Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Экуменічная малітва ў гадавіну Першай сусветнай вайны прайшла ў Мінску
Экуменізм
11.11.2014 23:03

Прадстаўнікі розных канфесій узгадалі ахвяр Першай сусветнай вайны на экуменічнай малітве, якая адбылася 11 лістапада ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Экуменічная малітва, якой папярэднічала святая Імша, што ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сабрала прадстаўнікоў Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай Царквы, Евангельска-лютэранскай Царквы, Саюза Евангельскіх хрысціян-баптыстаў, Аб’яднання іудзейскіх рэлігійных абшчын у Беларусі і Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму.

На малітве прысутнічалі таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій.

Прадстаўнікі кожнай з канфесій выступілі з невялікай прамовай, у якой узгадалі пра важнасць даты 11 лістапада і падкрэслілі, наколькі важна сёння жыць у міры.



Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім звароце падзякаваў гасцям за ўдзел у набажэнстве. «Гэта знак салідарнай памяці і супольнай малітвы, а таксама знак нашага клопату аб міры ў сучасным свеце», — адзначыў іерарх.

Мітрапаліт нагадаў, што першаснай прычынай Першай сусветнай вайны, «як і кожнай іншай, было тое, што чалавек забыўся аб законе любові да Бога і бліжняга, аб тым, што кожны бліжні — гэта наш брат». Іерарх падкрэсліў, што нароўні з іншымі прычынамі менавіта ў Першай сусветнай вайне з’явіліся перадумовы для развіцця такіх тэрмінаў, як «злачынства супраць чалавецтва» і «генацыд».

Цалкам тэкст прамовы тут
       
«Чалавецтва павінна зрабіць адпаведныя высновы з гісторыі, каб больш не паўтараць памылак, — зазначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Успамін Першай сусветнай вайны і яе ахвяр, а таксама сённяшняя сітуацыя ва Украіне павінна яшчэ больш заахвоціць нас да малітвы за мір у свеце, бо вайна разбурае».

Асістэнт Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі а. Яўген Усошын у прамове звярнуў увагу на тое, што любая вайна заўсёды заканчваецца.



Святар распавёў гісторыю аўстрыйскага манаха, якога ў Першую сусветную вайну прымусова прызвалі ў войска і які ў сваю першую атаку ішоў, трымаючы ў руцэ ружанец.

Айцец Яўген Усошын заклікаў маліцца за людзей, якія ў цяжкіх абставінах супрацьстаяць злу, нагадаўшы, што менавіта гэтыя людзі нясуць дух прымірэння.

Пераломнай падзеяй у гісторыі назваў Першую сусветную вайну пастар Евангельска-лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў. Паводле яго слоў, тая вайна стала сутыкненнем амбіцый прадстаўнікоў улады.



«Толькі будучы разам, мы можам паказаць, што дыялог патрэбна весці ў любові да бліжняга. Мы не маем права ставіць сябе на месца Бога», — заключыў пастар.

Намеснік епіскапа Саюза Евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Беларусі Аляксандр Лотараў адзначыў, што самым страшным ворагам чалавека з’яўляецца бязбожны атэізм.

«Божае слова і малітва з’яўляюцца самай моцнай зброяй, якую мы маем, — адзначыў Аляксандр Лотараў. — А колькі такіх войнаў адбываецца ў нашых сем’ях? Колькі ненароджаных дзяцей было загублена? Колькі сем’яў загубіў алкагалізм?»



Аляксандр Лотараў звярнуў увагу на тое, што адзіны плюс любой вайны — гэта пакаянне людзей. «Мы павінны дзякаваць Богу за тое, што ў Беларусі сёння мір», — заключыў дакладчык.

«Вайну распальваюць палітыкі, а пакутуюць людзі», — упэўнены старшыня Аб’яднання іудзейскіх рэлігійных абшчын у Беларусі Уладзімір Малінкін.



Паводле слоў Уладзіміра Малінкіна, прадстаўнікам розных канфесій трэба памятаць, што «нашы канфесіі павінны быць тым стрыжнем, які будзе супрацьдзейнічаць войнам і яднаць людзей у імкненні да міру».

«Кожны з нас павінен памятаць пра малітву, — зазначаў равін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч, зварот якога быў прачытаны яго прадстаўніком Андрэем Дарафеевым. — На жаль, мы не вучымся на гісторыі і сёння працягваем ваяваць».



«Варта ж зрабіць выбар на карысць міру і жыцця ў ім», — заключаў у сваім звароце равін.

Малітве за памерлых у Першай сусветнай вайне была прысвечана другая частка экуменічнага набажэнства. Яго ўдзельнікі спачатку прамовілі супольнае «Ойча наш» на беларускай мове, пасля чаго маліліся сумеснай малітвай за памерлых.

Звяртаючыся са словамі падзякі да прадстаўнікоў розных канфесій, якія прыйшлі на супольную экуменічную малітву, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зазначыў:

«Вельмі добра, што мы не забываемся сваю гісторыю і ўзгадваем яе. Гэтая памяць не дае нам раздзерці старыя раны і перасцерагае ад паўтарэння той страшнай вайны. Але сітуацыя ў сённяшнім свеце працягвае быць неспакойнай, таму жыццё ў вечным міры павінна стаць нашай галоўнай інтэнцыяй».

Завяршылася экуменічнае набажэнства малітвай «Анёл Панскі».

 Ілья Лапато

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.