і ўзросту Божага жыцця ў людзях. Усё гэта вынікае з Пасхальнай ахвяры Хрыста і здзяйсняецца ў хвалебным прыйсці таго ж Пана, калі Ён сам перадасць Валадарства Богу i Айцу15.

3. Прэзбітэры, узятыя ад людзей і ўстаноўленыя для людзей у справах, якія вядуць да Бога, каб прыносіць дары i ахвяры за грахі16, жывуць сярод іншых людзей як браты сярод братоў. Таксама i Пан Езус, Сын Божы, чалавек, пасланы Айцом да людзей, жыў сярод нас і жадаў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, акрамя граху17. Ужо святыя Апосталы наследавалі Яго, a св. Павел, Настаўнік язычнікаў, «выбраны дзеля дабравесця Божага» (Рым 1, 1), сведчыць, што стаў усім для ўсіх, каб збавіць усіх18. Прэзбітэры Новага Запавету праз сваё пакліканне i пасвячэнне вылучаюцца пэўным чынам з народу Божага, аднак не з мэтаю адасобіцца ад яго або ад якога-небудзь чалавека, але каб цалкам прысвяціць сябе справе, да якой кліча іх Пан19. Яны не маглі б быць слугамі Хрыста, калі б не былі сведкамі i распарадчыкамі іншага, не зямнога жыцця; не змаглі б таксама служыць людзям, калі б аддзяляліся ад іх жыцця i яго ўмоў20. Сама іх паслуга патрабуе асаблівым чынам, каб яны не прыпадабняліся да гэтага свету21 , аднак у той жа час патрабуе, каб на гэтым свеце яны жылі сярод людзей i, як добрыя пастыры, ведалі сваіх авечак i імкнуліся прывесці таксама тых, хто не належыць да іх аўчарні, каб і яны пачулі голас Хрыста, i каб настала адна аўчарня i адзін Пастыр22 . У дасягненні гэтага ім вельмі дапамогуць цноты, якія справядліва маюць прызнанне ў чалавечым грамадстве: добразычлівасць, шчырасць, духоўная моц і сталасць, няспынны клопат пра справядлівасць, выхаванасць i іншыя рысы, пра якія ўзгадвае апостал Павел: «Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце»23  (Флп 4, 8).

РАЗДЗЕЛ II
ПАСЛУГА ПРЭЗБІТЭРАЎ

I. АБАВЯЗКІ ПРЭЗБІТЭРАЎ

4. Народ Божы яднаецца найперш словам жывога Бога24, якое ўсе справядліва жадаюць пачуць з вуснаў святароў25. Паколькі ніхто не можа быць збаўлены, калі спачатку не паверыць26, то прэзбітэры, як супрацоўнікі біскупаў, павінны ў першую чаргу прапаведаваць усім Божае Евангелле27, каб, здзяйсняючы наказ Пана: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню» (Mк 16, 15)28, яны стваралі i памнажалі народ Божы. Бо збаўчае слова нараджае ў сэрцах няверуючых веру, а ў сэрцах веруючых яе развівае. Дзякуючы веры ўзнікае i ўзрастае супольнасць вернікаў, паводле слоў Апостала: «Вера — ад пачутага, а пачутае — ад слова Хрыстовага» (Рым 10, 17). Таму прэзбітэры з’яўляюцца даўжнікамі ўсіх: яны павінны несці ўсім праўду Евангелля29, якую маюць у Пану. Таму, ці жывуць яны праведна сярод язычнікаў, каб прывесці іх да праслаўлення Бога30, ці абвяшчаюць адкрыта няверуючым Хрыстовую таямніцу, ці праводзяць хрысціянскую катэхізацыю або тлумачаць вучэнне Касцёла, бо імкнуцца даследаваць праблемы сваёй эпохі ў Хрыстовым святле — яны заўсёды павінны вучыць не сваёй мудрасці, але Божаму слову, настойліва заахвочваючы ўсіх да навяртання і святасці31. Каб святарскае прапаведаванне, якое ў сучасных умовах становіцца часта цяжкай справай, больш узрушыла розумы слухачоў, янo не павінна абмяжоўвацца агульным і абстрактным раз’ясненнем Божага слова, але павінна дастасоўваць адвечную праўду Евангелля да канкрэтных умоў жыцця.

Такім чынам паслуга слова здзяйсняецца розным чынам паводле розных патрэб слухачоў і разнастайных харызмаў прапаведнікаў. У нехрысціянскіх краінах або групах людзі прыходзяць да веры і сакрамэнтаў збаўлення32 праз абвяшчэнне Евангелля. У самой жа супольнасці хрысціянаў, асабліва для тых, хто, як здаецца, не вельмі разумее або не верыць у тое, што практыкуе, абвяшчэнне слова неабходна для самой паслугі сакрамэнтаў, бо яны з’яўляюцца сакрамэнтамі веры, якая нараджаецца са слова i ім жывіцца33. Асабліва гэта адносіцца да літургіі слова ў цэлебрацыі св. Імшы, якая цесна яднае ў сабе абвяшчэнне смерці i ўваскрасення Пана, адказ народу, які слухае, i саму ахвяру, праз якую Хрыстус умацаваў Новы Запавет у сваёй Крыві і да якой вернікі далучаюцца праз малітву і прыняцце сакрамэнтаў34.

5. Бог, адзіны Святы i адзіны Асвяціцель, хацеў набыць сабе людзей як супрацоўнікаў і памочнікаў, каб яны пакорна служылі справе асвячэння. Таму прэзбітэраў кансэкруе Бог праз паслугу біскупа, каб яны, стаўшы адмысловым чынам удзельнікамі Хрыстовага святарства, у цэлебрацыі сакральных дзеянняў дзейнічалі як слугі таго, хто ў Літургіі пастаянна выконвае для нас сваю святарскую ўладу праз свайго Духа35. Праз хрост яны ўводзяць людзей у склад Божага народу; праз сакрамэнт пакаяння яднаюць грэшнікаў з Богам і Касцёлам; праз намашчэнне хворых умацоўваюць церпячых; і, перш за ўсё, праз цэлебрацыю св. Імшы сакрамэнтальна прыносяць ахвяру Хрыста. У выкананні ўсіх сакрамэнтаў, як у часы ранняга Касцёла сведчыў св. Ігнацый, мучанік36, прэзбітэры ў многіх адносінах іерархічна звязаны з біскупам i таму робяць яго як бы прысутным у кожнай супольнасці вернікаў37.

Іншыя сакрамэнты, як і ўсе касцёльныя паслугі і справы апостальства, цесна звязаны са святой Эўхарыстыяй i скіраваны да яе38. Бо ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі змяшчаецца ўсё духоўнае багацце Касцёла39, a менавіта сам Хрыстус, наша Пасха i жывы Хлеб, які праз сваё Цела, ажыўленае Духам Святым і жыватворнае, дае жыццё людзям, запрашаючы іх i ведучы такім чынам да ахвяравання разам з Ім саміх сябе, сваёй працы i ўсіх створаных рэчаў. Таму Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай i вяршыняй усёй евангелізацыі: катэхумэнаў паступова прывучаюць да ўдзелу ва Эўхарыстыі, a вернікі, пазначаныя ўжо знакам святога хросту i канфірмацыі, цалкам далучаюцца да Хрыстовага цела праз прыняцце Эўхарыстыі.

Эўхарыстычная гасціна з’яўляецца такім чынам асяродкам сходу вернікаў, якім кіруе прэзбітэр. Таму прэзбітэры вучаць вернікаў прыносіць Богу Айцу ў ахвяры Імшы боскую жэртву i разам з ёй ахвяруюць сваё жыццё. У духу Хрыста Пастыра вучаць іх са скрушаным сэрцам вызнаваць свае грахі перад Касцёлам у сакрамэнце пакаяння, каб з дня ў дзень штораз больш вяртацца да Бога, памятаючы Яго словы: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» (Mц 4, 17). Вучаць іх таксама так удзельнічаць у цэлебрацыі святой Літургіі, каб праз яе дасягнуць шчырай малітвы. Яны вядуць іх да практыкавання на працягу ўсяго жыцця штораз больш дасканалага духу малітвы паводле ласкі i патрэб кожнага i заахвочваюць усіх выконваць абавязкі ўласнага стану, а больш здольных заахвочваюць да практыкавання евангельскіх парад такім спосабам, які ім адпавядае. Яны настаўляюць таксама вернікаў, каб яны маглі спяваць Пану ў сваіх сэрцах духоўныя гімны і песні, узносячы за ўсё падзяку Богу i Айцу ў імя Пана нашага Езуса Хрыста40. Хвалу і падзяку, якія ўзносяцца падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі, прэзбітэры пашыраюць на розныя поры дня, чытаючы Літургію гадзінаў, у якой ад імя Касцёла яны моляцца да Бога за ўвесь даручаны ім народ, a нават за ўвесь свет.

Дом малітвы, дзе цэлебруецца і захоўваецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя і дзе збіраюцца вернікі, дзе ўшаноўваецца прысутнасць Божага Сына, нашага Збаўцы, які ахвяраваў сябе за нас на ахвярніку дзеля дапамогі і суцяшэння вернікаў, павінен быць добра ўладкаваным і прыстасаваным для малітвы i святых урачыстасцяў41. У ім пастыры і вернікі запрашаюцца з удзячнасцю адказваць на дар таго, хто праз сваю чалавечую натуру няспынна вылівае сваё боскае жыццё на часткі свайго цела42. Прэзбітэры павінны клапаціцца пра належнае падтрыманне літургічных ведаў і ўмення, каб праз літургічную паслугу даручаныя ім хрысціянскія супольнасці з кожным днём штораз лепш праслаўлялі Бога, Айца і Сына, i Духа Святога.

6. Прэзбітэры, выконваючы ў межах сваіх функцый уладу Хрыста, Галавы i Пастыра, збіраюць ад імя біскупа Божую сям’ю, ажыўленую братнім адзінствам, i вядуць яе праз Хрыста ў Духу да Бога Айца43. Для выканання гэтай паслугі, як і для іншых прэзбітэрскіх заданняў, ім удзяляецца духоўная ўлада, якая дадзена для будавання44. У гэтым будаванні Касцёла прэзбітэры павінны абыходзіцца з усімі з надзвычайнай дабрынёй па прыкладзе Пана. Яны не павінны дагаджаць людзям45, але павінны паступаць з імі згодна з патрабаваннямі хрысціянскага вучэння і жыцця, вучыць іх і настаўляюць як наймілейшых сыноў46 паводле слоў Апостала: «Прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні» (2 Цім 4, 2)47.
Святары, як настаўнікі ў веры, павінны асабіста ці праз іншых клапаціцца, каб кожны вернік у Духу Святым развіваў сваё пакліканне згодна з Евангеллем, шчырую і дзейсную любоў і свабоду, да якой Хрыстус нас вызваліў48. Няшмат дадуць цырымоніі, нават самыя прыгожыя, або квітнеючыя таварыствы, калі яны не скіраваны на выхаванне людзей і на дасягненне хрысціянскай сталасці49. Прэзбітэры павінны ім дапамагаць у іх удасканаленні, каб яны распазналі, якая ёсць воля Божая i чаго патрабуе парадак рэчаў у кожным выпадку, значным ці не. Трэба таксама вучыць, каб хрысціяне не жылі толькі для сябе, але, паводле патрабаванняў новага наказу любові, каб служылі адно аднаму50, кожны паводле атрыманай ласкі, каб такім чынам усе па-хрысціянску выконвалі свае абавязкі ў чалавечай супольнасці.

Хоць прэзбітэры з’яўляюцца даўжнікамі ўсіх, аднак асаблівым чынам ім даручаны бедныя і слабыя, з якімі сам Пан быў цесна з’яднаны51 і евангелізацыя якіх з’яўляецца знакам месіянскай справы52. Асаблівым клопатам трэба ахапіць моладзь, a таксама сужэнцаў i бацькоў. Пажадана, каб яны аб’ядноўваліся ў таварыствы дзеля ўзаемнай дапамогі, каб у жыцці, часта цяжкім, ім было лягчэй у большай паўнаце паступаць па-хрысціянску. Няхай прэзбітэры памятаюць, што ўсе кансэкраваныя асобы, мужчыны і жанчыны, складаюць найбольш хвалебную частку ў доме Пана, таму вартыя асаблівага клопату пра іх духоўны ўзрост дзеля дабра ўсяго Касцёла. Нарэшце, яны найбольш павінны клапаціцца пра хворых і паміраючых, наведваючы іх i падтрымліваючы ў Пану53.

Аднак пастырскае служэнне не абмяжоўваецца клопатам пра кожнага асобнага верніка, але скіравана на будаванне праўдзівай хрысціянскай супольнасці. Каб дух супольнасці мог адпаведна фарміравацца, ён павінен ахапіць не толькі мясцовы Касцёл, але і паўсюдны. Мясцовая супольнасць не можа клапаціцца толькі пра сваіх вернікаў, але, напоўненая місійным духам, павінна рыхтаваць для ўсіх людзей шлях да Хрыста. Асабліва яна павінна клапаціцца пра катэхумэнаў і неафітаў, якіх трэба паступова выхоўваць да пазнання і рэалізацыі хрысціянскага жыцця.

Немагчыма стварыць ніводнай хрысціянскай супольнасці, калі яна не мае кораня i асноў у цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі; таму з яе трэба распачаць усялякае выхаванне духу супольнасці54. Каб цэлебрацыя Эўхарыстыі была сапраўднай i поўнай, яна павінна весці да розных спраў міласэрнасці i ўзаемнай дапамогі, а таксама да місійнай дзейнасці і розных форм хрысціянскага сведчання.

Акрамя гэтага, эклезіяльная супольнасць праз любоў, малітву, прыклад i справы пакаяння выконвае праўдзівую мацярынскую функцыю адносна душ, якія трэба давесці да Хрыста.

Яна сама з’яўляецца дзейснай прыладай, дзякуючы якой няверуючым паказваецца або адкрываецца шлях да Хрыста i Яго Касцёла i дзякуючы якой таксама вернікі заахвочваюцца, умацоўваюцца i падтрымліваюцца ў духоўнай барацьбе.

У будаванні хрысціянскай супольнасці прэзбітэры ніколі не павінны служыць нейкай ідэалогіі ці чалавечай партыі, але як прапаведнікі Евангелля i пастыры Касцёла, яны павінны прыкладваць свае намаганні для духоўнага ўзрастання Хрыстовага цела.

II. АДНОСІНЫ ПРЭЗБІТЭРАЎ ДА ІНШЫХ ЛЮДЗЕЙ

7. Усе прэзбітэры разам з біскупамі ўдзельнічаюць у адным і тым жа святарстве i паслузе Хрыста, таму сама еднасць кансэкрацыі i місіі патрабуе ад іх іерархічнай лучнасці са станам біскупаў55, якая найлепш выяўляецца падчас літургічнай канцэлебрацыі і якую яны вызнаюць, калі, з’яднаныя з біскупамі, здзяйсняюць эўхарыстычную Гасціну56. Таму біскупы з прычыны ўдзеленага прэзбітэрам у сакрамэнце пасвячэння дару Духа Святога маюць іх за неабходных памочнікаў i дарадчыкаў у паслузе i абавязку навучання, асвячэння i кіравання Божым народам57. Гэта выразна сцвярджаецца ўжо са старажытных часоў Касцёла ў літургічных тэкстах, у якіх узносіцца ўрачыстая просьба да Бога аб спасланні на кандыдата ў прэзбітэры «духу ласкі і парады, каб падтрымліваць i кіраваць народам з чыстым сэрцам»58, як дух Майсея на пустыні ахапіў розумы сямідзесяці разважлівых мужоў59, «з дапамогай якіх ён з лёгкасцю кіраваў вялікім мноствам людзей»60.

Таму, з прычыны гэтай супольнасці ў тым самым святарстве i паслузе, няхай біскупы лічаць прэзбітэраў сваімі братамі i сябрамі61 і па меры магчымасцяў клапоцяцца пра іх дабро, перадусім духоўнае, а таксама матэрыяльнае. Бо на біскупаў ускладзена асабліва цяжкая адказнасць за святасць сваіх святароў62; таму яны павінны старанна клапаціцца пра сталую фармацыю сваіх прэзбітэраў63. Няхай ахвотна іх слухаюць, а таксама няхай пытаюцца парады i размаўляюць з імі пра тое, што датычыць патрэб пастырскай працы і дабра дыяцэзіі. Каб гэтага дасягнуць, адпаведна да сучасных акалічнасцяў i патрэб64, у форме i паводле юрыдычна вызначаных нормаў, яны павінны мець раду, г.зн. сенат, святароў65, якія прадстаўляюць усіх прэзбітэраў, каб плённа падтрымліваць біскупа сваімі парадамі ў кіраўніцтве дыяцэзіяй.

Прэзбітэры, памятаючы пра паўнату сакрамэнту пасвячэння, якую маюць біскупы, няхай шануюць у іх уладу Хрыста, Найвышэйшага Пастыра. Таму няхай з’яднаюцца вакол свайго біскупа ў шчырай любові i паслухмянасці66. Гэтая святарская паслухмянасць, напоўненая духам супрацоўніцтва, абапіраецца на ўдзел у біскупскім служэнні, якое перадаецца прэзбітэрам праз сакрамэнт пасвячэння i кананічную місію67.

Еднасць прэзбітэраў з біскупамі яшчэ больш патрэбна ў наш час, бо сёння па-розных прычынах апостальская дзейнасць павінна не толькі набываць розныя формы, але таксама выходзіць па-за межы адной парафіі або дыяцэзіі. Таму ніводзін прэзбітэр не можа асобна i адзін выканаць у поўні сваю місію, але толькі разам з іншымі прэзбітэрамі пад кіраўніцтвам тых, хто стаіць на чале Касцёла.

8. Усе прэзбітэры, устаноўленыя праз сакрамэнт пасвячэння, звязаны паміж сабою вельмі цесным сакрамэнтальным вузлом братэрства. Пры гэтым, асабліва ў дыяцэзіі, якой аддана служаць пад кіраўніцтвам свайго біскупа, яны ствараюць адзін прэзбітэрый. Хоць маюць розныя абавязкі, аднак выконваюць для людзей адну святарскую паслугу. Усе прэзбітэры пасланыя для таго, каб супрацоўнічаць у той самай справе, ці то выконваючы паслугу ў парафіі або па-за ёй, ці займаючыся навуковай дзейнасцю або выкладаннем, ці нават фізічна працуючы і падзяляючы лёс саміх працаўнікоў, калі кампетэнтная ўлада палічыць гэта мэтазгодным, ці, нарэшце, выконваючы іншыя апостальскія справы або накіраваныя на апостальства. Усе, аднак, імкнуцца да аднаго, а менавіта да будавання Хрыстовага цела, якое асабліва ў наш час патрабуе розных паслуг і новых дастасаванняў. Таму вельмі важна, каб усе прэзбітэры, як дыяцэзіяльныя, так і законныя, узаемна дапамагалі адзін аднаму і заўсёды былі супрацоўнікамі праўды68. Таму кожны звязаны з іншымі членамі таго ж прэзбітэрыя асаблівымі повязямі апостальскай любові, паслугі і братэрства. Ужо са старажытных часоў гэта было літургічна адзначана, калі прэзбітэры, стоячы разам з біскупам, які ўдзяляе пасвячэнне, запрашаюцца да ўскладання рук на новавыбраных i калі аднадушна канцэлебруюць Найсвяцейшую Эўхарыстыю. Паасобныя прэзбітэры яднаюцца са сваімі сабратамі повяззю любові, малітвы i ўсялякага супрацоўніцтва, дзякуючы чаму выяўляецца тая еднасць, у якой Хрыстус хацеў, каб Яго вызнаўцы былі цалкам з’яднаныя, каб свет пазнаў, што Сын быў пасланы Айцом69.

З гэтай прычыны старэйшыя ўзростам няхай прымаюць малодшых як сапраўдных братоў i падтрымліваюць іх у першых кроках i цяжкасцях служэння, a таксама няхай імкнуцца зразумець іх спосаб мыслення, хоць ён і адрозны ад іхняга, няхай спагадліва падтрымліваюць іх ініцыятыву. Малодшыя таксама няхай шануюць узрост i вопыт старэйшых, раяцца з імі ў справах, якія датычаць пастырства, i ахвотна з імі супрацоўнічаюць.

Кіруючыся духам братэрства, няхай прэзбітэры не забываюць пра гасціннасць70, няхай практыкуюць дабрачыннасць i дзеляцца дабротамі71, клапоцячыся перадусім пра хворых, засмучаных, абцяжараных празмернай працай, самотных, выгнаннікаў, а таксама пра тых, каго пераследуюць72. Няхай таксама ахвотна i з радасцю сустракаюцца для адпачынку, памятаючы пра словы, якімі сам Пан заахвочваў спрацаваных Апосталаў: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце» (Mк 6, 31). Больш за тое, каб прэзбітэры, клапоцячыся пра духоўнае і інтэлектуальнае жыццё, мелі ўзаемную дапамогу, каб лепш маглі супрацоўнічаць у паслузе i каб пазбеглі небяспек, што нясе самотнасць, няхай трымаюцца пэўнага спосабу супольнага жыцця або пэўнай супольнасці, якая можа мець шмат форм паводле розных асабістых ці пастырскіх патрэб, a менавіта: супольнае жыллё, дзе гэта магчыма, або супольны пасілак, або, прынамсі, частыя і перыядычныя сустрэчы. Трэба таксама высока цаніць і старанна падтрымліваць таварыствы, якія на падставе прызнаных кампетэнтнымі касцёльнымі ўладамі статутаў, дзякуючы належнаму і адпаведным чынам зацверджанаму распарадку жыцця i братняй дапамозе выхоўваюць святасць святароў у выкананні паслуг i такім чынам імкнуцца служыць усяму стану прэзбітэраў.

Нарэшце, з прычыны той жа супольнасці ў святарстве, няхай прэзбітэры ведаюць, што яны маюць асаблівыя абавязацельствы адносна тых, хто мае нейкія цяжкасці. Таму няхай спяшаюцца да іх з дапамогай, a калі ўзнікне неабходнасць, няхай таксама далікатна іх настаўляюць. А да тых, хто ў чым-небудзь правініўся, няхай заўсёды адносяцца з братняй любою і зразуменнем, няспынна молячыся за іх да Бога i застаючыся надалей для іх сапраўднымі братамі i сябрамі.

9. Хоць святары Новага Запавету ў выніку сакрамэнту пасвячэння выконваюць сярод народу і для Божага народу вельмі ўзнёслую i неабходную функцыю айцоў i настаўнікаў, аднак разам з усімі хрысціянамі яны з’яўляюцца вучнямі Пана і ўдзельнікамі Яго Валадарства дзякуючы ласцы Бога, які іх кліча73. Бо для ўсіх адроджаных у вадзе хросту прэзбітэры з’яўляюцца братамі сярод братоў74, як члены аднаго і таго ж Хрыстовага цела, будаванне якога даручана ўсім75.

Таму прэзбітэры павінны кіраваць супольнасцю, каб, не шукаючы свайго, але таго, што належыць Езусу Хрысту76, супрацоўнічаць са свецкімі вернікамі i паводзіць сябе сярод іх на ўзор Настаўніка, які «прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх» (Mц 20, 28). Няхай прэзбітэры шчыра прызнаюць i падтрымліваюць годнасць свецкіх i адпаведны ім удзел у місіі Касцёла. Няхай таксама шчыра шануюць справядлівую свабоду, на якую ўсе маюць права ў зямной дзяржаве. Няхай ахвотна выслухоўваюць свецкіх, па-братэрску ўлічваюць іх пажаданні i прызнаюць іх вопыт i кампетэнцыю ў розных сферах чалавечай дзейнасці, каб разам з імі маглі распазнаць знакі часу. Выпрабоўваючы духаў77, ці яны ад Бога, няхай у духу веры адкрываюць разнастайныя харызмы свецкіх — самыя сціплыя і самыя ўзнёслыя. Няхай з радасцю іх прызнаюць і клапатліва падтрымліваюць. Сярод іншых Божых дароў, багацце якіх знаходзіцца сярод вернікаў, асабліва трэба падтрымліваць тыя, якія заахвочваюць многіх да больш дасканалага духоўнага жыцця. Няхай таксама з даверам даручаюць свецкім заданні дзеля служэння Касцёлу, пакідаючы ім свабоду і поле для дзейнасці, адпаведна заахвочваючы іх, каб яны распачыналі таксама розныя працы з уласнай ініцыятывы78.

Урэшце, прэзбітэры ўстаноўлены сярод свецкіх, каб весці ўсіх да еднасці ў любові, каб усе любілі адно аднаго братняю любоўю, апярэджвалі адзін аднаго ў ветлівасці (пар. Рым 12, 10). Таму іх заданне — узгадняць розныя погляды, каб у супольнасці вернікаў ніхто не адчуваў сябе чужым. Яны з’яўляюцца абаронцамі агульнага дабра, пра якое клапоцяцца ад імя біскупа, і адначасова — адданымі абаронцамі праўды, каб вернікі не ішлі за ўсялякім павевам вучэння79. Іх асабліваму клопату даручаны тыя, хто ўжо не прыступае да сакрамэнтаў або нават адышоў ад веры. Няхай прэзбітэры, як добрыя пастыры, не забываюць пра іх.

Захоўваючы прадпісанні наконт экуменізму80, няхай не забываюць пра братоў, якія не маюць поўнай эклезіяльнай еднасці (communio) з намі.

Нарэшце, няхай лічаць даручанымі іх клопату ўсіх, хто не прызнае Хрыста сваім Збаўцам.

Самі ж хрысціяне няхай усведамляюць свой абавязак перад сваімі прэзбітэрамі i таму няхай адносяцца да іх, сваіх пастыраў i айцоў, з сыноўскай любоўю. Падзяляючы іх клопаты, няхай малітвай i чынам дапамагаюць сваім прэзбітэрам, каб яны маглі лепш пераадольваць перашкоды i больш плённа выконваць свае заданні81.

III. РАЗМЕРКАВАННЕ ПРЭЗБІТЭРАЎ І ПАКЛІКАННЕ ДА СВЯТАРСТВА

10. Духоўны дар, атрыманы прэзбітэрамі ў сакрамэнце пасвячэння, рыхтуе іх не толькі да пэўнай абмежаванай i вузкай місіі, але да самай шырокай i паўсюднай місіі збаўлення «аж да межаў зямлі» (Дз 1, 8), бо кожная святарская паслуга ўдзельнічае ў гэтай паўсюднай місіі, якую Хрыстус даручыў Апосталам. Хрыстовае святарства, удзельнікамі якога справядліва сталі прэзбітэры, па неабходнасці скіравана да ўсіх народаў i эпох i не абмежавана ніякімі перашкодамі крыві, нацыянальнай прыналежнасці або ўзросту, як гэта таямнічым чынам прадстаўлена ў асобе Мэльхізэдэка82. Няхай прэзбітэры памятаюць, што яны павінны клапаціцца пра ўсе Касцёлы. Таму прэзбітэры тых дыяцэзій, якія маюць больш пакліканняў да святарства, няхай ахвотна, з дазволу або па заахвочванню свайго ардынарыя, выконваюць сваё служэнне ў краінах, на місіях або ва ўстановах, дзе не хапае духавентсва.

Нормы інкардынацыі i экскардынацыі трэба перагледзець так, каб гэтае старажытнае прадпісанне, застаючыся непарушным, лепш адпавядала сучасным пастырскім патрэбам. Там, дзе гэтага патрабуе апостальства, трэба садзейнічаць не толькі лепшаму размеркаванню прэзбітэраў адносна іх служэння, але таксама ажыццяўленню спецыяльных пастырскіх спраў на карысць розных грамадскіх груп у пэўнай краіне або народзе, або ў нейкай частцы свету. Для гэтай мэты можа быць карысным стварэнне міжнародных семінарый, асобных дыяцэзій або персанальных прэлатур i іншых падобных інстытутаў, да якіх, дзеля дабра ўсяго Касцёла, могуць быць прызначаны або інкардынаваныя прэзбітэры адпаведна ўстаноўленым для кожнага чынам i заўсёды з захаваннем правоў мясцовага ардынарыя.

Аднак па магчымасці нельга высылаць прэзбітэраў па аднаму ў новыя краіны, асабліва калі яны яшчэ не ведаюць дастаткова мовы і звычаяў, але — па прыкладзе вучняў Хрыста83 — па двое або трое, каб такім чынам яны маглі сабе ўзаемна дапамагаць. Асабліва трэба паклапаціцца пра іх духоўнае жыццё, a таксама пра іх фізічнае і псіхічнае здароўе. Наколькі гэта магчыма, трэба падрыхтаваць ім месца і ўмовы працы паводле асабістых здольнасцяў кожнага з іх. Разам з тым вельмі важна, каб тыя, хто адпраўляецца ў новую для іх краіну, імкнуліся добра ведаць не толькі мясцовую мову, але таксама асаблівыя псіхалагічныя і грамадскія рысы таго народу, якому ў пакоры хочуць служыць, яднаючыся з ім вельмі цесна, каб такім чынам наследаваць прыклад апостала Паўла, які мог сказаць пра сябе: «Будучы вольным ад усіх, я стаў нявольнікам усіх, каб здабыць яшчэ больш. Я стаў габрэем для габрэяў, каб здабыць габрэяў» (1 Кар 9, 19-20).

11. Пастыр і Біскуп нашых душ84 так заснаваў свой Касцёл, каб народ, які Ён выбраў і набыў сваёй крывёю85, заўсёды i да канца вякоў абавязкова меў сваіх святароў, каб хрысціяне ніколі не былі як авечкі без пастыра86. Прызнаючы гэтую волю Хрыста, Апосталы, пад натхненнем Духа Святога лічылі сваім абавязкам выбіраць распарадчыкаў, «якія будуць здольныя навучыць таксама іншых» (2 Цім 2, 2). Гэты абавязак належыць да самой святарскай місіі, праз якую прэзбітэр удзельнічае ў клопаце ўсяго Касцёла, каб тут на зямлі заўсёды хапала працаўнікоў сярод Божага народу. Аднак паколькі «стырнавы карабля i падарожнікі імкнуцца да адной мэты»87, таму трэба вучыць увесь хрысціянскі народ пра яго абавязак разнастайнага супрацоўніцтва праз пасрэдніцтва стараннай малітвы, a таксама іншымі спосабамі, даступнымі яму88, каб Касцёл заўсёды меў святароў, неабходных для выканання яго боскай місіі. Таму няхай прэзбітэры найперш імкнуцца праз паслугу слова i сведчанне ўласным жыццём выразна паказваць вернікам дух служэння i сапраўднай пасхальнай радасці, перавагу i неабходнасць святарства, а тых, малодшых ці старэйшых, якіх разважліва палічылі б здольнымі да такога вялікага служэння, няхай падтрымліваюць, не шкадуючы ніякага клопату і працы, каб яны маглі адпаведна падрыхтавацца, а пазней, з захаваннем іх поўнай знешняй і ўнутранай свабоды, маглі быць пакліканы біскупамі. Для дасягнення гэтай мэты вельмі карысным з’яўляецца ўважлівае i мудрае духоўнае кіраўніцтва.

Бацькі, настаўнікі і ўсе тыя, хто нейкім чынам займаецца выхаваннем падлеткаў і моладзі, павінны так іх выхоўваць, каб, ведаючы клопат Пана пра свой статак i бачачы патрэбы Касцёла, яны былі гатовыя велікадушна адказаць Пану, які іх кліча, разам з прарокам: «Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 8). Гэты голас Пана, які кліча, ні ў якім разе нельга чакаць так, быццам бы ён павінен дайсці да вушэй будучага прэзбітэра нейкім незвычайным чынам. Яго трэба распазнаць i пачуць менавіта ў знаках, праз якія Божая воля адкрываецца штодня разважлівым хрысціянам. Над гэтымі знакамі прэзбітэры павінны старанна разважаць89.

Таму ім даручаецца асаблівым чынам дыяцэзіяльная і нацыянальная справа пакліканняў90. У казаннях, катэхезе, перыядычным друку трэба выразна прадстаўляць патрэбы як мясцовага, так і паўсюднага Касцёла, паказваць сэнс i значнасць святарскай паслугі, у якой вялікія цяжкасці спалучаны з вялікай радасцю i праз якую перадусім, як вучаць Айцы Сабору, можна даць Хрысту найвышэйшы доказ любові91.

РАЗДЗЕЛ III
ЖЫЦЦЁ ПРЭЗБІТЭРАЎ

I. ПАКЛІКАННЕ ПРЭЗБІТЭРАЎ ДА ДАСКАНАЛАСЦІ

12. Праз сакрамэнт пасвячэння прэзбітэры прыпадабняюцца да Хрыста Святара як слугі Галавы, каб, будучы супрацоўнікамі біскупскага стану, будаваць і ствараць Яго цела, якім ёсць Касцёл. Ужо ў кансэкрацыі хросту яны атрымалі, як і ўсе хрысціяне, знак і дар такога вялікага паклікання і ласкі, каб нават у чалавечай слабасці92 яны маглі і былі абавязаны імкнуцца да дасканаласці паводле слоў Пана: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Mц 5, 48). Да гэтай дасканаласці святары асабліва абавязаны імкнуцца, бо яны, пасвячаныя Богу новым чынам у момант прыняцця пасвячэння, сталі жывымі прыладамі Хрыста, Вечнага Святара, каб працягваць у часе Яго цудоўную справу, праз якую Ён сваёй моцаю з вышыні аднавіў усё чалавецтва93. Паколькі кожны святар уласцівым яму чынам увасабляе самога Хрыста, ён адораны таксама асаблівай ласкай, каб, служачы даручанаму яму люду i ўсяму Божаму народу, яму было лягчэй імкнуцца да дасканаласці таго, каго ён прадстаўляе, i каб слабасць чалавечага цела была вылечана святасцю таго, хто стаў для нас Найвышэйшым Святаром, святым, нявінным, беззаганным, адлучаным ад грэшнікаў (пар. Гбр 7, 26).

Хрыстус, якога Айцец асвяціў, г.зн. кансэкраваў, і паслаў у свет94, і «які аддаў самога сябе за нас, каб адкупіць ад усялякага беззаконня і ачысціць для сябе народ выбраны, руплівы ў добрых учынках» (Ціт 2, 14), увайшоў праз муку ў сваю хвалу95. Такім жа чынам і прэзбітэры, кансэкраваныя намашчэннем Духа Святога і пасланыя Хрыстом, утаймоўваюць у сабе ўчынкі цела і цалкам аддаюцца служэнню людзям, дзякуючы чаму могуць узрастаць у святасці, якой былі адораны ў Хрысце, пакуль не стануць дасканалымі мужамі96.

Так, выконваючы паслугу Духа i справядлівасці97, прэзбітэры ўмацоўваюцца ў духоўным жыцці, калі толькі выказваюць паслухмянасць Хрыстоваму Духу, які іх ажыўляе і вядзе. Дзякуючы самім штодзённым сакральным дзеянням, а таксама праз усё сваё служэнне, якое выконваюць у еднасці з біскупам i прэзбітэрамі, яны ідуць да дасканаласці жыцця. Сама святасць прэзбітэраў значна спрыяе плённаму выкананню іх паслугі. Хоць Божая ласка можа здзяйсняць справу збаўлення праз пасрэдніцтва нягодных распарадчыкаў, аднак звычайна Бог жадае паказваць свае цудоўныя справы праз тых, хто быў больш паслухмяны натхненням і кіраўніцтву Духа Святога і хто можа з увагі на сваё цеснае з’яднанне з Хрыстом i святасць жыцця сказаць разам з Апосталам: «Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20).

Таму гэты Святы Сабор для дасягнення сваіх пастырскіх мэтаў унутранага аднаўлення Касцёла, распаўсюджвання Евангелля па ўсім свеце і ўстанаўлення дыялогу з сучасным светам настойліва заахвочвае ўсіх святароў, каб пры дапамозе адпаведных сродкаў, што рэкамендуе Касцёл98, яны няспынна імкнуліся да штораз большай святасці, дзякуючы якой яны б станавіліся з кожным днём штораз лепшымі прыладамі ў служэнні ўсяму Божаму народу.

13. Прэзбітэры змогуць дасягнуць святасці адпаведным для іх чынам, калі будуць аддана і нястомна выконваць свае абавязкі ў Хрыстовым Духу.

З’яўляючыся слугамі Божага слова, няхай штодзённа чытаюць i слухаюць Божае слова, якому павінны вучыць іншых. A калі імкнуцца самі яго прыняць, то будуць з кожным днём усё больш дасканалымі вучнямі Пана, паводле слоў апостала Паўла, скіраваных да Цімафея: «Аб гэтым клапаціся, гэтаму сябе прысвячай, каб твой поступ быў відавочны для ўсіх. Зважай на сябе і на навучанне, трывай у гэтым, бо, робячы так, і самога сябе збавіш, і тых, хто цябе слухае» (1 Цім 4, 15-16). Шукаючы больш адпаведнага спосабу пераказу іншым рэчаў99, якія былі прадметам іх кантэмпляцыі, яны будуць больш глыбока адчуваць «невычэрпнае багацце Хрыста» (Эф 3, 8) i шматгранную Божую мудрасць100. Памятаючы, што Пан ёсць тым, хто адкрывае сэрцы101, i што не ад іх, але з Божай моцы паходзіць перамога102, у пераказванні слова яны будуць больш цесна яднацца з Хрыстом Настаўнікам i дазволяць, каб Ягоны Дух вёў іх. Так, яднаючыся з Хрыстом, яны ўдзельнічаюць у любові Бога, таямніца якой, утоеная спрадвеку103, была аб’яўлена ў Хрысце.

Прэзбітэры, як святыя распарадчыкі, асабліва ў ахвяры св. Імшы, замяняюць асаблівым чынам самога Хрыста, які ахвяраваў сябе як жэртву для асвячэння людзей. Таму яны заахвочваюцца наследаваць тое, што здзяйсняюць, бо, адзначаючы таямніцу смерці Пана, яны павінны імкнуцца праз утаймаванне вызваліць свае члены ад заганаў i пажадлівасці104. У таямніцы эўхарыстычнай Ахвяры, у якой святары выконваюць свой галоўны абавязак, няспынна здзяйсняецца справа нашага адкуплення105 і таму ім вельмі рэкамендуецца цэлебраваць яе штодзённа. Яна з’яўляецца дзеяннем Хрыста i Яго Касцёла106, нават калі вернікі не прысутнічаюць на ёй.

Таму, калі прэзбітэры яднаюцца з дзеяннем Хрыста Святара, штодня цалкам ахвяруюць сябе Богу і, кормячыся Целам Хрыста, шчыра ўдзельнічаюць у любові таго, хто дае сябе вернікам як ежу. Таксама пры ўдзяленні сакрамэнтаў яны яднаюцца з намерам і любоўю Хрыста. Робяць гэта асабліва тады, калі сведчаць пра гатоўнасць быць распарадчыкамі сакрамэнту пакаяння кожны раз, калі вернікі разумна просяць аб гэтым. У чытанні Божага Афіцыя яны даюць свой голас Касцёлу, які трывае ў малітве ад імя ўсяго чалавечага роду разам з Хрыстом, які заўсёды жыве, каб заступацца за нас (пар. Гбр 7, 25).

Кіруючы Божым народам i будучы ягонымі пастырамі, заахвочаныя любоўю Добрага Пастыра аддаваць жыццё сваё за сваіх авечак107, прэзбітэры гатовы нават да найвялікшай ахвярнасці, наследуючы прыклад святароў, якія не вагаліся таксама i ў наш час аддаваць сваё жыццё. Будучы настаўнікамі веры i «маючы адвагу ўвайсці праз кроў Езуса ў Святое Месца» (Гбр 10, 19), яны прыступаюць да Бога «са шчырым сэрцам і ў паўнаце веры» (Гбр 10, 22). Маючы моцную надзею наконт сваіх вернікаў108, яны могуць суцяшаць тых, хто знаходзіцца ва ўсялякім уціску, тым суцяшэннем, якое самі атрымліваюць ад Бога109. Як кіраўнікі супольнасці, яны захоўваюць аскезу, уласцівую пастырам, адмаўляюцца ад уласных выгодаў, шукаюць не сваёй карысці, але таго, што служыць усім, каб усе былі збаўлены110. Яны заўсёды ідуць наперад да больш дасканалага выканання пастырскай справы i дзе гэта неабходна, гатовыя выйсці на новыя шляхі пастырства пад кіраўніцтвам Духа любові, які вее, дзе хоча111.

14. Паколькі ў сучасным свеце ёсць шмат абавязкаў, якія людзі павінны выконваць, i столькі розных праблем, якія іх непакояць і якія часта яны павінны неадкладна вырашаць, то нярэдка ўзнікае небяспека разгубленасці ў такой вялікай разнастайнасці спраў. Таксама прэзбітэры, занятыя i заклапочаныя шматлікімі абавязкамі свайго стану, могуць з трывогай задаваць сабе пытанне, як спалучыць сваё ўнутранае жыццё са знешняй дзейнасцю. Гэтага адзінства жыцця не можа стварыць ні выключна знешні парадак у пастырскіх дзеяннях, ні само здзяйсненне пабожных практык, хоць яно і падтрымлівала б гэтае адзінства. Аднак прэзбітэры могуць яго будаваць, наследуючы ў выкананні сваёй паслугі Хрыста Пана, спажыткам якога было здзяйсненне волі таго, хто Яго паслаў, каб выканаць Ягоную справу112.

Хрыстус, каб няспынна здзяйсняць праз Касцёл волю Айца ў свеце, дзейнічае праз пасрэдніцтва сваіх слугаў i таму застаецца заўсёды пачаткам і крыніцай еднасці іх жыцця. Таму прэзбітэры дасягаюць еднасці свайго жыцця, яднаючыся з Хрыстом у пазнанні волі Айца i ў ахвяраванні сябе за даручаны ім статак113. Так, увасабляючы Добрага Пастыра, праз само выкананне пастырскай любові яны знойдуць повязь святарскай дасканаласці, якая лучыць у адно іх жыццё і дзейнасць. Гэтая пастырская любоў114 вынікае галоўным чынам з эўхарыстычнай Ахвяры, якая застаецца асяродкам i коранем усяго жыцця прэзбітэра, таму тое, што здзяйсняецца на ахвярным алтары, дух святара імкнецца аднавіць у сабе. Але гэта магчыма толькі тады, калі самі святары будуць праз малітву больш глыбока пранікаць у таямніцу Хрыста.

Каб умець у канкрэтных справах практыкаваць еднасць свайго жыцця, прэзбітэры павінны разважаць над усімі сваімі справамі, выпрабоўваючы, якая воля Божая115, а менавіта, ці гэтыя справы згодныя з прынцыпамі евангельскай місіі Касцёла. Вернасць Хрысту нельга аддзяліць ад вернасці Яго Касцёлу. Таму, каб прэзбітэры не распачыналі дарэмнае спаборніцтва, пастырская любоў патрабуе ад іх116, каб яны заўсёды працавалі ў цеснай еднасці з біскупам i іншымі братамі ў святарстве. Так паступаючы, прэзбітэры знойдуць еднасць свайго жыцця ў самой еднасці місіі Касцёла i такім чынам з’яднаюцца са сваім Панам, a праз Яго з Айцом у Духу Святым, каб напоўніцца суцяшэннем i мець у дастатку радасць117.

II. АСАБЛІВЫЯ ДУХОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ Ў ЖЫЦЦІ ПРЭЗБІТЭРА

15. Сярод цнотаў, якія найбольш неабходны для здзяйснення паслугі прэзбітэраў, трэба назваць такую гатоўнасць духу, дзякуючы якой яны заўсёды гатовы шукаць не сваёй волі, але волі таго, хто іх паслаў118. Боская справа, для выканання якой былі пакліканы Духам Святым119, пераўзыходзіць усе чалавечыя сілы i ўсялякую чалавечую мудрасць, бо «слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных» (1 Кар 1, 27). Сапраўдны Хрыстовы слуга, усведамляючы сваю слабасць, працуе ў пакоры, выхоўваючы ў сабе тое, што мілае Богу120, а таксама, як бы звязаны Духам Святым121, кіруецца ва ўсім воляй таго, хто хоча збавіць усіх людзей. Гэтую волю ён можа адкрываць і выконваць у штодзённым жыцці, калі з пакораю будзе служыць усім, хто быў яму даручаны Богам у давераным яму заданні, а таксама ў шматлікіх падзеях свайго жыцця.

Святарская паслуга, будучы служэннем самога Касцёла, не можа быць здзейснена інакш, як толькі ў іерархічнай супольнасці ўсяго цела. Таму пастырская любоў натхняе прэзбітэраў, якія працуюць у гэтай супольнасці, прысвячаць сваю волю праз паслухмянасць служэнню Богу i братам, прымаючы і выконваючы ў духу веры наказы і распараджэнні Найвышэйшага Пантыфіка і свайго біскупа, a таксама іншых настаяцеляў, усё больш ахвотна аддаючы і прысвячаючы сябе якому-небудзь даручанаму ім заданню122, нават найбольш сціпламу і менш значнаму. Такім чынам яны захоўваюць i ўмацоўваюць неабходную еднасць у паслузе разам са сваімі братамі, асабліва з тымі, каго Пан устанавіў бачнымі кіраўнікамі свайго Касцёла, i супрацоўнічаюць у будаўніцтве Хрыстовага цела, якое ўзрастае «ва ўсялякай повязі ўзаемных паслуг»123. Гэтая паслухмянасць, якая вядзе да сталай свабоды сыноў Божых, паводле сваёй натуры патрабуе, каб прэзбітэры, натхнёныя любоўю, у выкананні сваіх абавязкаў разважліва шукалі новых шляхоў дзеля большага дабра Касцёла, мужна выступалі са сваёй ініцыятывай i выразна прадстаўлялі патрэбы даручанага ім статку, заўсёды будучы гатовымі падпарадкавацца тым, хто выконвае галоўнае заданне ў кіраўніцтве Божым Касцёлам.

Праз пакору, адказную і дабравольную паслухмянасць прэзбітэры прыпадабняюцца да Хрыста, адчуваючы ў сабе тое, што i ў Хрысце Езусе, які «выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі... будучы паслухмяным ажно да смерці» (Флп 2, 7-8), i праз гэтую паслухмянасць перамог i адкупіў непаслухмянасць Адама, як сведчыць Апостал: «Як праз непаслухмянасць аднаго чалавека многія сталі грэшнікамі, так і праз паслухмянасць Аднаго многія стануць справядлівымі» (Рым 5, 19).

16. Дасканалае і пастаяннае ўстрыманне, якое раіць Хрыстус Пан дзеля Нябеснага Валадарства124 і якое на працягу стагоддзяў, а таксама і ў наш час, многія хрысціяне ахвотна прымаюць i хвалебна захоўваюць, заўсёды лічылася ў Касцёле асабліва важным для святарскага жыцця. Яно з’яўляецца знакам, a таксама імпульсам пастырскай любові i асаблівай крыніцай духоўнай плоднасці ў свеце125. Канешне, яно не патрабуецца паводле самой натуры святарства, як гэта бачна з практыкі ранняга Касцёла126 і традыцыі Усходніх Касцёлаў, дзе, акрамя тых, хто з дару ласкі з усімі біскупамі выбірае захаванне цэлібату, ёсць таксама вельмі заслужаныя жанатыя прэзбітэры. Таму, калі гэты Святы Сабор прапануе для духавенства касцёльны цэлібат, ён цалкам не намераны змяняць гэтую дысцыпліну, якая законна дзейнічае ва Усходніх Касцёлах. Усіх, хто ў сужэнстве прыняў прэзбітэрат, ён з вялікай любоўю заахвочвае, каб, трываючы ў святым пакліканні, цалкам і велікадушна надалей прысвячалі сваё жыццё даручанай ім аўчарні127.

Цэлібат з многіх прычын адпавядае святарству. Бо ўся місія святара прысвечана служэнню новаму чалавецтву, якое Хрыстус, пераможца смерці, абуджае праз Духа Святога ў гэтым свеце i якое мае свой пачатак «ні ад крыві, ні ад жадання цела, ні ад жадання мужа, але ад Бога» (Ян 1, 13). Праз дзявоцтва або цэлібат, якія захоўваюцца дзеля Нябеснага Валадарства128 і праз якія прэзбітэры прысвячаюцца Хрысту паводле новых і выключных матываў, лягчэй непадзельным сэрцам ісці за Ім129 і з большай свабодай у Ім i праз Яго прысвячаць сябе служэнню Богу і людзям, а таксама актыўней служыць Яго Валадарству i справе надпрыроднага адраджэння. Прэзбітэры становяцца такім чынам больш здатнымі прыняць шырэйшае айцоўства ў Хрысце. Так яны вызнаюць перад людзьмі, што жадаюць непадзельна прысвяціць сябе даручанаму ім заданню, a менавіта яднаць вернікаў з адным Мужам i прадстаўляць іх Хрысту як цнатлівую дзеву130, узгадваючы таямнічае сужэнства, устаноўленае Богам, якое ў будучыні павінна аб’явіцца ў поўні і праз якое Касцёл мае адзінага Абранніка — Хрыста131. Урэшце, яны становяцца жывым знакам таго будучага свету, прысутнага ўжо праз веру і любоў, у якім сыны ўваскрашэння не выходзяць замуж і не жэняцца132.

Таму, на падставе таямніцы Хрыста i Яго місіі, цэлібат, які спачатку толькі рэкамендаваўся святарам, быў пазней у Лацінскім Касцёле прадпісаны правам для ўсіх, хто атрымліваў сакрамэнт пасвячэння. Дадзены Святы Сабор зноў прызнае i пацвярджае гэтае распараджэнне адносна тых, хто прызначаны да прэзбітэрату. Маючы надзею ў Духу Святым, ён верыць, што дар цэлібату, які так адпавядае святарству Новага Запавету, шчодра ўдзяляецца Айцом, калі тыя, хто ўдзельнічае ў святарстве Хрыста праз сакрамэнт пасвячэння, a таксама ўвесь Касцёл, будуць пакорліва і вытрывала гэты дар выпрошваць. Святы Сабор заахвочвае таксама ўсіх прэзбітэраў, якія свабодна і дабравольна, спадзеючыся на Божую ласку, прынялі святы цэлібат на ўзор Хрыста, каб усёй душой i ўсім сэрцам далучыўшыся да яго і верна трываючы ў гэтым стане, яны прызналі яго цудоўным дарам, які быў дадзены Айцом i які так выразна ўсхваляецца Панам133. А таксама, каб яны памяталі пра вялікія таямніцы, якія ён азначае і здзяйсняе. Чым больш дасканалае ўстрыманне многіх людзей у сучасным свеце лічыцца немагчымым, тым з большай пакорай і вытрываласцю няхай прэзбітэры разам з Касцёлам выпрошваюць ласку вернасці, якая заўсёды даецца тым, хто просіць, выкарыстоўваючы ўсялякія сродкі, звышнатуральныя i натуральныя, якія даступны ўсім. Перш за ўсё яны павінны трымацца аскетычных нормаў, якія пацверджаны вопытам Касцёла і сёння з’яўляюцца не менш неабходнымі. Таму Святы Сабор заклікае не толькі святароў, але i ўсіх вернікаў цаніць гэты каштоўны дар святарскага цэлібату і прасіць Бога, каб Ён сам заўсёды шчодра ўдзяляў гэты дар свайму Касцёлу.

17. Праз сяброўскія і братэрскія адносіны паміж сабою і з іншымі людзьмі прэзбітэры маюць магчымасць навучыцца паважаць чалавечыя каштоўнасці i ацэньваць створаныя даброты як Божы дар. Аднак, знаходзячыся ў свеце, яны заўсёды павінны ведаць, што, паводле слоў нашага Пана і Настаўніка, яны не са свету134. Таму, карыстаючыся светам так, як бы ім не карысталіся135, яны дойдуць да той свабоды, дзякуючы якой, вызваленыя ад усялякага неўпарадкаванага клопату, яны будуць здольнымі слухаць Божы голас у штодзённым жыцці. З гэтай свабоды i здольнасці нараджаецца духоўнае распазнанне, дзякуючы якому фарміруюцца правільныя адносіны да свету i зямных дабротаў. Гэтыя адносіны вельмі важныя для прэзбітэраў, бо місія Касцёла здзяйсняецца ў свеце, i створаныя даброты абсалютна неабходныя для асабовага развіцця чалавека. Таму яны павінны быць удзячныя за ўсё, што дае ім Нябесны Айцец для правільнага жыцця. Аднак яны павінны ацэньваць у святле веры ўсё, з чым сустракаюцца, каб вучыцца належнаму выкарыстанню дабротаў згодна з Божай воляй i адкідваць тое, што перашкаджае іх місіі.

Святары, «часткай i лёсам» (Ліч 18, 20) якіх з’яўляецца менавіта Пан, павінны выкарыстоўваць зямныя даброты выключна з той мэтай, для якой паводле вучэння Хрыста Пана i наказаў Касцёла яны прызначаюцца.

Касцёльнымі дабротамі ў сціслым значэнні гэтага слова святары павінны распараджацца згодна з натурай гэтых дабротаў і паводле касцёльных прадпісанняў, пры дапамозе дасведчаных свецкіх людзей, наколькі гэта магчыма, i прызначаць гэтыя даброты заўсёды для тых мэтаў, дзеля дасягнення якіх Касцёлу можна мець зямныя даброты, a менавіта для годнай цэлебрацыі Божага культу, для забеспячэння адпаведнага ўтрымання духавенства, а таксама для выканання спраў апостальства і міласэрнасці, асабліва ў адносінах да патрабуючых136. Няхай святары і біскупы пры захаванні мясцовага права137 выкарыстоўваюць сродкі, атрыманыя за спаўненне якой-небудзь касцёльнай функцыі, перш за ўсё для свайго адпаведнага ўтрымання i здзяйснення абавязкаў свайго стану. Усё ж лішняе няхай прызначаць на карысць Касцёла або на справы міласэрнасці. Няхай не лічаць касцёльную пасаду крыніцай заробку і не выкарыстоўваюць даходаў, якія з яе паходзяць, дзеля павелічэння асабістай маёмасці138. Таму святары не павінны цалкам прывязвацца да багацця139, але пазбягаць усялякай хцівасці i старанна ўстрымлівацца ад усялякага віду гандлю.

