Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Акт прысвячэння і аддання Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі
01.07.2010 18:27

Беззаганная Маці, у гэтым месцы ласкі, дзе сабрала нас любоў Твайго Сына Езуса, Найвышэйшага і Вечнага Святара, мы, сыны ў Сыне і Яго святары, прысвячаем сябе Твайму мацярынскаму сэрцу дзеля вернага выканання волі Айца. Ведаем, што без Езуса мы не можам зрабіць нічога добрага (пар. Ян 15, 5), і толькі праз Яго, з Ім і ў Ім мы будзем для свету прыладамі збаўлення.

Абранніца Духа Святога, выпрасі нам каштоўны дар перамены ў Хрысце. Дапамажы нам і ўчыні, каб праз гэтую ж моц Духа, якая акрыла Цябе і зрабіла Маці Збавіцеля, Твой Сын, Хрыстус, нарадзіўся таксама ў нас; каб такім чынам Касцёл быў абноўлены святымі святарамі, перамененымі ласкай таго, хто ўсё робіць новым.

Маці Міласэрнасці, гэта Твой Сын, Езус, паклікаў нас, каб мы як Ён сталі святлом свету і соллю зямлі (пар. Мц 5, 13–14).

Дапамажы нам сваім магутным заступніцтвам, каб мы ніколі не здрадзілі гэтаму ўзнёсламу пакліканню, каб не паддаліся свайму эгаізму, ліслівасці свету і спакусам злога. Сваёй чыстасцю захавай нас, сваёй пакорай сцеражы нас і атулі сваёй мацярынскай любоўю, якая, адлюстроўваючыся ў многіх душах, прысвечаных Табе, учыніла, што яны сталі для нас сапраўднымі духоўнымі маці.

Маці Касцёла, мы, святары, хочам быць пастырамі, якія жывуць не для сябе, але прысвячаюць сябе Богу дзеля братоў і знаходзяць у гэтым шчасце. Прагнем не толькі словамі, але і штодзённым жыццём пакорна паўтараць нашае «вось я». Пад Тваім кіраўніцтвам хочам быць апосталамі Божай Міласэрнасі, якія радуюцца, што могуць штодня цэлебраваць Святую Ахвяру Алтара і ўдзяляць тым, хто нас аб гэтым просіць, сакрамэнт паяднання.

Заступніца і Пасрэдніца ласкі, Ты, якая ўся ўдзельнічаеш у адзіным паўсюдным пасрэдніцтве Хрыста, выпрасі для нас у Бога цалкам абноўленае сэрца, якое будзе любіць Бога з усіх сіл і служыць чалавецтву, як служыла Ты. Паўтары Пану свае пераканаўчыя словы: «Ужо не маюць віна» (Ян 2, 3), каб Айцец і Сын пралілі на нас Духа Святога, быццам новае спасланне. Твая пастаянная прысутнасць сярод нас абуджае ўва мне захапленне і ўдзячнасць, таму ад імя ўсіх святароў я таксама хачу ўсклікнуць: «Адкуль мне гэта, што Маці майго Пана прыходзіць да Мяне?» (Лк 1, 43). Нашая Маці, не пераставай нас «наведваць», суцяшаць і падтрымліваць. Прыйдзі да нас з дапамогаю і ўратуй ад усялякай небяспекі. Гэтым актам аддання і прысвячэння мы выражаем прагненне, каб Ты назаўсёды абсалютна і цалкам пасялілася ў нашым чалавечым і святарскім жыцці. Няхай дзякуючы Тваёй прысутнасці заквітнее пустыня нашай самоты і засвеціць сонца над нашым змрокам, няхай вернецца спакой пасля буры, каб кожны чалавек убачыў збаўленне Пана, які мае імя і аблічча Езуса, адлюстраванае ў нашых сэрцах, з’яднаных назаўсёды з Тваім! Няхай так станецца! Амэн.

Адноўлена 01.07.2010 20:52
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.