Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Мінск — Св. Сымона і св. Алены Чырвоны касцёл]
Выcтупленне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на медыцынскім семінары ў Мінску
2013-04-19 09:24:59

19 красавіка 2013 г., мінскі касцёл св. Сымона і св. Алены

Семінар «Сучасныя метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі алергічных, імуналагічных, дэрматалагічных, пульманалагічных і дзіцячых вірусных грыбковых хваробаў у медыцыне»

Вера твая ўратавала цябе

1. Сардэчна вітаю ўдзельнікаў семінара.

 
Слова Крыстыны Лялько, галоўнага рэдактара часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», падчас уручэння папскіх медалёў «Bene merenti» асобам, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў Беларусі
2012-12-19 12:08:09

18 снежня 2012 г., Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены

«Пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны…»  (Лк 6, 45) Нашыя сэрцы сёння напоўнены глыбокаю ўдзячнасцю.

 
Гамілія Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці падчас Імшы за ахвяраў войнаў і пераследу
2012-11-02 18:59:52

2 лістапада 2012 г., Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану,

сёння Прадстаўнік Святога Айца пажадаў маліцца разам з вамі за ўсіх сыноў і дачок беларускага народа, якія сталі ахвярамі войнаў і пераследу.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў межах сімпозіума «Парафія — асяродак жыцця кожнага верніка»
2011-10-18 14:03:27

19 кастрычніка 2011 г., Чырвоны касцёл, г. Мінск

Дапамога наша ў імені Пана (пар. Пс 124 (123), 8а)

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага Псальма вельмі добра перадае змест сённяшніх чытанняў. У першым чытанні, у Пасланні апостала Паўла да Рымлянаў, Апостал народаў заклікае да таго, каб грэх не панаваў над намі. Учыніць гэта магчыма толькі давяраючы сябе Богу і з дапамогай Ягонай ласкі, бо самі мы не зможам нічога. Нас, святароў, Хрыстус паклікаў быць тымі, дзякуючы якім Божая ласка прыходзіць да чалавека.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на 20-годдзе ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі
2011-06-17 10:58:27
Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены

19 чэрвеня 2011 г.

«Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому, Богу, які ёсць, які быў і які прыходзіць».

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэтыя словы ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якую сёння адзначае Каталіцкі Касцёл, мы пачулі ў сённяшняй літургіі слова. Чалавек не здольны пазнаць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы, і толькі Бог нам яе аб’яўляе. І сапраўды, як можна зразумець чалавечым розумам, што адзін раўняецца тром, бо ў Найсвяцейшай Тройцы мы праслаўляем аднаго Бога ў трох асобах, кожная з якіх таксама з’яўляецца Богам. Бог Айцец — гэта пачатак усяго. Ён адвечна нараджае Сына, які ўцелавіўся для нас і нашага збаўлення і які пасылае нам Святога Духа Суцяшыцеля, каб весці Касцёл у новую будучыню.    

2. Езус Хрыстус, ведаючы, што пасля завяршэння справы збаўлення чалавецтва павінен быў адысці да дому свайго Нябеснага Айца, заснаваў Касцёл, задачай якога з’яўляецца весці людзей шляхам збаўлення. Пры гэтым словамі, якія Езус сказаў апосталу Пятру: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18), Ён нагадаў пра тое, што Касцёл будзе існаваць вечна, нягледзячы на ўсе перашкоды і цяжкасці. Гэтыя словы з’яўляюцца фундаментальнымі як з пункту гледжання ўстанаўлення Касцёла, так і яго дзеяў.

Другі Ватыканскі Сабор нанава адкрыў веліч і глыбіню Касцёла як народу Божага, які складаецца з вернікаў розных нацый і моваў. Слова «каталіцкі» паходзіць ад грэчаскага «каталікос», што азначае «паўсюдны». Такім чынам, Касцёл па сваёй прыродзе панаднацыянальны. Аднак у той жа час як боска-чалавечы арганізм ён знаходзіцца на канкрэтнай тэрыторыі і дзейнічае ў канкрэтных абставінах. Таму ён мае свае структуры. Гэта найперш парафіі, якія ўваходзяць у склад дыяцэзіі. Для лепшай каардынацыі працы і выпрацоўкі сумеснага пастырскага плану некалькі дыяцэзій уваходзяць у склад мітраполіі.

3. Беручы пад увагу служэнне біскупаў і іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, трэба найперш нагадаць, што хрысціянства на нашы землі прыйшло ўжо ў Х стагоддзі. Княгіня Вольга ў 959 г. звярнулася да нямецкага караля Атона I з просьбай прыслаць біскупа і святароў. На славянскія землі кароль паслаў біскупа Адальдага. У канцы X — пачатку XI стагоддзяў св. Бруно Баніфацы разам са св. Войцехам абвяшчаў Евангелле язычнікам і імі быў забіты на мяжы Літвы і Русі, гэта азначае дзесьці на захадзе ці на паўднёвым захадзе Беларусі.

На пачатку XI стагоддзя ў Тураве было заснавана лацінскае біскупства. Першым біскупам быў Райнберн.

У 1186 г. было заснавана так званае Ліёнскае (Рыжскае) біскупства. Першым біскупам часткі беларускіх і літоўскіх земляў стаў Хрысціян, катэдра якога знаходзілася, здаецца, у Навагрудку.

У XIII–XVII стст. на нашых землях будуецца шмат касцёлаў, прыбываюць францішкане і езуіты, якія засноўваюць свае цэнтры. Так, напрыклад, езуіты заснавалі дзве акадэміі — у Вільні і Полацку. У XVII стагоддзі ў Віцебску працуе біскуп Язафат Кунцэвіч. У 1720 г. былі прызначаны асобныя каталіцкія біскупы для ўсходняй Беларусі — у Магілёве, Мсціславе і Оршы.

У 1773 г. царыца Кацярына II без узгаднення з Апостальскім Пасадам заснавала Беларускую дыяцэзію. Пасля доўгіх перамоваў у 1783 г. Апостальскі Пасад заснаваў Магілёўскую архідыяцэзію і мітраполію, у якую ўвайшлі ўсе каталіцкія дыяцэзіі Расійскай імперыі.
 
У 1798 г. была ўстаноўлена Мінская дыяцэзія. Аднак сітуацыя Каталіцкага Касцёла была нялёгкай. З часам пачалі зачыняцца кляштары і навучальныя ўстановы. У 1839 г. была ліквідавана Унія, а ў 1869 г. — Мінская дыяцэзія, якая была далучана да Віленскай дыяцэзіі а ў 1883 г. — да Магілёўскай. Царскі ўрад моцна супрацьстаяў рэлігійнаму жыццю Каталіцкага Касцёла, і адным з наступстваў гэтага з’яўляецца сумная гісторыя ўсё яшчэ не перададзенага вернікам Бернардынскага комплексу ў Мінску.

4. Пасля царскага талеранцыйнага Указу ад 1905 г. пачалося ажыўленне дзейнасці Каталіцкага Касцёла. У 1917 г. была адноўлена Мінская дыяцэзія. Аднак пачынаючы ад 20-х гадоў мінулага стагоддзя дзейнасць Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскай дыяцэзіі была паралізавана. У 1920 г. быў арыштаваны біскуп Мінскі Зыгмунт Лазінскі, які потым у 1925 г. быў прызначаны біскупам новаўтворанай Пінскай дыяцэзіі. У 1923 г. асуджаны і рэпрэсіраваны магілёўскі арцыбіскуп Ян Цепляк. У 1926 г. біскуп Балеслаў Слосканс быў прызначаны Апостальскім Адміністратарам у Магілёве, а ў 1927 г. — у Мінску. Аднак у тым жа годзе ён быў арыштаваны. Пік ганенняў — гэта 1939 г., калі былі зачынены амаль усе касцёлы, а ў 10 фармальна не зачыненых не было ніводнага святара.

У выніку зменаў межаў Беларусі пасля II Сусветнай вайны ў заходніх яе рэгіёнах было значна больш адчыненых касцёлаў і святароў. Нягледзячы на палітыку ганенняў, Касцёл трываў. У 1988 г. у Беларусі дзейнічалі 105 касцёлаў і працавалі 62 святары.

5. Аднак сацыяльна-палітычныя падзеі таго часу ў былым Савецкім Саюзе сведчылі, што час ганенняў завяршаецца.

У 1989 г. быў прызначаны першы каталіцкі біскуп у Беларусі, а 13 красавіка 1991 г. благаслаўлёны папа Ян Павел II сваім своечасовым, мужным і правідэнцыяльным рашэннем рэарганізаваў нармальныя структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне і ўстанавіў Мінска-Магілёўскую мітраполію, у склад якой увайшла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і дзве дыяцэзіі — Гродзенская і Пінская. У 1999 г. з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была вылучана Віцебская дыяцэзія, так што сёння ў склад мітраполіі ўваходзяць чатыры дыяцэзіі.

