Каталіцкія іерархі Беларусі заклікаюць да малітвы супраць гандлю людзьмі |
Беларусь |
05.02.2015 16:42 |
У нядзелю 8 лютага Апостальская Сталіца заклікае веруючых ва ўсім свеце з’яднацца ў малітве супраць гандлю людзьмі. З адмысловым заклікам выступіла і Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Біскупы заклікаюць маліцца 8 лютага за ўсіх ахвяр гандлю людзьмі, якія спазналі няволю і несправядлівыя абразы, а таксама за арганізацыі, якія змагаюцца супраць гандлю людзьмі ў кожнай яго форме — гандаль дзецьмі, гандаль жанчынамі, гандаль чалавечымі органамі і гандаль нелегальнай рабочай сілай. 8 лютага стане першым усеагульным малітоўным днём супраць гандлю людзьмі. «Увогуле той факт, што гандаль людзьмі яшчэ існуе, тлумачыцца тым, што існуюць людзі, якім гэта выгадна. Калі б не было попыту, то не было б і прапановы», — зазначае італьянская манахіня Валерыя Гандзіні, якая выступіць з прамовай падчас малітвы ў бліжэйшую нядзелю ў Ватыкане. Гандаль у сексуальных мэтах — адна з найбольш страшных практык, якая становіцца шматмільённым бізнесам. Паводле звестак Сусветнай арганізацыя аховы здароўя, сёння ва ўсім свеце ў прымусовай працы і прастытуцыі выкарыстоўваецца да 4 мільёнаў жанчын і дзяцей. Кожныя 30 секунд ахвярай гандлю людзьмі становіцца новы чалавек (а гэта 2 500 асобаў за дзень). Згодна з рапартам ЮНІСЕФ больш за мільён дзяцей былі прададзены ў сексуальнае зняволенне. Апякункай барацьбы з гандлем людзьмі і малітвы за зняволеных лічыцца святая Жазэфіна Бакіта. Жазэфіна Бакіта, якая нарадзілася ў 1868 годзе ў Судане, — манахіня з Судана, якая спазнала раней зняволенне, святая Каталіцкага Касцёла. У дзіцячым узросце Жазэфіну выкралі арабскія гандляры людзьмі. Гэтыя драматычныя падзеі ў жыцці дзяўчынкі прывялі да таго, што яна забылася ўласнае імя. Яе назвалі «Бакіта», што азначае «тая, хто мае шчасце, шчаслівая». Шмат разоў яе перапрадавалі, і дзяўчына зведала шмат цярпенняў — на яе скуры нажом быў зроблены татуаж, а раны пасыпалі соллю. У 15 гадовым узросце яе набыў італьянскі консул, які пасля некалькіх дзясяткаў месяцаў забраў яе з сабою ў Італію. Там дзяўчына знаёміцца з сёстрамі канасьянкамі (супольнасць сясцёр дачок любові і служак убогім св. Магдалены з Каносы).
Там жа яна пазнаёмілася з каталіцтвам, з якім сутыкалася і раней. 9 студзеня 1890 года Бакіта прымае сакрамэнт хросту, канфірмацыі і Першую Камунію. Яе новым іменем стала імя Жазэфіна, а праз некалькі гадоў яна ўступіла ў манаскую супольнасць, дзе зарэкамендавала сябе як клапатлівая і старанная сястра, якая не баіцца фізічнай працы. Жазэфіна працавала кухаркай, швачкай, прачкай і г.д. Яе адкрытасць і шчырасць здзіўляла і свецкіх людзей. Памерла манахіня пасля цяжкай хваробы ў 1947 годзе. У 1978 годзе Папа Ян Павел ІІ выдаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Жазэфіны Бакіты. Беатыфікацыя адбылася ў Рыме ў 1992 годзе, кананізацыя - у 2000 годзе. (IL)
|