Кардынал Жан-Луі Таран сустрэўся з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам |
Беларусь |
04.07.2013 21:49 |
4 ліпеня кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, які прыбыў у якасці спецыяльнага легата Святога Айца Францішка на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе, сустрэўся з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Сустрэча прайшла ў Мінскім Епархіяльным упраўленні. У сустрэчы кардынала з кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы прымалі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Кіраўнік справамі Беларускага Экзархату архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый, сакратар Мінскага Епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Мікалай Коржыч, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў. Як паведамляе афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы, падчас размовы кардынала з Мітрапалітам Філарэтам было, у прыватнасці, закранута пытанне дзяржаўна-царкоўных адносін у Беларусі. Легат адзначыў, што бачыць добрую волю беларускіх уладаў і асабіста Прэзідэнта да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з канфесіямі. Суразмоўцы абмеркавалі таксама стан і перспектывы дыялога Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы. Раней у гэты дзень адбылася сустрэча кардынала з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. (AG) Фота Аляксандра Мізея, church.by
|