Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вальтэр Каспер: дыялог магчымы толькі пры захаванні ідэнтычнасці
Экуменізм
11.11.2009 13:03

10 лістапада 2009 г. кардынал Вальтэр Каспер, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, сустрэўся з членамі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Ватыканскі іерарх выказаў радасць з нагоды свайго візіту ў Беларусь, куды ён прыбыў па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, каб прыняць удзел у канферэнцыі, прысвечанай хрысціянска-юдэйскаму дыялогу.

Кардынал Каспер распавёў Біскупам Беларусі пра агульную экуменічную сітуацыю. Як падкрэсліў старшыня ватыканскага ведамства, экуменізм нарадзіўся не ўчора, але на Апошняй Вячэры, калі Езус сказаў: «Ut unum sint» — «Каб усе былі адно». Хрыстус заклаў адзін Касцёл. Падзелы ж у Касцёле — гэта наступствы граху.

Новы імпульс экуменічнаму руху даў Другі Ватыканскі Сабор. Імкненне да адзінства хрысціян — гэта найперш духоўная рэчаіснасць, таму яго сэрцам з’яўляецца духоўны экуменізм. Шлях да еднасці, як падкрэсліў ватыканскі іерарх, ідзе толькі праз малітву і навяртанне. Аднак навяртанне павінна адбывацца як з аднаго, так і з другога боку. Распачынаць жа навяртанне трэба ад саміх сябе. Трэба вучыцца слухаць іншых людзей, змяняць наша мысленне і сэрцы. Толькі тады будзе сапраўдны экуменізм. Па словах кардынала Каспера, тут няма нічога агульнага з сінкрэтызмам, бо дыялог магчымы толькі пры захаванні ідэнтычнасці і аднаго, і другога боку. Ворагамі сёння з’яўляюцца не іншыя канфесіі, а секулярызм, бязвер’е і г.д. Таму неабходны супольны адказ на выклікі сучаснасці.

Старшыня ватыканскага ведамства вылучыў тры калоны міжхрысціянскага дыялога. Дыялог з Праваслаўнай Царквой іерарх падзяліў на дзве фазы. Першая распачалася ў 80-х гг. ХХ ст. У сённяшнія дні адбываецца другая фаза дыялога, а менавіта тэалагічны дыялог. У 2005 г. пасля перапынку, які працягваўся некалькі гадоў, гэты дыялог аднавіўся. У апошнія гады ў гэтым кантэксце адбыліся тры сустрэчы — у Бялградзе, Равэне, на Кіпры. Апошняя сустрэча была прысвечана пытанню адносна першынства Папы ў першым тысячагоддзі хрысціянства. Невялікія крокі, па словах кардынала, ужо зроблены, але наперадзе яшчэ вельмі доўгі шлях. Пазітыўным момантам таксама з’яўляецца тое, што абодва бакі настроены працягваць распачаты дыялог.

Другая калона экуменізму — дыялог з пратэстанцкімі супольнасцямі. Многае зроблена, аднак у апошні час назіраецца шмат праблем, выкліканых лібералізмам у маральнай сферы ў пратэстанцкіх Касцёлах.
Асабліва трэба падкрэсліць важнасць дыялога з англіканствам. 9 лістапада гг. была абнародавана апостальская канстытуцыя Святога Айца Бэнэдыкта XVI «Anglicanorum coetibus», у адпаведнасці з якой англіканскія вернікі пры жаданні могуць перайсці ў супольнасць Касцёла. Гэты дакумент — адказ на просьбу саміх англіканаў, супольнасць якіх сёння перажывае вялікі падзел. Выклікана гэта таксама наяўнасцю жаночага святарства і біскупства.

Трэцяя калона экуменізму — шматлікія новыя рухі.

Акрамя гэтага, кардынал Каспер падкрэсліў, што сёння вялікую ўвагу неабходна надаваць экуменічнай фармацыі ў вышэйшых духоўных навучальных установах.

Вяртаючыся да кантэксту Беларусі, ватыканскі іерарх акрэсліў экуменічную сітуацыю ў краіне як добрую.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.