Больш за тое, яны заахвочваюцца да дабравольнага практыкавання ўбоства, праз якое яны больш выразна прыпадабняюцца да Хрыста i становяцца больш здольнымі да святога служэння. Хрыстус, будучы багатым, дзеля нас стаў убогім, каб праз Яго ўбоства мы сталі багатымі140. Услед за Ім Апосталы, умеючы жыць як у дастатку, так i ў нястачы, пацвердзілі сваім прыкладам, што дарма атрыманы ад Бога дар141 трэба дарма даваць142. Аднак і пэўнае супольнае выкарыстанне рэчаў, па прыкладзе супольнасці дабротаў, якая вядома ў гісторыі ранняга Касцёла143, найлепш пракладвае дарогу да пастырскай любові. Дзякуючы такому спосабу жыцця прэзбітэры могуць хвалебна практыкаваць дух убоства, перададзены Хрыстом.

Пад кіраўніцтвам Духа Пана, які намасціў Збаўцу i паслаў Яго абвяшчаць Евангелле ўбогім144, прэзбітэры і біскупы павінны пазбягаць усяго, што магло б нейкім чынам адпіхнуць ад іх убогіх і, апярэджваючы іншых вучняў Хрыста, яны павінны пазбягаць усялякай празмернасці ў сваіх рэчах. Сваё жыллё няхай уладкоўваюць так, каб яно было даступным для ўсіх i каб ніхто і ніколі, таксама вельмі ўбогі, не баяўся яго наведаць.

III. ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ЖЫЦЦЯ ПРЭЗБІТЭРАЎ

18. Для таго, каб развіваць ва ўсіх жыццёвых акалічнасцях еднасць з Хрыстом, прэзбітэры, акрамя сумленнага выканання сваёй паслугі, маюць у распараджэнні агульныя і адмысловыя, новыя і традыцыйныя сродкі, якія Дух Святы ніколі не пераставаў даваць Божаму народу i якія Касцёл рэкамендуе, a нават часам загадвае для асвячэння сваіх членаў145. Сярод усіх духоўных сродкаў першае месца займаюць тыя чыны, дзякуючы якім хрысціяне кормяцца Божым словам на падвойнай гасціне: Святога Пісання i Эўхарыстыі146. Усе ведаюць, якім важным для асвячэння прэзбітэраў з’яўляецца частае і стараннае іх выкарыстанне.

Распарадчыкі сакрамэнтальнай ласкі вельмі цесна яднаюцца з Хрыстом Збаўцам і Пастырам праз плённае прыняцце сакрамэнтаў, асабліва праз сакрамэнт пакаяння, да якога яны рыхтуюцца на падставе штодзённага рахунку сумлення, вельмі неабходнага для навяртання сэрца да любові Айца міласэрнасці. У святле веры, што жывіцца чытаннем Божага слова, яны могуць пільна даследаваць знакі Божай волі i дзеянне Ягонай ласкі ў розных падзеях жыцця i такім чынам станавіцца з дня ў дзень усё больш гатовымі выконваць сваю місію, прынятую ў Духу Святым. Цудоўны прыклад гэтай гатоўнасці яны маюць заўсёды ў Благаслаўлёнай Дзеве Марыі, якая, пад кіраўніцтвам Духа Святога, аддала сябе цалкам таямніцы адкуплення людзей147. Няхай Яе, як Маці Найвышэйшага i Вечнага Святара, Каралеву Апосталаў, а таксама як апірышча сваёй місіі, прэзбітэры славяць i любяць з сыноўняй пабожнасцю.

Каб верна выконваць сваю паслугу, яны павінны клапаціцца пра штодзённую размову з Хрыстом Панам праз наведванне святыні i асабістае ўшанаванне Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Яны павінны ахвотна прысвячаць час на духоўныя практыкаванні i высока цаніць духоўнае кіраўніцтва. Розным чынам, асабліва праз выпрабаваную мысленную малітву i іншыя формы малітваў, якія дабравольна выбіраюць, прэзбітэры павінны шукаць i старанна выпрошваць у Бога той дух сапраўднага пакланення, дзякуючы якому разам з даручаным ім народам яны будуць цесна яднацца з Хрыстом, Пасрэднікам Новага Запавету, i таму як усыноўленыя дзеці, усклікаць: «Абба, Ойча» (Рым 8, 15).

19. Падчас святога абраду пасвячэння біскуп заклікае прэзбітэраў быць «сталымі ў ведах», каб іх настаўленне было «духоўным лекам для Божага народу»148. Веды святога распарадчыка павінны быць святымі, бо ўзяты са святой крыніцы і скіраваны да святой мэты. Перадусім яны чэрпаюцца з чытання Святога Пісання і разважання над ім149, але плённай дапамогай з’яўляецца таксама вывучэнне твораў айцоў і доктараў Касцёла, а таксама іншых помнікаў Традыцыі. Больш за тое, каб належна адказаць на праблемы сучасных людзей, прэзбітэры павінны добра ведаць дакументы Настаўніцкага Інстытута Касцёла, асабліва Сабораў і Рымскіх Пантыфікаў, а таксама парады найлепшых i прызнаных тэолагаў.

Паколькі ў наш час чалавечая культура, a таксама сакральныя дысцыпліны робяць значныя поступы, прэзбітэры павінны адпаведна i няспынна паглыбляць свае веды пра Божыя і людскія справы, каб такім чынам падрыхтавацца да больш плённага дыялогу са сваімі сучаснікамі.

Каб прэзбітэры маглі без перашкод набываць веды і больш плённа пазнаваць метады евангелізацыі і апостальства, трэба з вялікім клопатам, згодна з умовамі кожнай тэрыторыі, забяспечыць іх неабходнымі дапаможнымі сродкамі: арганізоўваць курсы, кангрэсы, ствараць асяродкі, прызначаныя для вывучэння метадаў пастырства, закладаць бібліятэкі i арганізоўваць адпаведнае кіраванне працэсам навучання пры дапамозе адпаведных асоб. Акрамя гэтага, няхай біскупы, кожны па-асобку або разам, імкнуцца да таго, каб усе іх прэзбітэры ў вызначаны час, асабліва на працягу некалькіх гадоў пасля пасвячэння150, маглі ўдзельнічаць у курсах, якія б дапамаглі ім больш поўна пазнаць i навучыцца метадам пастырства i набыць тэалагічныя веды, а таксама ўмацаваць іх духоўнае жыццё і абмяняцца з братамі вопытам апостальства151. Гэтымі і іншымі адпаведнымі сродкамі трэба таксама падтрымліваць з асаблівым клопатам новапрызначаных пробашчаў i тых, хто прысвячае сябе новым пастырскім справам, а таксама тых, хто пасланы працаваць у іншыя дыяцэзіі або краіны.

Нарэшце, няхай біскупы клапоцяцца пра тое, каб некаторыя прэзбітэры прысвячалі сябе больш глыбокаму вывучэнню тэалагічных дысцыплін, каб дзякуючы гэтаму заўсёды хапала настаўнікаў, здольных вучыць клерыкаў, каб іншыя святары і вернікі мелі дапамогу ў здабыванні неабходных ім ведаў і каб у святых дысцыплінах яны знаходзілі падтрымку для нармальнага развіцця, якое для Касцёла так неабходна.

20. Прэзбітэры, адданыя Божаму служэнню ў выкананні даручанай ім улады, вартыя таго, каб атрымаць справядлівую ўзнагароду, «бо работнік заслугоўвае платы сваёй» (Лк 10, 7)152, a таксама: «Пан пастанавіў, каб тыя, хто абвяшчае Евангелле, з Евангелля жылі» (1 Кар 9, 14). Таму, калі прэзбітэры не маюць справядлівай узнагароды, самі вернікі, паколькі для іх дабра працуюць прэзбітэры, маюць сапраўдны абавязак паклапаціцца пра тое, каб забяспечыць ім неабходныя сродкі для праўдзівага i годнага жыцця. Біскупы павінны нагадваць вернікам пра гэты іхні абавязак i клапаціцца, ці то кожны паасобку для сваёй дыяцэзіі, ці лепш разам для агульнай тэрыторыі, каб былі ўстаноўлены нормы належнага забеспячэння тых, хто ў служэнні Божаму народу выконвае або выконваў нейкае заданне. Узнагарода, якую хтосьці атрымлівае, павінна быць — улічваючы характар задання і акалічнасці месца i часу — прынцыпова аднолькавай для ўсіх, хто знаходзіцца ў такой жа сітуацыі; павінна адпавядаць іх стану i дазваляць ім не толькі даваць узнагароду тым, хто прысвячаецца служэнню прэзбітэрам, але таксама аказваць асабістую падтрымку патрабуючым. Гэтую паслугу на карысць убогіх Касцёл заўсёды вельмі шанаваў ужо з самых ранніх часоў. Узнагарода павінна быць такой, каб прэзбітэры маглі мець належны і дастатковы штогадовы адпачынак, а біскупы павінны клапаціцца пра тое, каб прэзбітэры маглі ім карыстацца.

Аднак, абавязак, які выконваюць святыя распарадчыкі, мае першаснае значэнне. Таму гэтак званую сістэму бэнэфіцыяў трэба ліквідаваць або, прынамсі, рэфармаваць, каб частка, якую прыносяць бэнэфіцыі, гэта значыць права мець даходы з датацый, звязаных з пасадай, лічылася другаснай. Юрыдычна першае месца павінна адводзіцца самой касцёльнай пасадзе, якой у сваю чаргу лічыцца кожны пастаянны абавязак, што выконваецца для духоўнай мэты.

21. Трэба заўсёды памятаць пра прыклад вернікаў ранняга Ерузалемскага Касцёла, у якім «усё было супольнае» (Дз 4, 32) «і раздавалася кожнаму паводле патрэбы ягонай» (Дз 4, 35). Таму вельмі важна, каб прынамсі ў краінах, у якіх утрыманне духавенства цалкам або ў большай ступені залежыць ад ахвяравання вернікаў, такія сродкі збіраліся ў нейкай дыяцэзіяльнай установе, якой кіруе біскуп пры дапамозе выбраных святароў, a дзе гэта было б карысным, таксама свецкіх людзей, кампетэнтных у гаспадарчых справах. Акрамя гэтага, пажадана, каб, наколькі гэта магчыма, у паасобных дыяцэзіях або краінах быў створаны агульны маёмасны фонд, дзякуючы якому біскупы маглі б выканаць свае абавязацельствы адносна асоб, якія служаць Касцёлу, i задаволіць розныя патрэбы дыяцэзіі. Дзякуючы гэтаму фонду больш багатыя дыяцэзіі таксама маглі б дапамагаць бяднейшым, каб з багацця адных маглі быць запоўнены недахопы іншых153. Гэты агульны маёмасны фонд трэба стварыць перадусім за лік сродкаў, якія ахвяруюць вернікі, але таксама i на падставе іншых крыніц, якія юрыдычна трэба акрэсліць.

У краінах, дзе сацыяльная апека духавенства не арганізавана належным чынам, Канферэнцыі Біскупаў павінны паклапаціцца, зважаючы заўсёды на касцёльнае і дзяржаўнае права, каб існавалі або дыяцэзіяльныя ўстановы, спалучаныя паміж сабою, або ўстановы, створаныя адразу для некалькіх дыяцэзій, або адно аб’яднанне, заснаванае для ўсёй тэрыторыі, якія павінны пад наглядам іерархіі і ў дастатковай ступені забяспечыць адпаведныя патрэбы і гэтак званую медыцынскую апеку, а таксама належнае ўтрыманне прэзбітэраў, якія хварэюць, няздольныя працаваць або пажылыя. Святары, у духу салідарнасці са сваімі братамі154, спачуваючы ім у цярпеннях, павінны падтрымліваць заснаваную ўстанову, памятаючы, што дзякуючы ёй яны не павінны клапаціцца пра свой будучы лёс і што могуць лепш i цалкам у духу Евангелля практыкаваць убоства i збаўленне душ. Тыя, каго гэта датычыць, павінны старацца ўстанавіць сувязь паміж гэтымі ўстановамі ў розных краінах, каб яны такім чынам атрымалі большую моц i больш распаўсюджваліся.

ЗАКАНЧЭННЕ І ЗАКЛІК

22. Святы Сабор, памятаючы пра радасць святарскага жыцця, не можа таксама не бачыць цяжкасцяў, якія маюць прэзбітэры ва ўмовах сучаснага жыцця. Ведае таксама, што вельмі змяняюцца эканамічныя і сацыяльныя ўмовы, а нават звычаі людзей, што вельмі змяняецца ў ацэнцы людзей іерархія каштоўнасцяў. Таму слугі Касцёла, a часам нават вернікі адчуваюць сябе як бы чужымі ў гэтым свеце, шукаючы з трывогаю адпаведных сродкаў і слоў, якімі б маглі з ім дамовіцца. Новыя перашкоды для веры, уяўная непатрэбнасць выконваемай працы, а таксама балючая самотнасць, якую адчуваюць, можа іх прывесці да небяспечнай роспачы.

Аднак Бог так палюбіў гэты свет, які сёння даручаецца любові i паслузе пастыраў Касцёла, што Сына свайго Адзінароднага выдаў за яго155. І сапраўды, гэты свет, абцяжараны шматлікімі грахамі, але надзелены немалымі магчымасцямі, дае Касцёлу жывыя камяні156, якія служаць будове жылля Бога ў Духу157. Той жа Дух Святы пабуджае Касцёл адкрыць новыя шляхі, што вядуць да сучаснага свету, падказвае таксама i падтрымлівае адпаведнае дастасаванне да яго святарскай паслугі.

Няхай прэзбітэры памятаюць пра тое, што ў выкананні прац яны ніколі не застаюцца адны, але абапіраюцца на моц усемагутнага Бога. Вызнаючы веру ў Хрыста, які паклікаў іх да ўдзелу ў сваім святарстве, няхай прысвячаюць сябе з поўным даверам сваёй паслузе, ведаючы, што Бог мае моц павялічыць у іх любоў158. Няхай таксама памятаюць, што спадарожнічаюць ім браты ў святарстве, a таксама вернікі ўсяго свету. Усе прэзбітэры супрацоўнічаюць у рэалізацыі збаўчага Божага плану, a менавіта таямніцы Хрыста, укрытай спрадвеку ў Богу159, якая толькі паволі даходзіць да канца пры супрацоўніцтве розных паслуг дзеля будавання Хрыстовага цела, перш чым здзейсніцца мера Яго веку. Паколькі ўсе гэтыя рэчы схаваныя з Хрыстом у Богу160, яны могуць быць здзейснены толькі праз веру. Таму неабходна, каб кіраўнікі Божага народу трывалі ў веры, наследуючы прыклад вернага Абрагама, які праз веру «паслухаўся і накіраваўся да месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну. Ён выйшаў, не ведаючы, куды ідзе» (Гбр 11, 8). I сапраўды, распарадчык Божых таямніц можа быць параўнаны з чалавекам, які сее на раллі, пра якога Пан сказаў: «І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае» (Mк 4, 27). Пан Езус, які сказаў: «Майце надзею, Я перамог свет» (Ян 16, 33), не абяцаў свайму Касцёлу на зямлі дасканалай перамогі. Аднак Святы Сабор радуецца, што зямля, засееная зернем Евангелля, прыносіць цяпер плён у многіх месцах пад кіраўніцтвам Духа Пана, які напаўняе свет i які ў сэрцах многіх святароў i вернікаў абуджае сапраўдны місійны дух. За ўсё гэта Святы Сабор дзякуе з любоўю прэзбітэрам усяго свету: «Таму, хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім або пра што думаем, яму слава ў Касцёле і ў Хрысце Езусе» (Эф 3, 20-21).

Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.


Рым, у св. Пятра, 7 снежня 1965г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)
 
Гэты тэкст, як і многія іншыя, грунтоўна перапрацоўваўся на працягу Сабору. Дакумент быў прадстаўлены на абмеркаванне на ІІІ сесіі і абнародаваны 7 снежня 1965 года. Ён зноў пацвярджае тэалагічныя прынцыпы, заснаваныя на сакрамэнце пасвячэння, паводле якіх святарства разумеецца як служэнне: святар дзейнічае ад імя Хрыста, аддаючы Богу пашану ў літургічным кульце, абвяшчаючы Евангелле і развіваючы жыццё веры ў супольнасці. Ён знаходзіцца ў іерархічнай еднасці з біскупам, супрацоўнічае ў ажыццяўленні пастырскіх задач з дыяцэзіяльнымі святарамі і не забывае пра патрэбы паўсюднага Касцёла. Выконваючы першую ўмову, неабходную для ажыццяўлення духоўнага служэння ў пакоры і адказнай паслухмянасці, святар, наследуючы Хрыста, імкнецца жыць згодна са сваім пакліканнем да святасці і (у Лацінскім Касцёле) захоўвае цэлібат, які ён прымае як Божы дар, свабоду для служэння, знак будучага веку.

q

  1. CONC. VAT. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium: AAS 56 (1964), pp. 97ss.; Const. dogm. De Ecclesia, Lumen gentium: AAS 57 (1965), pp. 5ss.; Decr. de pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus; Decr. de institutione sacerdotali, Optatam totius.
  2. Пар. 3, 16; Лк 4, 18; Дз 4, 27; 10, 38.
  3. Пар. 1 П 2, 5 і 9.
  4. Пар. 1 П 3, 15.
  5. Пар. Ап 19, 10; CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 35: AAS 57 (1965), pp. 40-41.
  6. Пар. CONC. TRID., Sess. XXIII, cap. 1 et can. 1: Denz. 957 et 961 (1764 et 1771).
  7. Пар. Ян 20,21; CONC. VAT. II, Const. Dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 18: AAS 57 (1965), pp. 21-22.
  8. Пар. CONC. VAT. II, Const. Dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28: AAS 57 (1975), pp. 33-36.
  9. Пар. тамсама.
  10. Пар. Pontificale romanum, De Ordinatione Presbyterorum, Praefatio. Гэтыя словы ўжо знаходзяцца ў: Sacramentario veronensi: ed. L. C. Mцhlberg, Romae 1956, p. 122; таксама ў: Missali Francorum: ed. L. C. Mцhlberg, Romae 1957, p. 9; таксама ў: Libro Sacramentorum Romanae Ecclesiae: ed. L. C. Mцhlberg, Romae 1960, p. 25; таксама ў: Pontificali romano-germanico: ed. VOGEL-ELZE, Cittа1 del Vaticano 1963, vol. I, p. 34.
  11. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 10: AAS 57 (1965), pp. 14-15.
  12. Пар. Рым 15, 16.
  13. Пар. 1 Кар 11, 26.
  14. S. AUGUSTINUS, De civitate Dei, 10, 6: PL 41, 284.
  15. Пар. 1 Кар 15, 24.
  16. Пар. Гбр 5, 1.
  17. Пар. Гбр 2, 17; 4, 15.
  18. Пар. 1 Кар 9, 19-23.
  19. Пар. Дз 13, 2.
  20. «Huiusmodi vero religiosae ac moralis perfectionis studium magis magisque excitatur externis etiam condicionibus, in quibus Ecclesia vitam agit; nequit enim ea immobilis manere atque incuriosa vicissitudinis humanarum rerum, quae circa sunt et multiplicem vim habent ad eius agendi rationem, eique modum et condiciones imponunt. Pro comperto sane est, Ecclesiam ab humana consortione non seiungi, sed in ea versari, ideoque ipsius filios ab eadem moveri ac duci, eiusque cultum civilem imbibere, legibus obtemperare, mores induere. Haec vero Ecclesiae consuetudo cum humana societate continenter difficiles parit quaestiones, quae nunc potissimum praegraves sunt. (...) Gentium Apostolus ita suae aetatis christianos hortabatur: Nolite iugum ducere cum infidelibus. Quae enim participatio iustitiae cum iniquitate? aut quae societas luci ad tenebras? ... aut quae pars fideli cum infideli? (2 Cor. 6, 14-15). Hanc ob causam qui in praesenti educatores praeceptoresque in Ecclesia agunt, eos necesse est catholicam iuventutem commonefacere praestantissimae condicionis suae, atque officii, quod inde nascitur, vivendi in hoc mundo, non autem ad huius mundi sensum, convenienter ad hanc precationem, a Christo Iesu pro discipulis suis factam: Non rogo ut tollas eos de mundo, sed ut serves eos a malo: de mundo non sunt, sicut et ego non sum de mundo (Io. 17, 15-16). Quam precationem asciscit sibi Ecclesia. Nihilominus tamen huiuscemodi discrimen non idem significat atque disiunctionem; neque neglegentiam declarat, neque metum, neque contemptionem. Etenim cum Ecclesia se ab hominum genere discernit, adeo huic non obsistit, ut potius cum eo coniungatur» (Імкнуцца да рэлігійнай і маральнай дасканаласці ўсё больш і больш заахвочваюць і знешнія ўмовы, у якіх жыве Касцёл. Ён не можа заставацца нязменным і абыякавым да змен у чалавечым грамадстве, якое нас акружае і аказвае разнастайны ўплыў на спосаб яго дзейнасці, дыктуючы свой парадак і ставячы свае ўмовы. Бачна, што Касцёл не аддзелены ад чалавечага грамадства, але існуе ў ім, а таму ён кіруе сваімі дзецьмі і накіроўвае іх; яны напаўняюцца яго культурай, падпарадкоўваюцца яго законам, засвойваюць яго звычаі. Гэтая цесная сувязь Касцёла з чалавецтвам пастаянна нараджае складаныя пытанні, якія сёння становяцца асабліва цяжкімі (...) Апостал язычнікаў так заклікаў хрысціянаў сваёй эпохі: «Не падпарадкоўвайцеся чужому ярму з язычнікамі. Бо якая супольнасць праведнікаў з беззаконнем?» (2 Кар 6, 14-15). Таму тыя, хто цяпер выконвае ў Касцёле ролю выхаваўцаў і настаўнікаў, павінны нагадваць каталіцкай моладзі пра яе ўзнёслае пакліканне і пра яе абавязкі ў гэтым свеце, але не паводле духу гэтага свету, а згодна з малітвай, якую ўзносіў Езус Хрыстус за сваіх вучняў: «Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету» (Ян 17, 15-16). Да гэтай просьбы далучаецца і Касцёл. Аднак такое адрозненне зусім не азначае раздзяленне: у ім не гучыць ні страх, ні абыякавасць, ні нянавісць. І хоць Касцёл адрознівае сябе ад чалавецтва, ён не супрацьпастаўляе сябе яму, але хутчэй з ім яднаецца): PAULUS VI, Litt. Encycl. Ecclesiam suam, 6 aug. 1964: AAS 56 (1964), pp. 627 і 638.
  21. Пар. Рым 12, 2.
  22. Пар. Ян 10, 14-16.
  23. Пар. S. POLYCARPUS, Epist. ad Philippenses, VI, 1: «Et presbyteri sint ad commiserationem proni, misericordes erga cunctos, aberrantia reducentes, visitantes infirmos omnes, non neglegentes viduam aut pupillum aut pauperem; sed solliciti semper de bono coram Deo et hominibus, abstinentes ab omni ira, acceptione personarum, iudicio iniusto, longe recedentes ab omni avaritia, non cito credentes adversus aliquem, non severi nimium in iudicio, scientes, nos omnes debitores esse peccati» (Прэзбітэры няхай будуць гатовыя спачуваць, быць міласэрнымі да ўсіх, пазбягаць памылак, наведваць усіх хворых, не пагарджаць ні ўдавою, ні дзіцём, ні бедным, а клапаціцца заўсёды пра дабро перад Богам і людзьмі, няхай устрымліваюцца ад усялякага гневу, крывадушнасці, несправядлівага асуджэння, старанна пазбягаюць усялякай прагавітасці, не выказваюць легкавернасці, калі хто-небудзь абвінавачваецца, няхай не судзяць празмерна строга і ведаюць, што ўсе мы — даўжнікі граху): ed. F. X. FUNK, Patres Apostolici, I, p. 273.
  24. Пар. 1 П 1, 23; Дз 6, 7; 12, 24. «Praedicaverunt (Apostoli) verbum veritatis, et genuerunt Ecclesias» (Прапаведавалі (Апосталы) слова праўды і засноўвалі Касцёлы): S. AUGUSTINUS, Enarr. in Ps., 44, 23: PL 36, 508.
  25. Пар. Мал 2, 7; 1 Цім 4, 11-13; 2 Цім 4, 5; Ціт 1, 9.
  26. Пар. 16, 6.
  27. Пар. 2 Кар 11, 7. Паколькі прэзбітэры з’яўляюцца супрацоўнікамі біскупаў, іх таксама датычыць тое, што гаворыцца пра біскупаў. Пар. Statuta Ecclesiae Antiqua, c. 3 (ed. Ch. MUNIER, Paris 1960, p. 79); Decretum Gratiani, C. 6, D. 88 (ed. Friedberg, 1, 307); CONC. TRID., Sess. V, Decr. 2, n. 9 (Conc. Oec. Decreta, ed. HERDER, Romae 1962, p. 645); Sess. XXIV, Decr. de reform., c. 4 (p. 739); CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 25: AAS 57 (1965), pp. 29-31.
  28. Пар. Constitutiones Apostolorum, II, 26, 7: «(Presbyteri) sint doctores scientiae divinae, cum et ipse Dominus nos mandaverit dicens: Euntes docete...» ((Прэзбітэры) няхай будуць настаўнікамі боскага вучэння, бо сам Пан загадаў нам, кажучы: «Ідзіце і навучайце...»): ed. F. X. FUNK, Didascalia et Constitutiones Apostolorum, I, Paderborn 1905, p. 105. — Sacramentarium leonianum et cetera sacramentaria usque ad Pontificale romanum, Praefatio in Ordinatione Presbyterorum: «Hac providentia, Domine, Apostolis Filii tui Doctores fidei comites addidisti, quibus illi orbem totum secundis praedicatoribus (vel: praedicationibus) impleverunt» (Паводле свайго Провіду, Пане, Ты даў у спадарожнікі Апосталам свайго Сына настаўнікаў веры, дзякуючы якім яны напоўнілі ўвесь свет прапаведнікамі (або: пропаведзямі). — Liber Ordinum Liturgiae Mozarabicae, Praefatio ad ordinandum Presbyterum: «Doctor plebium et rector subiectorum, teneat ordinate catholicam fidem, et cunctis annuntiet veram salutem» (Няхай ён як настаўнік народаў і кіраўнік падначаленых падтрымлівае ў парадку каталіцкую веру і абвяшчае ўсім сапраўднае збаўленне): ed. M. Fйrotin, Le Liber Ordinum en usage dans l’Йglise Wisigothique et Mozarabe d’Espagne: Monumenta Ecclesiae Liturgica, vol. V, Paris 1904, col. 55, lin. 4-6.
  29. Пар. Гал 2, 5.
  30. Пар. 1 П 2, 12.
  31. Пар. Ritum Ordinationis Presbyteri in Ecclesia Alexandrina Iacobitarum: «...Congrega populum tuum ad verbum doctrinae, quemadmodum nutrix, quae fovet filios suos» (Збірай народ твой дзеля вучэння слова, быццам карміліца, якая пястуе сваіх дзяцей): H. DENZINGER, Ritus Orientalium, Tom. II, Wьrzburg 1863, p. 14.
  32. Пар. Мц 28, 19; 16, 16; TERTULLIANUS, De baptismo, 14, 2 (Corpus Christianorum, Series latina, I, p. 289, 11-13); S. ATHANASIUS, Adv. Arianos, 2, 42: PG 26, 237 A-B; S. HIERONYMUS, In Mt., 28, 19: PL 26, 226 D: «Primum docent omnes gentes, deinde doctas intingunt aqua. Non enim potest fieri ut corpus baptismi recipiat sacramentum, nisi ante anima fidei susceperit veritatem» (Спачатку яны вучаць усе народы, а затым іх, навучаных, акрапляюць вадою. Бо не можа цела прыняць таямніцу хросту, калі перш душа не прыме праўду веры); S. THOMAS, Expositio primae Decretalis, § 1: «Salvator noster discipulos ad praedicandum mittens, tria eis iniunxit. Primo quidem ut docerent fidem; secundo ut credentes imbuerent sacramentis» (Збаўца наш, пасылаючы вучняў прапаведаваць, даў ім тры наказы. Першы — вучыць веры; другі — паіць веруючых сакрамэнтамі): ed. MARIETTI, Opuscula Theologica, Taurini-Romae 1954, 1138.
  33. Пар. CONC. VAT. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 35, 2: AAS 56 (1964), p. 109.
  34. Пар. тамсама, nn. 33, 35, 48, 52, pp. 108-109, 113, 114.
  35. Пар. тамсама, n. 7, pp. 100-101; PIUS XII, Litt. Encycl. Mystici Corporis, 29 iun. 1943: AAS 35 (1943), p. 230.
  36. S. IGNATIUS M., Smyrn., 8, 1-2: ed. F. X. FUNK, p. 240; Constitutiones Apostolorum, VIII, 12, 3: ed. F. X. FUNK, p. 496; VIII, 29, 2, тамсама p. 532.
  37. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28: AAS 57 (1965), pp. 33-36.
  38. «Eucharistia vero est quasi consummatio spiritualis vitae, et omnium sacramentorum finis» (Эўхарыстыя — як бы завяршэнне духоўнага жыцця і мэта ўсіх сакрамэнтаў): S. THOMAS, Summa Theol. III, q. 73, a. 3; пар. Summa Theol. III, q. 65, a. 3.
  39. Пар. S. THOMAS, Summa Theol. III, q. 65, a. 3, ad 1; q. 79, a. 1, c, і ad 1.
  40. Пар. Эф 5, 19-20.
  41. Пар. S. HIERONYMUS, Epist., 114, 2: «... sacrosque calices, et sancta velamina, et caetera, quae ad cultum Dominicae pertinent Passionis... ex consortio Corporis et Sanguinis Domini eadem qua Corpus eius et Sanguis maiestate veneranda» (...і сакральныя келіхі, і сакральныя шаты, і іншае, што адносіцца да пашаны Мукі Пана... дзеля іх лучнасці з Целам і Крывёю Пана трэба шанаваць з той жа пабожнасцю, што і Кроў Яго і Цела): PL 22, 934. CONC. VAT. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 122-127: AAS 56 (1964), pp. 130-132.
  42. «Insuper visitationem sanctissimi Sacramenti, in nobilissimo loco et quam honorificentissime in ecclesiis secundum leges liturgicas adservandi, interdiu facere ne omittant, utpote quae erga Christum Dominum, in eodem praesentem, sit et grati animi argumentum et amoris pignus et debitae adorationis officium» (Акрамя гэтага, няхай яны не забываюць на працягу дня наведваць Найсвяцейшы Сакрамэнт, які трэба захоўваць у касцёлах у самым годным месцы, з найбольшай пашанай, паводле літургічных прадпісанняў, бо гэта доказ падзякі Хрысту Пану, які ў ім прысутнічае, і задатак любові да Яго, і абавязак належнага пакланення): PAULUS VI, Litt. Encycl. Mysterium Fidei, 3 sept. 1965: AAS 57 (1965), p. 771.
  43. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28: AAS 57 (1965), pp. 33-36.
  44. Пар. 2 Кар 10, 8; 13, 10.
  45. Пар. Гал 1, 10.
  46. Пар. 1 Кар 4, 14.
  47. Пар. Didascalia, II, 34, 3; II, 46, 6; II, 47, 1; Constitutiones Apostolorum, II, 47, 1: ed. F. X. FUNK, Didascalia et Constitutiones, I, pp. 116, 142 і 143.
  48. Пар. Гал. 4, 3; 5, 1 і 13.
  49. Пар. S. HIERONYMUS, Epist., 58, 7: «Quae utilitas est parietes fulgere gemmis, et Christum in paupere fame periclitari?» (Што за карысць, калі сцены зіхацяць самацветамі, а Хрыстус церпіць голада і ўбоства?): PL 22, 584.
  50. Пар. 1 П 4, 10 і наст.
  51. Пар. 25, 34-45.
  52. Пар. Лк 4, 18.
  53. Можна ўзгадаць і іншыя катэгорыі, напр., эмігрантаў, качэўнікаў і г.д., пра якія гаворыцца ў: CONC. VAT. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus.
  54. Пар. Didascalia, II, 59, 1-3: «Docens autem iube et hortare populum in ecclesia frequentare et penitus numquam deesse, sed convenire semper et ecclesiam non angustare, cum se subtrahunt, et minus membrum facere corpus Christi... Nolite ergo vosmet ipsos, cum sitis membra Christi, spargere ab ecclesia, cum non coadunamini; Christum enim caput habentes secundum promissionem ipsius praesentem et communicantem vobis, nolite ipsi vos neglegere nec alienare salvatorem a membris suis nec scindere nec spargere corpus eius...» (Настаўляючы, загадвай народу свайму і заклікай яго часта наведваць касцёл і ніколі не адсутнічаць у ім, але заўсёды збірацца і не засмучаць Касцёл сваім адыходам ад яго і аддыманнем членаў у цела Хрыстовага... І самі вы, з’яўляючыся членамі Хрыстовымі, не адлучайцеся ад Касцёла, не збіраючыся ў ім. Маючы за галаву Хрыста, які паводле свайго абяцання прысутнічае і размаўляе з вамі, зважайце на сябе і не рассейвайце Ягонае цела...): ed. F. X. FUNK, I, p. 170; PAULUS VI, Allocutio iis qui ex italico clero interfuerunt Coetui XIII per hebdomadam habito Urbiveti v. «di aggiornamento pastorale», 6 sept. 1963: AAS 55 (1963), pp. 750ss.
  55. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28: AAS 57 (1965), p. 35.
  56. Пар. г.зв. Constitutionem Ecclesiasticam Apostolorum, XVIII: Прэзбітэры — сураспарадчыкі таямніц і паплечнікі біскупаў: ed. TH. SCHERMANN, Die allgemeine Kirchenordnung, I, Paderborn 1914, p. 26; A. HARNACK, Die Quellen der sog. apostolischen Kirchenordnung, T. u. U., II, 5, p. 13, n. 18 et 19; PS.-HIERONYMUS, De Septem Ordinibus Ecclesiae: «...in benedictione cum episcopis consortes mysteriorum sunt» (...у благаслаўленні яны саўдзельнічаюць з біскупамі ў сакрамэнтах): ed. A. W. KALFF, Wьrzburg 1937, p. 45); S. IS. HISPALENSIS, De Ecclesiasticis Officiis, II, c. VII: «Praesunt enim Ecclesiae Christi, et in confectione divini corporis et sanguinis consortes cum episcopis sunt, similiter et in doctrina populorum, et in officio praedicandi» (Яны ўзначальваюць Хрыстовы Касцёл і ў перамяненні боскага Цела і Крыві саўдзельнічаюць разам з біскупамі, а таксама ў навучанні народу і ў абавязку прапаведавання): PL 83, 787.
  57. Пар. Didascalia, II, 28, 4: ed. F. X. FUNK, p. 108; Constitutiones Apostolorum, II, 28, 4; II, 34, 3: тамсама, pp. 109 і 117.
  58. Тамсама, VIII, 16, 4: ed. F. X. FUNK, I, p. 523; пар. Epitome Const. Apost., VI: тамсама, II, p. 80, 3-4; Testamentum Domini: «...da ei spiritum gratiae, consilii et magnanimitatis, spiritum presbyteratus... ad coadiuvandum et gubernandum populum tuum in opere, in metu, in corde puro» (...дай яму духа ласкі, парады і велікадушнасці, духа прэзбітэрату... каб дапамагаць народу Твайму і кіраваць ім у справе, у боязі, з чыстым сэрцам): trad. I. E. RAHMANI, Moguntiae 1899, p. 69. Тое ж у Апостальскай Традыцыі.: ed. B. BOTTE, La Tradition Apostolique de Saint Hippolyte, Mьnster i. W. 1963, p. 20.
  59. Пар. Ліч 11, 16-25.
  60. Pontificale romanum, De Ordinatione Presbyterorum, Praefatio; гэтыя словы ёсць ужо у Сакрамэнтарыі Льва Вялікага, Геласіевым Сакрамэнтарыі і ў Сакрамэнтарыі Грыгорыя. Падобныя словы сустракаюцца ва Усходніх Літургіях: пар. Trad. Apost.: «...respice super servum tuum istum et impartire spiritum gratiae et consilii praesbyteris ut adiubet et gubernet plebem tuam in corde mundo, sicuti respexisti super populum electionis tuae et praecepisti Moysi ut elegeret praesbyteros quos replesti de spiritu tuo quod tu donasti famulo tuo» (...глянь на гэтага слугу Твайго і адары яго духам ласкі і парады, каб ён дапамагаў прэзбітэрам і кіраваў народам Тваім у беззаганнасці сэрца, як Ты глянуў на выбраны народ свой і загадаў Майсею выбраць прэзбітэраў, якіх Ты напоўніў сваім Духам, якога Ты даў слугу свайму): паводле старажытнага Веронскага лацінскага перакладу, ed. B. BOTTE, La Tradition Apostolique de S. Hippolyte. Essai de reconstruction, Mьnster i. W. 1963, p. 20; Const. Apost. VIII, 16, 4: ed. F. X. FUNK, I, p. 522, 16-17; Epit. Const. Apost. VI: ed. F. X. FUNK, II, p. 80, 5-7; Testamentum Domini: trad. I. E. RAHMANI, Moguntiae 1899, p. 69; Euchologion Serapionis, XXVII: ed. F. X. FUNK, Didascalia et Constitutiones, II, p. 190, lin. 1-7; парадак пасвячэння паводле мараніцкага абраду: trad. H. DENZINGER, Ritus Orientalium, II, Wьrzburg 1863, p. 161. Сярод Айцоў можна ўзгадаць: THEODORUS MOPSUESTENUS, In I Tim 3, 8: ed. SWETE, II, pp. 119-121; THEODORETUS, Quaestiones in Numeros, XVIII: PG 80, 369C-372B.
  61. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28: AAS 57 (1965), p. 35.
  62. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Sacerdotii Nostri primordia, 1 aug. 1959: AAS 51 (1959), p. 576; S. PIUS X, Exhortatio ad clerum Haerent animo, 4 aug. 1908: S. Pii X Acta, vol. IV (1908), pp. 237ss.
  63. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, nn. 15 et 16.
  64. У існуючым праве ўжо ёсць катэдральны капітул, у пэўным сэнсе «сенат і рада» біскупа (CIC, c. 391), або, калі адсутнічае капітул, група дыяцэзіяльных кансультараў (пар. CIC, cc. 423-428). Аднак плануецца так перагледзець гэтыя пастановы, каб яны лепш адпавядалі сучасным умовам і патрэбам. Безумоўна, такая група прэзбітэраў адрозніваецца ад пастырскай Рады, гл. CONC. VAT. II, Decr. Christus Dominus, de pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, 28 oct. 1965, n. 27, у якую ўваходзяць і свецкія, і мэта якой заключаецца ў тым, каб разглядаць пытанні, што датычаць пастырскай працы. Пра прэзбітэраў як дарадчыкаў біскупа можна прачытаць у: Didascalia, II, 28, 4: ed. F. X. FUNK, I, p. 108; і Const. Apost., II, 28, 4: ed. F. X. FUNK, I, p. 109; S. IGNATIUS M., MAGN., 6, 1: ed. F. X. FUNK, p. 194; Trall., 3, 1: ed. F. X. FUNK, p. 204; ORIGENES, Contra Celsum, III, 30: Прэзбітэры — гэта дарадчыкі: PG 11, 957D-960A.
  65. S. IGNATIUS M., Magn., 6, 1: «Hortor, ut in concordia Dei omnia peragere studeatis, episcopo praesidente loco Dei et presbyteris loco senatus apostolici, et diaconis mihi suavissimis concreditum habentibus ministerium Iesu Christi, qui ante saecula apud Patrem erat et in fine apparuit» (Імкніцеся, заклікаю вас, усё рабіць у згодзе Божай, каб біскуп быў на чале, на Божым месцы, прэзбітэры — на месцы сходу Апосталаў, а паважаным мною дыяканам даручана было служэнне Езусу Хрысту, які перад вякамі быў у Айца і ў канцы з’явіўся): ed. F. X. FUNK, p. 195; S. IGNATIUS Trall., 3, 1: «Cuncti similiter revereantur diaconos ut Iesum Christum, sicut et episcopum, qui est typus Patris, presbyteros autem ut senatum Dei et concilium apostolorum. Sine his ecclesia non vocatur» (Такім жа чынам няхай усе паважаюць дыяканаў, як Езуса Хрыста, і біскупа, які з’яўляецца вобразам Айца, а прэзбітэраў як раду Божую і сход Апосталаў. Без іх Касцёл не склікаецца): тамсама, p. 204; S. HIERONYMUS, In Isaiam, II, 3: PL 24, 61D: «І ў нас у Касцёле ёсць наш сенат, супольнасць прэзбітэраў».
  66. Пар. PAULUS VI, Allocutio ad Urbis curiones et quadragenarii temporis oratores in Aede Sixtina habita, die 1 martii 1965: AAS 57 (1965), p. 326.
  67. Пар. Const. Apost., VIII, 47, 39: «Presbyteri... absque sententia episcopi nihil peragant; ipse enim est, cui commissus est populus Domini et a quo de animabus eorum ratio poscetur» (Прэзбітэры... няхай нічога не робяць без узгаднення з біскупам; бо гэта яму даручаны народ Пана, і ён будзе даваць рахунак за іх душы): ed. F. X. FUNK, p. 577.
  68. Пар. 3 Ян 8.
  69. Пар. Ян 17, 23.
  70. Пар. Гбр 13, 1-2.
  71. Пар. Гбр 13, 16.
  72. Пар. 5, 10.
  73. Пар. 1 Тэс 2, 12; Клс 1, 13.
  74. Пар. 23, 8. «Opus est deinde, ut ea re quod hominum pastores, patres et magistri esse cupimus, idcirco eorum fratres agamus» (Затым, нам трэба па-братэрску сябе паводзіць з людзьмі менавіта таму, што мы жадаем быць іх айцамі, пастырамі і настаўнікамі): PAULUS VI, Litt. Encycl. Ecclesiam suam, 6 aug. 1964: AAS 58 (1964), p. 647.
  75. Пар. Эф 4, 7 і 16; Const. Apost., VIII, 1, 20: «Quin etiam neque episcopus in diaconos vel presbyteros se extollat neque presbyteri in plebem; ex utrisque enim coetus compositio exstat» (І няхай ні біскуп не ўзвышаецца над дыяканамі і прэзбітэрамі, ні прэзбітэры над народам, бо супольнасць складаецца і з адных, і з другіх): ed. F. X. FUNK, I, p. 467.
  76. Пар. Флп 2, 21.
  77. Пар. 1 Ян 4, 1.
  78. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 37: AAS 57 (1965), pp. 42-43.
  79. Пар. Эф 4, 14.
  80. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio: AAS 57 (1965), pp. 90ss.
  81. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 37: AAS 57 (1965), pp. 42-43.
  82. Пар. Гбр 7, 3.
  83. Пар. Лк 10, 1.
  84. Пар. 1 П 2, 25.
  85. Пар. Дз 20, 28.
  86. Пар. 9, 36.
  87. Pontificale romanum, De Ordinatione Presbyterorum.
  88. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de institutione sacerdotali, Optatam totius, n. 2.
  89. «La voce di Dio che chiama si esprime in due modi diversi, meravigliosi e convergenti: uno interiore, quello della grazia, quello dello Spirito Santo, quello ineffabile del fascino interiore che la «voce silenziosa» e potente del Signore esercita nelle insondabili profonditа dell’anima umana; e uno esteriore, umano, sensibile, sociale, giuridico, concreto, quello del ministro qualificato della Parola di Dio, quello dell’Apostolo, quello della Gerarchia, strumento indispensabile, istituito e voluto da Cristo, come veicolo incaricato di tradurre in linguaggio sperimentabile il messaggio del Verbo e del precetto divino. Cosм insegna con San Paolo la dottrina cattolica: Quomodo audient sine praedicante... Fides ex auditu (Rom. 10, 14 et 17)» (Голас Божага закліку выяўляецца рознымі спосабамі, якія цудоўным чынам злучаюцца ў адно: першы — унутраны, ласкавы, справа Духа Святога, невыказнае дзеянне той унутранай прывабнасці, якую мае магутны «маўклівы голас» Пана ў невядомых глыбінях чалавечай душы; другі — знешні, чалавечы, выразны, сацыяльны, юрыдычны, канкрэтны, справа кваліфікаванага слугі Божага слова, апостала, іерархіі, непазбежная зброя, устаноўленая і задуманая Хрыстом як сродак, які павінен перакласці на даступную досведу мову сэнс Слова і Божай запаведзі. Так разам са св. Паўлам навучае каталіцкае вучэнне: «Як пачуць без таго, хто прапаведуе?...Вера ад слыху» (Рым 10, 14 і 17)): PAULUS VI, Allocutio habita die 5 maii 1965: L’Osservatore Romano, 6 maggio 1965, p. 1.
  90. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de institutione sacerdotali Optatam totius, n. 2.
  91. Так вучаць айцы, даючы тлумачэнне словам Хрыста, якія былі скіраваны да Пятра: «Ці любіш мяне? ...Пасі авечак маіх» (Ян 21, 17): так у: S. IO. CHRYSOSTOMUS, De sacerdotio, II, 2: PG 48, 633; S. GREGORIUS MAGNUS, Reg. Past. Liber, P. I, c. 5: PL 7 7, 19 A.
  92. Пар. 2 Кар 12, 9.
  93. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Ad catholici sacerdotii, 20 dec. 1935: AAS 28 (1936), p. 10.
  94. Пар. Ян 10, 36.
  95. Пар. Лк 24, 26.
  96. Пар. Эф 4, 13.
  97. Пар. 2 Кар 3, 8-9.
  98. Пар. у тым жа ліку: S. PIUS X, Exhortatio ad clerum, Haerent animo, 4 aug. 1908: S. Pii X Acta, vol. IV (1908), p. 237ss.; PIUS XI, Litt. Encycl. Ad catholici sacerdotii, 20 dec. 1935: AAS 28 (1936), p. 5 ss. PIUS XII, Adhort. Ap. Menti Nostrae, 23 sept. 1950: AAS 42 (1950), p. 657ss. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Sacerdotii Nostri primordia, 1 aug. 1959: AAS 51 (1959), p. 545ss.
  99. Пар. S. THOMAS, Summa Theol., II-II, q. 188, a. 7.
  100. Пар. Эф 3, 9-10.
  101. Пар. Дз 16, 14.
  102. Пар. 2 Кар 4, 7.
  103. Пар. Эф 3, 9.
  104. Пар. Pontificale romanum, De Ordinatione Presbyterorum.
  105. Пар. Missale Romanum, oratio super oblata dominicae IX post Pentecosten.
  106. «Quaelibet enim Missa, etsi a sacerdote privatim celebratur, privata tamen non est, sed actus Christi et Ecclesiae quae quidem Ecclesia in sacrificio, quod offert, seipsam tamquam universale sacrificium discit offerre et unicam et infinitam redemptricem sacrificii Crucis virtutem universo mundo ad salutem applicat. Unaquaeque enim Missa quae celebratur, non pro aliquorum tantum sed pro totius etiam mundi salute offertur. (...) Paterne igitur et enixe commendamus sacerdotibus, qui potissimum gaudium Nostrum et corona Nostra sunt in Domino, ut... quotidie digne et devote Missam celebrent» (Бо ўсялякая Імша, нават калі яна цэлебруецца святаром прыватна, з’яўляецца не прыватнай справай, але дзеяннем Хрыста і Касцёла. Пры гэтым Касцёл у здзяйсненні ахвярапрынашэння вучыцца прыносіць сябе як паўсюдную ахвяру і выкарыстоўвае бясконцую адкупляльную моц ахвярапрынашэння Хрыста дзеля збаўлення ўсяго свету. Бо кожная цэлебраваная Імша здзяйсняецца не толькі дзеля некаторых людзей, але і дзеля збаўлення ўсяго свету. (...) Таму мы па-бацькоўску і настойліва раім святарам, якія з’яўляюцца нашай найвялікшай радасцю і вянцом нашым у Пану... штодзённа годным чынам і пабожна цэлебраваць Імшу»: PAULUS VI, Litt. Encycl. Mysterium Fidei, 3 sept. 1965: AAS 57 (1965), pp. 761-762. Пар. CONC. VAT. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 26 et 27: AAS 56 (1964), p. 107.
  107. Пар. Ян 10, 11.
  108. Пар. 2 Кар 1, 7.
  109. Пар. 2 Кар 1, 4.
  110. Пар. 1 Кар 10, 33.
  111. Пар. Ян 3, 8.
  112. Пар. Ян 4, 34.
  113. Пар. 1 Ян 3, 16.
  114. «Sit amoris officium pascere dominicum gregem» (Няхай будзе абавязкам любові пасвіць статак Пана): S. AUGUSTINUS, Tract. in Io., 123, 5: PL 35, 1967.
  115. Пар. Рым 12, 2.
  116. Пар. Гал 2, 2.
  117. Пар. 2 Кар 7, 4.
  118. Пар. Ян 4, 34; 5, 30; 6, 38.
  119. Пар. Дз 13, 2.
  120. Пар. Эф 5, 10.
  121. Пар. Дз 20, 22.
  122. Пар. 2 Кар 12, 15.
  123. Пар. Эф 4, 11-16.
  124. Пар. 19, 12.
  125. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 42: AAS 57 (1965), pp. 47-49.
  126. Пар. 1 Цім 3, 2-5; Ціт 1, 6.
  127. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Ad catholici sacerdotii, 20 dec. 1935: AAS 28 (1936), p. 28.
  128. Пар. 19, 12.
  129. Пар. 1 Кар 7, 32-34.
  130. Пар. 2 Кар 11, 2.
  131. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, nn. 42 et 44: AAS 57 (1965), pp. 47-49 et 50-51; Decr. de accommodata renovatione vitae religiosae, Perfectae caritatis, n. 12.
  132. Пар. Лк 20, 35-36; PIUS XI, Litt. Encycl. Ad catholici sacerdotii, 20 dec. 1935: AAS 28 (1936), pp. 24-28; PIUS XII, Litt. Encycl. Sacra Virginitas, 25 mart. 1954: AAS 46 (1954), pp. 169-172.
  133. Пар. 19, 11.
  134. Пар. Ян 17, 14-16.
  135. Пар. 1 Кар 7, 31.
  136. CONC. ANTIOCH., can. 25: Mansi 2, 1327-1328; Decretum Gratiani, c. 23, C. 12, q. 1 ed. Friedberg, I, pp. 684-685.
  137. Тут маюцца на ўвазе найперш правы і звычаі, якія дзейнічаюць ва Усходніх Касцёлах.
  138. CONC. PARIS., a. 829, cap. 15: MGH, Legum sectio III, Concilia, t. 2, p. 622, CONC. TRID., Sess. XXV, Decr. de reform., cap. I: Conc. Oec. Decreta, ed. HERDER, Romae 1962, pp. 760-761.
  139. Пар. Пс 62 (61), 11.
  140. Пар. 2 Кар 8, 9.
  141. Пар. Дз 8, 18-25.
  142. Пар. Флп 4, 12.
  143. Пар. Дз 2, 42-47.
  144. Пар. Лк 4, 18
  145. Пар. CIC, can. 125ss.
  146. Пар. CONC VAT. II, Decr. de accommodata renovatione vitae religiosae, Perfectae caritatis, n. 7; Const. dogm. de divina Revelatione, Dei verbum, n. 21.
  147. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen gentium, n. 65: AAS 57 (1965), pp. 64-65.
  148. Pontificale romanum, De Ordinatione Presbyterorum.
  149. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de divina Revelatione, Dei verbum, n. 25.
  150. Гэтыя курсы не тоесныя тым пастырскім курсам, якія трэба прайсці адразу пасля атрымання пасвячэння, пра што гл. Decreto de institutione sacerdotali, Optatam totius, n. 22.
  151. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, n. 17.
  152. Пар. 10, 10; 1 Кар 9, 7; 1 Цім 5, 18.
  153. Пар. 2 Кар 8, 14.
  154. Пар. Флп 4, 14.
  155. Пар. Ян 3, 16.
  156. Пар. 1 П 2, 5.
  157. Пар. Эф 2, 22.
  158. Пар. Pontificale romanum, De Ordinatione Presbyterorum.
  159. Пар. Эф 3, 9.
  160. Пар. Клс 3, 3.
 

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

КАНСТЫТУЦЫЯ
ПРА СВЯТУЮ ЛІТУРГІЮ
«SACROSANCTUM CONCILIUM»


УСТУП

1. Святы Сабор паставіў сабе мэты: з кожным днём развіваць хрысціянскае жыццё сярод вернікаў; лепей дастасоўваць да патрэб нашага часу тыя інстытуцыі, якія падлягаюць зменам; падтрымліваць усё, што можа аблегчыць аб’яднанне ўсіх веруючых у Хрыста; умацоўваць тое, што дапамагае заклікаць усіх людзей ва ўлонне Касцёла. Таму Сабор лічыць асабліва неабходным клопат пра аднаўленне і развіццё Літургіі.

2. Літургія, праз якую — асабліва ў боскай эўхарыстычнай Ахвяры — «здзяйсняецца справа нашага адкуплення»1, найбольш спрыяе таму, каб вернікі сваім жыццём выяўлялі і паказвалі іншым таямніцу Хрыста і сапраўдную сутнасць праўдзівага Касцёла. Ён адначасова чалавечы і боскі, бачны і адораны нябачнымі дабротамі, руплівы ў дзеянні і адданы кантэмпляцыі, прысутны ў свеце і ў той жа час пілігрымуючы. Гэтыя ўсе яго рысы ўладкаваныя так, што чалавечае падпарадкавана ў ім боскаму, бачнае — нябачнаму, а цяперашняе — будучаму гораду, якога шукаем2. Таму Літургія, штодня будуючы з членаў Касцёла святую святыню ў Пану, жыллё Бога ў Духу3, ажно да меры сталасці паўнаты Хрыстовай4, адначасова найцудоўнейшым чынам умацоўвае сілы вернікаў для абвяшчэння Хрыста, а тым, хто не належыць да Касцёла, паказвае яго як узняты знак для народаў5, каб рассеяныя дзеці Божыя збіраліся ў адно6, пакуль не стане адна аўчарня і адзін Пастыр7.

3. Таму Святы Сабор лічыць неабходным прыгадаць ніжэйзгаданыя прынцыпы і ўстанавіць практычныя нормы развіцця і аднаўлення Літургіі.

Некаторыя з гэтых прынцыпаў і нормаў можна і належыць выкарыстоўваць у рымскім абрадзе і ва ўсіх іншых абрадах, хоць ніжэйпададзеныя практычныя нормы абавязковыя толькі для рымскага абраду, за выключэннем тых выпадкаў, якія па сваёй сутнасці датычаць таксама іншых абрадаў.