Устанаўленне дыяцэзій і мітраполіі ўнесла элемент касцёльнай стабільнасці ў Беларусі і паклала мяжу трываючай на працягу трох пакаленняў няпэўнасці, калі не было сваіх біскупаў, а толькі генеральныя вікарыі, якія прызначаліся біскупамі з-за мяжы. Уручэнне палія першаму Мінска-Магілёўскаму Мітрапаліту арцыбіскупу Казіміру Свёнтку ў гэтым касцёле св. Сымона і св. Алены было не толькі сімвалічным жэстам, але падкрэсліла яго ўладу і сувязь з біскупам Рыма як наступнікам св. Пятра і Апостальскім Пасадам.

Устанаўленне дыяцэзій і мітраполіі мае таксама глыбокі тэалагічны сэнс. Кожная дыяцэзія з’яўляецца партыкулярным, мясцовым Касцёлам. Аднак гэты Касцёл праз тую ж веру, той жа культ і адзінства кіраўніцтва змяшчае і праяўляе ў сабе жыццё паўсюднага Касцёла.

6. За мінулыя 20 гадоў Каталіцкі Касцёл у Беларусі прайшоў фазу свайго станаўлення і арганізацыі неабходных структур, такіх, як парафіі, якіх каля 460; навучальныя ўстановы, сярод якіх дзве семінарыі і тры ўстановы для падрыхтоўкі катэхетаў; чатыры выдавецтвы, якія выдаюць рэлігійныя і літургічныя кнігі, катэхетычныя матэрыялы, чатыры газеты і чатыры часопісы; вэб-сайт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Сatholic.by, які займае адно з вядучых месцаў сярод рэлігійных сайтаў Беларусі; нацыянальны, дыяцэзіяльныя і парафіяльныя дабрачынныя фонды «Карытас»; нядзельная радыётрансляцыя святой Імшы на першым канале Беларускага радыё і многае іншае. Колькасць беларускіх святароў узрасла больш чым у тры разы. Перакладзены на беларускую мову і выдадзены асноўныя літургічныя кнігі, а таксама многія афіцыйныя дакументы Каталіцкага Касцёла, што патрэбна для арганізацыі і правядзення набажэнстваў, фармацыі святароў, кансэкрававных асобаў і свецкіх і што таксама з’яўляецца ўкладам Каталіцкага Касцёла ў развіццё беларускай культуры. Пры парафіях арганізавана катэхізацыя дзяцей і моладзі. Развіваецца пілігрымкавы рух як да беларускіх, так і да замежных санктуарыяў. Каталіцкі Касцёл прымае актыўны ўдзел у вырашэнні многіх сацыяльных праблем нашага грамадства, у першую чаргу такіх, як праблемы сям’і, аховы жыцця, прафілактыкі СНІДУ, дапамогі бедным і патрабуючым, сацыяльнай справядлівасці, выхавання моладзі на маральных прынцыпах і г. д. Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю адносін з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, з якой мы маем некаторыя сумесныя праграмы і стараемся сумесна адказваць на балючыя выклікі нашага секулярнага часу, а таксама сумесна сведчыць і бараніць хрысціянскія каштоўнасці.

7. Разам з гэтымі і іншымі дасягненнямі і поспехамі ёсць і нямала праблем. Адной з самых балючых з’яўляецца недахоп касцёлаў і касцёльных памяшканняў. Дзякуй Богу, улады разумеюць гэтыя праблемы і даюць дазволы на будаўніцтва новых касцёлаў, асабліва ў Мінску. Аднак само іх будаўніцтва ў абставінах эканамічнага крызісу з’яўляецца нялёгкай справай.

Усё яшчэ адчуваецца недахоп святароў, і таму неабходна дапамога святароў і кансэкраваных асобаў з-за мяжы.

Многае трэба ўчыніць у галіне фармацыі свецкіх вернікаў, асабліва адносна іх пачуцця адказнасці за Касцёл і хрысціянскага сведчання ў розных жыццёвых абставінах, каб яны былі хрысціянамі не толькі ў касцёле падчас набажэнства, але і за яго парогам; каб прыпадабняліся не свету, а Хрысту; каб іх публічная этыка абапіралася не на прынцыпы лібералізму, але на прынцыпы вечна жывога і актуальнага Евангелля.
 
Жыццё паказвае, што наша грамадства маральна хворае і яго трэба лячыць.

8. Для выканання гэтага вельмі актуальнага задання неабходна новая інкультурацыя веры ў кантэкст нашай складанай беларускай рэлігійнай рэчаіснасці, якая адчувае на сабе як наступствы атэізацыі трох пакаленняў, так і працэс нялёгкага адражэння рэлігійнасці ў складаных абставінах наступаючага секулярызму і сацыяльна-палітычнай сітуацыі нашага грамадства. Крызіс, у якім мы знаходзімся, патрабуе больш вертыкальнага і «акунутага» ў Божую таямніцу позірку на нашае жыццё, каб пераадолець рызыку канцэнтрацыі ўвагі толькі на часовых рэчах і справах.

Постмадэрнісцкі маральны крызіс грунтуецца на адсутнасці матывацыі маральнага абавязку. Неабходнасць захавання фундаментальных этычных прынцыпаў падвяргаецца эрозіі на карыць пошуку матэрыяльных каштоўнасцяў, спажывецтва і жыццёвых прыемнасцяў. Сучасны чалавек паддаецца спакусе, якая грунтуецца на сумненні ў тым, што трэба жыць сумленна і бескарысна.

Таму Касцёл у Беларусі, які ўступае ў сваё трэцяе дзесяцігоддзе пасля адраджэння сваіх структур і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі, павінен дапамагчы людзям вярнуць этычную матывацыю іх дзеянняў. Для гэтага нельга ігнараваць публічнае значэнне веры, супрацьстаяць тэндэнцыям яе прыватызацыі і паказаць, што жыць паводле закону Божага не толькі справядліва, але і карысна для ўсяго грамадства. Толькі тады вера зможа ўнесці свой уклад у маральнае адраджэнне народа.

Французскі хрысціянскі мысліцель Антуан дэ Сэнт-Экзюперы казаў, што калі хочаш збудаваць карабель, то не кліч людзей збіраць дрэва, не падзяляй абавязкаў і не давай распараджэнняў, але вучы настальгіі да шырокага і бямежнага мора. Навучыць людзей мець настальгію да Божага закону і яго сведчыць — і ёсць самае вялікае і першаснае заданне Касцёла ў Беларусі ў наш час, бо калі Бог знікае з гарызонту чалавека, ён становіцца рабом ідэалогіі і нігілізму, як сказаў папа Бэнэдыкт XVI ў мінулую сераду,  15 чэрвеня 2011 г. (http://www.zenit.org/article-27093?l=italian).

Калі губляецца вера ў Бога, то чалавек пачынае верыць у нешта іншае, у сучасным свеце найчасцей — у моц багацця і прыемнасцяў. Пры гэтым ён думае, што, не захоўваючы Божы закон, становіцца свабодным. Гэта зусім не так, бо на самой справе ён становіцца заложнікам і рабом матэрыяльных каштоўнасцяў, амаральнага жыцця, неўпарадкаваных пазасужэнскіх сексуальных адносін, наркаманіі, алкагалізму, эгаізму і г. д.

У той жа час мы не рабы. Моцаю сакрамэнту хросту мы пакліканы да свабоды дзяцей Божых, якія жывуць паводле Божага закону, але не да свабоды ад Бога і Яго права. Менавіта да свабоды дзяцей Божых нас вядзе Касцёл.

9. Пане Божа, міласціва глянь на свой Касцёл у Беларусі — зямлі святых, сведкаў веры і мучанікаў, удзячных Богу і благаслаўлёнаму папу Яну Паўлу II за аднаўленне сваіх структур і ўстанаўленне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, а таксама папу Бэнэдыкту XVI за пастаянны клопат аб ім, які спявае свой «Magnificat», бо сапраўды вялікія рэчы ты яму ўчыніў і чыніш. Дай яму ласку, каб, уступаючы ў новы этап сваёй дзейнасці, вёў да новай інкультурацыі веры ў сучасным жыцці нашага грамадства, мужна адказваў на выклікі часу, паглыбляў еднасць чалавека з Богам і іншым чалавекам у духу любові і ўзаемнай пашаны, дапамагаў чалавеку не баяцца жыць паводле Божага закону і станавіцца святым нашага часу.

Старая прыказка кажа, што дочкамі ўдзячнасці з’яўляюцца радасць і надзея. Няхай жа сённяшнія ўрачыстасці і падтрымка нашых апекуноў, Маці Божай Будслаўскай і св. Арханёла Міхала, спрыяюць узрастанню радасці і надзеі ў нашым жыцці, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), на хвалу ў Тройцы адзінага Бога і для збаўлення людзей. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святарскіх і дыяканскіх пасвячэнняў у Чырвоным касцёле
2011-06-10 10:48:33
11 чэрвеня 2011 г.

Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены

«Жніво вялікае, але працаўнікоў мала. Прасіце гаспадара жніва, каб паслаў на яго сваіх працаўнікоў».

