Футбольная зборная беларускіх святароў на шляху на еўрапейскі чэмпіянат у Аўстрыю |
Беларусь |
20.02.2015 13:57 |
Беларуская каманда ў складзе 12 святароў і трэнера гатовая да ад’езду ў Аўстрыю на IX Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў, які пройдзе з 23 па 28 лютага. Для беларусаў чэмпіянат стане ўжо пятым па ліку. У спаборніцтвах прымуць удзел 220 святароў. У мінулым годзе, калі Чэмпіянат Еўропы праходзіў у Беларусі, наша
каманда заваявала 4 месца (самае высокае за ўсю гісторыю выступлення на
чэмпіянатах). На фота: зборная Беларусі па міні-футболе сярод святароў на Чэмпіянаце Еўропы ў Лідзе (2014). Фота Вікторыі Мішкура «Каманда ўкамплектавана пераважна са святароў з Гродзенскай дыяцэзіі, ёсць таксама святар з Віцебскай дыяцэзіі, — распавядае капітан зборнай кс. Павел Салабуда. — Павінны былі паехаць таксама два святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але ў іх не атрымалася. У сувязі з мноствам абавязкаў з намі не змогуць быць таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юзаф Станеўскі». Паводле слоў капітана, сёлета беларуская каманда хацела б паўтарыць мінулагодні высокі вынік, але дасягнуць гэтай мэты будзе не так проста, паколькі формула турніру змянілася. Аднак камплектацыя зборнай гульцамі футбольнай каманды Гродзенскай дыяцэзіі — трохразовых чэмпіёнаў Беларусі па міні-футболе сярод святароў — дае надзею на добры вынік. Жараб'ёўка каманд: У Аўстрыю прыедзе 16 каманд. Упершыню ў чэмпіянаце возьмуць удзел святары
з Германіі і Албаніі. Жараб’ёўка адбудзецца 23 лютага, але ўжо вядома,
што беларусы трапілі ў ІІІ групу чэмпіяната разам з італьянцамі,
украінцамі і гаспадарамі турніру — аўстрыйцамі. Гульні на групавых этапах пройдуць у аўторак і чацвер. У сераду для ўдзельнікаў турніру прадугледжана наведванне мясцовага санктуарыя. «Нашы святары выказваюць удзячнасць Беларускай федэрацыі футболу за падрыхтоўку і магчымасць арэнды неабходнай экіпіроўкі для гульні», — дадае кс. Павел Салабуда. Алена Гульнік |