Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша падзякі за кананізацыю Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ з удзелам беларускіх пілігрымаў адбылася на Ватыкане (+фота)
Беларусь
27.04.2014 17:04

27 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, калі былі абвешчаны святымі Ян ХХІІІ і Ян Павел ІІ, у касцёле святой Ганны на Ватыкане адбылася Імша падзякі за кананізацыю гэтых двух Пантыфікаў. У Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прынялі ўдзел пілігрымы з Беларусі, што прыбылі ў Апостальскую Сталіцу на падзею кананізацыі.

У Ватыкан прыехалі ў арганізаваных групах і індывідуальна многія беларускія вернікі, а таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы падзякі, у гаміліі адзначыў, што адначасовая кананізацыя двух Папаў – “прэцэдэнт у гісторыі Касцёла”, тое, “чаго ніколі перад гэтым не было”. Іерарх узгадаў, што ў кананізацыйнай урачыстасці прынялі ўдзел ўдзел два Пантыфікі – Папа Францішак і Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI, сто пяцьдзясят кардыналаў, тысяча біскупаў, сто афіцыйных дэлегацый з усяго свету, дваццаць тры кіраўнікі дзяржаў, прадстаўнікі Праваслаўных Цэркваў, Англіканскай Царквы, габрэі і мусульмане.    

Кажучы пра св. Яна XXIII, Мітрапаліт заўважыў, што з яго іменем звязаны Другі Ватыканскі Сабор – “паваротны пункт у гісторыі Касцёла”. “Папа Ян XXIII адчуваў вострую патрэбу правядзення кардынальных рэформ у Касцёле, каб ён сапраўды быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення і знакам надзеі для ўсяго чалавецтва. Нездарма Касцёл з вялікай адказнасцю падыходзіць да галоўнай мэты Сабору, якая была акрэслена Янам XXIII словам “Aggiornamento”, што можна перакласці як адпаведнае духу часу адраджэнне”, - адзначыў арцыпастыр. Па словах іерарха, вялікае значэнне для працаў Сабору мелі “актуальныя і сёння” энцыклікі Яна XXIII “Pacem i terris” – „Мір на зямлі“ і „Mater et magistra“ – “Маці і настаўніца”, якія “прадставілі новае бачанне заклапочанага захаваннем міру на зямлі і сваёй настаўніцкай місіяй Касцёла”.

“Калі перад Саборам Касцёл уяўляўся нейкай непадступнай крэпасцю, якая знаходзіцца на вяршыні гары, або караблём, які далёка ад берага і любуецца самім сабой, то дзякуючы Сабору ён стаў блізкім і адкрытым свету. Сабор правёў аналіз выклікаў часу і ацаніў стан Касцёла як з пункту гледжання яго ўнутранага жыцця так і з пункту гледжання адносін са светам. Выявіўшы яго моцныя і слабыя бакі, ён падрыхтаваў шаснаццаць дакументаў, у якіх былі выяўлены напрамкі дзейнасці Касцёла на будучыню, - дадаў Мітрапаліт. - Такім чынам Сабор стаўся новым Спасланнем Святога Духа, які ўдыхнуў у Касцёл новую энергію, аднавіў яго і ўчыніў здольным больш эфектыўна адказваць на выклікі часу”.    

Арцыбіскуп нагадаў таксама, што “Добры Папа”, як называлі Яна XXIII, “вёў святы лад жыцця”. “Ён пакінуў нам прыклад святой мужнасці, што выказалася ў рашэнні правесці Сабор, і адначасова пакоры і адкрытасці, што дала пачатак новаму стылю ажыццяўлення папскай улады. Ян XXIII застаўся ў гісторыі Касцёла і чалавецтва як чалавек малітвы і гераічных цнотаў, які да канца палюбіў Касцёл і ахвяраваў сваё жыццё для служэння яму”, - падкрэсліў іерарх.

Кажучы пра св. Яна Паўла ІІ, Мітрапаліт адзначыў: “Яму не было дадзена наведаць Беларусь, але сёння ён з акна дому нябеснага Айца благаслаўляе нас і сваім духам прысутны на нашай зямлі. Касцёл у Беларусі ўдзячны яму за адраджэнне яго структур і няспынны клопат аб ім”.

Па словах арцыпастыра, дзень, калі Папам быў абраны кракаўскі кардынал Караль Вайтыла, “стаўся днём новай надзеі для вернікаў былога СССР і Беларусі”, а яго заклік падчас інаўгурацыі Пантыфікату “Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту, бо толькі Ён да канца ведае чалавека і толькі ў Ім чалавек можа зразумець сябе” даў “новую надзею духоўна зняволеным народам”.

”Яго пранікнёная малітва падчас першага візіту ў Польшчу ў 1989 г. “Няхай сыйдзе Дух Святы і няхай адновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі” была пачута і на Усходзе. Трыдцаць пяць гадоў таму гэтыя словы мы ўспрымалі як скіраваныя таксама да нас і нашай зямлі, якая чакала свайго часу духоўнага адраджэння. І гэты час, дзякуючы таксама Яну Паўлу II, прыйшоў”, - дадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Па словах арцыбіскупа, гісторыя Пантыфікату Яна Паўла II – “вялікага і правідэнцыйнага пастыра Паўсюднага Касцёла, выдатнага тэолага, чалавека малітвы, гуманіста, паэта, прыхільніка дыялогу, палітыка, абаронцу правоў чалавека і змагара за сацыяльную справядлівасць, абаронцу зняволеных і бедных, голас тых, хто не мог прамаўляць, спартсмена, артыста, цаніцеля мастацтва” - гэта “гісторыя ўкаранення духу і вучэння Другога Ватыканскага Сабору з мэтай далейшага аднаўлення Касцёла і вырашэння праблем сучаснага свету”.

Беларускі іерарх звярнуў увагу, што святыя – не якіясьці людзі, што “прыбылі да нас з космасу”, а “такія ж, як усе мы, людзі са сваімі праблемамі”, аднак “яны не паддаліся спасусам часу і сталі вышэй за іх”.

”Святыя Яне XXIII і Яне Паўле II, міласціва ўзгляньце на сабраных тут, у касцёле св. Ганны на Ватыкане, пілігрымаў, узгляньце на наш народ і нашу краіну – Беларусь – і выпрошвайце Божае благаслаўленне нам, каб мы ўсе ўзрасталі ў дасканаласці і імкнуліся да святасці, як мэты нашага жыцця”, - з такой малітвай звярнуўся Мітрапаліт да двух новых святых.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.