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтыя словы Касцёл прапануе нашай увазе сёння, калі ў мінскім Чырвоным касцёле адбываюцца святарскія і дыяканскія пасвячэнні. Гэтыя словы былі актуальнымі 2000 гадоў таму. Яны застаюцца актуальнымі сёння і будуць такімі да канца часоў. Заўсёды існуе патрэба ў святарах, якія ад імя Хрыста навучаюць, асвячаюць і кіруюць народам Божым.

Гэтыя словы актуальныя і ў Беларусі, асабліва ў нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе Касцёл перажываў цяжкія ганенні на працягу трох пакаленняў і дзе ён паволі адраджаецца. Аднак гэтага адраджэння немагчыма ўявіць без святароў.

2. Сёння мы ў чарговы раз становімся сведкамі святарскіх і дыяканскіх пасвячэнняў. Таму задумаемся, да якой годнасці пакліканы вашы сыны, браты, сябры і блізкія.

Пачуўшы голас клічучага іх Пана, яны ў свой час адказалі на яго і скіравалі свае крокі ў семінарыю, каб там праз чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і пастырскую фармацыю падрыхтавацца да сённяшняга дня. Адзін з пасвячаемых у святары гэтую фармацыю атрымаў ў кармэлітанскай супольнасці. Аднак усе пакліканы працаваць для мясцовага Касцёла, бо святар бярэцца з людзей і людзям павінен служыць.

Праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння два дыяканы стануць святарамі Новага Запавету, стануць тымі, хто будзе дзейнічаць ад імя Хрыста і Ягонай моцай. Няма нікога іншага, хто б меў такую моц, як святар. Ні адзін прэзідэнт і ні адзін міністр не можа адпусціць грахі ці перамяніць хлеб і віно ў цела і кроў Хрыста. Гэта можа ўчыніць толькі святар. Тое ж і з іншымі сакрамэнтамі. Такім чынам, святар становіцца інструментам у руках Хрыста, дзякуючы яму Збаўца выконвае тры наступныя функцыі: абвяшчэнне Божага слова як крыніцы веры, асвячэнне людзей праз сакрамэнты і кіраванне народам Божым праз служэнне яму.

3. Пасвячэнне ў дыяканы з’яўляецца рашучым крокам да святарства. Традыцыйна, падобна як і пры святарскіх пасвячэннях, яно адбываецца праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння. Дыякан мае права абвяшчаць слова Божае, хрысціць, з дазволу касцёльнай улады — благаслаўляць сакрамэнт сужэнства, благаслаўляць Найсвяцейшым Сакрамэнтам, удзяляць святую Камунію і адносіць віятык паміраючым, узначальваць пахаванні і іншыя набажэнствы. Асаблівая яго роля — гэта дапамога святару пры цэлебрацыі Эўхарыстыі.

Слова «дыякан» паходзіць ад грэчаскага слова «дыяканія», што азначае служэнне. Дзеі Апосталаў распавядаюць пра тое, што дыяканы былі ўстаноўлены найперш для служэння.
 
4. У 20-ю гадавіну заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і мітраполіі Касцёл пасылае на жніво Хрыста двух новых святароў і двух дыяканаў, якім яшчэ трэба будзе завяршыць сваю фармацыю, каб стаць святарамі Новага Запавету.

Касцёл пасылае іх на жніво Пана ў асаблівы час, калі яно імкліва змяняецца. У многіх краінах, нават са славутай гісторыяй хрысціянства, заўважаецца прыглушэнне яго сэнсу. Многія вернікі замест наследавання Хрыста прымаюць рэлятывістычны стыль жыцця. Усё часцей роля веры прымае чыста культурны характар або замыкаецца ў сферы прыватнасці без уплыву на жыццё грамадства. Некаторыя жывуць так, быццам Бога зусім няма.

Кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні папа Бэнэдыкт XVI, у сваёй гаміліі падчас канклава 2005 г. казаў, што за апошнія дзесяцігоддзі чалавецтва зведала небывалае дасюль развіццё навукі, змену ідэалагічных напрамкаў і мыслення. Хрысціянскі човен хістаецца на хвалях сучаснага секулярызаванага акіяну і кідаецца з адной крайнасці ў другую: ад марксізму да лібералізму, ад калектывізму да індывідуалізму, ад атэізму да рэлігійнага містыцызму аж па сінкрэтызм.

5. На такое жніво Касцёл сёння пасылае новых сваіх слуг. У гэтым служэнні прэзбітэр павінен быць адначасова sacerdos e hostia. Моцаю сакрамэнту святарства ён з’яўляецца святаром і той жа моцаю пакліканы быць ахвярай. Усё гэта азначае, што святара павінна ажыўляць тое самае імкненне, якое было ў Хрыста. Гэтая непадзельная еднасць паміж святаром і ахвярай, паміж святарствам і Эўхарыстыяй вызначае эфектыўнасць евангелізацыі. Ад адзінства паміж Хрыстом і Яго слугой залежыць яго дзеянне, укрытае ў Божым слове, сакрамэнтах і кіраванні вернікамі. У сваім ахвярным служэнні святар павінен не займаць месца Хрыста, а шукаць падтрымкі ў Ім. Ён таксама павінен дазволіць, каб Езус дзейнічаў у ім і праз яго. Нездарма Езус кажа: «Я вінаградная лаза, а вы галінкі. Як галінка не прыносіць плёну сама па сабе, таксама і вы, калі не будзеце трываць у Мне».

Святар як alter Chrystus павінен жыць як Хрыстус, быць дарам для людзей і знакам любові Бога да чалавека. Трэба памятаць аб тым, што нямала людзей стварае сабе вобраз Касцёла паводле прыкладу святароў. Таму неабходна, каб дзякуючы сведчанню сапраўднага евангельскага жыцця яны былі жывым і бачным вобразам Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць самому. Паслужыць усім без выключэння людзям, розных моваў, нацыянальнасцяў, сацыяльных слаёў і г. д. Яны належаць Касцёлу і маюць права на задаваленне сваіх духоўных патрэбаў. Час, калі вернікі ехалі да святара сотні кіламетраў, калі шукалі яго, прайшоў. Сёння нам, святарам, трэба шукаць вернікаў. Чаму да аднаго святара чэргі людзей, а да іншага нікога няма? Адказ вельмі просты. Першы — сапраўдны пастыр, а другі — найміт, аўтамат для выканання святарскіх паслуг.

Нельга таксама ігнараваць няправільную прыхільнасць да некаторых формаў душпастырства ў пагоні за таннай папулярнасцю. Тут трэба памятаць аб тым, што пастырская любоў не можа існаваць без пакоры і несумяшчальная з эгаізмам.

Можа здарыцца, што энтузіязм маладых святароў змяняецца засмучэннем і нават расчараваннем. Прычыны гэтага могуць быць розныя: недахоп фармацыі і братэрскай святарскай сувязі, асабістая ізаляцыя, недахоп падтрымкі з боку іншых святароў, асабістыя праблемы, занядбанне духоўнага жыцця і г. д.

Некаторыя сучасныя тэндэнцыі імкнуцца падмяніць духоўнае жыццё сацыяльнай актыўнасцю, у сувязі з гэтым паўстаюць разнастайныя тыпалогіі святара: ад сацыёлага да тэрапеўта, ад працаўніка да палітыка і мэнэджэра. У той жа час святар анталагічна звязаны з Хрыстом, і гэта сувязь вечная. Таму святар павінен быць ім паўсюды: пры алтары, у канфесіянале, на вуліцы. Без грунтоўнай духоўнасці святарская паслуга змяняецца на пазбаўлены прароцкага характару актывізм. Таму святар павінен памятаць, што ўсе пастырскія планы, якія не абапіраюцца на першынства духоўнасці і Божага культу, не маюць перспектывы.

6. Касцёл жыве пасланнем, якое атрымаў ад Хрыста. Гэтае пасланне датычыць абвяшчэння Божага слова, асвячэння людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і кіраванне народам Божым, каб весці яго да крыніц Божай Міласэрнасці.

Таму ў вашым служэнні як святароў і дыяканаў народу Божаму вы павінны захоўваць непарушным навучанне Касцёла і адначасова шукаць адпаведных формаў пастырства, каб дайсці да сучаснага, падвержанага негатыўным уплывам секулярызму, чалавека. Таму будзьце не толькі настаўнікамі веры, але і людзьмі веры, яе сведкамі, каб дзякуючы вашаму служэнню людзі адчынілі свае сэрцы Хрысту, які ёсць адзіны Збаўца, учора, сёння і назаўсёды. Амэн.

 
Рэферат біскупа Антонія Дзям’янкі на канферэнцыі «Неабходна абараняць жыццё»
2011-03-31 14:29:34
Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены, 2 красавіка 2011 г.

"Навука Касцёла на тэму абароны сям'і"

Жыццё чалавеку дае сам Бог. У рэфераце паразважаем пра значэнне жыцця для чалавека і грамадства, аб грахах супраць жыцця чалавека, а таксама аб мяжы ратавання жыцця чалавека.