4. Нарэшце, верна трымаючыся традыцыі, Святы Сабор заяўляе, што святая Маці-Касцёл лічыць роўнымі ў правах і годнасці ўсе законна прызнаныя абрады, хоча захаваць іх на будучыню і ўсяляк развіваць. Жадае таксама, каб там, дзе неабходна, яны былі асцярожна і грунтоўна перагледжаны ў духу здаровай традыцыі, і каб ім была нададзена новая жыццёвасць у адпаведнасці з сённяшнімі абставінамі і патрэбамі.


РАЗДЗЕЛ І
АГУЛЬНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ АДНАЎЛЕННЯ І РАЗВІЦЦЯ СВЯТОЙ ЛІТУРГІІ

І. СУТНАСЦЬ СВЯТОЙ ЛІТУРГІІ І ЯЕ ЗНАЧЭННЕ Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

5. Бог, «які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4), «шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці да айцоў нашых праз прарокаў» (Гбр 1, 1), а калі настала паўната часу, паслаў як «лекара целаў і душ»8 і Пасрэдніка паміж Богам і людзьмі9 свайго Сына, уцелаўлёнае Слова, намашчанага Духам Святым, абвяшчаць Евангелле ўбогім і аздараўляць скрушаных сэрцам10. Яго чалавечнасць у еднасці з асобай Слова стала інструментам нашага збаўлення. Таму ў Хрысце «адбылося дасканалае ўміласціўленне нашага прымірэння, і нам была дадзена паўната Божага культу»11.

Справу адкуплення людзей і дасканалага праслаўлення Бога, якую прадказвалі вялікія Божыя цуды, споўненыя сярод народу Старога Запавету, здзейсніў Хрыстус Пан асабліва праз Пасхальную таямніцу сваёй благаслаўлёнай Мукі, Уваскрасення і слаўнага Унебаўшэсця. Праз гэтую таямніцу Ён, «паміраючы, знішчыў нашу смерць і, уваскрасаючы, аднавіў жыццё»12, таму што з боку Хрыста, які спачыў на крыжы, нарадзіўся цудоўны сакрамэнт усяго Касцёла13.

6. Як Айцец паслаў Хрыста, так і Ён паслаў Апосталаў, напоўненых Духам Святым. Але зрабіў гэта не толькі, каб яны, прапаведуючы Евангелле ўсякаму стварэнню14, абвяшчалі, што Божы Сын сваёй смерцю і ўваскрасеннем уратаваў нас ад улады сатаны15 і ад смерці і перанёс у валадарства Айца, але і каб здзяйснялі абвешчаную справу збаўлення праз Ахвяру і сакрамэнты, якія з’яўляюцца стрыжнем усяго літургічнага жыцця. Праз хрост людзі далучаюцца да Пасхальнай таямніцы Хрыста: разам з Ім памерлыя, пахаваныя і ўваскрослыя16, яны атрымліваюць духа ўсынаўлення, «у якім усклікаем „Абба, Ойча“» (Рым 8, 15), і становяцца сапраўднымі вызнаўцамі, якіх шукае Айцец17. Падобна заўжды, калі спажываюць Вячэру Пана, абвяшчаюць смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе18. Таму ў сам дзень Пяцідзесятніцы, калі Касцёл аб’явіўся свету, тыя, «хто прыняў слова» Пятра, «ахрысціліся». «І заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам... праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народу» (Дз 2, 41-42, 47). Адгэтуль Касцёл ніколі не пераставаў збірацца на цэлебраванне Пасхальнай таямніцы, чытаючы «тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго» (Лк 24, 27), цэлебруючы Эўхарыстыю, у якой «увасабляюцца Яго перамога і трыумф над смерцю»19, і адначасова дзякуючы «Богу за невыказны дар» (2 Кар 9, 15) у Хрысце Езусе, «для хвалы Ягонай славы» (Эф 1, 12) праз моц Духа Святога.

7. Для здзяйснення такой вялікай справы Хрыстус заўжды прысутнічае ў сваім Касцёле, асабліва ў літургічных дзеяннях. Ён прысутнічае ў ахвяры св. Імшы і ў асобе цэлебранта, «бо той, хто калісьці ахвяраваў сябе на крыжы, цяпер ахвяруе сябе праз служэнне святароў»20, і асабліва, у эўхарыстычных постацях. Сваёй сілай Ён так прысутнічае ў сакрамэнтах, што калі нехта ўдзяляе хрост, то хрысціць сам Хрыстус21. Ён прысутнічае ў сваім слове, бо калі ў Касцёле чытаюць Святое Пісанне, гаворыць Ён сам. Нарэшце, прысутнічае тады, калі Касцёл моліцца і спявае псальмы, бо Ён сам абяцаў: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20).

Сапраўды, у такой вялікай справе, дзякуючы якой Бог атрымлівае дасканалае праслаўленне, а людзі асвячэнне, Хрыстус заўсёды далучае да сябе Касцёл, сваю ўмілаваную абранніцу, якая заклікае свайго Пана і праз Яго аддае культ спрадвечнаму Айцу.

Таму Літургія справядліва лічыцца выкананнем святарскага абавязку Хрыста; у ёй праз бачныя знакі выражаецца і ўласцівым кожнаму знаку спосабам ажыццяўляецца асвячэнне чалавека, а Містычнае цела Езуса Хрыста, г. зн. Галава і яго члены, выконвае цэласны публічны культ.

Таму ўсякая літургічная цэлебрацыя як справа Хрыста Святара і Яго цела, якім ёсць Касцёл, — гэта першаснае сакральнае дзеянне, з плённасцю якога па ступені і вартасці не зраўняецца ніякае іншае дзеянне Касцёла.

8. У зямной Літургіі мы як бы прадчуваем нябесную Літургію, якая будзе адбывацца ў святым горадзе Ерузалеме, да якога мы накіроўваемся як пілігрымы, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога як слуга святыні і сапраўднай скініі22. Разам з усім войскам нябеснай моцы мы спяваем Богу гімн праслаўлення; з пашанай згадваем святых і спадзяемся атрымаць нейкі ўдзел і еднасць з імі; чакаем Збаўцу, нашага Пана Езуса Хрыста, пакуль Ён не з’явіцца як жыццё наша і пакуль мы не з’явімся з Ім у славе23.

9. Святая Літургія не вычэрпвае ўсё дзеянне Касцёла, бо перш чым людзі змогуць прыступіць да Літургіі, неабходна, каб яны былі пакліканы да веры і навяртання: «Як жа будуць заклікаць таго, у каго не паверылі? Як будуць верыць у таго, пра каго не чулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць? І як будуць абвяшчаць, калі іх не пашлюць?» (Рым 10, 14-15).

Таму Касцёл абвяшчае няверуючым пасланне збаўлення, каб усе людзі пазналі адзінага праўдзівага Бога і пасланага Ім Езуса Хрыста, каб адвярнуліся ад сваіх шляхоў, чынячы пакаянне24. Веруючым жа Касцёл павінен стала абвяшчаць веру і пакаянне і, акрамя таго, рыхтаваць іх да сакрамэнтаў, вучыць выконваць усе наказы Хрыста25, заахвочваць да ўсіх спраў любові, пабожнасці і апостальства, каб яны выразна сведчылі, што хоць хрысціяне і не з гэтага свету, аднак яны з’яўляюцца святлом свету і праслаўляюць Бога перад людзьмі.

10. Аднак Літургія — гэта вяршыня, да якой скіравана дзейнасць Касцёла, і адначасова крыніца, з якой выцякае ўся ягоная сіла. Апостальскія працы маюць на мэце тое, каб усе, стаўшы Божымі дзецьмі праз веру і хрост, збіраліся разам, праслаўлялі Бога сярод Касцёла, удзельнічалі ў Ахвяры і спажывалі Вячэру Пана.

У сваю чаргу сама Літургія пабуджае вернікаў, каб яны, насычаныя «пасхальнымі сакрамэнтамі», сталі «згоднымі ў пабожнасці»26; моліцца, каб «захоўвалі ў жыцці тое, што атрымалі праз веру»27. Аднаўленне запавету Бога з людзьмі ў Эўхарыстыі прыцягвае і запальвае вернікаў да гарачай любові Хрыста. Таму з Літургіі, асабліва з Эўхарыстыі, нібы з крыніцы, на нас сыходзіць ласка і з найвялікшай эфектыўнасцю праз яе адбываецца асвячэнне чалавека ў Хрысце і пакланенне Богу, якое ёсць мэтай усіх іншых спраў Касцёла.

11. Каб дасягнуць гэтай поўнай дзейснасці, вернікі павінны ўдзельнічаць у Літургіі з адпаведнай духоўнай падрыхтоўкай, павінны узгодніць свае думкі са словамі і так супрацоўнічаць з нябеснай ласкай, каб не прымаць яе марна28. Таму святыя пастыры павінны пільна сачыць, каб у літургічным дзеянні не толькі захоўваліся законы сапраўднай і дазволенай цэлебрацыі, але і каб вернікі ўдзельнічалі ў ім свядома, актыўна і плённа.

12. Але духоўнае жыццё не абмяжоўваецца толькі ўдзелам у святой Літургіі. Хоць хрысціянін і пакліканы да супольнай малітвы, тым не менш ён павінен увайсці ў пакой свой і патаемна маліцца да Айца29, а нават, як вучыць Апостал, павінен маліцца няспынна30. Той жа Апостал навучае, што мы заўжды павінны насіць у сваім целе кананне Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе31. Таму мы молім Пана ў ахвяры св. Імшы, каб Ён, «прыняўшы духоўную ахвяру, і нас учыніў вечным дарам для сябе»32.

13. Вельмі рэкамендуюцца набажэнствы хрысціянскага народу, што адпавядаюць законам і нормам Касцёла. У першую чаргу тыя, якія адбываюцца з дазволу Апостальскай Сталіцы.

Асаблівую вартасць маюць тыя набажэнствы мясцовых Касцёлаў, якія цэлебруюцца з даручэння біскупаў паводле звычаяў і законна зацверджаных кніг.

Прымаючы пад увагу літургічныя перыяды, гэтыя набажэнствы трэба так уладкаваць, каб яны адпавядалі Літургіі, як бы вынікалі з яе і скіроўвалі да яе народ, бо Літургія па сваёй сутнасці значна пераўзыходзіць іх.

ІІ. ЛІТУРГІЧНАЕ ВЫХАВАННЕ І АКТЫЎНЫ ЎДЗЕЛ У ЛІТУРГІІ

14. Маці-Касцёл горача жадае весці ўсіх вернікаў да таго поўнага, свядомага і актыўнага ўдзелу ў літургічных абрадах, якога патрабуе сама сутнасць Літургіі і на які хрысціянскі народ, «выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць» (1 П 2, 9; пар. 2, 4-5), мае права і да якога абавязаны на моцы хросту.

На гэты поўны і актыўны ўдзел усяго народу трэба звяртаць асаблівую ўвагу пры аднаўленні і развіцці святой Літургіі, бо Літургія — гэта першая і неабходная крыніца, з якой вернікі чэрпаюць сапраўдны хрысціянскі дух. Таму пастыры ва ўсёй сваёй пастырскай дзейнасці павінны старанна імкнуцца дасягнуць такога ўдзелу праз належнае выхаванне вернікаў.

Але нельга спадзявацца на дасягненне гэтых вынікаў, калі найперш самі пастыры цалкам не пранікнуцца духам і моцай Літургіі і не стануць яе настаўнікамі. Таму вельмі неабходна найперш паклапаціцца пра літургічнае выхаванне духавенства. Дзеля гэтага Святы Сабор вырашыў устанавіць ніжэйпададзеныя прынцыпы.

15. Настаўнікі, якія навучаюць дысцыпліне святой Літургіі ў семінарыях, манаскіх навучальных установах і на тэалагічных факультэтах, павінны рыхтавацца да свайго абавязку ва ўстановах, спецыяльна для гэтага прызначаных.

16. У семінарыях і манаскіх навучальных установах дысцыпліну святой Літургіі трэба залічыць да неабходных і найважнейшых прадметаў, а на тэалагічных факультэтах — да галоўных прадметаў. Выкладаць яе трэба ў святле тэалагічнага і гістарычнага аспектаў, а таксама духоўнага, пастырскага і юрыдычнага. Больш за тое, выкладчыкі іншых прадметаў, асабліва дагматычнай тэалогіі, Святога Пісання, духоўнай і пастаральнай тэалогіі, павінны ў адпаведнасці з унутранымі патрабаваннямі кожнага прадмета так падкрэсліваць таямніцу Хрыста і гісторыю збаўлення, каб выразна выявілася сувязь гэтых прадметаў з Літургіяй і еднасць святарскай фармацыі.

17. У семінарыях і манаскіх дамах клерыкі павінны атрымаць літургічную фармацыю для духоўнага жыцця як з дапамогай належных уводзін, дзякуючы якім змогуць зразумець сакральныя абрады і ўсёй душой удзельнічаць у іх, так і з дапамогай іншых пабожных практык, прасякнутых духам святой Літургіі; няхай яны таксама навучацца захоўваць літургічныя прадпісанні, каб жыццё ў семінарыях і манаскіх інстытутах было глыбока напоўнена літургічным духам.

18. Дыяцэзіяльным святарам і святарам-манахам, якія ўжо працуюць у вінаградніку Пана, трэба ўсяляк дапамагаць, каб яны няспынна паглыблялі разуменне таго, што яны выконваюць у сакральных абрадах, каб жылі літургічным жыццём і падзялялі яго з даручанымі ім вернікамі.

19. Пастыры павінны дбаць пра стараннае і цярплівае літургічнае выхаванне і актыўны ўдзел вернікаў, унутраны і знешні, адпаведны іх узросту, стану, ладу жыцця і ступені рэлігійнай культуры, выконваючы такім чынам адзін з галоўных абавязкаў вернага распарадчыка Божых таямніц. У гэтай справе няхай вядуць сваю аўчарню не толькі словам, але і прыкладам.

20. Трансляцыя літургічных дзеянняў, асабліва св. Імшы, па радыё і тэлебачанні павінна адбывацца прадумана і годна, пад кіраўніцтвам адказнай кампетэнтнай асобы, прызначанай для гэтага абавязку біскупамі.

ІІІ. АДНАЎЛЕННЕ СВЯТОЙ ЛІТУРГІІ

21. Каб хрысціянскі народ з большай пэўнасцю дасягаў у святой Літургіі паўнаты ласкі, святая Маці-Касцёл жадае правесці агульнае аднаўленне Літургіі. Бо Літургія складаецца з нязменных частак, устаноўленых Богам, і з частак, падлеглых зменам, якія з цягам гадоў могуць ці нават павінны быць зменены, калі ў іх закраліся элементы, якія не зусім адпавядаюць унутранай сутнасці самой Літургіі, або калі гэтыя часткі сталі менш адпаведнымі.

Пры гэтым аднаўленні неабходна так упарадкаваць тэксты і абрады, каб яны ясней выяўлялі святую рэчаіснасць, якую абазначаюць, і каб хрысціянскі народ, па магчымасці, мог разумець і з лёгкасцю ўдзельнічаць поўна і актыўна ў цэлебрацыі, як гэта ўласціва супольнасці.

Дзеля гэтага Святы Сабор усталёўвае ніжэйпададзеныя агульныя нормы.

А) Агульныя нормы

22. §1. Права кіраваць святой Літургіяй належыць выключна касцёльнай уладзе, а менавіта Апостальскай Сталіцы і, згодна з нормамі права, біскупам.

§ 2. Згодна з дадзенай паводле права ўладай літургічнымі справамі ў вызначаных межах кіруюць таксама розныя законна ўстаноўленыя тэрытарыяльныя Канферэнцыі Біскупаў.

§ 3. Таму нікому іншаму, нават калі гэта святар, нельга самастойна нічога дадаваць, адымаць ці змяняць у Літургіі.

23. Каб захаваць здаровую традыцыю і адначасова адкрыць шлях да правамернага прагрэсу, рэформе паасобных частак Літургіі павінны заўсёды папярэднічаць дакладныя тэалагічныя, гістарычныя і пастырскія даследаванні. Больш за тое, неабходна ўлічыць як агульныя прынцыпы будовы і духу Літургіі, так і досвед, які вынікае з апошняга аднаўлення Літургіі і з адпустаў, дадзеных у асобных выпадках. Урэшце, інавацыі трэба ўводзіць толькі тады, калі гэтага патрабуе праўдзівае і несумненнае дабро Касцёла, і з умовай, што новыя формы пэўным чынам арганічна вырастаюць з ужо існуючых.

Па меры магчымасці трэба асцерагацца, каб не было прыкметных адрозненняў паміж суседнімі рэгіёнамі.

24. Святое Пісанне мае найвялікшае значэнне ў цэлебрацыі Літургіі, бо з яго бяруцца чытанні, якія тлумачацца ў гаміліі, і псальмы, якія спяваюцца. З яго чэрпаюць сваё натхненне і свой дух просьбы, малітвы і літургічныя песні. У ім таксама трэба шукаць значэнне дзеянняў і знакаў. Таму ў клопаце пра аднаўленне святой Літургіі, яе развіццё і дастасаванне неабходна абудзіць тую салодкую і жывую любоў да Святога Пісання, пра якую сведчыць вартая пашаны традыцыя ўсходніх і заходніх абрадаў.

25. У першую чаргу трэба даследаваць і паправіць літургічныя кнігі пры дапамозе экспертаў і параіўшыся з біскупамі з розных рэгіёнаў свету.

Б) Нормы, якія вынікаюць з сутнасці Літургіі як дзеяння іерархічнага і ўласцівага супольнасці

26. Літургічныя дзеянні — гэта не прыватныя дзеянні, а цэлебрацыі Касцёла, які з’яўляецца «сакрамэнтам еднасці», гэта значыць святым народам, аб’яднаным і арганізаваным пад кіраўніцтвам біскупаў33.

Таму літургічныя дзеянні належаць да ўсяго цела Касцёла, якое выяўляюць і ўздзейнічаюць на яго, закранаюць кожнага з яго членаў па-рознаму, у залежнасці ад ступені пасвячэння, абавязкаў і актыўнага ўдзелу.

27. Заўсёды, калі абрады, згодна са сваёй сутнасцю, патрабуюць супольнай цэлебрацыі ў прысутнасці і пры актыўным удзеле вернікаў, трэба падкрэсліваць, што, калі такая цэлебрацыя магчымая, то яна мае перавагу над індывідуальнай і як бы прыватнай цэлебрацыяй.

Гэта датычыць перадусім цэлебрацыі св. Імшы і ўдзялення сакрамэнтаў, хоць кожная Імша заўсёды мае публічны і супольнасны характар.

28. У літургічных цэлебрацыях кожны, духоўны ці свецкі, выконваючы свой абавязак, павінен рабіць выключна і цалкам тое, што датычыць яго паводле самой прыроды прадмета і літургічных нормаў.

29. Міністранты, лектары, каментатары і ўдзельнікі хору таксама выконваюць сапраўдную літургічную паслугу. Таму няхай яны спаўняюць свой абавязак з такой шчырай пабожнасцю і стараннасцю, як гэта належыць узнёсламу служэнню і адпавядае слушным патрабаванням Божага народу.

Таму трэба старанна выхаваць іх у духу Літургіі, а таксама падрыхтаваць для адпаведнага і правільнага выканання ўскладзеных на кожнага абавязкаў.

30. Дзеля падтрымання актыўнага ўдзелу трэба заахвочваць вернікаў да выканання акламацый, рэспансорыяў, псальмаў, антыфон, песень, а таксама да дзеянняў, г. зн. да жэстаў і належнай паставы цела. У адпаведны час трэба захоўваць таксама поўнае пашаны маўчанне.

31. Падчас перагляду літургічных кніг неабходна звяртаць асаблівую ўвагу на тое, каб рубрыкі прадугледжвалі таксама ролю вернікаў.

32. Акрамя адрозненняў, якія вынікаюць з літургічнага абвязку ці пасвячэння, і акрамя знакаў пашаны, што належаць свецкім уладам згодна з нормай літургічных прадпісанняў, у Літургіі не трэба праяўляць ніякай староннасці да прыватных асоб ці пасад — ні ў цырымоніях, ні ў знешняй пышнасці.

В) Нормы, якія вынікаюць з дыдактычнага і пастырскага характару Літургіі

33. Хоць святая Літургія — гэта асаблівы культ, які аддаецца Божай велічы, аднак яна змяшчае таксама багаты змест для настаўлення вернага народу34. Бо ў Літургіі Бог звяртаецца да свайго народу, Хрыстус надалей абвяшчае сваё Евангелле, а народ Божы адказвае спевам і малітвай.

Больш за тое, малітвы, скіраваныя да Бога праз святара, які кіруе сходам у асобе (in persona) Хрыста, выказваюцца ад імя ўсяго святога народу і ўсіх прысутных. Урэшце, бачныя знакі, якія выкарыстоўвае святая Літургія для абазначэння нябачных Божых спраў, былі выбраны Хрыстом ці Касцёлам. Таму не толькі калі чытаецца тое, што «напісана дзеля нашага павучання» (Рым 15, 4), але і калі Касцёл моліцца, спявае ці дзейнічае, вера ўдзельнікаў узрастае, а душы ўзносяцца да Бога, каб аддаць Яму духоўны паклон і атрымаць большую ласку.

Таму пры правядзенні аднаўлення трэба захаваць ніжэйпададзеныя агульныя нормы.

34. Абрады павінны адзначацца высакароднай прастатой, быць сціслымі і празрыстымі, пазбаўленымі бескарысных паўтораў, дастасаванымі да разумення вернікаў, каб наогул не патрабавалі доўгіх тлумачэнняў.

35. Для выразнага выяўлення ўнутранай сувязі паміж абрадам і словам у Літургіі:

1) трэба аднавіць у набажэнствах багацейшае, больш разнастайнае і лепш падабранае чытанне Святога Пісання;

2) рубрыкі павінны паказваць самае адпаведнае месца для казання, якое з’яўляецца часткай літургічнага дзеяння, калі дадзены абрад яго дапускае. Вельмі старанна і належным чынам трэба выконваць абавязак абвяшчэння казанняў. Свой змест яны павінны чэрпаць перадусім з крыніц Святога Пісання і Літургіі, бо яна з’яўляецца ў пэўным сэнсе абвяшчэннем Божых цудаў у гісторыі збаўлення, гэта значыць у Хрыстовай таямніцы, якая заўжды прысутнічае і дзейнічае ў нас, асабліва ў літургічных абрадах;

3) таксама трэба ўсяляк падкрэсліваць катэхезу, якая непасрэдна датычыць Літургіі, а ў саміх абрадах пры неабходнасці прадугледзець кароткія павучэнні святара ці іншай кампетэнтнай асобы, якія гаворацца толькі ў больш адпаведныя моманты, выкарыстоўваючы прадпісаныя выказванні або іншыя, падобныя ім;

4) трэба падтрымліваць цэлебрацыю святой Літургіі Божага слова ў вігілію ўрачыстасцяў, у некаторыя дні Адвэнту і Вялікага посту, а таксама ў нядзелі і святы, асабліва ў мясцовасцях, дзе няма святара. У такім выпадку набажэнствам павінен кіраваць дыякан ці іншая асоба, дэлегаваная біскупам.

36. § 1. У лацінскіх абрадах захоўваецца выкарыстанне лацінскай мовы, за выключэннем выпадкаў, вызначаных мясцовым правам.

§ 2. Аднак, паколькі ў св. Імшы, пры цэлебрацыі сакрамэнтаў і ў іншых частках Літургіі выкарыстанне нацыянальнай мовы нярэдка можа быць вельмі карысным для вернікаў, яе можна шырэй выкарыстоўваць, асабліва ў чытаннях і настаўленнях, у некаторых малітвах і спевах адпаведна нормам, якія ў гэтай справе будуць дэталёва акрэслены ў наступных раздзелах.

§ 3. Пры захаванні гэтых нормаў прыняцце рашэння аб тым, ці ўводзіць нацыянальную мову і ў якой ступені, уваходзіць у кампетэнцыю тэрытарыяльнай касцёльнай улады, згаданай у арт. 22 § 2; калі суседнія рэгіёны выкарыстоўваюць тую ж мову, неабходна параіцца з іх біскупамі. Гэтае рашэнне павінна быць зацверджана Апостальскай Сталіцай.

§ 4. Пераклад лацінскага тэксту на нацыянальную мову для літургічнага выкарыстання павінен быць зацверджаны кампетэнтнай тэрытарыяльнай касцёльнай уладай, згаданай вышэй.

Г) Нормы дастасавання Літургіі да характару і традыцыі народаў

37. У справах, якія не датычаць веры ці агульнага дабра, Касцёл не хоча навязваць строгай і аднастайнай формы нават у Літургіі. Наадварот, ён падтрымлівае і развівае духоўныя каштоўнасці і таленты розных плямёнаў і народаў; тое, што ў нацыянальных звычаях не звязана непарыўна з забабонамі і памылкамі, прыхільна ацэньвае і, пры магчымасці, цалкам захоўвае, а часам нават прымае ў саму Літургію, калі толькі гэта адпавядае яе правільнаму і аўтэнтычнаму духу.

38. Пры захаванні сутнаснай еднасці рымскага абраду трэба дапусціць апраўданыя адрозненні і дастасаванні да розных супольнасцяў, рэгіёнаў і народаў, асабліва на місіях, а таксама пры пераглядзе і выпраўленні літургічных кніг. Гэты прынцып трэба прымаць пад увагу пры ўкладанні абрадаў і рубрык.

39. У межах, устаноўленых узорным выданнем літургічных кніг, у кампетэнцыю тэрытарыяльнай касцёльнай улады, згаданай у арт. 22 § 2, будзе ўваходзіць акрэсленне спосабу дастасавання, асабліва калі гаворка ідзе пра сакрамэнты, сакрамэнталіі, працэсіі, літургічную мову, музыку і касцёльнае мастацтва, аднак заўсёды паводле асноўных прынцыпаў, пададзеных у гэтай Канстытуцыі.

40. Аднак, паколькі ў розных месцах і абставінах прыспешвае патрэба глыбейшага дастасавання Літургіі, што, у сваю чаргу, павялічвае цяжкасці, то:

1) Кампетэнтная тэрытарыяльная касцёльная ўлада, згаданая ў арт. 22 § 2, павінна старанна і разважліва абдумаць, што ў гэтай сферы можна прыняць у Божы культ з традыцыі і характару паасобных народаў. Дастасаванні, якія будуць прызнаныя карыснымі ці неабходнымі, трэба прадставіць Апостальскай Сталіцы і, атрымаўшы яе згоду, увесці.

2) Каб дастасаванне адбывалася з належнай абачлівасцю, Апостальская Сталіца пры неабходнасці можа даць той жа тэрытарыяльнай касцёльнай уладзе паўнамоцтвы, каб яна дазволіла на вызначаны час правядзенне неабходных выпрабаванняў у адпаведных для гэтага групах і кіравала імі.

3) Паколькі дастасаванне літургічных прадпісанняў часта звязана з адмысловымі цяжкасцямі, асабліва на місіях, таму ў распрацоўцы гэтых прадпісанняў павінны дапамагаць эксперты ў дадзенай галіне.

ІV. РАЗВІЦЦЁ ЛІТУРГІЧНАГА ЖЫЦЦЯ Ў ДЫЯЦЭЗІІ І ПАРАФІІ

41. Біскупа трэба лічыць першасвятаром ягонай паствы, бо ад яго ў пэўнай ступені паходзіць і залежыць хрысціянскае жыццё яго вернікаў.

Таму ўсе павінны высока цаніць літургічнае жыццё дыяцэзіі, сканцэнтраванае вакол біскупа, асабліва ў катэдральным касцёле; павінны быць перакананыя, што Касцёл выяўляецца перадусім праз поўны і актыўны ўдзел усяго святога народу Божага ў адных і тых жа літургічных цэлебрацыях, асабліва ў адной і той жа Эўхарыстыі, у адной малітве, пры адным алтары пад кіраўніцтвам біскупа ў акружэнні прэзбітэраў і слуг алтара35.

42. Паколькі біскуп у сваім Касцёле не можа асабіста заўсёды і ўсюды кіраваць усёй паствай, ён павінен абавязкова ўтварыць групы вернікаў, сярод якіх першае месца займаюць парафіі, зацверджаныя ў розных месцах пад кіраўніцтвам пастыра, які замяняе біскупа. Яны такім чынам прадстаўляюць бачны Касцёл, устаноўлены на ўсёй зямлі.

Таму ў розумах і практыцы вернікаў і духавенства трэба паглыбляць літургічнае жыццё парафіі і яе сувязь з біскупам; у той жа час трэба імкнуцца развіваць пачуццё парафіяльнай супольнасці, асабліва ў сумеснай цэлебрацыі нядзельнай Імшы.

V. РАЗВІЦЦЁ ЛІТУРГІЧНАГА ПАСТЫРСТВА

43. Клопат пра развіццё і аднаўленне святой Літургіі павінен заслужана лічыцца знакам прадбачлівых Божых планаў адносна нашай эпохі, дзеяннем Духа Святога ў Яго Касцёле. Гэта надае характэрную адметнасць жыццю Касцёла, а таксама ўсёй сучаснай рэлігійнай думцы і дзейнасці.

Таму для далейшай падтрымкі ў Касцёле літургічнага пастырства Святы Сабор вырашае наступнае.

44. Будзе мэтазгодным, каб кампетэнтная тэрытарыяльная ўлада, згаданая ў арт. 22 § 2, стварыла Літургічную камісію, з якой бы супрацоўнічалі знаўцы рэлігіі, касцёльнай музыкі і мастацтва, а таксама пастырства. Калі магчыма, няхай гэтай Камісіі дапамагае Інстытут літургічнага пастырства, у склад якога пры неабходнасці могуць уваходзіць таксама выдатныя свецкія эксперты гэтай справы. Задача Камісіі заключаецца ў тым, каб, падпарадкоўваючыся вышэйзгаданай тэрытарыяльнай касцёльнай уладзе, кіраваць на падуладнай ёй тэрыторыі літургічным пастырствам, праводзіць даследаванні і неабходныя эксперыменты тады, калі гаворка будзе ісці аб прадстаўленні Апостальскай Сталіцы прапанаваных дастасаванняў.

45. З той жа прычыны неабходна стварыць Літургічную камісію ў паасобных дыяцэзіях для развіцця літургічнай дзейнасці пад кіраўніцтвам біскупа.

Часам будзе мэтазгодным, каб некалькі дыяцэзій утварылі адну Камісію дзеля ўзгодненага развіцця літургічнай справы.

46. Акрамя Літургічнай камісіі ў кожнай дыяцэзіі трэба пры магчымасці стварыць таксама Камісію касцёльнай музыкі і Камісію сакральнага мастацтва.

Неабходна, каб гэтыя тры Камісіі супрацоўнічалі паміж сабою; больш за тое, нярэдка будзе пажаданым аб’яднаць іх у адну Камісію.

РАЗДЗЕЛ ІІ
ТАЯМНІЦА НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ЭЎХАРЫСТЫІ

47. Наш Збаўца падчас Апошняй Вячэры ў тую ноч, калі быў здраджаны, устанавіў эўхарыстычную Ахвяру свайго Цела і Крыві, каб у ёй на вякі, да свайго прыйсця, умацаваць Ахвяру Крыжа і такім чынам даручыць Касцёлу — сваёй умілаванай абранніцы — успамін сваёй Мукі і Уваскрасення: сакрамэнт міласэрнасці, знак еднасці, повязь любові36, пасхальную гасціну, «на якой спажываецца Хрыстус, на якой душа напаўняецца ласкай і нам даецца задатак будучай славы»37.

48. Таму Касцёл рупліва клапоціцца аб тым, каб хрысціяне падчас гэтай таямніцы веры прысутнічалі не як староннія маўклівыя гледачы, але каб праз абрады і малітву добра разумелі гэтую таямніцу і каб свядома, пабожна і актыўна ўдзельнічалі ў сакральным дзеянні. Яны павінны выхоўвацца Божым словам, падмацоўвацца са стала Божага Цела і дзякаваць Богу. Прыносячы беззаганную Ахвяру не толькі праз рукі святара, але і разам з ім, яны павінны вучыцца прыносіць у ахвяру саміх сябе і праз пасрэдніцтва Хрыста з кожным днём удасканальвацца ў еднасці з Богам і паміж сабой38, каб урэшце Бог быў усім ува ўсіх.

49. Таму, каб ахвяра св. Імшы дасягнула поўнай пастырскай дасканаласці таксама праз абрадавую форму, Святы Сабор, прымаючы пад увагу Імшу, што цэлебруецца з удзелам вернікаў, асабліва ў нядзелі і святы, вырашае наступнае.

50. Парадак Імшы неабходна перагледзець так, каб больш выразна выяўляўся ўласны характар усіх яе частак і іх узаемасувязь, а таксама каб аблегчыць вернікам пабожны і актыўны ўдзел.

З гэтай мэтай абрады неабходна спрасціць, дакладна захоўваючы іх сутнасць; трэба скасаваць тое, што з цягам часу стала паўторам ці дадаткам без асаблівай карысці. Затое пэўныя элементы, страчаныя цягам вякоў, неабходна вярнуць згодна з даўняй традыцыяй айцоў Касцёла, калі гэта будзе карысна ці неабходна.

51. Каб падрыхтаваць для вернікаў багацейшы стол Божага слова, трэба шырэй адчыніць біблійныя скарбніцы, каб у адпаведны адрэзак гадоў народу чыталася важнейшая частка Святога Пісання.

52. Як частка самой Літургіі вельмі рэкамендуецца гамілія, у якой на працягу літургічнага года выкладаецца на падставе святых тэкстаў таямніца веры і прынцыпы хрысціянскага жыцця. Без сур’ёзнай прычыны яе нельга прапускаць у Імшах, якія цэлебруюцца ў нядзелі і святы з абавязковым удзелам вернікаў.

53. Пасля Евангелля і гаміліі трэба аднавіць «агульную малітву», або «малітву вернікаў», асабліва ў нядзелі і абавязковыя святы, каб з удзелам вернікаў адбываліся малітвы за святы Касцёл, за тых, хто намі кіруе, за тых, хто знаходзіцца ў розных патрэбах, а таксама за ўсіх людзей і за збаўленне ўсяго свету39.

54. Згодна з арт. 36 дадзенай Канстытуцыі, у Імшах, што цэлебруюцца з удзелам народу, можа выкарыстоўвацца нацыянальная мова, асабліва ў чытаннях і «агульнай малітве», а ў залежнасці ад мясцовых умоў нават у частках, якія датычаць народу. Аднак трэба паклапаціцца, каб вернікі ўмелі разам чытаць ці спяваць і лацінскія часткі парадку Імшы, прызначаныя для іх.

Там, дзе здасца адпаведным шырэйшае выкарыстанне нацыянальнай мовы ў св. Імшы, трэба захаваць прадпісанне арт. 40 дадзенай Канстытуцыі.

55. Настойліва рэкамендуецца той больш дасканалы спосаб удзелу ў св. Імшы, калі пасля камуніі святара вернікі спажываюць Цела Пана з той самай Ахвяры.

Захоўваючы вызначаныя Трыдэнцкім Саборам дагматычныя прынцыпы40, у выпадках, акрэсленых Апостальскай Сталіцай, біскуп можа дазволіць св. Камунію пад дзвюма постацямі як дыяцэзіяльнаму духавенству і кансэкраваным асобам, так і свецкім, напрыклад тым, якія ў дадзенай Імшы атрымалі пасвячэнне ці далі манаскія абяцанні, або новаахрышчаным на Імшы, якая адбываецца пасля іх хросту.

56. Дзве часткі, з якіх у пэўнай ступені складаецца св. Імша, а менавіта літургія слова і эўхарыстычная літургія, так цесна звязаны паміж сабой, што складаюць адзін акт культу. Таму Святы Сабор настойліва заахвочвае пастыраў, каб у катэхезе яны старанна вучылі вернікаў удзелу ва ўсёй св. Імшы, асабліва ў нядзелі і абавязковыя святы.

57. § 1. Канцэлебрацыя, якая добра паказвае еднасць святарства, аж да сённяшняга дня засталася ва ўжытку Касцёла на Усходзе і на Захадзе. Таму Сабор пастанавіў пашырыць права канцэлебрацыі на наступныя выпадкі:

1. а) Імша Хрызма і вечаровая Імша ў Вялікі чацвер Вячэры Пана;
б) Імшы, што цэлебруюцца на Саборах, сходах біскупаў і Сінодах;
в) Імша, на якой адбываецца благаслаўленне абата.

2. Акрамя таго, з дазволу ардынарыя, які павінен вырашаць, ці пажадана канцэлебрацыя:
а) на канвентуальнай Імшы і на галоўнай Імшы ў касцёлах, калі карысць вернікаў не патрабуе паасобнай цэлебрацыі ўсіх прысутных святароў;
б) падчас Імшы на розных сходах дыяцэзіяльных святароў ці святароў-манахаў.

§ 2. 1. Абавязак біскупаў — кіраваць дысцыплінай канцэлебрацыі ў дыяцэзіі.
2. Аднак для кожнага святара заўсёды павінна захоўвацца магчымасць асобна цэлебраваць св. Імшу, але не адначасова з канцэлебрацыяй і не ў адным і тым жа касцёле, а таксама не ў Вялікі чацвер Вячэры Пана.

58. Трэба ўкласці новы абрад канцэлебрацыі і размясціць яго ў Пантыфікале і Рымскім Імшале.

РАЗДЗЕЛ ІІІ
ІНШЫЯ САКРАМЭНТЫ І САКРАМЭНТАЛІІ

59. Сакрамэнты прызначаны для асвячэння людзей, будавання Хрыстовага цела і, урэшце, для пакланення Богу. Як знакі яны павінны таксама павучаць. Сакрамэнты не толькі прадугледжваюць веру, але пры дапамозе слоў і рэчаў жывяць, умацоўваюць і выяўляюць яе, таму яны называюцца сакрамэнтамі веры. Яны ўдзяляюць ласкі, але іх цэлебрацыя таксама найлепш рыхтуе вернікаў да плённага прыняцця гэтай ласкі, да належнага ўшанавання Бога і практыкавання любові.

Таму важна, каб вернікі з лёгкасцю разумелі сакрамэнтальныя знакі і як мага часцей прымалі сакрамэнты, устаноўленыя для ўмацавання хрысціянскага жыцця.

60. Акрамя таго, святая Маці-Касцёл устанавіў сакрамэнталіі. Гэта святыя знакі, праз якія, з пэўным падабенствам да сакрамэнтаў, абазначаюцца і дзякуючы малітве Касцёла дасягаюцца пераважна духоўныя вынікі. Яны рыхтуюць людзей да плённага прыняцця сакрамэнтаў і асвячаюць розныя абставіны жыцця.

61. Такім чынам літургія сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў амаль кожную падзею жыцця адпаведна падрыхтаваных вернікаў асвячае ласкай, якая паходзіць з Пасхальнай таямніцы Мукі, Смерці і Уваскрасення Хрыста, з якой усе сакрамэнты і сакрамэнталіі чэрпаюць сваю моц; такім чынам амаль кожнае годнае выкарыстанне матэрыяльных рэчаў можа быць скіравана на асвячэнне чалавека і праслаўленне Бога.

62. Паколькі з цягам вякоў у абрады сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў пранікалі элементы, якія ў наш час недастаткова выразна выяўляюць іх сутнасць і мэту, і паколькі многія з іх неабходна дастасаваць да патрэб нашага часу, Святы Сабор вызначае наступныя прынцыпы іх перагляду.

63. Паколькі нярэдка пры здзяйсненні сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў можа быць вельмі карысным выкарыстанне нацыянальнай мовы, яе трэба шырэй выкарыстоўваць паводле наступных нормаў:

а) пры ўдзяленні сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў можна выкарыстоўваць нацыянальную мову паводле арт. 36;

б) паводле новага выдання Рымскага Рытуала кампетэнтная тэрытарыяльная касцёльная ўлада, згаданая ў арт. 22 § 2 гэтай Канстытуцыі, павінна як мага хутчэй падрыхтаваць нацыянальныя рытуалы, дастасаваныя да мясцовых патрэб таксама ў тым, што датычыць мовы. Пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай іх трэба ўжываць у рэгіёнах, для якіх яны прызначаюцца. Пры ўкладанні гэтых рытуалаў ці асобных зборнікаў абрадаў нельга прапускаць змешчаных у Рымскім Рытуале перад кожным абрадам інструкцый, якія маюць пастырскае і літургічнае або асаблівае грамадскае значэнне.

64. Трэба аднавіць розныя ступені катэхумэнату дарослых, пакідаючы яго ўвядзенне ва ўжытак рашэнню мясцовага ардынарыя. Дзякуючы гэтаму час катэхумэнату, прызначаны для адпаведнай фармацыі катэхумэнаў, будзе асвячаны праз паслядоўна выкананыя літургічныя абрады.

65. У місійных краінах, акрамя таго, што змяшчае хрысціянская традыцыя, можна таксама дапусціць тыя элементы ўтаямнічання з ужытку дадзенага народу, якія можна дастасаваць да хрысціянскіх абрадаў згодна з арт. 37–40 дадзенай Канстытуцыі.

66. Трэба перагледзець абодва абрады хросту дарослых, звычайны і ўрачысты, з улікам адноўленага катэхумэнату, а ў Рымскім Імшале змясціць спецыяльную Імшу «Пры ўдзяленні хросту».

67. Абрад хросту дзяцей трэба перагледзець і дастасаваць да сапраўднага стану немаўлят. У самім абрадзе трэба таксама падкрэсліць ролю і абавязкі бацькоў дзіцяці і хросных бацькоў.

68. У абрадзе хросту трэба прадугледзець змены, якія з дазволу мясцовага ардынарыя можна было б выкарыстоўваць пры большай колькасці кандыдатаў. Трэба таксама скласці карацейшы абрад хросту, якім маглі б карыстацца перадусім катэхеты ў місійных краінах і наогул вернікі, якія ўдзяляюць хрост у небяспецы смерці, калі адсутнічае святар ці дыякан.

69. Замест абраду, які называецца «Дапаўненне абраду хросту дзіцяці», трэба скласці новы. Ён павінен больш выразна і відавочна ўказваць, што дзіця, ахрышчанае паводле скарочанага абраду, ужо прынятае ў Касцёл.

Для асоб, ужо сапраўдна ахрышчаных, якія навяртаюцца на каталіцызм, трэба скласці новы абрад, які б выяўляў іх прыняцце ў супольнасць Касцёла.

70. Па-за Велікодным перыядам ваду для хросту можна асвяціць падчас абраду хросту, выкарыстоўваючы скарочаную формулу.

71. Абрад канфірмацыі трэба перагледзець так, каб выразней выявілася цесная сувязь гэтага сакрамэнту з усім хрысціянскім утаямнічаннем. Таму неабходна, каб прыняццю гэтага сакрамэнту папярэднічала аднаўленне абяцанняў хросту.

Пры патрэбе канфірмацыю можна ўдзяліць падчас св. Імшы. Для абраду па-за Імшой трэба падрыхтаваць уводную формулу.

72. Абрад і формулу пакаяння трэба так перагледзець, каб яны выразней выяўлялі сутнасць і вынік гэтага сакрамэнту.

73. «Апошняе намашчэнне», якое таксама можна (і нават лепш) назваць «намашчэннем хворых», не з’яўляецца сакрамэнтам, прызначаным толькі для тых, хто знаходзіцца ў крайняй небяспецы смерці. Адпаведны час для прыняцця гэтага сакрамэнту настае тады, калі верніку пагражае смерць з прычыны хваробы ці старасці.

74. Акрамя асобных абрадаў намашчэння хворых і Віятыку трэба скласці працяглы абрад, у якім намашчэнне будзе ўдзяляцца хвораму пасля споведзі і перад прыняццем Віятыку.

75. Колькасць намашчэнняў трэба дастасаваць да абставін, а малітвы, якія ўваходзяць у склад абраду намашчэння хворых, перапрацаваць так, каб яны адпавядалі розным станам хворых, якія прымаюць гэты сакрамэнт.

76. Абрад пасвячэння трэба перагледзець у тым, што датычыць і цырымоній, і тэкстаў. Прамова біскупа ў пачатку кожнага пасвячэння ці кансэкрацыі можа быць сказана на нацыянальнай мове.

Падчас біскупскай кансэкрацыі ўсе прысутныя біскупы могуць ускладаць рукі.

77. Змешчаны ў Рымскім Рытуале абрад сужэнства трэба перагледзець і ўзбагаціць такім чынам, каб ён відавочней выяўляў ласку сакрамэнту і падкрэсліваў абавязкі сужэнцаў.

«Калі якія-небудзь рэгіёны... выкарыстоўваюць іншыя вартыя пахвалы звычаі і цырымоніі» пры заключэнні сакрамэнту сужэнства, «Святы Сабор вельмі жадае, каб яны былі захаваныя»41.

Акрамя таго, кампетэнтнай тэрытарыяльнай касцёльнай уладзе, згаданай у арт. 22 § 2 дадзенай Канстытуцыі, згодна з нормай арт. 63 даецца магчымасць падрыхтаваць уласны абрад, дастасаваны да мясцовых і нацыянальных звычаяў, аднак сцісла захоўваючы прадпісанне, каб асістуючы святар патрабаваў выражэння згоды бакоў і прымаў яе.

78. Як правіла, сакрамэнт сужэнства трэба цэлебраваць падчас св. Імшы, пасля чытання Евангелля і гаміліі, перад «малітвай вернікаў». Малітву над маладой трэба адпаведным чынам выправіць, каб яна выражала роўныя абавязкі ўзаемнай вернасці абодвух сужэнцаў. Чытаць яе можна на нацыянальнай мове.

Калі сакрамэнт сужэнства цэлебруецца па-за св. Імшой, у пачатку абраду трэба прачытаць Эпісталу і Евангелле з Імшы за нарачоных. Благаслаўленне ім неабходна ўдзяляць заўсёды.

79. Сакрамэнталіі трэба перагледзець у духу галоўнага прынцыпу свядомага, актыўнага і даступнага ўдзелу вернікаў і з улікам сучасных патрэб. Пры рэфармаванні рытуалаў згодна з арт. 63 па меры неабходнасці можна дадаць таксама новыя сакрамэнталіі.

Благаслаўленні, якія могуць даваць толькі вызначаныя асобы, павінны быць нешматлікімі і адведзенымі толькі біскупам і ардынарыям.

Трэба прадугледзець магчымасць удзялення некаторых сакрамэнталіяў, прынамсі ў выключных выпадках і са згоды ардынарыя, свецкімі, якія маюць адпаведную падрыхтоўку.

80. Трэба перагледзець абрад кансэкрацыі дзеў, змешчаны ў Рымскім Пантыфікале.

Акрамя таго, неабходна скласці абрад давання манаскіх абяцанняў і іх аднаўлення, які б паспрыяў большай аднастайнасці, прастаце і годнасці; яго павінны прыняць тыя, хто падчас св. Імшы даюць ці аднаўляюць абяцанні, аднак з захаваннем мясцовага права.

Пахвальным з’яўляецца звычай даваць манаскія абяцанні падчас св. Імшы.

81. Абрад пахавання павінен відавочней выяўляць пасхальны характар смерці хрысціяніна і лепш адпавядаць умовам і традыцыям паасобных рэгіёнаў, таксама і ў тым, што датычыць літургічнага колеру.

82. Трэба перагледзець абрад пахавання дзяцей і дадаць да яго ўласную Імшу.

РАЗДЗЕЛ IV
БОЖЫ АФІЦЫЙ

83. Найвышэйшы Святар Новага і вечнага Запавету, Езус Хрыстус, прымаючы чалавечую натуру, прынёс у гэта зямное выгнанне той гімн, які ва ўсе вякі гучыць у нябесных святынях. Ён яднае з сабой усю чалавечую супольнасць, каб разам спяваць гэту боскую песню хвалы.

Святарскі абавязак Ён надалей выконвае праз свой Касцёл, які няспынна праслаўляе Бога і просіць аб збаўленні ўсяго свету не толькі праз цэлебрацыю Эўхарыстыі, але і іншымі сродкамі, асабліва праз Божы Афіцый.

84. Згодна са старажытнай хрысціянскай традыцыяй, Божы Афіцый скампанаваны так, каб асвячаць усе поры дня і ночы праз пакланенне Богу. Калі святары і іншыя асобы, прызначаныя Касцёлам, ці таксама вернікі, якія моляцца разам са святаром паводле зацверджанай формы, выконваюць гэтую цудоўную песню хвалы, тады гэта сапраўдны голас абранніцы, якая гаворыць з Абраннікам. Больш за тое, гэта малітва Хрыста і Яго цела, скіраваная да Айца.

85. Таму кожны, хто прысвячае сябе гэтай малітве, выконвае абавязак Касцёла і ў той жа час удзельнічае ў найвышэйшым гонары абранніцы Хрыста, паколькі, аддаючы Богу хвалу, стаіць перад Божым тронам у імя Маці-Касцёла.

86. Святары, занятыя святым пастырскім служэннем, будуць з большай руплівасцю чытаць Літургію гадзінаў, калі жывей будуць усведамляць, што яны павінны выконваць наказ св. Паўла: «Няспынна маліцеся» (1 Тэс 5, 17); бо толькі Пан, які сказаў: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5), можа даць поспех і рост справе, над якой працуюць. Таму Апосталы, прызначаючы дыяканаў, казалі: «Мы ўвесь час будзем трываць у малітве і служэнні слова» (Дз 6, 4).

87. Каб ва ўсіх умовах святары і іншыя члены Касцёла маглі лепш і больш дасканала здзяйсняць Божы Афіцый, Святы Сабор, працягваючы аднаўленне, паспяхова распачатае Апостальскай Сталіцай, прыняў наступныя пастановы наконт Афіцыя паводле рымскага абраду.

88. Паколькі мэта Афіцыя — гэта асвячэнне дня, то традыцыйны расклад Гадзінаў трэба аднавіць такім чынам, каб па меры магчымасці яны адпавядалі порам дня. Трэба таксама ўлічыць сучасныя ўмовы жыцця, у якіх знаходзяцца перадусім асобы, адданыя апостальскім працам.

89. Такім чынам, у аднаўленні Афіцыя павінны захоўвацца наступныя нормы:

а) згодна з шанаванай традыцыяй усяго Касцёла галоўнымі гадзінамі штодзённага Афіцыя трэба лічыць Ютрань (ранішнюю малітву) і Нешпары (вечаровую малітву) і адпаведна іх цэлебраваць;

б) Камплету трэба скласці так, каб яна добра адпавядала заканчэнню дня;

в) хоць Гадзіна, якая называецца Ранішняй, захоўвае ў хоры характар начной малітвы, яе трэба перапрацаваць так, каб яна магла чытацца ў любую пару дня; яна павінна змяшчаць меншую колькасць псальмаў і даўжэйшыя чытанні;

г) трэба скасаваць Першую гадзіну;

д) у хоры захоўваюцца меншыя Гадзіны: Трэцяя, Шостая і Дзевятая. Па-за хорам можна выбраць адну з іх, больш адпаведную дадзенай пары дня.

90. Паколькі Афіцый як публічная малітва Касцёла з’яўляецца крыніцай пабожнасці і падмацаваннем асабістай малітвы, святары і іншыя ўдзельнікі Афіцыя заклікаюцца ў Пану выконваць яго так, каб думкі адпавядалі словам. Для лепшага дасягнення гэтай мэты няхай імкнуцца да глыбейшага пазнання Літургіі і Святога Пісання, асабліва псальмаў.

Пры правядзенні рэформы трэба так перагледзець гэтую шанаваную векавую скарбніцу рымскага Афіцыя, каб усе, каму ён даручаецца, маглі багацей і лягчэй карыстацца ім.

91. Каб сапраўды можна было захаваць парадак Гадзінаў, пададзены ў арт. 89, псальмы неабходна размеркаваць не на адзін тыдзень, а на даўжэйшы перыяд часу.

Паспяхова распачатую справу перагляду Псалтыра трэба завяршыць як мага хутчэй, захоўваючы павагу да хрысціянскай лацінскай мовы, да яе літургічнага выкарыстання, таксама ў спевах, і да ўсёй традыцыі Лацінскага Касцёла.

92. Што датычыць чытанняў, трэба захаваць наступнае:

а) чытанні Святога Пісання трэба размеркаваць так, каб скарбы Божага слова можна было пазнаць з лёгкасцю і больш поўна;

б) лепш падабраць чытанні з твораў айцоў, доктараў і касцёльных аўтараў;

в) апісанні мучаніцтва і жыцці святых трэба ўзгадніць з гістарычнай праўдай.

93. Гімнам, наколькі здасца адпаведным, трэба вярнуць першапачатковую форму, адкідаючы ці змяняючы ўсё, што патыхае міфалогіяй ці не адпавядае хрысціянскай пабожнасці. Па меры неабходнасці трэба прыняць таксама іншыя гімны, якія знаходзяцца ў зборніках.

94. Для сапраўднага асвячэння дня і чытання Гадзінаў з духоўнай карысцю рэкамендуецца захоўваць час, найбольш набліжаны да пары, уласцівай кожнай кананічнай Гадзіне.

95. Акрамя канвентуальнай Імшы, штодзённа чытаць у хоры Божы Афіцый павінны супольнасці, абавязаныя маліцца ў хоры, а менавіта:

а) ордэны канонікаў, манахаў і манашак, а таксама іншыя асобы, абавязаныя правам ці канстытуцыяй маліцца ў хоры, — увесь Афіцый;

б) катэдральныя ці калегіяльныя капітулы — тыя часткі Афіцыя, якія ўскладае на іх агульнае ці мясцовае права;

в) усе члены вышэйзгаданых супольнасцяў, якія прынялі вышэйшае пасвячэнне ці далі ўрачыстыя абяцанні, за выключэннем канверсаў*, павінны індывідуальна прачытаць тыя кананічныя Гадзіны, якіх не цэлебравалі ў хоры.

96. Не абавязаныя да хору духоўныя вышэйшага пасвячэння павінны штодзённа чытаць увесь Афіцый супольна ці індывідуальна паводле нормы арт. 89.

97. Магчымыя замены Божага Афіцыя літургічным дзеяннем павінны быць акрэслены ў рубрыках.

У асаблівых выпадках і з важнай прычыны ардынарыі могуць цалкам ці часткова вызваляць сваіх падначаленых ад абавязку чытаць Афіцый або замяніць гэты абавязак на іншы.

98. Члены любога Інстытута кансэкраванага жыцця, якія згодна са сваімі Канстытуцыямі чытаюць некаторыя часткі Афіцыя, здзяйсняюць публічную малітву Касцёла.

Зноў жа, яны здзяйсняюць публічную малітву Касцёла, калі згодна са сваімі Канстытуцыямі чытаюць які-небудзь малы Афіцый, калі толькі ён складзены на ўзор Божага Афіцыя і належным чынам зацверджаны.

