Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Уладзімір Татарнікаў: «Лютэранская Царква заўсёды адкрыта да дыялогу з прадстаўнікамі хрысціянскіх канфесій»
Экуменізм
22.01.2015 13:17

Лютэранская Царква заўсёды была гатовая да адкрытага дыялогу з прадстаўнікамі хрысціянскіх канфесій. Пра гэта ў гутарцы з журналістам Catholic.by з нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян заявіў пастар Евангельска-лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў.

Паводле слоў пастара, «стасункі, якія пераходзяць канфесійныя межы, не маюць за мэту прадставіць сябе як нешта лепшае, але павінны дапамагчы нам асэнсаваць, што ўсе мы ад аднаго Айца і аб’яднаныя ў Яго Сыне».

«Ніхто не павінен прыносіць сваю ідэнтычнасць у ахвяру экуменэ, але павінен прызнаць за іншымі права на існаванне, — адзначыў Уладзімір Татарнікаў. — Таму, хто яскрава ўсведамляе сваю ідэнтычнасць, прасцей прыняць ідэнтычнасць іншага».

Пастар таксама звярнуў увагу на сустрэчу Папы Францішка з дэлегацыяй нямецкай Евангельска-лютэранскай Царквы 18 снежня 2014 г. Прыводзячы зварот Святога Айца, пастар падкрэсліў, што «ў афіцыйным дыялогу паміж лютэранамі і католікамі, які доўжыцца ўжо амаль 50 гадоў, дасягнуты значны прагрэс, які сведчыць пра сяброўства».


Уладзімір Татарнікаў таксама адзначыў, што адным з яркіх прыкладаў служэння бліжняму з’яўляецца ўзаемадзеянне ў сацыяльнай сферы.

«Адзін з такіх прыкладаў — супрацоўніцтва каталіцкага «Карытас», праваслаўнага сацыяльнага аддзела і лютэранскага дыяканскага цэнтра, — сказаў пастар. — Бачачы прымірэнне паміж хрысціянамі, людзі хутчэй знаходзяць шлях да прымірэння адзін з адным і з Богам».

З 18 па 25 студзеня ва ўсім свеце праходзіць Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. 24 студзеня ў мінскай архікатэдры з гэтай нагоды адбудзецца экуменічная малітва з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. У той жа дзень падобная малітва будзе арганізавана і ў Гродне.

(ILS)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.