«Свой сярод “сваіх”?»: тры гісторыі вучобы свецкіх асобаў у духоўных ВНУ (частка ІІ) |
Беларусь |
28.01.2015 16:30 |
Новы семестр, які неўзабаве распачнецца ва ўніверсітэтах, у чарговы раз прыгадае студэнтам пра лекцыі і семінары. А пра тое, як праходзіць вучоба ў незвычайных ВНУ, дзе большасць студэнтаў — святары і кансэкраваныя асобы, нам нагадаюць свецкія выпускнікі такіх ВНУ. Пра сваё студэнцтва ўзгадваюць Аляксандр Панчанка, Марына Казмірук і Людміла Бурлевіч
Гісторыя першая. «Асабліва вылучаліся амерыканскія святары: акуратныя стрыжкі, чорныя штаны і кашулі са святарскім каўнерыкам — сапраўдны каталіцкі “спецназ”» Аляксандр Панчанка, выпускнік факультэта сацыяльных навук Папскага ўніверсітэта імя св. Тамаша з Аквіна («Ангелікум») у Рыме Пра аднакурснікаў: На маім факультэце святары і кансэкраваныя асобы складалі чацвёртую частку студэнцтва. На факультэце тэалогіі ці кананічнага права іх было нашмат больш. Адносіны паміж намі былі абсалютна нармальныя і роўныя. Магчыма, гэтаму спрыяла наша роўнасць перад навукай або тое, што ў Рыме не прынята «выкаць». Свецкія студэнты былі вельмі актыўныя. Яны займалі шмат пасадаў у кіраўнічых універсітэцкіх органах, стымулявалі студэнцкае жыццё, а духоўныя асобы часта далучаліся і падтрымлівалі іх. Асабліва заўважнымі былі амерыканскія святары і семінарысты. Яны выглядалі як сапраўдны каталіцкі «спецназ»: акуратныя стрыжкі, чорныя штаны і кашулі са святарскім каўнерыкам і закатанымі рукавамі, тоўсты брэвіярый у руках. Гэтыя хлопцы добра вучыліся, праводзілі шмат часу ў бібліятэцы і ва ўніверсітэцкай капліцы на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. А колькі яны маліліся! Адчувалася, што паміж імі, не толькі паміж святарамі, але і свецкімі юнакамі і дзяўчатамі з ЗША, добра развіта пачуццё супольнасці. Прынамсі на мяне яны пакінулі такое ўражанне. Я прыехаў вучыцца разам з трыма беларускімі дзяўчынамі, і наша невялікая група таксама, напэўна, вылучалася. У нас завязваліся добрыя адносіны з іншымі, на нас звярталі ўвагу выкладчыкі. Пачуваліся мы цудоўна! Мы адкрывалі для сябе шмат новага, сведчылі аб сваёй каталіцкай ідэнтычнасці, якая, напэўна, мае нейкія асаблівыя, беларускія рысы. Пра месца вучобы: Папскі ўніверсітэт з’яўляецца асноўным навучальным і даследчым цэнтрам дамініканскага ордэну. У канцы 1940-х у «Ангелікуме» вучыўся і малады польскі святар Караль Вайтыла. Акрамя сацыяльных навук, тут вывучаюць таксама тэалогію, філасофію і кананічнае права. Універсітэт знаходзіцца ў цэнтры Рыма — у пяці хвілінах ад большасці самых знакамітых месцаў Вечнага горада, як, напрыклад, Калізей ці Венецыянская плошча. Ідучы на заняткі, штодня я мог змяняць маршрут, каб адкрываць і захапляцца заўсёды новым шэдэўрам архітэктуры. Пра вучобу: Тыпова свецкія прадметы вывучаліся ў ключы каталіцкага навучання: гісторыя, міжнародныя адносіны, псіхалогія, права, эканоміка і інш. Гэта значыць, што падзеі і феномены аналізаваліся з хрысціянскай перспектывы. Асабліва мне падабалася гісторыя сацыяльнага навучання Касцёла. З многімі студэнтамі і выкладчыкамі склаліся добрыя адносіны, якія працягваюцца і сёння. Кагосьці з былых студэнтаў даводзілася сустракаць у Ватыкане, хтосьці працягвае вучобу ці сам выкладае ў іншых універсітах. Вучоба ў каталіцкай ВНУ паспрыяла не толькі майму інтэлектуальнаму, але і чалавечаму сталенню. Хацелася б, каб больш беларускіх католікаў мелі магчымасць атрымаць падобны досвед.