Жыццё — прамінальнае і вечнае

Тэалогія не разважае пра сутнасць жыцця. У святле Бібліі яна апісвае адносіны паміж жыццём і Богам. Усялякае жыццё тэалогія разглядае як дар, які паходзіць ад Бога. Стварэнне свету Біблія змяшчае ў пяты дзень стварэння (Быц. 1, 21), а стварэнне чалавека (мужчыны і жанчыны) паказвае як вянец справы стварэння (Быц. 1, 26–27). Чалавек стаў жывой істотай дзякуючы Богу-Стварыцелю, які ўдыхнуў у яго жыццё (Быц. 2, 7). Чалавек жыве як цялесна-духоўная істота і носіць у сабе вобраз і падабенства Божае (Быц. 1, 26). Гэта адрознівае яго ад іншых жывых істот, што жывуць на зямлі, адносна якіх чалавек — пан і валадар. Чалавек мае ў сабе жыццё як дар і заданне, акрэсленае ў наказе: «Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю» (Быц 1, 28).

Чалавечае жыццё мае надзвычайную вартасць, яно недатыкальнае, але адначасова і вельмі кволае. Яго ахоўвае пятая запаведзь Божая, якая наказвае, што мы павінны любіць Бога так, каб не прычыняць зла і шкоды бліжняму. Аднак жыццё, якое б доўгае яно не было, перарывае смерць, што з’явілася на зямлі як наступства першароднага граху. Бог жа не хоча смерці чалавека (пар. Эзх 18, 32), і Ён спаслаў Сына свайго, каб чалавеку вярнуць жыццё. «У Ім было жыццё» (Ян 1, 4). Жыццё вечнае атрымлівае чалавек праз удзел у Божым жыцці, дадзеным людзям у Езусе Хрысце.

Такім чынам, вечнае жыццё рэалізуецца на зямлі. Бацькі, якія нараджаюць новае жыццё, сапраўды, нараджаюць яго ў натуральным парадку, але адначасова нараджаюць яго здольным для дасягнення дару вечнага жыцця. Асяроддзем пачатку, шляху і паўнаты чалавечага жыцця з’яўляецца камунія — еднасць асоб. Гэтая камунія не абмяжоўваецца толькі людзьмі, але сягае да еднасці (камуніі) з Богам. А Бог, які з’яўляецца самім жыццём і жыве, дапускае чалавека да ўдзелу ў сваім жыцці, і тады чалавечае жыццё дасягае сваёй паўнаты.

Успрыманне заканчэння зямнога жыцця

Калі разважаць аб смерці чалавека, то на працягу многіх стагоддзяў асэнсаванне і адносіны да яе былі рознымі — у залежнасці ад уражлівасці і ўспрымальнасці культурнай і гістарычнай эпохі. Філосафы прадстаўляюць чатыры вялікія перыяды эвалюцыі спосабу перажывання смерці, якія падаюць розныя адносіны да ўспрыняцця яе.

Чалавек у старажытнасці — грэчаскай альбо рымскай — ведаў, што павінен будзе памерці, і чакаў гэтага моманту з адносным спакоем. У атачэнні сям’і і сяброў ён «чакаў смерці» пры дапамозе рытуальных абрадаў (публічна пісаўся тэстамэнт і адбывалася развітанне з роднымі).

Сямейнае і грамадскае вымярэнне смерці, якое перажывалі ў старажытнасці, у Сярэднявеччы рэфармавалася ў «асабістую смерць індывідуўмаў», у «маю і ўласную смерць», праз якую чалавек глыбей і лепш асэнсоўваў сябе (Studia redemptorystowskie nr. 3/2005, Kraków st. 67–68).

З ХVІІІ стагоддзя перажыванне «ўласнай смерці» развіваецца і інтэгруецца  ў заходняй еўрапейскай культуры ў перажыванне «смерці іншага» (Барбара Сайнок, Пакліканыя да любові, «Про Хрысто», Мінск, 2008, с. 108–109). Тое, што цікавіць і ўзрушвае чалавека гэтага перыяду, гэта сама ідэя смерці як факту, смерці, якая датычыць не асабіста пэўнага чалавека, а іншых людзей. Апошні перыяд — ад ХІХ ст. да нашых часоў, — вядомы як «забарона смерці» і з’яўляецца наступствам папулярнага культурнага руху, што ўзнік у Паўночнай Амерыцы і шырока распаўсюдзіўся і ўкараніўся ў шматлікіх краінах Заходняй Еўропы. Вышэйзгаданы амерыканскі культурны трэнд (накірунак) нарадзіў глыбокія змены ў светапоглядзе, паводзінах і адносінах да смерці еўрапейскага грамадства (Studia redemptorystowskie nr. 3/2005, Kraków st. 68).

Найбольш значнай зменай асноўных антрапалагічна-этычных адносін да факту смерці з’яўляецца новы закон аб эўтаназіі, абвешчаны ў Галандыі 28 кастрычніка 2000 г. З легалізацыяй актыўнай эўтаназіі «па жаданні» і самагубства з дапамогаю асістэнтаў-медыкаў была ўведзена магчымасць эўтаназійнага выбару ў «вырашэнні» экзістэнцыяльных праблем сучаснага чалавека (Studia redemptorystowskie nr. 3/2005, Kraków st. 68).

Цесная лучнасць эўтаназіі з самагубствам указвае на акрэсленыя асновы так званай «культуры смерці» альбо «эўтаназійнай культуры». Яна асабліва паказвае няздольнасць надаць сэнс чалавечаму цярпенню і смерці, падаючы змененую канцэпцыю чалавека як усемагутнага суб’екта, адоранага абсалютнаю ўладай над жыццём і смерцю (Studia redemptorystowskie nr. 3/2005, Kraków st. 68).

Забойства

Ад самага свайго пачатку чалавек мае патрэбу ў стваральнай дзейнасці Бога і назаўсёды застаецца ў асаблівых адносінах са Стварыцелем, сваёй адзінай мэтай. Нікому не дазволена непасрэдна знішчаць нявінную чалавечую істоту, бо гэта сур’ёзна супярэчыць годнасці асобы і святасці Стварыцеля: «Не забівай нявіннага і справядлівага» (пар. Зых 23, 7; ККК 2258).

Чалавек пакліканы да паўнаты жыцця, якая значна пераўзыходзіць вымярэнне яго зямнога быцця, таму што заснавана на ўдзеле ў жыцці самога Бога (Ян Павел II, энцыкліка «Евангелле жыцця», 2).

Ужо Другі Ватыканскі Сабор у адным з выказванняў, якое дагэтуль захавала сваю драматычную актуальнасць, рашуча асудзіў шматлікія забойствы і замахі, скіраваныя супраць чалавечага жыцця. Ян Павел ІІ, узгадваючы словы Сабору праз трыццаць гадоў пасля яго заканчэння, пісаў: «Яшчэ раз і так жа рашуча ад імя ўсяго Касцёла асуджаю гэтыя злачынствы, перакананы, што такім чынам выказваю сапраўдныя пачуцці кожнага высакароднага сумлення: „Усё, што скіравана супраць самога жыцця: чалавеказабойствы, генацыд, аборт, эўтаназія і добраахвотнае самагубства; усё, што парушае цэласнасць чалавечай асобы: калецтва, фізічныя і маральныя катаванні, спробы псіхічнага гвалту; усё, што прыніжае годнасць чалавечай асобы: бесчалавечныя ўмовы жыцця, несправядлівыя арышты, дэпартацыі, рабства, прастытуцыя, гандаль жанчынамі і дзецьмі; а таксама нялюдскія ўмовы працы, пры якіх працаўнікоў разглядаюць толькі як інструмент выгады, а не як свабодных, адказных асоб, — усе гэтыя і да іх падобныя справы і практыкі з’яўляюцца ганебнымі. Скажаючы чалавечую цывілізацыю, яны хутчэй ганьбяць тых, хто так чыніць, чым тых, хто несправядліва зносіць крыўду, яны з’яўляюцца найвялікшай знявагай Стварыцеля“» (Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Радасць і надзея», ІІ, 27; Ян Павел II, энцыкліка «Евангелле Жыцця», 3).

Алкагалізм, наркотыкі

Цнота ўмеркаванасці робіць чалавека здольным пазбягаць рознага злоўжывання — адносна спажывання ежы, алкаголю, тытуню і лекаў. Тыя, хто едзе ў нецвярозным стане альбо з празмернай хуткасцю, і на дарогах ствараюць пагрозу іншым і самім сабе — на зямлі, на моры альбо ў паветры — маюць вялікую віну (KKK 2290). Алкагалізм бацькоў можа таксама быць прычынай фізічнага альбо духоўнага калецтва іх патомства.

Непапраўную шкоду жыццю і здароўю чалавека прычыняе ўжыванне наркотыкаў (за выключэннем іх прымянення па медыцынскіх паказаннях). Нелегальная вытворчасць і кантрабанда наркотыкаў, іх распаўсюджванне з’яўляецца не проста згоршваннем ці правінай. Гэта з’яўляецца цяжкім злачынствам, бо людзі, якія ўдзельнічаюць у такіх згубных дзеяннях, глыбока супярэчных з маральным правам, садзейнічаюць цалкавітаму знішчэнню чалавека, якое вядзе да смерці (KKK 2291).

