Моц малітвы: што такое «Духоўнае ўсынаўленне»? |
Анонсы |
02.04.2013 14:30 |
7 і 8 красавіка ў нядзелю Божай Міласэрнасці і ва ўрачыстасць Звеставання Пана вернікі ва ўсіх касцёлах Беларусі змогуць далучыцца да «Духоўнага ўсынаўлення» — малітоўнай акцыі па абароне зачатага жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. У чым сутнасць гэтай акцыі, і хто можа прымаць у ёй удзел? Духоўнае ўсынаўленне — гэта дадзенае Богу абяцанне, сутнасцю якога з’яўляецца малітва канкрэтнай асобы ў інтэнцыі ўратавання жыцця дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту. Зместам «духоўнага ўсынаўлення» павінна стаць штодзённая малітва, якая трывае на працягу дзевяці месяцаў. Распачынаецца малітва ў свята Звеставання Пана, а завяршаецца ва ўрачыстасць Нараджэння Пана. «Усынаўленне» заключана ў абавязку чытання спецыяльнай малітвы ў інтэнцыі ненароджанага дзіцяці, імя якога ведае толькі Бог, а таксама ў малітве адной з таямніц Ружанца і ва ўвядзенні ў сваё жыццё пэўных рэлігійных практык. У чым сутнасць «усынаўлення»? У тэалагічным значэнні слова «абяцанне» — гэта дадзенае Богу абяцанне, аб’ектам якога з’яўляецца вышэйшае дабро. У выпадку «духоўнага ўсынаўлення» аб’ект абяцанняў — гэта малітва за ненароджанае дзіця і яго бацькоў. Гэтае абяцанне павінна быць свядомым: той, хто гэтае абяцанне складае, павінен рабіць гэта паводле вольнага выбару. Абяцанне «духоўнага ўсынаўлення» з’яўляецца часовым, бо трывае 9 месяцаў (столькі ж, колькі дзіця знаходзіцца ва ўлонні маці). а. Пётр Фраштэнга OCD Cакратар Рады па справах сям’і пры ККББ |