22 мая ў Інстытуце тэалогіі імя святых Мятода і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў межах ХХ юбілейных Міжнародных Кірыла-Мятодаўскіх чытанняў адкрылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Хрысціянства ў беларускай культуры і духоўнасці”. Каталіцкі Касцёл у Беларусі на ёй прадставілі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў першага прарэктара інстытута епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма і ўсіх прысутных. Арцыбіскуп адзначыў, што Кірыла-Мятодаўскія чытанні “шырока вядомыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі”, “з’яўляюцца адным са знакаў пачатага Мітрапалітам Філарэтам і працягнутага яго пераемнікам Мітрапалітам Паўлам працэсу адраджэння і развіцця Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, а таксама адносінаў Царквы з грамадствам і канструктыўнага дыялогу паміж рознымі веравызнаннямі”.
Па словах іерарха, “сучасная Еўропа характарызуецца не толькі нацыянальнай, але і рэлігійнай разнастайнасцю, таму сёння наш кантынент цяжка назваць хрысціянскім”, але “менавіта ў Еўропе на прыкладзе хрысціянства сфарміравалася мадэль сучаснага грамадства”.
“На жаль, з часам Еўрасаюз пачаў зноў адыходзіць ад хрысціянскіх прынцыпаў, так што сёння ён ужо ўсё часцей называецца постхрысціянскім. У выніку чаго аб’яднаная Еўропа сутыкаецца з адной з самых сур’ёзных пагроз, якой з’яўляецца ваяўнічы секулярызм, які імкнецца адмовіцца ад хрысціянскіх каранёў нашага кантынента, - канстатаваў Мітрапаліт. – У той жа самы час крызісы, які страсаюць Еўропу і свет, сведчаць пра тое, што самі глабалізацыйныя працэсы, якія абапіраюцца толькі на развіццё эканомікі і палітыкі, без духоўных асноваў не здольныя задаволіць чаканні еўрапейцаў”.
“У чарговы раз мы пераконваемся, што без Бога не да парога. Сёння, як ніколі раней, відавочна, што Еўропа мае патрэбу ў хрысціянскай душы, - падкрэсліў арцыпастыр. – Хрысціянства – гэта не ідэалогія, не нейкая філасофская сістэма, а сустрэча з жывым Хрыстом, адзіным Збаўцам свету (...) У хрысціянскай душы мае патрэбу не толькі Еўрасаюз, але і ўвесь свет і наша краіна, бо ідэі ваяўнічага секулярызму ўяўляюць сабой вялікую пагрозу далейшаму развіццю нашай цывілізацыі. Хрысціянства адыграла вялікую ролю ў фарміраванні еўрапейскай цывілізацыі і таксама ў станаўленні беларускай культуры, і сёння мы павінны вярнуцца да сваіх каранёў і на іх ствараць будучыню”.
Поўны тэкст прывітальнага слова Мітрапаліта>>>
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выразіў надзею, што юбілейныя Кірыла-Мятодаўскія чытанні ўнясуць свой уклад ва ўмацаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў у Беларусі, Еўропе і свеце, пажадаў удзельнікам чытанняў поспехаў у працы і для ўсіх іх папрасіў Божага благаслаўлення.
ХХ Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытанні працягнуцца 23 мая. (AG)
|