99. Паколькі Божы Афіцый — гэта голас Касцёла, гэта значыць усяго Містычнага цела, якое публічна праслаўляе Бога, рэкамендуецца, каб не абавязаныя да хору духоўныя, асабліва тыя, якія вядуць жыццё ў супольнасці, ці сабраныя з нейкай нагоды святары, чыталі супольна прынамсі нейкую частку Афіцыя.

Кожны, хто чытае Афіцый у хоры ці супольна, павінен як мага дасканалей выконваць даручанае яму заданне як з унутранай пабожнасцю, так і са знешняй стараннасцю.

Акрамя таго, рэкамендуецца, каб у хоры ці супольнасці Афіцый па магчымасці спяваўся.

100. Пастыры павінны клапаціцца, каб у нядзелі і ўрачыстыя святы ў касцёлах з удзелам вернікаў цэлебраваліся галоўныя Гадзіны, асабліва Нешпары. Рэкамендуецца, каб і свецкія чыталі Афіцый ці са святарамі, ці на сваіх сходах, ці нават індывідуальна.

101. § 1. Паводле векавой традыцыі лацінскага абраду духоўныя павінны захаваць у Афіцыі лацінскую мову. Аднак тым духоўным, для якіх лацінская мова ўяўляе сур’ёзную перашкоду ў належным чытанні Афіцыя, ардынарый можа ў асобных выпадках дазволіць выкарыстанне перакладу на нацыянальную мову, зробленага згодна з арт. 36.

§ 2. Правамоцны настаяцель можа дазволіць выкарыстанне ў Афіцыі нацыянальнай мовы, нават пры чытанні ў хоры, манашкам і членам Інстытутаў кансэкраванага жыцця — як мужчынам, якія не з’яўляюцца духоўнымі, так і жанчынам — пры ўмове, што пераклад зацверджаны.

§ 3. Кожны духоўны, забавязаны да Афіцыя, калі чытае яго на нацыянальнай мове з групай вернікаў або з тымі, пра каго згадвалася ў § 2, выконвае свой абавязак, калі толькі тэкст перакладу быў зацверджаны.

РАЗДЗЕЛ V
ЛІТУРГІЧНЫ ГОД

102. Святая Маці-Касцёл лічыць сваім абавязкам ушаноўваць у пабожным успаміне збаўчую справу свайго боскага Абранніка ўвесь год у вызначаныя дні. Кожны тыдзень Касцёл адзначае ўспамін Уваскрасення Пана ў дзень, які назваў Панскім, а раз у год ушаноўвае Уваскрасенне Пана разам з Яго благаслаўлёнай Мукай у найвялікшае свята Пасхі.

На працягу года Касцёл адкрывае ўсю таямніцу Хрыста, пачынаючы з Уцелаўлення і Нараджэння да самага Унебаўшэсця, да дня Спаслання Духа Святога і да чакання благаслаўлёнай надзеі і прыйсця Пана.

Такім чынам святкуючы таямніцы Адкуплення, Касцёл адкрывае вернікам багацце збаўчых цнот і заслуг свайго Пана так, што яны праяўляюцца ўвесь час, каб вернікі сутыкнуліся з імі і напоўніліся ласкай збаўлення.

103. У гэтым гадавым цыкле таямніц Хрыста святы Касцёл з асаблівай любоўю ўшаноўвае Благаслаўлёную Марыю — Маці Божую, якая непарыўна звязана са збаўчай справай свайго Сына. У Ёй Касцёл захапляецца цудоўным плёнам Адкуплення, праслаўляе яго і як бы ў найчысцейшым вобразе з радасцю сузірае тое, чым увесь імкнецца і спадзяецца стаць.

104. Акрамя таго, Касцёл на працягу года ўспамінае мучанікаў і іншых святых, якія дзякуючы разнастайнай Божай ласцы дасягнулі дасканаласці і, атрымаўшы вечнае збаўленне, спяваюць Богу ў небе дасканалую хвалу і заступаюцца за нас. У гэтыя ўрачыстасці Касцёл абвяшчае Пасхальную таямніцу ў святых, што пакутавалі і праславіліся разам з Хрыстом, прадстаўляе вернікам іх прыклад, які праз Хрыста прыцягвае ўсіх да Айца, а праз іх заслугі выпрошвае Божыя дабрадзействы.

105. Урэшце, у розныя перыяды года Касцёл згодна з вучэннем традыцыі выхоўвае вернікаў праз пабожныя практыкі душы і цела, праз настаўленне, малітву, учынкі пакаяння і міласэрнасці.

Таму Святы Сабор вырашыў пастанавіць наступнае.

106. Згодна з апостальскай традыцыяй, якая пачынаецца з самага дня Уваскрасення Хрыста, Касцёл цэлебруе Пасхальную таямніцу кожны восьмы дзень, які слушна называе днём Пана, або нядзеляй. У гэты дзень вернікі павінны збірацца разам, каб слухаць Божае слова, удзельнічаць у Эўхарыстыі і, памятаючы пра Муку, Уваскрасенне і славу Пана Езуса, дзякаваць Богу, які іх «адрадзіў да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста з мёртвых» (1 П 1, 3). Такім чынам, нядзеля — гэта першасны святочны дзень, і яго трэба так падкрэсліваць і прадстаўляць пабожнасці вернікаў, каб ён стаў таксама днём радасці і адпачынку ад працы. Паколькі нядзеля — гэта аснова і ядро ўсяго літургічнага года, яе нельга засланяць іншымі святкаваннямі, калі толькі яны сапраўды не маюць важнага значэння.

107. Літургічны год павінен быць перагледжаны так, каб пры захаванні ці аднаўленні традыцыйных звычаяў і практык, звязаных з літургічнымі перыядамі, згодна з умовамі нашага часу, захаваўся іх адметны характар дзеля належнага падмацавання пабожнасці вернікаў праз цэлебрацыю таямніц хрысціянскага Адкуплення, асабліва Пасхальнай таямніцы. Калі мясцовыя ўмовы патрабуюць нейкіх дастасаванняў, іх трэба правесці паводле арт. 39 і 40.

108. Пабожнасць вернікаў трэба скіроўваць перадусім на святы Пана, у якіх на працягу года святкуюцца таямніцы збаўлення. Таму асаблівыя перыяды літургічнага года павінны мець адпаведнае першынство перад урачыстасцямі святых, каб увесь цыкл таямніц збаўлення ўшаноўваўся належным чынам.

109. Як у Літургіі, так і ў катэхезе трэба прадставіць у поўным святле падвойны характар Вялікага посту. Праз напамін аб хросце ці праз падрыхтоўку да яго, а таксама праз пакаянне ён павінен настроіць вернікаў да святкавання Пасхальнай таямніцы дзякуючы больш уважліваму слуханню Божага слова і стараннай малітве. Таму:

а) трэба больш зважаць на элементы хросту, уласцівыя літургіі Вялікага посту; таксама добра будзе аднавіць некаторыя элементы з даўняй традыцыі, калі яны палічацца адпаведнымі;

б) тое ж можна сказаць і пра элементы пакаяння. У катэхезе поруч з усведамленнем грамадскіх наступстваў граху для вернікаў трэба падкрэсліць уласцівую натуру пакаяння, якая адкідае грэх як абразу Бога. Нельга абмінуць і ролю Касцёла ў справе пакаяння і асабліва вылучыць неабходнасць малітвы за грэшнікаў.

110. Велікапоснае пакаянне павінна быць не толькі ўнутраным і індывідуальным, але таксама знешнім і супольным. Улады, згаданыя ў арт. 22, павінны падтрымліваць і рэкамендаваць практыкі пакаяння, дастасаваныя да магчымасцяў нашай эпохі і розных рэгіёнаў, а таксама да жыццёвых умоў вернікаў.

Аднак няхай застанецца непарушным пасхальны пост, які трэба ўсюды захоўваць у Вялікую пятніцу Мукі і Смерці Пана і па магчымасці пашырыць яго на Вялікую суботу, каб дзякуючы гэтаму з узнёслай і адкрытай душой дасягнуць радасці нядзелі Уваскрасення.

111. Згодна з традыцыяй, Касцёл ушаноўвае святых, а таксама іх аўтэнтычныя рэліквіі і выявы. Урачыстасці святых абвяшчаюць цуды Хрыста ў Яго слугах, а вернікам даюць вартыя пераймання прыклады.

Каб урачыстасці святых не засланялі святаў, зместам якіх з’яўляюцца таямніцы збаўлення, трэба пакінуць многія гэтыя ўрачыстасці мясцовым Касцёлам, народам ці манаскім сем’ям, а на ўвесь Касцёл пашыраць толькі тыя, якія згадваюць святых сапраўды паўсюднага значэння.

РАЗДЗЕЛ VI
САКРАЛЬНАЯ МУЗЫКА

112. Музычная традыцыя ўсяго Касцёла як бясцэнны скарб узвышаецца над іншымі відамі мастацтва найперш дзякуючы таму, што сакральны спеў, злучаны са словамі, з’яўляецца неад’емнай часткай урачыстай Літургіі.

Сапраўды, сакральныя спевы ўзносіла як Святое Пісанне42 , так і святыя айцы і Рымскія Пантыфікі, якія ў наш час, пачынаючы ад св. Пія Х, вельмі выразна акрэслівалі службовую функцыю музыкі ў сакральным служэнні.

Таму сакральная музыка будзе тым больш святой, чым цясней будзе звязана з літургічным дзеяннем, ці мілагучней выражаючы малітву, ці спрыяючы аднадумству, ці надаючы святым абрадам большую ўрачыстасць. Касцёл жа прызнае ўсе формы сапраўднага мастацтва і дапускае іх да Божага культу, калі толькі яны надзелены адпаведнымі якасцямі.

Такім чынам Святы Сабор, захоўваючы прынцыпы і прадпісанні касцёльнай традыцыі і дысцыпліны, а таксама прымаючы пад увагу мэту сакральнай музыкі, якая заключаецца ў праслаўленні Бога і асвячэнні вернікаў, пастанаўляе наступнае.

113. Літургічнае дзеянне атрымлівае больш годную форму, калі Божае служэнне адбываецца ўрачыста: са спевам, з удзелам асісты і з актыўным удзелам народу.

Што датычыць мовы, трэба захаваць прадпісанні арт. 36; што датычыць св. Імшы — арт. 54; што датычыць сакрамэнтаў — арт. 63; што датычыць Божага Афіцыя — арт. 101.

114. З найвялікшым клопатам трэба захоўваць і аберагаць скарбніцу сакральнай музыкі. Трэба старанна падтрымліваць гурты спевакоў, асабліва пры катэдральных касцёлах; а біскупы і іншыя пастыры павінны рупліва клапаціцца, каб у любым спяваным літургічным дзеянні ўсе вернікі маглі актыўна ўдзельнічаць уласцівым ім чынам, згодна з нормай арт. 28 і 30.

115. Трэба надаваць вялікае значэнне тэарэтычнай і практычнай музычнай падрыхтоўцы ў семінарыях, навіцыятах, мужчынскіх і жаночых манаскіх установах, а таксама ў іншых каталіцкіх навучальных установах і школах. Каб даць такую адукацыю, трэба старанна рыхтаваць настаўнікаў для навучання сакральнай музыцы.

Больш за тое, рэкамендуецца ствараць вышэйшыя навучальныя ўстановы касцёльнай музыкі.

Музыканты, спевакі, перадусім хлопцы, павінны таксама атрымаць сапраўдную музычную адукацыю.

116. Касцёл прызнае грыгарыянскі спеў за ўласцівы для рымскай Літургіі. Таму ў літургічных дзеяннях ён павінен займаць першае месца сярод іншых разнавіднасцяў спеву.

Не выключаныя з Божага служэння іншыя віды сакральнай музыкі, асабліва паліфонія, калі толькі яны адпавядаюць духу літургічнага дзеяння, згодна з арт. 30.

117. Трэба завяршыць выданне ўзорных кніг грыгарыянскага спеву, а нават падрыхтаваць больш крытычнае выданне кніг, апублікаваных ужо пасля рэформы св. Пія Х.

Рэкамендуецца таксама падрыхтаваць выданне, якое б змяшчала лягчэйшыя мелодыі для ўжытку ў меншых касцёлах.

118. Трэба старанна апякаць народны сакральны спеў, каб галасы вернікаў маглі гучаць падчас набажэнстваў і нават падчас літургічных дзеянняў згодна з прынцыпамі і прадпісаннямі рубрык.

119. Паколькі ў некаторых рэгіёнах, асабліва на місіях, жывуць народы, для рэлігійнага і грамадскага жыцця якіх вялікае значэнне мае іх уласная музычная традыцыя, то трэба ставіцца да гэтай музыкі з пашанай і адвесці ёй адпаведнае месца ў фарміраванні рэлігійнага пачуцця гэтых народаў, а таксама ў дастасаванні культу да іх характару, згодна з арт. 39 і 40.

Таму ў музычнай адукацыі місіянераў трэба старанна клапаціцца аб тым, каб па магчымасці яны былі здольныя падтрымаць традыцыйную музыку гэтых народаў як у школах, так і ў сакральных дзеяннях.

120. У Лацінскім Касцёле трэба мець у вялікай пашане трубныя арганы як традыцыйны музычны інструмент, гучанне якога надае велічнасць касцёльным цырымоніям і ўзносіць розумы вернікаў да Бога і нябесных спраў.

Іншыя ж інструменты можна дапусціць да Божага культу па рашэнні і са згоды кампетэнтнай тэрытарыяльнай улады, паводле нормы арт. 22 § 2, 37 і 40, калі яны прыдатныя ці могуць быць дастасаваныя да сакральнага ўжытку, калі адпавядаюць годнасці святыні і сапраўды спрыяюць духоўнаму ўзрастанню вернікаў.

121. Музыканты, напоўненыя хрысціянскім духам, павінны адчуваць, што яны пакліканы да культывавання сакральнай музыкі і ўзбагачэння яе скарбу.

Няхай складаюць мелодыі, якія будуць мець рысы сапраўднай сакральнай музыкі, прыдатныя не толькі для вялікіх гуртоў спевакоў, але таксама для меншых, і будуць спрыяць актыўнаму ўдзелу ўсяго сходу вернікаў.

Прызначаныя для сакральнага спеву тэксты павінны адпавядаць каталіцкаму вучэнню. Чэрпаць іх трэба перадусім са Святога Пісання і літургічных крыніц.

РАЗДЗЕЛ VII
САКРАЛЬНАЕ МАСТАЦТВА І ЛІТУРГІЧНЫЯ ПРЫНАЛЕЖНАСЦІ

122. Да самых высакародных практык чалавечага таленту справядліва залічваецца выяўленчае мастацтва, асабліва рэлігійнае мастацтва і яго вяршыня — сакральнае мастацтва. Па сваёй сутнасці яно імкнецца пэўным чынам выявіць у чалавечай гісторыі бясконцую Божую красу. Яно тым больш прысвечана Богу і памнажэнню Яго культу і хвалы, чым больш скіроўваецца выключна на тое, каб сваімі справамі садзейнічаць пабожнаму вяртанню чалавечых душаў да Бога.

З гэтай прычыны жыццядайная Маці-Касцёл заўсёды быў прыхільны да выяўленчага мастацтва, пастаянна шукаў яго высакароднага служэння і выхоўваў мастакоў, каб звязаныя з культам прадметы як знакі і сімвалы звышпрыроднай рэчаіснасці былі годнымі, аздобнымі і прыгожымі. Касцёл справядліва заўсёды лічыў сябе суддзёй у справах мастацтва, ацэньваючы, якія з мастацкіх твораў згаджаюцца з верай, пабожнасцю і традыцыйнымі прынцыпамі і прыдаюцца да сакральнага ўжытку.

З асаблівай стараннасцю Касцёл клапаціўся аб тым, каб літургічныя прыналежнасці дастойна і прыгожа служылі красе культу, таму дапускаў такія змены ў матэрыяле, форме і аздобе, якія з цягам вякоў прыносіў тэхнічны прагрэс.

З гэтай прычыны Айцы Сабору вырашылі наступнае.

123. Касцёл ніколі не лічыў ніякі стыль сваім уласным, але ў залежнасці ад характару і ўмоваў народаў, а таксама патрэб розных абрадаў дапускаў мастацкія формы кожнай эпохі, утвараючы з цягам часу скарб мастацтва, які трэба дбайна захоўваць. Мастацтва нашай эпохі, а таксама ўсіх народаў і рэгіёнаў можа свабодна развівацца ў Касцёле, калі толькі дастойна і з належнай пашанай служыць святыням і сакральным абрадам, каб далучаць свой голас да таго цудоўнага гімна хвалы, якім найвялікшыя мастакі ў мінулыя стагоддзі праслаўлялі каталіцкую веру.

124. У развіцці і падтрымцы сапраўднага сакральнага мастацтва ардынарыі павінны хутчэй схіляцца да высакароднай красы, чым да раскошы. Гэта датычыць таксама літургічнага адзення і аздоб.

Біскупы павінны сачыць, каб у касцёлы і іншыя святыя месцы рашуча не дапускаліся творы мастакоў, якія супярэчаць веры, звычаям і хрысціянскай пабожнасці ці абражаюць сапраўднае рэлігійнае пачуццё неадпаведнасцю формы ці нізкім узроўнем, ардынарнасцю ці перайманнем.

Пры ўзвядзенні святынь трэба старанна клапаціцца аб тым, каб яны былі прыдатныя для літургічных дзеянняў з актыўным удзелам вернікаў.

125. Трэба захаваць звычай змяшчаць у касцёлах выявы святых для ўшанавання іх вернікамі, аднак ва ўмеранай колькасці і ў адпаведным парадку, каб яны не выклікалі здзіўлення хрысціянскага народу і не станавіліся прычынай менш правільнай пабожнасці.

126. Пры ацэнцы мастацкіх твораў мясцовыя ардынарыі павінны прыслухоўвацца да меркавання дыяцэзіяльнай Камісіі сакральнага мастацтва, а пры неабходнасці — іншых выдатных знаўцаў, як таксама Камісіі, згаданай у арт. 44, 45, 46.

Ардынарыі павінны старанна сачыць за тым, каб літургічныя прыналежнасці ці каштоўныя мастацкія творы, якія ўпрыгожваюць Божы дом, не знішчаліся і не прадаваліся.

127. Няхай біскупы асабіста ці праз пасрэдніцтва адпаведных святароў, якія разбіраюцца ў мастацтве і любяць яго, апякуюцца мастакамі, каб напаўняць іх духам сакральнага мастацтва і святой Літургіі.

Больш за тое, з мэтай адукацыі мастакоў рэкамендуецца ствараць школы ці акадэміі сакральнага мастацтва ў тых рэгіёнах, дзе гэта здасца неабходным.

Таму ўсе мастакі, якія кіруюцца сваім творчым натхненнем і хочуць служыць Божай хвале ў святым Касцёле, павінны заўсёды памятаць, што тут ідзе гаворка пра пэўны від сакральнага наследавання Бога Стварыцеля і пра творы, прызначаныя для каталіцкага культу, для настаўлення, пабожнасці і павучэння вернікаў.

128. Разам з літургічнымі кнігамі трэба, згодна з арт. 25, як мага хутчэй перагледзець касцёльныя каноны і статуты, якія датычаць матэрыяльных спраў, звязаных з культам, у прыватнасці, годнага і адпаведнага ўзвядзення святыняў; формы і будаўніцтва алтароў; годнага размяшчэння і надзейнага забеспячэння табэрнакулюма; адпаведнага выгляду і зручнасці баптыстэрыя, а таксама ўмеркаванай колькасці выяваў святых, упрыгожанняў і аздоб. Прадпісанні, якія здаюцца менш адпаведнымі адноўленай Літургіі, павінны быць выпраўленыя ці скасаваныя, а тыя, якія ёй спрыяюць, трэба захаваць ці ўвесці.

У гэтай справе, асабліва што датычыць матэрыялу і формы сакральных прыналежнасцяў і адзення, тэрытарыяльныя Канферэнцыі Біскупаў маюць права дастасоўваць іх да мясцовых патрэб і звычаяў, паводле прынцыпаў арт. 22 дадзенай Канстытуцыі.

129. Падчас філасофскага і тэалагічнага навучання семінарысты павінны вывучаць таксама гісторыю сакральнага мастацтва і яго развіццё, здаровыя прынцыпы, на якіх павінны грунтавацца творы сакральнага мастацтва, каб цаніць і захоўваць вартыя пашаны здабыткі Касцёла, даваць адпаведныя парады мастакам падчас выканання імі мастацкіх твораў.

130. Трэба, каб нашэнне адзнак біскупскай годнасці захоўвалася за тымі духоўнымі, якія маюць біскупскае пасвячэнне ці нейкую асаблівую юрысдыкцыю.

ДАДАТАК
ДЭКЛАРАЦЫЯ ДРУГОГА ВАТЫКАНСКАГА СВЯТОГА СУСВЕТНАГА САБОРУ
АДНОСНА РЭФОРМЫ КАЛЕНДАРА

Другі Ватыканскі Святы Сусветны Сабор, надаючы вялікае значэнне шматлікім выказаным пажаданням святкаваць урачыстасць Пасхі ў вызначаны нядзельны дзень і ўстанавіць нязменны каляндар, уважліва паразважаўшы над усімі наступствамі, якія можа выклікаць увядзенне новага календара, заяўляе наступнае.

1. Святы Сабор не супраць таго, каб урачыстасць Пасхі адзначалася ў вызначаную нядзелю паводле грыгарыянскага календара, калі з гэтым згодзяцца ўсе зацікаўленыя, асабліва браты, адлучаныя ад супольнасці з Апостальскай Сталіцай.

2. Таксама Святы Сабор заяўляе, што не пярэчыць праектам увядзення ў грамадзянскую супольнасць сталага календара.

Касцёл не пярэчыць толькі тым разнастайным сістэмам, прапанаваным для ўстанаўлення сталага календара і ўвядзення яго ў грамадзянскую супольнасць, якія захоўваюць і забяспечваюць сямідзённы тыдзень з нядзеляй, не ўстаўляючы ніякіх дзён па-за тыднем, каб паслядоўнасць тыдняў засталася непарушнай, хіба толькі з’явяцца вельмі сур’ёзныя прычыны супраць, якія ацэніць Апостальская Сталіца.

Усё, што абвешчана ў гэтай Канстытуцыі — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.

Рым, у св. Пятра, 4 снежня 1963г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)

План літургічнай рэформы, першы з разгледжаных Саборам дакументаў, абвяшчае падставы літургічнага аднаўлення, трымаючыся біблійных і пастырскіх тэм. Тэкст падкрэслівае вечнае значэнне Літургіі і дадае да яе некаторыя новыя характарыстыкі: супольнасны дух літургічных дзеянняў, ролю мясцовых супольнасцяў і Касцёлаў, законную разнастайнасць літургічных форм у адпаведнасці з рознымі традыцыямі і культурамі, прастату абрадаў.

Тэкст грунтоўна разглядаўся на Саборы. Дыскусіі прывялі да канчатковага варыянта гэтага дакумента, які змяніў літургічную практыку Заходняга Касцёла і значна паўплываў на эклезіяльнае жыццё. У ім пацвярджаецца цэнтральнае месца літургічнага дзеяння ў жыцці Касцёла, рэкамендуецца паглыбленне літургічных ведаў, Святога Пісання, літургічных сімвалаў, актыўны ўдзел вернікаў у Літургіі і прапаноўваюцца некаторыя новыя аспекты: канцэлебрацыя, Камунія пад дзвюма постацямі, выкарыстанне нацыянальных моў у літургічных цэлебрацыях.

Дакумент быў прыняты на другой сесіі Сабору, 4 снежня 1963 года. Розныя ўказанні, падрыхтаваныя Радай па літургічнай рэформе і Кангрэгацыяй Божага Культу, усебакова аднавілі Літургію.
q
  1. Missale romanum, oratio super oblata dominicae IX post Pentecosten.
  2. Пар. Гбр 13, 14.
  3. Пар. Эф 2, 21-22.
  4. Пар. Эф 4, 13.
  5. Пар. Іс 11, 12.
  6. Пар. Ян 11, 52.
  7. Пар. Ян 10, 16.
  8. S. IGNATIUS ANTIOCHENUS, Ad Eph., 7, 2: ed. F. X. FUNK, Patres Apostolici, I, Tubingae 1901, p. 218.
  9. Пар. 1 Цім 2, 5.
  10. Пар. Іс 61, 1; Лк 4, 18.
  11. Sacramentarium Veronense (Leonianum): ed. C. MOHLBERG, Romae 1956, n. 1265, p. 162.
  12. Missale romanum, Praefatio paschalis.
  13. Пар. S. AUGUSTINUS, Enarr. in Ps. CXXXVIII, 2: Corpus Christianorum, XL, Turnholti 1956, p. 1991 et oratio post secundam lectionem Sabbati sancti, in Missali Romano, ante instaurationem Hebdomadae sanctae.
  14. Пар. 16, 15.
  15. Пар. Дз 26, 18.
  16. Пар. Рым 6, 4; Эф 2, 6; Клс 3, 1; 2 Цім 2, 11.
  17. Пар. Ян 4, 23.
  18. Пар. 1 Кар 11, 26.
  19. CONC. TRID., Sess. XIII, 11 oct. 1551, Decr. De ss. Eucharist., c. 5: CONCILIUM TRIDENTINUM, Diariorum, Actorum, Epistolarum, Tractatuum nova collectio, ed. Soc. Goerresianae, t. VII. Actorum pars IV, Friburgi Brisgoviae 1961, p. 202.
  20. CONC. TRID., Sess. XXII, 17 sept. 1562, Doctr. De ss. Missae sacrif., c. 2: CONCILIUM TRIDENTINUM, ed. cit., t. VIII. Actorum pars V, Friburgi Brisgoviae 1919, p. 960.
  21. Пар. S. AUGUSTINUS, In Ioannis Evangelium Tractatus VI, cap. I, n. 7: PL 35, 1428.
  22. Пар. Ап 21, 2; Клс 3, 1; Гбр 8, 2.
  23. Пар. Флп 3, 20; Клс 3, 4.
  24. Пар. Ян 17, 3; Лк 24, 47; Дз 2, 38.
  25. Пар. Мц 28, 20.
  26. Missale romanum, postcommunio Vigiliae paschalis et dominicae Resurrectionis.
  27. Missale romanum, oratio Missae feriae III infra octavam Paschae.
  28. Пар. 2 Кар 6, 1.
  29. Пар. Мц 6, 6.
  30. Пар. 1 Тэс 5, 17.
  31. Пар. 2 Кар 4, 10-11.
  32. Missale romanum, oratio super oblata feriae II infra octavam Paschae.
  33. S. CYPRIANUS, De cath. eccl. unitate, 7: ed. G. HARTEL, in CSEL, t. III, 1, Vindobonae 1868, pp. 215-16. Пар. Ep. 66, n. 8, 3: ed. cit., t. III, 2, Vindobonae 1871, pp. 732-33.
  34. Пар. CONC. TRID., Sess. XXII, 17 sept. 1562, Doctr. De ss. Missae sacrif., c. 8: CONCILIUM TRIDENTINUM, ed. cit., t. VIII, p. 961.
  35. Пар. S. IGNATIUS ANTIOCHENUS, Ad Magn. 7; Ad Philad. 4; Ad Smyrn. 8: ed. F. X. FUNK, cit., I, pp. 236, 266, 281.
  36. Пар. S. AUGUSTINUS, In Ioannis Evangelium Tractatus XXVI, cap. VI, n. 13: PL 35, 1613.
  37. Breviarium romanum, In festo Sanctissimi Corporis Christi, ad II Vesperas, antiphona ad Magnificat.
  38. Пар. S. CYRILLUS ALEX., Commentarium in Ioannis Evangelium, lib. XI, capp. XI-XII: PG 74, 557-565, praesertim 564-565.
  39. Пар. 1 Цім 2, 1-2.
  40. Sess. XXI, Doctrina de Communione sub utraque specie et parvulorum, capp. 1-3, cann. 1-3: CONCILIUM TRIDENTINUM, ed. cit., t. VIII, pp. 698-699.
  41. CONC. TRID., Sess. XXIV, Decr. De reformatione, cap. 1: CONCILIUM TRIDENTINUM, ed. cit., t. IX. Actorum pars VI, Friburgi Brisgoviae 1924, p. 969. Пар. Rituale romanum, tit. VIII, c. II, n. 6.
  42. Пар. Эф 5, 19; Клс 3, 16.
* Заўвага рэд. Канверсы (лац. fratres conversi) — у мінулым так называліся члены манаскіх супольнасцяў, якія займаліся пераважна фізічнай працай, рамяством, гаспадаркай і г.д.
 

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКРЭТ
ПРА ЭКУМЕНІЗМ
«UNITATIS REDINTEGRATIO»

УСТУП
РАЗДЗЕЛ I - КАТАЛІЦКІЯ ПРЫНЦЫПЫ ЭКУМЕНІЗМУ
РАЗДЗЕЛ II - АЖЫЦЦЯЎЛЕННЕ ЭКУМЕНІЗМУ
РАЗДЗЕЛ III - КАСЦЁЛЫ I КАСЦЁЛЬНЫЯ СУПОЛЬНАСЦІ, АДЛУЧАНЫЯ АД РЫМСКАЙ АПОСТАЛЬСКАЙ СТАЛІЦЫ


УСТУП

1. Садзейнічанне аднаўленню еднасці ўсіх хрысціянаў з’яўляецца адной з асноўных мэтаў Другога Ватыканскага Сусветнага Святога Сабору. Бо Хрыстус Пан заснаваў адзін і адзіны Касцёл, хоць многія хрысціянскія Супольнасці прадстаўляюцца перад людзьмі сапраўднымі спадкаемцамі Езуса Хрыста. Усе яны вызнаюць сябе вучнямі Пана, аднак маюць розныя перакананні i ідуць рознымі шляхамі, быццам сам Хрыстус быў падзелены1. Адсутнасць еднасці выразна супярэчыць волі Хрыста, з’яўляецца спакусай для свету і пры гэтым прычыняе шкоду найсвяцейшай справе абвяшчэння Евангелля ўсялякаму стварэнню.

Пан сусвету, які мудра і цярпліва выконвае тое, што нам, грэшнікам, ласкава абяцаў, у апошні час усё больш абуджае скруху ў адлучаных хрысціянаў і напаўняе іх жаданнем адзінства. Гэтая ласка ўзрушвае многіх людзей ва ўсім свеце. Таксама пад натхненнем ласкі Духа Святога сярод нашых адлучаных братоў узнік i з кожным днём штораз больш распаўсюджваецца рух аднаўлення еднасці ўсіх хрысціянаў. У гэтым руху да еднасці, які называецца экуменічным, удзельнічаюць тыя, хто заклікае Адзінага ў Тройцы Бога, a Езуса вызнае Панам i Збаўцам, пры гэтым не толькі паасобку, але ў складзе супольнасцяў, у якіх яны пачулі Евангелле i якія кожны з іх называе сваім i Божым Касцёлам. Аднак амаль усе яны, хоць і па-рознаму, імкнуцца да адзінага i бачнага Божага Касцёла, які быў бы сапраўды паўсюдным, пасланым да ўсяго свету, каб свет звярнуўся да Евангелля i праз гэта атрымаў збаўленне дзеля Божай хвалы.

Святы Сабор з радасцю разважае пра ўсё гэта пасля абвяшчэння вучэння пра Касцёл. Таму, заахвочаны жаданнем аднавіць еднасць усіх вучняў Хрыста, мае намер прапанаваць усім католікам сродкі, шляхі і спосабы, якія могуць дапамагчы ім адказаць на гэты Божы заклік і ласку.

РАЗДЗЕЛ I
КАТАЛІЦКІЯ ПРЫНЦЫПЫ ЭКУМЕНІЗМУ

2. У тым выявілася любоў Божая да нас, што Бог Айцец паслаў у свет Сына свайго адзінароднага, каб Ён, стаўшыся чалавекам, адрадзіў праз адкупленне ўсё чалавецтва i сабраў яго ў адно2 . Перад тым, як ахвяраваць самога сябе на алтары крыжа як беззаганную ахвяру, Ён маліўся да Айца за даручаных Яму, кажучы: «Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне» (Ян 17, 21), a ў сваім Касцёле ўстанавіў цудоўны сакрамэнт Эўхарыстыі, які азначае i будуе еднасць Касцёла. Сваім вучням Ён даў новую запаведзь узаемнай любові3 i паабяцаў Духа Суцяшыцеля4, каб быў з імі заўсёды як Пан i жыватворца.

Пан Езус, укрыжаваны i праслаўлены, выліў абяцанага Духа, праз якога Ён паклікаў і сабраў народ Новага Запавету, г.зн. Касцёл, у еднасці веры, надзеі i любові, як навучае Апостал: «Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін Пан, адна вера, адзін хрост» (Эф 4, 4-5). «Усе вы сыны Божыя праз веру ў Езуса Хрыста. Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся... усе вы адно ў Хрысце Езусе» (Гал 3, 27-28). Дух Святы, які жыве ў веруючых, напаўняе ўвесь Касцёл і кіруе ім, будуе гэтую цудоўную супольнасць вернікаў i так глыбока ўсіх яднае ў Хрысце, што з’яўляецца пачаткам еднасці Касцёла. Ён спасылае шматлікія ласкі i ўстанаўлівае паслугі5, адорваючы Касцёл Езуса Хрыста разнастайнымі дарамі «дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага цела» (Эф 4, 12).

Таму для ўмацавання свайго святога Касцёла ва ўсім свеце аж да канца вякоў Хрыстус усклаў на Калегію Дванаццаці абавязак навучання, кіравання i асвячэння6. Сярод іх выбраў Пятра, а пасля яго вызнання веры пастанавіў пабудаваць на ім свой Касцёл і паабяцаў яму ключы Нябеснага Валадарства7. Пасля таго, як Пётр пацвердзіў сваю любоў да Яго, Хрыстус даручыў яму ўмацоўваць усіх авечак у веры8 i пасвіць іх у дасканалай еднасці9. Пры гэтым сам Езус Хрыстус назаўсёды застаецца вуглавым каменем10 i Пастырам нашых душ11.

Езус Хрыстус жадае, каб праз вернае абвяшчэнне Евангелля і ўдзяленне сакрамэнтаў, праз поўнае любові кіраўніцтва, здзяйсняемае Апосталамі і іх наступнікамі, г.зн. біскупамі на чале з намеснікам Пятра, а таксама праз заступніцтва Духа Святога памнажаўся Яго народ і ўдасканальвалася яго еднасць (communio) у адзінстве: у вызнанні адной веры, у супольным здзяйсненні Божага культу і ў братняй згодзе Божай сям’і.

Такім чынам Касцёл, адзіны Божы статак, як знак, узняты сярод народаў12, абвяшчаючы Евангелле спакою ўсяму чалавечаму роду13, пілігрымуе ў надзеі да сваёй мэты — вышняй айчыны14.

У гэтым заключаецца святая таямніца еднасці Касцёла, у Хрысце i праз Хрыста, дзе Дух Святы ўдзяляе разнастайныя паслугі. Найбольшым прыкладам i пачаткам гэтай таямніцы ёсць Трыадзінства Асоб адзінага Бога Айца i Сына ў Духу Святым.

3. У гэтым адным і адзіным Божым Касцёле ўжо з самага пачатку ўзніклі пэўныя падзелы15, якія Апостал сурова дакарае як вартыя асуджэння16. У наступных стагоддзях паўсталі яшчэ большыя спрэчкі, і значная колькасць Супольнасцяў адышла ад поўнай еднасці (communio) з каталіцкім Касцёлам, часта не без віны людзей з аднаго і другога боку. Аднак тых, хто сёння нараджаецца ў такіх Супольнасцях i напаўняецца верай у Хрыста, нельга вінаваціць у граху адлучэння. Каталіцкі Касцёл прымае іх з братняй пашанай i любоўю. Тыя, хто верыць у Хрыста i атрымаў сапраўдны хрост, застаюцца, хоць і ў няпоўнай, еднасці (communio) з каталіцкім Касцёлам. Канешне, з прычыны розных разыходжанняў з каталіцкім Касцёлам па пытаннях веравучэння, a часам і дысцыпліны ці структуры Касцёла, поўная эклезіяльная еднасць (communio) сустракае нямала перашкодаў, часта вельмі сур’ёзных, якія імкнецца перамагчы менавіта экуменічны рух. Нягледзячы на гэта, апраўданыя паводле веры праз хрост, яны належаць Хрысту17, таму слушна называюць сябе хрысціянамі, a дзеці каталіцкага Касцёла справядліва лічаць іх братамі ў Пану18.

Больш за тое, некаторыя з тых элементаў ці дабротаў, сукупнасцю якіх будуецца і ажыўляецца сам Касцёл, пры гэтым многія з іх вельмі каштоўныя, могуць існаваць па-за бачнымі межамі каталіцкага Касцёла: напісанае Божае слова, жыццё ў ласцы, вера, надзея, любоў, а таксама іншыя ўнутраныя дары Духа Святога і бачныя элементы. Усё, што паходзіць ад Хрыста i вядзе да Яго, справядліва належыць адзінаму Хрыстоваму Касцёлу.

Нашыя адлучаныя браты здзяйсняюць многія хрысціянскія рэлігійныя дзеянні, якія, у залежнасці ад розных умоў кожнага Касцёла або Супольнасці, могуць, несумненна, розным чынам сапраўды абудзіць жыццё ласкі. Трэба прызнаць, што яны здольны адкрыць доступ да збавеннага з’яднання. Хоць, як мы перакананыя, самі гэтыя Касцёлы19 і адлучаныя Супольнасці маюць недахопы, аднак яны не пазбаўленыя значэння i вагі ў таямніцы збаўлення. Дух Хрыста не адмаўляецца карыстацца імі як сродкамі збаўлення, бо іх моц паходзіць з самой паўнаты ласкі і праўды, даручанай каталіцкаму Касцёлу.

Нягледзячы на гэта, адлучаныя ад нас браты паасобку або ў сваіх Касцёлах ці Супольнасцях не маюць той еднасці, якой Езус Хрыстус жадаў шчодра адарыць усіх, каго Ён адрадзіў i адарыў новым жыццём як адно цела, і пра якую сведчыць Святое Пісанне i годная Традыцыя Касцёла. Бо паўнату збаўчых сродкаў можна атрымаць толькі ў каталіцкім Хрыстовым Касцёле, які з’яўляецца паўсюднай прыладай збаўлення. Мы верым, што толькі апостальскай Калегіі, якую ўзначальвае Пётр, Пан даручыў усё багацце Новага Запавету з мэтаю стварыць адзінае Хрыстовае цела на зямлі, з якім павінны цалкам з’яднацца ўсе, хто нейкім чынам належыць да Божага народу. Сапраўды, гэты народ падчас сваёй зямной пілігрымкі, хоць і застаецца ў сваіх членах падвержаным граху, узрастае ў Хрысце, a Бог ласкава вядзе яго паводле сваіх таемных намераў аж да радаснага здабыцця ўсёй паўнаты вечнай хвалы ў Нябесным Ерузалеме.

4. Паколькі сёння ў многіх кутках свету пад натхненнем ласкі Духа Святога праз малітву, слова i дзейнасць робіцца столькі намаганняў, каб наблізіцца да той паўнаты еднасці, якой жадае Езус Хрыстус, гэты Святы Сабор заахвочвае ўсіх каталіцкіх вернікаў, распазнаючы знакі часу, старанна ўдзельнічаць у справе экуменізму.

Экуменічны рух — гэта дзейнасць і ініцыятывы, якія ўзнікаюць у залежнасці ад розных патрэб Касцёла i магчымасцяў дадзенай эпохі і імкнуцца садзейнічаць еднасці хрысціянаў. Да іх адносяцца: па-першае, усе намаганні выключыць розныя выказванні, меркаванні i справы, якія ў святле справядлівасці i праўды не адпавядаюць сапраўднаму стану адлучаных ад нас братоў, a таму ўскладняюць узаемаадносіны з імі; затым — дыялог, што вядзецца на сходах хрысціянаў з розных Касцёлаў ці Супольнасцяў, арганізаваных у рэлігійным духу, паміж кампетэнтнымі людзьмі, якія атрымалі адпаведныя настаўленні. Падчас гэтага дыялогу кожны глыбей прадстаўляе веравучэнне сваёй Супольнасці i выразна падае яго характэрныя рысы. Праз гэты дыялог усе атрымліваюць больш правільнае пазнанне i больш справядлівую ацэнку дактрын і жыцця кожнай Супольнасці. Так гэтыя Супольнасці дасягаюць больш поўнага супрацоўніцтва ва ўсіх справах, якія садзейнічаюць агульнаму дабру і якіх патрабуе кожнае хрысціянскае сумленне, i яднаюцца, наколькі гэта магчыма, у адзінадушнай малітве. Урэшце, усе аналізуюць сваю вернасць волі Хрыста адносна Касцёла i з належнай рашучасцю бяруцца за справу адновы i рэформы.

Калі вернікі каталіцкага Касцёла робяць усё гэта разважліва i цярпліва пад наглядам сваіх пастыраў, то гэта садзейнічае ўмацаванню справядлівасці i праўды, згоды і супрацоўніцтва, братэрскай любові i еднасці. Ідучы гэтым шляхам і паволі пераадольваючы перашкоды да дасканалай эклезіяльнай еднасці (communio), усе хрысціяне збяруцца ў адной цэлебрацыі Эўхарыстыі ў еднасці аднаго і адзінага Касцёла, якую Хрыстус ад пачатку даў свайму Касцёлу. Верым, што гэтая еднасць трывае неад’емна ў каталіцкім Касцёле, i спадзяемся, што з кожным днём яна будзе ўзрастаць аж да сканчэння веку. Зразумела, што справа падрыхтоўкі i прымірэння асобных людзей, якія жадаюць поўнай каталіцкай еднасці (communio), па сваёй сутнасці адрозніваецца ад экуменічных ініцыятыў. Аднак паміж імі няма ніякай супярэчнасці, бо адно і другое залежыць ад найцудоўнейшых Божых намераў. Несумненна, вернікі каталіцкага Касцёла ў экуменічнай дзейнасці павінны клапаціцца пра адлучаных братоў, маліцца за іх, размаўляць з імі пра справы Касцёла i першымі выходзіць ім насустрач. Але найперш яны самі павінны шчыра і ўважліва паразважаць над тым, што трэба аднавіць і зрабіць у самой каталіцкай Сям’і, каб яе жыццё больш верна i выразна сведчыла пра веравучэнне і ўстанаўленні, якія Хрыстус перадаў праз Апосталаў.

Нягледзячы на тое, што Бог адарыў каталіцкі Касцёл усёй праўдай Аб’яўлення i ўсімі сродкамі ласкі, яго члены не карыстаюцца імі ў сваім жыцці з належнай стараннасцю. Таму вобраз Касцёла не так ярка свеціць адлучаным ад нас братам і ўсяму свету, a ўзрастанне Божага Валадарства спазняецца. Таму ўсе католікі павінны імкнуцца да хрысціянскай даскналасці20. Кожны паводле сваіх сілаў няхай рупіцца, каб Касцёл, носячы ў сваім целе прыніжэне і кананне Езуса21, ачышчаўся з дня ў дзень і аднаўляўся, пакуль не стане для Хрыста поўным хвалы, без заганы i без хібы22.

Трымаючыся еднасці ў неабходным, няхай усе захаваюць у Касцёле належную свабоду адносна даручаных ім паслуг у разнастайных формах духоўнага жыцця і дысцыпліны, а таксама ў розных літургічных абрадах і нават у тэалагічным апрацаванні праўды Аб’яўлення; ва ўсім няхай захоўваюць любоў. Так паступаючы, з кожным днём будуць штораз паўней выяўляць каталіцкасць, a таксама апостальскі характар Касцёла.

З другога боку католікі павінны з радасцю прызнаць i цаніць сапраўды хрысціянскія даброты, якія паходзяць з агульнай спадчыны і якія маюць адлучаныя ад нас браты. Слушнай i збавеннай рэччу з’яўляецца прызнанне Хрыстовага багацця i яго дзеяння ў жыцці іншых, хто дае сведчанне аб Хрысце, часам нават праз праліццё сваёй крыві. Бог заўсёды цудоўны і варты захаплення ў сваіх справах.

Нельга таксама забываць пра тое, што ўсё здзяйсняемае ласкай Духа Святога ў адлучаных ад нас братах можа таксама быць карысным для нас. Усё, што праўдзіва хрысціянскае, ніколі не супярэчыць сапраўдным дабротам веры: наадварот, заўсёды можа садзейнічаць больш дасканаламу пазнанню таямніцы Хрыста i Касцёла.

Аднак падзел паміж хрысціянамі з’яўляецца для Касцёла перашкодай на шляху да рэалізацыі ўласцівай яму поўні каталіцкасці ў тых яго дзецях, якія праз хрост да яго належаць, але адлучыліся ад поўнай еднасці (communio) з ім. Акрамя гэтага, нават самаму Касцёлу ён перашкаджае выявіць у сваім жыцці паўнату каталіцкасці ва ўсёй шматграннасці. Гэты Святы Сабор з радасцю заўважае, што з кожным днём узрастае ўдзел каталіцкіх вернікаў у экуменічным руху, i раіць біскупам ва ўсім свеце адпаведна яго падтрымліваць i разважліва ім кіраваць.

РАЗДЗЕЛ II
АЖЫЦЦЯЎЛЕННЕ ЭКУМЕНІЗМУ

5. Пра аднаўленне еднасці павінен клапаціцца ўвесь Касцёл, як вернікі, так і іх пастыры, і кожны паводле ўласных сілаў, ці то ў штодзённым хрысціянскім жыцці, ці то ў тэалагічных і гістарычных даследаваннях. Гэтае імкненне выяўляе ўжо ў нейкай ступені існуючую паміж хрысціянамі братнюю лучнасць i вядзе паводле Божай ласкавасці да поўнай i дасканалай еднасці.

6. Паколькі кожнае аднаўленне Касцёла23 па сваёй сутнасці грунтуецца на ўзрастанні вернасці свайму пакліканню, то ў гэтым несумненна і заключаецца прычына яго імкнення да еднасці. Хрыстус заклікае пілігрымуючы Касцёл да няспыннай рэформы, якой ён, як зямны i чалавечы інстытут, надалей патрабуе. Гэта значыць, што трэба своечасова аднавіць дакладным i адпаведным чынам тое, што не вельмі старанна ў пэўных акалічнасцях i часе захоўвалася ў галіне звычаяў, касцёльнага заканадаўства, ці спосабу выражэння дактрыны, які трэба выразна адрозніваць ад самога дэпазіту веры.

Таму гэтае аднаўленне мае асаблівае экуменічнае значэнне. А разнастайныя праявы жыцця Касцёла, напр., біблійны і літургічны рух, абвяшчэнне Божага слова і катэхізацыя, апостальства свецкіх, новыя формы манаскага жыцця, духоўнасць сужэнства, сацыяльнае вучэнне Касцёла і яго дзейнасць, дзякуючы якім гэтае аднаўленне ўжо адбываецца, трэба лічыць задаткам i ў пэўным сэнсе дабратворным прадвесцем паспяховага развіцця экуменізму ў будучым.

7. Няма сапраўднага экуменізму без унутранай перамены. Бо з абнаўлення розуму24, з самавырачэння i са шчодрага праліцця любові нараджаецца i сталее жаданне еднасці. Таму мы павінны выпрошваць у Духа Святога ласку шчырай адданасці, пакоры i лагоднасці ў служэнні, а таксама дух братняй велікадушнасці да іншых. «Малю вас я, — кажа Апостал народаў, — вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духу ў саюзе спакою» (Эф 4, 1-3). Гэты заклік датычыць галоўным чынам тых, хто атрымаў сакрамэнт пасвячэння, каб працягваць місію Хрыста, які «прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць» (Mц 20, 28).

Што да парушэнняў супраць еднасці, то пра гэта сведчыць св. Ян: «Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас слова Ягонага» (1 Ян 1, 10). Таму ў пакорнай малітве мы просім у Бога i ў адлучаных ад нас братоў аб прабачэнні, як i мы прабачаем вінаватым нашым.

Няхай усе вызнаўцы Хрыста памятаюць, што яны тым больш будуць садзейнічаць справе еднасці хрысціянаў, а нават ажыццяўляць яе, чым больш будуць імкнуцца весці беззаганнае жыццё ў духу Евангелля. Наколькі цеснай будзе сувязь з Айцом, Словам і Духам, настолькі лягчэй ім будзе паглыбіць і пабудаваць узаемныя братэрскія адносіны.

8. Гэтае навяртанне сэрца i святасць жыцця разам з публічнымі і прыватнымі малітвамі аб еднасці хрысціянаў трэба прызнаць душой усяго экуменічнага руху. Іх справядліва можна назваць духоўным экуменізмам.

Католікі маюць урачысты звычай часта збірацца на гэтую малітву аб еднасці Касцёла, якую сам Збаўца напярэдадні сваёй смерці горача ўзносіў да свайго Айца: «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21).

У некаторых асаблівых выпадках, такіх як малітвы «аб еднасці», а таксама на экуменічных сходах дапушчальна, a нават пажадана, каб католікі збіраліся разам з адлучанымі братамі на малітве. Такія супольныя малітвы несумненна з’яўляюцца плённым сродкам выпрошвання ласкаў еднасці i своеасаблівым знакам тых сувязяў, якія дагэтуль яднаюць католікаў з адлучанымі братамі: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Mц 18, 20).

Аднак нельга лічыць сумесны ўдзел у сакральных дзеяннях (communicatio in sacris) сродкам, які без разважлівасці трэба выкарыстоўваць для вяртання еднасці хрысціянаў. Гэты cумесны ўдзел асабліва залежыць ад двух прынцыпаў: ад сведчання еднасці Касцёла i ад удзелу ў сродках ласкі. Сведчанне еднасці звычайна забараняе выкарыстоўваць такія зносіны. Для атрымання ласкі яны часам патрэбны. Што датычыць канкрэтнага спосабу дзеянняў, то з улікам усялякіх акалічнасцяў часу, месца i асоб няхай яго разважліва вызначае мясцовая біскупская ўлада, калі Канферэнцыя Біскупаў на падставе свайго статуту або Апостальская Сталіца не прымуць іншага рашэння.

9. Трэба пазнаёміцца з духам адлучаных братоў. Для гэтага неабходна вывучэнне, якое трэба весці згодна з праўдай i добразычліва. Адпаведна падрыхтаваныя католікі павінны больш грунтоўна знаёміцца з дактрынай i гісторыяй, духоўным і культурным жыццём, рэлігійнай псіхалогіяй і культурай сваіх братоў. Дасягнуць гэтага вельмі дапамагаюць сходы з удзелам абодвух бакоў для абмеркавання ў асноўным тэалагічных пытанняў, дзе кожны выступаў бы як роўны сярод роўных, пры ўмове, што тыя, хто ў іх удзельнічае пад наглядам кіраўнікоў, сапраўды з’яўляюцца спецыялістамі. Праз такі дыялог выразна выявіцца праўдзівы стан каталіцкага Касцёла. На гэтым шляху можна лепш пазнаць погляды адлучаных ад нас братоў i больш дакладна прадставіць ім нашую веру.

10. Настаўленні святой тэалогіі і іншыя дысцыпліны, асабліва гістарычныя, павінны выкладацца таксама ў экуменічным аспекце, каб яны штораз дакладней адпавядалі фактычнаму стану рэчаў.

Вельмі важна, каб будучыя пастыры i святары ведалі тэалогію, апрацаваную такім чынам, a не ў святле палемікі, асабліва ў справах, якія датычаць адносінаў адлучаных братоў з каталіцкім Касцёлам.

Ад фармацыі святароў залежыць у першую чаргу неабходнае духоўнае выхаванне i адукацыя вернікаў і кансэкраваных асоб.

Таксама католікі, якія займаюцца місійнай працай на тых самых тэрыторыях, што і іншыя хрысціяне, асабліва сёння, павінны пазнаёміцца з тымі пытаннямі, якія экуменізм ставіць перад іх апостальскім служэннем, а таксама з яго вынікамі.

11. Спосаб прадстаўлення каталіцкай веры ніякім чынам не павінен стаць перашкодай у дыялогу з братамі. Усю паўнату дактрыны трэба прадставіць ясна. Нішто не з’яўляецца такім чужым для экуменізму як фальшывы ірэнізм, які прыносіць шкоду беззаганнасці каталіцкага веравучэння i зацямняе яго сапраўдны i дакладны сэнс.

Каталіцкую веру трэба раз’ясняць больш глыбока i верна, выкарыстоўваючы такі спосаб і такія словы, каб i адлучаныя ад нас браты маглі яе правільна разумець.

Больш за тое, у экуменічным дыялогу каталіцкія тэолагі, прытрымліваючыся веравучэння Касцёла і разам з адлучанымі ад нас братамі займаючыся вывучэннем Божых таямніц, павінны кіравацца любоўю да праўды, адзначацца добразычлівасцю і пакорай. Пры супастаўленні дактрын няхай памятаюць пра існаванне парадку ці «іерархіі» праўд каталіцкага веравучэння, паколькі іх сувязь з першаасновай хрысціянскай веры неаднолькавая. Такім чынам будзе пракладзены шлях, які дзякуючы братняму спаборніцтву павядзе ўсіх да больш глыбокага пазнання i да больш яснага выяўлення неспасцігальных Хрыстовых багаццяў25.

12. Перад абліччам усіх народаў няхай усе хрысціяне вызнаюць веру ў Адзінага ў Тройцы Бога, ва ўцелаўлёнага Божага Сына, нашага Пана і Адкупіцеля, і супольнымі намаганнямі, ва ўзаемапавазе няхай сведчаць пра нашую надзею, якая не падманвае. Паколькі сёння шырока распаўсюджваецца супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы, усе людзі без выключэння пакліканы да супольнай справы, асабліва тыя, хто верыць у Бога, найперш усе хрысціяне, бо яны пазначаны імем Хрыста. Супрацоўніцтва ўсіх хрысціянаў актыўна выяўляе повязь, якая ўжо ўзаемна лучыць іх, i ў больш поўным святле прадстаўляе аблічча Хрыста Слугі. Гэтае супрацоўніцтва, распачатае ўжо ў многіх краінах, павінна штораз больш удасканальвацца менавіта ў рэгіёнах, якія знаходзяцца на шляху сацыяльнага і тэхнічнага развіцця, праз захаванне годнасці чалавечай асобы, падтрыманне спакою, далейшае ажыццяўленне Евангелля ў грамадскім жыцці, праз развіццё навукі і мастацтва ў хрысціянскім духу, праз выкарыстанне ўсялякіх сродкаў для пераадолення няшчасцяў нашага часу, такіх як голад і стыхійныя бедствы, непісьменнасць i беднасць, недахоп жылля i несправядлівы падзел дабротаў. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву ўсе вернікі ў Хрысце з лёгкасцю змогуць навучыцца лепшаму ўзаемаразуменню i большай узаемапавазе, а таксама падрыхтуюць шлях да еднасці хрысціянаў.