Аборт

Кожнае жыццё чалавека ад зачацця і да смерці святое, таму што асоба была жаданай для яе самой па вобразу і падабенству жывога і святога Бога (KKK 2319).

З усіх злачынстваў супраць жыцця, якія чалавек можа ўчыніць, для аборту характэрныя рысы, што робяць з яго злачынства асабліва цяжкае і вартае асужэння. Другі Ватыканскі Сабор акрэслівае яго як забойства дзяцей і як «жудаснае злачынства» (Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Радасць і надзея», 51): «Аборт і забойства дзяцей — гэта жудасныя злачынствы» ( Ян Павел II, энцыкліка «Евангелле жыцця», 58).

Аднак сёння усведамленне гэтага зла паступова сціраецца ў сумленні многіх людзей. Прыняцце аборту ментальнасцю, звычаямі і нават правам — гэта яскравы знак надзвычай небяспечнага крызісу маральнасці, якая паступова губляе здольнасць адрозніваць дабро і зло, нават тады, калі гаворка ідзе пра асноўнае права на жыццё. У такой пагрозлівай сітуацыі асабліва патрэбна сёння адвага, якая дазваляе глянуць праўдзе ў вочы і называць рэчы сваімі імёнамі, не паддаючыся выгодным кампрамісам ці спакусе самаашукання. Катэгарычна ў гэтым кантэксце гучыць перасцярога прарока: «Бяда тым, хто зло называе добрым, а дабро злом, хто замяняе цемру на святло, а святло на цемру» (Іс 5, 20). Менавіта ў выпадку аборту можна сёння сустрэцца з двухзначнай тэрміналогіяй, як, напрыклад, «перарыванне цяжарнасці», тэрміналогіяй, якая імкнецца прыхаваць сапраўдную прыроду аборта і зменшыць яго цяжар у грамадскай свядамосці. Магчыма, ужо сам гэты лінгвістычны феномен з’яўляецца праяўленнем неспакою, які трывожыць сумленне. Аднак ніякія словы не здольныя змяніць рэчаіснасць: аборт (незалежна ад таго, якім чынам будзе зроблены) — гэта свядомае і непасрэднае забойства чалавечай істоты на пачатковай стадыі яе жыцця, што ахоплівае перыяд паміж зачаццем і нараджэннем (Ян Павел II, энцыкліка «Евангелле жыцця», 58).

Гэта праўда, што часта аборт для маці — драматычнае і балючае перажыванне, бо рашэнне пазбыцца плоду зачацця прымаецца не чыста эгаістычна і для выгоды, але з мэтаю ўратаваць пэўныя важныя каштоўнасці — такія, як уласнае здароўе альбо годны ўзровень жыцця іншых членаў сям’і. Часам узнікае боязь, што нованароджанае дзіця павінна будзе жыць у такіх кепскіх умовах, што лепей для яго, каб не нарадзілася. Аднак усе гэтыя і да іх падобныя аргументы, якімі б сур’ёзнымі і драматычнымі яны не былі, ніколі не могуць апраўдаць наўмыснага пазбаўлення жыцця нявіннай чалавечай істоты (Ян Павел II, энцыкліка «Евангелле жыцця», 58).

Касцёл заўсёды вучыў і вучыць, што плод людскога стварэння ад першага моманту свайго існавання мае права на безумоўную пашану, якая маральна належыць чалавечай істоце ў яе інтэгральнасці і ў цялесным і духоўным адзінстве: «Людская істота павінна мець пашану і да яе павінны адносіцца як да асобы, сярод якіх найпершае — непарушнае права кожнай нявіннай людской істоты, права на жыццё» (KKK 2270).

Дзіця ад моманту зачацця мае права на жыццё. Непасрэднае перарыванне цяжарнасці, запланаванае як мэта ці сродак, з’яўляецца «ганебнай практыкай», сур’ёзна супярэчыць маральнаму праву. Касцёл накладвае кананічную кару экскамунікі за гэтае злачынства супраць чалавечага жыцця (KKK 2322).

Катэхізіс вучыць, што саўдзел у перарыванні цяжарнасці з’яўляецца грахом супраць чалавечага жыцця і таксама караецца экскамунікай. «Фармальна саўдзел у перарыванні цяжарнасці — гэта сур’ёзнае парушэнне, злачынства. Касцёл накладвае кананічную кару — экскамуніку — за гэтае злачынства супраць чалавечага жыцця. „Хто становіцца прычынай перарывання цяжарнасці, пасля таго як гэта ўчынілася, падлягае экскамуніцы“ (KPK, kan. 1398), „праз сам факт выканання злачынства“ (KPK, kan. 1314), на ўмовах, якія прадугледжвае права» (Por. KPK, kan. 1323–1324; KKK 2272).

Эўтаназія

Асобам, жыццёвыя здольнасці якіх абмежаваныя ці аслабленыя, патрэбна асаблівая ўвага. Хворых альбо асобаў з абмежаванымі магчымасцямі трэба належным чынам атуляць апекай, каб яны маглі весці, у той меры, у якой гэта магчыма, годнае жыццё (KKK 2276).
 
У старажытнасці этымалагічна эўтаназія азначала лёгкую, без пакутлівых цярпенняў смерць. Цяпер ігнаруецца такое значэнне, а бярэцца пад увагу медыцынскае ўмяшальніцтва з мэтаю змяншэння болю з прычыны хваробы ці агоніі, якое, часам, нават звязана з небяспекаю скарачэння жыцця. Акрамя таго, гэтае слова ўжываецца ў вузкім сэнсе як азначэнне спынення жыцця (прымусовай смерці) з міласэрнасці, гэта значыць, каб пазбегнуць цярпенняў, звязаных з апошнімі хвілінамі жыцця, або каб дзецям з паталогіямі, невылечна хворым ці псіхічна хворым скараціць нешчаслівае жыццё, якое б магло працягвацца шмат гадоў, становячыся сур’ёзным цяжарам для сям’і ці грамадства (пар. Кангрэгацыя Веравучэння, Дэкларацыя аб эўтаназіі «Правы і каштоўнасці» (5 мая 1980), I: AAS 72 (1980).

Эўтаназія — гэта канкрэтнае дзеянне або занядбанне неабходнага дзеяння, якое паводле намеру таго, хто гэта запланаваў, прыводзіць чалавека да смерці з мэтай пазбаўлення яго ад цярпення. Таму эўтаназія звязана з інтэнцыяй таго, хто яе запланаваў, і з прымяненнем пэўных сродкаў (пар. Кангрэгацыя Веравучэння, Дэкларацыя аб эўтаназіі «Правы і каштоўнасці» (5 мая 1980), I: AAS 72 (1980).

Запланаваная эўтаназія, незалежна ад формы і матывацыі, — гэта забойства. Яна глыбока супярэчыць годнасці чалавечай асобы і пашане жывога Бога, яго Створцы (KKK 2324).

У сувязі з гэтым трэба яшчэ раз падкрэсліць, што ніхто і нішто не можа ніякім чынам дазволіць прычыніць смерць нявіннай чалавечай істоце — незалежна ад таго, ідзе гаворка пра плод або эмбрыён, пра дзіця, дарослую асобу, пра састарэлага чалавека, невылечна хворага ці таго, хто знаходзіцца ў агоніі. Больш за тое: нікому нельга прасіць пра такое смертаноснае дзеянне ані для сябе, ані для кагосьці іншага, даверанага яго адказнасці; і яшчэ больш: ніхто не павінен згаджацца на гэта пасрэдна альбо непасрэдна. Правамоцна не можа такога загадаць альбо дазволіць гэта ніякая ўлада. Бо ў гэтым выпадку гаворка ідзе аб парушэнні Божага закону, аб зневажанні годнасці чалавечай асобы, аб злачынстве супраць жыцця, злачынстве супраць чалавецтва (пар. Кангрэгацыя Веравучэння, Дэкларацыя аб эўтаназіі «Правы і каштоўнасці» (5 мая 1980), I: AAS 72 (1980).

Асаблівым клопатам мы павінны атуляць канаючых людзей, якія завяршаюць сваё жыццё, каб перайсці ў вечнасць. Перыяд зямнога жыцця з’яўляецца часам падрыхтоўкі да вечнасці. Толькі Бог ведае, колькі часу патрэбна на падрыхтоўку да вечнасці. Ён вырашае, калі павінна наступіць смерць чалавека. У сваёй неабсяжнай дабрыні міласэрны Айцец ведае, калі Яго дзіця найлепей падрыхтавана да свайго вечнага існавання пасля смерці. Паколькі мы гэтага не ведаем, нельга нікога забіваць, а таксама нельга мэтанакіравана прыспешваць смерць.

