13 сакавіка адбылася сустрэча Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка
кардынала П’етро Параліна, які знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным
візітам, з прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Андрэем Кабяковым. Сустрэча прайшла ў Доме ўраду Рэспублікі Беларусь.
Падчас вітання Дзяржаўнага Сакратара ганаровая варта аддала рапарт высокаму госцю. У выкананні аркестра прагучалі дзяржаўныя гімны Ватыкана і Рэспублікі Беларусь. Прэм’ер-міністр прадставіў іерарху членаў афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу кардынал П’етро Паралін прадставіў членаў афіцыйнай дэлегацыі Святога Пасаду. Рота ганаровай варты прайшла маршам.
Затым адбыліся перамовы паміж Дзяржаўным Сакратаром Папы і прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь. Ад імя Святога Пасаду на сустрэчы прысутнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры мансіньёр Філіппо Чампанэллі, супрацоўнік-асістэнт Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці кс. Вісвальдас Кульбокас. Ад імя беларускіх уладаў удзельнічалі намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алена Купчына, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.
Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў у ходзе сустрэчы адзначыў: «Мы разглядаем Ваш візіт як сведчанне гатоўнасці Святога Пасаду да актывізацыі супрацоўніцтва з нашай краінай».
«Са свайго боку хачу адзначыць, што ўрад Беларусі надае вялікае значэнне развіццю сяброўскіх адносін з Ватыканам ва ўсіх сферах», — сказаў Андрэй Кабякоў. Прэм’ер-міністр назваў Ватыкан «асаблівым партнёрам у міжнародных адносінах, з якім склаліся ўнікальныя адносіны ўзаемаразумення і даверу», дадаўшы: «Мы ўдзячныя Святому Пасаду за падтрымку нашай краіны на міжнароднай арэне».
Прэм’ер-міністр звярнуў увагу, што такія прыярытэты Папы Францішка, як «барацьба за сацыяльную справядлівасць, спрыянне міжнацыянальнаму, міжкультурнаму і міжрэлігійнаму дыялогу», асноватворчыя і для беларускай дзяржавы.
Па словах Андрэя Кабякова, Беларусь праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку. «Мы лічым, што спакой і стабільнасць у краіне, роўнасць грамадзян, гарантаванае права на працу і адпачынак, бясплатная адукацыя і ахова здароўя — рэальныя дасягненні, якімі мы ганарымся», — адзначыў прэм’ер-міністр.
«Блізкасць нашых падыходаў да вырашэння сацыяльных задач — залог таго, што пры Папу Францішку адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам не толькі захаваюць сваю сяброўскую танальнасць, але і будуць умацоўвацца», — падкрэсліў старшыня беларускага ўраду.
«Беларускія вернікі з нецярпеннем чакаюць візіту Пантыфіка», — сказаў прэм’ер-міністр.
Кардынал П’етро Паралін падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам прызнаўся, што за час свайго знаходжання ў Беларусі паспеў пераканацца ў сардэчнасці і гасціннасці беларускага народа. «За гэта я глыбока ўдзячны», — дадаў іерарх.
«Перадаю вам, як і прадстаўнікам органаў дзяржаўнага кіравання, з якімі я ўжо сустракаўся, прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Папы Францішка», — сказаў кардынал.
Дзяржаўны Сакратар нагадаў: «Сёння ў нас свята — другая гадавіна абрання Папы Францішка на Святы Пасад. І мне вельмі прыемна, што Вы вылучылі асаблівасці, якія былі характэрны з першых дзён пантыфікату Папы Францішка». Перш за ўсё, па словах кардынала, гэта вялікая ўвага да людзей, і сярод іх – да найбольш бедных і ўразлівых; увага да сацыяльнай справядлівасці, справядлівага размеркавання багаццяў і рэсурсаў.
(AG)
|