РАЗДЗЕЛ III
КАСЦЁЛЫ I КАСЦЁЛЬНЫЯ СУПОЛЬНАСЦІ,
АДЛУЧАНЫЯ АД РЫМСКАЙ АПОСТАЛЬСКАЙ СТАЛІЦЫ

13. Мы звяртаем свой позірк на дзве асноўныя катэгорыі падзелаў, якія замахваюцца на бясшвовую туніку Хрыста.

Першыя падзелы мелі месца на Усходзе: ці то з прычыны аспрэчвання дагматычных азначэнняў Эфескага і Халкідонскага Сабораў, ці, у пазнейшы перыяд, у выніку разарвання эклезіяльнай еднасці (communio) паміж усходнімі патрыярхатамі і Рымскай Сталіцай.

Іншыя падзелы ўзніклі больш за чатырыста гадоў пазней на Захадзе ў выніку падзей, якія звычайна называюць Рэфармацыяй. Так ад Рымскай Сталіцы адлучыліся многія Супольнасці: або нацыянальныя, або паводле веравызнання. Сярод тых, дзе часткова працягваюць трываць каталіцкія традыцыі і структуры, асаблівае месца займае англіканская Супольнасць.

Гэтыя розныя падзелы вельмі адрозніваюцца паміж сабою не столькі месцам i часам узнікнення, колькі, у першую чаргу, паводле істотных i важных пытанняў, якія датычаць веры i структуры Касцёла. Гэты Святы Сабор не абыякавы да розных умоў, у якіх знаходзяцца разнастайныя Супольнасці хрысціянаў, i не замоўчвае ацалелых, насуперак падзелам, сувязяў паміж імі. Таму ён пастанавіў прапанаваць наступныя заўвагі дзеля мудрага ажыццяўлення экуменічнай дзейнасці.

I. АСАБЛІВАЯ ПАВАГА ДА УСХОДНІХ КАСЦЁЛАЎ

14. Усходнія i Заходнія Касцёлы на працягу шэрагу стагоддзяў ішлі сваім уласным шляхам, аднак яны злучаны братняй супольнасцю веры i сакрамэнтальнага жыцця. Калі паўставалі непаразуменні паміж імі наконт веры ці дысцыпліны, то паводле ўзаемнай згоды вырашала іх Рымская Сталіца. Святы Сабор з радасцю разам з іншымі ўзнёслымі справамі нагадвае, што на Усходзе квітнее шмат асобных, г.зн. мясцовых Касцёлаў, сярод якіх галоўнае месца займаюць патрыярхальныя Касцёлы. Многія з іх ганарацца сваім паходжаннем ад саміх Апосталаў. Таму ва ўсходніх хрысціянаў пераважае i надалей стаіць на першым месцы клопат пра захаванне тых цесных братніх сувязяў у супольнасці веры i любові, якія павінны існаваць паміж мясцовымі Касцёламі, як паміж сёстрамі.

Таксама нельга забываць, што Усходнія Касцёлы ад самага пачатку маюць скарб, з якога многае пазычыў Заходні Касцёл у сферы літургіі, духоўнай традыцыі i юрыдычнага парадку. Нельга таксама недаацэньваць тое, што асноўныя дагматы хрысціянскай веры пра Найсвяцейшую Тройцу i пра Божае Слова, якое прыняло цела з Дзевы Марыі, былі сфармуляваны на Сусветных Саборах, якія адбыліся на Усходзе. Гэтыя Касцёлы шмат выцерпелі i надалей церпяць для захавання гэтай веры.

Аднак спадчына, перададзеная Апосталамі, была прынята ў розных формах i па-рознаму, і ўжо ад самага пачатку існавання Касцёла ў розных месцах яе па-рознаму развівалі ў залежнасці ад разнастайных здольнасцяў і ўмоў жыцця таго ці іншага народу. Гэта ўсё, не кажучы пра знешнія прычыны, дало штуршок да падзелаў, якія ўзніклі таксама ў выніку недахопу ўзаемаразумення i любові.

Таму Святы Сабор заахвочвае ўсіх, асабліва жадаючых працаваць дзеля аднаўлення поўнай еднасці Усходніх Касцёлаў з каталіцкім Касцёлам, належным чынам улічваць асаблівыя ўмовы ўзнікнення i развіцця Усходніх Касцёлаў, а таксама характар адносінаў, якія існавалі паміж імі і Рымскай Сталіцай да падзелу, каб выпрацаваць справядлівую ацэнку. Дакладнае захаванне гэтага значна паспрыяе жаданаму дыялогу.

15. Усім таксама вядома, з якой любоўю ўсходнія хрысціяне здзяйсняюць літургічныя абрады (liturgica Sacra), асабліва эўхарыстычную цэлебрацыю — крыніцу жыцця Касцёла i заруку будучай хвалы, праз якую вернікі, злучаныя з біскупам, маючы доступ да Бога Айца праз Сына, уцелаўлёнае Слова, замучанае i праслаўленае, а таксама ў шчодрасці Духа Святога дасягаюць з’яднання з Найсвяцейшай Тройцай, становячыся «саўдзельнікамі Божай натуры» (2 П 1, 4). Таму праз цэлебрацыю Эўхарыстыі Пана ў гэтых паасобных Касцёлах будуецца i пашыраецца Божы Касцёл26, а праз канцэлебрацыю выяўляецца іх еднасць (communio).

У гэтым літургічным кульце ўсходнія хрысціяне ўшаноўваюць найпрыгажэйшымі гімнамі Марыю, заўсёды Дзеву, якую Сусветны Сабор у Эфезе ўрачыста абвясціў Найсвяцейшай Багародзіцай, каб Хрыстус быў сапраўды і праўдзіва прызнаны Божым Сынам i Сынам Чалавечым згодна са Святым Пісаннем. Акрамя гэтага ўсходнія хрысціяне ўшаноўваюць многіх святых, у тым ліку і айцоў паўсюднага Касцёла.

Паколькі гэтыя Касцёлы, хоць і адлучаныя ад нас, маюць праўдзівыя сакрамэнты, асабліва, паводле апостальскай сукцэсіі, Святарства i Эўхарыстыі, дзякуючы якім яны дагэтуль вельмі цесна злучаны з намі, то сумесны ўдзел у сакральных дзеяннях (communicatio in sacris) у адпаведных акалічнасцях i са згоды касцёльнай улады, не толькі магчымы але і пажаданы.

Усход таксама захоўвае багацце тых духоўных традыцый, якія асаблівым чынам выяўляюцца ў манаскім жыцці. Бо там ужо са славутых часоў святых айцоў квітнела манаская духоўнасць, якая затым пашырылася на заходнія землі і стала як бы крыніцай лацінскіх канцэпцый манаства, а пазней неаднаразова давала ім новую сілу. Таму вельмі пажадана, каб католікі часцей чэрпалі з гэтых духоўных багаццяў усходніх айцоў, якія ўзносяць чалавека цалкам да кантэмпляцыі Божых рэчаў.

Няхай усе ведаюць, што для вернага захавання паўнаты хрысціянскай традыцыі і для прымірэння ўсходніх і заходніх хрысціянаў вялікае значэнне мае знаёмства, шанаванне, падтрымка i развіццё найбагацейшай літургічнай і духоўнай спадчыны Усходу.

16. Больш за тое, Усходнія Касцёлы ўжо з самага пачатку кіраваліся ўласнымі нормамі, зацверджанымі святымі айцамі і Саборамі, у тым ліку і Сусветнымі. Паколькі пэўная разнастайнасць у звычаях i паводзінах, як ужо згадвалася вышэй, зусім не перашкаджае еднасці Касцёла, але надае яму хараство i значна прычыняецца да выканання яго місіі, Святы Сабор, каб пазбегнуць усялякіх сумненняў, заяўляе, што Касцёлы Усходу, памятаючы пра неабходнасць еднасці ўсяго Касцёла, могуць кіравацца ўласнымі нормамі (disciplina), бо яны найбольш адпавядаюць характару вернікаў i прыносяць большую карысць іх душам. Сціслае захаванне гэтага традыцыйнага прынцыпу, які, на жаль, не заўсёды захоўваўся, датычыць тых рэчаў, якія абсалютна неабходны як першая ўмова для вяртання еднасці.

17. Разам з тым, што было сказана вышэй пра законную разнастайнасць, трэба таксама сказаць і пра адрозныя тэалагічныя фармуліроўкі дактрыны, бо на Усходзе i на Захадзе пры вывучэнні праўд Аб’яўлення выкарыстоўваліся розныя метады i падыходы да пазнання i вызнання боскіх рэчаў. Таму нічога дзіўнага, што ў адных больш адпаведна прадстаўлены i лепш асветлены, чым у другіх, некаторыя аспекты таямніц Аб’яўлення, у выніку чаго гэтыя розныя тэалагічныя фармуліроўкі нярэдка ўзаемадапаўняюцца, чым супярэчаць сабе. Калі гаварыць пра сапраўдныя тэалагічныя традыцыі хрысціянаў Усходу, то трэба прызнаць, што яны вельмі моцна ўкаранёныя ў Святым Пісанні, падтрымліваюцца i выяўляюцца ў літургічным жыцці, жывяцца жывой апостальскай традыцыяй і творамі ўсходніх айцоў i духоўных аўтараў, скіроўваюцца да правільнага ладу жыцця, a нават да поўнай кантэмпляцыі хрысціянскай праўды.

Узносячы падзяку Богу за тое, што многія ўсходнія дзеці каталіцкага Касцёла, якія захоўваюць гэтую спадчыну i прагнуць жыць ёй больш верна i поўна, ужо маюць поўную лучнасць з братамі, якія трымаюцца заходняй традыцыі, гэты Святы Сабор заяўляе, што ўся гэтая духоўная, літургічная, дысцыплінарная i тэалагічная спадчына належыць у сваіх разнастайных традыцыях да паўнаты паўсюднасці i апостальскага характару Касцёла.

18. Пасля старанных разважанняў над усім гэтым Святы Сабор паўтарае словы папярэдніх Святых Сабораў і Рымскіх Пантыфікаў, а менавіта, што для аднаўлення i захавання еднасці і адзінства не трэба «ўскладаць... болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна» (Дз 15, 28). Выказвае таксама вялікае жаданне, каб адгэтуль усе намаганні крок за крокам вялі да яе дасягнення праз розныя інстытуты i формы эклезіяльнага жыцця, галоўным чынам праз малітву i братэрскі дыялог на тэму дактрыны i неадкладных заданняў пастырскай паслугі ў наш час. Таксама рэкамендуе пастырам i вернікам каталіцкага Касцёла мець цесныя адносіны з тымі, хто жыве ўжо не на Усходзе, але далёка ад радзімы, каб узрастала братняе супрацоўніцтва з імі ў духу любові і без усялякага духу зайздроснага спаборніцтва. Калі гэтая справа будзе здзяйсняцца ад усёй душы, то Святы Сабор спадзяецца, што пасля ліквідацыі перашкод, якія аддзяляюць Заходні i Усходні Касцёлы, настане нарэшце адно жыллё, угрунтаванае моцна на вуглавым камені, Езусе Хрысце, які з дваіх учыніць адно27.

II. АДЛУЧАНЫЯ КАСЦЁЛЫ І КАСЦЁЛЬНЫЯ СУПОЛЬНАСЦІ НА ЗАХАДЗЕ

19. Касцёлы i касцёльныя Супольнасці, якія адлучыліся ад Рымскай Апостальскай Сталіцы або ў перыяд значных пераломных падзей, якія адбыліся на Захадзе ў канцы Сярэднявечча, або ў пазнейшы час, злучаны з каталіцкім Касцёлам асаблівай роднаснай повяззю, бо хрысціянскі народ на працягу мінулых стагоддзяў жыў у эклезіяльнай еднасці.

Аднак паколькі гэтыя Касцёлы і касцёльныя Супольнасці значна адрозніваюцца не толькі ад нас, але і паміж сабою сваім узнікненнем, дактрынай i духоўным жыццём, то вельмі цяжка даць іх дакладнае апісанне, чаго тут і не намерваемся рабіць.

Нягледзячы на тое, што яшчэ не ўсюды ўмацаваўся экуменічны рух i жаданне прымірэння з каталіцкім Касцёлам, спадзяемся, што паступова будзе ўзрастаць ва ўсіх пачуццё экуменізму i ўзаемнай павагі. Аднак трэба прызнаць, што паміж гэтымі Касцёламі i Супольнасцямі і каталіцкім Касцёлам існуюць вялікія адрозненні, не толькі гістарычнага, сацыялагічнага, псіхалагічнага і культурнага характару, але галоўным чынам у інтэрпрэтацыі праўды Аб’яўлення. Аднак, каб нягледзячы на гэтыя разыходжанні можна было лягчэй распачаць экуменічны дыялог, хочам ніжэй падкрэсліць некаторыя ўказанні, якія могуць i павінны быць падставай i заахвотай да гэтага дыялогу.

20. Нашая думка скіравана найперш да тых хрысціянаў, якія выразна вызнаюць Езуса Хрыста як Бога і Пана, адзінага Пасрэдніка паміж Богам і людзьмі дзеля хвалы адзінага Бога, Айца і Сына, i Духа Святога. Аднак ведаем, што існуюць сур’ёзныя адхіленні ад веравучэння каталіцкага Касцёла, нават пра Хрыста, уцелаўлёнае Божае Слова, i пра справу адкуплення, a значыць пра таямніцу i служэнне Касцёла, а таксама пра ролю Марыі ў справе збаўлення. Але мы радуемся, бачучы адлучаных ад нас братоў, якія збіраюцца вакол Хрыста як крыніцы i асяродка эклезіяльнай супольнасці. Жадаючы з’яднання з Хрыстом, яны ўсё больш імкнуцца да пошуку еднасці, a таксама да таго, каб усюды даваць сведчанне пра сваю веру перад народамі.

21. Любоў нашых братоў да Святога Пісання, а таксама пашана ці пэўны яго культ схіляе іх да пастаяннага i глыбокага вывучэння гэтых святых старонак, бо Евангелле — «гэта моц Божая, дадзеная для збаўлення кожнаму, хто верыць, спярша юдэю, а потым і грэку» (Рым 1, 16).

Заклікаючы Духа Святога, яны шукаюць у Святым Пісанні Бога, які прамаўляе да іх у Хрысце, прадказаным прарокамі, у Божым Слове, уцелаўлёным для нас. Сузіраюць у Святым Пісанні жыццё Хрыста i тое, чаму Боскі Настаўнік навучаў i што здзейсніў для збаўлення людзей, асабліва таямніцы Яго смерці i ўваскрасення.

Хоць адлучаныя ад нас хрысціяне прызнаюць боскі аўтарытэт Святых Кніг, аднак яны па-іншаму разумеюць — і кожны, зразумела, па-рознаму — узаемадносіны Святога Пісання і Касцёла, у якім паводле каталіцкай веры аўтэнтычнае навучанне Настаўніцкага Інстытута Касцёла займае першаснае месца ў тлумачэнні i абвяшчэнні напісанага Божага слова.

Тым не менш Святыя Словы з’яўляюцца ў гэтым дыялогу надзвычайным сродкам у магутных Божых руках для дасягнення той еднасці, якую Збаўца прапануе ўсім людзям.

22. Праз сакрамэнт хросту, кожны раз, калі ён належна ўдзяляецца згодна з устанаўленнем Пана i прымаецца з адпаведнай гатоўнасцю, чалавек сапраўды ўцелаўляецца ва ўкрыжаванага і праслаўленага Хрыста і адраджаецца да ўдзелу ў Божым жыцці паводле слоў Апостала: «Пахаваныя ў хросце разам з Ім, вы ўваскрэслі таксама ў Ім дзякуючы веры ў дзеянне Бога, які ўваскрасіў Яго з мёртвых» (Клс 2, 12)28.

Паводле гэтага, хрост стварае сакрамэнтальны вузел еднасці, які трывае паміж усімі, хто быў адроджаны ў ім. Аднак сам па сабе хрост ёсць толькі пачаткам, бо ён цалкам скіраваны да дасягнення поўні жыцця ў Хрысце. Таму хрост павінен весці да поўнага вызнання веры, да цалкавітага, згодна з воляй Хрыста, уцелаўлення ў збаўчы інстытут і, нарэшце, да поўнага ўваходжання ва эўхарыстычную еднасць.

Нягледзячы на тое, што адлучаныя ад нас касцёльныя Супольнасці не маюць з намі поўнай еднасці, якая вынікае з хросту, i хоць, як мы перакананыя, не захавалі сапраўднай i цэласнай сутнасці эўхарыстычнай таямніцы галоўным чынам з-за адсутнасці сакрамэнту пасвячэння, аднак, здзяйсняючы ў Святой Вячэры ўспамін смерці i ўваскрасення Пана, яны вызнаюць, што яна азначае жыццё ў лучнасці з Хрыстом, і чакаюць Яго хвалебнага прыйсця. Таму неабходна, каб вучэнне пра Вячэру Пана, пра іншыя сакрамэнты i культ, а таксама пра служэнне Касцёла стала прадметам дыялогу.

23. Хрысціянскае жыццё гэтых братоў корміцца верай у Хрыста, умацоўваецца ласкай хросту i слуханнем Божага слова. Выяўляецца ў асабістай малітве, у разважанні над Бібліяй, у жыцці хрысціянскай сям’і, у кульце, які здзяйсняе супольнасць, сабраная для ўзнясення хвалы Богу. Дарэчы, іх культ часта змяшчае выразныя элементы старажытнай сумеснай літургіі. Вера ў Хрыста дае плён у праслаўленнях i падзяках за боскія дабрадзействы, атрыманыя звыш. Да гэтага далучаецца жывое пачуццё справялівасці i шчырая любоў да бліжніх. Гэтая дзейсная вера стварыла значную колькасць інстытутаў для пераадолення духоўных і цялесных бедстваў, для выхавання моладзі, стварэння больш чалавечых умоў грамадскага жыцця i ўмацавання паўсюднага спакою.

Хоць многія з хрысціянаў не заўсёды разумеюць Евангелле ў маральных пытаннях гэтак жа, як католікі, i прымаюць іншыя рашэнні ў самых цяжкіх пытаннях, якія ўзнікаюць перад сучасным грамадствам, аднак, нягледзячы на ўсё гэта, яны жадаюць, як і мы, трымацца Хрыстовага слова як крыніцы хрысціянскай цноты i выканаць апостальскі наказ: «Усё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу» (Клс 3, 17). Таму экуменічны дыялог можна распачаць з таго, як належыць выкарыстоўваць Евангелле ў маральным аспекце.

24. Пасля кароткага раз’яснення ўмоў, у якіх звычайна ажыццяўляецца экуменічная дзейнасць, і ўказання прынцыпаў, якімі яна павінна кіравацца, мы з даверам скіроўваем позірк у будучыню. Святы Сабор заклікае вернікаў устрымлівацца ад усялякай легкадумнасці i неразважлівай стараннасці, якія могуць перашкодзіць сапраўднаму развіццю еднасці. Бо іх экуменічная дзейнасць не можа быць іншай як толькі цалкам i сапраўды каталіцкай, г.зн. вернай праўдзе, якую мы атрымалі ад Апосталаў і айцоў, i згоднай з верай, якую заўсёды вызнае каталіцкі Касцёл і якая вядзе да той паўнаты, да якой Пан жадае з цягам часу прывесці сваё цела.

Святы Сабор выказвае пільнае жаданне, каб ініцыятывы сыноў каталіцкага Касцёла развіваліся ў саюзе з ініцыятывамі адлучаных ад нас братоў, каб не было ніякіх перашкод на шляхах Провіду, а будучыя натхненні Духа Святога не мелі ніякай страты. Больш за тое, Сабор сцвярджае сваю свядомасць, што гэты святы намер прымірэння ўсіх хрысціянаў у еднасці аднаго i адзінага Хрыстовага Касцёла пераўзыходзіць чалавечыя сілы i здольнасці. Таму цалкам спадзяецца на малітву Хрыста за Касцёл, на любоў Айца да нас і на моц Духа Святога. «Надзея не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (Рым 5, 5).

Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.


Рым, у св. Пятра, 21 лістапада 1964г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)
 
Тэкст пра экуменізм быў прадстаўлены на І сесіі пад назвай «Ut unum sint». Затым яго аб’ядналі з іншымі праектамі, абмеркавалі і перапрацавалі на ІІ сесіі. Нягледзячы на тое, што тэкст улічваў экуменічныя ідэі Яна ХХІІІ і новыя экуменічныя настроі каталіцкага свету, група Айцоў Сабору, якія жадалі больш глыбокага дыялогу з некатолікамі, не прыняла яго. Перапрацаваны тэкст быў разгледжаны на ІІІ сесіі. У канчатковым яго варыянце, абнародаваным 21 лістапада 1964 года, адчуваецца новае экуменічнае дыханне Сабору. Нягледзячы на існуючыя падзелы, прызнаецца каштоўнасць адзінага хросту, братэрства хрысціянаў, эклезіяльны характар хрысціянскіх дэнамінацый, прыналежнасць Усходніх праваслаўных Касцёлаў да паўсюднага і апостальскага характару Касцёла дзякуючы повязям апостальскай пераемнасці, традыцыі, духоўнай і тэалагічнай спадчыны.

Еднасць — гэта плён малітвы Хрыста, якая пераўзыходзіць чалавечыя сілы. Аднак дасягаецца яна праз пакорлівае навяртанне сэрца і адпаведныя ініцыятывы, якія сталі вельмі шматлікімі пасля Сабору.

q

  1. Пар. 1 Кар 1, 13.
  2. Пар. 1 Ян 4, 9; Клс 1, 18-20; Ян 11, 52.
  3. Пар. Ян 13, 34.
  4. Пар. Ян 16, 7.
  5. Пар. 1 Кар 12, 4-11.
  6. Пар. Мц 28, 18-20; Ян 20, 21-23.
  7. Пар. Мц 16, 19; Мц 18, 18.
  8. Пар. Лк 22, 32.
  9. Пар. Ян 21, 15-17.
  10. Пар. Эф 2, 20.
  11. Пар. 1 П 2, 25; CONC. VAT. I, Const. Pastor Aeternus: Coll. Lac. 7, 482 a.
  12. Пар. Іс 11, 10-12.
  13. Пар. Эф 2, 17-18, пар. Мк 16, 15.
  14. Пар. 1 П 1, 3-9.
  15. Пар. 1 Кар 11, 18-19; Гал 1, 6-9; 1 Ян 2, 18-19.
  16. Пар. 1 Кар 1, 11 і наст.; 11, 22.
  17. Пар. CONC. FLOR., Sess. VIII, Decr. Exultate Deo: MANSI 31, 1055A.
  18. Пар. S. AUGUSTINUS, In Ps. 32, Enarr. II, 29: PL 36, 299.
  19. Пар. CONC. LAT. IV, Constitutio IV: MANSI 22, 990; CONC. LUGD. II, Professio fidei Michaelis Palaeologi: MANSI 24, 71E; CONC. FLOR., Sess. VI, Definitio Laetentur caeli: MANSI 31, 1026E.
  20. Пар. Як 1, 4; Рым 12, 1-2.
  21. Пар. 2 Кар 4, 10; Флп 2, 5-8.
  22. Пар. Эф 5, 27.
  23. Пар. CONC. LAT. V, Sess. XII, Const. Constitui: MANSI 32, 988B-C.
  24. Пар. Эф 4, 23.
  25. Пар. Эф 3, 8.
  26. Пар. S. IO. CHRYSOSTOMUS, In Ioannem, Homelia XLVI: PG 59, 260-262.
  27. Пар. CONC. FLOR., Sess. VI, Definitio Laetentur caeli: MANSI 31, 1026E.
  28. Пар. Рым 6, 4.
 

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКРЭТ
ПРА АБНАЎЛЕННЕ МАНАСКАГА ЖЫЦЦЯ
«PERFECTAE СARITATIS»

1. У Канстытуцыі, якая распачынаецца словамі «Lumen gentium», Святы Сабор ужо папярэдне паказаў, што дасягненне дасканалай любові шляхам евангельскіх парад бярэ пачатак з вучэння і прыкладу боскага Настаўніка і з’яўляецца выдатным знакам Нябеснага Валадарства. Цяпер Сабор жадае разгледзець жыццё i дысцыпліну інстытутаў, члены якіх абавязваюцца захоўваць чыстасць, убоства i паслухмянасць, і паклапаціцца пра іх патрэбы згодна з умовамі нашага часу.

Ад пачатку ў Касцёле былі мужчыны і жанчыны, якія хацелі праз практыкаванне евангельскіх парад з большай свабодай ісці за Хрыстом і больш Яго наследаваць. Кожны па-свойму вёў жыццё, прысвечанае Богу. Многія з іх па натхненні Духа Святога вялі пустэльніцкае жыццё ці засноўвалі манаскія сем’і, якія Касцёл ахвотна прымаў і зацвярджаў сваім аўтарытэтам. Так, згодна з Божым намерам, узнікла цудоўная разнастайнасць манаскіх супольнасцяў, якія істотна засведчылі, што Касцёл не толькі прыстасаваны да ўсякай добрай справы (пар. 2 Цім 3, 17) і падрыхтаваны да справы служэння дзеля будавання Хрыстовага цела (пар. Эф 4, 12), але таксама ўпрыгожаны рознымі дарамі сваіх дзяцей, «быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха» (Ап 21, 2), і праз яго можна спазнаць «бясконцую мудрасць Божую» (Эф 3, 10).

У такой вялікай разнастайнасці дароў усе, хто быў пакліканы Богам да практыкавання евангельскіх парад і верна іх захоўвае, асабліва прысвячаюць сябе Богу, ідучы за Хрыстом цнатлівым, убогім (пар. Мц 8, 20; Лк 9, 58) і паслухмяным «ажно да смерці крыжовай» (Флп 2, 8), які адкупіў і асвяціў людзей. Узрушаныя любоўю, якой Дух Святы напоўніў іхнія сэрцы (пар. Рым 5, 5), яны ўсё больш жывуць для Хрыста і для Ягонага цела, якім ёсць Касцёл (пар. Клс 1, 24). Чым больш аддана яны яднаюцца з Хрыстом праз такую самаадданасць, якая ахоплівае ўсё жыццё, тым больш красуе жыццё Касцёла, і яго апостальства прыносіць яшчэ большы плён.

Каб вялікая каштоўнасць кансэкраванага жыцця, якое спалучана з вызнаннем евангельскіх парад, i яго неад’емнае заданне ў сённяшнім часе прынеслі Касцёлу яшчэ большую карысць, гэты Святы Сабор дае наступныя распараджэнні, якія датычаць толькі агульных прынцыпаў дастасаванага абнаўлення манаскага жыцця і яго дысцыпліны, а таксама, пры захаванні іх уласнага характару, тых таварыстваў супольнага жыцця, дзе не даюцца абяцанні, у тым ліку і свецкіх інстытутаў. Канкрэтныя нормы, неабходныя для распрацоўкі і выкарыстання гэтых прынцыпаў, павінны быць устаноўлены кампетэнтнай уладай пасля заканчэння Сабору.

2. Дастасаванае абнаўленне манаскага жыцця прадугледжвае адначасова як пастаяннае вяртанне да вытокаў усяго хрысціянскага жыцця і да першапачатковага духу інстытутаў, так і дастасаванне да зменлівых умоў часу. Гэтае абнаўленне пад натхненнем Духа Святога і кіраўніцтвам Касцёла трэба здзейсніць паводле наступных прынцыпаў:

a) Паколькі першаснай нормай манаскага жыцця ёсць наследаванне Хрыста, прапанаванае ў Евангеллі, таму ўсе інстытуты павінны лічыць яго найвышэйшым правілам.

б) Дзеля дабра самога Касцёла неабходна, каб інстытуты мелі свой уласны характар i заданне. Таму трэба верна распазнаваць i захоўваць дух і мэту сваіх Заснавальнікаў, а таксама здаровыя традыцыі, бо ўсё гэта з’яўляецца спадчынай кожнага інстытута.

в) Усе інстытуты павінны ўдзельнічаць у жыцці Касцёла i адпаведна ўласнаму характару прысвойваць і па магчымасці развіваць яго ініцыятывы i намеры ў біблійнай, літургічнай, дагматычнай, пастырскай, экуменічнай, місійнай i грамадскай сферах.

г) Інстытуты павінны развіваць сярод сваіх членаў належнае веданне сучасных умоў жыцця людзей, а таксама патрэб Касцёла, каб яны, мудра ацэньваючы ў святле веры ўмовы сённяшняга свету i палаючы апостальскай адданасцю, маглі больш плённа дапамагаць людзям.

д) Паколькі манаскае жыццё перадусім скіравана на тое, каб яго члены ішлі за Хрыстом i ядналіся з Богам праз вызнаванне евангельскіх парад, неабходна сапраўды ўсвядоміць, што нават самыя найлепшыя дастасаванні да патрабаванняў нашага часу стануць безвыніковымі, калі не будуць ажыўлены духоўным абнаўленнем, якому заўсёды, нават у знешняй дзейнасці, трэба аддаваць перавагу.

3. Спосаб жыцця, малітвы i працы павінен адпавядаць сённяшнім фізічным і псіхічным магчымасцям членаў, а таксама, згодна з уласным характарам кожнага інстытута, апостальскім патрэбам, вымаганням культуры, грамадскім і эканамічным умовам паўсюль, асабліва на місійных землях.

Паводле тых жа крытэрыяў трэба перагледзець і спосаб кіравання інстытутамі.

Таму канстытуцыі, «дырэктывы», кнігі звычаяў (libri usuum), малітоўнікі, цырыманіялы i іншыя падобныя кнігі трэба належным чынам перагледзець, скасаваўшы састарэлыя прадпісанні, і дастасаваць да дакументаў, выдадзеных гэтым Святым Саборам.

4. Паспяховае абнаўленне i належнае дастасаванне да ўмоў сучаснасці можна здзейсніць толькі пры супрацоўніцтве ўсіх членаў інстытута.

Аднак устанаўленне нормаў дастасаванага абнаўлення, заканадаўчая дзейнасць, а таксама разважлівае вызначэнне дастатковага тэрміну выпрабавання з’яўляецца выключна справай кампетэнтных улад, у першую чаргу Генеральных Капітулаў, а калі гэтага патрабуе права, застаецца неабходнасць зацвярджэння іх Апостальскай Сталіцай або мясцовым ардынарыем. Настаяцелі павінны адпаведным чынам раіцца з членамі інстытута і выслухоўваць іх па пытаннях, якія датычаць усяго інстытута.

Для дастасаванага абнаўлення жыцця жаночых кляштараў адпаведна ўмовам сучаснасці можна будзе прыслухацца таксама да прапаноў і парадаў, выказаных на пасяджэннях іх федэрацый ці на іншых правамоцна скліканых сходах.

Аднак усе павінны памятаць, што надзея на абнаўленне павінна грунтавацца больш на дакладным захаванні статутаў і канстытуцый, чым на памнажэнні прадпісанняў.

5. Члены ўсіх інстытутаў у першую чаргу павінны памятаць, што праз абяцанне евангельскіх парад яны адказалі на Божы заклік у тым сэнсе, што не толькі памерлі для граху (пар. Рым 6, 11), але таксама выракліся свету і жывуць толькі для Бога. Усё сваё жыццё яны аддалі на служэнне Яму, што з’яўляецца пэўнага роду кансэкрацыяй, глыбока ўкаранёнай у кансэкрацыі хросту, якую больш поўна выяўляе.

Аднак, паколькі гэтае самапрысвячэнне прынята Касцёлам, няхай кансэкраваныя асобы ведаюць, што яны пасвячаны таксама і на служэнне яму. Гэтае служэнне Богу павінна абуджаць і заахвочваць іх да ўзрастання ў цнотах, асабліва ў пакоры і паслухмянасці, мужнасці i чыстасці, дзякуючы якім яны ўдзельнічаюць у Хрыстовым прыніжэнні (пар. Флп 2, 7-8) і адначасова ў Хрыстовым жыцці паводле духу (пар. Рым 8, 1-13).

Таму, пакідаючы ўсё дзеля Хрыста (пар. Mк 10, 28), кансэкраваныя асобы, верныя сваім абяцанням, няхай ідуць за Ім (пар. Мц 19, 21) як за адзіна неабходным, слухаючы Яго словы (пар. Лк 10, 39) i клапоцячыся пра Яго справы (пар. 1 Кар 7, 32).

Неабходна, каб члены кожнага інстытута, выключна і перадусім шукаючы Бога, спалучалі кантэмпляцыю, праз якую яны розумам і сэрцам яднаюцца з Богам, з апостальскай любоўю, дзякуючы якой яны імкнуцца ўдзельнічаць у справе Адкуплення і пашырэння Божага Валадарства.

6. Тыя, хто абавязваецца выконваць евангельскія парады, павінны ў першую чаргу шукаць і любіць Бога, які першы нас палюбіў (пар. 1 Ян 4, 10), і ва ўсякіх абставінах павінны імкнуцца да ўкрытага з Хрыстом у Богу (пар. Клс 3, 3) жыцця, з якога вынікае і атрымлівае натхненне любоў да бліжняга дзеля збаўлення свету і будавання Касцёла. Гэтая любоў ажыўляе таксама само практыкаванне евангельскіх парад і кіруе ім.

Члены інстытутаў павінны старанна клапаціцца пра малітоўны дух і саму малітву, чэрпаючы яе з сапраўднай крыніцы хрысціянскай духоўнасці. Перадусім няхай штодзённа бяруць у рукі Святое Пісанне, каб праз яго чытанне i разважанне над ім вучыцца «перавазе пазнання Хрыста Езуса» (Флп 3, 8). Няхай сэрцам і вуснамі здзяйсняюць у духу Касцёла святую Літургію, асабліва найсвяцейшую таямніцу Эўхарыстыі, i жывяць сваё духоўнае жыццё з гэтай найбагацейшай крыніцы.

Насычаныя са стала Божага Закону i са святога алтара няхай па-братэрску любяць іншых членаў Хрыстовага цела, з сыноўскай пашанай i любоўю адносяцца да пастыраў, усё больш жывуць і адчуваюць разам з Касцёлам i цалкам прысвячаюць сябе яго місіі.

7. Інстытуты, цалкам прысвечаныя кантэмпляцыі, члены якіх у адзіноце і маўчанні, у няспыннай малітве i шчырай пакуце прысвячаюць сябе толькі Богу, заўсёды захоўваюць, якой бы пільнай не была неабходнасць актыўнага апостальства, выдатную частку ў Містычным целе Хрыста, у якім «не ўсе часткі выконваюць тыя самыя функцыі» (Рым 12, 4). Яны прыносяць Богу дасканалую ахвяру хвалы, a Божы народ аздабляюць бляскам шчодрых дароў святасці, запальваюць яго прыкладам i прычыняюцца да яго ўзрастання дзякуючы таямнічай апостальскай плоднасці. Такім чынам, яны з’яўляюцца ўпрыгожваннем Касцёла i крыніцай нябесных ласк. Але тым не менш іх спосаб жыцця трэба перагледзець паводле пададзеных вышэй прынцыпаў i крытэрыяў абнаўлення адносна сучасных умоў, захоўваючы, аднак, іх поўнае вырачэнне свету i практыкі, уласцівыя кантэмпляцыйнаму жыццю.

8. У Касцёле існуе мноства інстытутаў, як духоўных, так і свецкіх, якія займаюцца рознымі справамі апостальства. Паводле ўдзеленай ім ласкі яны маюць розныя дары: калі служэнне — трываюць у служэнні; калі навучанне — у навучанні; калі прапаведаванне — у прапаведаванні; калі размеркаванне — раздаюць у прастаце; калі дабрачыннасць, то робяць гэта ахвотна (пар. Рым 12, 5-8). «Розныя ёсць дары, але той самы Дух» (1 Кар 12, 4). У гэтых інстытутах апостальская і дабрачынная дзейнасць належыць да сутнасці манаскага жыцця як святое служэнне і справа любові, якая даручана ім Касцёлам і якую яны выконваюць ад яго імя. Таму ўсё манаскае жыццё іх членаў павінна быць напоўнена духам апостальства, a ўся іх апостальская дзейнасць павінна адзначацца манаскім духам. Каб кансэкраваныя асобы ў першую чаргу маглі адказаць на сваё пакліканне наследаваць Хрыста i служыць Яму ў Яго членах, іх апостальская дзейнасць павінна вынікаць з унутранага з’яднання з Хрыстом. Дзякуючы гэтаму жывіцца любоў да Бога і бліжняга.

Гэтыя інстытуты павінны ўзгадніць свае прадпісанні і звычаі з патрабаваннямі апостальства, якому яны прысвечаны. Аднак, паколькі манаскае жыццё, прысвечанае справам апостальства, мае розныя формы, неабходна, каб яго абнаўленне адносна сучасных умоў улічвала гэтую разнастайнасць і каб у розных інстытутах жыццё членаў, скіраванае на служэнне Хрысту, падтрымлівалася адпаведнымі i ўласцівымі для іх сродкамі.

9. Няхай верна захоўваецца і з кожным днём усё больш ззяе ва ўласцівым для іх духу, як на Захадзе, так і на Усходзе, цудоўнае жыццё манаскіх інстытутаў, якое на працягу многіх стагоддзяў здабыло сабе вялікія заслугі перад Касцёлам i чалавецтвам. Галоўным абавязкам кансэкраваных асоб з’яўляецца пакорнае і ў той жа час узнёслае служэнне Божай велічы за мурамі кляштара, або праз поўнае прысвячэнне сябе Божаму культу ва ўкрытым жыцці, або праз згоднае з правам выкананне пэўных спраў апостальства ці хрысціянскай міласэрнасці. Таму, захоўваючы характар свайго інстытута, яны павіны абнавіць старажытныя дабрачынныя традыцыі i так іх дастасаваць да сучасных патрэб душ, каб кляштары сталі як бы крыніцай будавання хрысціянскага народу.

Таксама манаскія супольнасці, якія паводле статуту ці ўстанаўлення цесна спалучаюць апостальскае жыццё з харальным Афіцыем і манаскімі прадпісаннямі, павінны так узгадніць свой спосаб жыцця з патрабаваннямі адпаведнага ім апостальства, каб верна захоўваць уласную форму жыцця, бо яна мае вялікую карысць для Касцёла.

10. Манаскае жыццё свецкіх, як мужчын, так і жанчын, з’яўляецца ва ўсёй сваёй паўнаце вызнаннем евангельскіх парад. Таму, высока цэнячы такое жыццё як вельмі карыснае для Касцёла ў пастырскім абавязку навучання моладзі, у апецы над хворымі i ў выкананні іншых паслуг, Святы Сабор умацоўвае членаў гэтых інстытутаў у іх пакліканні i заахвочвае, каб сваё жыццё яны дастасавалі да сучасных патрабаванняў.

Як сцвярджае Святы Сабор, нішто не перашкаджае, каб y манаскіх супольнасцях братоў, пры захаванні іх свецкага характару, некаторыя члены паводле распараджэння Генеральнага Капітула атрымалі вышэйшыя пасвячэнні для задавальнення патрэбы ў святарскай паслузе ў сваіх дамах.

11. Свецкія інстытуты, хоць і не з’яўляюцца манаскімі, абавязваюцца, аднак, да прызнанага Касцёлам сапраўднага і поўнага вызнання ў свеце евангельскіх парад. Гэтае вызнанне кансэкруе жыццё мужчын і жанчын, свецкіх і духоўных, якія жывуць у свеце. Таму яны павінны перш за ўсё клапаціцца пра поўнае прысвячэнне сябе Богу ў дасканалай любові, а самі інстытуты павінны захоўваць свой уласцівы і асаблівы, гэта значыць свецкі характар, каб плённа і ўсюды выконваць у свеце і як бы ад імя свету апостальства, дзеля якога былі заснаваны.

Аднак такія інстытуты павінны добра разумець, што гэтае вялікае заданне яны змогуць выканаць, калі іхнія члены будуць старанна навучаныя боскім і чалавечым справам, каб сапраўды быць у свеце рошчынай для ўмацавання і ўзрастання Хрыстовага цела. Таму няхай настаяцелі найперш сур’ёзна клапоцяцца пра належную фармацыю членаў сваіх інстытутаў, асабліва духоўную, i далейшую іх падрыхтоўку.

12. Чыстасць «дзеля Валадарства Божага» (пар. Мц 19, 12), якую абяцаюць кансэкраваныя асобы, трэба цаніць як выключна каштоўны дар. Бо яна асаблівым чынам вызваляе чалавечае сэрца (пар. 1 Кар 7, 32-35), каб яно гарачэй разгаралася любоўю да Бога і ўсіх людзей. Таму чыстасць — гэта асаблівы знак нябесных дабротаў і вельмі адпаведны сродак, які дапамагае кансэкраваным асобам добраахвотна прысвяціць сябе служэнню Богу і апостальскім справам. Такім чынам яны нагадваюць усім вызнаўцам Хрыста гэты заснаваны Богам цудоўны шлюб, які павінен цалкам выявіцца ў будучым свеце; шлюб, праз які Касцёл мае Хрыста за свайго адзінага Абранніка.

Неабходна, каб кансэкраваныя асобы, імкнучыся верна захоўваць свае абяцанні, верылі словам Пана і, спадзеючыся на Божую дапамогу, не разлічвалі празмерна на свае сілы, але практыкавалі ўстрыманне i сачылі за сваімі пачуццямі. Яны не павінны таксама занядбоўваць натуральныя сродкі, якія спрыяюць духоўнаму і цялеснаму здароўю. Дзякуючы гэтаму іх не звабяць ілжывыя тэорыі, якія даказваюць, што абсалютнае ўстрыманне немагчыма або шкоднае для развіцця чалавека. Кіруючыся пэўным духоўным інстынктам, няхай адкідваюць усё, што пагражае чыстасці. Больш за тое, няхай усе, асабліва настаяцелі, памятаюць, што чыстасць лягчэй захаваць, калі сярод членаў у супольным жыцці пануе сапраўдная братняя любоў.

Паколькі захаванне дасканалага ўстрымання датычыць укрытых, найбольш глыбокіх схільнасцяў чалавечай натуры, кандыдаты не павінны абяцаць чыстасць і не павінны быць дапушчаны да гэтага абяцання, калі не прайшлі сапраўды дастатковае выпрабаванне i не набылі адпаведнай псіхічнай і пачуццёвай сталасці. Трэба не толькі асцерагаць іх перад небяспекамі, якія пагражаюць чыстасці, але таксама вучыць іх, каб прысвечаны Богу цэлібат прынялі як сродак развіцця сваёй асобы.

13. Дабравольнае ўбоства дзеля наследавання Хрыста, якое сёння асабліва высока цэніцца як Ягоны знак, кансэкраваныя асобы павінны старанна практыкаваць і пры неабходнасці нават выражаць яго ў новых формах. Дзякуючы ўбоству яны ўдзельнічаюць ва ўбостве Хрыста, які, будучы багатым, стаў для нас убогім, каб нас узбагаціць сваім убоствам (пар. 2 Кар 8, 9; Mц 8, 20).

Што датычыць манаскага ўбоства, то недастаткова быць залежным ад настаяцеляў у карыстанні дабротамі, але трэба, каб кансэкраваныя асобы былі ўбогімі духоўна і матэрыяльна, маючы скарб у небе (пар. Mц 6, 20).
У сваім служэнні кожны павінен падпарадкоўвацца агульнаму закону працы і, здабываючы неабходныя сродкі для ўтрымання і вядзення сваёй дзейнасці, адкідваць усялякі празмерны клопат і давярацца Провіду Нябеснага Айца (пар. Mц 6, 25).

Манаскія кангрэгацыі могуць у сваіх канстытуцыях дазволіць сваім членам адмаўляцца ад спадчыннай маёмасці як ужо набытай, так і той, якая можа быць у будучыні.

Зважаючы на мясцовыя ўмовы, інстытуты павінны імкнуцца даваць у пэўным сэнсе калектыўнае сведчанне ўбоства i ахвотна аддаваць пэўную частку сваёй маёмасці на іншыя патрэбы Касцёла і на ўтрыманне бедных, якіх усе кансэкраваныя асобы павінны любіць любоўю Хрыста (пар. Mц 19, 21; 25, 34-46; Як 2, 15-16; 1 Ян 3, 17). Правінцыі і дамы інстытутаў павінны дзяліцца паміж сабою зямнымі дабротамі, каб тыя, хто мае больш, дапамагалі тым, хто церпіць недахоп.

Хоць інстытуты згодна са сваімі статутамі i канстытуцыямі могуць мець усё, што неабходна для іх утрымання i вядзення дзейнасці, аднак няхай пазбягаюць усялякай празмернасці, неапанаванай хцівасці i назапашвання маёмасці.

14. Праз абяцанне паслухмянасці кансэкраваныя асобы цалкам прысвячаюць сваю волю Богу, як бы прыносячы сябе ў ахвяру, і праз гэта больш стала і надзейна яднаюцца са збаўчай воляй Бога. Па прыкладзе Езуса Хрыста, які прыйшоў, каб выканаць волю Айца (пар. Ян 4, 34; 5, 30; Гбр 10, 7; Пс 40 [39], 9), і, «прыняўшы постаць слугі» (Флп 2, 7), «навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў» (Гбр 5, 8), кансэкраваныя асобы, заахвочаныя Духам Святым, у веры падпарадкоўваюцца настаяцелям, якія выступаюць ад імя Бога, і пад іх кіраўніцтвам служаць усім братам у Хрысце, як сам Хрыстус праз сваю паслухмянасць Айцу служыў братам i аддаў сваё жыццё для адкуплення многіх (пар. Mц 20, 28; Ян 10, 14-18). Такім чынам яны штораз больш далучаюцца да паслугі Касцёла i імкнуцца дайсці «да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты» (Эф 4, 13).

Члены інстытутаў у духу веры і ўмілавання Божай волі павінны выказваць пакорную паслухмянасць сваім настаяцелям згодна з нормамі статутаў i канстытуцый, выкарыстоўваючы сілы розуму і волі, а таксама дары натуры i ласкі для выканання прадпісанняў i здзяйснення даручаных ім заданняў, усведамляючы, што яны прычыняюцца да будавання Хрыстовага цела паводле Божага плану. Такая манаская паслухмянасць не толькі не змяншае годнасці чалавечай асобы, але наадварот вядзе яе да поўнай сталасці, памнажаючы свабоду дзяцей Божых.

Настаяцелі, абавязаныя даць справаздачу аб давераных ім душах (пар. Гбр 13, 17) і паслухмяныя Божай волі ў выкананні свайго абавязку, павінны карыстацца сваёй уладай у духу служэння братам, каб праз гэта паказаць тую любоў, якой іх любіць Бог. Яны павінны кіраваць падуладнымі як дзяцьмі Божымі i, шануючы чалавечую асобу, садзейнічаць іх дабравольнай паслухмянасці. Таму няхай дадуць ім належную свабоду, асабліва ў дачыненні да сакрамэнту пакаяння і духоўнага кіраўніцтва. Настаяцелі павінны весці членаў свайго інстытута да актыўнага і адказнага супрацоўніцтва ў выкананні сваіх абавязкаў і ў розных ініцыятывах. Таму няхай ахвотна выслухоўваюць меркаванні членаў i заахвочваюць іх да аднадушнага супрацоўніцтва на карысць інстытута i Касцёла, аднак не змяншаючы сваёй улады ў вырашэнні i загадванні таго, што трэба рабіць.

Капітулы і Рады павінны верна выконваць даручаныя ім абавязкі ў справе кіравання, пры гэтым усе яны па-свойму павінны быць выяўленнем удзелу і клопату ўсіх членаў інстытута на карысць усёй супольнасці.

15. Супольнае жыццё на ўзор першапачатковага Касцёла, у якім шматлікія вернікі ўтваралі адно сэрца і адну душу (пар. Дз 4, 32), падтрыманае евангельскім вучэннем, святой Літургіяй і асабліва Эўхарыстыяй, павінна пастаянна спалучацца з малітвай і еднасцю ў тым самым духу (пар. Дз 2, 42). Кансэкраваныя асобы, як члены Хрыста, павінны апярэджваць адно аднаго ў выказванні пашаны (пар. Рым 12, 10), носячы цяжар адно аднаго (пар. Гал 6, 2). Паколькі Божая любоў выліта ў сэрцы Духам Святым (пар. Рым 5, 5), манаская супольнасць як сапраўдная сям’я, сабраная ў імя Пана, радуецца Яго прысутнасці (пар. Mц 18, 20). Любоў жа ёсць выкананнем закону (пар. Рым 13, 10) і повяззю дасканаласці (пар. Клс 3, 14), i ведаем, што дзякуючы ёй мы перайшлі ад смерці да жыцця (пар. 1 Ян 3, 14). Больш за тое, братэрская еднасць сведчыць аб прыйсці Хрыста (пар. Ян 13, 35; 17, 21) і з’яўляецца крыніцай вялікай апостальскай сілы.

Каб паміж членамі была больш цесная братэрская сувязь, тыя, каго называюць канверсамі, супрацоўнікамі або неяк інакш, павінны трываць у цеснай лучнасці з жыццём і справамі супольнасці. Калі сапраўды акалічнасці не патрабуюць іншага вырашэння, трэба прыкласці намаганні, каб жаночыя інстытуты перайшлі да адной катэгорыі сясцёр. У такім выпадку трэба захаваць толькі такую розніцу паміж асобамі, якая вынікае з розных спраў, да якіх прызначаны сёстры паводле спецыяльнага Божага паклікання або асаблівых здольнасцяў.

Мужчынскія кляштары і часткова духоўныя інстытуты паводле свайго характару павінны прымаць на аднолькавых умовах згодна з канстытуцыямі таксама свецкіх, даючы ім аднолькавыя правы і абавязкі, за выключэннем тых, якія вынікаюць са ступені пасвячэння.

16. Папская кляўзура надалей захоўваецца для манашак, жыццё якіх прысвечана выключна кантэмпляцыі, але яе трэба дастасаваць да ўмоў часу і месца, скасаваўшы састарэлыя звычаі і ўлічыўшы пажаданні саміх кляштараў.

Іншыя манашкі, якія паводле ўстанаўлення прысвячаюць сябе знешнім справам апостальства, павінны быць выключаны з-пад папскай кляўзуры, каб лепш маглі выконваць даручаныя ім абавязкі апостальства, захоўваючы аднак кляўзуру паводле нормаў канстытуцый.

17. Манаскае адзенне, як знак кансэкрацыі, павінна быць простым, сціплым, убогім i адначасова эстэтычным, павінна адпавядаць патрабаванням гігіены, умовам часу i месца, а таксама дастасаваным да паслугаў. Адзенне кансэкраваных асоб, якое не адпавядае гэтым нормам, трэба змяніць.

18. Дастасаванае абнаўленне інстытутаў найбольш залежыць ад фармацыі членаў. Таму ні манахі, якія не маюць пасвячэння, ні манашкі не могуць адразу пасля навіцыяту займацца справамі апостальства, але іх духоўную, апостальскую, навуковую і тэхнічную фармацыю, нават пасля атрымання адпаведных тытулаў, трэба належным чынам надалей працягваць у прызначаных для гэтага дамах.

Аднак, каб дастасаванне манаскага жыцця да патрэб нашага часу не было толькі павярхоўным, каб тыя, хто паводле свайго асаблівага паклікання займаецца знешнім апостальствам, не сталі няздольнымі выконваць свае заданні, трэба, улічваючы інтэлектуальныя здольнасці і характар кожнага, адпаведна пазнаёміць іх з распаўсюджанымі ў сучасным грамадскім жыцці звычаямі, поглядамі і катэгорыямі каштоўнасцяў. Гэтую фармацыю трэба праводзіць так, каб дзякуючы гарманічнаму спалучэнню яе элементаў яна садзейнічала адзінству жыцця саміх членаў.

На працягу ўсяго свайго жыцця члены інстытутаў павінны імкнуцца да таго, каб старанна ўдасканальваць гэтую духоўную, дактрынальную i тэхнічную культуру, a настаяцелі, пры неабходнасці, павінны стварыць ім для гэтага магчымасці і даць час.

Настаяцелі абавязаны таксама клапаціцца пра тое, каб кіраўнікі, духоўныя настаўнікі і выкладчыкі старанна выбіраліся і атрымлівалі грунтоўную падрыхтоўку.

19. Пры заснаванні новых інстытутаў трэба сур’ёзна разважыць іх неабходнасць або прынамсі іх карысць, а таксама перспектывы іх развіцця, каб па неразважлівасці не ўзніклі непатрэбныя або нежыццяздольныя інстытуты. У маладых Касцёлах трэба асабліва падтрымліваць і развіваць тыя формы манаскага жыцця, якія ўлічваюць характар і звычаі жыхароў, а таксама мясцовыя традыцыі і ўмовы.

20. Інстытуты павінны верна захоўваць i развіваць уласцівую ім дзейнасць, а таксама, улічваючы дабро ўсяго Касцёла i паасобных дыяцэзій, дастасоўваць яе да патрэбаў часу і месца, выкарыстоўваючы адпаведныя, нават новыя сродкі, адыходзячы ад спраў, якія сёння менш адпавядаюць духу i сапраўднаму характару інстытута.

У манаскіх інстытутах трэба захоўваць ва ўсёй паўнаце місійны дух i паводле характару кожнага з іх дастасоўвацца да сучасных умоў так, каб абвяшчэнне Евангелля ўсім народам станавілася больш плённым.

21. Тым інстытутам і кляштарам, якія на думку зацікаўленых мясцовых ардынарыяў і паводле меркавання Апостальскай Сталіцы не даюць абгрунтаванай надзеі на далейшае развіццё, трэба забараніць прымаць у будучыні навіцыяў i, калі гэта магчыма, далучыць іх да іншага, больш дынамічнага інстытута або кляштара, які нязначна адрозніваецца ад іх па мэце і духу.

22. Аўтаномныя (sui iuris) інстытуты і кляштары пры наяўнасці сур’ёзных прычын і з дазволу Апостальскай Сталіцы могуць арганізоўваць федэрацыі, калі нейкім чынам належаць да той самай манаскай сям’і; аб’яднанні — з умовай, што яны маюць амаль аднолькавыя канстытуцыі i звычаі, а таксама той самы дух (асабліва, калі гэтыя інстытуты ці кляштары невялікія); асацыяцыі — калі яны займаюцца аднолькавай або падобнай дзейнасцю.

