Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал П’етро Паралін наведаў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь (+фотарэпартаж)
Беларусь
13.03.2015 17:52

13 сакавіка Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін, які знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам па запрашэнні беларускіх уладаў, наведаў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь.

Ад імя Святога Пасаду на сустрэчы прысутнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры мансіньёр Філіппо Чампанэллі, супрацоўнік-асістэнт Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці кс. Вісвальдас Кульбокас.

Ад імя беларускіх уладаў прысутнічалі Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Уладзімір Сянько, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік, начальнік упраўлення аператыўна-аналітычнай і інфармацыйнай працы – памочнік Старшыні Савету Рэспублікі Аляксандр Слабадчук, начальнік упраўлення міжнародных сувязяў Сакратарыяту Савету Рэспублікі Ірына Шыткоўская, начальнік аддзела каардынацыі выставачна-кірмашовай і кангрэснай дзейнасці МЗС Рэспублікі Беларусь Глеб Мартынаў. 

 

Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, звяртаючыся ў ходзе сустрэчы да кардынала П’етро Параліна, выказаў думку, што візіт іерарха «адкрые новы этап у двухбаковым супрацоўніцтве Беларусі і Ватыкана і ўнясе ў яго годны ўклад».

«Мы надаем вельмі важнае значэнне Вашаму візіту, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. — Мы вельмі рады Вашым паспяховым перамовам з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і думаю, што той канструктыўны падыход, які дэманструюць бакі, забяспечыць паступовае развіццё супрацоўніцтва».

«Мы ведаем таксама, што беларускія вернікі вельмі ўважліва сочаць за візітам і рады Вашай прысутнасці», — дадаў Старшыня Савету Рэспублікі.

Карыстаючыся нагодай, Міхаіл Мясніковіч выказаў удзячнасць Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі за канструктыўнае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі.

Таксама Старшыня Савету Рэспублікі выказаў пажаданне, каб візіт кардынала П’етро Параліна ў Беларусь, дыялог на вышэйшым узроўні спрыяў таму, каб адбыўся візіт у нашу краіну Папы Францішка. «Гэта быў бы вельмі добры знак як для двухбаковых, так і для міжканфесійных адносінаў», — дадаў Міхаіл Мясніковіч.

«У нас у краіне з вялікай увагай ставяцца да веры, да хрысціянства, — адзначыў Старшыня Савету Рэспублікі. — Мы супрацоўнічаем дастаткова актыўна, з павагай ставімся да свабоды сумлення, да веравызнання, уважліва рэагуем на меркаванне простых людзей, якія абіраюць свой шлях да Бога».

Кардынал П’етро Паралін падзякаваў Старшыні Савету Рэспублікі за гасціннасць, аказаную як яму, так і прадстаўніку Святога Айца ў Беларусі Апостальскаму Нунцыю арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці.

«Перш за ўсё для мяне было вялікім гонарам атрымаць афіцыйнае запрашэнне, каб здзейсніць візіт сюды. Напрыканцы гэтага дня я хачу выказаць вялікае задавальненне вынікамі сустрэч, у якіх я сёння прымаў удзел – з прадстаўнікамі кіраўніцтва краіны, пачынаючы ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», — адзначыў Дзяржаўны Сакратар Папы.

 

 

Фота Аляксандры Шчыглінскай 

(AG) 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.