Паколькі момант смерці мае рашаючы ўплыў на вечнасць чалавека, канаючым трэба дапамагчы падрыхтавацца да спаткання з Панам. «Трэба аказваць пашану і клопат паміраючым, каб дапамагчы ім перажыць апошнія хвіліны з годнасцю і ў спакоі. Павінна ім дапамагаць малітва родных, якія павінны паклапаціцца пра тое, каб хворыя ў адпаведны момант прынялі сакрамэнты, якія падрыхтуюць іх да спаткання з жывым Богам» (KKK 2299).

Самагубства

Самагубства заўсёды маральна недапушчальнае ў такой самай ступені, як і забойства. Традыцыя Касцёла нязменна яго адпрэчвала як несумненна дрэнны ўчынак (Св. Аўгустын, Горад Бога I, 20: CCL 47, 22; Св. Тамаш Аквінскі, Сума тэалогіі, II–II, q. 6, a. 5.) Хоць пэўныя псіхалагічныя, культурныя і грамадскія абумоўленасці могуць схіліць да такога ўчынку, які радыкальна супярэчыць натуральнай схільнасці кожнага чалавека да захавання жыцця, змяншаючы альбо выключаючы суб’ектыўную адказнасць; з аб’ектыўнага пункту гледжання, самагубства — гэта акт глыбока амаральны, бо азначае адпрэчванне любові да самога сябе і ўхіленне ад абавязку справядлівасці і любові да бліжняга, да розных супольнасцяў, да якіх належыць чалавек, і ўвогуле да грамадства ў цэлым (пар. Кангрэгацыя Веравучэння, Дэкларацыя аб эўтаназіі «Правы і каштоўнасці» (5 мая 1980), I: AAS 72 (1980), ККК 2281–2283). У сваёй найглыбейшай сутнасці гэта адмаўленне абсалютнай улады Бога над жыццём і смерцю, пра якую так гаворыць у малітве старажытны мудрэц Ізраэля: «Ты маеш уладу над жыццём і смерцю: Ты ўводзіш у брамы адхлані і Ты выводзіш адтуль» (пар. Мдр 16, 13; Ян Павел II, энцыкліка «Евангелле жыцця», 66).

Жыццё даручаецца чалавеку як скарб, які яму нельга змарнаваць, і як талант для выкарыстання. Чалавек павінен будзе разлічыцца за яго перад сваім Панам (пар. Мц 25, 14–30; Лк 19, 12–27; Ян Павел II, энцыкліка «Евангелле жыцця», 52).

Кожны адказны перад Богам за сваё жыццё, якое ад Яго атрымаў. Бог — найвышэйшы Пан жыцця. Мы абавязаны прыняць жыццё з удзячнасцю і захаваць пашану да яго і для збаўлення нашых душ. Мы распарадчыкі, а не гаспадары жыцця, якое Бог нам даверыў. Мы ім не валодаем (KKK 2280).

Толькі Бог, які дае жыццё, вырашае, калі чалавек праз смерць пяройдзе ў вечнасць. Ён ведае, калі чалавек найбольш падрыхтаваны да вечнага жыцця. Дабравольнае скарочванне свайго жыцця пазбаўляе чалавека магчымасці заслугоўвання нябеснай хвалы праз свае ўчынкі любові.

Хто падтрымлівае самагубчы намер іншага чалавека і садзейнічае ў яго рэалізацыі праз так званае «дапаможнае самагубства», становіцца супольнікам, а часам нават непасрэдным віноўнікам несправядлівасці, якая ніколі не можа быць апраўдана, нават тады, калі выканана па жаданні. Святы Аўгустын сказаў: «Ніколі нельга забіваць іншага чалавека, нават калі б той сам таго жадаў, нават калі б прасіў аб гэтым і, стоячы на мяжы жыцця і смерці, умольваў дапамагчы яму вызваліць душу, якая змагаецца з путамі цела і імкнецца з іх вырвацца; нельга нават тады, калі хворы ўжо не ў стане жыць» (Epistula 204, 5: CSEL 57, 320). Таксама ў тым выпадку, калі матывам эўтаназіі не з’яўляецца эгаістычная адмова несці цяжкасці, звязаныя з жыццём церпячай асобы, эўтаназію і тады трэба акрэсліць як фальшывую літасць і нават прызнаць яе трывожным скажэннем, бо сапраўднае спачуванне схіляе да салідарнасці з чужым болем, а не да забойства асобы, цярпенне якой чалавек не здольны вынесці. Таму ўчынак эўтаназіі здаецца яшчэ большым скажэннем, калі здзяйсняецца тымі, хто (як, напрыклад, родныя хворага) павінен цярпліва і з любоўю апекавацца хворым альбо таксама тымі, хто (як урачы) па самой прыродзе і абавязку сваёй прафесіі павінен лячыць хворага нават на апошніх і найцяжэйшых стадыях хваробы (Ян Павел II, энцыкліка «Евангелле жыцця», 66).

Смяротнае пакаранне

Смяротнае пакаранне супярэчыць прыроднаму праву на жыццё, якое мае чалавек: цяжка прыняць, што злачынца праз сваё злачынства пазбаўляецца такога права, бо права на жыццё нельга прадаць, аддаць, перадаць, падарыць, ніхто ў чалавека не можа яго забраць, ані сам чалавек не можа ад яго адмовіцца. Міжнародная супольнасць, забараняючы смяротнае пакаранне, указвае на тое, што карнае права не можа выкарыстоўваць пакаранне, пазбаўляючы чалавека права, якое з’яўляецца крыніцай усіх іншых правоў чалавека. Яно не згодна з запаведдзю «не забівай» (Каталіцкая Энцыклапедыя Том 8, Люблін 2000 с. 778).

Смяротнае пакаранне не можа быць справядлівым, бо супярэчыць крымінальнаму праву: справядлівасць не патрабуе забіваць злачынцу, каб адпомсціць за яго, і можа быць задаволена іншым пакараннем (Каталіцкая Энцыклапедыя Том 8, Люблін 2000 с. 778).

Смяротнае пакаранне не з’яўляецца прапарцыянальным якасна і колькасна адносна ўчыненага злачынства; забойства чалавека «як пакаранне» выглядае як помста, якая не можа быць механізмам карнага права. Крытэрыі цяжкасці злачынстваў, за якія можа быць самая суровая кара, могуць быць рэлятыўнымі і зменлівымі — у залежнасці ад розных акалічнасцяў (Каталіцкая Энцыклапедыя Том 8, Люблін 2000 с. 778)

Смяротнае пакаранне выключае магчымасць выправіць памылку судовага прысуду (напр., нявінна асуджанага, — як сведчыць судовая хроніка, гэта здараецца досыць часта); рэабілітацыя post mortem невінаватаму пасля выканання прысуду не верне яму жыццё (Каталіцкая Энцыклапедыя Том 8, Люблін 2000 с. 778).

Не за ўсе віды забойстваў прысуджаецца кара смерці. Нельга ясна ўказаць, якое забойства з’яўляецца самым цяжкім. Віна заўсёды дзеліцца, а смяротнае пакаранне непадзельнае, таму цяжка вызначыцца з прапарцыянальным падзелам (Каталіцкая Энцыклапедыя Том 8, Люблін 2000 с. 778).

Правіла «дабро, якое парушыў, у цябе адбяруць» не працуе, таму што за кожнае забойства трэба было б прысуджаць смяротнае пакаранне (Каталіцкая Энцыклапедыя Том 8, Люблін 2000 с. 778).

Смяротнае пакаранне не гуманізуе, а бруталізуе чалавечую натуру. Смяротнаму пакаранню прыпісваюць функцыю прэвенцыйную — «для прыкладу», а не ў сувязі з учынкам злачынцы. Смяротнае пакаранне не ліквідуе злачынцаў, бо прычына злачынства іншая, яна не дае злачынцы магчымасці рэсацыялізацыі (Каталіцкая Энцыклапедыя Том 8, Люблін 2000 с. 778)

Смяротнае пакаранне не дае шанцаў праверкі, ці можа злачынца выправіцца. Смяротнае пакаранне, як супольная рэакцыя грамадства абараніцца, — гэта аргументацыя незразумелая ў тым выпадку, калі злачынства было адзін раз учынена, больш не паўтаралася, а злачынцу смяротным пакараннем караюць праз доўгі час пасля злачынства (напрыклад, доўгія гады злачынца паспяхова хаваўся ад суда). Ён, магчыма, не небяспечны для грамадства (Каталіцкая Энцыклапедыя Том 8, Люблін 2000 с. 778).