23. Трэба падтрымліваць канферэнцыі або рады вышэйшых настаяцеляў, устаноўленыя Апостальскай Сталіцай, якія могуць значна прычыніцца да больш поўнай рэалізацыі мэтаў паасобных інстытутаў, падтрымання больш плённага супрацоўніцтва на карысць Касцёла, больш справядлівага размеркавання працаўнікоў Евангелля на акрэсленай тэрыторыі, а таксама да вырашэння супольных манаскіх спраў праз устанаўленне адпаведнай дамоўленасці і супрацоўніцтва з Канферэнцыямі Біскупаў у тым, што датычыць здзяйснення апостальства.

Такія канферэнцыі могуць быць устаноўлены таксама для свецкіх інстытутаў.

24. Святары і хрысціянскія выхавацелі павінны прыкладваць сур’ёзныя намаганні, каб у адпаведнасці з патрэбамі Касцёла ўзрастала колькасць манаскіх пакліканняў, старанна і адпаведна падабраных. Таксама ў звычайным абвяшчэнні Божага слова трэба часцей гаварыць пра евангельскія парады і пра выбар манаскага жыцця. Бацькі, клапоцячыся пра хрысціянскае выхаванне сваіх дзяцей, павінны выхоўваць і аберагаць у іхніх сэрцах пакліканне да манаства. Каб падтрымліваць пакліканні, інстытутам дазваляецца распаўсюджваць інфармацыю пра сябе i шукаць кандыдатаў, аднак з умовай, што гэта будзе рабіцца з адпаведнай разважлівасцю і з захаваннем нормаў, устаноўленых Апостальскай Сталіцай і мясцовым ардынарыем.

Аднак кансэкраваныя асобы павінны памятаць, што прыклад іхняга ўласнага жыцця — гэта найлепшая рэкамендацыя іх інстытута i самае паспяховае запрашэнне выбраць манаскае жыццё.

25. Інстытуты, для якіх устанаўліваюцца гэтыя нормы дастасаванага абнаўлення, павінны ахвотна адказаць на Божы заклік і выканаць сваё заданне ў сучасным Касцёле. Святы Сабор высока ацэньвае спосаб іх жыцця — цнатлівага, убогага i паслухмянага, прыкладам якога з’яўляецца сам Хрыстус Пан, i моцна спадзяецца на іхнюю вельмі плённую працу, ці то ўкрытую, ці то бачную. Таму няхай усе кансэкраваныя асобы з поўнай верай, любоўю да Бога і бліжняга, з умілаваннем крыжа i надзеяй на будучую хвалу распаўсюджваюць ва ўсім свеце добрую навіну пра Хрыста, каб іх сведчанне было бачным для ўсіх i каб быў праслаўлены наш Айцец, каторы ёсць у небе (пар. Mц 5, 16). Так, праз заступніцтва наймілейшай Багародзіцы Дзевы Марыі, «жыццё якой ёсць прыкладам для ўсіх»1 , яны з кожным днём будуць узрастаць i прыносіць штораз багацейшы плён збаўлення.  

Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.


Рым, у св. Пятра, 28 кастрычніка 1965г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)
 
Дэкрэт пра абнаўленне манаскага жыцця абмяркоўваўся на ІІІ сесіі Сабору і абнародаваны 28 кастрычніка 1965 года.

У дакуменце патрабуецца, каб духоўнае абнаўленне папярэднічала абнаўленню інстытуцыйных форм, каб кансэкраваныя асобы вярнуліся да вытокаў хрысціянскага жыцця, да першапачатковага намеру заснавальнікаў іх супольнасцяў, і ў той жа час адпавядалі зменлівым умовам часу, новым патрэбам Касцёла і грамадства, шукаючы новых шляхоў для місіі ў дыялогу з культурай і часам. Паслядоўнікі ўбогага, цнатлівага і паслухмянага Хрыста, якія прысвяцілі сябе місіі збаўлення чалавецтва, узбагачаюць жыццёвыя сілы Касцёла і з’яўляюцца знакам Божага Валадарства, якое ўжо прысутнічае ў гэтым свеце. Дакумент прапануе ажыццявіць глыбокія змены ў арганізацыі жыцця манаскіх інстытутаў.

 

q

  1. S. Ambrosius, De Virginitate, 1. II, c. II, n. 15.
 

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКРЭТ
ПРА УСХОДНІЯ КАТАЛІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ
«ORIENTALIUM ECCLESIARUM»

УСТУП
МЯСЦОВЫЯ КАСЦЁЛЫ, ЦІ АБРАДЫ
ЗАХАВАННЕ ДУХОЎНАЙ СПАДЧЫНЫ УСХОДНІХ КАСЦЁЛАЎ
УСХОДНІЯ ПАТРЫЯРХІ
ДЫСЦЫПЛІНА САКРАМЭНТАЎ
БОЖЫ КУЛЬТ
АДНОСІНЫ З БРАТАМІ АДЛУЧАНЫХ КАСЦЁЛАЎ
ЗАКАНЧЭННЕ


УСТУП

1. Каталіцкі Касцёл высока цэніць інстытуты, літургічныя абрады, касцёльныя традыцыі і дысцыпліну хрысціянскага жыцця Усходніх Касцёлаў, бо ў іх, слаўных сваёй старажытнасцю, выяўляецца традыцыя1, якая паходзіць ад Апосталаў праз айцоў і якая з’яўляецца часткай аб’яўленай Богам i непадзельнай спадчыны ўсяго Касцёла. Таму ў клопаце пра Усходнія Касцёлы, якія з’яўляюцца жывымі сведкамі гэтай традыцыі, Сусветны Святы Сабор, жадаючы, каб яны квітнелі i з новым апостальскім запалам выконвалі даручаныя ім заданні, вырашыў устанавіць некаторыя асноўныя пункты вучэння — акрамя тых, што датычаць усяго Касцёла, пакідаючы астатняе на разгляд усходнім Сінодам i Апостальскай Сталіцы.

МЯСЦОВЫЯ КАСЦЁЛЫ, ЦІ АБРАДЫ

2. Святы і каталіцкі Касцёл, Містычнае цела Хрыста, складаецца з вернікаў, арганічна з’яднаных у Духу Святым адной верай, тымі самымі сакрамэнтамі i тым самым кіраўніцтвам. Яднаючыся ў розныя супольнасці, замацаваныя іерархіяй, яны ўтвараюць мясцовыя Касцёлы, або абрады. Паміж імі існуе цудоўная еднасць, таму гэтая разнастайнасць у Касцёле не толькі не перашкаджае яго еднасці, але наадварот выяўляе яе. Каталіцкі Касцёл жадае, каб традыцыі кожнага мясцовага Касцёла, ці абраду, засталіся цэлымі і непарушнымі. Акрамя гэтага, ён прагне таксама дастасаваць свой спосаб жыцця да зменлівых умоў часу i месца2.

3. Хоць гэтыя мясцовыя Касцёлы, як Усходнія, так і Заходнія, часткова адрозніваюцца паміж сабою гэтак званымі абрадамі, а менавіта літургіяй, касцёльнай дысцыплінай i духоўнай спадчынай, аднак яны аднолькава падпарадкаваны пастырскай уладзе Рымскага Пантыфіка, які з Божай волі з’яўляецца наступнікам св. Пятра ў першынстве над усім Касцёлам. Таму гэтыя Касцёлы маюць аднолькавую годнасць, i ніводзін з іх паводле абраду не пераўзыходзіць іншыя. Яны таксама маюць аднолькавыя правы i тыя самыя абавязкі, у тым ліку абавязак абвяшчаць Евангелле па ўсім свеце (пар. Мк 16, 15) пад кіраўніцтвам Рымскага Пантыфіка.

4. Таму ва ўсім свеце трэба клапаціцца пра захаванне і развіццё ўсіх мясцовых Касцёлаў, а для гэтага трэба ствараць парафіі i ўласную іерархію там, дзе гэтага патрабуе духоўная карысць вернікаў. Іерархі розных мясцовых Касцёлаў, атрымліваючы юрыдычныя правы на адной і той жа тэрыторыі, павінны, раячыся на перыядычных сходах, клапаціцца пра адзінства дзеяння i супольнымі намаганнямі падтрымліваць агульную справу дзеля больш плённага распаўсюджвання рэлігіі i больш эфектыўнага захавання духавенствам дысцыпліны3. Усіх духоўных асоб i тых, хто рыхтуецца да святых пасвячэнняў, трэба старанна вучыць абрадам, асабліва практычным нормам, якія рэгулююць міжабрадавыя пытанні. Акрамя гэтага, нават свецкіх трэба належна вучыць падчас катэхізацыі пра абрады i іх нормы. Нарэшце, усе католікі, i кожны з іх па-асобку, а таксама ахрышчаныя ў любым некаталіцкім Касцёле ці супольнасці, якія далучаюцца да поўнай каталіцкай еднасці, павінны ўсюды трымацца свайго абраду, шанаваць яго і паводле магчымасцяў захоўваць4. Пры гэтым у асаблівых выпадках, якія датычаць асоб, супольнасцяў або тэрыторый, павінна захоўвацца права звяртацца да Апостальскай Сталіцы, якая, як найвышэйшы суддзя ў адносінах паміж Касцёламі, у духу экуменізму паклапоціцца аб задавальненні патрэб сама або праз пасрэдніцтва іншых улад, выдаючы адпаведныя нормы, дэкрэты ці прадпісанні.

ЗАХАВАННЕ ДУХОЎНАЙ СПАДЧЫНЫ УСХОДНІХ КАСЦЁЛАЎ

5. Гісторыя, традыцыі i шматлікія касцёльныя інстытуты выразна сведчаць пра вялікія заслугі Усходніх Касцёлаў адносна паўсюднага Касцёла5. Таму Святы Сабор не толькі ўшаноўвае і справядліва ацэньвае іх эклезіяльную і духоўную спадчыну, але таксама моцна перакананы, што яна з’яўляецца спадчынай усяго Хрыстовага Касцёла. З гэтай прычыны ён урачыста сцвярджае, што Касцёлы, як Усходнія, так i Заходнія, маюць права i абавязак кіравацца ўласнымі спецыяльнымі нормамі, бо яны маюць старажытнае паходжанне, а таксама больш адпавядаюць мясцовым звычаям вернікаў i здаюцца больш прыдатнымі ў клопаце пра дабро душ.

6. Няхай усе ўсходнія хрысціяне ведаюць і будуць цвёрда перакананы, што заўсёды могуць і павінны захоўваць свае законныя літургічныя абрады i дысцыплінарныя нормы і не змяняць іх, калі толькі гэта не будзе карысным для іх асабістага арганічнага развіцця. Усё гэта павінна з найбольшай дакладнасцю захоўвацца самімі ўсходнімі хрысціянамі, якія павінны глыбей пазнаваць гэтыя рэчы і больш дасканала іх выкарыстоўваць. Калі з-за акалічнасцяў часу або асоб яны нейкім чынам адыдуць ад гэтага, то няхай імкнуцца вярнуцца да традыцыі продкаў. Тыя, хто з прычыны пасады ці апостальскай паслугі падтрымлівае частыя адносіны з Усходнімі Касцёламі або з іх вернікамі, павінны падрабязна пазнаёміцца з ведамі i практыкай абрадаў, дысцыплінай, дактрынай, гісторыяй і характарам усходняга хрысціянства адпаведна значнасці сваёй пасады6. Манаскім супольнасцям і таварыствам лацінскага абраду, якія працуюць ва ўсходніх краінах або сярод усходніх вернікаў, дзеля большай плённасці іх апостальскай працы рэкамендуецца ствараць дамы або нават правінцыі ўсходняга абраду, наколькі гэта магчыма7.

УСХОДНІЯ ПАТРЫЯРХІ

7. З даўніх часоў у Касцёле існуе інстытут патрыярхату, прызнаны ўжо першымі Сусветнымі Саборамі8.

Усходні патрыярх — гэта біскуп, які мае ўладу над усімі біскупамі, уключаючы мітрапалітаў, над духавенствам i народам падуладнай яму тэрыторыі або абраду, згодна з нормамі права i з захаваннем першынства Рымскага Пантыфіка9.

Усюды, дзе іерарх якога-небудзь абраду ўстанаўліваецца па-за межамі тэрыторыі патрыярхату, ён залічваецца да членаў іерархіі патрыярхату дадзенага абраду згодна з нормамі права.

8. Патрыярхі Усходніх Касцёлаў, хоць і адрозніваюцца часам устанаўлення сваёй паслугі, з прычыны патрыярхальнай годнасці роўныя паміж сабою. Паміж імі захоўваецца толькі законна ўстаноўленае ганаровае першынство10.

9. Згодна са старажытнай традыцыяй Касцёла, асаблівая пашана належыць патрыярхам Усходніх Касцёлаў, бо кожны з іх узначальвае свой патрыярхат як айцец і галава. Таму Святы Сабор пастанаўляе, каб іх правы і прывілеі былі адноўлены паводле старажытных традыцый кожнага Касцёла i пастаноў Сусветных Сабораў11.

Гэтыя правы і прывілеі супадаюць з тымі, якія існавалі ў эпоху еднасці Усходу і Захаду, хоць у нейкай ступені іх трэба дастасаваць да сённяшніх умоў. Патрыярхі са сваімі Сінодамі ствараюць найвышэйшую інстанцыю для ўсіх спраў патрыярхату, не выключаючы права ўстанаўліваць новыя епархіі і менаваць біскупаў свайго абраду ў межах тэрыторыі патрыярхату, з захаваннем неад’емнага права Рымскага Пантыфіка вырашаць справы ў асобных выпадках.

10. Сказанае пра патрыярхаў адносіцца таксама, паводле права, да вышэйшых арцыбіскупаў, якія ўзначальваюць увесь мясцовы Касцёл або ўвесь абрад12.

11. Паколькі інстытут патрыярхату — гэта традыцыйная форма кіравання ва Усходніх Касцёлах, Сусветны Святы Сабор жадае, каб там, дзе гэта неабходна, узнікалі новыя патрыярхаты, ствараць якія можа толькі Сусветны Сабор або Рымскі Пантыфік 13.

ДЫСЦЫПЛІНА САКРАМЭНТАЎ

12. Сусветны Святы Сабор пацвярджае і хваліць старажытную дысцыпліну сакрамэнтаў, якая існавала ва Усходніх Касцёлах, а таксама практыку іх цэлебрацыі i ўдзялення, і жадае, каб там, дзе гэта неабходна, яна была адноўлена.

13. Указанні пра цэлебранта сакрамэнту канфірмацыі, якія з даўніх часоў існавалі на Усходзе, павінны быць цалкам адноўлены. Таму прэзбітэры могуць удзяляць гэты сакрамэнт, выкарыстоўваючы хрызма, асвячанае патрыярхам або біскупам14.

14. Усе ўсходнія прэзбітэры могуць сапраўдна ўдзяляць гэты сакрамэнт, або разам з хростам, або асобна, усім вернікам розных абрадаў, у тым ліку і лацінскага, захоўваючы дзеля правамоцтва прадпісанні агульнага і мясцовага права15. Таксама прэзбітэры лацінскага абраду на падставе паўнамоцтваў для здзяйснення гэтага сакрамэнту могуць удзяляць яго таксама вернікам Усходніх Касцёлаў, незалежна ад прыналежнасці да таго ці іншага абраду, захоўваючы дзеля правамоцнасці прадпісанні агульнага і мясцовага права16.

15. У нядзелю і святы вернікі абавязаны ўдзельнічаць у боскай Літургіі або, згодна з прадпісаннямі ці звычаем уласнага абраду, у цэлебрацыі Божай Хвалы17. Каб вернікі змаглі без перашкод выканаць гэты абавязак, пастанаўляецца, што адпаведным часам для выканання гэтага наказу з’яўляецца час ад Нешпараў вігіліі аж да канца нядзелі або свята18. Вернікам настойліва рэкамендуецца прымаць св. Эўхарыстыю ў гэтыя дні, або яшчэ часцей ці нават штодзённа19.

16. З прычыны пастаяннага сумеснага пражывання вернікаў розных мясцовых Касцёлаў у тым самым рэгіёне або на той самай усходняй тэрыторыі, паўнамоцтвы прэзбітэраў кожнага абраду выслухоўваць споведзь, дадзеныя адпаведным чынам і без абмежаванняў іх іерархамі, пашыраюцца на ўсе тэрыторыі таго, хто даў такія паўнамоцтвы, а таксама на месцы i на вернікаў кожнага абраду на той самай тэрыторыі, калі толькі які-небудзь мясцовы іерарх выразна не адмовіць у гэтым для мясцовасці свайго абраду20.

17. Каб старажытны парадак сакрамэнту пасвячэння зноў набыў сваё значэнне ва Усходніх Касцёлах, Святы Сабор жадае ўзнавіць сталы дыяканат там, дзе ён ужо выйшаў са звычаю21. Што датычыць субдыяканату i ніжэйшых пасвячэнняў, а таксама іх правоў і абавязкаў, то пра гэта павінна паклапаціцца заканадаўчая ўлада кожнага мясцовага Касцёла22.

18. Каб пазбегнуць несапраўднасці сужэнства тады, калі ўсходнія католікі заключаюць сужэнскі саюз з усходнімі ахрышчанымі некатолікамі, і дзеля трываласці i святасці сужэнскага саюзу, а таксама дзеля спакою ў сям’і Святы Сабор пастанаўляе, што кананічная форма заключэння такога сужэнства з’яўляецца абавязковай толькі для яго годнасці. Для сапраўднасці дастаткова прысутнасці святара, пры ўмове, што будуць захаваныя іншыя абавязковыя прававыя нормы23.

БОЖЫ КУЛЬТ

19. Супольныя святы для ўсіх Усходніх Касцёлаў у будучыні можа ўстанаўліваць, пераносіць або ліквідаваць толькі Сусветны Сабор ці Апостальская Сталіца. Святы, абавязковыя ў паасобных мясцовых Касцёлах, акрамя Апостальскай Сталіцы маюць права ўстанаўліваць, пераносіць або ліквідаваць таксама Сіноды патрыярхатаў або архідыяцэзій. Аднак пры гэтым трэба лічыцца з усім рэгіёнам і іншымі мясцовымі Касцёламі24.

20. Пакуль паміж усімі хрысціянамі няма жаданай згоды наконт устанаўлення дня, калі ўсе разам адзначалі б урачыстаць Пасхі, то патрыярхам або вышэйшым мясцовым касцёльным уладам для падтрымання еднасці сярод хрысціянаў, што жывуць у тым самым рэгіёне або ў той самай краіне, рэкамендуецца пасля абмеркавання гэтай справы з усімі зацікаўленымі бакамі дайсці да згоды ў тым, што датычыць святкавання Пасхі ў адзін і той жа нядзельны дзень25.

21. Асобныя вернікі, што знаходзяцца па-за межамі рэгіёна ці тэрыторыі свайго абраду, адносна прадпісання пра пасты і святы цалкам могуць дастасоўвацца да парадку, які дзейнічае на той ці іншай тэрыторыі, на якой яны цяпер знаходзяцца. У змешаных сем’ях гэты закон можна захоўваць паводле аднаго і таго ж абраду26.

22. Усходняе духавенства, манахі i манашкі павінны цэлебраваць Божыя Хвалы, якія са старажытных часоў былі ў вялікай пашане ва ўсіх Усходніх Касцёлах27, паводле ўласных прадпісанняў i традыцыі. Таксама вернікі па прыкладзе продкаў няхай, паводле магчымасцяў, пабожна ўдзельнічаюць у Божых Хвалах.

23. Патрыярх са сваім Сінодам або найвышэйшыя ўлады кожнага Касцёла разам з Радай іерархаў маюць права сачыць за выкарыстаннем розных моў у святых літургічных дзеяннях, а таксама, паведаміўшы Апостальскай Сталіцы, зацвярджаць пераклады тэкстаў на нацыянальную мову28.

АДНОСІНЫ З БРАТАМІ АДЛУЧАНЫХ КАСЦЁЛАЎ

24. Усходнія Касцёлы, якія застаюцца ў лучнасці з Рымскай Апостальскай Сталіцай, маюць асаблівы абавязак падтрымліваць еднасць усіх хрысціянаў, асабліва ўсходніх, згодна з прынцыпамі Дэкрэту «Пра экуменізм» гэтага ж Святога Сабору, найперш праз малітву, прыкладнае жыццё, пабожную вернасць старажытным усходнім традыцыям, глыбейшае ўзаемапазнанне, супрацоўніцтва i братэрскую павагу да ўсяго і ўсіх29.

25. Ад адлучаных усходніх хрысціянаў, якія пад натхненнем ласкі Духа Святога прыходзяць да каталіцкай еднасці, нельга патрабаваць нічога больш, акрамя звычайнага вызнання каталіцкай веры. A паколькі святарства ў іх засталося сапраўдным, то духоўныя ўсходняга абраду, якія згаджаюцца на каталіцкую еднасць, могуць выконваць сваю святарскую паслугу згодна з нормамі, устаноўленымі кампетэнтнай уладай30.

26. Сумесны ўдзел у сакральных дзеяннях (communicatio in sacris), які перашкаджае еднасці Касцёла або вядзе да фармальнай прыхільнасці да памылак ці небяспекі адыходу ад веры, зняверання i абыякавасці, забаронены Божым законам31. Аднак пастырская практыка паказвае, што калі размова ідзе пра ўсходніх братоў, то можна і трэба ўлічваць розныя сітуацыі кожнай асобы, калі еднасць Касцёла не стаіць пад пагрозай і калі няма небяспек, якіх трэба пазбягаць, а таксама калі да гэтага змушае неабходнасць збаўлення і дабро душ. Таму каталіцкі Касцёл адпаведна акалічнасцям часу, месца i асоб часта дзейнічаў і дзейнічае больш памяркоўна, даючы ўсім сродкі збаўлення i сведчанне любові паміж хрысціянамі праз удзел у сакрамэнтах i іншых сакральных рэчах. Дзеля таго, каб «з прычыны суровых прысудаў мы не сталі перашкодай у збаўленні тых, хто збаўляецца»32, а таксама дзеля большай падтрымкі еднасці з адлучанымі ад нас Усходнімі Касцёламі Святы Сабор устанаўлівае наступны парадак дзеянняў.

27. Згодна з пералічанымі вышэй прынцыпамі ўсходнім хрысціянам, адлучаным ад каталіцкага Касцёла не па іх уласнай злой волі, можна ўдзяляць сакрамэнты пакаяння, Эўхарыстыі i намашчэння хворых, калі яны самі аб гэтым просяць i будуць належна да іх падрыхтаваныя. Больш за тое, католікі таксама могуць прасіць аб гэтых сакрамэнтах некаталіцкіх духоўных, у Касцёлах якіх ёсць гэтыя сапраўдныя сакрамэнты, наколькі гэтага будзе патрабаваць неабходнасць або сапраўдная духоўная карысць і калі доступ да каталіцкага святара будзе фізічна або маральна немагчымым33.

28. Паводле тых самых прынцыпаў дазваляецца сумесны ўдзел католікаў і ўсходніх адлучаных братоў у сакральных дзеяннях (communicatio in sacris), рэчах і месцах паводле слушнай прычыны34.

29. Гэты больш памяркоўны парадак сумеснага ўдзелу ў сакральных дзеяннях (communicatio in sacris) з братамі адлучаных Усходніх Касцёлаў даручаецца чуйнаму клопату i кіраўніцтву мясцовых іерархаў, каб пасля супольнай нарады і, калі абставіны патрабуюць, выслухаўшы іерархаў адлучаных Касцёлаў, яны маглі рэгуляваць адносіны паміж хрысціянамі з дапамогай адпаведных i дзейсных прадпісанняў і норм.

ЗАКАНЧЭННЕ

30. Святы Сабор вельмі радуецца плённаму і актыўнаму супрацоўніцтву Усходніх i Заходніх каталіцкіх Касцёлаў, a таксама сцвярджае, што ўсе юрыдычныя нормы ўстанаўліваюцца для сучасных умоў, пакуль каталіцкі Касцёл i Усходнія адлучаныя Касцёлы не дойдуць да поўнай еднасці.

Аднак у той жа час усіх усходніх і заходніх хрысціянаў ён настойліва просіць горача і шчыра маліцца, нават штодзённа, да Бога, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Багародзіцы ўсе сталі адно. Няхай моляцца таксама, каб на ўсіх хрысціянаў кожнага Касцёла, якія мужна вызнаюць імя Хрыста, церпяць і зносяць уціск, сышла паўната дапамогі i суцяшэння ад Духа Святога Суцяшыцеля.

Усе мы павінны любіць адзін аднаго братняю любоўю, апярэджваць адзін аднаго ў зычлівасці35.

Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.


Рым, у св. Пятра, 21 лістапада 1964г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)
 
АБВЯШЧЭННЕ

Для Дэкрэта «Пра Усходнія каталіцкія Касцёлы» Найвышэйшы Пантыфік устанавіў тэрмін увядзення ў жыццё — два месяцы. Аднак патрыярхам даецца права па слушнай прычыне зменшыць або прадоўжыць гэты тэрмін.
† ПЕРЫКЛЕС ФЕЛІЧЫ
Тытулярны Арцыбіскуп Самасаты
Генеральны Сакратар Другога Ватыканскага
Сусветнага Святога Сабору

 
Дакумент пра Усходнія каталіцкія Касцёлы быў прадстаўлены на другой сесіі. Ён быў сур’ёзна перапрацаваны паміж другой і трэцяй сесіяй згодна з саборнымі распрацоўкамі вучэння пра Касцёл. Абмеркаванне дакумента на трэцяй сесіі Сабору прайшло без асаблівых складанасцяў. Канчатковы дакумент, натхнёны ў значнай ступені эклезіяльнымі прынцыпамі Канстытуцыі пра Касцёл, прызнае і сцвярджае каштоўнасць усходняй традыцыі, яе значэнне ў супольнасці Касцёлаў, асаблівую місію Усходніх каталіцкіх Касцёлаў быць мастом еднасці для праваслаўных Касцёлаў, якія не знаходзяцца ў еднасці з Рымам, аднолькавую годнасць абрадаў. Тэкст падкрэслівае неабходнасць аднавіць прывілеі ўсходніх патрыярхатаў згодна са старажытнымі традыцыямі, узнавіць старажытны парадак супольнага ўдзелу ў сакрамэнтах і ў святых абрадах з усходнімі некатолікамі. Дэкрэт быў абнародаваны 21 лістапада 1964 года.

q

  1. Пар. LEO XIII, Litt. Ap. Orientalium dignitas, 30 nov. 1894, in Leonis XIII Acta, vol. XIV, pp. 201-202.
  2. Пар. S. LEO IX, Litt. In terra pax, an. 1053: «Ut enim». INNOCENTIUS III, Synodus Lateranensis IV, an. 1215, cap. IV: «Licet Graecos»; Litt. Inter quatuor, 2 aug. 1206: «Postulasti postmodum». INNOCENTIUS IV, Ep. Cum de cetero, 27 aug. 1247; Ep. Sub catholicae, 6 mart. 1254, prooem.: Magnum Bullarium Romanum III, pp. 340. NICOLAUS III, Instructio Istud est memoriale, 9 oct. 1278. LEO X, Litt. Ap. Accepimus nuper, 18 maii 1521. PAULUS III, Litt. Ap. Dudum, 23 dec. 1534; PIUS IV, Const. Romanus Pontifex, 16 febr. 1564, § 5. CLEMENS VIII, Const. Magnus Dominus, 23 dec. 1595, § 10. PAULUS V, Const. Solet circumspecta, 10 dec. 1615, § 3. BENEDICTUS XIV, Ep. Enc. Demandatam, 24 dec. 1743, § 3; Ep. Encycl. Allatae sunt, 26 iun. 1755, §§ 3, 6-19, 32. PIUS VI, Litt. Encycl. Catholicae communionis, 24 maii 1787. PIUS IX, Litt. In suprema, 6 ian. 1848, § 3; Litt. Ap. Ecclesiam Christi, 26 nov. 1853; Const. Romani Pontificis, 6 ian. 1862. LEO XIII, Litt. Ap. Praeclara, 20 iun. 1894, n. 7; Litt. Ap. Orientalium dignitas, 30 nov. 1894, prooem.; etc.
  3. Пар. PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun. 1957, can. 4.
  4. PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun. 1957, can. 8: «sine licentia Sedis Apostolicae» (без дазволу Апостальскай Сталіцы), паводле практыкі папярэдніх стагоддзяў. Тое ж, адносна ахрышчаных некатолікаў, змешчана ў кан. 11: «ritum quem maluerint amplecti possunt» (яны могуць выбраць той абрад, які пажадаюць). У дадзеным тэксце непасрэдна прапануецца ўсім і па ўсёй зямлі захоўваць свой абрад.
  5. Пар. LEO XIII, Litt. Ap. Orientalium dignitas, 30 nov. 1894; Ep. Ap. Praeclara gratulationis, 20 iun. 1894, а таксама дакументы, названыя ў спасылцы 2.
  6. Пар. BENEDICTUS XV, Motu proprio Orientis catholici, 15 oct. 1917; PIUS XI, Litt. Encycl. Rerum orientalium, 8 sept. 1928, etc.
  7. Практыка каталіцкага Касцёла ў часы Пія XI, Пія XII, Яна XXIII дае шмат такіх прыкладаў.
  8. Пар. SYN. NIC. I, can. 6; CONSTANTINOP. I, can. 2 et 3; CHALCED., can. 28; can. 9; CONSTANTINOP. IV, can. 17; can. 21; LATERAN. IV, can. 5; can. 30; FLORENT., Decr. pro Graecis; etc.
  9. Пар. SYN. NIC. I, can. 6; CONSTANTINOP. I, can. 3; CONSTANTINOP. IV, can. 17; PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, can. 216, § 2, 11.
  10. In SYN. OECUM.: NIC. I, can. 6; CONSTANTINOP. I, can. 3; CONSTANTINOP. IV, can. 21; LATERAN. IV, can. 5; FLORENT., Decr. pro Graecis, 6 iul. 1439, § 9. Пар. PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun. 1957, can. 219, etc.
  11. Пар. вышэй, спасылка 8.
  12. Пар. SYN. EPHES., can. 8. CLEMENS VII, Decet Romanum Pontificem, 23 febr. 1956. PIUS VII, Litt. Ap. In universalis Ecclesiae, 22 febr. 1807; PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun 1957, can. 324-339; SYN. CARTHAGIN., an. 419, can. 17.
  13. Пар. SYN. CARTHAGIN., an. 419, can. 17 et 57; CHALCED., an. 451, can. 12; S. INNOCENTIUS I, Litt. Et onus et honor, a. c. 415: «Nam quid sciscitaris»; S. NICOLAUS I, Litt. Ad consulta vestra, 13 nov. 866: «A quo autem»; INNOCENTIUS III, Litt. Rex regum, 25 febr. 1204; LEO XII, Const. Ap. Petrus Apostolorum Princeps, 15 aug. 1824; LEO XIII, Litt. Ap. Christi Domini, an. 1895; PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun. 1957, can. 159.
  14. Пар. INNOCENTIUS IV, Ep. Sub catholicae, 6 mart. 1254, § 3, n. 4; SYN. LUGD. II, an. 1274 (professio fidei Michaelis Palaeologi Gregorio X oblata); EUGENIUS IV, in Syn. Florentina, Const. Exsultate Deo, 22 nov. 1439, § 11; CLEMENS VIII, Instr. Sanctissimus, 31 aug. 1595; BENEDICTUS XIV, Const. Etsi pastoralis, 26 maii 1742, § II, n. I, § III, n. 1, etc.; SYN. LAODIC., an. 347-381, can. 48; SYN. SISEN. ARMENORUM, an. 1342; SYN. LIBANEN. MARONITARUM, an. 1736, P. II, Cap. III, n. 2, et aliae Synodi particulares.
  15. Пар. S. C. S. OFFICII, Instr. (ad Ep. Scepusien.), an. 1783; S. C. DE PROP. FIDE (pro Coptis), 15 mart. 1790, n. XIII; Decr. 6 oct. 1863, C, a; S. C. PRO ECCL. ORIENT., 1 maii 1948; S. C. S. OFFICII, resp. 22 apr. 1896 Cum litt. 19 maii 1896.
  16. CIC, can. 782, § 4; S. C. PRO ECCL. ORIENT., Decr. De Sacramento Confirmationis administrando etiam fidelibus orientalibus a presbyteris latini ritus, qui hoc indulto gaudent pro fidelibus sui ritus, 1 maii 1948.
  17. Пар. SYN. LAODICEN., an. 347-381, can. 29; S. NICEPHORUS CP., cap. 14; SYN. DUINEN. ARMENORUM, an. 719, can. 31; S. THEODORUS STUDITA, Sermo 21; S. NICOLAUS I, Litt. Ad consulta vestra, 13 nov. 866: «In quorum Apostolorum»; «Nosse cupitis»; «Quod interrogatis»; «Praeterea consulitis»; «Si die Dominico»; et Synodi particulares.
  18. Гэта штосьці новае, прынамсі там, дзе дзейнічае абавязак удзельнічаць у боскай Літургіі; дарэчы, гэта супадае з літургічным днём хрысціянаў усходняга абраду.
  19. Пар. CANONES APOSTOLORUM, 8 et 9; SYN. ANTIOCH., an. 341, can. 2; TIMOTHEUS ALEXANDRINUS, interrogat. 3; INNOCENTIUS III, Const. Quia divinae, 4 ian. 1215; et plurimae Synodi particulares Ecclesiarum Orientalium recentiores.
  20. Пры захаванні тэрытарыяльнай юрысдыкцыі канон імкнецца дзеля дабра душ забяспечыць больш юрысдыкцыі на адной і той жа тэрыторыі.
  21. Пар. SYN. NIC. I, can. 18; SYN. NEOCAESARIEN., an. 314-325, can. 12; SYN. SARDICEN., an. 343, can. 8; S. LEO M., Litt. Omnium quidem, 13 ian. 444; SYN. CHALCED., can. 6; SYN. CONSTANTINOP. IV, can. 23, 26; etc.
  22. Субдыяканат лічыцца ў многіх Усходніх Касцёлах ніжэйшай ступенню, аднак Motu proprio Пія XII, Cleri sanctitati, прадпісвае яму абавязкі вышэйшых пасвячэнняў. Канон прапануе вярнуцца да старажытнай дысцыпліны некаторых Касцёлаў адносна абавязкаў субдыяканаў, абмежаваўшы дзеянне агульнага права, змешчанага ў Motu proprio Cleri sanctitati.
  23. Пар. PIUS XII, Motu proprio Crebrae allatae, 22 febr. 1949, can. 32, § 2, n. 5 (паўнамоцтвы патрыярхаў даваць дыспенсу ад формы); PIUS XII, Motu proprio Cleri sanctitati, 2 iun. 1957, can. 267 (паўнамоцтвы патрыярхаў здзяйсняць аздараўленне ў корані); S. C. S. OFFICII et S. C. PRO ECCL. ORIENT., an. 1957, дае паўнамоцтвы ўдзяляць дыспенсу ад формы і здзяйсняць аздараўленне ў корані паводле недахопу формы (на пяць гадоў): «extra patriarchatus, Metropolitis, ceterisque Ordinariis locorum... qui nullum habent Superiorem infra Sanctam Sedem» (акрамя патрыярхаў, таксама мітрапалітам і іншым мясцовым ардынарыям... у якіх няма кіраўніка ніжэй Святой Сталіцы).
  24. Пар. S. LEO M., Litt. Quod saepissime, 15 apr. 454: «Petitionem autem»; S. NICEPHORUS CP., cap. 13; Syn. Sergii Patriarchae, 18 sept. 1596, can. 17; PIUS VI, Litt. Ap. Assueto paterne, 8 apr. 1775; etc.
  25. Пар. SYN. VAT. II, Const. De Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, 4 dec. 1963: AAS 56 (1964), pp. 133 Appendix.
  26. Пар. CLEMENS VIII, Instr. Sanctissimus, 31 aug. 1595, § 6: «Si ipsi graeci»; S. C. S. OFFICII, 7 iun. 1673, ad 1 et 3; 13 mart. 1727, ad 1; S. C. DE PROP. FIDE, Decr. 18 aug. 1913, art. 33; Decret. 14 aug. 1914, art. 27; Decr. 27 mart. 1916, art. 14; S. C. PRO ECCL. ORIENT., Decr. 1 mart. 1929, art. 36; Decr. 4 maii 1930, art. 41.
  27. Пар. SYN. LAODICEN., 347-381, can. 18; Syn. Mar Issaci Chaldaeorum, an. 410, can. 15; S. NERSES GLAIEN. ARMENORUM, an. 1166; INNOCENTIUS IV, Ep. Sub catholicae, 6 mart. 1254, § 8; BENEDICTUS XIV, Const. Etsi pastoralis, 26 maii 1742, § 7, n. 5; Instr. Eo quamvis tempore, 4 maii 1745, §§ 42ss.; і зусім нядаўнія мясцовыя Сіноды: армянаў (1911), коптаў (1898), маранітаў (1736), румынаў (1872), русінаў (1891), сірыйцаў (1888).
  28. З усходняй традыцыі.
  29. Са зместу бул пра еднасць усіх каталіцкіх Усходніх Касцёлаў.
  30. Наказ Сіноду адносна асобных усходніх братоў і адносна ўсіх пасвячэнняў любой ступені, як боскага, так і касцёльнага права.
  31. Гэтае вучэнне надалей трывае ў адлучаных Касцёлах.
  32. S. BASILIUS M., Epistula canonica ad Amphilochium, PG 32, 669B.
  33. Падставай для гэтага выключэння з’яўляецца: 1) сапраўднасць сакрамэнтаў; 2) добрая вера і падрыхтаванасць; 3) неабходнасць вечнага збаўлення; 4) адсутнасць уласнага святара; 5) адсутнасць небяспек, якіх трэба пазбягаць, а таксама фармальнай прыхільнасці да памылак.
  34. Маецца на ўвазе «communicatione in sacris extrasacramentali» (па-за сакрамэнтальны ўдзел у сакральных дзеяннях). Сабор робіць такое выключэнне, з умовай захавання неабходнага.
  35. Пар. Рым 12, 10.
 

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКРЭТ
ПРА ФАРМАЦЫЮ СВЯТАРОЎ
«OPTATAM TOTIUS»



УСТУП

Добра разумеючы, што жаданае абнаўленне ўсяго Касцёла ў значнай ступені залежыць ад ажыўленай духам Хрыста1 паслугі святароў, Святы Сабор падкрэслівае вельмі важнае значэнне святарскай фармацыі. Ён падае таксама яе некаторыя асноўныя прынцыпы, якія пацвярджаюць законы, выпрабаваныя шматвяковай практыкай, і дапаўняе іх згодна з Канстытуцыямі і Дэкрэтамі гэтага Сабору і паводле зменлівых умоў часу. З увагі на саму еднасць каталіцкага святарства гэтая святарская фармацыя неабходна ўсяму духавенству, як дыяцэзіяльнаму, так і манаскаму, незалежна ад прыналежнасці да таго ці іншага абраду. Таму дадзеныя прадпісанні, якія непасрэдна датычаць дыяцэзіяльнага святарства, з адпаведнымі зменамі трэба дастасаваць да ўсіх.

I. УСТАНАЎЛЕННЕ ПРАГРАМЫ ФАРМАЦЫІ СВЯТАРОЎ ДЛЯ ПААСОБНЫХ НАРОДАЎ

1. Паколькі ў такой вялікай разнастайнасці народаў і рэгіёнаў можна выдаваць толькі агульныя законы, для кожнай краіны і для кожнага абраду трэба распрацаваць спецыяльную «Праграму фармацыі святароў». Яна ўстанаўліваецца Канферэнцыямі Біскупаў2, на працягу некаторага часу пераглядаецца i зацвярджаецца Апостальскай Сталіцай. У ёй агульныя законы павінны быць дастасаваны да канкрэтных умоў часу і месца, каб фармацыя святароў заўсёды адпавядала пастырскім патрэбам тых рэгіёнаў, дзе будзе здзяйсняцца іх паслуга.

II. РУПЛІВАЯ ПАДТРЫМКА ПАКЛІКАННЯЎ ДА СВЯТАРСТВА

2. Абавязак падтрымліваць пакліканні3 мае ўся хрысціянская супольнасць, якая павінна выконваць яго перш за ўсё праз поўнае хрысціянскае жыццё. У найбольшай ступені гэтаму садзейнічаюць сем’і, прасякнутыя духам веры, любові і пабожнасці, якія становяцца як бы першай семінарыяй, а таксама парафіі, у актыўным жыцці якіх удзельнічаюць юнакі. Настаўнікі і ўсе, хто нейкім чынам займаецца выхаваннем дзяцей і моладзі, асабліва ў каталіцкіх аб’яднаннях, павінны старацца так выхоўваць даручаную ім моладзь, каб яна магла распазнаць у сабе Божае пакліканне і ахвотна адказаць на яго. Усе святары павінны прыкладваць найбольшую апостальскую руплівасць у справе падтрымкі пакліканняў, а сваім пакорным, працавітым жыццём, напоўненым радасцю, узаемнай святарскай любоўю i братнім супрацоўніцтвам прыцягваюць душы юнакоў да святарства.

Біскупы павінны заахвочваць сваю аўчарню падтрымліваць пакліканні і клапаціцца пра з’яднанне ўсіх намаганняў і прац у гэтым кірунку. Няхай, не зважаючы ні на якія ахвяры, па-айцоўску падтрымліваюць тых, каго прызнаюць пакліканымі да служэння Пану.

Гэтае актыўнае супрацоўніцтва ўсяго Божага народу ў справе падтрымкі пакліканняў адпавядае дзеянню Божага Провіду, які ўдзяляе адпаведныя дары асобам, выбраным Богам для ўдзелу ў іерархічным святарстве Хрыста, i дапамагае ім сваёй ласкай, і ў сваю чаргу правамоцным распарадчыкам Касцёла даручае абавязак клікаць адпаведных кандыдатаў, якія шчыра і цалкам дабравольна імкнуцца да такога вялікага задання, каб, пераканаўшыся ў іх здольнасці, яны кансэкравалі іх пячаццю Духа Святога для Божага культу i служэння Касцёлу4.

Святы Сабор рэкамендуе найперш традыцыйныя сродкі супрацоўніцтва ўсёй супольнасці, якімі з’яўляюцца трывалая малітва, хрысціянскае пакаянне, а таксама ўсё больш грунтоўнае навучанне вернікаў праз казанні і катэхезу, ці таксама праз розныя сродкі масавай камунікацыі пра неабходнасць, сутнасць i ўзнёсласць паклікання да святарства. Акрамя гэтага, Таварыствам падтрымкі пакліканняў, якія ўжо існуюць ці будуць створаны на тэрыторыі кожнай дыяцэзіі, краіны ці рэгіёна, Сабор даручае метадычнае і сістэматычнае кіраванне паводле папскіх дакументаў усёй пастырскай дзейнасцю па падтрымцы пакліканняў, не занядбоўваючы ніякіх карысных дадатковых сродкаў, прапанаваных сучаснай псіхалогіяй і сацыялогіяй, каб яны развівалі гэтую дзейнасць з адпаведнай развагай і стараннасцю5.

Справа падтрымкі пакліканняў павінна пашырацца і выходзіць за межы паасобных дыяцэзій, краін, манаскіх супольнасцяў ці абрадаў, каб, беручы пад увагу патрэбы паўсюднага Касцёла, дапамагаць асабліва тым рэгіёнам, дзе асабліва востра адчуваецца неабходнасць у працаўніках Панскага вінаградніка.

3. Выхаванцаў ніжэйшых семінарый, заснаваных для развіцця ўзнікаючых пакліканняў, праз спецыяльнае рэлігійнае выхаванне, асабліва праз адпаведнае духоўнае кіраўніцтва, трэба рыхтаваць да таго, каб яны маглі велікадушна i з чыстым сэрцам пайсці за Хрыстом Адкупіцелем. Пад айцоўскім кіраўніцтвам настаяцеляў і пры належным супрацоўніцтве бацькоў ім трэба весці жыццё, якое адпавядае іх узросту, духу і развіццю падлеткаў і цалкам згоднае са здаровымі псіхалагічнымі нормамі. Яно не павінна таксама перашкаджаць набыццю адпаведнага досведу ў чалавечых справах і адносінам са сваёй сям’ёй6. Акрамя гэтага, нормы, устаноўленыя ў далейшым для вышэйшых семінарый, павінны быць дастасаваныя да мэты i сутнасці ніжэйшай семінарыі. Заняткі для семінарыстаў трэба арганізаваць так, каб яны без перашкод маглі працягваць вучобу ў іншых месцах, калі ў будучым яны пажадаюць выбраць іншы жыццёвы статус.

З аднолькавым клопатам трэба ўзрошчваць парасткі паклікання ў падлеткаў і юнакоў, якія вучацца ў спецыяльных інстытутах, што з прычыны мясцовых умоў таксама служаць мэтам ніжэйшых семінарый, а таксама ў тых, хто вучыцца ў іншых школах або выхаваўчых установах. Трэба таксама старанна падтрымліваць навучальныя ўстановы i іншыя пачынанні для тых, хто ідзе за Божым пакліканнем, будучы ў больш сталым узросце.

III. АРГАНІЗАЦЫЯ ВЫШЭЙШЫХ СЕМІНАРЫЙ

4. Вышэйшыя семінарыі для фармацыі святароў неабходныя. Інтэгральнае выхаванне ў іх павінна быць скіравана на тое, каб па прыкладзе нашага Пана Езуса Хрыста, Настаўніка, Святара i Пастыра, семінарысты сталі сапраўднымі пастырамі душ7. Таму іх трэба рыхтаваць: да паслугі слова, каб яны ўсё больш спасцігалі аб’яўленае Божае слова, засвойвалі яго праз разважанне і выяўлялі словам і паводзінамі; да культавага служэння і асвячэння, каб, молячыся і цэлебруючы сакральныя літургічныя дзеянні, яны здзяйснялі справу збаўлення праз эўхарыстычную Ахвяру i сакрамэнты; да пастырскага служэння, каб яны ўмелі паказаць людзям Хрыста, які «не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» (Mк 10, 45, пар. Ян 13, 12-17), i каб, стаўшы слугамі ўсіх, яны многіх знайшлі (пар. 1 Кар 9, 19).

Таму ўсе аспекты духоўнай, інтэлектуальнай і дысцыплінарнай фармацыі павінны быць гарманічна скіраваныя да той пастырскай мэты, дзеля якой усе кіраўнікі і выкладчыкі павінны старанна і аднадушна супрацоўнічаць у вернай паслухмянасці ўладзе біскупа.

5. Паколькі фармацыя семінарыстаў залежыць таксама ад мудрых законаў, а ў большай ступені ад адпаведных выхаваўцаў, то кіраўнікоў і выкладчыкаў семінарый трэба выбіраць з найлепшых мужоў8 і старанна рыхтаваць, каб яны набылі грунтоўную адукацыю, адпаведны пастырскі вопыт і спецыяльную духоўную і педагагічную падрыхтоўку. Для дасягнення гэтай мэты трэба ствараць спецыяльныя ўстановы або прынамсі арганізоўваць курсы з адпаведнай праграмай, a таксама праводзіць у вызначаны тэрмін сустрэчы кіраўнікоў семінарый.

Кіраўнікі і выкладчыкі павінны добра разумець, што ад іх спосабу мыслення і паводзін у значнай ступені залежыць вынік фармацыі семінарыстаў. Пад кіраўніцтвам рэктара яны павінны дасягнуць самай цеснай згоды ў духу і дзейнасці, a паміж сабой і разам з семінарыстамі стварыць сям’ю, якая б адпавядала малітве Пана: «Каб усе былі адно» (пар. Ян 17, 11), а таксама павінны падтрымліваць сярод семінарыстаў радасць ад свайго паклікання. Біскуп павінен з пастаяннай і клапатлівай любоўю дапамагаць працаўнікам семінарыі, a для семінарыстаў павінен быць сапраўдным айцом у Хрысце. Нарэшце, усе святары павінны лічыць семінарыю сэрцам дыяцэзіі i ахвотна дапамагаць ёй9.

6. З няспынным клопатам, згодна з узростам і развіццём кожнага кандыдата, трэба правяраць шчырасць іх намеру, свабоду выбару, духоўныя, маральныя і інтэлектуальныя здольнасці, неабходнае фізічнае і псіхічнае здароўе, улічваючы таксама магчымыя спадчынныя схільнасці. Трэба звяртаць увагу таксама на здольнасці кандыдатаў несці цяжар святарскага жыцця i выконваць пастырскія абавязкі10.

Аднак ва ўсёй справе выбару i адпаведнага выпрабавання семінарыстаў трэба заўсёды кіравацца рашучасцю, нават пры недахопе святароў11, бо не дазволіць Бог, каб Яго Касцёл застаўся без распарадчыкаў, калі будуць выбіраць толькі годных кандыдатаў, а неадпаведных своечасова і па-бацькоўску накіроўваць да іншых абавязкаў i дапамагаць ім, каб яны, усведамляючы сваё хрысціянскае пакліканне, ахвотна распачалі справу апостальства свецкіх.

7. Там, дзе асобныя дыяцэзіі не могуць адпаведным чынам арганізаваць сваю семінарыю, трэба ствараць i падтрымліваць міждыяцэзіяльныя семінарыі, агульныя для аднаго рэгіёна ці краіны, каб паспяхова забяспечыць грунтоўную фармацыю семінарыстаў, што ў гэтай справе павінна быць найвышэйшым законам. Такімі рэгіянальнымі ці нацыянальнымі семінарыямі трэба кіраваць паводле статутаў, распрацаваных зацікаўленымі біскупамі12 i зацверджаных Апостальскай Сталіцай.

Аднак у семінарыях, дзе ёсць шмат семінарыстаў, трэба, захоўваючы адзінства кіраўніцтва i выкладання навук, размяркоўваць семінарыстаў паводле разумных крытэрыяў па невялікіх групах, каб лепш садзейнічаць асабістай падрыхтоўцы кожнага з іх.

IV. БОЛЬШ СТАРАННАЯ ДУХОЎНАЯ ФАРМАЦЫЯ

8. Духоўная фармацыя павінна быць цесна спалучана з дактрынальнай і пастырскай. Яе, найперш з дапамогай духоўнага кіраўніка13, трэба весці так, каб семінарысты вучыліся жыць у глыбокай і няспыннай лучнасці з Айцом праз Яго Сына Езуса Хрыста ў Духу Святым. Тыя, хто праз пасвячэнне прыпадобняцца да Хрыста Святара, павінны прызвычайвацца таксама праводзіць усё жыццё ў цеснай еднасці з Ім, як Яго сябры14. Няхай так перажываюць Яго Пасхальную таямніцу, каб у будучыні маглі ўтаямнічваць у яе народ, які будзе даручаны ім. Няхай вучацца шукаць Хрыста ў верным разважанні над Божым словам, у актыўным удзеле ў святых таямніцах Касцёла і перш за ўсё ў Эўхарыстыі i ў Літургіі гадзінаў15. Няхай вучацца шукаць Яго ў біскупе, які пасылае іх на служэнне, i ў людзях, да якіх яны пасланы, асабліва ў бедных, дзецях, хворых, грэшніках i няверуючых. Няхай з сыноўскім даверам любяць і ўшаноўваюць Благаслаўлёную Дзеву Марыю, якую Езус Хрыстус, паміраючы на крыжы, даў вучню за маці.

Пабожныя практыкі, правераныя высока шанаваным вопытам Касцёла, трэба старанна падтрымліваць. Аднак трэба імкнуцца, каб духоўнае выхаванне складалася не толькі з іх i каб развівала не толькі рэлігійнае пачуццё. Семінарысты павінны больш вучыцца жыць паводле Евангелля, умацоўвацца ў веры, надзеі i любовi, каб праз практыкаванне гэтых цнотаў выхаваць у сабе дух малітвы16, умацаваць і захаваць сваё пакліканне, набыць іншыя цноты і ўзрасці ў жаданні прывесці да Хрыста ўсіх людзей.

9. Семінарысты павінны так пранікнуцца таямніцай Касцёла, якая асабліва асветлена гэтым Святым Саборам, каб, звязаўшы сябе з Намеснікам Хрыста вузлом пакорнай i сыноўняй любові і стаўшы святаром, яны далучыліся да свайго біскупа як яго верныя супрацоўнікі і, дапамагаючы яму разам са сваімі сабратамі, сведчылі пра тую еднасць, якая прыцягвае людзей да Хрыста17. Няхай навучацца велікадушна ўдзельнічаць у жыцці ўсяго Касцёла, памятаючы словы св. Аўгустына: «Наколькі хто любіць Хрыстовы Касцёл, настолькі мае Духа Святога»18. Семінарысты павінны дасканала разумець, што яны прызначаны не для панавання i гонару, але павінны цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу і пастырскай паслузе. З асаблівым клопатам трэба выхоўваць у іх святарскую паслухмянасць, уменне жыць у беднасці i ў духу ахвярнасці19, каб яны умелі ахвотна адмаўляцца нават ад таго, што дазволена, але не прыносіць карысці, i імкнуліся прыпадабняцца да ўкрыжаванага Хрыста.

Трэба знаёміць семінарыстаў з абавязкамі, якія яны павінны будуць выконваць, не замоўчваючы ніякіх цяжкасцяў святарскага жыцця. Аднак не для таго, каб яны бачылі ў будучай дзейнасці толькі небяспеку, але каб былі падрыхтаваныя да духоўнага жыцця, якое б чэрпала найбольшую падтрымку ў самой іх пастырскай дзейнасці.

10. Семінарыстаў, якія паводле святых i непарушных законаў свайго абраду захоўваюць годную пашаны традыцыю святарскага цэлібату, трэба вельмі старанна рыхтаваць да гэтага стану, у якім яны выракаюцца сямейнага жыцця дзеля Нябеснага Валадарства (пар. Mц 19, 12) і, яднаючыся з Панам у непадзельнай любові20, якая дакладна адпавядае Новаму Запавету, даюць сведчанне пра ўваскрашэнне будучага веку (пар. Лк 20, 36)21 i атрымліваюць самую неабходную дапамогу для няспыннага практыкавання гэтай дасканалай любові, дзякуючы якой яны могуць стаць у святарскім служэнні ўсім для ўсіх22. Яны павінны выразна зразумець, з якой удзячнасцю трэба прыняць гэты стан; не толькі як наказ касцёльнага права, але як каштоўны Божы дар, які з пакораю трэба выпрошваць для сябе, які трэба без прамаруджвання дабравольна і велікадушна прыняць пад натхненнем і пры дапамозе ласкі Духа Святога.

