Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускія католікі ў межах падрыхтоўкі да Сусветнага дня моладзі-2016 наведалі польскую Ломжу
Беларусь
07.02.2015 09:40

З 30 студзеня па 1 лютага ў польскім горадзе Ломжа прайшоў 12-ты форум душпастырства польскай моладзі, у якім прынялі ўдзел і прадстаўнікі Беларусі. Галоўнай тэма форуму стала падрыхтоўка да Сусветнага дня моладзі ў Кракаве, які пройдзе з 26 па 31 ліпеня 2016 года.

Форум быў арганізаваны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Польшчы і прайшоў пад дэвізам «Ад парафіі да парафіі».

У ім прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Польшчы, а таксама моладзь з Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Малдовы, Казахстана, Узбекістана і інш.

«На бягучы момант ужо шмат якія польскія дыяцэзіі падрыхтавалі праграму прыёму і чакаюць моладзь з усяго свету, — зазначае каардынатар па падрыхтоўцы да Сусветнага дня моладзі (далей — СДМ) у Беларусі кс. Антоній Грэмза. — Між іншым, вельмі чакаюць там і беларусаў. Афіцыйныя запрашэнні ўжо паступілі з Седлеца, Вроцлава і Жэшова. У праграму прыёму ў польскіх дыяцэзіях уключаны моладзевыя фестывалі, канцэрты, сустрэчы з моладдзю і знаёмства з культурай рэгіёну».

Паводле слоў кс. Антонія Грэмзы, шмат нюансаў адносна СДМ у Кракаве вядомыя ўжо зараз — інфармацыя пра Імшы з Пантыфікам, пра малітоўныя чуванні і Крыжовы шлях.

Як інфармуюць арганізатары, зусім хутка будзе запушчаны афіцыйны сайт СДМ у Кракаве. Яго «разынкай» стане інтэрактыўная карта, якая будзе інфармаваць пра бягучыя мерапрыемствы з нагоды СДМ, якія будуць адбывацца ў розных краінах свету.

Форум у Ломжы падсумаваў працу, якая ўжо зроблена за год да пачатку Сусветнага дня моладзі. Вынікі сваёй працы ў адмысловых прэзентацыях прапанавалі прадстаўнікі замежных дэлегацый, а таксама моладзь польскіх дыяцэзій.

Беларуская дэлегацыя ў складзе кс. Антонія Грэмзы, Людмілы Чаканавай і Алены Богдан

Асобны ролік быў прывезены і гродзенскай моладдзю з душпастырства «OPEN».

Як зазначае адна з удзельніц форума ў Ломжы, Алена Богдан, «СДМ спрыяе будаўніцтву дыялогу з Езусам, асабістаму пазнанню Яго і сяброўству з Ім; дапамагае знайсці ў Богу і ў супольнасці Паўсюднага Касцёла адказы на пытанні, якія хвалююць».

Дзяўчына прыгадвае гісторыі дэлегатаў з Расіі і Украіны. Адна з іх — расіянка Алена, якая стала для сваёй 82-гадовай бабулі хроснай маці, бачыць у СДМ магчымасць адчуць сябе часткай вялізнай хрысціянскай сям’і.

Моладзь з Украіны прасіла ўдзельнікаў сустрэчы падтрымаць іх краіну малітвай, каб пераадолець нялёгкі час і ў 2016 годзе прыехаць у Кракаў ужо з мірнай краіны.

«Напружаная праца ў Кракаве ідзе зараз поўным ходам. Са свайго боку ад імя беларускай моладзі мы абяцалі маліцца ў інтэнцыі добрай падрыхтоўкі да сусветнай падзеі ў жыцці Касцёла ў наступным годзе», — дадаў кс. Антоні Грэмза.


«Калі ты запланаваў прыняць удзел у гэтай сустрэчы, то неабходна ўжо сёння пачаць да яе рыхтавацца: у першую чаргу праз малітву; чытанне навін, якія датычаць СДМ; праз удзел у арганізацыі паездкі на СДМ з тваёй парафіі», — упэўнена адна з удзельніц ломжыцкага форуму беларуска Людміла Чаканава.

Апрацаваў Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.