Упершыню ў беларускім перакладзе выдадзены «Дзённік» св. Фаўстыны Кавальскай |
Беларусь |
29.09.2014 10:20 |
У выдавецтве «Pro Christo» пабачыў свет «Дзённік» святой сястры Фаўстыны Кавальскай. Кнігу, упершыню выдадзеную на беларускай мове, пераклала Крыстына Лялько. Выхаду гэтае кнігі даўно чакалі беларускія вернікі. І не дзіўна: «Дзённік» — бестселер сусветнай містычнай літаратуры. Гэта адначасова захапляльная гісторыя адносінаў душы з Богам і падручнік цярпення, пакоры ды малітвы, шчодрае аб’яўленне Божай міласэрнасці і кніга-гімн на яе хвалу. «Дзённік», які складаецца з шасці сшыткаў і дадатку «Мая падрыхтоўка да святой Камуніі», сястра Фаўстына пісала на працягу апошніх чатырох гадоў жыцця (1934–1938) па наказе спаведнікоў і выразным загадзе Езуса Хрыста. У кнізе апісаныя містычныя сустрэчы святой з Панам Богам і перададзена пасланне Божай Міласэрнасці, якое так патрэбнае ўсяму сучаснаму свету і кожнаму чалавеку паасобку. Таму гэта адна з кніг, што назаўсёды перамяняюць душу чытача і да якіх можна шматразова звяртацца на працягу ўсяго жыцця. Кніга перапоўнена сведчаннямі, просьбамі, благаслаўленнямі і абяцаннямі, якія сам Пан Бог перадае нам праз сястру Фаўстыну. З гэтаю кнігаю нібы нанова перажываеш усё сваё жыццё, пераглядаючы яго ў іншым святле — у ззянні Божай міласэрнасці. Пачынаеш па-іншаму ўспрымаць свае дасягненні і няўдачы, свае жаданні і мары... Душа спакайнее і лагаднее, ды ўслед за святою Фаўстынаю хоча паўтараць: «Я змучана і спрацавана, // Але сумленне мне сведчыць аб тым, // Што я раблю ўсё для большай хвалы Пана, // Пан — мая спадчына і мой спачын» (Дз., 1000)... Ганна Шаўчэнка, ave-maria.by |