Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выдавецтва «Pro Christo» — адзін з экспанентаў XXII Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Мінску
Беларусь
11.02.2015 14:55

Каталіцкае выдавецтва «Pro Christo» прымае ўдзел ў XXII Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая 11 лютага адкрылася ў Мінску ў адміністратыўным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14.

Для каталіцкага выдавецтва стаў традыцыйным удзел у гэтай выстаўцы, дзе ёсць магчымасць на міжнародным узроўні прадставіць хрысціянскую думку ў Беларусі і прадэманстраваць сваю працу.

Яраслаў Чапля, пісьменнік і намеснік дырэктара выдавецтва, ужо каторы год дапамагае каля кніжных стэндаў. У гэты раз ён дзеліцца і сваёй творчай радасцю, бо яго праца «Ці гатовы я памерці заўтра?», якая выйшла ў 2010 годзе ў выдавецтве, зараз перавыдаецца, і не толькі на беларускай мове, але і на ўкраінскай і ў хуткім часе на рускай. Аўтар дадае, што выданне рускамоўнай версіі фінансуе адзін праваслаўны вернік.

Выстаўка, у якой прымаюць удзел кніжныя выдаўцы з 28 краін, працягнецца да 15 лютага ўключна. Як адзначыла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, «беларуская сталіца ў дні кніжнай выстаўкі павінна стаць сусветным цэнтрам кнігі».

Ганаровым госцем кірмашу сёлета стаў Кітай. Адной з цэнтральных падзей у дзень адкрыцця выстаўкі-кірмашу стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітайскай Народнай Рэспублікі і Міністэрствам інфармацыі Беларусі аб перакладзе і выданні класічных літаратурных твораў абедзвюх краін у 2015-2020 гг.

У дні выстаўкі запланаваны шэраг мерапрыемстваў, у якіх прымуць удзел кітайскія пісьменнікі. Таксама адбудзецца цырымонія перадачы кніг Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, творчыя абмеркаванні па пытаннях развіцця нацыянальных літаратур і г.д.

У межах выстаўкі ў беларускай сталіцы ўпершыню пройдзе міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», у якім прымуць удзел пісьменнікі-прафесіяналы і пачаткоўцы з розных краін.

У дзень адкрыцця выстаўкі прыемным сюрпрызам было сярод шматлікіх прэзентацый розных выдавецтваў пачуць выступленне хрысціянскага гурта «Laudans», які быў запрошаны на прэзентацыю кніг з серыі «Бібліятэка часопіса «Маладосць».

Удзельнікі гурта разам з выбаркай сваіх новых кампазіцый выканалі спеў на вершы Уладзіміра Караткевіча «Дзе мой край», які прыцягнуў асаблівую ўвагу прадстаўнікоў з Кітая, якія не адыходзілі ад выканаўцаў, робячы фотаздымкі як на тэлефон, так і на фотакамеры.

Асноўная тэма на кніжным форуме — моладзевая. У сувязі з гэтым на выстаўцы-кірмашы будуць узнагароджваць пераможцаў конкурса маладых літаратараў «Першая глава», а таксама ўдзельнікаў Міжнароднага конкурса патрыятычнага плаката.

Таксама на выстаўцы будуць узнагароджаны пераможцы нацыянальнага конкурса «Мастацтва кнігі», сярод якіх і факсіміле Тураўскага Евангелля.

Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Міністэрства інфармацыі і Мінскі гарвыканкам. 12 лютага кніжную выстаўку наведае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.