Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з вядучымі ўдзельнікамі канферэнцыі, прысвечанай хрысціянска-юдэйскаму дыялогу
Беларусь
09.11.2009 18:08

9 лістапада 2009 г. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з вядучымі ўдзельнікамі канферэнцыі «Хрысціянска-юдэйскі дыялог: рэлігійныя каштоўнасці як аснова самапавагі ў грамадстве ва ўмовах глабальнага эканамічнага крызісу». У сустрэчы, між іншым, прынялі ўдзел Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер і кардынал Тэадор МакКарык, арцыбіскуп Вашынгтонскі на пенсіі.

На пачатку Аляксандр Лукашэнка прывітаў рэлігійных лідэраў і падкрэсліў, што «сёння міжканфесійны дыялог набывае яшчэ большую актуальнасць і значэнне». Па словах Прэзідэнта, у наш час «чалавецтва падышло да небяспечнай лініі, каля якой усім неабходна задумацца, як далей будаваць адносіны паміж краінамі і народамі, як неабходна вырашаць праблемы — з пазіцыі сілы або з пазіцыі розуму, міласэрнасці і справядлівасці». Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў важнасць «актыўнага развіцця плённага дыялога» паміж канфесіямі. «Вы, лідэры рэлігійных рухаў, паказваеце прыклад добрасуседства не толькі вернікам, але і палітыкам, усім людзям добрай волі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Правядзенне дадзенай канферэнцыі, як дадаў Прэзідэнт, дапаможа людзям лепш зразумець адно аднаго і прадэманстраваць гатоўнасць да дыялога.

Мітрапаліт Філарэт прадставіў Прэзідэнту вядучых удзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай хрысціянска-юдэйскаму дыялогу. Сярод іх былі каталіцкія іерархі кардынал Вальтэр Каспер, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, і кардынал Тэадор МакКарык, арцыбіскуп Вашынгтонскі на пенсіі. «Нашу задачу, — адзначыў Мітрапаліт, — мы бачым у намаганнях і паглыбленні ўзаемаразумення паміж прадстаўнікамі розных канфесій і рэлігій, традыцыйных для Беларусі».

Кардынал Каспер ад свайго імя, а таксама ад імя кардынала МакКарыка выказаў Прэзідэнту Беларусі ўдзячнасць за запрашэнне на мерапрыемства і за прамоўленыя беларускім лідэрам добрыя словы. Акрамя гэтага, ватыканскі іерарх перадаў Прэзідэнту найлепшыя пажаданні і папскае благаслаўленне ад Святога Айца Бэнэдыкта XVI. «Я ўжо ў другі раз прыязджаю ў Беларусь, — адзначыў кардынал Каспер, — і я рад магчымасці яшчэ раз сустрэцца з Мітрапалітам Філарэтам. На працягу апошніх гадоў мы развіваем добрыя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. На маю думку, Праваслаўная і Каталіцкая Цэрквы павінны супрацоўнічаць дзеля таго, каб дасягнуць узаемнага разумення, каб ісці да міру і справядлівасці ва ўсім свеце». Кардынал таксама выказаў сваю радасць з прычыны таго, што мае магчымасць прымаць удзел у канферэнцыі, прысвечанай хрысціянска-юдэйскаму дыялогу. «У гістарычным плане адносіны паміж гэтымі дзвюма рэлігіямі развіваліся няпроста, і я рад таму, што гэты дыялог наладжваецца», — дадаў іерарх.

Згаджаючыся са словамі Прэзідэнта аб эканамічным крызісе, які пануе ў  свеце, ватыканскі іерарх падкрэсліў, што «гэта таксама крызіс адсутнасці ўзаемаразумення паміж людзьмі, і ў гэтых умовах Касцёл і грамадства павінны весці супольную працу». «Я належу да таго пакалення, якое яшчэ памятае вопыт Другой сусветнай вайны, і лічу, што наша задача заключаецца ў тым, каб працаваць дзеля нашых дзяцей, дзеля дзяцей нашых дзяцей, дзеля дасягнення справядлівасці, міру і ўзаемапавагі ва ўсім свеце. У сувязі з гэтым я хацеў бы благаславіць Вашу дзяржаўную дзейнасць у імя міру, у імя людзей», — сказаў кардынал Каспер.

Падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам кардынал Вальтэр Каспер таксама перадаў кіраўніку дзяржавы медаль Святога Айца Бэнэдыкта XVI.

Фота  news.belta.by
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.