Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Хрыстос уваскрос!»: гісторыя аднаго фотаздымка
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.04.2013 21:11

Хлопчык з крыжом у руках у зялёнай альбе бяжыць насустрач фатографу. Гэты здымак у пачатку 2000-х выйшаў на першай паласе «Звязды». Акурат на Вялікдзень. Пад фота быў подпіс: «Хрыстос уваскрос!». У той час звяздоўскі фатограф не здагадваўся, што герой яго здымка стане святаром…

Аўтар гэтага фота, фатограф «Звязды» Анатоль Кляшчук, які здымае для газеты з 1985 года, апісваючы той час, прыгадвае:

«Гэты здымак я добра памятаю. Ён удала „ўпісаўся” на паласу. Тэма каталіцтва і хрысціянства ўвогуле мяне тады вельмі прываблівала, зрэшты як і сёння. У пачатку 90-х, калі людзям дазволілі маліцца і пачалі адкрываць святыні, я вельмі многа здымаў. Католікаў, праваслаўных, святыні і святароў. Шмат здымаў кардынала Свёнтка. Яго візітацыі, каранацыю абраза ў Будславе…»

Паказваючы і іншыя здымкі той пары, фатограф прызнаецца:

«Самае каштоўнае для мяне ў гэтых фота — вера людзей. Я на праўду быў вельмі ўражаны людской верай, якую большасць з іх пранесла праз вайну і гады атэізму, каб перадаць наступнаму пакаленню. Памятаю, як у адной вёсцы сустрэў 102-гадовую бабулю. У адказ на пытанне пра сваё даўгалецце, жанчына адказала: усё проста — нікога не ашуквай, дапамагай бедным і вер Богу. Да сёння памятаю яе словы…»

Здымак з хлопчыкам у зялёнай альбе ў архіве Анатоля Клешчука раздрукаваны памерам 10х15 і захоўваецца ў папцы з назвай «Каталіцтва». Побач з ім — здымкі з іншымі сюжэтамі. На кожным з фота нібы свой час, які спыніўся.

«Гэтага хлапчука я фатаграфаваў каля Чырвонага касцёла. Была вясна. А вось час дакладна і не ўзгадаю. Здаецца, Пальмовая нядзеля. Я ішоў каля касцёла і заўважыў купку міністрантаў, якія стаялі, рыхтуючыся да Імшы. Гэтага хлопца я прыкмеціў адразу — ён быў вышэйшым за астатніх. А здымак гэты, калі я не памыляюся, быў пастановачным: я прасіў міністрантаў прабегчы з крыжом. Хлопчыкі неяк засаромеліся, але гэты міністрант — не. Малайчына. „Картачка” атрымалася».


Даведаўшыся, што міністрант з фота стаў святаром, фатограф усцешыўся. У часе падрыхтоўкі гэтага матэрыяла Анатоль Кляшчук збіраўся нават сустрэцца з ім, каб зрабіць яшчэ адно фота — святарскае. Але праз абавязкі фатографа штодзённай газеты са святаром якраз размінуўся…

Ксёндз Дзмітрый Дубовік (той самы хлопчык у зялёнай альбе) фота са «Звязды» добра памятае. «Звяздоўскую» перадавіцу з яго выявай яму прынесла адна з супрацоўніц газеты — маці яго лепшага сябра.

«На той час мне было гадоў 14-15. Як бачна на здымку, тады на мне была зялёная альба, сёння ў якасці літургічнага адзення для міністрантаў яна ўжо не выкарыстоўваецца».

Узгадваючы фатографа, кс. Дзмітрый дадае:

«Фатограф „шчоўкаў“ шмат — я спачатку не зусім усё правільна рабіў, пра што той мяне прасіў. Але ў выніку — нешта ды атрымалася. Дзеля здымка я нават зняў на некаторы час комжу. Памятаю, што мне было трохі незвычайна і дзіўна бегаць у сутане і з крыжам (усміхаецца). Гэта адзін з найбольш яскравых успамінаў ад таго здымка».

Кс. Дзмітрый Дубовік, выпускнік Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску, святарскае асвячэнне атрымаў 16 чэрвеня 2012 года. Сёння святар працуе вікарыем у парафіі Св. Юзафа ў Маладзечне.

Ілья Лапато OCDS
 
 
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.