Межы ратавання чалавечага жыцця

Да якога часу альбо да якой ступені неабходна весці барацьбу за жыццё чалавека? Барацьбу за здароўе, жыццё чалавека трэба весці, выкарыстоўваючы звычайныя сродкі. Аб сродках звычайных і незвычайных гавораць касцёльныя дакументы — Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (11 кастрычніка 1992 г.) і энцыкліка Яна Паўла II «Евангелле жыцця» (25 сакавіка 1995 г.). Першы дакумент падае падзел на звычайныя сродкі і незвычайныя (асаблівыя), якія называе несуразмернымі. Адначасова Катэхізіс падае крытэрыі, якія адрозніваюць апошнія, залічваючы да іх вялікі кошт, вялікую рызыку і несумернасць з вынікамі, якія спадзяюцца атрымаць. У энцыкліцы гаворыцца таксама аб працэдурах і сродках прапарцыянальных (якія называюцца нармальнымі) і надзвычайных (якія называюцца залішнімі). Да апошніх залічвае тыя медыцынскія паслугі, якія перасталі быць адэкватнымі да рэальнай сітуацыі хворага, таму што яны несуразмерныя адносна вынікаў, якіх можна чакаць, альбо таксама вельмі аслабляюць (прыносяць празмерны цяжар) самога хворага і яго сям’ю. Далей далучае да іх тыя дзеянні, якія непрапарцыянальныя да «папраўлення здароўя, якое можна прадбачыць» і якія «сталі прычынай прадаўжэння няўстойлівага і балеснага жыцця» (Józef Wróbel, Człowiek i Medycyna, с. 408).

Сучасная тэалогія акрэслівае сродкі звычайныя як ўсе тыя спецыфічныя медыцынскія метады лячэння і аперацыі, якія даюць аргументаваную надзею на пазітыўны вынік і якія могуць быць здзейснены і прымяняюцца без празмерных выдаткаў, без прычынення цярпенняў альбо іншых непрыемнасцей. Сродкі надзвычайныя — гэта ўсе тыя лекі, спосабы лячэння і аперацыі, якія не могуць быць здзейснены без празмерных выдаткаў, без прычынення болі і іншых нязручнасцяў, а ва ўжыванні не даюць разумна аргументаванай надзеі, што іх вынік будзе пазітыўны (Józef Wróbel, Człowiek i Medycyna, с. 408–409).

За звычайныя сродкі прызнаюцца тыя лекі, хірургічнае ўмяшальніцтва, медыцынскае суправаджэнне і дапаможныя сродкі, якія можна дастаць без дадатковых цяжкасцей і прымяняць з разумнай надзеяй на поспех. Гэта сродкі даступныя для пераважнай большасці людзей у дадзеным месцы і часе. У сваю чаргу сродкі надзвычайныя — гэта тыя, якія называюць цяжкімі ў канкрэтным іх прымяненні, якія могуць быць толькі крыніцай маленькай надзеі альбо вельмі дарагія; гэта таксама вельмі складаныя хірургічныя ўмяшальніцтвы, медыцынская практыка высокай спецыялізацыі або якая выклікае непрыемныя пачуцці, а таксама лекі, якія вельмі дорага каштуюць альбо набыць якія вельмі цяжка. Таксама гэта можа быць дарагі кошт падарожжа або такое ўмяшальніцтва, якое вельмі цяжка пераносіць пацыент, напрыклад, пачуццё сораму, страта у выніку якогасьці органа, што было б значным маральным цяжарам і крыніцай пастаяннай ахвяры альбо пазбавіла б магчымасці ўдзелу ў грамадскім жыцці.

Прафесар біяэтыкі кс. Войцех Болаз піша аб звычайных і надзвычайных сродках: «Падзел на звычайныя і надзвычайныя сродкі актуальны і сёння. Аднак паняцце сродкаў звычайных і надзвычайных змяняецца з развіццём цывілізацыі. Некаторыя медыцынскія сродкі, якія лічыліся раней надзвычайнымі, на сённяшні дзень ужо звычайныя. Такое паняцце можа змяняцца ў залежнасці ад мясцовых умоваў, ад залежнасці і ўзроўню развіцця дадзенай краіны. Але існуюць аб’ектыўныя крытэрыі залічэння дадзенага сродка да адпаведнага класу. Таму звычайным сродкам лічыцца такі спосаб лячэння, які:

1.    даступны ў фінансавым сэнсе для большасці жыхароў краіны;
2.    не прыводзіць да празмерных і надта доўгіх цярпенняў дадзенай асобы;
3.    дае надзею на вылячэнне.

Надзвычайным лічыцца такі сродак, які:

1.    вельмі дарагі, недасягальны для фінансавых магчымасцяў хворага, сям’і і звычайных паслуг, якія прадастаўляе сацыяльная медыцынская служба;
2.    можа пакінуць сур’ёзныя і шкодныя наступствы — арганічныя альбо псіхічныя;
3.    дае меншы шанс на вылячэнне» (Józef Wróbel, Człowiek i Medycyna, с. 409–410).

У рэфераце прадстаўлена вучэнне Касцёла аб вартасці жыцця, якое мае дзве часткі — жыццё часовае, зямное, і вечнае. Таксама мы разважалі пра адносіны да пераходу ў вечнасць жыхароў зямлі ў розныя эпохі. Прадстаўлена вучэнне Касцёла адносна забойства чалавека, самазабойства, эўтаназіі, алкагалізму, наркаманіі, стварэння небяспекі для жыцця пры неадказным выкарыстанні транспартных сродкаў, аборту, смяротнага пакарання. На заканчэнне было прадстаўлена вучэнне Касцёла аб межах ратавання чалавечага жыцця.

Бібліяграфія

1.    Святое Пісанне
2.    Барбара Сайнок, Пакліканыя да любові, «Про Хрысто», Мінск, 2008
3.    Ян Павел II, Энцыкліка «Евангелле Жыцця», Рым, 25 сакавіка, 1995
4.    Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, Pallottinum 1994
5.    Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Радасць і надзея», Рым, 7 снежня 1965
6.    Кангрэгацыя Веравучэння, Дэкларацыя аб эўтаназіі «Правы і каштоўнасці» 5 мая 1980
7.    Каталіцкая Энцыклапедыя Том 8, Люблін, 2000
8.    Józef Wróbel, Człowiek i Medycyna, Kraków 1999
9.    Słownik małżeństwa i rodziny, Warszawa — Łomianki 1999
10.     Studia redemptorystowskie nr. 3/2005, Kraków
11.     Душпастырства сем’яў, рэкамендацыі, «Про Хрысто», Мінск, 2005
12.     Статуты Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, «Про Хрысто», Мінск, 2002
13.     Маёвыя разважанні, «Про Хрысто», Мінск, 2002
14.     Kodeks prawa kanonicznego.

 
Выступленне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на канферэнцыі «Неабходна абараняць жыццё»
2011-04-02 13:56:33

Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены, 2 красавіка 2011 г.

ЧАЛАВЕК ПАВІНЕН БАРАНІЦЬ ЖЫЦЦЁ

1. Ваша эксцэленцыя біскуп Антоні Дзям’янка, паважаныя духоўныя асобы, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, Міністэрства аховы здароўя, браты і сёстры!

Ад усяго сэрца вітаю вас на канферэнцыі, прысвечанай абароне жыцця. Дзякую Радзе па справах сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі за праяўленую ініцыятыву і практычную арганізацыю гэтага так патрэбнага Беларусі форуму.

Вельмі важна, што ў канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы. Пазіцыі католікаў і праваслаўных у справе сям’і, біяэтыкі і абароны жыцця блізкія. Тут, як і ў многіх іншых аспектах сацыяльнага вучэння, мы саратнікі.  

Удзел прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя пацвярджае заклапочанасць дзяржавы праблемай дэмаграфіі і здароўя нацыі.

2. Тэма канферэнцыі — «Неабходна абараняць жыццё» — з’яўляецца адной з найбольш актуальных для нашай краіны. За мінулы год насельніцтва Беларусі зменшылася на 19 тысяч чалавек (пар. http://news.tut.by/society/213333.html). Гэта пацвярджае тое, што, нягледзячы на многія намаганні як рэлігійных арганізацый, так і дзяржавы, дэмаграфічны крызіс працягваецца. І тут трэба паглядзець праўдзе ў вочы і адказаць на пытанне: чаму?

Найперш — гэта маральны аспект. Сучасныя сем’і маладзетныя. У гісторыю таксама канулі сем’і, якія складаліся з многіх пакаленняў. У пошуку выгоднага жыцця сучасныя сем’і не жадаюць мець шмат дзяцей. Калі для падтрымкі «status quo» насельніцтва трэба, каб адна сярэднестатыстычная жанчына нарадзіла 2,2 дзіцяці, то рэальна ў Беларусі яна нараджае толькі 1,23 дзіцяці (пар. http://whoyougle.ru/place/statistics/total-fertility-rate).

Другой вельмі вялікай праблемай з’яўляюцца аборты, якія на самой справе ёсць не што іншае, як забіццё самага безабароннага, бо ненароджанага, чалавека. Паводле дадзеных Фонду Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па народанасельніцтву, у 2006 г. у Беларусі колькасць абортаў на 100 народжаных дзяцей дасягнула 61, а ў 2007 г. — 45. Для параўнання: у Польшчы, дзе аборты абмежаваныя заканадаўствам, у 2006 г. гэты паказальнік складаў 0,09 (пар. http://un.by/ru/unfpa/reproductive_health/ resource_centre/statistican/number-of- abo.html). А хто ведае, колькі абортаў выклікаюць гарманальныя «пілюлі наступнай раніцы»?

Усё гэта не што іншае, як генацыд народу, бо рука Ірада ў найлепшых медыцынскіх кабінетах або праз выкарыстанне фармацэўтычных абартыўных прэпаратаў забівае ненароджаных дзяцей.

