«Экуменізм — не ідэалогія і не праграма, гэта — стыль жыцця»: Уладзімір Татарнікаў да Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў |
Экуменізм |
22.01.2015 13:15 |
«Экуменізм пачынаецца з даверу Госпаду, які хоча бачыць нас як адзінства, якое прымірылася адзін з адным», — гэта адзначыў у каментарыі Catholic.by з нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян пастар Евангельска-лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў. Паводле яго слоў, менавіта супрацоўніцтва і прымірэнне розных хрысціянскіх канфесій з’яўляецца адным з найлепшых сведчанняў Евангелля ў свеце і закліку Хрыста «каб былі ўсе адно». З 18 па 25 студзеня ва ўсім свеце праходзіць Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. З гэтай нагоды 24 студзеня ў мінскай архікатэдры адбудзецца экуменічная малітва з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. У гэты ж дзень падобная малітва пройдзе і ў Гродне. Як зазначае Уладзімір Татарнікаў, сёння існуе шэраг экуменічных дакументаў, але экумена не павінна існаваць толькі на паперы: «Гэта не ідэалогія, не праграма, гэта — стыль жыцця. Ён утрымлівае ў сабе чатыры асновы хрысціянскага жыцця: зносіны, малітву, сведчанне і служэнне бліжняму». «Экуменізм — гэта дзеянне Святога Духа. Як Святы Дух не мае рук і ног, мы, хрысціяне, з’яўляемся Яго рукамі і нагамі ў гэтым свеце. Таму сёння ад нас залежаць узаемаадносіны паміж намі», — заключыў пастар. (ILS) |