«Сітуацыя міжканфесійнага супрацоўніцтва ў Беларусі характарызуецца абсалютным мірам і ўзаемаразуменнем»: адбылася сустрэча Дзяржаўнага Сакратара Папы з Прэзідэнтам Беларусі |
Беларусь |
13.03.2015 13:36 |
13 сакавіка адбылася сустрэча Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П’етро Параліна з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Кардынал П’етро Паралін знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам. У сустрэчы прымалі ўдзел таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей. Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да Дзяржаўнага Сакратара, падзякаваў яму за візіт, адзначыўшы: «Мы сапраўды рады прымаць Вас сёння ў Беларусі. Вы прыехалі вельмі своечасова, зрабілі гэта вельмі правільна». Як дадаў кіраўнік дзяржавы, «ёсць шэраг пытанняў, але не праблем, якія мы ў стане вырашыць нават сёння, і гэта будзе на карысць усёй каталіцкай супольнасці і ўсяму беларускаму грамадству».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сітуацыя міжканфесійнага супрацоўніцтва ў Беларусі «характарызуецца абсалютным мірам і ўзаемаразуменнем». Беларускі лідар нагадаў, што ў краіне жывуць прадстаўнікі прыкладна 30 канфесій, буйнейшыя з якіх праваслаўная і каталіцкая. «І ад іх у многім залежыць той міжканфесійны мір і супрацоўніцтва, якія існуюць у Беларусі. Іх роля ў гэтым неацэнная», — дадаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за апошнія 20 гадоў колькасць каталіцкіх парафій у Беларусі павялічылася амаль у чатыры разы, дзяржава перадала католікам больш за 300 культавых будынкаў. «Сёння забяспечанасць католікаў культавымі будынкамі складае 98% — практычна поўная. Такой забяспечанасці культавымі будынкамі ніводная іншая канфесія ў Беларусі не мае. Рызыкну заявіць, што і за мяжой, напэўна, такі паказчык цяжка знайсці», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Мая палітыка ў гэтых адносінах, палітыка ўсёй нашай дзяржавы засноўваецца на адным тэзісе: кожны чалавек мае права знайсці свой шлях да Бога, да храма, у які ён лічыць патрэбным прыйсці, — дадаў Прэзідэнт. — Мы перарываем усялякія спробы стварыць перавагу той ці іншай канфесіі за кошт іншай і тым самым дэстабілізаваць міжканфесійную сітуацыю ў Беларусі, і пакуль нам гэта ўдаецца». Таксама кіраўнік дзяржавы адзначыў жаданне мець у Беларусі больш мясцовых каталіцкіх святароў. «Мы не пераводзім вырашэнне гэтай праблемы ў сферу выключна Ватыкана; мы разумеем, што, каб мець каталіцкае духавенства беларускага паходжання, трэба проста рыхтаваць іх у Беларусі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Таксама Прэзідэнт звярнуў увагу, што яго ініцыятывай было будаўніцтва ў Беларусі тэалагічнай акадэміі.
Кардынал П’етро Паралін падзякаваў Прэзідэнту за запрашэнне наведаць Беларусь. Дзяржаўны Сакратар падзякаваў і за сардэчны прыём, які, па яго словах, адчуў яшчэ ў аэрапорце ў дзень прылёту, а таксама падчас сустрэч, праведзеных на наступны дзень. «Я вельмі рады быць сёння з вамі і хацеў бы скарыстацца гэтай магчымасцю, каб перадаць каталіцкай супольнасці Беларусі прывітанне і словы блізкасці ад Святога Айца», — сказаў кардынал. Іерарх нагадаў таксама пра сваю сустрэчу з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, адзначыўшы, што ў ходзе яе «адчуваліся вельмі братэрскія моманты нашых адносін», і дадаўшы, што «прывітанне Святога Айца скіравана і да беларускіх праваслаўных вернікаў». (AG) |
Фотарэпартаж |