«На чуванні моладзь знаходзіць сябе»: у архікатэдры завяршылася адвэнтавае чуванне моладзі (+фотарэпартаж) |
Беларусь |
14.12.2014 16:52 |
Больш за 450 чалавек прыняло ўдзел у моладзевым чуванні, якое прайшло пад дэвізам «Застаньцеся тут і чувайце разам са Мною» (Мц 26, 38) у мінскай архікатэдры ў ноч з 13 на 14 снежня. Святую Імшу на распачацце сустрэчы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напрыканцы святой Імшы са словамі прывітання да моладзі звярнуўся таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які перадаў хлопцам і дзяўчатам благаслаўленне Пантыфіка. Словы і слёзы Пасля святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прынялі ўдзел у дзяленні аплаткай з моладдзю. Святыня вірыла радаснымі тварамі — моладзь з непадробнай радасцю і шчырымі эмоцыямі віншавала адно аднаго з надыходзячым Божым Нараджэннем.
«Радасці!», «Заўсёды будзь з Богам!», «З надыходзячым святам!» Словы, што гучалі ў катэдры падчас дзялення аплаткай, натхнялі на шчырыя прызнанні, а хтосьці — расчулены — з усмешкаю на вуснах нават плакаў. Які неверагодна напоўнены і шчыры твар у таго, хто моліцца! Хтосьці, як вунь тая дзяўчына, робіць гэта з дзіцячай усмешкай — толькі кончыкі вуснаў злёгку кранаюцца – і заплюшчанымі вачыма. І хоць не бачна яе вачэй, яе пастава і выраз твару сведчаць аб тым, што дзяўчына засяроджаная на ўнутранай малітве.
Адзіны Бог ведае, аб чым моляцца і пра што просяць Яго гэтыя маладыя і шчырыя сэрцы. Толькі Богу вядома, з чым прыйшоў кожны з іх у святыню. Толькі Бог разумее маўчанне кожнага хлопца і кожнай дзяўчыны падчас адарацыі. «Чуванне ўзмацняе ў моладзі іх духоўнасць»
«Чуванне — гэта адно з тых месцаў, дзе моладзь знаходзіць сябе», — упэўнены кс. Андрэй Агель SСhP з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны). «Я рабіў аб’явы на занятках для міністрантаў і ўроках рэлігіі, бо заахвоціць моладзь часам зусім не проста, — адзначае святар. — Сёння моладзь трошкі іншая за тую, з якой рос я. Змянілася іерархія каштоўнасцяў». Каб трымаць пастаянны кантакт з парафіяльнай моладдзю, святар зарэгістраваўся ў сацыяльнай сетцы. «Час камунікацыі ўплывае на маладое пакаленне, і святар павінен умець падстроіцца пад гэтыя тэндэнцыі, — лічыць новапрэзбітэр. — Моладзь сапраўды трохі змянілася, стала менш ініцыятыўнай. Я малюся папскай навэнай у інтэнцыі нашай моладзі, каб яна была бліжэй да Бога». Далейшымі пунктамі чування стала тэатральная пастаноўка, падрыхтаваная моладдзю з парафіі Св. Сымона і Св. Алены ў Мінску, і спяваны Вяночак да Божай Міласэрнасці ў суправаджэнні спеву моладзі з мінскай Залатой Горкі.
Упершыню з падобнай малітвай-аповедам пра асобу беларускага кардынала нарачанцы выступілі дзесяць гадоў таму на міжнароднай парафіядзе дзяцей і моладзі ў Варшаве, дзе занялі тады першае месца. Завяршылася чуванне Гадзінкамі да Найсвяцейшай Панны Марыі і благаслаўленнем.
«На такім чуванні я ўпершыню і вельмі ўражаная гэтай атмасферай», — расказала карэспандэнту Catholic.by Ганна Фёдарава з парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Дзяўчына дадае, што хоць і прыйшла ў Касцёл нядаўна, пра моладзевыя чуванні ўжо чула і вельмі хацела прыняць у іх удзел. Ганна прызнаецца, што яе вельмі ўразіла адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, асабліва трапна падабраныя спевы, якія дапамагалі яе сэрцу адкрыцца на размову з Богам. «Сёння я зразумела, што не хачу нічога акрамя таго, каб быць вартай Божай любові — каб мае думкі і сэрца былі вартыя Бога. Яшчэ глыбей адчула сёння Божую любоў і зразумела, што павінна паглыбляць сваю веру, каб быць вартай любові Бога». ***
«Святы апостал Павел вучыў, што Божая зброя — гэта малітва. А паколькі “нашая барацьба не супраць крыві і цела” (пар. Эф 6, 12), а супраць злога духа, то малітва мае рашучае значэнне для хрысціяніна, як воіна Хрыста (з гаміліі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча — заўв. аўт.). Ні адзін хрысціянін не можа быць паспяховым без малітвы, бо яна з’яўляецца тым месцам, у якім Бог умацоўвае нас і праз нас іншых. Таму, малады чалавек, адкажы сёння: як выглядае тваё малітоўнае жыццё?» Ілья Лапато Фота А. Шчыглінскай, І. Лапато |
Фотарэпартаж |