Абавязкі і годнасць хрысціянскага сужэнства, якое з’яўляецца вобразам узаемнай любові Хрыста і Касцёла (пар. Эф 5, 22-33), семінарысты павінны добра ведаць. Аднак няхай разумеюць перавагу чыстасці, прысвечанай Хрысту23, каб пасля сур’ёзна абдуманага i высакароднага выбару душой і целам цалкам прысвяціць сябе Пану.

Трэба звярнуць увагу семінарыстаў на небяспеку, якая, асабліва ў сучасным грамадстве, пагражае іх цнатлівасці24. Падтрыманыя адпаведнай боскай і чалавечай дапамогай, няхай вучацца так ураўнаважваць адрачэнне ад сужэнства, каб не пацярпець ніякай шкоды ў сваім жыцці і дзейнасці ў выніку бясшлюбнасці, але, наадварот, каб навучыцца панаваць над душой і целам, стаць больш сталымі і глыбей спасцігнуць благаслаўленне Евангелля.

11. Нормы хрысціянскага выхавання трэба свята захоўваць i адпаведна дапаўняць новымі дасягненнямі здаровай псіхалогіі і педагогікі. Таму праз мудра планаваную фармацыю ў семінарыстах трэба развіваць належную сталасць, якая ў асноўным выяўляецца ў пэўнай устойлівасці характару, здольнасці прымаць разважлівыя рашэнні і праўдзіва ацэньваць падзеі і людзей. Няхай семінарысты прызвычаяцца правільна развіваць свае здольнасці, няхай гартуюць свой дух i вучацца цаніць тыя цноты, якія маюць найбольшую вартасць сярод людзей i адзначаюць Хрыстовага слугу25. Такімі цнотамі з’яўляюцца: шчырасць, пастаяннае імкненне да справядлівасці, вернае захаванне абяцанняў, ветлівасць, а ў размовах — сціпласць, спалучаная з любоўю.

Дысцыпліну жыцця ў семінарыі трэба лічыць не толькі надзейнай падтрымкай сумеснага жыцця i любові, але і неабходнай часткай усяго выхавання, якая неабходна для здабыцця ўмення панаваць над сабой, для поўнай асабовай сталасці і для выхавання іншых духоўных якасцяў, якія вельмі дапамагаюць планамернай i плённай дзейнасці Касцёла. Аднак гэтую дысцыпліну трэба падтрымліваць такім чынам, каб у семінарыстаў развівалася ўнутраная гатоўнасць падпарадкоўвацца ўладзе настаяцеляў паводле ўнутранага перакання, г.зн. паводле сумлення (пар. Рым 13, 5) i паводле звышпрыродных матываў. Дысцыплінарныя нормы трэба так суаднесці з узростам семінарыстаў, каб яны паступова прызвычайваліся кіраваць сабой і адначасова вучыліся разумна карыстацца свабодай, самастойна і ахвотна дзейнічаць26, а таксама супрацоўнічаць з сабратамі i свецкімі.

Уся праграма семінарыі, прасякнутая імкненнем да пабожнасці і маўчання, а таксама клапатлівай узаемадапамогай, павінна быць складзена так, каб яна ў нейкай ступені ўжо рыхтавала да будучага жыцця, якое павінен весці святар.

12. Каб духоўная фармацыя мела грунтоўны фундамент, а семінарысты ішлі за сваім пакліканнем пасля сур’ёзна абдуманага выбару, біскупы павінны ўстанавіць адпаведны перыяд больш інтэнсіўнай пачатковай духоўнай падрыхтоўкі. Павінны таксама абмеркаваць магчымасць увядзення пэўнага перапынку ў навучанні або неабходнай пачатковай пастырскай практыкі, што дазволіць лепш выпрабаваць кандыдата да святарства. Акрамя гэтага, у залежнасці ад умоў таго ці іншага рэгіёна біскупы павінны будуць таксама прыняць рашэнне аб змене межаў узросту, неабходнага сёння для пасвячэння і ўстаноўленага паўсюдным правам, a таксама аб мэтазгоднасці таго, каб семінарысты пасля заканчэння тэалагічнага курса нейкі час выконвалі абавязкі дыяканаў перад тым, як прымуць святарства.

V. РЭФОРМА ВЫКЛАДАННЯ КАСЦЁЛЬНЫХ ДЫСЦЫПЛІН

13. Перад тым, як семінарысты пачнуць вывучаць уласна касцёльныя дысцыпліны, яны павінны атрымаць такую гуманітарную і прыродазнаўчую адукацыю, якая дазваляе моладзі ў іх краіне атрымаць доступ да вышэйшай адукацыі. Больш за тое, яны павінны атрымаць такое веданне лацінскай мовы, каб мець магчымасць разумець і выкарыстоўваць шматлікія навуковыя крыніцы i дакументы Касцёла27. Вывучэнне літургічнай мовы кожнага асобнага абраду трэба лічыць неабходным; урэшце, трэба падтрымліваць належнае веданне моў Святога Пісання і Традыцыі.

14. Пераглядаючы выкладанне касцёльных дысцыплін, трэба асабліва звяртаць увагу на як мага лепшае спалучэнне філасофскіх і тэалагічных навук, каб праз гэта яны гарманічна садзейнічалі штораз большаму адкрыццю розумаў семінарыстаў на таямніцу Хрыста, якой прасякнута ўся гісторыя чалавецтва і якая няспынна ўплывае на Касцёл i дзейнічае галоўным чынам праз паслугу святара28.

Каб з самага пачатку фармацыі дапамагчы семінарыстам зразумець гэта, трэба распачаць вывучэнне касцёльных дысцыплін з уступнага курсу, які б працягваўся адпаведны час. У пачатку навучання неабходна так прадставіць таямніцу збаўлення, каб семінарысты зразумелі значэнне касцёльных дысцыплін, іх парадак і пастырскую мэту. Адначасова трэба дапамагчы ім будаваць усё сваё жыццё на веры i напаўняць яго ёю, а таксама ўмацаваць іх у пакліканні, прынятым самаахвярна i з радасцю.

15. Філасофскія дысцыпліны трэба выкладаць такім чынам, каб яны далі семінарыстам перш за ўсё грунтоўнае і сістэматычнае пазнанне чалавека, сусвету і Бога, абапіраючыся на вечныя каштоўнасці філасофскай спадчыны29 і з улікам новых філасофскіх даследаванняў, асабліва тых, якія маюць найбольшы ўплыў у дадзеным народзе, і адначасова з улікам апошніх дасягненняў навуковага прагрэсу, каб семінарысты, добра ведаючы дух нашага часу, былі належна падрыхтаванымі да дыялогу са сваімі сучаснікамі30.

Гісторыю філасофіі трэба выкладаць так, каб семінарысты пасля знаёмства з асноўнымі прынцыпамі розных філасофскіх сістэм, засвоілі змешчаную ў іх праўду і змаглі выкрыць і абвергнуць корань памылак.

Сама праграма навучання павінна абуджаць у семінарыстах любоў да дакладнага пошуку праўды, да захавання i доказу яе з адначасовым справядлівым прызнаннем межаў чалавечага пазнання. Трэба старанна звяртаць увагу на сувязь паміж філасофіяй і сапраўднымі жыццёвымі праблемамі і пытаннямі, якія непакояць розумы семінарыстаў. Трэба таксама дапамагаць ім зразумець сувязь паміж філасофскімі агрументамі і таямніцамі збаўлення, якія ў тэалогіі разглядаюцца ў вышэйшым святле веры.

16. Тэалагічныя дысцыпліны трэба выкладаць у святле веры і пад кіраўніцтвам Настаўніцкага Інстытута Касцёла31, каб семінарысты старанна чэрпалі каталіцкае веравучэнне са скарбніцы Божага Аб’яўлення, глыбока разумелі яго i рабілі спажыткам свайго духоўнага жыцця32, а ў святарскай паслузе былі здольныя яго абвяшчаць, тлумачыць i абараняць.

З асаблівай стараннасцю трэба заахвочваць семінарыстаў да вывучэння Святога Пісання, якое ёсць душой усёй тэалогіі33. Пасля пэўных уводзінаў яны павінны дакладна пазнаёміцца з метадам экзэгезы і засвоіць асноўныя тэмы Божага Аб’яўлення, а ў штодзённым чытанні Святых Кніг і разважанні над іх зместам няхай чэрпаюць натхненне i духоўны пажытак34.

Дагматычную тэалогію трэба выкладаць так: спачатку прадставіць біблійныя тэмы; затым трэба паказаць семінарыстам ролю айцоў Усходняга і Заходняга Касцёлаў у верным перадаванні i тлумачэнні паасобных праўд Аб’яўлення, а таксама падаць далейшую гісторыю дагматаў, беручы пад увагу іх сувязь з агульнай гісторыяй Касцёла35; пасля для больш поўнага тлумачэння таямніц збаўлення трэба вучыць семінарыстаў глыбей разумець іх і заўважаць паміж імі сувязі пры дапамозе разважанняў, маючы за настаўніка св. Тамаша36; заўсёды заўважаць гэтыя таямніцы, якія прысутнічаюць і дзейнічаюць у літургічных дзеяннях37 i ва ўсім жыцці Касцёла; і нарэшце, вучыць семінарыстаў шукаць вырашэнне чалавечых праблем у святле Аб’яўлення, выкарыстоўваць яго вечныя праўды ў зменлівых умовах жыцця i даступна абвяшчаць іх сучасным людзям38.

Іншыя тэалагічныя дысцыпліны таксама трэба абнавіць дзякуючы больш жывому суаднясенню з таямніцай Хрыста i гісторыяй збаўлення. Асабліва трэба паклапаціцца пра ўдасканаленне маральнай тэалогіі, навуковае выкладанне якой, у асноўным прасякнутае вучэннем Святога Пісання, павінна паказваць узнёсласць паклікання вернікаў у Хрысце i іх абавязак прыносіць плён у любові дзеля жыцця свету. Таксама ў выкладанні Кананічнага Права і гісторыі Касцёла трэба памятаць пра таямніцу Касцёла, прадстаўленую ў Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл, абвешчанай гэтым Святым Саборам. Святой Літургіі, якая павінна лічыцца першай і неабходнай крыніцай сапраўднага хрысціянскага духу, трэба вучыць паводле артыкулаў 15 i 16 Канстытуцыі пра святую Літургію39.

Улічваючы розныя мясцовыя ўмовы, трэба весці семінарыстаў да больш поўнага пазнання Касцёла і касцёльных Супольнасцяў, адлучаных ад Рымскай Апостальскай Сталіцы, каб яны маглі прычыніцца да вяртання еднасці ўсіх хрысціянаў згодна з прадпісаннямі гэтага Святога Сабору40.

Семінарыстаў трэба знаёміць таксама з іншымі рэлігіямі, найбольш распаўсюджанымі ў тых ці іншых рэгіёнах, каб яны найлепш пазналі тое, што ў іх ёсць добрага і праўдзівага дзякуючы Божаму намеру, i каб вучыліся раскрываць памылкі i перадаваць паўнату праўды тым, хто яе не мае.

17. Паколькі дактрынальная фармацыя павінна імкнуцца не толькі да пераказвання ведаў, але да праўдзівага духоўнага выхавання семінарыстаў, трэба перагледзець дыдактычныя метады як у тым, што датычыць выкладаў, калёквіумаў i практыкаванняў, так і ў тым, што датычыць больш інтэнсіўнай вучобы семінарыстаў, індывідуальнай або ў малых групах. Трэба старанна клапаціцца пра цэласнасць і грунтоўнасць усёй падрыхтоўкі, пазбягаючы празмернага павелічэння колькасці дысцыплін i лекцый, і прапускаючы тэмы нязначныя або тыя, што павінны разглядацца на вышэйшых ступенях адукацыі.

18. Біскупы павінны паклапаціцца, каб юнакі, адораныя асаблівымі здольнасцямі, цнотамі і ўменнямі, працягвалі адукацыю ў спецыяльных інстытутах, на факультэтах ці універсітэтах, паглыбляючы тэалагічныя веды, a таксама вывучаючы іншыя патрэбныя дысцыпліны, каб такім чынам рыхтаваць святароў з больш грунтоўнымі ведамі, здольных задаволіць розныя патрэбы апостальства. Аднак іх духоўная і пастырская фармацыя ніякім чынам не павінна занядбоўвацца, асабліва калі яны яшчэ не сталі святарамі.

VI. РАЗВІЦЦЁ ПАСТЫРСКАЙ ФАРМАЦЫІ

19. Пастырская руплівасць, якая павінна ўплываць на ўсю фармацыю семінарыстаў41, патрабуе, каб іх старанна вучылі таму, што асабліва датычыць святой паслугі, асабліва катэхізацыі i абвяшчэння казанняў, літургічнага культу i ўдзялення сакрамэнтаў, дабрачыннасці, абавязку дапамогі блукаючым i няверуючым, а таксама іншых пастырскіх заданняў. Іх трэба грунтоўна вучыць мастацтву духоўнага кіраўніцтва, дзякуючы чаму яны змогуць заахвочваць усіх дзяцей Касцёла перш за ўсё да цалкам свядомага хрысціянскага і аспостальскага жыцця, а таксама да выканання абавязкаў свайго стану. Няхай яны з такой жа стараннасцю вучацца дапамагаць кансэкраваным асобам трываць у ласцы іх паклікання i рабіць поступы згодна з духам розных інстытутаў42.

Увогуле трэба развіваць у семінарыстах адпаведныя здольнасці, якія найбольш спрыяюць дыялогу з людзьмі: уменне слухаць іншых і ў духу любові адкрываць сэрцы на розныя патрэбы чалавека43.

20. Няхай семінарысты вучацца карыстацца дапамогай педагагічных навук, псіхалогіі або сацыялогіі44 з выкарыстаннем адпаведных метадаў i згодна з нормамі касцёльнай улады. Адначасова іх трэба старанна навучыць таму, як заахвочваць і падтрымліваць апостальскую дзейнасць свецкіх, a таксама розныя плённыя формы апостальства45. Яны павінны быць напоўнены праўдзівым каталіцкім духам, які вучыць іх глядзець шырэй за межы сваёй дыяцэзіі, краіны або абраду, каб дапамагаць у патрэбах усяго Касцёла, выказваючы гатоўнасць усюды абвяшчаць Евангелле46.

21. Неабходна, каб семінарысты вучыліся мастацтву апостальства не толькі тэарэтычна, але і практычна, каб маглі дзейнічаць з пачуццём уласнай адказнасці i разам з іншымі. Таму на працягу ўсяго навучання, а таксама ў час канікул, трэба праз адпаведную практыку ўводзіць іх у пастырскую дзейнасць. Гэтая практыка павінна весціся адпаведна ўзросту семінарыстаў і згодна з мясцовымі ўмовамі, паводле разважлівага меркавання біскупаў, метадычна i пад кіраўніцтвам вопытных у галіне пастырства мужоў, пры гэтым заўсёды трэба памятаць пра моцную сілу звышпрыроднай дапамогі47.

VII. ПРАЦЯГ ФАРМАЦЫІ ПАСЛЯ ЗАКАНЧЭННЯ НАВУЧАННЯ

22. Паколькі святарская фармацыя з улікам умоў сучаснага грамадства павінна працягвацца i ўдасканальвацца таксама пасля заканчэння вучобы ў семінарыі48, Канферэнцыі Біскупаў у кожнай асобнай краіне павінны будуць выкарыстаць найбольш адпаведныя для гэтага сродкі, а менавіта: пастырскія інстытуты, якія супрацоўнічаюць з адпаведна выбранымі парафіямі; сходы, скліканыя ў вызначаныя тэрміны, i адпаведныя практыкі, дзякуючы якім маладзейшае духавенства будзе паступова засвойваць духоўны, інтэлектуальны і пастырскі аспект святарскага жыцця і апостальскай дзейнасці і ўсё больш абнаўляць і развіваць іх.


ЗАКАНЧЭННЕ

Айцы Святога Сабору, працягваючы справу, распачатую Трыдэнцкім Саборам, з даверам даручаюць настаяцелям i выкладчыкам семінарый заданне выхоўваць будучых Хрыстовых святароў у духу аднаўлення, які падтрымлівае гэты Святы Сабор. А тых, хто рыхтуецца да святарскай паслугі, настойліва заклікае, каб яны цалкам усведамлялі, што ім даручана надзея Касцёла i збаўленне душ. Няхай яны, ахвотна прымаючы нормы гэтага Дэкрэту, прынясуць найбагацейшыя плады, якія будуць трываць вечна.

Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.

Рым, у св. Пятра, 28 кастрычніка 1965г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)


Праект дакумента быў перапрацаваны пасля ІІ сесіі, разгледжаны на ІІІ і абнародаваны 28 кастрычніка 1965 года. Дэкрэт разглядае фармацыю святароў у духу Другога Ватыканскага Сабору і даручае Канферэнцыям Біскупаў распрацаваць праграму фармацыі святароў, дастасаваную да розных культур і патрэб Касцёла. Праграма навучання семінарыстаў дапоўнена элементамі псіхалогіі і педагогікі, у план заняткаў уключана пастырская метадалогія, некаторыя гуманітарныя дысцыпліны. Акрамя гэтага, Дэкрэт падкрэслівае неабходнасць пастаяннага звароту да Бібліі.
q
  1. Развіццё ўсяго Божага народу з волі Хрыста ў вялікай ступені залежыць ад паслугі святара, аб чым сведчаць словы, якімі Пан устанавіў Апосталаў, а таксама іх пераемнікаў і супрацоўнікаў прапаведнікамі Евангелля, кіраўнікамі новага выбранага народу і слугамі Божых таямніц. Гэта пацвярджаецца таксама выказваннямі Айцоў і святых і многімі дакументамі Найвышэйшых Пантыфікаў. Пар. imprimis: S. PIUS X, Exhort. ad Clerum Haerent animo, 4 aug. 1908: S. Pii X Acta IV, pp. 237-261. PIUS XI, Litt. Encycl. Ad catholici Sacerdotii, 20 dec. 1935: AAS 28 (1936), imprimis pp. 37-52. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae, 23 sept. 1950: AAS 42 (1950), pp. 657-702. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Sacerdotii Nostri primordia, 1 aug. 1959: AAS 51 (1959), pp. 545-579. PAULUS VI, Ep. Apost. Summi Dei Verbum, 4 nov. 1963: AAS 55 (1963), pp. 979-995.
  2. Усю святарскую фармацыю, г.зн. распарадак семінарыі, духоўную падрыхтоўку, праграму навучання, сумеснае семінарыйнае жыццё і дысцыпліну, а таксама пастырскую практыку трэба дапасаваць да розных мясцовых умоў. Гэтае дастасаванне ў яго асноўных прынцыпах павінны рабіць, згодна з агульнымі нормамі, для дыяцэзіяльнага духавенства Канферэнцыі Біскупаў, а для манаскага — упаўнаважаныя настаяцелі (пар. S. Congr. de Religiosis, Const. Apost. Sedes Sapientiae eique adnexa Statuta Generalia, art. 19, ed. altera, Romae, pp. 38s.).
  3. Сярод самых цяжкіх бедстваў, ад якіх сёння церпіць Касцёл, амаль усюды асабліва вылучаецца недахоп пакліканняў. Пар. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae: «...sacerdotum numerus cum in catholicorum regionibus, tum in missionalibus terris, impar plerumque increscentibus necessitatibus est» (колькасць святароў як у каталіцкіх рэгіёнах, так і на місійных тэрыторыях у большасці не адпавядае ўзрастаючым патрэбам): AAS 42 (1950), p. 682. IOANNES XXIII: «Il problema delle vocazioni ecclesiastiche e religiose и quotidiana sollecitudine del Papa..., e sospiro della sua preghiera, aspirazione ardente della sua anima» (Праблема касцёльных і манаскіх пакліканняў з’яўляецца прадметам штодзённых клопатаў Папы... гэта яго малітоўныя спадзяванні, гарачае жаданне яго душы). (Ex Allocutione ad I Congressum Internationalem de Vocationibus ad Status Perfectionis, 16 dec. 1961: AAS 54 (1962), p. 33.
  4. PIUS XII, Const. Apost. Sedes Sapientiae, 31 maii 1956: AAS 48 (1956), p. 357. PAULUS VI, Ep. Apost. Summi Dei Verbum, 4 nov. 1963: AAS 55 (1963), pp. 984ss.
  5. Пар. imprimis: PIUS XII, Motu proprio Cum nobis «de Pontificio Opere Vocationum Sacerdotalium apud S. Congregationem Seminariis et Studiorum Universitatibus praepositam constituendo» (пра стварэнне Папскага Таварыства падтрымкі пакліканняў да святарства пры Святой Кангрэгацыі па справах семінарый і універсітэтаў), 4 nov. 1941: AAS 33 (1941), p. 479; cum adnexis Statutis et Normis ab eadem S. Congregatione promulgatis die 8 sept. 1943. Motu proprio Cum supremaetatutis et Normis a S. Congr. de Religiosis promulgatis (тамсама, pp. 298-301); CONC. VAT. II, Decr. De accommodata renovatione vitae religiosae, Perfectae Caritatis, n. 24; Decr. De Pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, n. 15.
    «de Pontificio Opere primario religiosarum vocationum» (пра Папскае Таварыства падтрымкі пакліканняў да манаскага жыцця), 11 febr. 1955: AAS 47 (1955), p. 266; cum adnexis S
  6. Пар. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae, 23 sept. 1950: AAS 42 (1950), p. 685.
  7. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, n. 28: AAS 57 (1965), p. 34.
  8. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Ad Catholici Sacerdotii, 20 dec. 1935: AAS 28 (1936), p. 37: «Diligens imprimis esto moderatorum magistrorumque dilectus... Sacris eiusmodi conlegiis sacerdotes tribuite maxima virtute ornatos; neque gravemini eos e muneribus abstrahere, specie quidem maioris ponderis, quae tamen cum hac capitali re, cuius partes nulla alia susceperit, comparari nequeunt» (Перш за ўсё неабходны старанны выбар кіраўнікоў і выкладчыкаў... у такога тыпу сакральную калегію выбірайце святароў, упрыгожаных вышэйшай цнотаю; без усялякіх сумненняў адклікайце іх ад іхніх абавязкаў — нават, калі яны вельмі важныя, аднак не могуць быць роўнымі з гэтай першачарговай справай, якой не заменіць нішто іншае). Quod seligendi optimos principium iterum inculcatur a Pio XII in Litteris Apostolicis ad Ordinarios Brasiliae directis die 23 aprilis 1947, Discorsi e Radiomessaggi IX, pp. 579-580.
  9. Пра агульны абавязак садзейнічаць семінарыі гл.: PAULUS VI, Ep. Apost. Summi Dei Verbum, 4 nov. 1963: AAS 55 (1963), p. 984.
  10. Пар. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae, 23 sept. 1950: AAS 42 (1950), p. 684; S. CONGR. DE SACRAMENTIS, Litt. circulares Magna equidem ad locorum Ordinarios, 27 dec. 1935, n. 10. Пра манахаў гл.: Statuta Generalia adnexa Constitutioni Apostolicae Sedes Sapientiae, 31 maii 1956, art. 33. PAULUS VI, Ep. Apost. Summi Dei Verbum, 4 nov. 1963: AAS 55 (1963), p. 987s.
  11. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Ad Catholici Sacerdotii, 20 dec. 1935: AAS 28 (1936), p. 41.
  12. Прынята, што ў распрацоўцы рэгіянальных ці нацыянальных статутаў семінарый павінны ўдзельнічаць усе зацікаўленыя біскупы, пры гэтым адмяняецца прадпісанне канона 1357, § 4 CIC.
  13. Пар. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae, 23 sept. 1950: AAS 42 (1950), p. 674; S. CONGR. DE SEM. ET STUD. UNIV., La Formazione spirituale del candidato al sacerdozio, Cittа del Vaticano 1965.
  14. Пар. S. PIUS X, Exhort. ad Clerum, Haerent animo, 4 aug. 1908: S. Pii X Acta, IV, pp. 242-244; PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae, 23 sept. 1950: AAS 42 (1950), pp. 659-661; IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Sacerdotii Nostri primordia, 1 aug. 1959: AAS 51 (1959), p. 550s.
  15. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Mediator Dei, 20 nov. 1947: AAS 39 (1947), pp. 547ss. et 572s.; IOANNES XXIII, Adhort. Apost. Sacrae Laudis, 6 ian. 1962: AAS 54 (1962), p. 69; CONC. VAT. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, art. 16 et 17: AAS 56 (1964), p. 104s.; S. CONGR. RITUUM, Instructio ad exsecutionem Constitutionis de Sacra Liturgia recte ordinandam, 26 sept. 1964, nn. 14-17: AAS 56 (1964), p. 880s.
  16. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Sacerdotii Nostri Primordia: AAS 51 (1959), p. 559s.
  17. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, n. 28: AAS 57 (1965), p. 35s.
  18. S. AUGUSTINUS, In Ioannem tract. 32, 8: PL 35, 1646.
  19. Пар. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae: AAS 42 (1950), pp. 662s., 685, 690; IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Sacerdotii Nostri Primordia: AAS 51 (1959), pp. 551-553; 556s.; PAULUS VI, Litt. Encycl. Ecclesiam suam, 6 aug. 1964: AAS 56 (1964), p. 634s.; CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, imprimis n. 8: AAS 57 (1965), p. 12.
  20. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Sacra Virginitas, 25 mart. 1954: AAS 46 (1954), pp. 165ss.
  21. Пар. S. CYPRIANUS, De habitu virginum, 22: PL 4, 475; S. AMBROSIUS, De virginibus, I, 8, 52: PL 16, 202s.
  22. Пар. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae: AAS 42 (1950), p. 663.
  23. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Sacra Virginitas, l. c., pp. 170-174.
  24. Пар. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae, l. c., pp. 664 et 690s.
  25. Пар. PAULUS VI, Ep. Apost. Summi Dei Verbum, 4 nov. 1963: AAS 55 (1963), p. 991.
  26. Пар. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae, l. c., p. 686.
  27. Пар. PAULUS VI, Ep. Apost. Summi Dei Verbum, l. c., p. 993.
  28. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium nn. 7 et 28: AAS 57 (1965), pp. 9-11; 33.
  29. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Humani Generis, 12 aug. 1950: AAS 42 (1950), pp. 571-575.
  30. Пар. PAULUS VI, Litt. Encycl. Ecclesiam suam, 6 aug. 1964: AAS 56 (1964), pp. 637ss.
  31. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Humani Generis, 12 aug. 1950: AAS 42 (1950), pp. 567-569; Allocutio Si diligis, 31 maii 1954: AAS 46 (1954), p. 314s.; PAULUS VI, Allocutio in Gregoriana Pontificia Studiorum Universitate habita, 12 mart. 1964: AAS 56 (1964), p. 364s.; CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium n. 25: AAS 57 (1965), pp. 29-31.
  32. Пар. S. BONAVENTURA, Itinerarium mentis in Deum, Prol., n. 4: «(Nemo) credat quod sibi sufficiat lectio sine unctione, speculatio sine devotione, investigatio sine admiratione, circumspectio sine exsultatione, industria sine pietate, scientia sine charitate, intelligentia sine humilitate, studium absque divina gratia, speculum absque sapientia divinitus inspirata» (Няхай (ніхто) не думае, што яму будзе дастаткова чытання без намашчэння, даследавання — без пабожнасці, сузірання — без захаплення, разважання — без радасці, стараннасці — без пашаны, ведаў — без любові, разумення — без пакоры, запалу — без ласкі Божай, спасціжэння — без мудрасці, дадзенай Богам) (S. BONAVENTURA, Opera Omnia, V, Quaracchi 1891, p. 296).
  33. Пар. LEO XIII, Litt. Encycl. Providentissimus Deus, 18 nov. 1893: ASS 26 (1893-94), p. 283.
  34. Пар. PONTIFICIA COMMISSIO DE RE BIBLICA, Instructio de Sacra Scriptura recte docenda, 13 maii 1950: AAS 42 (1950), p. 502.
  35. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Humani Generis, 12 aug. 1950: AAS 42 (1950), p. 568s.: «...sacrorum fontium studio sacrae disciplinae semper iuvenescunt; dum contra speculatio quae ulteriorem sacri depositi inquisitionem neglegit, ut experiundo novimus, sterilis evadit» (... дзякуючы вывучэнню святых крыніц сакральныя дысцыпліны заўсёды застаюцца маладымі; адваротная пазіцыя, якая занядбоўвае далейшае вывучэнне святой спадчыны, становіцца, як мы ведаем з практыкі, бясплоднай).
  36. Пар. PIUS XII, Sermo ad Alumnos Seminariorum, 24 iunii 1939: AAS 31 (1939), p. 247: «Aemulatio... in veritate quaerenda et propaganda per commendationem doctrinae S. Thomae non supprimitur, sed excitatur potius ac tuto dirigitur» (Спаборніцтва ... у адшуканні і распаўсюджванні праўды згодна з вучэннем св. Тамаша не знішчаецца, але хутчэй падтрымліваецца і адпаведным чынам накіроўваецца). PAULUS VI, Allocutio in Gregoriana Pont. Studiorum Univ. habita, 12 mart. 1964: AAS 56 (1964), p. 365: «(Magistri)... vocem Ecclesiae Doctorum reverenter auscultent, inter quos Divus Aquinas praecipuum obtinet locum; Angelici enim Doctoris tanta est ingenii vis, tam sincerus veritatis amor, ac tanta sapientia in altissimis veritatibus pervestigandis, illustrandis aptissimoque unitatis nexu colligendis, ut ipsius doctrina efficacissimum sit instrumentum non solum ad Fidei fundamenta in tuto collocanda, sed etiam ad sanae progressionis fructus utiliter et secure percipiendos» ((Настаўнікам)... трэба ўважліва прыслухоўвацца да голасу Айцоў Касцёла, сярод якіх першаснае месца займае св. Тамаш Аквінскі. Бо моц дару анёльскага доктара такая вялікая, яго любоў да праўды настолькі непадзельная, а яго мудрасць у даследаванні і тлумачэнні самых глыбокіх праўд і адначасова ў спалучэнні іх у цесным саюзе такая вялікая, што яго вучэнне становіцца самым дзейсным сродкам не толькі надзейнага захавання асноўных падстаў веры, але і карыснага, грунтоўнага атрымання пладоў здаровага развіцця). Пар. таксама Allocutio coram VI Congressu Internationali Thomistico, 10 sept. 1965: AAS 57 (1965), pp. 788-792.
  37. Пар. CONC. VAT. II. Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 7 et 16: AAS 56 (1964), pp. 100s. et 104s.
  38. Пар. PAULUS VI, Litt. Encycl. Ecclesiam suam, 6 aug. 1964: AAS 56 (1964), p. 640s.
  39. Пар. CONC. VAT. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 10, 14, 15, 16; S. CONGR. RITUUM, Instructio ad exsecutionem Constitutionis de Sacra Liturgia recte ordinandam, 26 sept. 1964, nn. 11 et 12: AAS 56 (1964), p. 879s.
  40. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de Oecumenismo, Unitatis Redintegratio, nn. 1, 9, 10: AAS 57 (1965), pp. 90 et 98s.
  41. Уяўленне пра дасканалы вобраз пастыра можна стварыць на падставе дакументаў апошніх Пантыфікаў, у якіх падрабязна гаворыцца пра жыццё, рысы і падрыхтоўку святароў, асабліва: S. PIUS X, Exhort. ad Clerum Haerent animo, S. Pii X Acta, IV, pp. 237ss.; PIUS XI, Litt. Encycl. Ad Catholici Sacerdotii: AAS 28 (1936), pp. 5ss.; PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae: AAS 42 (1950), pp. 657ss.; IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Sacerdotii Nostri Primordia: AAS 51 (1959), pp. 545ss.; PAULUS VI, Ep. Apost. Summi Dei Verbum: AAS 55 (1963), pp. 979ss. Не менш звестак пра фармацыю пастыраў можна знайсці таксама ў: Litt. Encycl. Mystici Corporis (1943), Mediator Dei (1947), Evangelii Praecones (1951), Sacra Virginitas (1954), Musicae Sacrae Disciplina (1955), Princeps Pastorum (1959), а таксама ў: Const. Apost. Sedes Sapientiae (1956) пра кансэкраваных асоб. Пій XII, Ян XXIII і Павел VI неаднаразова тлумачылі вобраз Добрага Пастыра таксама ў сваіх зваротах да семінарыстаў.
  42. Пра значэнне стану, які адзначаецца вызнаннем евангельскіх парад, пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, cap. VI: AAS 57 (1965), pp. 49-53; Decr. de accommodata renovatione vitae religiosae, Perfectae Caritatis.
  43. Пар. PAULUS VI, Litt. Encycl. Ecclesiam suam, 6 aug. 1964: AAS 56 (1964), passim, imprimis pp. 635s. et 640ss.
  44. Пар. imprimis IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), pp. 401ss.
  45. Пар. асабліва: CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium n. 33: AAS 57 (1965), p. 39.
  46. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, n. 17: AAS 57 (1965), p. 20s.
  47. Шматлікія папскія дакументы папярэджваюць аб тым, што небяспечна забываць у пастырскай дзейнасці пра звышпрыродную мэту або, прынамсі, практычна недаацэньваць звышпрыродныя сродкі; пар. перш за ўсё дакументы, згаданыя ў нумары 41.
  48. Апошнія дакументы Апостальскай Сталіцы асабліва падкрэсліваюць неабходнасць клапаціцца пра святароў, якія нядаўна прынялі святарства. Перш за ўсё трэба згадаць: PIUS XII, Motu Proprio Quandoquidem, 2 aprilis 1949: AAS 41 (1949), pp. 165-167; Adhort. Apost. Menti Nostrae, 23 septembris 1950: AAS 42 (1950); Const. Apost. (pro Religiosis) Sedes Sapientiae, 31 maii 1956 et Statuta Generalia adnexa; Allocutio ad sacerdotes «Convictus Barcinonensis», 14 iunii 1957: Discorsi e Radiomessaggi, XIX, pp. 271-273. PAULUS VI, Allocutio coram sacerdotibus Instituti «Gian Matteo Giberti» dioecesis Veronensis, 11 martii 1964: L’Osservatore Romano, 13 marzo 1964.
 

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКЛАРАЦЫЯ
ПРА АДНОСІНЫ КАСЦЁЛА ДА НЕХРЫСЦІЯНСКІХ РЭЛІГІЙ
«NOSTRA AETATE»


1. У наш час, калі чалавецтва з кожным днём усё больш яднаецца і калі ўзрастае ўзаемазалежнасць паміж рознымі народамі, Касцёл старанна разважае над тым, якімі павінны быць яго адносіны з нехрысціянскімі рэлігіямі. У сваім абавязку ўмацоўваць еднасць і любоў паміж людзьмі, а нават паміж народамі, ён перш за ўсё звяртае ўвагу на тое, што яднае людзей і што вядзе іх да еднасці.

Усе народы ўтвараюць адну супольнасць, маюць адно паходжанне, таму што Бог рассяліў увесь чалавечы род па ўсім зямным абшары1, у іх адна канчатковая мэта — Бог. Яго Провід, сведчанне дабрыні і збаўчыя намеры ахопліваюць усіх2, пакуль выбраныя не аб’яднаюцца ў Святым Горадзе, святлом якога будзе хвала Бога і дзе народы будуць хадзіць у Яго святле3.

Людзі чакаюць ад розных рэлігій адказу на запаветныя таямніцы чалавечай экзістэнцыі, якія сёння, як і ў папярэднія часы, глыбока ўзрушваюць сэрцы людзей: кім ёсць чалавек, які сэнс і мэта нашага жыцця, што такое маральнае дабро і грэх, адкуль і дзеля чаго ўзнікае цярпенне, які шлях вядзе да сапраўднага шчасця, што такое смерць, суд і адплата пасля смерці, і ўрэшце, чым ёсць апошняя і невымоўная таямніца, што ахоплівае нашае існаванне, з якой мы бяром пачатак і да якой імкнемся.

2. Ужо са старажытнасці і да цяперашняга часу ў многіх народаў існуе пэўнае адчуванне таямнічай сілы, якая прысутнічае ў хадзе спраў і ў падзеях чалавечага жыцця, а часам і прызнанне Найвышэйшага Боства ці нават Айца. Гэтае адчуванне і гэтае прызнанне напаўняе іх жыццё глыбокім рэлігійным зместам. Рэлігіі, якія звязаны з прагрэсам культуры, імкнуцца адказаць на гэтыя ж пытанні пры дапамозе больш далікатных паняццяў і больш распрацаванай мовай. Так, у індуізме людзі даследуюць боскую таямніцу і прадстаўляюць яе ў незлічонай колькасці міфаў і ў глыбокіх філасофскіх разважаннях. Яны шукаюць вызвалення ад клопатаў нашага стану або праз розныя формы аскетычнага жыцця, або праз глыбокую медытацыю, або звяртаючыся да Бога з любоўю і даверам. Будызм, у розных сваіх формах, прызнае радыкальную недастатковасць гэтага зменлівага свету і навучае таму шляху, на якім людзі з пабожнай і даверлівай душой могуць дасягнуць стану дасканалай свабоды або найвышэйшага прасвятлення ўласнымі сіламі ці пры дапамозе звыш. Падобна і іншыя рэлігіі, якія сустракаюцца ў свеце, імкнуцца рознымі спосабамі задаволіць неспакойнае сэрца чалавека, прапануючы шляхі; г.зн. вучэнні і правілы жыцця, а таксама сакральныя абрады.

Каталіцкі Касцёл не адмаўляе нічога, што ў гэтых рэлігіях ёсць праўдзівага і святога. Ён са шчырай павагай разглядае той спосаб дзеянняў і жыцця, тыя прадпісанні і вучэнні, якія, хоць і значна адрозніваюцца ад таго, што развівае і чаму навучае Касцёл, усё ж часам адлюстроўваюць промень той Праўды, якая асвячае ўсіх людзей. Сапраўды, Касцёл абвяшчае і заўсёды павінен абвяшчаць Хрыста – «дарогу, праўду і жыццё» (Ян 14, 6), у якім людзі знаходзяць паўнату рэлігійнага жыцця і праз якога Бог прымірыў усё з сабою4.

Таму Касцёл заклікае сваіх дзяцей, каб праз дыялог і супрацоўніцтва з паслядоўнікамі іншых рэлігій яны разважліва і з любоўю, даючы сведчанне веры і хрысціянскага жыцця, прызнавалі, захоўвалі і падтрымлівалі тыя духоўныя і маральныя даброты, а таксама сацыяльна-культурныя каштоўнасці, якія ў іх знаходзяцца.

3. Касцёл з павагай ставіцца да мусульманаў, якія пакланяюцца адзінаму Богу, жывому і самаіснаму, міласэрнаму і ўсемагутнаму, Стварыцелю неба і зямлі5, які размаўляў з людзьмі. Яны імкнуцца ўсёй душой падпарадкоўвацца Яго пастановам, нават патаемным, як падпарадкаваўся Богу Абрагам, да якога ахвотна звяртаецца ісламская вера. Хоць яны не прызнаюць Езуса Богам, аднак ушаноўваюць Яго як прарока, ушаноўваюць таксама Яго Маці, Дзеву Марыю, а часам нават з пабожнасцю Яе заклікаюць. Акрамя гэтага, яны чакаюць дзень Суда, калі Бог будзе справядліва ўзнагароджваць усіх уваскрослых людзей. Таму яны цэняць маральнае жыццё і пакланяюцца Богу асабліва праз малітву, міласціну і пост.

Паколькі на працягу стагоддзяў паміж хрысціянамі і мусульманамі ўзнікала нямала спрэчак і варожасці, Святы Сабор заклікае ўсіх забыць мінулае і шчыра імкнуцца да ўзаемаразумення, а таксама разам захоўваць і падтрымліваць на карысць усяго чалавецтва сацыяльную справядлівасць, маральныя каштоўнасці, спакой і свабоду.

4. Разважаючы над таямніцай Касцёла, Святы Сабор памятае пра лучнасць, якая духоўна яднае людзей Новага Запавету з нашчадкамі Абрагама.

Таму Хрыстовы Касцёл прызнае, што асновы яго веры і абрання знаходзяцца, паводле збаўчай таямніцы Бога, ужо ў патрыярхаў, Майсея і прарокаў. Ён вызнае, што ўсіх хрысціянаў, сыноў Абрагама па веры,6 датычыць заклік гэтага патрыярха і што збаўленне Касцёла таямніча прадказана выйсцем выбранага народу з зямлі няволі. Таму Касцёл не можа забыцца на тое, што ён атрымаў аб’яўленне Старога Запавету праз той народ, з якім Бог у сваёй невымоўнай міласэрнасці пажадаў заключыць старажытны Саюз, і што ён атрымаў жыццё ад кораня ўрадлівага аліўкавага дрэва, да якога прывіты былі галіны дзікай масліны — язычнікі7. Сапраўды, Касцёл верыць, што сваім крыжом Хрыстус, наш спакой, прымірыў юдэяў з язычнікамі і ў сабе ўчыніў з іх адно8.

Касцёл заўсёды памятае словы апостала Паўла пра яго братоў па крыві, якім належыць «усынаўленне, і хвала, і запаветы, і ўстанаўленне законаў, і Божае служэнне, і абяцанні; да іх належаць айцы, і з іх паводле цела — Хрыстус» (Рым 9, 4-5), Сын Дзевы Марыі. Ён таксама памятае, што Апосталы, фундамент і апора Касцёла, а таксама большасць першых вучняў, якія абвяшчалі Евангелле Хрыста, выйшлі з габрэйскага народу.

Як сцвярджае Святое Пісанне, Ерузалем не пазнаў часу свайго наведвання9. Большасць габрэяў не прынялі Евангелле, а многія з іх нават перашкаджалі яго распаўсюджванню10. Нягледзячы на гэта, паводле слоў Апостала, дзеля сваіх айцоў юдэі дагэтуль застаюцца ўмілаванымі Богам, таму што Бог не забірае сваіх дароў і паклікання11. Разам з прарокамі і гэтым Апосталам Касцёл чакае таго дня, вядомага толькі Богу, калі ўсе народы звернуцца да Пана адным голасам і будуць служыць Яму аднадушна (пар. Саф 3, 9)12.

Паколькі агульная духоўная спадчына хрысціянаў і юдэяў вельмі вялікая, Святы Сабор хоча захоўваць і падтрымліваць узаемаразуменне і пашану, якія заўсёды з’яўляюцца плёнам біблійных і тэалагічных даследаванняў, а таксама братэрскага дыялогу.

Хаця юдэйскія ўлады і іх прыхільнікі дамагаліся смерці Хрыста13, аднак у тым, што было здзейснена падчас Яго мукі, нельга абвінавачваць усіх без выключэння ні тагачасных, ні сучасных юдэяў. Хоць Касцёл і з’яўляецца новым Божым народам, аднак нельга прадстаўляць юдэяў ні як адкінутых Богам, ні як праклятых, сцвярджаючы, што гэта нібыта паходзіць са Святога Пісання. Таму ў катэхетычнай працы і ў прапаведаванні Божага слова ўсе павінны імкнуцца не навучаць таму, што не адпавядае праўдзе Евангелля і духу Хрыста.

Больш за тое, Касцёл, які асуджае любы пераслед людзей, памятаючы пра агульную з юдэямі спадчыну, натхнёны не палітычнымі меркаваннямі, але евангельскім духам любові, аплаквае нянавісць, пераслед і ўсе праявы антысемітызму, скіраваныя калі-небудзь і кім-небудзь супраць юдэяў.

Акрамя таго, Хрыстус, як заўсёды сцвярджаў і працягвае сцвярджаць Касцёл, паводле сваёй бясконцай любові дабравольна прыняў муку і смерць за грахі людзей, каб усе атрымалі збаўленне. Таму Касцёл у сваёй пропаведзі павінен абвяшчаць крыж Хрыста як знак Божай усеабдымнай любові і як крыніцу ўсялякай ласкі.

5. Мы не можам заклікаць Бога, Айца ўсіх, калі адмаўляемся паводзіць сябе па-братэрску з кожным чалавекам, створаным паводле Божага вобраза. Адносіны чалавека з Богам Айцом і з іншымі людзьмі, яго братамі, настолькі звязаны паміж сабою, што Пісанне кажа: «Той, хто не любіць, не ведае Бога» (1 Ян 4, 8).

Гэта руйнуе асновы кожнай тэорыі ці практыкі, якія ўводзяць паміж людзьмі ці паміж народамі адрозненні, што закранаюць чалавечую годнасць і вынікаючыя з яе правы.

Касцёл асуджае, як варожую духу Хрыста, любую дыскрымінацыю і прыгнёт людзей з-за іх нацыянальнай прыналежнасці, колеру скуры, грамадскага становішча ці рэлігіі. Таму, ідучы ўслед за святымі апосталамі Пятром і Паўлам, Святы Сабор горача заклікае хрысціянаў рабіць добро сярод народаў (пар. 1 П 2, 12) і, калі гэта магчыма і залежыць ад іх, жыць у спакоі з усімі людзьмі14, каб сапраўды стаць сынамі Айца, які ў нябёсах15.

Усё, што абвешчана ў гэтай Дэкларацыі — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.

Рым, у св. Пятра, 28 кастрычніка 1965г.


Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)


Першапачатковы тэкст сустрэў на Саборы як падтрымку, так і крытыку. Перапрацаваны і прадстаўлены на сесію 1964 года, ён быў абвешчаны 28 кастрычніка 1965 года. Дакумент заклікае ўсіх людзей пераадолець рэлігійныя канфлікты, разам пашыраць маральныя каштоўнасці, спакой, справядлівасць і свабоду. Сабор прызнае, што глыбокія пошукі сэнсу і прага боскага крыюцца ў кожным чалавеку. Нехрысціянскія рэлігіі адпавядаюць прынцыпам чалавечай мудрасці, прызнаючы існаванне вышэйшай сілы; іслам, юдаізм і хрысціянства прапаноўваюць бачанне Бога – адзінага Стварыцеля, які стварыў чалавека і дасць яму ўзнагароду ці пакаранне паводле яго спраў. Дакумент жадае дня з’яднання ў Хрысце з нашымі старэйшымі братамі габрэямі, асуджае антысемітызм.
q
  1. Пар. Дз 17, 26.
  2. Пар. Мдр 8, 1; Дз 14, 17; Рым 2, 6-7; 1 Цім 2, 4.
  3. Пар. Ап 21, 23-24.
  4. Пар. 2 Кар 5, 18-19.
  5. Пар. S. GREGORIOS VII., Epist. III, 21 ad Anazir (Al-Nasir), regem Mauritaniae, ed. E. CASPAR in MGH, Ep. Sel. II (1920) I, p. 288, 11-15; PL 148, 451A.
  6. Пар. Гал 3, 7.
  7. Пар. Рым 11,17-24.
  8. Пар. Эф 2, 14-16.
  9. Пар. Лк 19, 44.
  10. Пар. Рым 11, 28.
  11. Пар. Рым 11, 28-29; Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium: AAS 57 (1965) p. 20.
  12. Пар. Іс 66, 23; Пс 66 (65), 4; Рым 11, 11-32.
  13. Пар. Ян 19, 6.
  14. Пар. Рым 12, 18.
  15. Пар. Мц 5, 45.
 

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКРЭТ
ПРА СРОДКІ МАСАВАЙ КАМУНІКАЦЫІ
«INTER MIRIFICA»

УСТУП
РАЗДЗЕЛ I
РАЗДЗЕЛ II
ЗАКАНЧЭННЕ

УСТУП

1. Сярод незвычайных тэхнічных вынаходстваў, якія з Божай волі чалавечы геній асабліва ў наш час чэрпае са створаных рэчаў, Маці-Касцёл прымае i сочыць з асаблівым клопатам за тымі, што датычаць перадусім чалавечага духу і адкрываюць новыя, усё больш даступныя шляхі перадавання разнастайных навінаў, ідэй i настаўленняў. З гэтых вынаходстваў самымі выдатнымі з’яўляюцца сродкі, якія па сваёй сутнасці здольныя дасягнуць i ўзрушыць не толькі адзінкі, але таксама цэлыя супольнасці і ўсё чалавецтва: прэса, кінематаграфія, радыё, тэлебачанне i інш. Таму іх справядліва можна назваць сродкамі масавай камунікацыі*.

2. Маці-Касцёл безумоўна прызнае, што гэтыя сродкі пры адпаведным выкарыстанні аказваюць чалавецтву вялікую паслугу, бо ў значнай ступені спрыяюць адпачынку i духоўнаму ўзбагачэнню, а таксама пашырэнню i ўмацаванню Божага Валадарства. Ведае таксама, што людзі могуць іх выкарыстоўваць насуперак намерам Боскага Стварыцеля з крыўдаю для сябе. Матчына сэрца Касцёла сціскае боль ад той шкоды, якую чалавечая супольнасць вельмі часта церпіць з прычыны злоўжывання гэтымі сродкамі.

Таму Святы Сабор, падзяляючы чуйны клопат Найвышэйшых Пантыфікаў i біскупаў у такой важнай справе, лічыць сваім абавязкам разгледзець найважнейшыя пытанні, звязаныя са сродкамі масавай камунікацыі. Больш за тое, Сабор перакананы, што яго вучэнне і наказы, прадстаўленыя такім чынам, прычыняцца не толькі да збаўлення хрысціянаў, але таксама да развіцця ўсяго чалавецтва.

РАЗДЗЕЛ I

3. Каталіцкі Касцёл быў устаноўлены Хрыстом Панам, каб усім людзям несці збаўленне. Таму, усведамляючы неабходнасць прапаведавання Евангелля, ён лічыць сваім абавязкам абвяшчаць збаўчую навіну таксама пры дапамозе сродкаў масавай камунікацыі і вучыць людзей правільна імі карыстацца.

Таму Касцёл мае прыроджанае права карыстацца i валодаць рознымі гэтымі сродкамі настолькі, наколькі яны неабходны або могуць дапамагчы ў хрысціянскай фармацыі i ў кожнай справе дзеля збаўлення душ. Святыя пастыры павінны так вучыць вернікаў і кіраваць імі, каб пры дапамозе гэтых сродкаў дасягалася збаўленне i дасканаласць кожнай асобы і ўсяго чалавецтва.

З іншага боку, менавіта свецкія павінны ажыўляць гэтыя сродкі духам гуманізму i хрысціянства, каб яны цалкам адпавядалі вялікім чаканням чалавецтва, а таксама Божаму намеру.

4. Для належнага выкарыстання гэтых сродкаў неабходна, каб усе, хто імі карыстаецца, ведалі прынцыпы маральнага парадку i дакладна іх ажыццяўлялі ў гэтай сферы. Яны павінны звяртаць увагу на змест таго, што перадаецца спецыфічным для кожнага з гэтых сродкаў спосабам, а таксама зважаць на ўсе акалічнасці, такія як мэта, асобы, месца, час i інш., у якіх адбываецца пераказ і якія могуць змяніць або цалкам сказіць праўдзівасць зместу. Тут таксама мае значэнне спосаб уздзеяння, уласцівы кожнаму з гэтых сродкаў, г.зн. яго сіла, якая можа быць настолькі вялікай, што людзі, асабліва непадрыхтаваныя, з цяжкасцю змогуць яе заўважыць, пераадолець або пры неабходнасці нават супрацьстаяць ёй.

5. Найперш трэба, каб усе зацікаўленыя мелі праўдзівае ўяўленне пра правільнае выкарыстанне гэтых сродкаў, асабліва ў дачыненні некаторых пытанняў, якія вельмі інтэнсіўна абмяркоўваюцца ў наш час.
Першае пытанне датычыць гэтак званай інфармацыі, або збору i распаўсюджвання навінаў. Абсалютна зразумела, што ва ўмовах прагрэсу сучаснай чалавечай супольнасці i штораз цяснейшых сувязяў, якія лучаць яе членаў, інфармацыя стала надзвычай карыснай, a нават неабходнай. Адкрытае i своечасовае паведамленне пра падзеі i факты дае ўсім людзям больш поўныя i пастаянныя звесткі, каб яны маглі больш плённа прычыніцца да агульнага дабра i сумесна з большай лёгкасцю ўплываць на далейшае развіццё ўсёй грамадзянскай супольнасці. Таму ў чалавечай супольнасці існуе права на інфармацыю пра тое, аб чым людзі — ці то паасобку, ці з’яднаныя ў супольнасці — павінны ведаць, адпаведна ўмовам кожнага. Аднак дзеля правільнага карыстання гэтым правам неабходна, каб пры захаванні справядлівасці i любові змест паведамлення быў заўсёды праўдзівым i поўным; каб спосаб уздзеяння быў прыстойны i сумленны, г. зн. свята захоўваў маральныя законы, легітымныя правы i годнасць чалавека — як пры збіранні навінаў, так i пры іх распаўсюджванні, бо не кожнае веданне карысна, «а любоў будуе» (1 Кар 8, 1).

6. Другое пытанне датычыць узаемадносінаў паміж г.зв. правамі мастацтва і нормамі маральнасці. Паколькі ўсё больш частыя спрэчкі вакол гэтага нярэдка вынікаюць з фальшывых этычных i эстэтычных дактрын, Сабор сцвярджае, што абсалютна ўсе павінны прызнаваць першынство аб’ектыўнага маральнага парадку. Толькі ён пераўзыходзіць і належным чынам узгадняе паміж сабою парадак усіх іншых спраў чалавека, якімі б годнымі яны не былі, не выключаючы і мастацтва. Толькі маральны парадак ахоплівае ўсю натуру чалавека, які з’яўляецца разумным Божым стварэннем, пакліканым да ўзнёслых спраў. Калі гэты парадак будзе цалкам i верна захоўвацца, то прывядзе чалавека да дасягнення поўнай дасканаласці i шчасця.

7. Урэшце, апавяданне пра маральнае зло, яго апісанне ці прадстаўленне — таксама пры дапамозе сродкаў масавай камунікацыі — можа сапраўды паспрыяць глыбейшаму пазнанню i даследаванню чалавека, выяўленню і падкрэсліванню ўзнёсласці праўды i дабра, што адбываецца дзякуючы адпаведнаму драматычнаму ўздзеянню. Аднак, каб гэта не прынесла душам больш шкоды, чым карысці, гэтыя сродкі павінны сцісла падпарадкоўвацца маральным законам, асабліва ў выпадку спраў, якія патрабуюць належнай стрыманасці або могуць з лёгкасцю абудзіць у чалавеку, які аслаблены першародным грахом, ганебныя жаданні.