Гісторыя другая. «Мне прарочылі пераход у праваслаўе» Марына Казмірук, выпускніца кафедры рэлігіязнаўства Інстытута тэалогіі БДУ ў Мінску Пра вучобу і аднакурснікаў: Аднойчы мне давялося праходзіць літургічную практыку ў праваслаўнай часоўні ў Інстытуце. Майму абурэнню, канешне, не было мяжы. Чаму я — каталічка — мушу праходзіць практыку ў праваслаўнай часоўні? Затое цяпер успрымаю гэта як цікавы жыццёвы вопыт. Хоць, скажу шчыра, нюансы праваслаўнага набажэнства былі не самым моцным бокам маіх ведаў. Але ўсе гэтыя цяжкасці былі толькі ў першыя гады навучання. Паступала я не столькі ў Інстытут тэалогіі, колькі ішла на кафедру рэлігіязнаўства. Рэлігіязнаўства адрозніваецца ад багаслоўя, яно спрабуе з дапамогай навуковых метадаў даследаваць рэлігійныя сістэмы. Мяне гэта цікавіла яшчэ з дзяцінства. Шчыра кажучы, усе мае «прыгоды» пачаліся з егіпецкай міфалогіі, пасля справа дайшла і да новых рэлігійных рухаў. А ў Беларусі тады было толькі адно месца, дзе мае запыты маглі задаволіць. Туды я і паступіла. Інстытут тэалогіі — гэта факультэт свецкай навучальнай установы. Гэта не семінарыя, і вучацца ў ёй звычайныя студэнты, хоць і атрымліваюць дастаткова «дзіўную» спецыяльнасць «тэолага-рэлігіязнаўцы». Больш за ўсё мне запомніліся выкладчыкі. Менавіта яны дапамаглі мне сфарміравацца як спецыялісту і даследчыку.
Гісторыя трэцяя. «Я ніколі не адчувала сябе горшай з-за таго, што “свецкая”» Людміла Бурлевіч, выпускніца факультэта тэалогіі Каталіцкага Люблінскага ўніверсітэта (сёння — Каталіцкі Люблінскі ўніверсітэт Яна Паўла II) у Польшчы. Пра аднакурснікаў: Ва ўніверсітэце я ніколі не адчувала сябе «горшай» з-за таго, што я свецкая. Сярод выкладчыкаў у нас пераважалі духоўныя асобы — гэта факт. Але і на курсе хапала святароў і манахінь. Спачатку мы, праўда, не заўсёды ведалі, як лепш звяртацца да некаторых манахінь, бо кожная з іх мела сваё манаскае імя, а вось у спісах груп іх імёны былі запісаны з пашпартоў. Духоўных асобаў мы любілі і нават шкадавалі, бо ў адрозненне ад нас яны вымушаны былі хадзіць на ўсе заняткі (усміхаецца — заўв. аўт.). Увогуле на КУЛе вучылася шмат святароў і законных сясцёр, ды і многія святары з Беларусі пісалі там «магістэрку» або дактарат. На сустрэчах беларусаў або ў доме фундацыі мы з імі часта перасякаліся. Некаторыя з іх, канешне, мяне ўжо не памятаюць. Пра вучобу: Экзамены ў нас былі па большасці прадметаў вусныя: мы заходзілі ў аўдыторыю па двое. Больш смелы пачынаў адказваць, а другі — рыхтаваўся. Таму шпаргалак мы не рабілі. У адной манахіні быў, аднак, выдатны для студэнтаў почырк (вельмі разборлівы, з маленькімі літарамі). Калі яна пісала канспект, то паспявала запісаць усё неабходнае, не займаючы пры тым шмат месца... Яе канспекты вельмі дапамагалі ў падрыхтоўцы, і, пазычаючы канспект, сястра ніколі нікому не адмаўляла. Я любіла амаль усе прадметы. Хоць, вядома, шмат хто казаў: «Навошта табе гэтая тэалогія? З яе ніякай карысці, чым ты будзеш займацца пасля?» Пры тым казалі гэта найчасцей святары, але я ведала, што нават калі не буду з гэтым працаваць у будучыні, гэта будзе карысна для агульнага развіцця. Падрыхтаваў Ілья Лапато |