Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч да беларускіх пілігрымаў у Іерусаліме: не трэба баяцца несці свой крыж
Беларусь
26.06.2014 18:06

26 чэрвеня група беларускіх пілігрымаў распачала з уваходу у стары Еруcалім праз вароты св. Стэфана, першага мучаніка. Праз іх св. Стэфана выводзілі, каб укаменаваць.

Таксама пілігрымы наведалі касцёл св. Ганны, пабудаваны на тым месцы, дзе нарадзілася Марыя. У сваім слове да пілігрымаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на абраз св. Ганны. На ім побач са св. Ганнай знаходзіцца Марыя, перад імі раскрытая кніга Святога Пісання. Гэта прыклад таго, як бацькі павінны выхоўваць сваіх дзяцей, бо ў выхаванні павінен быць рэлігійны аспект.

Пасля пілігрымы прайшлі Крыжовым шляхам, якім ішоў Езус дзве тысячы таму назад на Галгофу, як на самую высокую у духоўным сэнсе гару свету, каб збавіць чалавецтва. Разважанні Крыжовай дарогі правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і прысвяціў іх адносінам сучаснага чалавека з Богам.


Сучасны чалавек не хоча несці крыж свайго жыцця

Арцыбіскуп адзначыў, што у наш час чалавек не любіць цярпенняў і не хоча несці крыж свайго жыцця. У той самы час крыж дзякуючы крыжовай смерці Езуса і Яго Змёртвыхпаўстанню з інструментаў пакарання стаў знакам збаўлення і надзеі. Іерарх заклікаў удзельнікаў Крыжовай дарогі не баяцца крыжа, несці яго самім і па прыкладу Сымона Кірэнейца дапамагаць несці яго іншым.

Арцыпастыр заклікаў не баяцца быць высмеянымі за сваю веру і па прыкладу св. Веранікі публічна яе дэманстраваць.

Сімвалічна, што Крыжовы шлях па вузкіх вуліцах Ерусаліма праходзіць паміж гандляроў. Пілігрымы большую частку Крыжовага шляху ідуць праз гарадскі рынак з усёй яго атрыбутыкай. Гандляры занятыя сваімі справамі, сваім бізнэсам. Усё як і было 2000 гадоў таму. Нічога не змянілася. Тады людзі займаліся сваімі справамі, а Езус нёс іх крыж. Сёння Ён таксама яго нясе. А дзе мы?


Можа, мы глядзім абыякава на трагедыю Галготы, якая зноў паўтараецца. Гэта не пазіцыя хрысціяніна. Хрысціянін павінен прымаць удзел у гэтай драме Хрыста, бо, як праз церні чалавек ідзе да славы, таксама праз крыж ён ідзе да духоўнага ўдасканалення. Падчас Крыжовай дарогі вернікі па чарзе неслі крыж. Гэта было вялікае асабістае перажыванне для многіх з іх, асаблівая малітва на вяршыні Галгофы ля падножжа Крыжа.


Малітва ў месцы-сведчанні аб праўдзе Уваскрасення

Пазней пілігрымы наведалі пустую магiлу Езуса як сведчанне аб Яго Уваскрасенні. Было бачна незвычайнае духоўнае ўзрушэнне пілігрымаў і слёзы на іх вачах, што сведчыць аб выключнай важнасці моманту малітвы ў пустой труне Езуса.

Пілігрымы з Беларусі прынялі ўдзел у святой Імшы ў базыліцы пустой труны Езуса. Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі іерарх звярнуўся да Евангелля аб уваскрасенні Хрыста, да таго моманту, дзе жанчыны міраносіцы знайшлі пустую труну Езуса, які вярнуў ім страчаную надзею.

Страчаную надзею вярнуў Езус і вучням з Эмауса падчас ламання хлеба, падчас Эўхарыстыі. Гэтай надзеяй жылі першыя хрысціяне. Мітрапаліт заўважыў, што хоць хрысціяне і павінны жыць ў часы, калі перажываецца сапраўдны парадокс, бо з аднаго боку чалавецтва цешыцца свабодай веравызнання, а з другой — свядомым адыходам ад веры, але ў апошнія гады сустракаецца вялікая колькасць Божых дароў, якія адначасова з’яўляюцца заданнем для людзей. Заданнем сведчання ўкрыжаванага і Уваскрослага Езуса.


Лёс хрысціянства залежыць ад нашага сведчання

Прыгадаем, калі Пётр пасля спаслання Святога Духа на вуліцах Ерусаліма абвяшчаў Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага, то многія тысячы людзей прынялі Хрост. Таксама і ад нашага сведчання залежыць лёс хрысціянства ў нашы часы. Арцыбіскуп заклікаў прысутных быць сведкамі Уваскрослага Хрыста, каб дзякуючы гэтаму сведчанню свет пазнаў Евангелле і, жывучы яго праўдай, будаваў новую цывілізацыю жыцця. Уваскрасенне Хрыста стала зваротным пунктам у гісторыі чалавецтва. Няхай тады наша малітва каля пустой труны Езуса стане зваротным пунктам у нашай асабістай гісторыі і ў гісторыі нашага народа.

Пасля святой Імшы пілігрымы наведалі розныя капліцы, базылікі пустой труны. Адной з іх з'яўляецца капліца Адама, якая знаходзіцца пад Галготай. Паводле хрысціянскай традыцыі менавіта там знаходзіўся чэрап Адама і кроў з боку Езуса змыла грэх першага чалавека.

Пілігрымы наведалі таксама капліцу св. Алены, пабудаваную ў тым месцы, дзе св. Алена знайшла крыж Хрыста.

(JM), (AYU) 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.