«Выпрабавана на сабе»: як зрабіць адвэнтавы каляндар для дзяцей? |
Беларусь |
15.12.2014 15:00 |
Каб пазнаёміць сваю дачку з традыцыямі Адвэнту, парафіянка касцёла Маці Божай Фацімскай у Жодзіне Марыя Колесава-Гудзіліна распрацавала адмысловы адвэнтавы каляндар. Першым заданнем для дачкі Сафіі стала пісьмо св. Мікалаю. «Як я рабіла адвэнтавы каляндар» «Нашы дзеці яшчэ маленькія (малодшай Стэфаніі — толькі год, старэйшай Сафіі — тры гады), таму на дадзеным этапе найлепшы расповед пра Бога — гэта ўласны прыклад, — разважае Марыя. — Усе разам мы ходзім на святую Імшу, і дзеці з маленства далучаюцца да хрысціянскай супольнасці, разам з усімі перажываючы ўрачыстасці і святы».
Старэйшая дачка Гудзіліных, Сафія, нягледзячы на маленькі ўзрост, разам з бацькамі ўжо ходзіць на Рараты. Па прызнанні маладой мамы, ідэю адвэнтавага календара для дачкі яна пабачыла ў інтэрнэце. Летась у змайстраваным сям’ёй Гудзіліных календары былі проста падарункі. Сёлета каляндар папоўніўся і заданнямі ад святога Мікалая — гульнямі і даручэннямі (зрабіць папяровую цацку, размалёўку, змайстраваць стаенку, калядны вянок і г.д.). «Мэта такіх календароў — у падрыхтоўцы дзіцяці да Божага Нараджэння і больш плённага перажывання Адвэнту», — дадае Марыя. Найбольш распаўсюджаная форма календара — гэта скрыначка з акенцамі, колькасць якіх адпавядае дням Адвэнту. У кожнай скрыначцы змешчаны цукеркі альбо іншыя сімвалічныя падарункі. Адчыніць акенца дзіця можа адзін раз на дзень пасля таго, як выканае адмысловае заданне або зробіць добры ўчынак. «Калі дзеці стануць старэйшымі, то ў адвэнтавым календары будуць змяшчацца і ўрыўкі са Святога Пісання, каб знаёміць нашых дзяцей з Божым словам», — кажа Марыя.
*** «Быць на Імшах з дзецьмі — не толькі традыцыя, але і наш духоўны абавязак, — дадае Марыя. — І гэта не нейкая там рэклама, гэта традыцыйнае рэлігійнае выхаванне, пабудаванае на хрысціянскіх каштоўнасцях. Калі дзеці жывуць гэтымі каштоўнасцямі з маленства, то для бацькоў гэта найлепшы падарунак». Падрыхтаваў Ілья Лапато |