14 сакавіка ў першай палове дня адбылася сустрэча Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П’етро Параліна з каталіцкімі біскупамі Беларусі. Кардынал знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам з 12 па 15 сакавіка.
Сустрэча праходзіла ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У ёй прынялі ўдзел усе члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Перад сустрэчай з біскупамі кардынал П’етро Паралін наведаў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і ўдзяліў благаслаўленне вернікам, якія знаходзіліся ў святыні.
Падчас сустрэчы з беларускімі іерархамі Дзяржаўны Сакратар перадаў ім віншаванні і найлепшыя пажаданні Папы Францішка. Высокі госць выказаў удзячнасць біскупам і ўсяму Касцёлу ў Беларусі за ахвярныя намаганні ў справе яго адраджэння.
У межах сустрэчы былі закрануты наступныя галоўныя пытанні. Адзначалася, што нельга заставацца на месцы і неабходна ісці наперад, асабліва калі існуе пагроза небяспечных выклікаў. У гэтым працэсе нельга дазволіць сабе прыпадабняцца да свету — фермент хрысціянства павінен быць унесены ў сучасны свет. Увага была засяроджана таксама на будаванні еднасці прэзбітэрату і еднасці біскупаў са святарамі. Адзначалася, што ў Беларусі павінна быць адна святарская сям’я.
Гаварылася таксама, што неабходна больш актыўна выкарыстоўваць катэхізацыю і гаміліі для евангелізацыі і ўмацавання веры людзей. Шмат увагі звярталася на неабходнасць актывізацыі паклікання да святарства і кансэкраванага жыцця (у чым важным з’яўляецца прыклад святара), а таксама неабходнасць павышэння якасці фармацыі ў беларускіх семінарыях. Было закранута і пытанне фармацыі свецкіх людзей.
Кардынал П’етро Паралін падкрэсліў радасць Святога Айца з нагоды заснавання Мінскай тэалагічнай акадэміі імя св. Яна Паўла ІІ. Асаблівая ўвага была прысвечана душпастырству моладзі як надзеі Касцёла. Разглядаліся таксама адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам, дзе, як адзначалася, бачны прагрэс, аб чым сведчыць і візіт Дзяржаўнага Сакратара. Было падкрэслена, што экуменічныя адносіны ў Беларусі добрыя і развіваюцца.
Падчас сустрэчы, якая прайшла ў братэрскай атмасферы, беларускія біскупы праз кардынала П’етро Параліна запрасілі Папу Францішка наведаць Беларусь з пастырскім візітам.
На пачатку сустрэчы з прывітальным словам да кардынала П’етро Параліна звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Ад усяго сэрца вітаю Вас, Ваша Эмінэнцыя, у гэтым доме
Мінска-Магілёўскага біскупа. Гэты дом невялікі, але, узгадваючы словы
Папы Францішка, які кажа, што жадае Касцёла беднага і для бедных,
мяркую, што гэта якраз адпавядае такім словам», — сказаў Мітрапаліт.
Арцыпастыр узгадаў, што ў Беларусі хрысціянства, Каталіцкі Касцёл існуе ўжо больш за 10 стагоддзяў, і гісторыя Касцёла мае тут вельмі багатую і адначасова трагічную гісторыю – што назіралася і ў царскія часы, і ў часы атэістычнага савецкага пераследу. «Аднак Касцёл багаты сваім сведчаннем, вераю людзей, сваімі хрысціянскімі традыцыямі, – падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. – У цяжкія часы пераследу рэлігіі нашы бацькі, дзяды захавалі веру – і не толькі захавалі, але і сваім прыкладам, сваёй малітвай перадалі маладому пакаленню. Калі б іх не было – мы сёння не маглі б тут сустрэцца».
Мітрапаліт узгадаў, што сем гадоў таму Беларусь наведаў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ, цяпер жа ў Беларусі прабывае яго наступнік – кардынал П’етро Паралін. «Гэта вялікая радасць для нас, бо ў Вашай асобе мы хочам бачыць асобу Папы Францішка, – адзначыў іерарх. – Праз Вас мы яднаемся з Пантыфікам. Ваш візіт – вялікі гонар для нашай краіны і Касцёла ў Беларусі».
«Раней мы чакалі, што нашу краіну наведае святы Ян Павел ІІ – чалавек, які адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Не змог прыбыць да нас і Бэнэдыкт XVI. Сёння мы шчаслівыя, што Вы сярод нас, але спадзяемся, што ўсё ж такі да нас прыездзе Папа Францішак, – сказаў Мітрапаліт, і, узгадваючы пра абвешчаны Святым Айцом 13 сакавіка Год міласэрнасці, выказаў пажаданне: – Няхай у гэты год Божая міласэрнасць пральецца і на нашу зямлю!»
Затым да Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці звярнуўся старшыня ККББ біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, ад свайго імя і ад імя ўсіх членаў беларускага епіскапату сардэчна прывітаўшы кардынала. «Візіт Вашай Эмінэнцыі – вялікі гонар для нашага мясцовага Касцёла, – адзначыў біскуп. – Прыезд такога блізкага супрацоўніка Святога Айца Францішка мы разумеем як вымоўны знак клапатлівай увагі і бацькоўскай любові, якімі Наступнік святога Пятра адорвае Каталіцкі Касцёл у Беларусі».
«Ваш візіт з’яўляецца таксама пацвярджэннем натуральнай і непарыўнай сувязі, якая злучае Каталіцкі Касцёл у нашай краіне з Апостальскай Сталіцай і з асобай Святога Айца», – звярнуў увагу біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Старшыня ККББ выказаў спадзяванне, што сустрэча кардынала П’етро Параліна з рэчаіснасцю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, «знаёмства з яго надзеямі і чаканнямі, радасцямі і клопатамі, а перш за ўсё з бясцэнным скарбам жывой веры і глыбокай пабожнасці» беларускага народа пакіне ў сэрцы Дзяржаўнага Сакратара Папы самыя лепшыя ўражанні, паспрыяе «ўмацаванню духоўнай сувязі паміж Касцёлам у нашай краіне з Паўсюдным Касцёлам і асобай Святога Айца Францішка». (DN), (AG)
|