8. Паколькі грамадская думка аказвае сёння вялізны ўплыў як на прыватнае, так і на публічнае жыццё грамадзянаў усіх сацыяльных слаёў, пажадана, каб i ў гэтай сферы ўсе прадстаўнікі грамадства выконвалі свой абавязак справядлівасці i любові. Таму яны павінны выкарыстоўваць гэтыя сродкі для фарміравання i пашырэння слушнай грамадскай думкі.

9. Асаблівыя абавязкі маюць усе адрасаты: чытачы, гледачы i слухачы, якія прымаюць па асабістым i дабравольным выбары паведамленні, што перадаюцца гэтымі сродкамі. Правільны выбар патрабуе, каб яны падтрымлівалі ўсё, што адзначаецца маральнай, культурнай i мастацкай вартасцю і, наадварот, пазбягалі таго, што можа стаць для іх прычынай i магчымасцю духоўнай шкоды або праз дрэнны прыклад можа быць небяспечным для іншых, што перашкаджала б добрым паведамленням, a садзейнічала б дрэнным. Апошняе здараецца пераважна тады, калі грошы плацяцца тым, хто выкарыстоўвае гэтыя сродкі толькі дзеля нажывы.

Каб адрасаты захоўвалі маральныя законы, яны павінны своечасова знаёміцца з ацэнкай, якую дае па гэтых пытаннях кампетэнтная ўлада, і кіравацца ёй згодна з нормамі здаровага сумлення. Для паспяховага супрацьстаяння дрэнным уплывам і падтрымання добрых яны павінны імкнуцца правільна накіроўваць і выхоўваць сваё сумленне.

10. Адрасаты, асабліва моладзь, няхай прывучаюць сябе да ўмеркаванага i дысцыплінаванага карыстання гэтымі сродкамі. Больш за тое, яны павінны імкнуцца глыбей разумець тое, што бачаць, слухаюць і чытаюць. Няхай абмяркоўваюць гэта з выхаваўцамі i дасведчанымі людзьмі i вучацца такім чынам правільна ацэньваць рэчы. Бацькі ж няхай памятаюць пра свой абавязак старанна сачыць за тым, каб відовішчы, прэса i іншае, што супярэчыць веры i добрым звычаям, не пранікала ў іх дамы i каб іх дзеці не сустракаліся з гэтым дзесьці ў іншым месцы.

11. Асаблівы маральны абавязак правільнага выкарыстання сродкаў масавай камунікацыі маюць журналісты, пісьменнікі, акторы, рэжысёры, вытворцы, інвестары, выдаўцы, гандляры, выканаўцы, крытыкі i ўвогуле ўсе, хто нейкім чынам і якім-небудзь спосабам удзельнічае ў падрыхтоўцы i пераказванні паведамленняў. Абсалютна відавочна, якія і наколькі важныя абавязкі яны ўсе маюць у сучасных умовах, паколькі могуць праз інфармацыю, а таксама праз прапаганду весці чалавечы род да дабра або да зла.

Яны павінны так упарадкаваць эканамічныя, палітычныя і мастацкія інтарэсы, каб яны ніколі не супярэчылі агульнаму дабру. Дзеля больш поўнага дасягнення гэтай мэты яны павінны ўвайсці ў шэрагі такіх прафесійных арганізацый, якія абавязваюць сваіх прадстаўнікоў, пры неабходнасці нават праз заключэнне дамовы аб належным захаванні маральнага кодэксу, паважаць маральныя законы ва ўсіх сваіх прафесійных занятках i справах.

Няхай заўсёды памятаюць, што большасць чытачоў i гледачоў — гэта моладзь, якая патрабуе такой прэсы i такіх відовішчаў, якія давалі б годны адпачынак і адначасова заахвочвалі б іх да ўзнёслых рэчаў. Акрамя гэтага, яны павінны даручаць апрацоўку паведамленняў рэлігійнага зместу годным i дасведчаным асобам, а таксама перадаваць гэтыя паведамленні з належнай павагай.

12. Грамадзянская ўлада ў гэтай сферы мае асаблівыя абавязкі з прычыны агульнага дабра, да якога скіраваны гэтыя сродкі. Згодна са сваімі службовымі абавязкамі яна павінна абараняць i ахоўваць сапраўдную i справядлівую свабоду інфармацыі, асабліва прэсы, бо гэта неабходна для развіцця сучаснага грамадства; падтрымліваць рэлігію, культуру i выяўленчае мастацтва; гарантаваць адрасатам права карыстацца сваімі законнымі правамі. Апроч гэтага, грамадзянская ўлада павінна падтрымліваць тыя надзвычай карысныя, асабліва для моладзі, ініцыятывы, якія не могуць ажыццявіцца ў іншых умовах.

Урэшце, грамадзянская ўлада, клапоцячыся пра дабрабыт грамадзянаў, абавязана праз выданне спецыяльных законаў і іх стараннае выкананне справядліва і пільна сачыць, каб неадпаведнае выкарыстанне гэтых сродкаў не стварыла сур’ёзнай пагрозы для добрых звычаяў і развіцця грамадства. Гэты чуйны клопат ніякім чынам не абмяжуе свабоды асобных людзей або аб’яднанняў, асабліва ў выпадку, калі дзейсныя меры бяспекі не ажыццяўляюць тыя, хто ўжывае дадзеныя сродкі ў выніку сваіх службовых абавязкаў.

У першую чаргу трэба абараняць моладзь ад прэсы i відовішчаў, якія могуць быць шкоднымі ў іх узросце.

РАЗДЗЕЛ II

13. Усе дзеці Касцёла павінны сумесна і адзінадушна імкнуцца да таго, каб сродкі масавай камунікацыі без прамаруджвання i з вялікай стараннасцю плённа выкарыстоўваліся ў розных апостальскіх працах паводле патрабаванняў часу і месца, апярэджваючы шкодныя ініцыятывы асабліва там, дзе рэлігійнае і маральнае развіццё патрабуе ад іх больш напружанай дзейнасці.

Пастыры павінны рупліва выконваць свае заданні ў гэтай галіне, цесна звязаныя з іх штодзённым абавязкам прапаведавання. Таксама і свецкія, якія ўдзельнічаюць у выкарыстанні гэтых сродкаў, павінны старанна сведчыць пра Хрыста, перадусім выконваючы ўмела i ў духу апостальства свае заданні, a нават непасрэдна падтрымліваючы, па магчымасці, пастырскую дзейнасць Касцёла сваімі тэхнічнымі, эканамічнымі, культурнымі ці мастацкімі здольнасцямі.

14. Найперш неабходна падтрымліваць добрую прэсу. Каб выхоўваць чытачоў цалкам у хрысціянскім духу, трэба таксама ствараць i развіваць сапраўды каталіцкую прэсу, якая пры падтрымцы і пад кіраўніцтвам касцёльнай улады або свецкіх католікаў выдаецца для таго, каб фарміраваць, умацоўваць i падтрымліваць згодную з натуральным законам, каталіцкім вучэннем i маральнасцю грамадскую думку, каб распаўсюджваць i праўдзіва асвятляць факты з жыцця Касцёла. Вернікаў трэба вучыць, што чытанне i распаўсюджванне каталіцкай прэсы неабходна для таго, каб фарміраваць у сабе хрысціянскае меркаванне пра ўсе падзеі.

Усялякімі эфектыўнымі сродкамі трэба падтрымліваць i забяспечваць вытворчасць i паказ кінафільмаў, асабліва адрасаваных моладзі, якія служаць годнаму адпачынку і маюць культурную і мастацкую вартасць. Гэта дасягаецца праз каардынацыю намаганняў, а таксама праз садзеянне ініцыятывам сумленных вытворцаў i распаўсюджвальнікаў, праз падтрымку фільмаў, годных пахвалы паводле агульнага меркавання крытыкаў i адзначаных узнагародамі, праз дапамогу кіназалам, якія належаць каталікам i ўвогуле сумленным людзям, а таксама праз стварэнне іх аб’яднанняў.

Трэба таксама аказваць дзейсную дапамогу годным радыё- і тэлеперадачам, асабліва тым, якія могуць зацікавіць многія сем’і. Неабходна старанна падтрымліваць каталіцкія перадачы, якія заахвочваюць слухачоў i гледачоў да ўдзелу ў жыцці Касцёла i садзейнічаюць засваенню рэлігійных праўд. Там, дзе будзе мэтазгодным, трэба рупіцца пра заснаванне каталіцкіх радыёстанцый. Аднак пры гэтым неабходна дбаць пра высокі ўзровень і эфектыўнасць іх перадач.

Нарэшце, неабходна клапаціцца i пра тое, каб старажытнае і ўзнёслае сцэнічнае мастацтва, якое дзякуючы сродкам масавай камунікацыі ўжо шырока распаўсюджана, прычынялася да маральнага і культурнага выхавання гледачоў.

15. Каб задаволіць вышэйпададзеныя патрабаванні, трэба неадкладна рыхтаваць святароў, кансэкраваных асоб i свецкіх людзей, якія валодаюць адпаведным майстэрствам у выкарыстанні гэтых сродкаў, для апостальскіх мэтаў.

Перадусім трэба падрыхтаваць свецкіх у галіне мастацтва і тэхнікі, веравучэння і маралі, павялічваючы колькасць школ, факультэтаў і інстытутаў, дзе журналісты, аўтары фільмаў, радыё- і тэлеперадач, а таксама іншыя зацікаўленыя асобы маглі б атрымаць поўную адукацыю ў хрысціянскім духу, найперш адносна сацыяльнага вучэння Касцёла. Неабходна таксама выхоўваць тэатральных артыстаў і дапамагаць ім, каб сваім мастацтвам яны маглі паспяхова садзейнічаць грамадскаму дабру. Нарэшце, трэба старанна рыхтаваць літаратурных крытыкаў, крытыкаў кіно, радыё, тэлебачання i інш., каб яны дасканала арыентаваліся ў сваёй галіне, каб навучыліся i ахвотна стваралі меркаванні, прыярытэтам якіх заўсёды былі б маральныя прынцыпы.

16. Каб адрасаты рознага ўзросту і адукацыі маглі правільна карыстацца сродкамі масавай камунікацыі, якія знаходзяцца ў іхнім распараджэнні, ім неабходна адпаведная падрыхтоўка i практыка, якая б улічвала іх асаблівасці, а таксама характар кожнага з гэтых сродкаў. Таму скіраваныя на гэта ініцыятывы, асабліва калі яны датычаць моладзі, ва ўсіх каталіцкіх школах, семінарыях, у апостальскіх аб’яднаннях свецкіх трэба падтрымліваць і пашыраць, а таксама кіраваць імі паводле прынцыпаў хрысціянскай маралі. Падчас катэхізацыі неабходна прадстаўляць i тлумачыць каталіцкую дактрыну і дысцыпліну адносна гэтай справы.

17. Абсалютна недапушчальнай для дзяцей Касцёла з’яўляецца пасіўнасць, калі прапаведаванне слова збаўлення мае перашкоды, звязаныя з тэхнічнымі цяжкасцямі i сапраўды вельмі вялікімі выдаткамі, якіх патрабуюць гэтыя сродкі. Таму Святы Сабор нагадвае пра абавязак падтрымліваць і аддаваць перавагу штодзённым і перыядычным каталіцкім выданням, кінематаграфічным ініцыятывам, радыё- і тэлестанцыям і перадачам, якія распаўсюджваюць i абараняюць праўду, а таксама садзейнічаюць хрысціянскаму выхаванню чалавечага грамадства. Адначасова Сабор настойліва заклікае таварыствы i асобных людзей, якія маюць вялікі аўтарытэт у галіне эканомікі i тэхнікі, каб яны ахвотна і шчодра фінансавалі і падтрымлівалі сваім вопытам гэтыя сродкі — настолькі, наколькі яны служаць сапраўднай культуры і апостальству.

18. Каб умацоўваць розныя формы апостальства Касцёла ў галіне сродкаў масавай камунікацыі, паводле меркавання біскупаў ва ўсіх дыяцэзіях свету павінен быць устаноўлены адзін дзень у годзе, у які вернікаў павучалі б пра іх абавязкі ў гэтай сферы, заклікаючы да малітвы ў гэтай справе і да збірання ахвяраванняў на гэтую мэту. Гэтыя ахвяраванні трэба выкарыстоўваць выключна для ўтрымання i развіцця тых устаноў i ініцыятыў у гэтай сферы, якія падтрымлівае Касцёл, з улікам патрабаванняў усяго каталіцкага свету.

19. У выкананні найвышэйшага пастырскага задання ў сферы сродкаў масавай камунікацыі Найвышэйшаму Пантыфіку дапамагае спецыяльная служба Апостальскай Сталіцы1.

20. Абавязак біскупаў — сачыць у сваіх дыяцэзіях за такога тыпу справамі i намерамі, падтрымліваць іх настолькі, наколькі яны служаць публічнаму апостальству, і каардынаваць іх, не выключаючы спраў, якія ажыццяўляюцца пад кіраўніцтвам манаскіх супольнасцяў, што не падлягаюць юрысдыкцыі мясцовага ардынарыя.

21. Паколькі плённае апостальства ў межах усёй краіны патрабуе адзінства намераў i намаганняў, Святы Сабор пастанаўляе i загадвае, каб усюды ўстанаўліваліся і ўсяляк падтрымліваліся нацыянальныя службы па справах прэсы, кіно, радыё i тэлебачання, галоўным заданнем якіх будзе клопат пра належнае фарміраванне сумлення вернікаў у карыстанні гэтымі сродкамі, а таксама падтрымка i кіраванне ўсялякімі намерамі, якія ажыццяўляюць католікі ў гэтай сферы.

Кіраўніцтва гэтымі нацыянальнымі службамі трэба даручыць спецыяльнай Камісіі Біскупаў або аднаму выбранаму біскупу. У працы гэтых служб павінны браць удзел таксама свецкія, якія добра ведаюць каталіцкае вучэнне і гэтыя мастацтвы.

22. Больш за тое, паколькі ўплыў гэтых сродкаў выходзіць па-за межы асобных краін i робіць адзінкі як бы грамадзянамі ўсёй чалавечай супольнасці, таму нацыянальныя ініцыятывы ў гэтай галіне трэба з’яднаць паміж сабою на міжнародным узроўні. Згаданыя ў № 21 службы павінны цесна супрацоўнічаць з адпаведнымі Міжнароднымі каталіцкімі аб’яднаннямі, якія правамоцна зацвярджаюцца толькі самой Апостальскай Сталіцай i ёй падпарадкоўваюцца.

ЗАКАНЧЭННЕ

23. Каб усе прынцыпы i ўказанні дадзенага Святога Сабору адносна сродкаў масавай камунікацыі былі рэалізаваныя, па непасрэдным даручэнні Сабору і намаганнямі службы Апостальскай Сталіцы, пра якую ішла гаворка ў № 19, пры дапамозе экспертаў з розных краін неабходна выдаць пастырскую Інструкцыю.

24. Святы Сабор спадзяецца, што вышэйпададзеныя пастановы i нормы будуць ахвотна прыняты i дакладна захаваны ўсімі дзецьмі Касцёла, якія ў карыстанні гэтымі сродкамі не толькі не будуць мець шкоды, але, як соль і святло, заправяць зямлю i асветляць свет. Акрамя гэтага, Сабор заклікае ўсіх людзей добрай волі, у першую чаргу кіраўнікоў сродкаў масавай камунікацыі, каб яны стараліся выкарыстоўваць гэтыя сродкі толькі для дабра чалавечай супольнасці, лёс якой усё больш залежыць ад іх адпаведнага ўжывання. Таму няхай імя Пана будзе праслаўлена і старажытнымі творамі мастацтва, i новымі вынаходствамі паводле слоў Апостала: «Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі» (Гбр 13, 8).

Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.

Рым, у св. Пятра, 4 снежня 1963г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)


Праект дакумента пра сродкі масавай камунікацыі быў разгледжаны на І сесіі Сабору. У ім тлумачылася вучэнне Касцёла адносна прэсы, тэлебачання і радыё, прызнаваліся магчымасці сродкаў масавай камунікацыі і ўказваліся некаторыя пастырскія кірункі. Перапрацаваны тэкст, паглыблены і канкрэтызаваны, быў прыняты 4 снежня 1963 года. У гэтым актуальным дакуменце Касцёл афіцыйна прызнае ролю «мас-медыяў» у сучасным грамадстве і ў жыцці Касцёла, прымае іх як адну з мэтаў сваёй пастырскай дзейнасці і запрашае свецкіх католікаў быць галоўнымі дзейснымі асобамі ў гэтай справе, больш сугучнай іх кампетэнцыі. Сярод ініцыятыў, прапанаваных у дакуменце, — увядзенне штогадовага сусветнага дня сродкаў масавай камунікацыі і стварэнне цэнтральных і мясцовых структур для ажыццяўлення Дэкрэта. Непасрэдна пасля Сабору асаблівае значэнне мае інструкцыя «Communio et progressio».
q

  1. Айцы Сабору, ахвотна прымаючы пажаданні «Сакратарыяту кнігадрукавання і кіравання відовішчамі», з пакораю просяць Найвышэйшага Пантыфіка пашырыць паўнамоцтвы і абавязкі гэтай службы на ўсе сродкі масавай камунікацыі, не выключаючы і прэсу, а таксама спецыялістаў з розных краін, у тым ліку і свецкіх.
* Заўвага рэд. Хоць у сучаснай беларускай мове замацаваўся выраз «сродкі масавай інфармацыі» (СМІ), у дадзеным выпадку было вырашана выкарыстоўваць іншы тэрмін, які падкрэслівае рознабаковы камунікатыўны характар гэтых сродкаў.
 

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКЛАРАЦЫЯ
ПРА ХРЫСЦІЯНСКАЕ ВЫХАВАННЕ
«GRAVISSIMUM EDUCATIONIS»

Вялікае значэнне выхавання ў жыцці чалавека і яго ўзрастаючы ўплыў на грамадскае развіццё нашага часу сталі прадметам напружаных разважанняў Святога Сусветнага Сабору1. Сапраўды, у сучасных умовах працяг адукацыі дарослых і выхаванне моладзі стала больш даступнай і ў той жа час больш неабходнай справай. Людзі, больш усведамляючы сваю годнасць і абавязкі, хочуць усё актыўней удзельнічаць у грамадскім і асабліва ў эканамічным і палітычным жыцці2. Значны прагрэс тэхнікі і навуковых даследаванняў, а таксама новыя сродкі масавай камунікацыі даюць людзям, якія сёння маюць больш вольнага часу, лягчэйшы доступ да духоўных і культурных багаццяў і дазваляюць узаемна дапаўняць свае веды дзякуючы больш цесным сувязям паміж асобнымі грамадствамі і нават народамі.

Таму ўсюды робяцца намаганні ўсё больш развіваць справу выхавання, а асноўныя правы, асабліва дзяцей і бацькоў, на выхаванне абвяшчаюцца і замацоўваюцца ў афіцыйных дакументах3. Колькасць выхаванцаў хутка павялічваецца, таму памнажаюцца і развіваюцца школы і ствараюцца іншыя навучальныя ўстановы. Праводзяцца новыя эксперыменты для распрацоўкі метадаў выхавання і навучання. Затрачваюцца вялікія намаганні, каб забяспечыць усім людзям доступ да выхавання і адукацыі, аднак вялікая колькасць дзяцей і маладых людзей да гэтага часу пазбаўлена магчымасці атрымаць нават пачатковую адукацыю, а многім іншым не хапае належнага выхавання, у якім аддаецца перавага праўдзе і любові.

Святая Маці-Касцёл павінен настолькі клапаціцца пра ўсё жыццё чалавека, у тым ліку і зямное, наколькі яно спалучана з нябесным пакліканнем, каб выканаць наказ, атрыманы ад свайго Боскага Заснавальніка — абвяшчаць таямніцу збаўлення ўсім людзям і ўсё аднавіць у Хрысце4. Таму Касцёл удзельнічае ў развіцці і пашырэнні выхавання. З гэтай прычыны Святы Сабор абвяшчае некаторыя фундаментальныя прынцыпы хрысціянскага выхавання, асабліва ў школах. Прынцыпы, якія пасля заканчэння Сабору павінна больш падрабязна распрацаваць спецыяльная Камісія і якія павінны выкарыстоўвацца Канферэнцыямі Біскупаў ва ўмовах розных рэгіёнаў.

1. Паколькі ўсе людзі, незалежна ад іх паходжання, стану ці ўзросту маюць годнасць чалавечай асобы, у іх ёсць неад’емнае права на выхаванне5, якое адпавядае іх уласнаму прызначэнню6, згоднаму з іх здольнасцямі, полам, культурай і роднымі традыцыямі, а таксама адкрытаму на братэрскую лучнасць з іншымі народамі дзеля развіцця сапраўднай еднасці і спакою на зямлі. Сапраўднае выхаванне імкнецца фарміраваць чалавечую асобу згодна з яе найвышэйшай мэтай і на карысць грамадства, членам якога з’яўляецца чалавек і ў якім ён, стаўшы дарослым, будзе выконваць адпаведныя абавязкі.

Таму трэба дапамагаць дзецям і маладым людзям, выкарыстоўваючы сучасныя дасягненні ў псіхалогіі, педагогіцы і дыдактыцы, гарманічна развіваць іх фізічныя, маральныя і інтэлектуальныя здольнасці так, каб яны паступова набылі больш дасканалае пачуццё адказнасці, імкнучыся пастаянна да правільнага стылю жыцця і да дасягнення сапраўднай свабоды, адважна і непахісна перамагаючы перашкоды. Па меры іхняга ўзрастання ім трэба даваць станоўчае і разумнае сексуальнае выхаванне. Больш за тое, іх трэба рыхтаваць да ўдзелу ў грамадскім жыцці, каб яны, маючы неабходныя і адпаведныя сродкі, маглі актыўна дзейнічаць у розных сферах чалавечага грамадства, быць адкрытымі на дыялог з іншымі людзьмі і гатовымі спрыяць агульнаму дабру.

Святы Сабор таксама абвяшчае, што дзеці і маладыя людзі маюць права на тое, каб іх падтрымлівалі ў правільнай ацэнцы маральных каштоўнасцяў і заахвочвалі да іх прыняцця, а таксама да таго, каб лепш пазнаваць і любіць Бога. Таму Сабор настойліва просіць усіх, хто кіруе народамі або выхаваннем, клапаціцца, каб моладзь ніколі не была пазбаўлена гэтага святога права. Ён заклікае дзяцей Касцёла аддана працаваць ва ўсіх сферах выхавання, асабліва для таго, каб належныя даброты выхавання і адукацыі маглі хутчэй дасягнуць усіх людзей ва ўсім свеце7.

2. Усе хрысціяне, якія праз адраджэнне з вады і Духа Святога сталі новым стварэннем8, а таму называюцца і з’яўляюцца дзецьмі Божымі, маюць права на хрысціянскае выхаванне. Яно скіравана не толькі на дасягненне сталасці чалавечай асобы, як было акрэслена вышэй, але найперш на тое, каб ахрышчаныя праз большае пазнанне таямніц збаўлення ўсё лепш усведамлялі прыняты імі дар веры і вучыліся пакланяцца Богу Айцу ў духу і праўдзе (пар. Ян 4, 23), асабліва ў літургічным дзеянні, каб прызвычайваліся жыць як новы чалавек: у праведнасці і святасці праўды (Эф 4, 22-24), і праз гэта прыйшлі да «чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты» (пар. Эф 4, 13) і садзейнічалі ўзрастанню Містычнага цела. Больш за тое, усвядоміўшы сваё пакліканне, няхай сведчаць пра сваю надзею (пар. 1 П 3, 15) і прызвычайваюцца садзейнічаць хрысціянскаму пераўтварэнню свету, дзякуючы якому натуральныя каштоўнасці, прынятыя з поўнай увагай да адкупленага Хрыстом чалавека, памнажаюць дабрабыт усяго грамадства9. Таму Святы Сабор нагадвае пастырам пра іх самы важны абавязак — сачыць, каб усе вернікі, асабліва моладзь, якая з’яўляецца надзеяй Касцёла, маглі атрымаць хрысціянскае выхаванне10.

3. Паколькі дзецям далі жыццё бацькі, яны маюць яшчэ больш важны абавязак — выхаваць сваё патомства. Таму яны з’яўляюцца першаснымі і галоўнымі выхаваўцамі11. Гэты абавязак выхавання настолькі важны, што яго занядбанне наўрад ці можна чым-небудзь выправіць. Бацькі павінны стварыць сямейную атмасферу, ажыўленую любоўю і павагай да Бога і чалавека, якая б садзейнічала інтэгральнаму асабістаму і грамадскаму выхаванню дзяцей. Таму сям’я з’яўляецца першай школай грамадскіх цнотаў, якіх патрабуе кожнае грамадства. Перш за ўсё ў хрысціянскай сям’і, якая адорана ласкай сакрамэнту сужэнства і якая прымае яго абавязкі, трэба з самых ранніх гадоў вучыць дзяцей пазнаваць і праслаўляць Бога, а таксама любіць бліжняга згодна з верай, прынятай падчас хросту. Тут яны атрымліваюць свой першы вопыт здаровага грамадства і Касцёла. Урэшце, менавіта праз сям’ю яны паступова ўваходзяць у грамадзянскую супольнасць і ў Божы народ. Таму бацькі павінны добра разумець, наколькі важнай для жыцця і развіцця Божага народу з’яўляецца сапраўдная хрысціянская сям’я12.

Каб выканаць абавязак выхавання, які ў першую чаргу мае сям’я, неабходна дапамога ўсяго грамадства. Таму, акрамя правоў бацькоў і іншых людзей, якім яны дазваляюць удзельнічаць у справе выхавання, некаторыя правы і абавязкі належаць і грамадзянскай супольнасці, якая павінна належна ўпарадкаваць тое, што неабходна для часовага агульнага дабра. У абавязкі грамадства ўваходзіць развіццё рознымі спосабамі выхавання моладзі, а менавіта: абарона абавязкаў і правоў бацькоў і іншых людзей, якія ўдзельнічаюць у выхаванні, і дапамога ім; ажыццяўленне выхавання згодна з прынцыпам субсідыярнасці тады, калі няма ініцыятыў з боку бацькоў і іншых арганізацый (аднак пры гэтым трэба ўлічваць пажаданні бацькоў); больш за тое, стварэнне ўласных школ і навучальных устаноў у такой ступені, у якой гэтага патрабуе агульнае дабро13.

Урэшце, абавязак навучання асаблівым чынам належыць Касцёлу. І не толькі таму, што яго, як і чалавечую супольнасць, трэба лічыць здольным даць выхаванне, але найперш таму, што ён павінен паказваць шлях збаўлення ўсім людзям, перадаваць вернікам Хрыстовае жыццё і стала дапамагаць ім у дасягненні паўнаты гэтага жыцця14. Маці-Касцёл абавязаны даць сваім дзецям такое выхаванне, дзякуючы якому ўсё іх жыццё змагло б напоўніцца Хрыстовым духам. У той жа час ён дапамагае ўсім народам дасягнуць поўнай дасканаласці чалавечай асобы дзеля дабра самаго зямнога грамадства і для будавання больш гуманнага свету15.

4. У выкананні свайго выхаваўчага абавязку Касцёл, ужываючы ўсе адпаведныя сродкі, клапоціцца найперш пра тых людзей, якія належаць да яго. Першым такім сродкам з’яўляецца катэхізацыя16, якая тлумачыць і ўмацоўвае веру, напаўняе жыццё Хрыстовым духам, вядзе да свядомага і актыўнага ўдзелу ў літургічнай таямніцы17 і пабуджае да апостальскай дзейнасці. Касцёл высока цэніць і імкнецца напоўніць сваім духам і ўзвысіць таксама іншыя сродкі, якія належаць да агульнай спадчыны чалавецтва і маюць вялікі ўплыў на духоўнае выхаванне і фарміраванне людзей. Такімі сродкамі з’яўляюцца сродкі масавай камунікацыі18, розныя аб’яднанні духоўнага і спартыўнага характару, саюзы моладзі і асабліва школы.

5. Сярод усіх астатніх сродкаў выхавання асаблівае значэнне мае школа19, якая згодна са сваёй місіяй з няспынным клопатам развівае інтэлектуальныя магчымасці, выпрацоўвае здольнасць да правільнага суджэння, знаёміць з культурнай спадчынай папярэдніх пакаленняў, выхоўвае пачуццё каштоўнасцяў, рыхтуе да прафесійнага жыцця, стварае сярод выхаванцаў, якія маюць розны характар і паходжанне, сяброўскія адносіны і падтрымлівае дух узаемаразумення. Акрамя таго, яна з’яўляецца нібы цэнтрам, у дзейнасці і развіцці якога павінны адначасова браць удзел сем’і, настаўнікі, розныя аб’яднанні, якія развіваюць культурнае, грамадзянскае, рэлігійнае і грамадскае жыццё, а таксама ўся чалавечая супольнасць.

Сапраўды, прыгожым і вельмі важным з’яўляецца пакліканне ўсіх, хто дапамагае бацькам у выкананні іх абавязкаў і ў імя чалавечага грамадства прымае абавязак выхавання ў школах. Гэтае пакліканне патрабуе асаблівых інтэлектуальных і духоўных якасцяў, вельмі пільнай падрыхтоўкі і сталай гатоўнасці да аднаўлення і адаптацыі.

6. Бацькі, якія маюць першаснае і неад’емнае права і абавязак выхавання дзяцей, павінны карыстацца сапраўднай свабодай у выбары школы. Таму грамадзянская ўлада, абавязак якой — забяспечыць і абараняць свабоду грамадзян, памятаючы пра справядлівае размеркаванне, павінна сачыць за такім размеркаваннем грамадскіх субсідый, каб бацькі маглі сапраўды свабодна выбраць школу для сваіх дзяцей згодна са сваім сумленнем20.

У дадатак, дзяржава павінна сачыць за тым, каб усе грамадзяне маглі атрымаць роўны ўдзел у культуры і належным чынам падрыхтавацца да выканання сваіх грамадзянскіх абавязкаў і правоў. Таму дзяржава павінна абараняць правы дзяцей на адпаведнае школьнае выхаванне, сачыць за прыгоднасцю настаўнікаў і ўзроўнем падрыхтоўкі, за здароўем вучняў і ў цэлым развіваць усю сістэму школьнага выхавання, улічваючы прынцып субсідыярнасці, а таму выключаючы ўсялякую манаполію школ, бо гэта супярэчыць прыроджаным правам чалавечай асобы, развіццю і пашырэнню культуры, мірнаму суіснаванню грамадзян і плюралізму, які сёння квітнее ў многіх грамадствах21.

Таму Святы Сабор заклікае хрысціянаў і надалей дапамагаць у пошуку адпаведных метадаў выхавання і парадку навучання, у падрыхтоўцы настаўнікаў, здольных правільна выхоўваць моладзь, у падтрыманні, пераважна пры дапамозе бацькоўскіх аб’яднанняў, усёй працы школы, асабліва маральнага выхавання, якое яна павінна даваць22.

7. Касцёл, усведамляючы свой вельмі важны абавязак старанна клапаціцца пра маральнае і рэлігійнае выхаванне ўсіх сваіх дзяцей, з асаблівай любоўю і дапамогай павінен спадарожнічаць тым шматлікім дзецям, якія атрымліваюць адукацыю ў некаталіцкіх школах. Гэта магчыма праз жыццёвае сведчанне настаўнікаў і кіраўнікоў, праз апостальскую дзейнасць іх вучняў23  і асабліва праз служэнне святароў і свецкіх, якія выкладаюць ім вучэнне пра збаўленне адпаведна іх узросту і становішчу і духоўна дапамагаюць уласцівымі ініцыятывамі згодна з умовамі часу і месца.

Касцёл нагадвае бацькам пра іх сур’ёзны абавязак забяспечыць ці нават патрабаваць усё неабходнае, каб іх дзеці маглі карыстацца гэтай дапамогай і ўзрастаць у хрысціянскім выхаванні нароўні са свецкім. Таму Касцёл высока цэніць тыя грамадзянскія ўлады і грамадствы, якія, памятаючы пра плюралізм сучаснага грамадства і клапоцячыся пра належную рэлігійную свабоду, дапамагаюць сем’ям, каб ва ўсіх школах навучанне іх дзяцей вялося згодна з маральнымі і рэлігійнымі прынцыпамі сем’яў24.

8. Прысутнасць Касцёла ў галіне школьнага навучання асаблівым чынам выяўляецца ў каталіцкіх школах. Зразумела, каталіцкая школа імкнецца да культурных мэтаў і займаецца гуманітарнай адукацыяй маладых людзей не менш за іншыя школы. Яе адметнай функцыяй з’яўляецца стварэнне ў школьным асяроддзі адмысловай атмасферы, ажыўленай евангельскім духам свабоды і любові, каб падлеткі па меры свайго асабістага развіцця адначасова ўзрасталі паводле вобраза новага стварэння, якім яны сталі пасля хросту, і ўрэшце, яна павінна так суадносіць усю агульначалавечую культуру са збаўчай навіной, каб веды пра свет, жыццё і чалавека, якія выхаванцы паступова набываюць, былі асветлены верай25. Таму каталіцкая школа, калі яна належным чынам адкрыта на ўмовы сучаснага свету, вучыць сваіх выхаванцаў плённай працы дзеля дабра зямной дзяржавы, а таксама рыхтуе іх да служэння на карысць пашырэння Божага Валадарства, каб праз прыклад жыцця і апостальства яны сталі нібы рошчынай для чалавечай супольнасці.

Такім чынам, каталіцкая школа, якая мае такую значную ролю ў выкананні місіі Божага народу і ў падтрыманні дыялогу паміж Касцёлам і чалавечым грамадствам дзеля іхняга дабра, захоўвае сваё вельмі важнае значэнне і ў сучасных абставінах. Таму Святы Сабор зноў абвяшчае тое, чаму ўжо навучаў у шматлікіх дакументах Настаўніцкі Інстытут Касцёла26, а менавіта: права Касцёла свабодна ствараць школы любога віду і ўзроўню і кіраваць імі. Ён нагадвае, што ажыццяўленне гэтага права значна садзейнічае абароне свабоды сумлення, правоў бацькоў, а таксама развіццю культуры.

Няхай настаўнікі памятаюць, што ад іх амаль цалкам залежыць выкананне каталіцкай школай яе мэтаў і праграм27. Таму настаўнікаў трэба рыхтаваць з асаблівым клопатам, каб яны авалодалі як свецкімі, так і рэлігійнымі ведамі, пацверджанымі адпаведнай кваліфікацыяй, і мелі педагагічны вопыт на ўзроўні сучасных адкрыццяў. Звязаныя любоўю паміж сабой і са сваімі вучнямі і напоўненыя апостальскім духам, няхай сваім жыццём і навучаннем яны сведчаць пра Хрыста, адзінага Настаўніка. Няхай супрацоўнічаюць найперш з бацькамі; разам з імі ў цэласным выхаванні няхай улічваюць палавыя адрозненні і тое асаблівае прызначэнне, якім Божы Провід адарыў кожнага ў сям’і і ў грамадстве. Няхай заахвочваюць сваіх выхаванцаў да асабістай дзейнасці, а пасля заканчэння школы няхай працягваюць дапамагаць ім парадай і сяброўствам, у тым ліку і ствараючы адмысловыя аб’яднанні, прасякнутыя эклезіяльным духам. Святы Сабор абвяшчае, што праца гэтых настаўнікаў з’яўляецца сапраўдным апостальствам, найбольш адпаведным і неабходным у наш час, і ў той жа час — сапраўдным служэннем грамадству. Сабор нагадвае бацькам-католікам пра іх абавязак аддаваць, па меры магчымасці, сваіх дзяцей у каталіцкія школы, а таксама ўсяляк падтрымліваць гэтыя школы і супрацоўнічаць з імі для дабра сваіх дзяцей28.

9. Хоць каталіцкая школа можа прымаць розныя формы ў залежнасці ад мясцовых умоў, усе школы, якія нейкім чынам залежаць ад Касцёла, павінны адпавядаць яе крытэрыям29. Касцёл таксама вельмі шануе і тыя каталіцкія школы, якія, асабліва на тэрыторыях маладых Касцёлаў, наведваюць таксама вучні-некатолікі.

Пры стварэнні каталіцкіх школ і ў кіраванні імі неабходна ўлічваць патрэбы сённяшняга прагрэсу. Таму, акрамя падтрымкі пачатковых і сярэдніх школ, якія складаюць фундамент выхавання, трэба высока цаніць і тыя школы, якія асабліва неабходны з увагі на сучасныя ўмовы, а менавіта: прафесійныя30 і тэхнічныя школы; установы, прызначаныя для адукацыі дарослых і развіцця сацыяльнай дапамогі, а таксама для тых, хто з прычыны прыродных недахопаў патрабуе асаблівай апекі; школы, дзе настаўнікі атрымліваюць падрыхтоўку як для рэлігійнага выхавання, так і для іншых форм адукацыі.

Святы Сабор настойліва заклікае пастыраў Касцёла і ўсіх хрысціянаў ахвярна дапамагаць каталіцкім школам, каб яны маглі больш паспяхова выконваць свае заданні і клапаціцца найперш пра патрэбы матэрыяльна бедных людзей і тых, хто пазбаўлены дапамогі і любові сям’і, а таксама тых, хто не мае дару веры.

10. Касцёл таксама рупіцца пра вышэйшыя школы, асабліва універсітэты і факультэты. Найперш, ва ўсіх падпарадкаваных яму школах ён імкнецца, каб кожны прадмет вывучаўся паводле сваіх уласных прынцыпаў, метадаў, пры наяўнасці свабоды, уласцівай навуковаму пошуку, каб разуменне гэтых прадметаў штодня станавілася ўсё больш глыбокім, каб, дакладна разглядаючы новыя пытанні і праводзячы даследаванні згодна з навучаннем доктараў Касцёла, асабліва св. Тамаша Аквінскага31, можна было глыбей пазнаць, як вера і розум вядуць да адной праўды. Такім чынам, прысутнасць хрысціянскага мыслення павінна публічна, моцна і ўсебакова выяўляцца ва ўсім імкненні развіваць вышэйшую культуру, а выхаванцаў такіх навучальных устаноў трэба рыхтаваць так, каб яны былі людзьмі сапраўды глыбокіх ведаў, гатовымі выконваць самыя важныя абавязкі ў грамадстве, і сведкамі веры ў свеце32.

У каталіцкіх універсітэтах, дзе няма факультэта тэалогіі, павінен існаваць інстытут ці кафедра тэалогіі, дзе чыталіся б лекцыі, дастасаваныя таксама да свецкіх студэнтаў. Паколькі навука развіваецца перш за ўсё дзякуючы спецыяльным даследаванням, якія маюць вялікае навуковае значэнне, у каталіцкіх універсітэтах і факультэтах трэба падтрымліваць найперш тыя інстытуты, якія займаюцца ў асноўным развіццём навуковых даследаванняў.

Святы Сабор настойліва рэкамендуе развіваць каталіцкія універсітэты і факультэты, мэтанакіравана размешчаныя ў розных частках свету, каб яны вылучаліся не толькі колькасцю, але і ўзроўнем даследаванняў. Паступленне ў іх павінна быць заўсёды адкрыта для асабліва здольнай моладзі, нават калі ў яе недастаткова сродкаў. Перадусім гэта датычыць тых, хто паходзіць з развіццёвых краін.

Паколькі лёс грамадства і самога Касцёла шчыльна звязаны з поспехам маладых людзей, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю33, пастыры Касцёла павінны старанна клапаціцца пра духоўнае жыццё выхаванцаў, і не толькі тых, якія наведваюць каталіцкія універсітэты: пры наяўнасці агульнай згоды паміж біскупамі няхай пастыры, клапоцячыся пра духоўнае выхаванне ўсіх сваіх дзяцей, садзейнічаюць таму, каб таксама пры некаталіцкіх універсітэтах былі каталіцкія інтэрнаты і універсітэцкія цэнтры, у якіх святары, духоўныя і свецкія, старанна падабраныя і падрыхтаваныя, давалі б сталую духоўную і інтэлектуальную дапамогу універсітэцкай моладзі. Найбольш здольных маладых людзей з каталіцкіх і з іншых універсітэтаў, якія маюць настаўніцкія ці навукова-даследчыя здольнасці, трэба выхоўваць з асаблівым клопатам і скіроўваць да выкладчыцкай дзейнасці.

11. Касцёл шмат чакае ад факультэтаў сакральных дысцыплін34, бо даверыў ім вельмі важны абавязак: рыхтаваць сваіх выхаванцаў не толькі да святарскага служэння, але найперш да выкладання ў касцёльных вышэйшых навучальных установах або да асабістай навукова-даследчай працы, або да выканання найбольш складаных функцый інтэлектуальнага апостальства. Гэтыя факультэты таксама займаюцца больш грунтоўнымі даследаваннямі розных аспектаў сакральных дысцыплін, каб дасягнуць больш глыбокага разумення святога Аб’яўлення, каб пашырыць доступ да перададзенай продкамі спадчыны хрысціянскай мудрасці, каб падтрымліваць дыялог з адлучанымі ад нас братамі і нехрысціянамі, а таксама адказваць на пытанні, якія ўзнікаюць у выніку навуковага прагрэсу35.

Таму каталіцкія факультэты, перагледзеўшы належным чынам свае законы, няхай старанна развіваюць сакральныя дысцыпліны і тыя, што з імі звязаны, а таксама, выкарыстоўваючы сучасныя метады і сродкі, рыхтуюць сваіх навучэнцаў да больш глыбокіх даследаванняў.

12. Супрацоўніцтва, якое штодня ўзрастае на дыяцэзіяльным, нацыянальным і міжнародным узроўнях і становіцца ўсё больш неабходным, у большай ступені патрэбна і ў галіне адукацыі. Таму павінны выкарыстоўвацца ўсе сродкі для каардынацыі дзейнасці ўсіх каталіцкіх школ і для ўстанаўлення паміж імі і іншымі школамі супрацоўніцтва, якога патрабуе агульнае дабро ўсяго чалавецтва36.

Больш дакладная каардынацыя і сумесная праца прынясуць самыя шчодрыя плады, асабліва ў вышэйшых навучальных установах. Таму розныя факультэты кожнага універсітэта павінны дапамагаць адзін аднаму, наколькі дазваляе іх спецыялізацыя. Няхай універсітэты імкнуцца да цеснага супрацоўніцтва, арганізоўваючы міжнародныя канферэнцыі і сустрэчы, дзелячыся навуковымі даследаваннямі і вынаходствамі, абменьваючыся часова выкладчыкамі і, нарэшце, развіваючы ўсё, што можа садзейнічаць умацаванню супрацоўнітва.

ЗАКАНЧЭННЕ

Святы Сабор настойліва заклікае маладых людзей, каб яны, усведамляючы важнасць справы выхавання, выяўлялі велікадушную гатоўнасць далучыцца да яе, асабліва ў тых краінах, дзе з-за недахопу настаўнікаў выхаванне моладзі знаходзіцца пад пагрозай.

Святы Сабор выказвае глыбокую падзяку тым святарам, кансэкраваным асобам і свецкім, якія ў духу Евангелля займаюцца высакароднай справай выхавання і выкладання ў школах любога тыпу і ўзроўню, і заахвочвае іх самааддана працягваць распачатае імі служэнне, імкнучыся выхоўваць сваіх вучняў у Хрыстовым духу, паляпшаць сваё педагагічнае майстэрства, паглыбляць веды, каб не толькі садзейнічаць унутранаму аднаўленню Касцёла, але захоўваць і павялічваць яго дабратворны ўплыў на сучасны свет, асабліва ў інтэлектуальнай сферы.

Усё, што абвешчана ў гэтай Дэкларацыі — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.

Рым, у св. Пятра, 28 кастрычніка 1965г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)


Першапачатковы тэкст некалькі разоў перапрацоўваўся. Быў прадстаўлены на абмеркаванне ў 1964 годзе і абнародаваны на заключнай сесіі 28 кастрычніка 1965 года. Згодна з саборнай канцэпцыяй дыялога Касцёла з сучасным светам дакумент станоўча ацэньвае культурнае развіццё і падтрымлівае права кожнага чалавека на належную адукацыю, служэнне развіццю асобы і яе інтэграцыі ў сучаснае грамадства. Першыя выхаваўцы — гэта бацькі, якія павінны мець дастатковую падтрымку з боку дзяржавы і Касцёла для ажыццяўлення сваёй задачы выхавання, асабліва ў школах на ўсіх яе ступенях. Дакумент прызнае значэнне каталіцкай школы, патрабуе прысутнасці католікаў таксама ў свецкіх установах, жадае, каб каталіцкія універсітэты, культывуючы розныя дысцыпліны ў свабодзе навуковых даследаванняў, імкнуліся падтрымліваць еднасць веры і розуму і дзейнічаць, дзе гэта магчыма, у супрацоўніцтве з дзяржаўнымі універсітэтамі.

 

q

  1. Сярод шматлікіх дакументаў, якія сведчаць пра значэнне выхавання, гл. перад усім: BENEDICTUS XV, Ep. Apost. Communes Litteras, 10 apr. 1919: AAS 11 (1919), p. 172. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, 31 dec. 1929: AAS 22 (1930), pp. 49-86. PIUS XII, Allocutio ad Iuvenes A. C. I., 20 apr. 1946: Discorsi e Radiomessaggi VIII, pp. 53-57. — Allocutio ad Patres familias Galliae, 18 sept. 1951: Discorsi e Radiomessaggi XIII, pp. 241-245. IOANNES XXIII, Nuntius tricesimo exacto anno ex quo Litt. Encycl. Divini Illius Magistri editae sunt, 30 dec. 1959: AAS 52 (1960), pp. 57-59. PAULUS VI, Allocutio ad sodales F. I. D. A. E. (Federazione Istituti Dipendenti dall’Autoritа1 Ecclesiastica), 30 dec. 1963: Encicliche e Discorsi di S. S. Paolo VI, 1 Roma 1964, pp. 601-603. Insuper conferantur Acta et Documenta Concilio Oecumenico Vaticano II apparando, series I, Antepraeparatoria, vol. III, pp. 363-364, 370-371, 373-374.
  2. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961) pp. 413, 415-417, 424. — Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963: AAS 55 (1963) p. 278s.
  3. Пар. Professio Universalis iurium humanorum (Dйclaration des droits de l’homme) die 10 dec. 1948 a Foederatarum Nationum Coetu generali rata habita; і пар. Dйclaration des droits de l’enfant, 20 nov. 1959; Protocole additionnel а1 la convention de sauvegarde des droits de l’homme et des libertйs fondamentales, Parisiis, 20 mart. 1952; пра Дэкларацыю правоў чалавека гл. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963: AAS 55 (1963), p. 295s.
  4. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), p. 402. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, n. 17: AAS 57 (1965), p. 21.
  5. PIUS XII, Nuntius radiophonicus datus 24 dec. 1942: AAS 35 (1943), pp. 12, 19. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963: AAS 55 (1963), p. 259s. Пар. Declarationes iurium hominis, laudatas in nota 3.
  6. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, 31 dec. 1929: AAS 22 (1930), p. 50s.
  7. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), p. 441s.
  8. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 83.
  9. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, n. 36: AAS 57 (1965), p. 41s.
  10. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, nn. 12-14.
  11. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 59s.; Litt. Encycl. Mit brennender Sorge, 14 martii 1937: AAS 29 (1937), p. 164s. PIUS XII, Allocutio ad primum congressum nationalem Consociationis Italicae Magistrorum catholicorum (A.I.M.C.), 8 sept. 1946: Discorsi e Radiomessaggi VIII, p. 218.
  12. Пар. CONC. VAT. II, Constitutio dogm. de Ecclesia, Lumen Gentium, nn. 11 et 35: AAS 57 (1965), pp. 16 et 40s.
  13. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 63s. PIUS XII, Nuntius radiophonicus datus 1 iunii 1941: AAS 33 (1941) p. 200; Allocutio ad primum Congressum nationalem Consociationis Italicae Magistrorum catholicorum, 8 sept. 1946: Discorsi e Radiomessaggi VIII, p. 218. Пра прынцып субсідыярнасці гл. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963: AAS 55 (1963), p. 294.
  14. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., pp. 53s., 56s. Litt. Encycl. Non abbiamo bisogno, 29 iunii 1931: AAS 23 (1931), p. 311s. PIUS XII, Litt. Secretariae Status ad XXVIII Hebdomadam Soc. Ital. 20 sept. 1955: L’Osservatore Romano, 29 sept. 1955.
  15. Касцёл ухваляе тыя мясцовыя, нацыянальныя і міжнародныя грамадзянскія ўлады, якія, разумеючы вялікую неабходнасць нашага часу, прыкладваюць намаганні, каб усе народы мелі большы доступ да выхавання і чалавечай культуры. Пар. PAULUS VI, Allocutio in Consilio Nationum Unitarum, 4 oct. 1965: AAS 57 (1965), pp. 877-885.
  16. Пар. PIUS XI, Motu proprio Orbem catholicum, 29 iunii 1923: AAS 15 (1923), pp. 327-329. Decr. Provido sane, 12 ian. 1935: AAS 27 (1935), pp. 145-152. CONC. VAT. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, nn. 13 et 14.
  17. Пар. CONC. VAT. II, Constit. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 14: AAS 56 (1964), p. 104.
  18. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de instrumentis communicationis socialis, Inter mirifica, nn. 13 et 14: AAS 56 (1964), p. 149s.
  19. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 76; PIUS XII, Allocutio ad Associationem Magistrorum Catholicorum Bavariae, 31 dec. 1956: Discorsi e Radiomessaggi XVIII, p. 746.
  20. Пар. CONC. PROV. CINCINNATENSE III, a. 1861: Collectio Lacensis, III, col. 1240, c/d; PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., pp. 60, 63s.
  21. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 63; Litt. Encycl. Non abbiamo bisogno, 29 iunii 1931: AAS 23 (1931), p. 305. PIUS XII, Litt. Secretariae Status ad XXVIII Hebdomadam Soc. Ital., 20 sept. 1955: L’Osservatore Romano, 29 sept. 1955. PAULUS VI, Allocutio ad Associationem Christianam Operariorum Italiae (A. C. L. I.), 6 oct. 1963: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, I, Roma 1964, p. 230.
  22. Пар. IOANNES XXIII, Nuntius tricesimo exacto anno ex quo Litt. Encycl. Divini Illius Magistri editae sunt, 30 dec. 1959: AAS 52 (1960), p. 57.
  23. Касцёл высока ацэньвае тую апостальскую дзейнасць, якую вядуць у гэтых школах каталіцкія настаўнікі і іх вучні.
  24. Пар. PIUS XII, Allocutio ad Associationem Magistrorum Catholicorum Bavariae, 31 dec. 1956: Discorsi e Radiomessaggi XVIII, p. 745s.
  25. Пар. CONC. PROV. WESTMONASTERIENSE I, a. 1852: Collectio Lacensis III, col. 1334, a/b.; PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 77s.; PIUS XII, Allocutio ad Associationem Magistrorum Catholicorum Bavariae, 31 dec. 1956: Discorsi e Radiomessaggi XVIII, p. 746; PAULUS VI, Allocutio ad sodales F. I. D. A. E. (Federazione Istituti Dipendenti dall’Autoritа Ecclesiastica), 30 dec. 1963: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, I, Roma 1964, p. 602s.
  26. Пар. асабліва дакументы, згаданыя ў спасылцы 1; больш за тое, гэтае права Касцёла сцвярджаюць многія мясцовыя Сіноды, а таксама апошнія Дэкларацыі многіх Канферэнцый Біскупаў.
  27. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Divini Illius Magistri, l. c., p. 80s.; PIUS XII, Allocutio ad Consociationem Catholicam Italicam Magistrorum scholarum secundariarum (U. C. I. I. M.), 5 ian. 1954: Discorsi e Radiomessaggi, XV, pp. 551-556; IOANNES XXIII, Allocutio ad VI Congressum Associationis Italicae Magistrorum Catholicorum (A. I. M. C.), 5 sept. 1959: Discorsi, Messaggi, Colloqui, I, Roma 1960, pp. 427-431.
  28. Пар. PIUS XII, Allocutio ad Consociationem Catholicam Italicam Magistrorum scholarum secundariarum (U. C. I. I. M.), 5 ian. 1954, l. c., p. 555.
  29. Пар. PAULUS VI, Allocutio ad Officium Internationale Educationis Catholicae (О. I. E. C.), 25 febr. 1964: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, II, Roma 1964, p. 232.
  30. Пар. PAULUS VI, Allocutio ad Associationem Christianam Operariorum Italiae (A. C. L. I.), 6 oct. 1963: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, I, Roma 1964, p. 229.
  31. Пар. PAULUS VI, Allocutio ad Associationem Christianam Operariorum Italiae (A. C. L. I.), 6 oct. 1963: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, I, Roma 1964, p. 229.
  32. Пар. PIUS XII, Allocutio ad magistros et alumnos Institutorum Superiorum Catholicorum Galliae, 21 sept. 1950: Discorsi e Radiomessaggi, XII, pp. 219-221; Ep. ad XXII Congressum «Pax Romana», 12 aug. 1952: Discorsi e Radiomessaggi, XIV, pp. 567-569; IOANNES XXIII, Allocutio ad Foederationem Universitatum Catholicarum, 1 apr. 1959: Discorsi, Messaggi, Colloqui, I, Roma 1960, pp. 226-229; PAULUS VI, Allocutio ad Senatum Academicum Universitatis Catholicae Mediolanensis, 5 apr. 1964: Encicliche e Discorsi di Paolo VI, II, Roma 1964, pp. 438-443.
  33. Пар. PIUS XII, Allocutio ad Senatum Academicum et alumnos Universitatis Romanae, 15 iunii 1952: Discorsi e Radiomessaggi, XIV, p. 208: «La direzione della societа1 di domani и principalmente riposta nella mente e nel cuore degli universitari di oggi» (Пачатак кіраўніцтва заўтрашнім грамадствам закладваецца ў першую чаргу ў розумах і сэрцах сённяшніх студэнтаў).
  34. Пар. PIUS XI, Const. Apost. Deus Scientiarum Dominus, 24 maii 1931: AAS 23 (1931), pp. 245 -247.
  35. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Humani Generis, 12 aug. 1950: AAS 42 (1950), pp. 568s., 578; PAULUS VI, Litt. Encycl. Ecclesiam Suam, Pars III, 6 aug. 1964: AAS 56 (1964), pp. 637-659; CONC. VAT. II, Decr. de Oecumenismo, Unitatis Redintegratio, AAS 57 (1965), pp. 90-107.
  36. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Pacem in terris, 11 apr. 1963: AAS 55 (1963), p. 284 et passim.
 
<< Першая < Папярэдняя 1 2 3 4 5 Наступная > Апошняя >>

Старонка 2 з 5
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.