Факсімільнае выданне «Тураўскага Евангелля» стала пераможцам у намінацыі «Духоўнасць» Нацыянальнага конкурса «Мастацтва кнігі» |
Рознае
|
09.02.2015 17:45 |
Факсімільнае выданне кнігі «Тураўскае Евангелле. Туровское Евангелие. Turau Gospel» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі атрымала перамогу ў намінацыі «Духовность» 54-га Нацыянальнага конкурса «Мастацтва кнігі».
Пра гэта паведамляе БЕЛТА. Гран-пры конкурсу ў намінацыі «Трыумф» атрымаў фотаальбом «Беларусь замкавая».
У намінацыі «ЛІТ-фармат» (выданні літаратурна-мастацкага накірунку) — кніга Стэфана Цвейга «Шахматная навела». У намінацыі «Разам з кнігай мы расцём» лепшай прызналі серыю кніг для дзяцей выдавецтва «Мастацкая літаратура»: Васіль Зуёнак «Запішыце мяне ў мядзведзі», Віктар Гардзей «Сарочына цырульня», Васіль Журковіч «Хто хацеў бы пакатацца?».
У намінацыі «Фотапогляд» перамог фотаальбом Аляксандра Сяргеева і Алега Лукашэвіча «Скарбы Беларусі» (выдавецтва «Чатыры чвэрці»). Лепшым даведачным і энцыклапедычным выданнем у намінацыі «Залатыя скрыжалі» стала «Вялікая энцыклапедыя Вялікага тэатра Беларусі» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі».
Яшчэ адно выданне выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя имя П. Броўкі» — кніга «Кніжная спадчына Беларусі» — было адзначана ў спецыяльнай намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны».
Таксама былі названыя лепшыя выданні ў намінацыях «АРТ-кніга», «Эўрыка» (навуковыя, навукова-папулярныя выданні), «Садружнасць», «Падручнік новага веку», «Перамога» (да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў), «У люстэрку часу» (кнігі, выдадзеныя на заказ), «Майстэрства» (персанальная намінацыя) і інш.
Пераможцам намінацый будуць уручаны памятныя знакі-сімвалы «Малы залаты фаліянт» і дыпломы ў дні ХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-ярмаркі, якая пройдзе з 11 па 15 лютага.
Усяго ў 54-м Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» прынялі ўдзел 46 выдавецтваў, што склала рэкордную колькасць за апошнія гады. Конкурсныя выданні першапачаткова былі разгледжаны мастацка-экспертнай камісіяй, затым — на пасяджэнні журы конкурсу. На суд журы было прадстаўлена 148 выданняў павышанай якасці. Паводле БЕЛТА, (IL)
|