Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь у Касцёле
Беларусь
12.06.2014 11:38
Як спалучыць веру ў Бога і пошук сябе ў жыцці? Незвычайная гісторыя Дзяніса Бурко, сваяка славутага ксяндза Уладзіслава Чарняўскага − у другой частцы праекта catholic.by «Моладзь у Касцёле».

Разглядаючы фотаздымкі, на якіх Дзяніс у якасці мадэлі прымае ўдзел у паказах беларускага Тыдня моды Belarus Fashion Week, зусім не здагадваешся, што хлопец на подыуме калісьці мог стаць святаром і нават быў у навіцыяце аднаго з манаскіх ордэнаў, насіў хабіт...

Дзяніс гэтай тэмы зусім не цураецца. Толькі задумёна ўсміхаецца, прызнаючы, што і сёння да канца не ведае, ці скончылася гэтая яго гісторыя з манаствам...

Знаёмыя і калегі мала цікавяцца яго мінулым, а расказваць пра гэта наўмысна хлопец асабліва не імкнецца.
 
 Касцёл і вера

Думкі пра святарства Дзяніс выношваў яшчэ з дзяцінства. Не апошнюю ролю ў гэтым імкненні адыграў родны брат Дзянісавага прадзеда – кс. Уладзіслаў Чарняўскі:

«Пры кожнай сустрэчы пытаўся, ці пайду я на ксяндза вучыцца, – усміхаецца хлопец. – Казаў мне: „Калі што, то пакіну на цябе свае дабро, а галоўным чынам – цудоўную бібліятэку, якую ўсё жыццё збіраў па крупіцах”. 

Харошы быў дзядунька (так мы яго з сястрою называлі). А ён дык і любіў. Часта, вяртаючыся ад бабулі з вёскі, заязджалі да яго ў Вішнева. А калі не заставалі дома дзядуньку, то ехалі ў касцёл. Святаром ён быў ахвярным.
 
Нашча ішоў да касцёла з самае раніцы, а вяртаўся толькі пасля ўсіх Імшаў і катэхезы не раней за 16.00. Толькі тады і сядаў есці. 

Гатаваў заўсёды сам, гаспадыні не меў. Памятаю, як адпраўляў Імшу. Выключна па-беларуску! І што асабліва запомнілася, як ксёндз падчас гаміліі падымаўся на бочную амбону (цяпер імі ніхто, відаць, не карыстаецца), і гамілія гучала на ўвесь касцёл».
 
Маленства Дзяніса так ці інакш заўсёды было звязана з касцёлам: нядзельныя Імшы, куды бацькі вадзілі яго з сястрой; вечаровая сямейная малітва, заняткі рэлігіяй:
 
«Так і гадаваўся я ў беларуска-каталіцкім гроне. З пэўнага часу па запрашэнні сябра пачаў ездзіць на рэкалекцыіі да айцоў кармэлітаў у в. Нарач. Цягам пяці-шасці гадоў і зімой, і летам бавіў там час.
 
І так мне палюбіліся тыя мясціны, тыя людзі, браты і сам кармэлітанскі харызмат, што адразу пасля школы, не задумваючыся, я пайшоў у пастулат.
 
Прабыў два гады і з навіцыяту сышоў… Праўда, зараз не магу дакладна сказаць, што на гэтым мая гісторыя з Кармэлем скончылася…»
 
Настаўнік vs мадэль

− Сёння, наколькі я ведаю, ты працуеш настаўнікам. Чаму вырашыў абраць гэтую прафесію?
 
− Па вяртанні ў Беларусь (манаскую фармацыю Дзяніс праходзіў у Польшчызаўв. аўт.) паўстала пытанне, куды ісці вучыцца. Польскай мовай я ўжо валодаў нядрэнна, таму пайшоў на філфак педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Факультэт паланістыкі там быў, ды і літаратуру я вельмі любіў.

− Прафесія не расчаравала?

− Цяпер я выкладаю мову і літаратуру ў гімназіі. Цалкам няблага, але не плацяць зусім настаўнікам... Асаблівых перспектыў з такім стаўленнем я там не бачу. Гэта калі шчыра. Цяпер заканчваю магістратуру і буду думаць, што рабіць далей.

 − Акрамя літаратуры ты займаешся таксама і мадэлінгам. Дарэчы, ці выпадала сустрэць у гэтай сферы практыкуючых хрысціян?
  
− Не, напэўна, не вельмі часта. Ці, можа, мы пра гэта асабліва не гаворым. Большасць з тых, каго ведаю і з кім працую, не вельмі рэлігійныя людзі альбо гэтага не паказваюць. 

А мадэлінг – маё другое захапленне пасля літаратуры. Працягваю ім займацца і сёння, удзельнічаў у вельмі добрых паказах. Пачыналася ўсё са звычайнага хобі, а з цягам часу перарасло ў любоў. У свой час мяне нават прызнавалі лепшай мужчынскай фотамадэллю ды лепшым з мужчын-мадэляў на подыуме. Вось як (усміхаеццазаўв.аўт.). 

«Litara-A – гэта працяг маёй душы»
 
Яшчэ адно захапленне Дзяніса – " target="_blank" href="/2/">літаратурны інтэрнэт-праект «Litara-A». Ідэя заключаецца ў цытаванні вершаў беларускіх класікаў і мастацкім аздабленні гэтых відэа. Атрымліваецца адмысловы літаратурны перформанс або нават кліп. Дзяніс – адзін з ініцыятараў праекта і час ад часу выступае ў ім у якасці акцёра.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
«Кожны жадаючы можа паспрабаваць свае сілы ў нас, − распавядае юнак. − Прачытаць верш ці ўрывак з прозы, запісаць гэта на відэа і даслаць нам. Калісьці пра нас пісалі, што мы − “карпарацыя па захопу беларускіх сэрцаў”. Я сказаў бы зараз, што мы − платформа, якая гэтыя сэрцы яднае, бо тут не толькі можна знайсці аднадумцаў, але і каханне (усміхаецца заўв. аўт.)».

Хлопец прызнаецца, што Litara-A – гэта працяг яго душы, працяг унутранага стрыжня. Дзяніс упэўнены, што тыя ж вершы на хрысціянскую тэматыку, якія чытаюцца ў праекце, маюць асаблівую місію і сёння:
 
«Гэтыя вершы не могуць быць неактуальнымі. Адзін з апошніх выкарыстаных намі вершаў хрысціянскай тэматыкі − верш Наталлі Арсенневай “Малітва”. Гэта − сапраўдны гімн, асаблівы твор. Моцны. 
 
 
...
 
Напрыканцы гутаркі Дзяніс дадае: 

«Калісьці св. Тэрэза Авільская сказала, што малітва − гэта сяброўская размова з тым, пра каго ведаем, што нас любіць. Прыблізна так я магу ахарактарызаваць і сваю веру. 

Дарэчы, самыя моцныя сябры, з якімі і цяпер сябруем – гэта яшчэ з тых часоў маленства. Калі разам хадзілі на заняткі па рэлігіі. Касцёл нас пазнаёміў. Пасля праз розныя рэчы давялося разам прайсці, але і цяпер вера і Касцёл застаюцца ў нас на першым месцы».
 
 

Падрыхтаваў Ілья Лапато

Фота з архіва аўтара. 
Відэа з адкрытых крыніц
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.