Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на святой Імшы падчас святарскага пасвячэння дыякана Паўла Падмышаніна

Барысаў, 8 мая 2010 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. У Езусе Хрысце няма абмежаванняў да дасканаласці, у Ім мы ўсе пакліканы да вялікіх спраў. Падчас адной з малітоўных сустрэч прагучала просьба аб ласцы быць Божай надзеяй свету. Гэтыя словы напачатку могуць быць незразумелымі. Аднак, калі мы добра ўдумаемся ў іх сэнс, то прызнаем іх слушнасць. У гісторыі чалавецтва было і ёсць многа людзей, якія пацвердзілі рэальнасць гэтых слоў. Ёсць многа маладых людзей, шчодрасць і імкненне якіх служыць іншым зачароўвае. Ёсць шмат сем’яў, у якіх узаемная любоў, павага, цярплівасць і апека над дзецьмі захапляюць. Ёсць самотныя людзі, пасвячэнне і ахвярнасць якіх падбадзёрваюць. Ёсць святары і кансэкраваныя асобы, вера і адданая пастырская дзейнасць якіх даюць людзям надзею, нават насуперак надзеі.

2. Сёння мы сабраліся ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве, каб прыняць удзел у святарскім пасвячэнні дыякана Паўла, які належыць да Закона айцоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Касцёл спадзяецца, што праз святарскае служэнне ён таксама стане Божай надзеяй свету.

У чым праяўляецца пакліканне святара быць прыладай Божай надзеі свету? Афіцыйнае навучанне Касцёла сцвярджае, што святар павінен выконваць тры місіі: моцаю Езуса Хрыста абвяшчаць Божае слова, цэлебраваць сакрамэнты і, з’яўляючыся пастырам людзей, у любові будаваць хрысціянскую супольнасць.

3. Найперш святар павінен абвяшчаць Евангелле. Гэта значыць, што ён пакліканы абвяшчаць Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага ўсім людзям. Святы апостал Павел навучае: вера ад слухання. А каб можна было слухаць, павінен быць той, хто абвяшчае праўды веры і навучае Закону Божаму. Пры гэтым трэба памятаць, што святар абвяшчае не сваю навуку, але навуку Хрыста. Таму не трэба баяцца абвяшчаць яе, нягледзячы на шматлікія секулярныя тэндэнцыі сучаснасці. Трэба абвяшчаць з моцаю, бо слова Божае заўсёды жывое і дзейснае. Не трэба баяцца абвяшчаць крыж Хрыстовы. Для нас Крыж — гэта не знак смерці, паражэння ці вар’яцтва. Наадварот, ён нагадвае, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія мы павінны вытрымаць, Крыж з’яўляецца знакам перамогі, жыцця і надзеі, бо ўсё будзе пакладзена пад ногі Хрыста, — навучае святы Павел.

Экс-прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел кажа, што надзея — гэта не толькі ўпэўненасць у тым, што нешта вырашыцца найлепшым чынам, але гэта перш за ўсё ўпэўненасць, што ўсё мае свой сэнс, незалежна ад таго, як усё вырашыцца. Кожны чалавек прагне надзеі, а мы як хрысціяне можам ахвяраваць людзям гэту надзею. І мы павінны быць упэўнены ў тым, што нашае жыццё, радасці і цяжкасці, перамогі і паражэнні маюць свой сэнс у Езусе Хрысце.

4. Другім заданнем святара з’яўляецца цэлебрацыя Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў. Тут ізноў трэба памятаць, што святар цэлебруе не сваю літургію, але моцаю Духа Святога прадстаўляе Хрыста. Гэта азначае, што ўсе літургічныя дзеянні — гэта не асабістыя дзеянні святара, але дзеянні Хрыста. Таму, чым больш верным застаецца святар свайму малітоўнаму жыццю і цэлебрацыі літургіі, чым больш часу прысвячае, каб быць бліжэй да Бога, тым больш Хрыстус будзе ззяць у ім, з ім і праз яго. Сакрамэнты падкрэсліваюць цудоўную прысутнасць Хрыста ў найбольш адказных хвілінах жыцця чалавека. Таму трэба старацца так цэлебраваць літургію, каб даць магчымасць людзям зведаць дотык Езуса, каб яны напоўніліся Ягонай ласкай.

5. Трэцім заданнем святара, па прыкладу Добрага Пастыра Езуса Хрыста, з’яўляецца духоўная падтрымка і яднанне людзей з Богам, а праз гэта будаванне хрысціянскай супольнасці. Таму трэба быць як мага бліжэй да вернага люду, быць побач у кожных абставінах яго жыцця. Нельга быць пастырам у ізаляцыі. Святарскае служэнне павінна быць у еднасці з біскупам, іншымі святарамі, кансэкраванымі асобамі і людзьмі. На гэтым шляху святар не адзін.

Адна гісторыя апавядае пра яўрэя, які адчуваў сябе вельмі нешчаслівым. Ён напісаў пісьмо да рабіна з просьбай дапамагчы. У пісьме яўрэй пісаў, што кожны дзень прачынаецца смутным і поўным страху, што не можа сканцэнтравацца, што яму цяжка маліцца, што ён захоўвае Божы Закон, аднак гэта не задавальняе яго, што хоць і ходзіць у сінагогу, усё ж такі адчувае сябе самотным. Рабін адаслаў яму пісьмо назад, у кожным сказе падкрэсліваючы адно і тое ж слова: «Я». Менавіта ў гэтым слове крылася прычына няшчасця гэтага чалавека — самотнасць. Таму святар павінен любіць Касцёл і вернікаў і дапамагаць ім. Але ў той жа час ён павінен дазволіць ім дапамагаць яму.

Дыякан Павел! Падчас гэтай святой Імшы ты становішся святаром. Бог кліча цябе да святарскага служэння ў супольнасці марыянаў. Кліча, каб ты стаў знакам надзеі сучаснаму свету. Памятай, што тваё святарскае пасвячэнне адбываецца ў Год святарства, дэвіз якога: «Вернасць Хрыста — вернасць святара». Як Хрыстус верна выканаў волю свайго Нябеснага Айца, так і ты павінен застацца верным пакліканню, быць Alter Chrіstus. Няхай дапамогай табе будуць словы рэфарматара закону марыянаў благаслаўлёнага арцыбіскупа Юрыя Матулевіча (Юргіса Матулайціса-Матулевіча): Пане, дазволь мне, нібы свечцы, згарэць дашчэнту на Тваім Алтары; дазволь быць анучай, якою выціраюць пыл з алтара. Дыякан Павел, будзь сапраўдным святлом для людзей у духоўнай цемры сучаснага свету, святлом, якога цемра не можа агарнуць; будзь тым, хто выцірае грахоўны пыл з людскіх душаў; будзь Божай надзеяй сучанаму чалавеку. Амэн.

Адноўлена 08.05.2010 12:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі