Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Заўтра Крыж і абраз Сусветнага Дня Моладзі перададуць у Беларусь
Беларусь
27.06.2014 16:02

З 28 чэрвеня па 12 ліпеня ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі будзе адбывацца перэгрынацыя Крыжа і Абраза Маці Божай з Дзіцяткам Езусам. Адметнасцю перэгрынацыі з'яўляецца тое, што Крыж і Абраз — гэта духоўныя атрыбуты Сусветнага дня Моладзі і еднасці маладых людзей Каталіцкага Касцёла ўсяго свету.

На працягу 20 гадоў Крыж і Абраз наведалі 4 кантыненты, пабывалі ў сотнях краінах. Ініцыятарам перэгрынацыі Крыжа і Абраза быў святы Ян Павел II. 22 красавіка 1984 г., уручаючы  крыж, ён звярнуўся да моладзі ўсяго свету: «Нясіце яго на ўвесь свет як знак любові, якой Хрыстус узлюбіў чалавецтва і абвяшчайце ўсім, што толькі ў Хрысце памерлым і уваскрослым ёсць уратаванне і адкупленне».

Пры крыжы і абразу збіраліся мільёны вернікаў. Падчас апошніх XXVII Сусветных дзён моладзі ў Бразіліі (ліпень 2013 г.) побач з імі малілася каля 3 мільёнаў моладзі з цэлага свету. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды XXVIII Сусветнага Дня Моладзі, які адбудзецца ў 2016 годзе ў Кракаве (Польшча) атрымала прапанову правесці перэгрынацыю Крыжа і Абраза ў каталіцкіх дыяцэзіях Беларусі.

Мэтай перэгрынацыі з’яўляецца ажыўленне духоўнага жыцця, абуджэнне хрысціянскай еднасці і падрыхтоўка да будучага Сусветнага Дня Моладзі ў Кракаве.

Перэгрынацыя Крыжа і Абраза распачнецца ўрачыстай перадачай іх польскай моладдзю беларускай моладзі 28 чэрвеня ў 19.30 у нейтральнай зоне паміж Польшчай і Беларуссю. Крыж і Абраз будуць урачыста ўручаны моладзі з Беларусі, якая на руках унясе Крыж і Абраз на тэрыторыю сваёй краіны. На працягу амаль што двух тыдняў Крыж і Абраз наведаюць каталіцкія парафіі ў розных дыяцэзіях. Будуць адбывацца ўрачыстыя Імшы і пакланенне ім. Праграма перэгрынацыі тут »».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.