45% сем’яў разведзены (пар. http://newsby.org/by/2010/01/30/ text13047.htm). Расце колькасць самотных маці. Калі ў 1990 г. іх было 8,5%, то ў 2008 узрасло да 20% (пар. http://subscribe.ru/archive/science.news.demoscopenews/200910/20190911.html).

У многіх краінах свету прыняты законы, якія легалізуюць гомасексуальныя саюзы з правам усынаўлення дзяцей, а таксама законы аб эўтаназіі.

У Рэспубліцы Беларусь пашыраецца практыка штучнага апладнення. Яна маральна не можа быць апраўдана, бо забівае эмбрыёны, якія на самой справе ёсць зачатае жыццё. Кожны з нас калісьці быў эмбрыёнам.

Маральна непрымальнай з’яўляецца і практыка выкарыстоўвання зародкаў для вытворчасці амаложваючых прэпаратаў, якія ўсё больш і больш практыкуюцца ў шоў-бізнесе.  

Беларусь мае сумную рэпутацыю аднаго з сусветных лідэраў па самазабойствах: 5-е месца сярод мужчын і 20-е — сярод жанчын (пар. http://www.volk.by/content/belorusy-na-1-meste-v-mire-po-proizvodstvu-kartofelya-na-dushu-naseleniya).

Практыка штодзённага жыцця паказвае, што сужэнцы безадказна падыходзяць да справы заснавання сям’і і ў іх слаба развіта паняцце адказнага бацькоўства і мацярынства.

Усё гэта нагадвае пра тое, што паняцце інстытуту сям’і як Богам створанага адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, а таксама паняцце жыцця як самага вялікага Божага дару ў наш час дэвальвуецца і пастаўлена з ног на галаву. У сувязі з гэтым перад Касцёлам стаіць актуальная задача звяртаць большую ўвагу на навучанне аб сям’і і яе мэтах, ахове жыцця, належнай падрыхтоўцы моладзі да закладання сям’і і выхавання да адказнага мацярынства і бацькоўства ў адпаведнасці з сацыяльнай дактрынай.

Прыведзеныя вышэй анамаліі з дня на дзень становяцца ўсё больш актуальнымі. Сучасны ліберальны свет вядзе нябачную да гэтага часу прапаганду як супраць здаровага, традыцыйнага, Богам устаноўленага інстытуту сям’і, так і супраць Божага дару жыцця.

Такім чынам, можна сцвердзіць, што тое, з чым мы сёння сустракаемся ў галіне сям’і і жыцця чалавека, ужо не з’яўляецца свабодай жыцця паводле закону Божага, а ідэалогіяй, якая імкнецца навязаць сваё меркаванне. Секулярны светапогляд падрывае шанаванне чалавечага жыцця. Ненароджаныя дзеці становяцца ахвярай «патрабаванняў навукі» і «гандлёвым інтарэсам», а эўтаназія — не што іншае, як ахвяра так званага «гуманнага» заканчэння жыцця. Маральны рэлятывізм няздольны растлумачыць годнасць чалавечай асобы.

Акрамя маральнага аспекту, вельмі важным з’яўляецца і сацыяльны. Хаця ў Рэспубліцы Беларусь і нямала ўвагі ўдзяляецца матэрыяльнаму стымуляванню сям’і, тым не менш трэба больш комплексна падыходзіць да праблемы падтрымкі сям’і і гэтым самым аховы жыцця. Новыя мікрараёны нашых гарадоў растуць як грыбы пасля дажджу. Аднак у той жа час у іх няма добра развітой інфраструктуры, у тым ліку дзіцячых садкоў, школ, культурных і спартыўных аб’ектаў і г. д., што негатыўна адбіваецца на праграме планавання сучаснай сям’і. Большую ўвагу трэба звяртаць і на справу аховы мацярынства.

3. Сужэнства і сям’я з’яўляюцца падмуркам здаровага развіцця грамадскай супольнасці. Сям’я, як непарушны саюз мужчыны і жанчыны, адной з мэтаў якой з’яўляецца працяг і ахова жыцця, свой пачатак бярэ ад Створцы. Еўропа не будзе Еўропай, калі знікне або будзе дэфармавана сям’я, як кажа папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://www.rodzinakatolicka.pl/index.php/ wiadomoci/6-wiadomosci/18250-wgierska-konstytucja-ma-chroni-ycie).

Перафразоўваючы гэтыя словы, можна сказаць, што калі не будзе пераможаны крызіс сям’і і абароны жыцця, то не будзе Беларусі як нацыі, застануцца толькі яе былыя, заселеныя іншымі народамі тэрыторыі.

У сувязі з гэтым перад Касцёлам стаіць актуальная задача звяртаць асаблівую ўвагу на навучанне аб сям’і і яе мэтах, абароне жыцця, належнай падрыхтоўцы моладзі да стварэння сям’і і іх выхавання да адказнага мацярынства і бацькоўства, а таксама дапамагаць сям’і ў адпаведнасці з сацыяльнай дактрынай.

4. Абарона жыцця ад зачацця да натуральнай смерці з’яўляецца абавязкам кожнага чалавека. Для будавання цывілізацыі жыцця неабходна адназначная пазіцыя адносна зачацця чалавечай асобы, антыканцэпцыі, абортаў, штучнага апладнення.

У сучасным свеце мы з’яўляемся сведкамі непрыняцця фундаментальнага права на жыццё як ненароджанага чалавека, так і таго, хто знаходзіцца каля мэты свайго жыцця. Паводле «новай маральнасці» права на жыццё можа мець чалавек, які дарасце да пэўных стандартаў, а менавіта будзе незалежным і патрэбным для іншых. Само існаванне чалавека перастае быць дастатковай прычынай, каб шанаваць яго права на жыццё. Гэта асаблівая пагроза для безабароннага ненароджанага чалавека. Яго лёс — гэткае шэкспіраўскае «to be or not to be» — «быць ці не быць» — аддадзены на волю іншых, тых, ад каго ён залежыць.

У Апостальскай Адгартацыі «Ecclesia in Europa» («Касцёл у Еўропе») Ян Павел II, які 1 мая гг. будзе ўзнесены да хвалы алтара, падкрэслівае, што дэмаграфічны крызіс з’яўляецца знакам «культуры смерці», якая прасякае сучаснае грамадства (пар. ЕЕ 95). Папа заклікае да мабілізацыі намаганняў у галіне абароны жыцця, бо будучыня Еўропы залежыць ад абароны і прапаганды каштоўнасці жыцця, якое з’яўляецца коранем нашай культурнай спадчыны. Еўропе трэба вярнуць яе сапраўдную годнасць, звязаную з тым, што яна з’яўляецца месцам, дзе прызнаецца непераўзыдзеная годнасць кожнай чалавечай асобы (пар. ЕЕ 96).

Гэтыя словы Вялікага Папы можна аднесці і да нашай краіны, дзе пануе абыякавасць адносна справы абароны жыцця і ўсё мацней раздаецца нямы крык забіваемых ва ўлонні маці дзяцей. Заклік да прапаганды і аховы жыцця павінен падкрэсліць для нас існуючую дэвальвацыю яго каштоўнасці і паслядоўнае нежаданне перадаваць Божы дар жыцця, што вядзе да вымірання.

Падчас свайго візіту ў Злучаныя Штаты Амерыкі ў 1993 г. папа Ян Павел II нагадаў, што калі Амерыка хоча быць вялікай краінай, то павінна бараніць жыццё (пар. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii /speeches/ 1993/august/documents/hf_jp-ii_spe_19930812_welcome-denver-gmg_it.html).

Жадаючы поспехаў у працы канферэнцыі, хачу адрасаваць гэтыя словы нашай Бацькаўшчыне: Беларусь, калі хочаш быць вялікай, то захоўвай жыццё, бо наша будучыня залежыць ад абароны і прапаганды яго каштоўнасцяў (пар. ЕЕ 96).

Дзякую за ўвагу.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1.    Ян Павел II. Апостальская Адгартацыя «Ecclesia in Europa» (EE).
2.    http://news.tut.by/society/213333.html.
3.    http://whoyougle.ru/place/statistics/total-fertility-rate.
4.    http://un.by/ru/unfpa/reproductive_health/resource_centre/statistican/number-of- abo.html.
5.    http://newsby.org/by/2010/01/30/ text13047.htm.
6.    http://subscribe.ru/archive/science.news.demoscopenews/200910/20190911.html.
7.    http://www.volk.by/content/belorusy-na-1-meste-v-mire-po-proizvodstvu-kartofelya-na-dushu-naseleniya.
8.    http://www.rodzinakatolicka.pl/index.php/wiadomoci/6-wiadomosci/ 18250-wgierska-konstytucja-ma-chroni-ycie.
9.    http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/speeches/1993/ august/documents/hf_jp-ii_spe_19930812_welcome-denver-gmg_it.html.

 

Усяго 8 матэрыялаў адзначана цэтлікам Мінск — Св. Сымона і св. Алены Чырвоны касцёл.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.