Барысаў, 8 мая 2010 г.
Дарагія браты і сёстры!
1. У Езусе Хрысце няма абмежаванняў да дасканаласці, у Ім мы ўсе пакліканы да вялікіх спраў. Падчас адной з малітоўных сустрэч прагучала просьба аб ласцы быць Божай надзеяй свету. Гэтыя словы напачатку могуць быць незразумелымі. Аднак, калі мы добра ўдумаемся ў іх сэнс, то прызнаем іх слушнасць. У гісторыі чалавецтва было і ёсць многа людзей, якія пацвердзілі рэальнасць гэтых слоў. Ёсць многа маладых людзей, шчодрасць і імкненне якіх служыць іншым зачароўвае. Ёсць шмат сем’яў, у якіх узаемная любоў, павага, цярплівасць і апека над дзецьмі захапляюць. Ёсць самотныя людзі, пасвячэнне і ахвярнасць якіх падбадзёрваюць. Ёсць святары і кансэкраваныя асобы, вера і адданая пастырская дзейнасць якіх даюць людзям надзею, нават насуперак надзеі.