Папу Францішку напішуць ліст ад моладзі Беларусі |
Беларусь |
14.12.2014 13:13 |
З такой ініцыятывай падчас начнога чування моладзі ў Мінску, якое праходзіла ў ноч з 13 на 14 снежня, выступіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх адзначыў, што гэты ліст стане падзякай беларускай моладзі за духоўны клопат Святога Айца і перададзенае Пантыфікам благаслаўленне для моладзі Беларусі. Папскае прывітанне і благаслаўленне беларускай моладзі ў сваю чаргу перадаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Прыгадваючы апошнюю сустрэчу з Пантыфікам падчас аўдыенцыі 25 кастрычніка 2014 года, Апостальскі Нунцый адзначыў: «Папа сказаў тады: перадайце маё благаслаўленне моладзі Беларусі». Іерарх сказаў, што ў гэты вечар прыйшоў сюды, каб споўніць волю Пантыфіка і ўдзяліць моладзі благаслаўленне ад імя Папы.
«Добрага палёту, дарагая моладзь Беларусі!» Іерарх пажадаў маладым вернікам, каб яны былі найлепшым студэнцтвам — тымі студэнтамі, якія шукаюць магчымасці пазнаваць глыбей і лепш, а таксама тымі, хто ведае, што за словам і формай стаіць бясконцасць Бога. Дэманструючы здымак-напамін з выявай Папы, які трымае на руцэ папугая, арцыбіскуп дадаў, што гэтая памятка — як знак Касцёла, які ўсміхаецца, а таксама сімвал вернікаў, якія не згубілі радасць да жыцця, а паглыбілі яе. «Жадаю вам, каб вы былі прыгожыя рознымі колерамі, як гэтая птушка. Добрага палёту, дарагая моладзь Беларусі!» — пажадаў Апостальскі Нунцый. У начным чуванні, якое прайшло пад дэвізам «Застаньцеся тут і чувайце разам са Мною» (Мц 26, 38), прыняло ўдзел больш за 450 чалавек з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і іншых частак Беларусі.
Ілья Лапато Фота Аляксандры Шчыглінскай |